Сёньняшнім пакаленьням наканавана зрабіць першыя крокі Беларусі ў ІІІ тысячагодзьдзе Хрыстовае Эры. Праваслаўная Беларусь — толькі ступіла ў сваё Другое тысячагодзьдзе. У нацыянальную сымфонію — асабліва ў час палону апошніх 4-х стагодзьдзяў — адчувальна ўпляліся інш-канфэсійныя ды інша-нацыянальныя галасы...
Аблічча Беларусі — у цэласьці яе гістарычнае рэтра — і пэрспэктывы — праблема сапраўды лёсавая, фундамэнтальная. Бо мусім — на сёньняшніх ростанях — адначасна і ўспамінаць, і праўдзіць, і выбіраць шляхі свае. У часе, у сьвеце, у Вечнасьці.
Катастрафічнасьць нашага часу, яўная блізкасьць завяршэньня ўсёй Музыкі гісторыі, блізкасьць фіналу сымфоніі тысячагодзьдзяў вымагаюць новага чуйнага ўслухоўваньня ў галоўныя й пабочныя тэмы і экспазыцыі, і распрацоўкі, і сёньняшняга пярэдадня рэпрызы, у якім і гучаць, і твораць Музыку душы нашы.
Тэмы большасьці й меншасьці (як галоўныя й пабочныя партыі санатна-сымфанічных цыкляў) — мажліва, якраз яны найглыбей набліжаюць да тайны гісторыі (індывідуальнай-нацыянальнай-агульналюдзкай), якая так пакутна раскрываецца нават перад самым сваім завяршэньнем?..
Самі тэрміны “меншасьць” і “большасьць” ужываюцца ў розных кантэкстах, абставінах, ракурсах, часам парадаксальных. Напрыклад, у Біблеістыцы ёсьць панятак “Тэкст большасьці”: з розных Грэцкіх тэкстаў Новага Запавету ў Праваслаўнай традыцыі карыстаецца найперш той, які пададзены ў большасьці Грэцкіх Новазапаветных рукапісаў; разам з тым, лічыцца немэтазгодным адмаўляцца ад шырокага выкарыстаньня ў якасьці дапаможнага навуковага матэрыялу й іншых Грэцкіх тэкстаў Новага Запавету, шырока распаўсюджаных цяпер на Хрысьціянскім Захадзе. З такой шматплыннасьцю нават у дачыненьні да Сьвятога Пісаньня сэрцу — і асабліва розуму — верніка цалкам зьмірыцца нялёгка.
Вельмі тонкія й неадназначныя нюансы прэстыжнасьці гэтых паняткаў. Скажам, належаць да творчай меншасьці — альбо гераічнай ці ерэтычнай меншасьці — лічыцца надзвычай прэстыжным. Праўда, і сам панятак прэстыжнасьці даволі няпэўны й зьменлівы — залежна ад абставінаў, перакананьняў, асяродку й г.д.
Гістарычную тайну большасьці й меншасьці мы яшчэ толькі пачынаем па-сапраўднаму спасьцігаць, бо, сапраўды, у гісторыі былі й ёсьць толькі шляхі большасьці й шляхі меншасьці. Ёсьць, праўда, яшчэ шлях Самоты. Боскай Самоты. Але й ён — у Тройцы, непадзельнай і незьліяннай. У паўнаце сваёй — ён за межамі сьвецкай гісторыі.
Шлях большасьці й шлях меншасьці — ключавыя паняткі нашых далейшых развагаў, тлумачэньня фактаў. Шлях самоты... У чалавечым вымярэньні й гэты панятак у прынцыпе дапушчальны. І нават плённы. Але па сутнасьці ён нават яшчэ больш умоўны, чым шляхі меншасьці й большасьці. Бо ў таямніцы сваёй — у нечым нават большы за іх абаіх, разам узятых.
