Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

12/2002


Сітуацыя - Зыск адхілены

ВЫШЭЙШЫ ГАСПАДАРЧЫ СУД РБ НЕ ПРЫСЛУХАЎСЯ ДА АРГУМЕНТАЎ РЭДАКЦЫІ ГАЗЕТЫ "НАРОДНАЯ ВОЛЯ"

13 чэрвеня Вышэйшы гаспадарчы суд (судзьдзя А.Федарэнскі) адмовіўся задаволіць зыск рэдакцыі газеты «Народная воля», у якім выказвалася просьба аб прызнаньні несапраўдным папярэджаньня Міністэрства інфармацыі РБ. Папярэджаньне газета атрымала 21 сакавіка пасьля зьяўленьня артыкулу «Вялікае мыцьцё». Міністэрства інфармацыі палічыла, што гэты артыкул утрымлівае зьвесткі, якія ганьбяць гонар і годнасьць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і абвінаваціла рэдакцыю ў парушэньні патрабаваньняў артыкулу 5 Закону «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь». Нагадаем, што два падобныя папярэджаньні на працягу году могуць стаць падставай дзеля спыненьня дзейнасьці сродку масавай інфармацыі.

«Народная воля» абскардзіла папярэджаньне ў Вышэйшы гаспадарчы суд. У зыску паведамлялася, што, папершае, Міністэрства інфармацыі ня мае права самастойна вызначаць, зьяўляецца распаўсюджаная інфармацыя ганебнай альбо непраўдзівай ці не (гэта прэрагатыва суда, прычым не гаспадарчага, а агульнага). Падругое, газетная публікацыя была перадрукам матэрыялу, распаўсюджанага іншым сродкам масавай інфармацыі – Радыё Свабода (што пацьвярджаецца спасылкай на крыніцу інфармацыі пад артыкулам і лістом ад Радыё Свабода). Згодна з арт. 47 Закону «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», гэтыя акалічнасьці вызваляюць рэдакцыю ад адказнасьці.

Прадстаўнік Міністэрства інфармацыі ня змог аспрэчыць довады рэдакцыі і прадставіць якіянебудзь доказы, якія пацьвярджалі б абгрунтаванасьць вынясеньня папярэджаньня (што неабходна ў адпаведнасьці з арт. 61 Гаспадарчапрацэсуальнага кодэксу). Ход судовага працэсу пераконваў, што абвяшчэньне рашэньня будзе простай фармальнасьцю. Тым больш нечаканым было рашэньне суда аб адмове рэдакцыі газеты «Народная воля» задаволіць зыскавыя патрабаваньні. Чым кіраваўся судзьдзя А.Федарэнскі, будзе вядома толькі пасьля складаньня матывацыйнай часткі судовага рашэньня.

Магчыма, святло на прычыны такога рашэньня пралівае інфармацыя пра тое, што Прэзідыум Вышэйшага гаспадарчага суда задаволіў пратэст Генеральнага пракурора Віктара Шэймана на рашэньне ВГС па зыску рэдакцыі газеты «Наша Ніва». У мінулым месяцы суд прызнаў папярэджаньне пракуратуры, вынесенае на адрас рэдакцыі пра недапушчальнасьць парушэньня патрабаваньняў усё таго ж артыкулу 5 Закону аб друку, несапраўдным. Каб скасаваць станоўчае для недзяржаўнай газеты рашэньне ВГС, спатрэбілася ўмяшальніцтва кіраўніка Пракуратуры Рэспублікі Беларусь (органу, які мае шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку і права нагляду за законнасьцю судовых пастановаў).

Магчыма, лічба «13» зьяўляецца магічнай для беларускага правасудзьдзя. Тры гады таму – 13 траўня 1999 году – Вышэйшы гаспадарчы суд вынес рашэньне па зысках сямі недзяржаўных газетаў да Дзяржкамдруку (правапераемнікам якога зьяўляецца Міністэрства інфармацыі) аб прызнаньні папярэджаньняў несапраўднымі. Сем судзьдзяў разглядалі тады сем зыскаў, якія былі на розных стадыях разгляду, калі раптоўна ВГС з уласнай ініцыятывы аб’яднаў усе зыскі ў адну справу і разгледзеў яе без удзелу прадстаўнікоў газетаў. Хадайніцтвы зыскоўцаў перанесьці разгляд справы і асобна разглядаць кожны зыск суд адхіліў. Беларускаму тэлебачаньню, якое пагаспадарску разьмясьцілася ў зале судовага паседжаньня, засталося толькі «зьняць» стол для зыскоўцаў з таблічкамі з назвамі газетаў. За сталом нікога не было.

Рашэньне не задаволіць усе зыскі нанесла тады вялікі ўдар па аўтарытэце беларускага правасудзьдзя як у краіне, так і за мяжой. Цяперашняе рашэньне ВГС па зыску рэдакцыі газеты «Народная воля» і пастанова Прэзідыуму Вышэйшага гаспадарчага суда аб задавальненьні пратэсту В. Шэймана знаходзяцца ў адным шэрагу з рашэньнем ад 13 траўня 1999г. аб адмове ў задавальненьні сямі зыскаў недзяржаўных газетаў да Дзяржкамдруку, рашэньнем судзьдзі В. Жандарава аб закрыцьці газеты «Пагоня» і іншымі падобнымі судовымі пастановамі.