Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


Топас - Будучыня ўжо настала

РЭЧЫ

У некаторых музэях няма вітрынаў, і дазваляецца дакранацца рукамі да экспанатаў. Цяжка ўстрымацца ад гэтай спакусы: чалавек адчувае сябе амаль несьмяротным (параўнальна з уласным жыцьцём — старэйшым на некалькі стагодзьдзяў ці тысячагодзьдзяў), калі трымае ў руках старажытную рэч. Са свайго боку, напэўна, і рэчы ня хочуць быць пахаванымі ў шкляных саркафагах. Дотык цёплай рукі ізноў вяртае іх у жыцьцё, як пацалунак прынца зь вядомай казкі — сьпячую прыгажуню. Каштоўнасьць рэчы вымяраецца тым часам, які спатрэбіўся чалавеку (альбо чалавецтву), каб яе атрымаць. Усялякая рэч — гэта загусьцелая да цьвёрдага стану гісторыя.

Інструмэнты нашых продкаў, якія мы бачым у этнаграфічных музэях, адпаліраваныя скурай чалавечых рук амаль па ўсёй паверхні гэтак жа гладка, як камяні, што тысячы гадоў лашчыла вада. У сучасных рэчах гаспадар пасьпявае адпаліраваць пальцамі хіба што некаторыя клявішы. Прыкладна тое самае адбываецца й са словамі. Калісьці ў мове не было ніводнага слова, якое не аблашчылі б сваімі рыфмамі паэты. Сёньня штогод канструююцца сотні нэалягізмаў — яны ўжо амаль ня маюць шанцаў трапіць у верш альбо прымаўку. Таму й паэзія, якая калісьці была амаль тоесная мове, цяпер выглядае нейкім архаічным спосабам мысьленьня й маўленьня.

Ува ўмовах дэфіцыту кожная рэч напаўняецца сымбалічным зьместам, кожная робіць нейкую справу, патрэбную ня толькі жывым, але й нябожчыкам. Калі рэчаў мала, сьвет выглядае падобным да музэю: кожны прадмет вызваляе зь цямніцы падсьвядомасьці ўспаміны й мары, кожны мае калекцыйную каштоўнасьць. Калі рэчаў большае — яны ўжо не пасьпяваюць распавесьці нашаму воку пра сваё паходжаньне й наканаваньне.

Дэфіцыт адухаўляе ня толькі матэрыю, але й мову. Цэнзура ў таталітарным грамадзтве й табу ў першабытным забараняюць многія словы й учынкі, але садзейнічаюць узбагачэньню астатніх новымі сэнсамі, надаюць словам і жэстам дадатковую глыбіню й сымболіку. Маўленьне малых дзяцей і дзікуноў нашмат больш, чым у цывілізаванага чалавека, складаецца з іншасказаньняў: кожны галотнік, па сутнасьці, зьяўляецца паэтам. І ня толькі на словах, але й на справе: дэфіцыт вымушае скарыстоўваць многія рэчы “мэтафарычна” — не паводле іхнага звычайнага прызначэньня.

Чалавек — адзіная істота, якая ня ведае, ці сапраўды жыве ў свой час і ў сваім целе. Мы ўпарта гойсаем па крамах альбо музэях у пошуках рэчавых доказаў нашага існаваньня, але іх заўжды нестае, і ўсе яны выглядаюць не зусім пераканаўчымі, нават калі іх змайстраваць уласнымі рукамі.

Каштоўнасьць рэчы прапарцыйная таму, якую ролю яна адыграла ў гісторыі. Прынамсі, з чалавечага гледзішча, зь якім самі рэчы могуць не пагадзіцца. У дэфіцытным, заснаваным на мітах грамадзтве кожная рэч і кожнае новае слова былі вялікай каштоўнасьцю, агульным багацьцем. Першабытны (як і савецкі) чалавек нават ня быў упэўнены, што яму належыць прадмет першай неабходнасьці — уласнае цела. Сёньня ж мы ведаем больш словаў і маем больш асабістых рэчаў, чым знаёмых і сваякоў.

Рэчы й словы раней увасаблялі лучнасьць чалавека з наступнымі й былымі пакаленьнямі, лад жыцьця й сьветапогляд якіх амаль не адрозьніваўся. Сёньня чалавек мае безьліч магчымасьцяў абнаўляць ня толькі інтэр’ер свайго розуму альбо жытла, але й навакольны ляндшафт. Ужо мала хто жыве на той самай зямлі, на якой нарадзіўся, і дзе жылі ягоныя продкі. Калі б ня склалі ў свой час геаграфічных мапаў, то ўжо ня ведалі б, як даўней называліся многія рэкі, лясы й пагоркі. І гэтаксама мала хто памятае назвы многіх прыладаў працы й хатніх рэчаў, якімі карысталіся людзі яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў таму.

Чалавек вызваліўся ад ціску жыцьцёвага досьведу пакаленьняў сваіх папярэднікаў, ад маральнага й матэрыяльнага прымусу рабіць уласнае жыцьцё працягам пэўнай традыцыі. Аднак ён ня стаўся праз гэта больш свабодным: ад дыктатуры Гісторыі нас вызваліла, каб заняволіць, тыранія імгненьня. Нам лягчэй паразумецца з нашымі раўналеткамі з іншых кантынэнтаў, чым з уласнымі бацькамі й дзецьмі. Людзей адасабляюць ужо ня столькі нацыянальныя межы, колькі кватэрныя сьцены паміж пакаленьнямі.

