Этнас і нацыя не зьяўляюцца тоеснымі паняткамі. Розніца паміж імі палягае ў спосабах іхнае самаарганізацыі, інтэнсіўнасьці абменных працэсаў, зьмесце й формах узаемастасункаў з навакольным асяродкам, у якім адбываецца працяканьне працэсаў жыцьцядзейнасьці этнічных, а пазней і нацыянальных, утварэньняў.
Калі на першасных этапах свайго ўзнікненьня й развіцьця этнас — зьява прыродна-сацыяльная ці, дакладней, прыродна-культурніцкая, то нацыя — гэта ўжо такое ўтварэньне, у якім сацыяльныя сувязі й соцыяўтваральныя працэсы набываюць самагоднае значэньне. Этнас — у пэўнай меры працяг таго спосабу самаарганізацыі, які ўзьнікае на папуляцыйным узроўні біялягічных сыстэм. Больш за тое, гэты працяг амаль заўсёды ўсьведамляецца ў выглядзе існаваньня татэмнай формы сьвядомасьці. Дамінантай, вакол якой адбываецца першасная самаарганізацыя этнасу, якраз і ёсьць прыроднае асяродзьдзе, у якім ён мусіць наладжваць сваю жыцьцядзейнасьць. А таму менавіта гэтым асяродзьдзем і будуць вызначацца на працягу даволі значнага пэрыяду часу спосабы ягонай жыцьцядзейнасьці, г.зн. спосабы здабываньня ежы, самазахаваньня й г.д. Разнастайнасьць прыродных асяродкаў, у якіх адбываліся працэсы першаснай самаарганізацыі людзей, зьяўляецца адпаведна адной з прычынаў узьнікненьня непадобных этнасаў, і, як іхнага працягу,— розных нацыянальных утварэньняў.
Істотным фактарам фармаваньня этнасаў зьяўляецца наяўнасьць пэўных прыродных межаў, у якіх адбываюцца працэсы этнагенэзу. Яны могуць супадаць зь межамі адрозных біягеацэнозаў, экалягічных сыстэм, кліматычных зон ці проста ўтварацца буйнымі рэкамі, непраходнымі балотамі альбо горамі. Упісанасьць чалавечай папуляцыі ў адносна замкнёную экалягічную прастору ёсьць адной з неабходных умоваў этнагенэзысных працэсаў. Чым у больш замкнёнай прасторы знаходзіцца этнас, тым больш інтэнсіўна адбываюцца ў ёй працэсы этнагенэзу, тым больш адметныя рысы набывае этнас і тым больш адметнай зьяўляецца выпрацаваная ім культура. Пры сутыкненьні з іншымі этнасамі выпрацаваныя адметнасьці дазваляюць прадстаўніком розных этнасаў лёгка самаідэнтыфікавацца. І, наадварот, там, дзе этнічная прастора аказвалася разамкнёнай, этнагенэзысныя працэсы характарызаваліся няўстойлівасьцю й недастатковай акрэсленасьцю. Зьнешнія ўплывы перашкаджалі фармаваньню этнацэнтрычных працэсаў, у пэўнай меры размывалі іх і заміналі ўтварэньню ўстойлівых сувязяў.
Этнасы, якія аказваліся ў такіх (неспрыяльных) умовах, ці наагул падпадалі пад працэсы іншаэтнічнай асіміляцыі, ці іхнае разьвіцьцё аказвалася запозьненым. Дарэчы адзначыць, што менавіта ў такіх неспрыяльных умовах працякалі працэсы этнагенэзу беларусаў.
Адзначаныя вышэй зьнешнія фактары не зьяўляюцца, натуральна, адзіна вызначальнымі. Знаходзячыся ў пэўных экалягічных варунках, этнас як самаактыўная сыстэма імкнецца да таго, каб “упісацца” ў прыроднае асяродзьдзе й тым самым забясьпечыць сваё выжываньне. Культура як мэханізм адаптацыі якраз і ёсьць вынікам гэтага памкненьня.
