Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

12/2002


Сітуацыя - Апошняе слова Паўла Мажэйкі

Высокі Суд! Паважанае дзяржаўнае абвінавачваньне! Сябры!

Я, упершыню, і дасьць Бог, у апошні раз, выступаю публічна з апошнім словам на падобных мерапрыемствах.

Я пастараюся не гавaрыць пра юрыдычны бок справы, за мяне гэта бліскуча зрабіў мой абаронца.

Я скажу пра пачуцьці. Пра тое, што адчувае невінаваты чалавек, якога вось ужо 10 месяцаў трымаюць на эшафоце, пакуль некалькі чалавек выбіраюць і прымерваюць да шыі вяроўку. Ня трэба быць Шэрлакам Холмсам, каб зрабіць высновы: калі зоркі запальваюць, а палітычныя працэсы адбываюцца – гэта камусьці трэба…

Я ня ведаю, ці вядома гэта дзяржаўнаму абвінаваўцы, але кожны дзень гэтага брыдкага працэсу, кожны дзень гэтага паходу з віламі цераз плячо на Слова, кожны выпад ягонай прамовы, кожная публікацыя на гэтую тэму ў беларускім і замежным друку – усё гэта проста забойча для Беларусі. І сёньня я магу павіншаваць дзяржаўнага абвінаваўцу з тым, што кожнае слова ягонага выступу забівала надзею на тое, што на нас будуць глядзець, як на нармальную дэмакратычную краіну і размаўляць з намі, як са здаровым грамадзтвам, дзе дакладна разьмяжоўваецца злачынства і выказваньне сваёй пазіцыі. І ня можа гэтая сіла, назавем яе ўмоўна сілай рэакцыі (бо, што ўзяць з пракурора на працэсе – ён кар’ерны дыпламат, яму даюць даручэньне, ён яго агучвае, і тут ня можа быць аніякіх асабістых прэтэнзіяў), дык вось гэтая сіла ня можа ня ведаць, што гэты працэс на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя можа азначаць толькі адное – з намі, беларусамі, нельга мець справы. Ніколі!!!

І што я магу сказаць, калі мне тэлефануюць калегі з Польшчы, Германіі, Расіі, іншых краінаў і пытаюць, што ў Вас там, падурнелі? Пракурор просіць рэальны тэрмін зьняволеньня і пры гэтым усё ягонае абвінавачаньне грунтуецца не на доказах, а толькі на словах “я думаю”, “мне кажется” і г.д. "Гэта ж апошняе бяспраўе!!!" – абураюцца мае калегі. І я не магу ім сказаць, што гэта ня так, што мы тут проста сядзім у такой добрай кампаніі, п’ем каву і абмяркоўваем праблемы беларускай прэсы. Я магу сказаць толькі тое, што бачу і чую – ідзе палітычны працэс, і Вас, Высокі суд, хочуць зацягнуць у гэты працэс, зьбіць Вас з пазіцыяў прафесійнага абавязку, годнасьці і прыстойнасьці…

Меў рацыю Алесь Адамовіч, калі сказаў аднойчы: “… Самае найбольшае тваё багацьце – Радзіма. Таму ўсё жыцьцё аддай Радзіме. Кожнай сваёй думкай будзь з ёю, кожную сваю справу – на карысьць яе…”

Дзяржаўнаму абвінаваўцы незразумела, як гэта можна любіць сваю Радзіму не сьпяваючы ёй салодкія оды. Любіць інакш, як гэта рабілі ў свой час на партсходах, на дэманстрацыях, як гэта, можа быць, робіцца на пяціхвілінках у пракуратуры, ня ведаю…

Я не навучыўся любіць сваю Радзіму з заплюшчанымі вачыма, пакорліва схіленай галавой і стоячы ў агульнавядомай позе, у якую нас усіх старанна ставяць ужо восем гадоў. Чалавек, журналіст, можа быць карысным сваёй Бацькаўшчыне, толькі калі здыме ружовыя акуляры і стане ясна бачыць краіну, у якой жыве, разумець яе праблемы і адкрыта гаварыць і пісаць пра гэта.

Праз усё сваё сьвядомае жыцьцё я хацеў быць грамадзянінам і хачу заставацца ім, гэта значыць, для мяне, акрамя ўсяго іншага, быць чалавекам, які карыстаецца сваім правам і выказвае свае думкі, выказвае тое, што яму баліць. Працуючы ў "Пагоні", і гэта не кан’юнктурны пафас, я быў грамадзянінам.

Высокі Суд! Мы не злоўжывалі свабодай слова, бо немагчыма злоўжываць тым, чаго ў Беларусі не існуе.

Няўжо краіна да такой ступені не давярае сваім пісьменьнікам, навукоўцам, мастакам, паэтам, журналістам, якія працуюць у сваёй галіне і ня зьдзейсьнілі анічога злачыннага і ганебнага, каб ставіць над імі пастухом чалавека, які не напісаў аніводнай кнігі, аніводнага артыкулу ў газету. Ён не напісаў аніводнага артыкулу, але вырашае, які з іх можна друкаваць, а які не. Ён вырашае, і гэта для мяне проста страшна, якімі словамі павінен карыстацца журналіст, каб яго, аказваецца, правільна зразумелі чытачы. Абсурд! Ён ацэньвае артыкулы сваёй меркай і вырашае, за якія словы ў артыкуле можна пазбаўляць чалавека волі, а за якія не…

Памыляецца той, хто лічыць, што гэты працэс правільны – маўляў, трэба было наступіць на сваё сумленьне і не паказваць у артыкулах сваёй пазіцыі, бо мы ж ведаем, у якой краіне жывем. Тая ўлада, якая ня верыць сваім журналістам – ня верыць і Вам, і Вам, і Вам, свайму народу, бо лічыць людзей, памятаеце, “радавымі інжынерамі”, якія ня могуць разабрацца, дзе добрае, а дзе злое, дзе словы ў пераносным сэнсе, а дзе, так, як палічыў патрэбным зразумець пракурор. І вам, аказваецца, нельга даваць чытаць “непатрэбныя думкі”. Адкуль нам, грамадзянам гэтай краіны ведаць, куды і як ідзе наша краіна – калі нам забараняюць спытаць, даведацца, абмеркаваць усё гэта?! Так я разумею гэты працэс.