У сьвеце хуткіх пераменаў чалавек адчувае сваёй радзімай ня той ці іншы край зямлі, а ўсю геаграфію ў пэўны адрэзак часу. Замест татуіровак свайго племя альбо нацыянальных строяў мы мусім насіць модную вопратку, замест абрадавых песень — слухаць модную музыку, кожны сэзон іншую. Ня род альбо нацыя, а міжнародная супольнасьць сучасьнікаў кантралюе нашыя паводзіны праз усясьветныя інфармацыйныя сеткі й адначасны продаж на ўсіх кантынэнтах адных і тых жа тавараў. Стыль жыцьця нам дыктуе цяпер не традыцыя, а мода. І патрабаваньні яе ня менш жорсткія: грамадзтва грэбуе кожным, хто ня мае стандартнага набору модных рэчаў і думак.

Прыручаныя й вынайдзеныя рэчы дазваляюць нам вырашыць шмат якія праблемы, але заўжды ствараюць новыя. Напэўна, лепш так, чым заўсёды мець праблемы адны й тыя ж — гэта значыць вечныя (у жывёлаў усе праблемы — вечныя). Чым большай колькасьцю рэчаў мы карыстаемся, тым хутчэй бягуць нашае жыцьцё й сама Гісторыя. Бадай, гэта й дазволіла чалавеку ня толькі пераўзысьці іншых прыматаў, але й выперадзіць уласнае прыроднае цела і першым засяліць ваколіцы фізычнага сьвету, у тым ліку — псыхадэлічныя царствы рэлігіяў і філязофскіх сыстэм.

Цяжка сказаць, хто каму больш карысны: рэчы нам альбо мы ім. Абодва бакі могуць пераканаўча зьвінавачваць адзін аднаго ў паразытызме, але найбольш карэктна нашыя адносіны можна вызначыць як сымбіёз. Інтэлект кампутара толькі тады наблізіцца да ўзроўню чалавечага, калі ў яго вырасьце жывое цела з уласнымі органамі пачуцьцяў, гармонамі й эмоцыямі. Але магчымы й другі варыянт: у якасьці крыніцы эмоцыяў, якія дапамагаюць апрацоўваць супярэчлівую інфармацыю, электронны мозг будзе скарыстоўваць арандаваны арганізм чалавека альбо якой-небудзь жывёлы.

Зь некаторымі рэчамі мы й сёньня маем больш інтымныя адносіны, чым з большасьцю знаёмых людзей. Мы настолькі зрасьліся з гадзіньнікам, што амаль ніколі не здымаем яго з рукі й нават бярэм з сабой у труну. Амаль што часткай цела для чалавека сталіся акуляры (альбо кантактныя лінзы), мабільны тэлефон, пасьведчаньне асобы, а таксама лекі — хімічныя рэчывы, якія дазваляюць праграмаваць паводзіны нашых органаў. Мы ўжо не ўяўляем свайго жыцьця бяз нашых інструмэнтаў, калекцый, пратэзаў. Калі людзям абяцана ўваскрашэньне — павінны ўваскрэснуць і гэтыя рэчы.

Чалавек бяз рэчаў — няпоўны. Мы занадта грувасткія ці занадта малыя, каб зрабіць усё, што нам трэба, голымі рукамі. З іншага боку, чалавек занадта шырокі, занадта разумны для свайго цела — і таму думае таксама за навакольныя прадметы. Усялякая прылада для працы альбо гульні — гэта працяг чалавечага цела, але й сам чалавек — вельмі каштоўная шматфункцыянальная дэталь сваіх рэчаў: іхныя вочы, вушы, рот і многія іншыя патрэбныя органы. Мы дапамагаем рэчам жыць гэтак сама, як і яны нам. Усе гэтак званыя “рэчы-ў-сабе” — гэта папросту рэчы бяз нас. Мы й самі заблукалі б, назаўжды ў сабе, калі б нам не было чаго ўзяць у рукі. Агульная вось усіх рэчаў — нітка Арыядны.

У кожнай больш-менш складанай рэчы ёсьць ня толькі сваё “я”, але й “яно” — сукупнасьць былых і яшчэ магчымых функцыяў, якія не выкарыстоўваюцца ў гэты момант. Нічога дзіўнага, што машыны часам адмаўляюцца працаваць альбо пачынаюць рабіць невядома што пад уплывам бессьвядомых імпульсаў гэтаксама, як людзі (асабліва тыя, якіх змушаюць працаваць без заробку).

Нават стандартная рэч набывае экзыстэнцыяльную глыбіню, параўнальную з чалавечай індывідуальнасьцю, калі яна выкарыстоўваецца ня толькі паводле свайго прызначэньня. Але ў сучасным сьвеце, дзе кожны з нас штогод купляе й выкідае тысячы рэчаў, яны амаль ня маюць шанцаў паспрабаваць сябе яшчэ пры жыцьці ў новай ролі. Нават пры ня надта значных пашкоджаньнях гаспадар без усялякага шкадаваньня выпраўляе іх на перапрацоўку.

