CD, Студэнцкая Думка

03/2003


УЛАДАР ПЯРСЬЦЁНКАЎ

Памятаеш, як чакалі прэм'еры "Братэрства Пярсьцёнка"? Добра, сам ты не чакаў, але чуў пра гэта з усіх бакоў: ці атрымаецца экранізацыя, што зробіцца з культавым тэкстам? Талкіенутыя чакалі з садысцкім нецярпеньнем і пасьля фільму смачна пляваліся. "Недалёкія" (ралевікі, памяркоўныя талкіеністы, "рыцары") чакалі ня так напружана, чакалі меншага, а ў выніку атрымалі большае - па вялікім рахунку, фільм шмат каму зь іх спадабаўся. Трэцяя група - людзі ад 9 да 45 год зь сярэднім IQ і стабільнай псыхікай - атрымала цукерку з батальным начыньнем і ў прыгожай абгортцы новазэляндскага Міжзем'я. І набор "Зорачкі" ў нагрузку.

Пэўна, з разьлікам на нашую пражэрлівасьць усе тры часткі трылёгіі здымаліся бесьперапынна, за паўтара гады працы арміі кінапрафэсіяналаў і статыстаў. Такі фармат - трылёгія - асьцярожным не назавеш, бо, пачаўшы экранізаваць Толкіена, Джэксан&Co шмат чым рызыкавалі: прэстыжам кінакампаніяў, якія забашлялі на здымкі, імем рэжысэра, незаплямленым ані славай, ані ганьбай, і, галоўнае, money... "На карту былі пастаўленыя вялікія грошы, таму я вельмі хацеў стварыць фільм, які мог бы паглядзець просты чалавек з вуліцы - той, хто нічога ня ведае пра Толкіена, ніколі не чытаў "Уладара Пярсьцёнкаў" і ўсё роўна атрымаў бы задавальненьне" (Пітэр Джэксан).

Але ці такія мы, простыя гледачы, усёедныя, каб апантана хАваць варыва містэра Джэксана?

"Дзьве вежы", як і "Братэрства", пакідаюць неадназначнае ўражаньне. З аднаго боку, усе стратэгіі камэрцыйнага кіно тут відавочныя: бабкі, раскрутка, імёны і г.д. Але паўстае цалкам натуральнае пытаньне: ці варта лічыць трылёгію ўсяго толькі чарговым камэрцыйным праектам? Вядома, фільм папсаваты. Вядома, танны патас скразіць у кожнай фразе. Так, героі плоскія і прадказальныя... Але трэба зрабіць папраўку, па-першае, на сам жанр фэнтэзі, а па-другое - на тое, што фільмы ставіліся па кнігах Толкіена.

Літаратура фэнтэзі мала зважае на псыхалёгію пэрсанажаў, аддаючы перавагу сюжэту, дэкарацыям і Ідэі - Дабро абавязкова пераможа Зло. Чаго яшчэ чакаць ад казкі? Сапраўды, як бы гэта выглядала, калі б Гэндальф пачаў вагацца паміж Саўронам ды Фродам, думаючы: а ці такі я "беленькі", якім мяне лічаць усе гэтыя недамеркі? Але тут і хаваецца пастка для рэжысэра: тое, што выглядае ярка на паперы, на экране губляецца, робіцца трывіяльным на фоне сакавітых дэкарацыяў. Для рэжысэра, які адважваецца экранізаваць раман фэнтэзі, існуе адпаведная рызыка ператварыць прыгожую гісторыю ў набор двухмерных малюнкаў з такімі ж плоскімі героямі і сюжэтам.

Тая ж праблема і з экранізацыяй кніг менавіта Толкіена - яны ня лезуць у фармат. Толкіен пабудаваў Сьвет, прапісаны да дробязяў, лягічна скаардынаваны і да таго ж самадастатковы. Увасабленьне гэтага сьвету, створанага фантазіяй прафэсара, патрабавала зладжанай працы сотняў вузкапрофільных спэцыялістаў: ад збраяроў да экспэртаў па лічбавых тэхналёгіях. Калі ўжо ня згадваць пра абойму кіназорак і больш за 26.000 статыстаў.

Джэксан падыйшоў да справы зь вялікай асьцярожнасьцю: візуалка вабіць зрок, гук нейкі звышнатуральны, музыка хоць і без прэтэнзіяў, але якасная. Усё, што датычылася дробязяў "сьвету па Толкіене", было выканана зь ювэлірнай дакладнасьцю: частка зброі для баталіяў зробленая з выкарыстаньнем сярэднявечнай тэхнікі ручной коўкі, кожны меч упрыгожаны выгравіраваным надпісам на адной з моваў Міжзем'я, на кальчугі пайшло больш як 12.000.000 гумовых кольцаў, расфарбаваных пад мэтал. Часам даходзіла да абсурду: каб надаць дзеі большае падабенства да кніжных апісаньняў, дэкарацыі Эндарасу, сталіцы Рохану, ставіліся на працягу шасьці месяцаў. Пасьля заканчэньня працы над эпізодамі з Роханам спатрэбілася яшчэ паўгода, каб аднавіць першапачатковы выгляд мясцовасьці.

