Гісторыя фэстывалю RAP Music (у народзе - РЭП-мужык) пачынаецца ў 1994 годзе. Завадатарамі, роўна як і прадаўжальнікамі - "макіяж" зьмяніўся, але твар застаўся ранейшы - тае найвыдатнае справы былі ўдзельнікі дужа папулярнай на той час каманды "Bad Balance". У 94-м у фэстывалі ўзялі ўдзел усяго 16 чалавек. Але зь цягам часу колькасьць заявак павялічвалася: у 2001-м годзе іх было ўжо 1.200, а ў 2002-м, па словах арганізатараў, - 1.800. Аднымі з амаль двух тысячаў ахвотных былі нашыя беларускія рэпакі - гурт "Нестандартный Вариант".

- (Міх) Так, было такое... Былі мы там... Мы адаслалі тры самыя лепшыя нашыя трэкі, арганізатары выбралі песьню "Бомж". Яна і ўвайшла ў зборнік "RAP Прорыв".

ДАВЕДКА:

"RAP Прорыв" - зборнік, у якім прэзэнтаваныя 20 найлепшых, па меркаваньні арганізатараў, камандаў з усіх, хто даслаў сваё дэма на адрас аргкамітэту. Потым з гэтых 20-ці па выніках галасаваньня (на вокладцы зборніка ёсьць спэцыяльны купон) арганізатары выбіраюць 10 гуртоў, якія й будуць удзельнічаць у конкурснай праграме фэстывалю.

- (D€NV€R) Раскажыце па парадку, як разгортваліся падзеі на RAP Music 2002.

- А што там расказваць? На прэс-канфэрэнцыі ШэFF заявіў, што з амаль двух тысячаў дэмак многія нават не праслухоўваліся, а адразу ж выкідаліся ў сьметнік. Таксама там было абвешчана, што гурт "Дядя Вася" (г. Харкаў) дыскваліфікаваны за невыкананьне нейкіх там умоваў.

ДАВЕДКА:

ШэFF - Улад Валаў. Імя гэтага чалавека зьвязанае з такімі паняткамі, як Bad Balance, 100%, …і, апроч усяго іншага - фэстываль RAP Music, генэральным прадусарам якога ён зьяўляецца.

- (Міх) Мне запомнілася выслоўе ШэFF'а наконт клясыфікацыі расейскага РЭПу наагул. Пастараюся працытаваць: "Расейскі РЭП падзяляецца на клясы: А, В і С. Падкляса С - гурты, якія трапілі на фэст RAP Music. Кляса В - гурты, якія перамагаюць на фэсьце RAP Music. Кляса А - гурты, якія перамагалі на фэстывалі RAP Music і якія, скарыстаўшыся гэтым, плюс падтрымка дзяржавы, гораду ці нейкіх структураў, змаглі раскруціцца". На мой погляд, у Расеі існуе рэп-манаполія. ШэFF трымае ўсё. Адзіная каманда, якая здолела ўзьняць плянку - гэта "Каста" (цікава, што па словах ШэFF'а яна ўваходзіць у катэгорыю А - заўв. аўт.). Раней ва ўсіх рэп асацыяваўся з Дэцлам, цяпер - з "Кастай". Я лічу, гэта крута, калі пра рэп мяркуюць, паслухаўшы "Касту".

ДАВЕДКА:

Гурт "Каста" (Растоў-на-Доне) - гран-пры фэстывалю RAP Music 1999, намінанты на званьне "Лепшы расейскі выканаўца" на MTV EMA 2002, уладальнікі "Золотой Горгульи" ў катэгорыі "РЭП-гурт".

- (D€NV€R) Што было пасьля прэс-канфэрэнцыі?

- (Базыль) Далей быў саўндчэк. Гукарэжысэр выклікаў удзельнікаў кожнай каманды, яны павінныя былі выходзіць на сцэну і праганяць з DJ-ем па адной песьні. На справе атрымалася так, што піцерцы адкатвалі сваю праграму цалкам (дзьве песьні), а некаторым камандам не хапіла часу нават на адзін трэк. Самае цікавае: нас нават на сцэну ніхто не паклікаў. У выніку, калі ўжо пачалі запускаць народ у залю, мы самі падыйшлі да гукарэжысэра, і нам дазволілі адыграць палову песьні, пасьля чаго папрасілі са сцэны.