Пытаньне адносна таго, якім чынам на месцы папуляцыйна-біялягічных узнікаюць этнакультурніцкія формы адаптацыі й з чым зьвязаны гэты пераход,— даволі складаны. І мы ня будзем яго тут абмяркоўваць. Адзначым толькі тое, што этнакультурніцкія формы адаптацыі зьяўляюцца формамі ў вышэйшай ступені экалягічна мэтазгоднымі. Бо яны істотна пашыраюць магчымасьці самавыжываньня этнасаў. Генэтычна зьвязаная з неабходнасьцю самавыжываньня, “прымітыўная” этнічная культура зьяўляецца культурай пераважна функцыянальнай, г.зн., што нават ейны рытуальна-культавы бок мае практычнае прызначэньне. Рытуальна-культавая падсыстэма выконвае перадусім функцыю арганізавальнага ці самаарганізавальнага пачатку ў жыцьцядзейнасці этнасу. Яна зьяўляецца першаснай формай групавой, калектыўнай сьвядомасьці. Адначасна гэта й своеасаблівы пускавы мэханізм, скіраваны на забесьпячэньне ўзгодненай калектыўнай дзейнасьці, неабходнасьць якой вынікае зь немагчымасьці індывідуальнага выжываньня.
Разьвіцьцё рытуальна-культавай падсыстэмы — істотны фактар аб’яднаньня першасных этнічных груповак. Калі прымітыўныя формы рытуальна-культавай падсыстэмы выступалі ў якасьці аб’яднальнага фактару вакол нейкай супольнай, сумеснай дзейнасьці, то разьвітая сыстэма паганства, якая, уласна кажучы, ёсьць апошняй этнічнай формай сьвядомасьці й часткова самасьвядомасьці, паўстае аб’яднальным фактарам прыкметы не супольнай, а падобнай, аднатыпнай дзейнасьці. Яна перадусім адлюстроўвае агульнасьць спосабаў жыцьцядзейнасьці ў межах экалягічна адметнай прасторы ці тэрыторыі. Гэтае падабенства ў спосабах жыцьцядзейнасьці, ці нават іхная агульнасьць, зьяўляецца неабходнай умовай давяршэньня этнагенэзыснага працэсу. Агульнасьцю й аднатыпнасьцю спосабаў жыцьцядзейнасьці вызначаюцца скрайнія межы этнагенэзыснага працэсу.
Разам з тым, неабходна адзначыць, што культава-рытуальная падсыстэма — гэта й своеасаблівы мэханізм кансалідаваньня этнасу. Для ягонага функцыянаваньня характэрна наяўнасць двух рэжымаў — пасіўнага й актыўнага. У рэжыме свайго пасіўнага функцыянаваньня гэтая падсыстэма дэманструе адсутнасьць якіх-кольвек істотных супярэчнасьцяў паміж рознымі сэгмэнтамі нараджальнага ці ўжо саманароджанага этнасу.
Пры наяўнасьці зьнешняй пагрозы жыцьцядзейнасьці этнасу й ягонай тэрыторыі яна спрацоўвае ў сваім актыўным рэжыме, паказваючы на існаваньне ўжо дасягнутай ім пэўнай ступені гамагеннасьці. Зьнешняя пагроза, наагул, зьяўляецца фактарам унутрыэтнічнай кансалідацыі, пры ўмове, зразумела, што гэтая пагроза не прыводзіць да разбурэньня этнасу, фізычнага вынішчэньня ці асыміляцыі ў выніку гвалтоўнага падпарадкаваньня яго больш моцнаму этнасу.
Істотным этнасахарактарызавальным фактарам зьяўляецца таксама “прывязка” этнасу да пэўнай сыстэмы часавай арганізацыі ягонай жыцьцядзейнасьці. У дадзеным выпадку мы маем на ўвазе ягоную ўпісанасьць у пэўную сыстэму біялягічных рытмаў, зададзеных асяродкам, і падпарадкаванасьць ім. Гэтая ўпісанасць і залежнасьць адлюстроўваюцца, як правіла, у календары гадавых і сэзонных сьвятаў, у пасьлядоўнасці розных відаў працы, наагул,— у пэўнай рытмізаванасьці жыцьця.
Аднак найбольш істотным момантам зьяўляецца тут ня тое, што пэўны хранатып заўсёды адбіваецца ў культава-рытуальнай падсыстэме этнасу, а тое, што ён фіксуецца на псыха-фізыялягічным узроўні, г.зн. што большасьць ці ў ідэале ўсе прадстаўнікі дадзенага этнасу характарызуюцца прыкладна аднолькавым тыпам нормы псыха-фізыялягічнай рэакцыі на тое асяродзьдзе, у якім яны жывуць. На больш высокіх узроўнях можна гаварыць пра аднатыпнасьць нормы эмацыйнай рэакцыі ў большасьці ці ва ўсіх прадстаўнікоў дадзенага этнасу, г.зн. пра пэўны нацыянальны тэмпэрамэнт. Унікальнасьць выпрацаванага хранатыпу робіць кожны этнас адметным і непадобным да іншых.