І ўсё тое - дзеля дасягненьня кніжнага "абсалюту". Гэта варта мець на ўвазе, перад тым як кідаць іранічнае: "Нічога агульнага з САПРАЎДНЫМ "Уладаром Пярсьцёнкаў".

"УП" прыжыцьцёва робіцца клясыкай фэнтэзі. Роля гэтага фільму ў сучасным кіно набліжаецца да той, якую выконвалі калісь "Зорныя Войны". Абодва праекты зробленыя па апошнім слове тэхналёгіі свайго часу, абодва шматсэрыйныя і грузныя, і іх наратыў пабудаваны фрагмэнтарна, але з фрагмэнтаў складаецца Карціна. Карацей, нішто не замінае ім быць культавымі. Нягледзячы на ўсю сваю папсовасьць.

ФІЛЬМЫ, БЕЗЬ ЯКІХ НЕ БЫЛО Б "УЛАДАРА":

КІНГ КОНГ/KING KONG

Рэжысэр: Мэрыян К. Купэр, Эрнст Б. Шодсак

У ролях: Робэрт Армстранг, Брус Кэбат, Фрэй Урэй

ЗША, 1933, 105 хв

Дзесяцігодзьдзямі пасьля "Конга" ніхто ня мог дасягнуць такога ж поспеху ў стужках пра монстраў і татальныя разбурэньні.

Зьмест: Кінагрупа на выспе Чэрапа здымае "фільм". У адну зорную ноч абарыгены выкрадаюць сымпатычную бляндынку, каб прынесьці яе ў ахвяру мясцоваму бажку - Каралю Малпаў. Калі астатнія "цывілізаваныя" кінуліся да дзяўчыны на дапамогу, малпа-мутант зьбег у джунглі, дзе правёў зь ёй нешта накшталт "мядовага месяцу". Іх знаходзяць і, зьвязаўшы Кінг Конга ды памыўшы бляндынку, транспартыруюць у Нью-Ёрк, дзе злыя і сквапныя капіталісты за грошы ладзяць монстар-шоў. Але сапраўдны бог любіць волю і чалавечыя ахвяры: ён зьбягае з клеткі і пачынае разносіць дашчэнту каменныя джунглі...

Што атрымалася: Нешта ёсьць у тых дзіцячых папяровых жахах. І без кампутарных спэцэфэктаў Кінг Конг быў створаны з такой пяшчотай і дакладнасьцю, што піксэльныя дыназаўры "Парку Юрскага Пэрыяду" могуць толькі пазайздросьціць.

"КК" - фільм, які натхніў Пітэра Джэксана на стварэньне трылёгіі "ЎП": "Я ўсё жыцьцё марыў зняць стужку ў стылі фэнтэзі менавіта таму, што ў дзяцінстве любіў першую вэрсію "Кінг Конга".

ЭКСКАЛІБУР/EXCALIBUR

Рэжысэр: Джон Бурман. У ролях: Найджэл Тэры, Нікалас Клэй, Ніколь Уільямсан. Вялікабрытанія, 1981, 136 хв.

Экранізаваць клясыку позьняга Сярэднявечча - справа нялёгкая: адаптацыя рызыкуе ператварыцца ў банальнае спрашчэньне.

Зьмест: Распавядаецца пра жыцьцё караля Артура. Усе падзеі зьвязвае адна рэч - Экскалібур, меч караля. Фільм цалкам заснаваны на творы Томаса Мэлары: крок управа, крок улева лічыцца ўцёкамі, скок на месцы - правакацыяй.

Што атрымалася: Бурман зрабіў немагчымае - граматна навёў масты паміж сярэднявечным і сучасным сьветаўспрыманьнем. Паміж магіяй ды чараўніцтвам і рацыяналізмам нашых дзён. Хочацца верыць, што простая і адкрытая гульня актораў - задумка самога рэжысэра: часам героі выглядаюць настолькі наіўна, што, падаецца, на ролі набіралі зь першага курсу "кулька".

Ідэйны патас не перайшоў межы дазволенага, як у "Сэрцы Дракона", і не згубіўся ў крывавых танах (гл. "Конан"). Як досьвед экранізацыі тэксту фільм яўна пераўзыходзіць "Уладара Пярсьцёнкаў".

КОНАН-БАРБАР/CONAN THE BARBARIAN

Рэжысэр: Джон Міліўс. Сцэнар: Джон Міліўс, Олівэр Стоўн. У ролях: Арнольд Шварцэнэгер, Джэймс Джоўнс, Сандал Бэргман. ЗША, 1982 год, 129 хв.

