Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

1/1999


Сітуацыя - Як гэта было

Спадару Аляксандру Карызну — 67 гадоў.

Ён пенсіянер, прыхільнік Беларускага Народнага Фронту. 25 сьнежня мінулага году,

пасьля паказу па тэлевізіі прэзідэнтаў

Расіі і Беларусі, якія паведамілі пра падпісаньне чарговых дакументаў аб інтэграцыі сваіх краінаў у адную дзяржаву, ён не ўстрымаўся

і выйшаў на вуліцу Мінску. Далей паслухаем расповяд яго самога...

...На душы было кепска. Вырашыў паехаць на пляц Якуба Коласа, дзе апошнім часам праходзілі акцыі апазіцыі. Выйшаў з метро без дзесяці хвілінаў сем гадзінаў вечару. На ўскрайку пляцу, каля кавярні, бачу купку людзей з плакатамі і белчырвонабелым сьцягам. Далучаюся да іх. Як і думаў, людзі сабраліся тут, каб выказаць свае адносіны да падпісаных у Маскве дакументаў. Нас пакуль няшмат, у большасьці людзі сталага веку, і ўсе настроеныя рашуча. Без пяці хвілінаў сем ланцужком выходзім на праезную частку прасьпекту Скарыны. Міліцыі не відаць. Прапускаем два тралейбусы, таксоўку... Вакол пачынае зьбірацца народ, замітусіліся і міліцыянты. Непадалёку ад мяне, на тратуары, зьяўляецца мажны падпалкоўнік, які паводзіць сябе як просты назіральнік. На нас, дзеля прарыву ланцужка, імчыць машына з трыма антэнамі. Я пасьпяваю вывернуцца ад яе, а мой сусед па ланцужку па прозьвішчы Сакольчык не пасьпявае, трапляе пад колы. Чую ягоны крыкстогн. Кідаюся да падпалкоўніка, прашу, каб выклікаў "хуткую дапамогу" альбо затрымаў шафёразлачынцу. У адказ — ніякага рэагаваньня. Машына зьнікае, а пацярпелага людзі выносяць на тратуар. Спыняецца наступная машына і сп. Сакольчыка вязуць у бальніцу. Мяне тым часам хапаюць нейкія людзі і вядуць да "варанка". Сюды ж запіхваюць яшчэ дзьвюх жанчынаў (Юрыну і Лунёву — рэд.). На гадзіньніку 19.15. У 19.19. мы ўжо знаходзімся ў Савецкім РАУСе. Усяго затрыманых дзевяць чалавек. Пазнаю дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13га скліканьня Л.Гразнову і В. Шчукіна. Зьдзіўляюся, што раней, там, у ланцужку, неяк іх не заўважыў. Астатніх пакуль ня ведаю.

Міліцыянты адразу ж пачынаюць афармляць пратаколы затрыманьня. Пакуль дайшла мая чарга, было ўжо далёка за поўнач. Засталіся мы ўдвух са Шчукіным. Яго абшукваюць, выкідваючы ўсё з кішэняў на стол. Шчукіну раптам робіцца дрэнна, і яго вязуць у бальніцу.

Нарэшце перад сьледчым аказваюся я. Удакладняецца мая асоба і прад'яўляецца абвінавачваньне: удзел у несанкцыянаваным пікеце, перакрыцьцё руху на прасьпекце, выкрыкі лозунгу "Жыве Беларусь!". Пратакол затрыманьня падпісаць я адмовіўся, бо без акуляраў дрэнна бачыў ды зза неразборлівага почырку сьледчага прачытаць, што ён напісаў, ня змог.

Жанчынам уручылі позвы ў суд (на 28 сьнежня — рэд.), а астатніх — пяцёх мужчынаў — павезьлі ў сьпецпрыёмнікразьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна, дзе нам давядзецца прабыць да суда амаль трое сутак — з пятніцы да панядзелка. Памясьцілі нас у адну камеру, дзе ўжо былі вашывы алкаш і два эфіопы. Спрабую заснуць, але не магу: моцна баляць сьпіна і ногі...

Першы дзень, субота, пачаўся са знаёмстваў і прайшоў у размовах. Гадаем: ці пакормяць нас сёньня, гаворым аб праваабарончых арганізацыях "Хартыя97" і "Вясна96", спадзяемся, што пра нас не забудуць...

У панядзелак, недзе пасьля дзесяці гадзінаў раніцы, нас павезьлі ў суд Савецкага раёну г. Мінску. Судзьдзя Савасьцян Людміла Аркадзьеўна паведамляе, што я абвінавачваюся ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце і называе нейкі артыкул нейкага кодэксу. Прашу зачытаць непадпісаны мною пратакол затрыманьня, выклікаць сьведкаў і ўнесьці ў справу факт наезду на пікетчыкаў аўтамашыны — судзьдзя на гэта ніяк не рэагуе. Пры суд, пэўна, быў вызначаны загадзя, засталося толькі яго аб'явіць. Судзьдзя называе мне пакараньне: пяць сутак арышту з моманту затрыманьня. Дзякуй і за тое, бо магло быць і дзесяць, і пятнаццаць... А так мне застаецца правесьці ў ня самай горшай кампаніі ўсяго двое сутак (надзеі на "добрую кампанію" былі марнымі — усіх нас раскідалі па розных камерах).