Рэчы (апрача хіба калекцыйных) трапілі, сьледам за людзьмі, у кола рэінкарнацыі: іхнае асноўнае рэчыва праз сыстэму экалягічнай утылізацыі сьмецьця можа цяпер дзясяткі разоў вяртацца на рынак у выглядзе новых тавараў з зусім іншымі функцыямі. Са свайго боку, напэўна, і людзі пачалі ўжо вяртацца пасьля сьмерці на гэтую плянэту ў абліччы ня толькі традыцыйных жывых істот, але й новых разумных машын. Напрыклад, у выглядзе герояў кампутарных гульняў альбо штучных хатніх жывёл. І чым больш жывымі будуць рабіцца нашыя рэчы, тым хутчэй паўстане праблема адкрыцьця побач з чалавечымі могілак для загінулых робатаў ды іншых машын. Ёсьць нешта барбарскае ў тым, каб выкідаць цела амаль разумнай істоты на сьметнік.

Індустрыяльная рэвалюцыя ў свой час вызваліла прыгонных сялян у Эўропе й рабоў у калёніях. Сэнсам ці, прынамсі, адной з мэтаў пост-індустрыяльнае рэвалюцыі зьяўляецца вызваленьне саміх машын ад аднастайнае рабскае працы, ад запраграмаванай інжынэрам-“плянтатарам” функцыянальнасьці, што гэтак падобна да функцыянальнасьці чалавечага існаваньня ў таталітарным грамадзтве. Эвалюцыя тэхнікі мусіць раней ці пазьней прывесьці да нараджэньня Абсалютнае рэчы, якая ўжо ня будзе прыкутай да нейкай канкрэтнай функцыі, бо навучыцца для выкананьня кожнай новай задачы альбо зьдзяйсьненьня ўласнае мары адрошчваць зь сябе неабходныя органы й інструмэнты, зьмяняць, у залежнасьці ад сытуацыі, сваё аблічча й нават матэрыял. Немагчыма дасягнуць сацыяльнай роўнасьці паміж людзьмі, пакуль ня стануцца аднолькава каштоўнымі рэчы.

МАНЫ НЯМА

Чалавецтва сёньня перамешваецца ня толькі ў геаграфічным, але й у гістарычным пляне. Квітнеюць клюбы прыхільнікаў сярэднявечнай (рыцарскай) і першабытнай (найперш, індускай) культуры. Рэлігійныя фундамэнталісты адраджаюць лад жыцьця той эпохі, калі прыйшлі ў сьвет іхныя прарокі. Сярод людзей заўсёды будуць такія, хто жыве ў Эдэме, на Дзікім Захадзе, у Рымскай імпэрыі й г.д. Усе вядомыя нам і безьліч новых стыляў жыцьця будуць існаваць паралельна — калі не ў кібэрпрасторы й у снох, дык на тых плянэтах, дзе Зямля калі-небудзь створыць свае калёніі.

Многія нашыя сучасьнікі — гэтаксама, як і першабытныя продкі — адчуваюць сябе не людзьмі, а гуманоідамі: расплывістая форма экзыстэнцыі дапамагае лягчэй прыстасоўвацца да хуткіх пераменаў прафэсіі, моды, кан’юнктуры рынку. Адпаведна, няма асаблівага жаданьня выбіраць з навакольнага мора інфармацыі праўдзівыя, навукова абгрунтаваныя факты: сучаснага чалавека задавальняюць “фактоіды” — аднолькава праўдападобныя міты, чуткі й навіны. Калі кожны мае права на ўласную выпадковую інтэрпрэтацыю навакольнага сьвету, мяжа паміж падманам і праўдай можа праходзіць дзе заўгодна.

У сьвеце хуткіх пераменаў чалавек адчувае сябе не аўтаномнай, а гетэраномнай істотай: “я — гэта іншы”. Ён ня ўпэўнены ня толькі ў заўтрашнім дні, але й ва ўчорашнім, аднак павінен рабіць выгляд, што зьяўляецца кампэтэнтным у сваёй галіне спэцыялістам, ініцыятыўным супрацоўнікам і жыцьцялюбам. Супярэчнасьці паміж вонкавым “я” й нутраным “іншы”, неабходнасьць паралельна займацца некалькімі праблемамі спараджаюць хранічны стрэс (правалы ў памяці, бяссоньне, страту цікавасьці да жыцьця). Многія шукаюць сваё сапраўднае “я”, рэгулюючы вагу цела з дапамогай бодыбілдынгу, разнастайных дыетаў альбо, наадварот, злоўжываньня ежай. Стабілізаваць псыхіку можна таксама праз карэкцыю мысьленьня біятокамі мозгу здаровага чалавека альбо хімічнымі рэчывамі. Сотні мільёнаў чалавек штодня ўжываюць “пігулкі шчасьця” — антыдэпрэсанты й стымулятары.

Наркатычныя рэчывы, што ўжываў першабытны чалавек (у Бібліі яны згадваюцца ў вобразе яблыка), былі непасрэднай прычынай зьяўленьня ў нашых продкаў абстрактнага мысьленьня. Вядомы дыетоляг і “этнабатанік” Тэрэнс Макена называе галюцынагены й вітаміны стравамі багоў. Ён бачыць у іх адначасна старажытны й постгістарычны інструмэнт, які дазволіць нам увайсьці ў чарговы этап эвалюцыі чалавечага роду. Тысячагодзьдзі, што аддзьдзяляюць нашу эпоху ад пракаветных часоў,— гэта, паводле Макены, змрочная гісторыя неўраўнаважанага “я”, якога (разам з малпіным целам) мы павінны вырачыся на карысьць псыхадэлічных палётаў да зорак, віртуальных тэхналёгіяў і новага шаманізму.