У пэрыяд толкіенізацыі ўсіх краінаў брутальны, поўны гвалту і сэксу раман "Конан" Робэрта Говарда зрабіўся альтэрнатывай вясёленькім хобітам і сьпешчаным эльфам. Тое самае зь фільмам.

Зьмест: Маленькім хлопчыкам Конан трапляе ў палон. Шмат год ён круціць нейкае кола і тым самым накручвае сабе афігенную мускулятуру. І аднойчы становіцца глядыятарам. Мастацтву заўсёды перамагаць яго навучылі лепшыя майстры Ўсходу і Захаду. У адзін цудоўны дзень яго адпускаюць на волю, і тут пачынаецца гісторыя помсты.

Што атрымалася: Нягледзячы на ўсё падабенства да бульварнага коміксу, фільм атрымаўся, што называецца, зь філязофскім падтэкстам. Ён так перапоўнены схаванымі і яўнымі адсылкамі да Ніцшэ, што некаторыя дагэтуль знаходзяць у ім праявы фашызму. Асобна пра саўндтрэк: ён ідэальна аздабляе і без таго дасканалы фільм. Усё ж раней музыцы ў фільмах надавалі болей увагі, таму яна гучала больш індывідуальна і належала толькі аднаму фільму. Гісторыя, якую "распавядае" саўндтрэк да "Конана", слухаецца як асобная сымфонія.

СЭРЦА ДРАКОНА/DRAGONHEART

Рэжысэр: Роб Коэн. Сцэнар: Патрык Джонсан. У ролях: Дэніс Квэйд, Дэвід Зэўліс (Thewlis), Дына Мэер. ЗША, 1996 год, 103 хв.

Фэнтэзі-фільмы балянсуюць на мяжы сагі пра сэнс быцьця і банальнага казачнага коміксу. Сэрца Дракона відавочна схіліла ў бок апошняга: фільм яўна "перайграны".

Зьмест: Галоўны герой перад сваёй каранацыяй выпадкова працінае сабе сэрца драўлянай стрэмкай. Яго маман шантажуе старэнькага дракона, каб той падзяліўся (?!) зь яе сынам паловай свайго сэрца. Той пагаджаецца ў абмен на абяцаньне прынца быць добрым хлопчыкам і ня крыўдзіць малых, старых і жанчынаў. Але "хлопчык" не паслухаўся і зрабіўся тыранам. Тады стары дракон, дзяўчына-прапагандыстка і нейкі прыблудны рыцар вырашаюць зьдзейсьніць сацыялістычную рэвалюцыю: зямлю - сялянам, сэрца - дракону.

Што атрымалася: Занадта лібэральны фільм. Сьпічы прасякнутыя псэўдарыцарскім патасам, а "ідэйнасьць" ператвараецца ў маразм. Затое спэцэфэкты выкананыя якасна, відарысы падабраныя з густам, а да дракона з голасам Шона Конэры ўвогуле ніякіх прэтэнзіяў. Але гэта ўсяго толькі казка.

10-Е КАРАЛЕЎСТВА/THE 10TH KINGDOM

Рэжысэры: Дэвід Карсан, Гербэрт Уайз.У ролях: Рутгер Хаўэр, Скот Коэн, Кімбэрлі Ўільямс. ЗША, 2000 год, 417 хв.

Шматсэрыйная кніжка-фарбаванка для ўсёй сям'і (разам зь немаўлятамі і глухой бабкай) коштам у 45 мільёнаў даляраў.

Зьмест: Вірджынія сумленна працуе зь 9-й да 17-й афіцыянткай у нью-ёрскай забягалаўцы. Аднойчы, выпадкова выратаваўшы прынца ад крыважэрных троляў (а насамрэч маленькае сабачанятка ад гопнікаў), Вірджы трапляе ў паралельны сьвет, Краіну Дзевяці Каралеўстваў, дзе наш сьвет клічуць Каралеўствам Дзясятым. Сабака раскрывае сваю сапраўдную сутнасьць, а Вірджынія становіцца аб'ектам каханьня прывабнага Ваўкалака-людажэра... Сама яна вагаецца паміж Дабром і Злом і абірае, што дзіўна, апошняе.

Што атрымалася: Кінастужка, па краі набітая цытатамі, зь неблагім сюжэтам і ідэяй, моцна спрашчаецца наварочанымі спэцэфэктамі і творчай імпатэнцыяй рэжысэраў. Моцны акторскі склад, які, аднак, надзеяў не апраўдаў: найбольш цікавымі пэрсанажамі нечакана робяцца Ваўкалак і татачка Вірджыніі. Па амбіцыях, маштабнасьці і пабудове фільм набліжаецца да "Ўладара", але "10-е Каралеўства" - прыклад таго, што можа атрымацца, калі хочуць як лепей.