Пасьля суда нас вязуць у Савецкі РАУС. Там нас сустракаюць родныя, сябры і прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў "Хартыя97" і "Вясна96". Некаторы час сядзім у боксе РАУСу, пакуль шукаюць машыну, каб адвезьці ў турму. Нас, дарэчы, засталося чацьвёра. Адзін патрапіў да больш "гуманнага" судзьдзі, які даў яму толькі штраф у 5 мільёнаў рублёў (сярэднямесячны заробак у Беларусі — рэд.).

Нарэшце мы зноў у сьпецпрыёмніку. Афармляюць нас культурна, бяз сьпешкі. Потым прадстаўнікі "Хартыі97" уручылі кожнаму з нас па пакету з харчамі.

Перад раскідкай па камерах нас зноў саджаюць у адзін бокс. Самы вопытны з нас Зьміцер Бандарэнка — кіраўнік Фонду падтрымкі незалежнае прэсы — дае парады, як сябе паводзіць у падобных сітуацыях. Хлеб у нашых пакетах смачна пахне, і я чую аднекуль збоку: "Дзед, дай паесьці, трое сутак ня елі..." Аддаю бохан хлеба, вяндліну, яблыкі, пачак цыгарэтаў бліжэйшаму з часовых "калегаў". У адказ чую: "Дзякуй..."

Першага забіраюць Бандарэнку. Мяне — апошнім. Вядуць некуды наверх. Там здымаюць адбіткі пальцаў і далоняў. Рукі робяцца чорнымі ад фарбы. Пытаюся, дзе б іх памыць. Адказваюць у камеры , там павінны быць сода і мыла (не было ні аднаго, ні другога, давялося выціраць рукі газетамі).

Прывялі мяне ў камеру нумар адзінаццаць. Вітаюся: "Жыве Беларусь!" "Палітычны? — пытаюць. — З БНФ, пэўна?" "Так", — адказваю. "Тады займай месца Шчукіна — другое ад вакна..."

У камеры 16 чалавек. Вісіць шчыльны сіні дым ад цыгарэтаў з начыньнем з цукру, вапны і нейкага парашку, ад якога зэкі "балдзеюць". Яшчэ ў камеры ўстойлівы пах парашы і шматслойны расейскі мат. Я ў такім месцы ўпершыню і таму трымаюся парады Бандарэнкі: з усімі толькі на "вы", нікому не задаваць ніякіх пытаньняў, адказваць толькі па неабходнасьці. Сядзяць тут у асноўным тыя, каму прысуджана 15 сутак арышту і больш. Усе бледныя, шмат хто без перастанку чэшацца. Ні прагулак, ні лазьні, ні нават мыла не дазволена. Кормяць, кажуць, праз дзень. За што сядзяць — ніхто не гаворыць. Здагадваюся з урыўкаў размоў, што ў асноўным тут алкаголікі ды валютчыкі. Вылучаўся сярод усіх студэнтэфіоп (ня з тых, што былі з намі ў першы дзень; тыя былі былымі студэнтамі, якія дамоў не хацелі вяртацца). Ён атрымаў 15 сутак за спробу абмену валюты. Пэўную частку рускамоўнай лексікі ён ужо добра вывучыў і таму стаў у камеры аб'ектам асаблівай увагі. Слухаючы яго, ніяк нельга было стрымацца ад сьмеху...

Назаўтра раніцай мяне выклікаюць да дзьвярэй: "Хто тут Карызна? Вам перадача". Чытаю — ад Праваабарончага Цэнтру "Вясна96". У зэкаў цікавасьць: што за арганізацыя такая. Тлумачу што ведаю. У камеры адразу знаходзяцца некалькі чалавек, якія заяўляюць, што іх правы таксама парушаныя, і яны вартыя перадачаў...

Прыносяць "абед": кашу пшонку і кубак гарбаты. Гэта на ўвесь дзень. Дзялюся сваёю перадачай з сукамернікамі: у мяне гэты дзень апошні, заўтра на волю. На ноч нацягваю на вушы сваю шапку, каб нічога ня чуць, і засынаю.

Раніца. У гэты дзень з нашае камеры вызвалялася акрамя мяне яшчэ двое чалавек. Першы зьнік непрыкметна, ні з кім не разьвітаўшыся. Другі цырымонна абыходзіць усіх, падае руку. Мне яшчэ і сказаў: "Жыве Беларусь!" Іх вызваляюць ранкам, а мне трэба чакаць вечару. Прыйшлі за мною роўна ў 18.00. Разьвітваюся, жадаю ўсім шчасьлівага Новага году, які надыходзіць праз дзень. Іду дворыкам і раптам чую гучны крык: "Жыве Беларусь!" Азіраюся, бачу зэкаў маёй камеры, якія выглядваюць зза кратаў. Паварочваюся да іх, падымаю правую руку з двума пальцамі літарай "V" і адказваю: "Жыве вечна!.."