Выхаду сьвядомасьці за межы цела й самой рэчаіснасьці можна дасягнуць таксама праз шматгадзіннае сузіраньне зацыкленых выяваў на экране кампутара. Віртуальная рэальнасьць — гэта сьвет амаль неабмежаваных магчымасьцяў, свайго кшталту амэрыканізаваная вэрсія прасторы й часу. У кібэрпадарожжы чалавек вольны сам выбіраць пасьлядоўнасьць і хуткасьць падзеяў, якія разгортваюцца перад ім. Зразумела, што навакольны сьвет з аднолькавым для ўсіх бегам часу паступова пачынае падавацца нейкай вязьніцаю, папраўча-працоўнай калёніяй агульнага рэжыму (з гледзішча першароднага граху й выгнаньня людзей на зямлю так яно, зрэшты, і ёсьць).

Досьвед штоночных блуканьнаў па Інтэрнэце альбо па казачных ляндшафтах кампутарных гульняў робіць зноў актуальнымі ўяўленьні першабытных плямёнаў пра існаваньне паралельных сусьветаў. Індзейцы й аўстралійскія абарыгены вераць, што побач з нашай рэчаіснасьцю працягвае існаваць міталягічная мінуўшчына — “час мрояў”, які можна наведаць у снох альбо з дапамогаю шаманскіх прыёмаў, каб набыць дадатковыя сілы і веды. Уяўленьне ніколі не падманвае чалавека: усё, што мы бачым нутраным зрокам, ня менш рэальнае за навакольную рэчаіснасьць. Усё, што мы думаем, малюем, апавядаем,— сапраўды адбываецца недзе ў паралельных часава-прасторавых кантынуумах, у некаторых зь якіх жывуць душы нябожчыкаў, сфінксы, цмокі ды іншыя героі мітаў.

Як i лепшыя творы мастацтва, сны выглядаюць больш пераканаўча за саму рэчаiснасьць — мабыць, таму, што сон мы праглядаем з большым даверам, чым падзеi жыцьця: там мы ня ўмеем i нават не спрабуем аддзьдзялiць праўду ад маны.

Псыхадэлiчныя падарожжы сьвядомасьцi iлюзорныя для нас, але для сваiх пэрсанажаў яны цалкам рэальныя. З гледзiшча людзей, якiх мы сустракаем у снох i мастацкiх творах, несапраўдны ня iхны сьвет, а той, зь якога прыходзiм мы. Тое, што мы лiчым iлюзіяй, калiсьцi было альбо станецца праўдаю нават для нас самiх, а для каго-небудзь i цяпер праўда. Чалавек нiколi не памыляецца. I праўда, i мана аднолькава добра адлюстроўваюць падзеi ў сьвеце — калі ня ў нашым, дык у суседнім. Нават калi сьвет iснуе толькi адзiн на ўсiх, мана — гэта проста несучасная праўда, запозьнены альбо заўчасны адбiтак рэальнасьцi.

Першабытныя навукоўцы лічылі, што ад малпаў паходзіць толькі нязначная частка людзей, астатнія ж маюць сваімі продкамі іншыя віды жывёл альбо расьлін, прычым у кожным выпадку мелася прамежкавае эвалюцыйнае зьвяно: напаўлюдзі-напаўжывёлы ці напаўрасьліны. У некаторых народаў гэтыя татэмныя істоты так і ня здолелі (альбо не пажадалі) пазбыцца рысаў паралельнага біялягічнага віду і ператварыліся ў багоў (напрыклад, эгіпэцкі бог Гор мае галаву сокала, а багіня Шэхмэт — галаву ільвіцы).

Згодна з іншай тэорыяй, ледзь ня ўсе жывёлы паходзяць ад чалавека: у мітах і снох яны выглядаюць як людзі і паводзяць сябе, як людзі, хоць і маюць асобныя рысы, уласьцівыя сучасным жывёлам. Паступова жывёлы-татэмы страцілі вонкавае падабенства з чалавекам і выракліся людзкое мовы, за што й церпяць цяпер ад дыскрымінацыі: бальшыня людзей лічыць жывёл істотамі “другога гатунку”, у лепшым выпадку — “малодшымі братамі”. Спадзяюся, адроджаныя першабытныя культы будуць больш лібэральнымі за клясычную мадэль: удзельнічаць у татэмных рытуалах будзе дазволена ня толькі мужчынам, але і жанчынам, і дзецям, і нават прадстаўніком іншых татэмаў.

Адам быў калісьці зроблены ў той самай майстэрні, што й усе першабытныя жывёлы і рэчы. Мільёны гадоў чалавек быў “роўны й родны камяню, дрэву, рыбіне, зьверу, птушцы. Ён быў, як усе, ён быў, як усё, ён быў усім і яго не было, як яго. Вольны ад самога сябе, ён жыў, як жыў, як жывуць вольнымі ад саміх сябе камень, дрэва, рыбіна, зьвер, птушка” (В.Акудовіч, “Хто я?”). Чалавек не дзяліў жыцьцё на сваё й астатняе: “У росьце травінкі саўдзельнічае ўвесь сусьвет” (Хасэ Артэга-й-Гасэт, “Адам у раі”). Рай (і нірвана) — там, дзе няма ні мяне, ні маны: усё, што хто-небудзь кажа, кажаш ты сам сабе з аднаго жыцьця ў іншае.

