Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

1/1999


Рэха - Права абараняць – пазбаўлены...

Рэдактару бюлетэню "Права на волю"

Алесю Бяляцкаму.

Паважаны Алесь!

На жаль, я не зьяўляюся пастаянным чытачом вашага бюлетэню. Больш за тое, 19 нумар за кастрычнік 1998 году патрапіў да мяне зусім выпадкова. Аднак я вельмі рады самому факту існаваньня вашага выданьня.

Зьвярнуцца да Вас мяне прымусілі радкі, прачытаныя ў артыкуле Андрэя Мельнікава "Вандроўка за краты". Мяркуючы па ўсім, яны адносяцца да мяне. Пэўна, Андрэй Мельнікаў, адносна якога была ўзбуджаная крымінальная справа, заявіў хадайніцтва аб тым, каб абарону яго ажыцьцяўлялі адвакаты па ягоным выбары. У ліку іншых было названае і маё прозьвішча. З прачытанага мною, на жаль, нельга меркаваць, хто менавіта ўвёў у зман А. Мельнікава адносна майго прафесійнага стану. Аднак гэта ня важна. Зусім відавочна, што правы арыштаванага, у тым ліку права на абарону, былі парушаныя.

З 1 ліпеня 1997 году, гэта значыць з моманту ўступленьня ў сілу дэкрэту "Аб некаторых мерах па ўдасканальваньні адвакацкай і натарыяльнай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь", грубым чынам былі парушаныя канстытуцыйныя правы ня толькі асобаў, якія перасьледуюцца ўладамі, але і адвакатаў. Прыватная адвакатура, якая складала эліту адвакацкага корпусу, высока прафесійная, незалежная і бясстрашная, была ліквідаваная. Адвакатам, якія праявілі высокую грамадзянскую пазіцыю, прынцыповасьць у адстойваньні правоў і свабодаў грамадзянаў, было адмоўлена ў прыёме ў калегіі адвакатаў. У ліку такіх аказаўся і я. Мне не даравалі крытыку міністэрства юстыцыі, руціннасьці і нежыцьцёвасьці, трусьлівасьці калегій адвакатаў, а больш за ўсё — выступленьняў з шэрагам артыкулаў у газетах "Частный адвокат", "Свободные новости", "Аргументы и факты", "Навіны", у якіх я выклаў свае погляды на праведзеныя зьмены і рэзкі пратэст па прычыне масавых парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

На цяперашні момант склалася такая сітуацыя. Я і шэраг іншых адвакатаў маем раней выдадзеныя ліцэнзіі на права ажыцьцяўленьня адвакацкай дзейнасьці, якія не ануляваныя і тэрмін якіх ня скончыўся. У адпаведнасьці з артыкулам 7 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб адвакатуры", мы захавалі статус адвакатаў як пасьля прыняцьця дэкрэту, так і пасьля ўнясеньня зьменаў у закон аб адвакатуры. Аднак у парушэньне артыкулу 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і шэрагу артыкулаў закону аб адвакатуры, правы грамадзянаў на юрыдычную дапамогу і правы адвакатаў на аказаньне юрыдычнай дапамогі паўсюдна ў нашай краіне парушаюцца.

У прыёме ў калегію адвакатаў мне адмоўлена па матывах адсутнасьці вакансіяў. Мае скаргі былі пакінутыя без задавальненьня і выклікалі толькі хвалю шэльмаваньня, як, дарэчы, і ў адносінах да шэрагу іншых маіх калегаў. Некаторых з іх па надуманых прычынах пазбавілі ліцэнзіяў. Пазбавіць ліцэнзіі мяне не змаглі, але і працаваць не даюць. Прававога шляху абароны нашых правоў няма. Гэта вельмі характэрна для сёньняшняга становішча ў нашай дзяржаве. Яўным зьдзекам над намі зьяўляецца тое, што ў калегіях адвакатаў знаходзяцца асобы, якія раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці за цяжкія злачынствы, асобы, якія адбывалі пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі, прычым прысуды ў адносінах да якіх не адмененыя. Насуперак прамой забароне, якая маецца ў законе аб адвакатуры, ім выдадзеныя месцы ў калегіях адвакатаў. Гэтыя факты яскрава сьведчаць пра тое, як улады на справе змагаюцца з крыміналам і, хто, на іх погляд, ім больш небясьпечны.

Нягледзячы на тое, што прайшло паўтары гады з таго часу, як я пазбаўлены магчымасьці займацца адвакацкай дзейнасьцю, людзі працягваюць настойваць на тым, каб абарону іх правоў ажыцьцяўляў я. Кожны раз ім незаконна адмаўляюць у гэтым, як і было са спадаром Мельнікавым. Паўтары гады я знаходжуся бяз працы, а мая сям'я, у тым ліку двое маіх маленькіх дзяцей 7 і 6 гадоў, па сутнасьці бяз сродкаў да існаваньня.

Статус адваката я маю з 1973 году. Вопыт практычнай працы ў мяне больш за 25 гадоў. Адстойваючы свой чалавечы гонар, я маю намер усяляк дабівацца аднаўленьня незалежнай адвакатуры, права на працу ў ёй, аднаўленьня Канстытуцыі 1994 году і ўсіх легітымных органаў у нашай краіне. Зрабіць усё гэта ў маштабах дзяржавы можна толькі ў тым выпадку, калі кожны адчуе сваю грамадзянскую адказнасьць за лёс сваіх дзяцей, за лёс Айчыны.

Жыве Беларусь!