У той меры, у якой хранатып існуе як пэўны тып нормы эмацыйнай рэакцыі, ён зьяўляецца базавай ці падставовай сэмантычнай структурай этнасу. На гэтай структуры ўзьнікае пазьней Нацыянальны тэкст. Невыпадкова, што першыя Нацыянальныя тэксты — гэта тэксты паэтычныя. Невыпадкова, што “бацькамі” нацыі зьяўляюцца зазвычай паэты. Гэта тлумачыцца, па-першае, тым, што паэтычная форма й рытмізаваныя паэтычныя тэксты зьяўляюцца найбольш адэкватнымі сродкамі распазнаньня й фіксаваньня хранатыпу дадзенага этнасу, а, па-другое, тым, што паэты й ёсьць тымі найбольш чуйнымі людзьмі, здольнымі ў слове й праз слова спасьцігнуць, змадэляваць і зафіксаваць у тэксьце хранатып этнасу, і менавіта — ува ўсёй ягонай адметнасьці і ўнікальнасьці.
Невыпадкова й тое, што пры асыміляцыі аднаго этнасу іншым ці адной нацыі іншай апошнімі паміраюць песьня й танец. У самым агульным выглядзе песьня й танец — гэта іншаформы хранатыпу дадзенага этнасу, запісанага ў мэлёдыцы, інтанацыях, рытмізаваных рухах і г.д.
Пераход ад этнасу да нацыі не зьяўляецца аднамомантнай падзеяй; паміж этнасам і нацыяй існуюць прамежкавыя формы, ці пераходныя этапы. У якасьці такога этапу можна вылучыць пэрыяд уьзнікненьня, фармаваньня й існаваньня старажытных княстваў. Старажытныя княствы — гэта напалову дзяржаўныя, напалову этнічныя ўтварэньні, для якіх характэрна наяўнасьць больш высокай ступені інтэграцыйных сувязяў і адпаведна — больш высокай ступені самаарганізацыі.
Княства як этнадзяржаўнае ўтварэньне ёсьць пачатковым элемэнтам нацыяўтваральнага працэсу. Такая ягоная роля абумоўлена перадусім тым, што тут упершыню ўзьнікае даволі добра акрэсьленая сыстэма гіерархічных сувязяў, больш складаная й больш разгалінаваная. Упершыню вызначаецца інтэгральная роля гарадоў, значэньне якіх у нацыятворным працэсе будзе ўвесь час узрастаць. Дзякуючы пашырэньню інтэграцыйных сувязяў (горад якраз і ёсьць тым месцам, дзе адбываецца абмен і дзе “разбудоўваюцца” самыя розныя сувязі) узьнікае якасна новая сыстэма камунікацыі — пісьмовы тэкст. Цікава адзначыць, што пісьмовы тэкст ёсць перадусім хронікай (летапісам); гэта новая іпастась хранатыпу дадзенага этнасу ці нейкай ягонай часткі. Толькі на гэты раз хранатып аказваецца разамкнёным: ад цыклічнай мадэлі свайго існаваньня этнас пераходзіць да часава-лінейнай мадэлі гістарычнага спраўджваньня й самазацьвярджэньня.
Істотным момантам зьяўляецца тут тое, што этнас ці нейкая ягоная значная частка ўступае ў пэрыяд узаемастасункаў зь іншымі этнасамі ці часткамі гэтых іншых этнасаў — ува ўзаемастасункі часта варожыя, пра што й сьведчаць летапісы.
Сэнс гэтых узаемастасункаў — у гістарычным самасьцьверджаньні этнасу й будучай нацыі. Гэта гераічны пэрыяд у гісторыі ўзьнікненьня нацыяў, які зазвычай авеяны рамантыкай доблесьці й велічы. У пэўнай меры можна сьцьвярджаць, што нацыя пачынае ўсьведамляць сябе ў гістарычна адметных асобах, зь якімі зьвязаныя найбольш істотныя моманты ейнай першапачатковай гісторыі.
Працэс умацаваньня нацыі зазвычай працякае ў дзяржаўна-эканамічных формах, якія творацца ёй самой. Зьмест гэтых працэсаў палягае ва ўсё большай інтэграцыі нацыі, ва ўшчыльненьні сувязяў, інтэнсыфікацыі абменных працэсаў, у сацыяльнай стратыфікацыі нацыянальнага грамадзтва й адначасна — у больш ці менш жорсткай ягонай гіерархізацыі. Але ўсё гэта тычыцца толькі моманту фізычнага нараджэньня й існаваньня нацыянальнага ўтварэньня.
