Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

3/1999


Сітуацыя - Перарэгістрацыя = забарона...

Слова "апазіцыя" на постсавецкіх прасторах, за выключэньнем прыбалтыйскіх краінаў, па сёньня зьяўляецца сінонімам слова "вораг". Незалежна ад таго, хто знаходзіцца пры ўладзе: неакамуністы ці камуністы былыя (партакраты). Успрымаць гэта трэба як перажытак мінулага альбо рудымент савецкіх часоў, калі панавала "адзінагалоснасьць" бяз нейкіх там "іншых меркаваньняў". Да ворага ж адносіны таксама цалкам зразумелыя і здаўна прадвызначаныя: калі ён не здаецца, яго зьнішчаюць... І таму да разуменьня ісьцінаў, што "пад сонцам усім месца хопіць" і "на тое і шчупак у рацэ, каб карась не драмаў" — нам яшчэ вох як далёка...

Пра гэта сьведчыць і новы дэкрэт прэзідэнта Беларусі, падпісаны 26 студзеня. За назвай "Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадзкіх аб'яднаньняў" бачыцца непрыхаванае жаданьне разабрацца са сваімі палітычнымі апанентамі. Знаёмства са зьместам гэтага "дакумента" толькі пацьвярджае думку, што створаны ён ня столькі дзеля рэгістрацыі (перарэгістрацыі) партый і аб'яднаньняў, колькі дзеля іх забароны. На гэта скіраваныя ўсе зьмены, унесеныя ў дакумент, калі параўноўваць яго з папярэднім падобным актам. Папершае, удвая павялічаная колькасьць сяброў партый у сьпісах, якія трэба прадаставіць дзеля рэгістрацыі, падругое, у гэтых сьпісах неабходна ўказаць акрамя прозьвішча сябра ягоны хатні адрас і месца працы, патрэцяе, у прафесійныя саюзы павінна ўваходзіць ня менш за 10 працэнтаў рабочых таго прадпрыемства, дзе яны арганізуюцца і гэтак далей.

У тэксце дэкрэта акрамя таго нямала і розных "падводных плыняў і камянёў". Скажам, што на справе будзе азначаць рэгістрацыя партыйнай сімволікі ня ведае ніхто. Зразумела толькі, што арганізацыі, якія маюць у сваёй сімволіцы нацыянальныя белачырвонабелыя колеры будуць мець нямала клопатаў.

Лідэры беларускіх партый адразу назвалі гэты дэкрэт драконаўскім. І зазначылі, што ён груба парушае ня толькі артыкул 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкул 22 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, але і артыкул 36 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе грамадзянам краіны мажлівасьць стварэньня палітычных, прафесійных і іншых аб'яднаньняў.

Яшчэ больш зразумелымі намеры прэзідэнта сталі пасьля аб'яўленьня аб стварэньні камісіі, якая будзе вызначацьці можа партыя прайсьці перарэгістрацыю ці не, і асабліва персанальнага складу гэтай камісіі. Ужо само зьяўленьне гэтай камісіі пазазаконнае. Рэгістрацыяй партый і аб'яднаньняў паводле існуючага заканадаўства павінна займацца Міністэрства юстыцыі. І толькі. У Беларусі ж, як бачым, створаная структура, якая будзе дыктаваць Мінюсту, якое рашэньне прымаць. І аспрэчыць гэтую "параду" (а як інакш назваць "рашэньне" камісіі) забароненым партыям ня будзе дзе...

Узначаліў камісію вядомы змагар з дэмакратыяй і беларускай культурай віцэпрэм'ер Уладзімір Замяталін, а ў склад яе, акрамя прадстаўніка Мінюста, увайшлі прадстаўнікі... усіх сілавых структураў. Думаць, што гэтая камісія будзе аб'ектыўнай, тое ж самае, што даручаць ваўкам ахоўваць авечак.

Перарэгістрацыя пачалася 1 лютага і будзе доўжыцца да 1 ліпеня. Уключацца ў яе апазіцыйныя беларускія партыі не сьпяшаюцца. Да дня заканчэньня перарэгістрацыі — 1 ліпеня г.г. — яшчэ будуць вясна і 16 траўня. А значыць ёсьць і надзея, што паступацца ўласнымі прынцыпамі не давядзецца.