Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

3/1999


Рэха - Найперш — правы чалавека

Тэма правоў чалавека стала адной з асноўных сярод тых, што абмяркоўваліся удзельнікамі нядаўняга Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі. Цалкам натуральна, што і сярод гасьцей Кангрэсу была значная колькасьць праваабаронцаў – прадстаўнікоў Расіі, Літвы, Францыі, ЗША, а таксама місіі АБСЕ ў Беларусі.

«Асноўныя правы і свабоды грамадзянаў зьяўляюцца вышэйшай каштоўнасьцю, і любая ўлада, якая іх парушае, ня можа быць прызнаная дэмакратычнай»,—гаворыцца ў рэзалюцыі Кангрэсу «Пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі». Прыняўшы гэты дакумент, дэмакраты яшчэ раз канстатавалі, што беларускія грамадзяне «пазбаўленыя магчымасьці ўдзельнічаць у кіраваньні сваёй краінай», а таксама атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю ды свабодна выказваць свае меркаваньні. Улады краіны рэзка абмяжоўваюць правы людзей на правядзеньне мірных вулічных акцыяў, аб’яднаньне ў грамадзкія і прафесійныя арганізацыі. Удзельнікі Кангрэсу нагадалі, што ў краіне сёньня не існуе незалежнага ад прэзідэнцкай улады суда, і запатрабавалі спыніць перасьлед людзей за іхнія палітычныя перакананьні. У тым ліку – вызваліць з турмаў усіх палітычных вязьняў, самыя вядомыя зь якіх – сябра «Маладога Фронту» Аляксей Шыдлоўскі, дэпутаты Уладзімір Кудзінаў і Андрэй Клімаў, адзін з лідэраў віцебскай апазіцыі Уладзімір Плешчанка. Яшчэ адно патрабаваньне да ўладаў – правесьці аб'ектыў ны разгляд справаў экскіраўніка Нацбанку Тамары Віньнікавай, былога міністра Васіля Лявонава і вядомага старшыні калгасу Васіля Старавойтава.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў Кангрэсу прыцягнула моўная праблема. Была прынятая рэзалюцыя «Аб дыскрымінацыі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь». Дэмакраты пераканаўча заявілі ўсяму сьвету аб зьнішчальных тэндэнцыях: на Беларусі зачыняюцца беларускія класы, школы, радыёстанцыі, газеты, выключаюцца з навучальных праграмаў творы выдатных майстроў беларускай літаратуры, скарацілася выданьне беларускіх кніг. «...У Рэспубліцы Беларусь груба парушаюцца правы карэннай этнічнай супольнасьці на свабоднае разьвіцьцё сваёй мовы і культуры», — адзначана ў рэзалюцыі. Беларускія дэмакраты патрабуюць ад кіраўніцтва краіны «спыніць мэтанакіраваны ўціск беларускай мовы і культуры», спадзеючыся на салідарнасьць і маральную падтрымку беларусаў міжнароднай грамадзкасьцю.

Права на паўнавартаснае выкарыстаньне роднай мовы самым простым чынам зьнітавана з правам народа мець уласную дзяржаву, быць у ёй гаспадаром. Сітуацыя, што склалася за апошнія гады на Беларусі, прымусіла дэмакратычныя сілы краіны прыняць таксама сумесны дакумент «Пра пагрозу дзяржаўнасьці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь». Дэмакраты рашуча выказалі намер «бараніць незалежнасьць, дзяржаўнасьць і суверэнітэт краіны, процістаяць анексіі Беларусі ўсімі даступнымі сродкамі». Дамову, падпісаную 25 сьнежня прэзідэнтамі Лукашэнкам і Ельцыным, дэмакратычная апазіцыя Беларусі ня можа расцэньваць інакш, як «антыканстытуцыйны пакт». Як падкрэсьлілі ўдзельнікі Кангрэсу, такі пакт парушае ня толькі Канстытуцыю, але і старадаўнія традыцыі беларускай дзяржаўнасьці.

Па сутнасьці, кожная са шматлікіх рэзалюцыяў, прынятых Кангрэсам дэмакратычных сілаў Беларусі, ёсьць найперш праваабарончая – нават тады, калі ў ёй ідзе гаворка пра эканоміку ці палітыку. Насамрэч правы чалавека парушаюцца ў настолькі разнастайных галінах, што на практыцы ўсё зьнітоўваецца ў моцны вузел. Скажам, у дзень масавай акцыі супраць голаду і галечы міліцыянты могуць затрымаць чалавека толькі за тое, што ён размаўляе па беларуску (на «апазіцыйнай» уладам мове!) , потым яго адвязуць у суд, дзе судзьдзя запатрабуе гаварыць толькі паруску і пасадзіць на пяцьдзесяць сутак... Цалкам слушна, што, аб’яднаўшыся, дэмакраты ўзялі на сябе абавязак бараніць любога чалавека ад парушэньня любых яго правоў: ад права простага рабочага і селяніна на годны ўзровень жыцьця – да роўнага права розных палітыкаў зьвяртацца да народа праз прамы эфір тэлебачаньня. Парушэньні правоў чалавека – як асобы і грамадзяніна сваёй краіны – сёньня на Беларусі немагчыма выправіць найперш без палітычных зьменаў. Пакуль будзе існаваць дыктатура, датуль усе сферы нашага жыцьця будуць сьціснутыя жалезнымі абцугамі беззаконьня. Нібы шчупальцамі жудаснага спрута...