Сапраўднае ж, не фізычнае, а духовае нараджэньне нацыі неабходна зьвязаць з узьнікненьнем Нацыянальнага тэксту й з творчымі асобамі, якія твораць гэты Тэкст.
Пад Нацыянальным тэкстам будзем разумець тут любую сэмантычную структуру, у якой адбіваецца хранатып, сьветапогляд, мэнталітэт і характар дадзенага народу (нацыі). Такім чынам, Нацыянальны тэкст утвараецца ня толькі паэтычнымі ці празаічнымі тэкстамі, але й музычнымі творамі, творамі жывапісу, архітэктуры й г.д. Нацыянальны тэкст ёсьць найвышэйшай праявай творчага нацыянальнага духу, крэатыўных здольнасьцяў нацыі. Ён утварае культурніцкую прастору жыцьцядзейнасьці нацыі. У ім жа акумулюецца творчы гістарычны, культурніцкі й сацыяльны досьвед нацыі; і ў кожнай сваёй новай генэрацыі нацыя мае магчымасьць самааднаўленьня праз прачытаньне гэтага Тэксту.
Адной з галоўных і першапачатковых функцыяў Нацыянальнага тэксту зьяўляецца сакралізацыя й асьвячэньне факту нараджэньня й існаваньня народу-нацыі, факту гістарычнай мэтазгоднасьці ягонага ўзьнікненьня й існаваньня. Сакралізацыя адбываецца перадусім праз акт стварэньня Нацыянальнага тэксту, што ўвідавочвае: нацыя валодае містычнай здольнасьцю творчасьці (крэатыўнасьці), якая надалей будзе разгортвацца ў здольнасьць тварыць Гісторыю.
Гістарычна-творчы аспэкт — адзін з найбольш істотных для існаваньня нацыі. І дзеля выкананьня сваёй гістарычнай місіі нацыя творыць Дзяржаву. Дарэчы адзначыць, што акт стварэньня дзяржавы таксама можа ўсьведамляцца як сакральны. Асабліва гэта тычыцца тых нацыяў, для гісторыі якіх не характэрны этап працяглага этна-культурніцкага разьвіцьця.
Але найбольш тыповым, зразумела, зьяўляецца шлях этна-культурнага разьвіцьця праз этнічную кансалідацыю, ускладненьне ўнутрыэтнічных сувязяў, іхную гіерархізацыю, праз стварэньне Нацыянальнага тэксту і, нарэшце,— Дзяржавы.
Са стратыфікацыяй нацыянальна-культурнага жыцьця й гіерархізацыяй сувязяў звязана ўзьнікненьне нацыянальнай сьвядомасьці й самасьвядомасьці. Гэта зьвязанасьць тлумачыцца тым, што ў слаба гіерархізаваным грамадзтве яшчэ не ўзьнікае асобы як такой, а самасьвядомасьць ёсьць перадусім функцыяй асобы. Тое, што ў заходняй навуковай літаратуры называецца “этнічнай ідэнтычнасьцю”, ёсьць толькі перадформай нацыянальнай сьвядомасьці ці ейнай недыскрэтнай, сынкрэтычнай формай. Асноўным утваральным прынцыпам гэтай формы зьяўляецца прынцып кантраснасьці “мы—яны”, “свае—чужыя”. Для нацыянальнай самасьвядомасьці галоўным фармавальным прынцыпам зьяўляецца прынцып тоеснасьці, аўтэнтычнасьці асобы ці папросту чалавека як прадстаўніка менавіта дадзенага этнасу-народу-нацыі. Праз гэтую аўтэнтычнасьць ён пачуваецца суб’ектам і спадкаемцам нацыянальнай гісторыі й культуры. Праз гэтую аўтэнтычнасьць ён набывае магчымасьць пісаць ці нават перапісваць Нацыянальны тэкст, робіцца сутворцам нацыянальнай культуры й жыцьця.
Галоўная праблема нацыянальнай сьвядомасьці й самасьвядомасьці — гэта праблема творчасьці, г.зн. працягу нацыянальнага жыцьця, якая й вырашаецца на ўзроўні нацыянальна сьвядомых асобаў ці, больш дакладна, на ўзроўні нацыянальных элітаў, альбо не вырашаецца, калі гэтыя асобы й эліты слабыя ці адсутнічаюць увогуле.
1994 г.