У райскім садзе яшчэ й сёньня жывуць усе дрэвы, камяні й жывёлы. У Эдэме нараджаецца й кожны чалавек, але бальшыню людзей, пачынаючы з Адама й Евы, выштурхоўвае адтуль нейкае загадкавае адчуваньне недастатковасьці навакольнага сьвету й недарэчнасьці ўласнага цела ў ім. У сьвеце пануе не зялёны рагаты даляр, а шматаблічны дэфіцыт. Пачаткам гісторыі было не прышэсьце (нашэсьце?) людзей на Зямлю, а адкрыцьцё суворага закону жыцьця: амаль усяго, што нам пажадаецца звыш праграмы,— няма.

Існуюць розныя варыянты адказу на пытаньне, чаму натуральныя формы чалавечага цела й інтэлекту ня надта ўдала прыстасаваны да нашай рэчаіснасьці, і чаму мы, у адрозьненьне ад жывёл, маем паслабленыя, не заўсёды спрацоўвальныя інстынкты. Магчыма, чалавек заблукаў і выпадкова трапіў ня ў той сьвет, для якога быў створаны, а магчыма — быў яшчэ немаўлём закінуты сюды, нібы дывэрсант, з іншай плянэты й цяпер перабудоўвае Зямлю й уласнае цела на ўзор эталёнаў, што засталіся на далёкай радзіме (у гэтым выпадку цывілізацыю лепш параўноўваць ня з ракавай пухлінаю, а з інфэкцыйнай хваробай).

Доказам “закінутасьці” (падкінутасьці?) чалавека ў гэты сьвет можна лічыць уласьцівае нам жаданьне як мага лепш уладкавацца ў жыцьці за кошт суседзяў па плянэце: прыкладна гэтак жа паводзіць сябе ў чужым гнязьдзе птушанё зязюлі. Зрэшты, і альтэрнатыўнае вытворча-спажывецкай мітусьні экзыстэнцыяльнае “гуканьне праўдзівага быцьця” — праз татальны нон-канфармізм, “аскезу адмаўленьня”, мэдытатыўныя ці псыхадэлічныя практыкі самапаглыбленьня — сьведчыць пра адчуваньне чалавекам свайго чужынства ў гэтым сьвеце й целе.

Шумэры тлумачылі прычыну недасканаласьці чалавечага цела тым, што бог Энкі быў моцна нападпітку, калі ляпіў з гліны першых людзей. Індзейцы з каліфарнійскага племя каўіла мяркуюць, што чалавек створаны з чорнае зямлі, якую бог Мукат дастаў з уласнага сэрца, а вось бог іракезаў Іясхека зьляпіў людзей усё ж такі з гліны — паводле свайго адлюстраваньня ў вадзе, амаль як ягоны біблейскі калега. У міталёгіі майя першы чалавек быў зроблены багамі таксама з гліны — але неўзабаве высьветлілася, што гэта малапрыдатны матэрыял: тая істота не магла паварушыцца й размаўляла бязглузда. Давялося зьнішчыць глінянага чалавека й стварыць новага з размолатых зерняў кукурузы (гэты атрымаўся аж занадта відушчым ды разумным, і бог Хуракан быў змушаны надзьмуць на ягоныя вочы туману, каб шмат якія рэчы заставаліся людзям няўцямнымі).

Зразумела, што раней ці пазьней мусіў прыйсьці час, калі чалавеку надакучаць чужыя экспэрымэнты над ягоным целам і лёсам. Выбух народнага нацыяналізму, які доўжыўся на Поўначы ад рэвалюцыі ў амэрыканскіх калёніях да распаду СССР і Югаславіі, падштурхнуў некаторых назіральнікаў да парадаксальнай здагадкі: усе людзі належаць да аднаго агульначалавечага племя, якое змагаецца “за нашу і вашу свабоду” не з рэакцыйнымі сіламі прыроды, а зь міжнародным хаўрусам багоў, што калянізавалі плянэту яшчэ ў дагістарычны час. Працытую Альбэра Камю: “Рэвалюцыйны дух цалкам зводзіцца да абурэньня чалавека сваёй чалавечай доляй. Рэвалюцыя заўсёды, пачынаючы з Прамэтэя, узьнімаецца супраць багоў, тыраны ж і буржуазныя лялькі тут проста зачэпка”.

У эпоху прамысловай рэвалюцыі культ Божае ласкі зьмяніўся культам чалавечага розуму: Бог памёр таму, што нарадзіўся новы бог — чалавек, deus ex machina. Магчыма, біблейскі Бог і не памёр, але, прынамсі, моцна занядужаў пасьля таго, як трапіў пад цягнік, а потым — пад аўтамабіль, пад танк, бамбаваньне й г.д. Кожнае новае вынаходзтва паслабляла ягоную ўладу на гэтай плянэце й надавала моцы чалавеку (адбітак гэтага канфлікту можна знайсьці, напрыклад, у тэксьце “Інтэрнацыяналу” Э.Пат’е: “Мы пакуль нішто, але станемся ўсім!.. Няма ніякага вышэйшага Збаўцы, дык уратуйма сябе й увесь сьвет самі!.. Зямля належыць толькі людзям, а абібок хай шукае сабе іншага прытулку”).