У Беларусі свабода слова гарантаваная законамі. Аднак, свабода чалавека, які вымавіў і апублікаваў гэтае слова, не гарантаваная нічым, і залежыць, я пераканаўся ў гэтым на ўласным досьведзе, ад капрызу некалькіх людзей.

У мяне ёсьць сваё меркаваньне пра многіх людзей. Правільнае яно ці не, але гэта маё меркаваньне. Маё прыватнае, адноснае меркаваньне. Як кожны нармальны чалавек, я маю сваё меркаваньне і пра прэзідэнта. Гэта маё прыватнае, адноснае меркаваньне. Што ў гэтым кепскага і злачыннага?!

Высокі суд! Учора, пасьля таго, як паважаны пракурор запатрабаваў мне пакараньне, давялося пачуць абурэньне многіх людзей, некаторыя з іх сёньня зноў у гэтай зале: як так, за артыкул, які і трох тысячаў знакаў не налічвае – 2 гады зьняволеньня!!! Не, Вы несправядлівыя да дзяржаўнага абвінаваўцы. Артыкул тут ні пры чым. Артыкул гэта толькі падстава. Два гады зьняволеньня – зусім за іншае. За тое, што мы выконвалі свой журналісцкі абавязак. За тое, што ёсьць яшчэ газеты ў Беларусі, якія не баяцца падымаць на сваіх старонках вострыя тэмы. За тое, што ёсьць яшчэ журналісты, якія гатовыя асьвятляць гэтыя вострыя тэмы. За тое, што мы на секунду дазволілі сабе забыцца, што ў Беларусі яшчэ актуальныя такія словы, як подласьць, беззаконьне, несправядлівасьць, трусьлівасьць, халуйства, цынізм, помста і палітычны вышук. Два гады – за тое, што мы не нагаварылі на сябе, не прызналі сябе вінаватымі. Два гады – за тое, што Вы ёсьць. За тое, што Вы, сябры кожны дзень гэтага працэсу былі тут і, магчыма, не далі пракурору сказаць і зрабіць тое, што ён сказаў і зрабіў бы, калі б Вас не было. Два гады, Высокі суд, за тое, што мы тут, што напрацягу 10 месяцаў цьвёрда даказваем сваю правату і нягледзячы на дзьве мяжы і дзясяткі дарог ня зьехалі са сваёй краіны, на што відавочна спадзяваліся тыя, хто выдумаў гэтую справу. Два гады зьняволеньня, Высокі суд, за тое, што дзяржаўнае абвінавачаньне аказалася бясьсільнае, бо заварыўшы кашу ім давялося весьці справу да канца, пры гэтым топчучы закон, замяняць доказы, якіх не знайшлі, бо, іх няма, на слоўны панос. Вось за што, гэтыя два гады зьняволеньня.

Высокі суд! У Вашай прысутнасьці, у Вашым памяшканьні, за Ваш кошт, адымаючы Ваш час, дзяржаўнае абвінавачваньне спрабуе апраўдаць сябе і свае ганебныя дзеяньні і перакласьці ўсю адказнасьць за гэты працэс зноў жа на Вашыя плечы,

Высокі суд! Некалькі разоў, баронячы нашыя інтарэсы, абаронцы прасілі Высокі суд апраўдаць нас. І сёньня, я нават не сумняюся, што гэта быў бы адзіны прысуд, згодны з правам і сумленьнем. Дзякуючы гэтаму працэсу я добра пазнаёміўся з крымінальнапрацэсуальным кодэксам, але я ведаю таксама і судовую практыку, і сёньня, у сваім апошнім слове я Вас, Высокі суд, не прашу больш аб гэтым. Адна толькі маленькая, рэальная гісторыя.

У свой час расійскі цар Аляксандр – дзіўнае супадзеньне імёнаў – расійскі цар Аляксандр ІІ у размове з Анатолем Коні, які на той час быў старшынёй Пецярбуржгскага акруговага суда, і вёў працэс па забойстве Верай Засуліч гораданачальніка Трэпава, сказаў : “Урад, цар, чакае ад суда і ад вас асаблівых паслугаў”. На што Коні, гледзячы ў вочы цару адказаў: “Суд выносіць прысуды, а не аказвае паслугі”.

Я прашу Вас, Высокі суд, вынесьці прысуд па гэтай справе, бо пракуратура ды іншыя сьпецслужбы, здаецца, ужо па самыя вушы сядзяць у “асаблівых паслугах”.

Высокі суд! У гэтай справе сваё Слова сказала і грамадзтва, Вы бачылі, чулі і чыталі гэта самі – і гэта Слова, Высокі суд, на нашую карысьць.

Што скажа суд? Мне невядома. Я магу толькі здагадвацца, што суду вядомыя дзьве рэчы, па-першае, тое, што я не вінаваты, і па-другое, аніякіх падачак, у выглядзе кампрамісаў – я не прыму.