Выпрабаваньне на “большасьць” і “меншасьць” для чалавечага духу (асобы—народу—чалавецтва) — адно з надзвычай сур’ёзных. Ня кажучы ўжо пра тое, які чалавек (ці народ) меншым ці большым нарачэцца ў Царстве Божым, мы бачым, як кожная зь вялікіх ідэй, што сёньня поўняць скарбніцу агульначалавечых вартасьцяў, некалі была ідэяй абсалютнае меншасьці альбо самотнай істоты. Выпрабаваньне на большасьць ці меншасьць вельмі сур’ёзнае й для чалавечай гардыні, для бунтоўнасьці й зьмірэннасьці душы, скіраванасьці яе ў сьвятасьць альбо гераізм, для сьветагляду ў цэлым, і кожная выяўленая чалавечая індывідуальнасьць заўсёды няўпынна існуе адначасова, так бы мовіць, у сілавым полі большасьці — меншасьці — у самых розных ракурсах гэтых паняткаў, і невядома нават ёй самой, чаго ў ёй болей — “большасьці”, альбо “меншасьці”. Культура ўзаемапераліваў меншасьцяў-большасьцяў (і самоты) — адна з таямніцаў духу (асобы—народу—чалавецтва).
Гісторыя ведае безьліч прыкладаў, калі “ідыятызм большасьці” сваёй сьвінцовай масай душыў найвышэйшыя праявы духу. І наадварот — калі бунтоўная гераічная меншасьць, апантаная страсьцю й свавольствам, прыносіла нечуваныя бедзтвы й кары абсалютнай большасьці ні чым не вінаватых людзей. ХХ стагодзьдзе найбольш плённае менавіта на апошняе, хаця й у першым не было нястачы (у гэтым — адна з “ахілесавых пят” дэмакратыі).
Кожны народ у акіяне чалавецтва — у меншасьці. Нават Кітайцы, якіх больш ад мільярду. І той жа Кітаец, калі ён, скажам, грамадзянін іншай краіны, ведае стан меншасьцяў (нацыянальных, этнічных, “каляровых”, словам,— сытуацыю асобы на мяжы культур).
Тое ж — са сьветапоглядамі. Аніводнага сьветапогляду не трымаецца большасьць чалавечага роду. У глябальным маштабе — усе й усё ў меншасьці!.. І гэта, здавалася б,— неадольны камень спаткненьня на шляху сумоўя Зямлян.
Іншае — у нацыянальным ды рэгіянальным маштабах. Тут звычайна ёсьць гістарычна адшліфаваныя свае духоўныя дамінанты (мэнтальнасьці), якія кансалідуюць большасьць, трымаюць стратэгічную стабільнасьць, меру зьменлівасьці й устойлівасьці — народаў, краінаў, рэгіёнаў.
Этнас — Мова — Вера. Калі адна большасьць працінае ўсю гэтую трыяду, не разбураючы меншасьцяў,— народ (асноўная вуземка чалавецтва) устойлівы й дынамічны адначасова.
Адраджэньне — панятак ўсеабдымны, шматплынны, шматфарбны. Часам нават з адценьнем дэманічнае страснасьці ці бунту — як гэта неаднаразова бывала ў гісторыі...
Сёньняшняе адраджэньне Беларусі — духоўнае, палітычнае, гаспадарчае, экалягічнае — гэта і віраваньне палітычных нэапаганскіх страсьцяў, і кароткае ап’яненьне нечаканай свабодай, і хуткае расчараваньне, што свабода далёка няпоўная й няпэўная, што яе ўсталяваньне — працэс пакутны й бязьмежны, і суперніцтва іншых дзяржаваў — за ўплыў у стратэгічна важным рэгіёне — у нечакана й рэзка зьмененай усясьветнай стратэгічнай сытуацыі, і паступовае ўсьведамленьне сваёй непарыўнае зьнітаванасьці з усім транскантынэнтальным Хрысьціянскім сьветам, агульнага зь ім лёсу абсалютнае меншасьці (Хрысьціян сёньня менш за мільярд, зь іх — каля 500 мільёнаў Католікаў, каля 300 мільёнаў Праваслаўных, каля 100 мільёнаў Пратэстантаў — у моцна пасіянарным 5-мільярдным нехрысьціянскім акіяне), і бясконцая штодзённая шэрая праца — у атручаным “жалезным зьверам” і зоркай-Палын навакольлі...
Здаровая, дынамічная культура — побач з артадаксальным сваім абліччам — не павінна баяцца выводзіць на сьвет Божы свае “цені”. І тое, што ў іх прыхавана. Ува ўсякім разе — творчыя й асабовыя разломы ў асяродку эліты, у прыватнасьці — у асяродку гуманітарыяў-прафэсіяналаў. Бо менавіта ў іх, гэтых разломах, у спрэчавых большасьцяў-меншасьцяў ды самоты, як сьведчыць гісторыя, нярэдка нараджаліся ейныя (гісторыі) і зорныя хвалі, і разбуральныя катастрофы.
