IV навуковая канферэнцыя БГТ Беларуская гістарыяграфія часоў БССР* была прысвечана пераважна феномену беларускай савецкай гістарыяграфіі. Абранне гэтай праблематыкі тлумачылася тым, што ў сучаснай айчыннай гістарычнай навуцы назіраюцца відавочныя спробы рэабілітацыі ідэалагемаў савецкай гісторыі. Прадстаўнікі ўладных структураў спрабуюць адрадзіць добравядомую з часоў БССР дырэктыўную гісторыю, мэтаю якой з’яўляецца не пошук ісціны, а абслугоўванне чарговых палітычных начальнікаў. На нашых вачах адбываецца рэанімацыя трупа савецкай гістарыяграфіі з удзелам асобных прадстаўнікоў беларускай навукі.
Удзельнікі канферэнцыі спрабавалі адказаць на наступныя пытанні:
– У якой ступені беларуская савецкая гістарыяграфія адпавядала патрабаванням навуковасці? Якім быў яе ўнёсак у вывучэнне беларускай мінуўшчыны, і якую ролю яна адыграла ва ўмацаванні камуністычнага рэжыму на беларускай зямлі, у русіфікацыі і саветызацыі насельніцтва краіны?
– Чым адрозніваецца сучасная “дырэктыўная гісторыя” ад сваёй савецкай папярэдніцы?
– Наколькі далёка адышлі ад беларускай савецкай гістарыяграфіі прадстаўнікі нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі? Ці патрэбны сучасным даследчыкам дыялог з прадстаўнікамі беларускай савецкай навукі?
Канферэнцыя зацікавіла замежных даследчыкаў. Актыўны ўдзел у ёй прынялі д. г. н. Леанід Гарызонтаў (Інстытут славяназнаўства РАН, Расея), др Дарота Міхалюк (Універсітэт імя М. Каперніка ў Торуне, Польша), мгр Вольга Ямкова (Кіеўскі нацыянальны універсітэт імя Т. Шаўчэнкі, Украіна).
Акрамя выступоўцаў, чые даклады мы публікуем, на канферэнцыі таксама выступілі І. Кузняцоў, В. Варонін, В. Карнялюк, В. Мазец, С. Марозава. На жаль, калегі не змаглі прадаставіць свае тэксты да публікацыі (за выключэннем І. Кузняцова, чый даклад не публікуецца па тэхнічных прычынах).
Абрады канферэнцыі праходзілі ў Менску ва ўтульнай залі сядзібы БНФ. За гэта мы прыносім шчырую падзяку сп. Віктару Івашкевічу.
* І канферэнцыя БГТ “Праблемы айчыннай гістарыяграфіі” адбылася ў студзені 2001 г. у Гародні (гл. Гістарычны Альманах. Т. 4), ІІ–я “Праблемы перыядызацыі гісторыі Беларусі” прайшла ў Магілёве ў лістападзе 2001 г. (гл. Гістарычны Альманах. Т. 7), ІІІ-я “Праблемы тэрміналогіі беларускай гістарычнай навукі” – у Менску ў канцы траўня 2003 г. (гл. Гістарычны Альманах. Т. 9).