Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

1/1999


Жыцьцё - пра дробязі, якія гавораць так шмат

Вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін адмовіўся ад падарунку дзяржавы ў гонар 60годзьдзя Саюзу мастакоў, сябрам якога ён зьяўляецца. Да юбілейнай даты быў выдадзены шыкоўны даведнік са зьвесткамі пра біяграфію і творчасьць прыкладна тысячы сяброў творчага саюзу. Усё выглядае прыгожа: партрэты мастакоў, каляровыя рэпрадукцыі іхніх твораў... Аднак для Алеся Пушкіна ды іншых творцаў, вядомых сваімі патрыятычнымі поглядамі і беларускай сьвядомасьцю, ні добрая папера, ні яркія фарбы, ні якаснае афармленьне ня сталі ўцехай: за вонкавым бляскам сьвяточнай аздобы і Пушкін, і многія ягоныя калегі ўбачылі ганьбу для Беларусі і сябе асабіста.

Папершае, калі зьбіраліся зьвесткі для выданьня, кожны мастак павінен быў прадставіць свой твор па ўласным жаданьні. Але замест сваёй карціны “Пад рускімі ботамі” Алесь Пушкін знайшоў у кнізе... здымак фрэсак, якімі некалі аздобіў мастацкі ліцэй у Мінску. “Такая замена была зробленая без ніякага ўзгадненьня са мною,” – заявіў мастак, расцаніўшы гэты факт як праяву цэнзуры і парушэньне сваіх аўтарскіх правоў. Відавочна, што зьмены ў зьмесьце даведніка былі зробленыя выдаўцамі з “палітычнай прычыны”. Якія могуць быць “рускія боты” у час “інтэграцыі” і “далейшага яднаньня з Расіяй”?!

Падругае, пры складаньні даведніка з мастакамі не ўзгаднялася адна “дробязь” – прысутнасьць на першай старонцы кнігі партрэту прэзідэнта Лукашэнкі і ягонага віншавальнага звароту да беларускіх творцаў. “Гэта проста зьдзек над намі! — лічыць Алесь Пушкін. – Словы пра свабоду і незалежнасьць Беларусі нам кажа чалавек, які зачыняе выставы мастакоў, нішчыць усё беларускае, перасьледуе нацыянальную творчую інтэлігенцыю...”

За два дні да Новага году А.Пушкін завітаў да старшыні Саюзу мастакоў Генадзя Буралкіна, каб, дарэчы, у прысутнасьці журналістаў, задаць яму некалькі пытаньняў. Як паведаміў старшыня СМ, грошы на выданьне даведніка (каля 4,5 мільярдаў рублёў) выдаткавалі Савет Міністраў Беларусі ды “фонд падтрымкі культуры прэзідэнта”. Агаворка з назовам фонду (ён афіцыйна “пры прэзідэнце”) яскрава адлюстроўвае сітуацыю. Хто плоціць – той і заказвае “музыку”. Тым ня менш, на думку сп.Буралкіна, “мы павінны сказаць уладам дзякуй, бо даведнік пра Саюз мастакоў мог бы зараз ня выйсьці наогул”. Між іншым, рашэньне аб друкаваньні кнігі ў гэткім зьмененым выглядзе прымалася Радай Саюзу мастакоў без уліку думкі іншых сяброў творчага аб’яднаньня...

Генадзь Буралкін ня лічыць тое, што адбылося, ганьбай для Саюзу. Ён спаслаўся ў размове з намі на прыклад Саюзу мастакоў суседняй Украіны, які выдаў падобны ж зборнік з віншаваньнем украінскага прэзідэнта Леаніда Кучмы. Зразумела аднак, што гэтая паралель моцна “кульгае”. Дзейнасьць прэзідэнта Украіны ніяк нельга параўноўваць з палітыкай прэзідэнта Беларусі...

Алесь Пушкін урачыста ўручыў старшыні СМ толькі што атрыманы ім “падарунак”, прапанаваўшы пакінуць яго сабе на памяць. Са свайго боку магу прадказаць, што некаторыя калегі Пушкіна палічаць яго “няўдзячным”, яго імя магло ня трапіць у гэтае выданьне ўвогуле, але – патрапіла, напэўна, для дэманстраваньня айчыннае “дэмакратыі”. Алесь Пушкін вядомы сваімі палітычнымі акцыямі мінулых гадоў, а таксама асуджэньнем па палітычных матывах (1989 г.) на ўмоўны тэрмін. Уладамі была зачыненая галерэя “У Пушкіна” у Віцебску. Пасьля арышту ў 1995 г. маладых паэтаў і мастакоў – удзельнікаў І з’езду беларускіх патрыётаў. А.Пушкін вядомы таксама тым, што малюе абразы і расьпісвае цэрквы і касьцёлы ў беларускіх гарадах і вёсках. Мастак сьцьвярджае, што палітыка – не ягоная сьфера дзейнасьці, але ўлады самі вымушаюць творцаў рэагаваць на створаныя ў краіне ўмовы няволі і ганьбы.

На жаль, частка інтэлігенцыі зносіць аплявуху і зьнявагу іхняе годнасьці моўчкі. Юбілейны даведнік Саюзу Мастакоў увойдзе ў гісторыю як сьведчаньне гэтага.