"Вясна96" — адна з маладзейшых праваабарончых арганізацыяў Беларусі. Створаны ў красавіку 1996га году, на хвалі масавых акцыяў пратэсту грамадзянаў супраць устанаўленьня ў краіне дыктатарскага, таталітарнага рэжыму, дзеля аказаньня рэальнай дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў, Праваабарончы Цэнтр за кароткі тэрмін змог стаць адной з прыкметных недзяржаўных грамадзкіх праваабарончых арганізацыяў Беларусі. Найперш таму, што займаецца канкрэтнай і такой патрэбнай сёньня працай: перадачай прадуктаў харчаваньня палітвязьням у месцы зьняволеньня, матэрыяльнай і маральнай падтрымкай іх сем'яў, арганізацыяй прававой дапамогі падсьледным і падсудным, наладжваньнем прававой адукацыі грамадзянаў... Менавіта гэта падкрэсьлівалі ў сваіх выступленьнях шматлікія госьці, якія прыйшлі на прэзентацыю першага гадавога "Агляду" парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, выдадзенага паводле фактаў, матэрыялаў, дакументаў, сабраных супрацоўнікамі "Вясны96" ў мінулым, 1998ым годзе. У 18 разьдзелах "Агляду" зафіксаваныя парушэньні правоў чалавека, учыненыя ўладамі Беларусі летась, дарэчы, у годзе, у якім увесь сьвет адзначаў 50годзьдзе прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Па сутнасьці, гэта своеасаблівы плён супольнае гадавое працы ўсяго Цэнтра.
Уступным словам адкрыў вечарыну старшыня "Вясны96" Алесь Бяляцкі, які коратка расказаў прысутным пра гісторыю стварэньня і дзейнасьць Цэнтру. Далей выступалі госьці імпрэзы, у тым ліку і, калі так можна сказаць, героі "Агляду": намеснік старшыні Беларускага Народнага Фронту Юры Хадыка, дэпутат ВС 13га скліканьня Валеры Шчукін, былы член Канстытуцыйнага суда РБ Міхаіл Пастухоў, настаўніца Леанарда Мухіна, жонкі дэпутатаўвязьняў рэжыму Тацяна Клімава і Зоя Кудзінава, адвакатправаабаронца Надзея Дударава ды інш. В. а. старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі, не пазьбягаючы гучных словаў, назваў справу, якую робяць супрацоўнікі Цэнтру "Вясна96" "грамадзянскім подзвігам". "Сёньня, — сказаў Л. Баршчэўскі — церпяць ад рэжыму: трапляюць за краты, атрымліваюць непамерныя грашовыя штрафы лепшыя людзі Беларусі — музыканты, кінарэжысёры, пісьменьнікі, студэнты... Ім патрэбная падтрымка. І "Вясна96" усімі магчымымі сродкамі дапамагае ім. Пройдзе час і, я ўпэўнены, гэты рэжым сыйдзе ў нябыт. Але ніякая дэмакратыя, нават самая ідэальная, ня можа гарантаваць поўнае захаваньне правоў чалавека. А таму праца ў праваабарончых арганізацыяў кшталту "Вясны...", на жаль, будзе заўсёды..."
На прэзентацыі прысутнічалі і замежныя дыпламаты: намесьнік пасла Вялікабрытаніі ў РБ Марк Петык і дарадца пасольства чэшскай рэспублікі Карэл Харанда.
Наш. кар.