Схаванасьць канцэптуальна-творчых калізіяў ад дзённага сьвятла людзкіх вачэй заахвочвае найчасьцей цёмныя стыхіі, якім сэрцы гуманітарыяў-прафэсіяналаў падуладныя, на жаль, ня менш, чым усіх іншых сьмяротных.
Мэханізм плённага, канструктыўнага вырашэньня падобных канфліктаў у навукова-дасьледчых і навукова-асьветных установах, якія фундуюцца Беларускай дзяржавай, павінна стварыць і аберагаць сама дзяржава. Апроч іншага, гэта жыцьцёва неабходна й ёй самой — у час ейнага сёньняшняга пакутнага адраджэньня й непрадказальнае прышласьці.
У дапаўненьне да натуральнае фармальна-адміністратыўнае самарэгуляцыі дзяржаўныя гуманітарныя ўстановы, пад грыфам якіх выдаюцца калектыўныя і індывідуальныя тэксты іхных супрацоўнікаў, маглі б выпускаць невялічкія сэрыі сваіх alter ego, у якіх даваліся б найбольш яркія ўзоры тэкстаў, “зарэзаных” на штатных калектыўных абмеркаваньнях. Разам са стэнаграмамі абмеркаваньняў, водгукамі, заўвагамі, рэцэнзіямі... а, мажліва,— і з матэрыяламі санкцыяў у адносінах да аўтараў “крамольных” (“няправільных”, “неадпаведных”, “нявартых” і г.д.) тэкстаў...
Жывы працэс творчых супрацьстаяньняў, калізіяў, нярэдка зьвязаны з сур’ёзнай індывідуальнай рызыкай для удзельнікаў — карысная школа творчасьці, эўрыстыкі, маральнага сталеньня чытача, асабліва маладога. Суўдзел чытача ў гэтым працэсе, які разгортваецца на ягоных вачох, можа стаць крэсівам, спарадзіць россыпы азарэньняў — у самых нечаканых кірунках... У самых далёкіх, здавалася б, галінах дзейнасьці...
Для асноўнага, артадаксальнага каналу публікацыяў, для панавальнай у кожным гуманітарным цэнтры парадыгмы (якая вызначаецца й ахоўваецца кіраўніцтвам) падобны, невялічкі па аб’ёме сябар-супернік быў бы як дадатковай падсьветкай ягонае духоўнае моцы, так і пэўнай засьцярогай ад застою й згасаньня творчых патэнцыяў...
На Беларусі — у выніку надзвычай неспрыяльных абставінаў мінуўшчыны й іхных сёньняшніх наступстваў — існуе сытуацыя няўпыннае абяскроўленасьці ўнаяўленага, у-сьвет-выяўленага культурна-гістарычнага існаваньня. А сёньня, у час інфармацыйнага патопу й інфармацыйнае рэвалюцыі, якая робіць блізкай пэрспэктыву стварэньня цэласнага нацыянальнага банку інфармацыі й пдключэньня яго да банку ўсясьветнага — па-новаму паўстае й праблема: якім павінен (ці не павінен) быць прафэсійны гуманітарны тэкст? Што ў ім павінна быць “у кадры”, а што — “за кадрам”? Што — “у тэксьце”, а што — “у кантэксьце”, у “па-за-тэксьце” (які — па-за-тэкст — падсумаваны й сыстэматызаваны ў “электроннай памяці чалавецтва”; націсьні кнопку — і, калі ты падключаны да яе,— перад тваімі вачыма — любая тэкстуалізаваная інфармацыя — відэа-, гука- й г.д. — па любым пытаньні, зь любое зафіксаванае крыніцы)? Якім чынам, якімі сродкамі мусіць быць арганізавана сама слоўная “матэрыя” гуманітарнага тэксту, каб ён быў максымальна эўрыстычным, максымальна эфэктыўна працаваў — і як новая часьцінка нацыянальнага духоўнага жыцьця, і як новы набытак агульналюдзкага вопыту?