Мэтай індустрыяльнае рэвалюцыі было вызваленьне з палону прыроды й ейных багоў ня толькі самога чалавека, але й усіх працоўных жывёлаў. Тым ня менш, людзі не адразу пагадзіліся падзяліцца ўладай на плянэце з былымі хаўрусьнікамі. Прыхільнікі экалягічнага руху кажуць, што спыніць глябальную крызу навакольнага асяродзьдзя можна толькі шляхам скарачэньня разоў у дзесяць колькасьці людзей на зямлі. Ніякіх практычных захадаў у гэтым кірунку яны ня робяць, бо вераць, што чалавецтва само пасьпяхова вырашыць гэтую задачу.

На нашай уласнай плянэце ўжо нараджаюцца паралельныя цывілізацыі разумных жывёл і рэчаў. З дапамогаю геннай інжынэрыі людзі могуць утварыць новыя плямёны на чале з тым ці іншым татэмным мутантам (дзьвюхгаловым арлом, жывым “мэрсэдэсам” і г.д.). І супляменьнікамі, родзічамі будуць лічыцца ня толькі чалавекападобныя людзі, але й разумныя жывёлы ды рэчы. Племя, відаць, будзе рэгулярна абнаўляцца: людзі й жывёлы захаваюць права пераходзіць з аднаго саюзу генаў у іншы. Можна расьсяліць чалавека (у выглядзе генаў, нэрваў ці імітаваных абрысаў цела) па ўсіх галінах эвалюцыйнага дрэва, каб кожны біялягічны від меў свой каэфіцыент чалавечнасьці.

На першы погляд, фізычнае растварэньне людзей у жывёлах і рэчах будзе азначаць самаліквідацыю, канчатковую “сьмерць Чалавека” (якую В.Акудовіч перафармуляваў у эпітафію “Мяне няма”), але можна бачыць тут і элегантны праект Другога прышэсьця чалавека на плянэту праз гуманізацыю ўсіх жывых і пакуль нежывых істотаў.

Праблема штучнага інтэлекту — гэта праблема права машын, а таксама інтэлектуалізаваных (часткова вызваленых ад інстынктаў) жывёл самім выбіраць ня толькі свой, але й наш лёс. Магчыма, што ўжо ў гэтым стагодзьдзі цяперашнія людзі зьнікнуць: вымруць, як дыназаўры, ад тугі ці невядомай хваробы, уцякуць ад праблем уцялесьненага жыцьця ў штучны рай кібэрпрасторы альбо проста раз’едуцца па іншых плянэтах. Будзем спадзявацца, што ўзгадаваныя намі да таго часу разумныя жывёлы й рэчы паступова створаць новую генэрацыю людзей — спачатку дзікіх, потым хатніх і, нарэшце, роўных сабе.

СЫЛІКОНАВЫ ВЕК

Сучасная цывілізацыя разьвіваецца такім чынам, каб вызваліць чалавека ўжо ня толькі ад фізычнае, але й ад інтэлектуальнае працы. Нашыя рэчы робяцца ўсё больш разумнымі, іх саміх вакол нас усё болей, і хто ведае, ці ня будзе чалавек паступова выціснуты сваёй былой уласнасьцю на пэрыфэрыю грамадзтва, ці ня станецца ён рэліктавым відам, чарговым пэрсанажам Чырвонай кнігі?

На думку францускага культуроляга Эрвэ Кана, сёньня мы бачым канец эпохі нэаліту, якая доўжылася 12 тысячагодзьдзяў. Мэтай усёй папярэдняй цывілізацыі было скарэньне навакольнай прыроды. І вось, нарэшце, гэтая бітва выйграна. Пачынаецца новая, “біялітычная” эпоха: чалавек прыручыў жыцьцё ў ягоных вонкавых праявах і цяпер імкнецца падпарадкаваць сабе нутраныя, інтымныя мэханізмы жыцьця. Мяркую, цяпер заканчваецца ўсё ж такі не Каменны, а Жалезны век і пачынаецца век Сыліконавы зь ягонымі жывымі машынамі й мэханізаванымі людзьмі. Калі чалавек заваяваў прыроду — ён перамог і самога сябе, і цяпер мусіць падзяліцца ўладаю над сьветам з новымі разумнымі расамі.

Ня ведаю, ці дойдзе калі-небудзь справа да таго, што ў машыны пачнуць убудоўваць чалавечыя органы (вочы, пальцы, мозг і г.д.), але адваротны працэс ідзе даўно й хуткімі тэмпамі. Можна прыгадаць апараты штучных лёгкіх і нырак, электронныя пратэзы вачэй і вушэй, стымулятары дзейнасьці сэрца, тытанавыя косткі. Па сутнасьці, ужо першая павязка, якую старажытны чалавек наклаў свайму сябру на рану, была спробаю прыжывіць штучную скуру.

Імплянтацыйныя тэхналёгіі, зразумела, могуць ня толькі даўкамплектоўваць неабходнымі дэталямі пашкоджанае цела да нейкага стандартнага стану, але й радыкальна зьмяняць ягоныя функцыі праз усталяваньне новых, нязвыклых для чалавека органаў. Калі-небудзь зьдзейсняцца мары некаторых людзей мець німб сьвятога над галавой, трэцяе вока, два пэнісы ці нейкую іншую асаблівую прыкмету. Магчыма, будзе модна мець у сваім целе нешта відавочна машыннага паходжаньня: рэактыўныя турбіны, колы замест ног, антэны на галаве. Для сёньняшніх людзей гэта жах, але жахі — улюбёная тэма сучаснага мастацтва, што дае ім шанец стацца нормай паўсядзённага жыцьця. Монстры складаюць ледзь ня большасьць герояў (апошнім часам — пераважна станоўчых) кіно, мультфільмаў, кампутарных гульняў, мастакоўскіх пэрформансаў.