- (Міх) Як такі саўндчэк нам ня быў патрэбны. Ён патрэбны быў DJ Карпу, які езьдзіў з намі на фэст.

- (Карп) Так, мне трэба было адаптавацца на сцэне,"адчуць" круцёлкі. Таму што існуе шмат стандартаў, і ў розных клюбах стаіць рознае абсталяваньне, розныя пульты, розныя круцёлкі.

- (D€NV€R) Карп, у якасьці ацэнкі працы расейскіх DJ's: на твой погляд, ці здольныя беларусы цягацца з расейцамі?

- (Карп) На фэсьце я назіраў, як працуе кожны DJ. Мне шмат што спадабалася, але нечага асаблівага, нейкай "разынкі" я не заўважыў. Усе працавалі больш-менш аднолькава. Іншымі словамі, узроўню, да якога варта было б імкнуцца, я ня ўбачыў ні ў адным зь іх.

- (D€NV€R) Як вам спадабаўся сам канцэрт?

- (Базыль) Замест абяцаных у прэс-рэлізе васьмі тысячаў чалавек сабралося ўсяго каля 500-600. Гэтыя паўтысячы папросту растварыліся ў аб'ёме залі (уявіце сабе лядовы палац - заўв. аўт.). Падчас выступу гук лётаў, і ніякага эфэкту не атрымалася. Уся падрыхтоўка пайшла кату пад хвост.

- (Міх) Спачатку, мне здаецца, у нас усё ішло выдатна. Мы былі проста ўпэўненыя, што зоймем хоць нейкае прызавое месца. Паводле жараб'ёўкі мы былі сёмыя, і яшчэ адзін плюс - наш наймацнейшы канкурэнт, гурт "Дядя Вася", не прыехаў. Усе карты ў рукі... Хачу, дарэчы, зазначыць, што ШэFF яшчэ на прэс-канфэрэнцыі казаў: маўляў, каманды, апроч усяго іншага, будуць судзіць таксама і паводле паводзінаў на сцэне. Мелася на ўвазе каманднае шоў. Тое, што я ўбачыў на RAP Music 2002, нельга назваць ня тое што шоў... Груба кажучы, я ўбачыў школьныя сцэнкі, разыграныя на школьным жа ўзроўні. Хоць наагул каманды выступалі моцныя, за выключэньнем "ДиСи эМСи"(Масква). Я ня ведаю, за што ім далі першае месца, але...

- (Базыль) Па выніках гэтага фэсту ў нас наагул узьнікла ўражаньне, што мы былі запрошаныя дзеля таго, каб падтрымаць статус "міжнароднасьці" фэстывалю: мы былі адзінай камандай не з Расеі.

ДАВЕДКА:

Пераможцы RAP Music 2002:

Гран-Пры - "X-Team" (Піцер)

1 месца - "ДиСи эМСи" (Масква)

2 месца - "Зеленый Синдром" (Піцер)

3 месца - "Mary Jane" (Краснадар)

- (D€NV€R) Ці будзеце вы яшчэ падаваць заяўкі на ўдзел у фэсьце?

- (Базыль) Думаю, так. Хочацца яшчэ раз памерацца сіламі з Расеяй і Ўкраінай.

ІНФАРМАЦЫЯ ДЛЯ РОЗДУМУ:

За тыдзень да фэстывалю RАР Music 2002 DJ-108 (сябра журы, які мірна драмаў на працягу ўсяго фэсту - заўв. аўт.), у адным зь інтэрвію заявіў: "Паглядзім, што зьмянілася на РЭП-сцэне за апошні час. Хаця я ўпэўнены на 99%, што будуць прэзэнтаваныя далёка ня ўсе лепшыя каманды Расеі і блізкага замежжа. Ну што ж, выберам лепшых з таго што ёсьць. Будзем спадзявацца, што гэта як заўсёды будзе Піцер".

ДАВЕДКА:

DJ-108 (каманда "DА-108", Піцер)

Актыўны хіп-хоп-вараціла з Санкт-Пецярбургу. Стварыў студыю, на базе якой арганізаваў свой лэйбл "МАМА-ПАПА Records". Гурты, якія выпускаюцца на лэйбле "МАМА-ПАПА Records": "Ikambi Gwa Gwa", "Зеленый Синдром" (2-е месца на RAP Music 2002), "A-Tone", "X-Team" (гран-пры RAP Music 2002).