На сёньняшні дзень адна з асноўных прычынаў “тромбаў” у кровазвароце сьвецкае культуры — недасканаласьць дзяржаўнае сыстэмы падтрымкі й аховы нестандартных, арыгінальных гуманітарных тэкстаў (у той час як шчодра фінансаваны дзяржавай патоп стандартных, рэфэратыўна-кампілятыўных, “жалезабэтонна-моўных” — давёў, у лепшым выпадку, сваю надзвычай малую эфэктыўнасьць — пры велізарных выдатках: маральных, гаспадарчых, экалягічных...).
У нашую прафэсійную гуманітарную культуру будуць прыходзіць новыя арыгінальныя аўтары, у тым ліку й тыя, хто будзе ссоўваць звыклыя межы навукова-гуманітарных жанраў, стыляў, канонаў, табу й г.д. Непазьбежныя й новыя, з гэтым зьвязаныя, адміністратыўна-творчыя калізіі. Важна, каб быў эфэктыўны дзяржаўны мэханізм іх плённага вырашэньня на карысьць Бацькаўшчыны, на карысьць нашага маральна-эстэтычнага й духоўнага ўзрастаньня...
Якое ж таемнае — мэнтальнае — аблічча Беларусі адкрываецца на сёньняшнім зломе — і новым пакаленьням тутэйшых людзей, і сьвету?.. Як гучыць Беларусь — у поліфаніі большасьцяў-меншасьцяў ды самоты (альбо: паспаліта-элітна-Манаршае?..) — уласнай ды сьветавай?..
Кажуць: Беларусь — Праваслаўная Краіна...
Кажуць: Беларусь — шматканфэсійная Краіна...
Хто зь іх бліжэй — да сутвы?.. да ісвы?.. да зьнічвы?..
Калі Сьвятая Візантыйская Імпэратрыца Ірына 1150 год таму (у 843 г.) увяла Чын Праваслаўя, пазначыўшы перамогу Адзінай Сьвятой Саборнай і Апостальскай Царквы Хрыстовай над працяглай іканаборнай гэрэзіяй... калі Рым больш за два стагодзьдзі (да 1054 г.) быў Праваслаўным... калі Праваслаўная Беларусь яшчэ толькі набліжалася да непераўзыдзенай дагэтуль вяршыні сваёй Сьвятасьці ў Сьвятой князёўне Эўфрасіньні (ХІІ ст.) — у тыя зорныя часіны Хрысьціянскага сьвету другое, альтэрнатыўнае Праваслаўю, пытаньне не спакушала так маштабна, як сёньня,— праз вокамгненныя СМІ (сродкі масавай інфармацыі)...
Сёньня “шматканфэсійная гэрэзія” — для Ўсяленскага Праваслаўнага народу Божага, у тым ліку й для Беларускага,— набыла маштабы, супастаўляльныя з гэрэзіяй іканаборнай, якая спакушала “...адзіны статак адзінага Пастыра...” ў часы Сьвятой Імпэратрыцы Ірыны...
Сказаць: “сёньняшняя Беларусь — шматканфэсійная Краіна” — гэта прыкладна тое ж, што сказаць: “сёньняшняя Беларусь — Краіна шматнацыянальная”... Бо, сапраўды, у ёй жывуць і Вяліка-, і Кіева-Русы... і Летувісы... і Палякі... і Гэбраі... і Карэйцы... і... і... і...
Пры ўсёй павазе да неад’емных правоў сыноў і дачок усіх братніх плямёнаў, што тут жывуць, гарантаваных сыстэмай міжнароднага права й заканадаўствам Рэспублікі Беларусь,— нельга ўсё ж такі ня браць да ўвагі тое, што каля 8/10 тутэйшых людзей — Беларусы... сыны карэннае нацыі... з усімі культуралягічнымі, палітычнымі, мэнтальнымі высновамі, якія з гэтага вынікаюць.
Будзе шчырай праўдай, калі сказаць, што ў вянок сёньняшняй Беларусі плённа ўпляліся (часам — сумоўна, часам — напружана) і браты-Католікі (Грэцкага й Рымскага ўзору)... і браты-Пратэстанты (якія, праўда, часам пратэстуюць, калі іх завуць Пратэстантамі, бо кожная, нават з самых драбнюткіх іхных суполак лічыць сябе цалкам Сувэрэннай, з Апостальскай пераемнасьцю, Царквой, ад якой адкалоліся іншыя...)
... ёсьць тут і Іудэі... і Магамэтане... і Рэрых’янцы... і... і... і...