У пэрспэктыве танная эстэтычная хірургія дазволіць большасьці людзей зрабіцца стандартна прыгожымі ці, наадварот, ненатуральна пачварнымі (менавіта пачварнасьць будзе атаясамляцца з індывідуальнасьцю). У кожнага знакамітага чалавека зьявяцца пазашлюбныя блізьняты. Прычым, падабенства будзе ня толькі зьнешнім, бо па жаданьні можна будзе ўставіць сабе дакладна такія нутраныя органы, якія мае ўлюбёная зорка. Людзі пачнуць мяняць свае мускулы, вочы й г.д. на новыя ня толькі ў выпадку невылечнай хваробы, але й з чарговай модай. Цалкам натуральным цела ў нас будзе толькі ў дзяцінстве, як цяпер — першыя зубы. Яго так і будуць называць — “маё малочнае цела”.

Найвялікшая каштоўнасьць для сучаснага чалавека — ягоная індывідуальнасьць. Што ж, высокія тэхналёгіі дазволяць яму займець і эксклюзіўны набор генаў. Можна прадбачыць зьяўленьне новых штучных расаў, у тым ліку аднаасобных. У многіх людзей будзе настолькі адрозны генэтычны код, што яны папросту ня здолеюць мець дзяцей ад звычайнага шлюбу. Але да таго часу нараджаць людзей навучацца жывёлы й машыны. І наадварот — фэміністкі заваююць для жанчыны права нараджаць каго заўгодна й ад каго заўгодна. Генная інжынэрыя дазваляе мець дзяцей (праз сынтэз ДНК бацькоў) аднаполым парам. Зразумела, генэтычнымі бацькамі дзіцяці могуць быць і тры чалавекі, і ўсё насельніцтва плянэты (ці не паводле аналягу такой тэхналёгіі зьявіўся на сьвет біблейскі Сын Чалавечы?).

Пакуль што больш звыкла для нас любіць калі не людзей, дык нешта антрапаморфнае. Хрэстаматыйны прыклад — Пігмаліён, які закахаўся ў мармуровую статую жанчыны й дамогся, каб тая ажыла. Супэрмадэлька з Каліфорніі пасьля двух дзясяткаў апэрацыяў сталася настолькі падобная да лялькі Барбі, што на фатаздымках адрозьніць іх ужо немагчыма. Чалавекападобных рэчаў рознага прызначэньня вядома шмат: манэкен, робат, сьнегавая баба, помнік, пудзіла, баксэрская груша... Існуюць і, наадварот, рэчападобныя людзі. Некаторыя муміі паводзяць сябе амаль як жывыя й маюць мянушку “зомбі”, хоць самі сябе называюць “шрубкамі сыстэмы” й усе свае дзеяньні апраўдваюць тым, што “толькі выконвалі загад кіраўніцтва”. Часам з той альбо іншай рэччу атаясамляюць сябе клінічныя шызафрэнікі й артысты, але ўсё гэта менш папулярна, чым традыцыйная сьмерць і пераход цела ў бестурботны стан трупу. Зрэшты, ня ўсе трупы бестурботныя.

Чалавека заўсёды цікавіла, што такое мы носім пад скурай. Вялікія мастакі Рэнэсансу — Дзюрэр, Мікелянджэла ды іншыя — здымалі скуру зь нябожчыкаў, каб потым больш праўдзіва маляваць жывых. Антычныя навукоўцы Герафіл і Эразыстрат дасьледавалі мэханіку цела больш радыкальным чынам: разьбіралі на часткі яшчэ жывых злачынцаў, прыгавораных да сьмерці. Традыцыі кунсткамэраў і анатамічных тэатраў сёньня разьвівае нямецкі мастак-паталягаанатам Гюнтэр фон Гагенс, які вынайшаў новы спосаб муміфікацыі, “больш надзейны й эфэктыўны, чым нават старажытнаэгіпэцкі”. Зь нябожчыка здымаюць скуру й зьмяшчаюць яго ў ванну з ацэтонам пры мінус 250С, каб растварыць тлушч і натуральныя вадкасьці цела (Дантэ меў рацыю, што “пекла халоднае”; тое самае маглі б пацьвердзіць і вязьні ГУЛАГу). Потым цела прапітваюць сыліконам і, нарэшце, ацьвярджаюць у газавай камэры ў той ці іншай скульптурнай паставе — напрыклад, гульца ў шахматы. Выстава “Сьвет цела” ў Музэі тэхналёгіяў і рамёстваў Мангайму мела ашаламляльны посьпех: яе наведалі 700 тыс. чалавек. Нічога амаральнага ў сваім мастацтве доктар фон Гагенс ня бачыць: усе экспанаты ён скарыстоўвае зь пісьмовага дазволу былых уладальнікаў. Свае целы для пасьмяротнай муміфікацыі яму дораць па некалькі чалавек штодня. Большасьць муміяў доктар прадае (цэлая каштуе да 30 тысяч даляраў) навучальным установам, лябараторыям і калекцыянэрам. Напэўна, ахвяравальнікаў вабіць менавіта магчымасьць пасьмяротнага захаваньня таварнага выгляду свайго любага цела.

