Была ў мяне girlfriend. Так, звычайная ціхоня. У школе вучылася на 4-5, хадзіла ў гурток мяккай цацкі, малявала часам. Звычайная сям'я: двое дзяцей (яна - малодшая), тата (рабацяга) і маці (клапатлівая гістэрычка). Усё б добра, ды час не стаіць на месцы. Пераходны ўзрост, выпускны, акторскі факультэт... Ды ці мала мэтамарфозаў?
І вось такая прыкрасьць: быць звычайнай - цяжка. Гэта як шэрая пляма на асфальце: можа, і заўважаць, але ў асноўным усе міма праходзяць - а так ня хочацца. У нагрузку абставіны: маўляў, вобраз ужо занадта прыстойны, амаль Фрося Бурлакова. У фільме весела, а ў жыцьці хочацца павесіцца на ўласнай касе. Дома штодзённыя ўрокі жыцьця: "не вытыркайся: узнагарода за паслухмянасьць - новыя боты Belwest". Плюс: усё што па тэлеку - "распуста", шмоткі зь фірмовых - "для ідыётаў", касмэтыку "прыдумалі прастытуткі", а "дома кепскаму не навучаць".
Кожны дзень. Кожны дзень... Кожны дзень? Кожны дзень! К-О-Ж-Н-Ы-ДЗ-Е-НЬ!!! Вы разумееце? КОЖНЫ.
Яны ціснуць, як кайданкі айчыннай вытворчасьці. Балюча, а зрабіць нічога нельга. Залежыш ад іх.
Любыя намёкі на new - у штыкі ("дахаты не вяртайся"). Як бяльмо на воку - узрост. Ня ясельны - амаль 20. Чужой галавой думаць складана. "Божа, я хіба што звар'яцею..."
Увечары яна прыйшла з кароткай lesbi-стрыжкай колеру сасьпелага мандарына і пірсынгам у яшчэ прыпухлай брыві. Твар намалявалі ў папулярным сярод вузкага кола салёне.
Гарачая гарбата і "прывет, ма". Інфаркт зьмяніўся рэвалюцыйным усьведамленьнем...
НОВАЯ АСОБА НАРОДЖАНАЯ. ВОСЬ Я!
Усё ж дзіўныя ў нас адносіны да саміх сябе. Ня НАС просяць нешта зрабіць за $, a МЫ просім $ за тое, што зрабілі. УЖО зрабілі!
Ведаў я дызайнэра аднаго. Як мог, рабіў сваю справу. Толькі ня думаў, што МОГ шмат. Першы заказ зь бюджэтам у сто бэ ацаніў як сэнс свайго жыцьця.
Два тыдні бяссоньня замест месяца, два макеты замест аднаго - бліскучая праца як вынік.
Грошы прымусілі доўга сябе чакаць. Прасіць ня ўмеў, бо досьведу не было. Парада сяброў - досьвед трэба набываць, а "ў нас усё так і робіцца". Размовы раз на тры дні з заказчыкам. Ні слова пра грошы… З абодвух бакоў. Першы цярпеў, іншы цярпеньне выпрабоўваў.
Гістарычная сустрэча адбылася праз 3 месяцы. Праз 14 тыдняў. Праз 98 дзён, калі хочаце. Вартая шкадобы паперка зеленаватага адценьня з тварам экс-уладара ? сушы. Хіба вартая яна штосэкунднага самаедзтва, супярэчаньняў унутры і звонку, бясконцых тэлефанаваньняў на мабільнік?
Без гістэрыкі: разадраў і выкінуў. На вачах. ТЫ б зрабіў ня так - навошта такія радыкальныя пратэсты?
Даведка: яшчэ празь месяц сябрук-дызайнэр паступіў у штат канторы. Нешта кшталту ***-graphics. Ганарар адпаведны.
ТАМУ ШТО ЁН ЗРАЗУМЕЎ, ШТО МОЖА.
Учора я сышоў па-ангельску. Тое, што было для мяне такім дарагім, давялося пакінуць. Я ніколі больш ня сяду за гэты стол. (Я так доўга і беражліва абклейваў яго ўсялякай муцьцю, якая вельмі падабалася!) І мы ня будзем больш вырашаць глябальныя праблемы сучаснасьці ў імправізаванай курылцы, пазычаючы "тышчу" на таксі. Таму што я зараз буду іншым і перастану спазьняцца на апошні трамвай. Я адмовіўся ад таго, што любіў. Ува мне кіпіць новая сьвядомасьць. Таму што я
ПРАТЭСТУЮ!