...ёсьць і рэліктавыя — бліскучыя!— фундамэнталісты-паганцы... ёсьць нават сьвядомыя й упартыя бязбожнікі... ёсьць проста людзі з аслабленай верай... аслабленай, але ня ўмёрлай — нават пад кіпцюрамі антыхрыстава рэжыму...
І ўсё ж такі — ізноў жа, пры ўсёй павазе да правоў “канфэсійных меншасьцяў”, нявернікаў і паганцаў,— нельга забывацца на тое, што каля 8/10 тутэйшых людзей — Праваслаўныя... што пачалося ўжо Другое тысячагодзьдзе Беларускага Праваслаўя... што Беларуская Праваслаўная Царква — гэта 8-мільённы Божы народ, містычная Злучнасьць у Хрысьце Праваслаўных Беларускіх вернікаў — сьвятароў і міран, грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых краінаў ды кантынэнтаў... што Беларускае Праваслаўе — наўпросты й бесьперапынны працяг Чыну Праваслаўя, уведзенага ў 843 годзе Сьв.Імпэратрыцай Ірынай і зацьверджанага VІІ Усясьветным Саборам... Як Беларуская Мова — з усіх Славянскіх Моваў — найбольш чыстая й блізкая да Пра-Славянскіх Першакрыніц, так і Беларускае Праваслаўе, нягледзячы на ўсе папушчаныя Госпадам гістарычныя выпрабаваньні, кананічна ні на драбніцу не адступіла ад Чыну Праваслаўя Адзінай Сьвятой Саборнай і Апостальскай Царквы Хрыстовай, зьзяе ў Саборы Беларускіх Сьвятых, ачалёным Сьв.Эўфрасіньняй і Кірылам... На Сьвятах 1000-годзьдзя Праваслаўнае Беларусі і 200-годзьдзя Менскай Эпархіі і сьвет, і ўласныя скептыкі яшчэ раз пераканаліся, што Праваслаўная Вера Хрыстова — душа й Дух Беларусі... ейная мэнтальнасьць.
Канечне, Праваслаўная мэнтальнасьць нібыта мяккая, сьцішаная... у сябе й у Неба ськіраваная... ЛАГОДЫ—бЛАГОДАці поўная... На ўзроўні Сьвятасьці яна не адрозьніваецца ад іншаканфэсійных мэнтальнасьцяў (Каталіцкай, найперш)... Але ў сьвеце, на ўзроўні містычнае псыхалёгіі, побыту й палітыкі, яны ствараюць, так бы мовіць, дысананс “малой сэкунды” — самы востры й напружаны дысананс (практычная мэнтальнасьць Каталікоў — пасыянарна-рацыянальная, экспансіўная)... Пратэстанты падобным жа дысанансам гучаць з “артадоксамі” (як яны завуць і Праваслаўных, і Каталікоў)... Згарманізаваць сёньня іх зможа, мажліва, толькі мусульманскі ды іншакантынэнтальны (Эўрапейскія акупанты, go home — з чужых, гвалтам захопленых Кантынентаў!) фундамэнталізмы... ды ідэя Хрысьціянскае Садружнасьці Нацыяў — транскантынентальнае канфэсійнае “мэга-Швэйцарыі”, якая высьпявае ў працэсе НБСЭ (Нарады Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе) — у 5-мільярдным нехрысьціянскім акіяне... Сэрцам якой, дасьць Бог, стане Праваслаўная (па чыне Сьв.Ірыны) Сумоўная вольная БЕЛАРУСЬ!..
Узнаўленьне поліфанічнае (татальнасьці) нашага творчага жыцьця, гістарычнага шляху, нацыянальна-духоўнае традыцыі наблізіць грамадзянскую й дзяржаўную ўстойлівасьць, духоўную легітымнасьць улады. Крыніца ўлады — Бог, а не народ. Народ мусіць пераадолець спакусу бязбожнага народаўладзьдзя, сытуацыю гістарычнага “блуднага сына”. Толькі тады ён стане Боганатхнёным, а ня дэман-кратычным народам.
Праваслаўная Канстытуцыйная Беларусь, якая паважае й гарантуе правы канфэсійных ды нацыянальных меншасьцяў, у Садружнасьці вольных Хрысьціянскіх народаў, адкрытая й для братоў-нехрысьціян — такі шлях Беларусі ў ІІІ тысячагодзьдзе Хрыстовае Эры.
1993 г.