Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

1/1999


Жыцьцё - Час выбару

Новы 1999 год павінен быў прайсьці ў Беларусі пад знакам выбараў. Паводле Канстытуцыі 1994 году, у гэтую весну заканчваюцца паўнамоцтвы дэпутатаў мясцовых саветаў і Вярхоўнага Савету, а ўлетку — прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі. Так, тэрміны легітымнасьці заканчваюцца, але ці адбудуцца выбары? Адказаць адназначна на гэтае пытаньне ў Беларусі, пэўна, ня возьмецца ніхто. Дзеяньні прэзідэнта Беларусі настолькі непрадказальныя, што мажлівы любы варыянт разьвіцьця падзеяў. У тым ліку і аб'яўленьне, па прыкладзе прэзідэнта Казахстана Н. Назарбаева, "датэрміновых" прэзідэнцкіх выбараў.

Напрыканцы мінулага году, прынамсі, нейкія яснасьць і пэўнасьць былі. Абапіраючыся на вынікі непрызнанага ў дэмакратычным сьвеце рэферэндуму 1996га году, у Беларусі быў прыняты новы закон аб выбарах, і прэзідэнцкая каманда абвясьціла аб пачатку "трохгодкі выбараў", маючы на ўвазе, што ў 1999ым годзе адбудуцца выбары ў мясцовыя саветы, у 2000ым — у гэтакзваны Нацыянальны сход (утвораны А. Лукашэнкам "парламент" са сваіх прыхільнікаў замест легітымнага Вярхоўнага Савету), а ў 2001-ым — прэзідэнта дзяржавы. А.Лукашэнка любіць усё савецкае, і таму нездарма беларускі новатвор "трохгодка" гэтак нагадвае бальшавіцкі — "пяцігодка". Выбары ў мясцовыя саветы былі прызначаныя на 4 красавіка. Падчас іх меркавалася "абкатаць" новы закон аб выбарах, паводле якога дэпутатам нават найніжэйшага органу ўлады ня можа стаць грамадзянін, які мае адміністратыўныя пакараньні. Паколькі практычна ўсе дзеячы апазіцыі за ўдзел у мітынгах, пікетах, дэманстрацыях прыцягваліся да адказнасьці: караліся штрафамі і арыштамі, яны аўтаматычна былі пазбаўленыя права стаць кандыдатамі ў дэпутаты. Улады нават ня ўтойваюць прычыну зьяўленьня такога "пункціка" у законе аб выбарах. Адзін з распрацоўшчыкаў яго, функцыянер Нацсходу, сп. Лазовік назваў яго "мерай палітычнай барацьбы", г. зн. спосабам адсекчы апазіцыю ад мажлівасьці ўдзельнічаць у фармаваньні органаў улады.

Зрэшты, дэмакратычная апазіцыя, якая дагэтуль не прызнае легітымнасьці пралукашэнкаўскага Народнага сходу, а, значыць, і законаў, прынятых ім, удзельнічаць у прэзідэнцкай "трохгодцы выбараў" і не зьбіралася. Дэпутаты легітымнага Вярхоўнага Савету Беларусі 13га скліканьня, якія працягваюць сваю дзейнасьць, кіруючыся Канстытуцыяй 1994га году, на сваім пасяджэньні 10 студзеня адзначылі, што пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта Лукашэнкі, на які ён быў абраны, заканчваецца ў траўні гэтага году, і, у адпаведнасьці з законам, прызначылі выбары прэзідэнта Беларусі на 16 траўня. Створаная Выбарчая камісія, якая зоймецца рэгістрацыяй кандыдатаў у прэзідэнты краіны і ўласна правядзеньнем выбараў.

Як будзе сябе паводзіць у гэтай сітуацыі Аляксандр Лукашэнка, які разумее, што, нягледзячы ні на якія "рэферэндумы", для ўсёй сусьветнай супольнасьці тэрмін ягонай легітымнасьці як кіраўніка дзяржавы скончыцца ўжо сёлета, а ня праз два гады? Пасьля "трыумфу" Назарбаева ды пастаянных нашэптваньняўсупакаеньняў, што калі б выбары адбыліся сёлета, ён бы іх пераканаўча выйграў, ці не шкадуе ён, што паслухаў сваіх дарадцаў і спакусіўся на рэферэндумны "працяг паўнамоцтваў"... Але — гэта ягоныя праблемы: паступацца "прынцыпамі" ці не.

Ёсьць, праўда, і іншы варыянт разьвіцьця падзеяў: А.Лукашэнка можа паспрабаваць сілавым шляхам "разабрацца" з непадуладнымі дэпутатамі. Дзеля гэтага ўжо падводзіцца адпаведная "прававая" база. Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь заявіла, што дзеяньні дэпутатаў "уступаюць у супярэчнасьць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь" і "могуць расцэньвацца не інакш як спроба захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, намер дэстабілізаваць абстаноўку ў грамадстве, справакаваць масавыя беспарадкі". Пракуратура папярэдзіла аб крымінальнай і адміністратыўнай адказнасьці за "падобныя супрацьпраўныя дзеяньні". Зразумела, пралукашэнкаўская пракуратура (дарэчы, усе функцыянеры яе прызначаныя самім прэзідэнтам) паіншаму адрэагаваць і не магла. Не заўважыць рашэньне дэпутатаў, значыць прызнаць факт, што А. Лукашэнка ў 1996 годзе захапіў уладу ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам. Менавіта гэтак лічыць Вярхоўны Савет, і пазіцыя ягоная падтрымліваецца ва ўсім цывілізаваным дэмакратычным сьвеце.

Такім чынам, народ Беларусі зараз пастаўлены перад дылемай: у якіх выбарах удзельнічаць? У аб'яўленых прэзідэнцкай камандай альбо прызначаных легітымным Вярхоўным Саветам? На баку прэзідэнта магутная "вертыкаль", усе ўладныя структуры, газеты, радыё, тэлебачаньне...і караючыя органы. На баку дэмакратычнай апазіцыі — гонар, годнасьць, праўда... і надзея на зьмены жыцьця да лепшага.

Сілы і мажлівасьці ў бакоў, якія супрацьстаяць адзін аднаму, вядома, няроўныя. Афіцыйныя СМІ, цалкам падпарадкаваныя Аляксандру Лукашэнку, пра рашэньне Вярхоўнага Савету ці зусім не паведамілі, ці пазьдзекваліся з яго ў сваіх каментарах. А таму аб'яўленьне выбараў прэзідэнта Беларусі сёньня важна найперш як факт: ёсьць у нашай краіне людзі, якія нягледзячы на ўціск і беззаконьне паранейшаму цьвёрда стаяць на дэмакратычных пазіцыях і працягваюць змаганьне з дыктатарскім рэжымам. Ну, а Час выбару для народа — зьява перманентная, паўтаральная. У грамадзянаў Беларусі зьявілася мажлівасьць зрабіць яго ўжо сёлета...