Апошнім часам асобныя складнікі цела ўсё шырэй скарыстоўваюць для перасадкі альбо для вытворчасьці лекаў і парфумы. Многія людзі ахвотна даюць дазвол на разбор свайго нованароджанага трупа. Напэўна, прыемна ўсьведамляць, што твае органы выратуюць каму-небудзь жыцьцё, але можна ўбачыць тут і надзею перажыць, хай сабе й часткова, уласную сьмерць.

Сучаснаму чалавеку замала ня толькі аднаго цела, але й адной асобы. Для актораў, вар’ятаў, шпіёнаў пераезды ўласнага цела ў іншую душу — звычайная практыка, але ўсё ж яна патрабуе доўгай трэніроўкі й надта вялікіх для бальшыні людзей інтэлектуальных высілкаў. Даволі эфэктыўным спосабам разьвязаньня гэтае праблемы можа стацца тэхналёгія трансплянтацыі галавы. Найбольш лёгкія галовы будуць скарыстоўвацца ў якасьці дзяржаўнае рэгаліі (замест кароны) у дынастыях дыктатараў і тэлекамэнтатараў. Можа нарадзіцца мода па-сяброўску абменьвацца на пэўны час галовамі, каб спазнаць смак жыцьця з іншага цела. Напэўна, цела будзе цішком карэктаваць думкі новага мозгу, фільтраваць іх праз свае рэфлексы й звычкі. Са свайго боку, галава паспрабуе перавыхаваць новае цела на звыклы ёй лад. Усё гэта дапаможа людзям пасьля зваротнага абмену лепш разумець ня толькі адзін аднаго, але й саміх сябе. “Адна галава добра, а дзьве лепей” — кажа старое выслоўе.

Напэўна, мэта гісторыі — зрабіць несьмяротным не чалавека, а ўсё жывое, альбо вылушчыць з усіх арганізмаў жыцьцё як такое, без асаблівых прыкмет сучасных біялягічных відаў — усеплянэтнае “цела бяз органаў” (якое можа стацца зародкам нечага звышзямнога). Верагодна, усе біялягічныя віды ўтвораць агульны генафонд, зь якога будуць браць сабе тыя ці іншыя патрэбныя якасьці. Лебедзь, рак і шчупак пакінуць старую варажнечу й будуць цягнуць агульны воз жыцьця па чарзе ва ўсіх патрэбных накірунках.

Генная інжынэрыя дапаможа нэўтралізаваць імунную рэакцыю цела на імплянтанцыю электронных прыбораў і мэталёвых інструмэнтаў, органаў іншага чалавека, расьліны (чаму паэтам не вырошчваць замест валасоў ляўравы вянок?) альбо нейкай жывёліны. Са свайго боку, многія жывёлы й расьліны неўзабаве стануцца ў большай ці меншай ступені чалавекападобнымі. Некаторыя амэрыканскія сьвіньні ўжо даюць падобнае да чалавечага малако (яго можна скарыстоўваць на вытворчасьць патрэбных людзям лекаў). Гадуюцца сьвіньні з чалавечымі вантробамі (для трансплянтацыі). Крыху чалавекападобнымі робяцца нават бактэрыі: напрыклад, ім уводзяць чалавечы ген, які адказвае за сынтэз інсуліну. Бактэрыі ўспрымаюць яго, як свой — і пачынаюць прадукаваць гармон, вельмі патрэбны хворым на дыябэт. Менавіта паводле такога прынцыпу сёньня адбываецца вытворчасьць чалавечых гармонаў росту ды іншых біялягічна актыўных рэчываў.

Уплыў чалавека на іншыя формы жыцьця пачаўся, вядома, нашмат раней за экспэрымэнты геннай інжынэрыі: дастаткова згадаць падобныя да чалавечых мыліцы пад галінамі яблыняў альбо мутацыі вірусаў, ад якіх абараняюцца людзі. Тысячагодзьдзі доўжыцца сэлекцыя хатніх рэчаў, свойскіх жывёл і расьлін — многія зь іх ужо здатныя існаваць толькі разам з намі.

Навошта мы шукаем новы лад жыцьця суседзям па плянэце? З хрысьціянскага гледзішча, мэтаю сэлекцыі й геннае інжынэрыі зьяўляецца стварэньне ня новых пародаў і біялягічных відаў, а новых абліччаў Творцы. Мы павінны не ганарыцца перад іншымі істотамі сваім розумам, а паступова абудзіць іх усіх да ўласнага духовага жыцьця. Чалавек — абраны Богам біялягічны від, як гэбраі (паводле Бібліі) — абраны народ, аднак гэта толькі апірышча для прасьвятленьня ўсіх.

Усё гэта ня значыць, што паўсюль — у заапарках, шпакоўнях, хлявох — можна будзе ўбачыць толькі людзей. Бальшыня прадстаўнікоў сучасных відаў птушак і жывёл захаваюць свой першародны выгляд і лад жыцьця, а побач з каменнымі джунглямі будуць і далей расьці драўнёвыя лясы. Генэтыкі створаць безьліч новых біялягічных відаў і больш-менш дакладна ўваскрэсяць усе тыя, што загінулі мільёны й мільярды гадоў таму ў жорнах эвалюцыі альбо ў выніку бамбаваньняў з космасу.

Добра вядома, што чалавек падсьвядома хоча быць богам, а жывёліна — прынамсі, хатняя — хоча быць чалавекам. І таму, відаць, давядзецца ўвесьці пэўныя квоты на колькасьць людзей ды іншых арганізмаў, гарантаваць прапарцыйнасьць прадстаўніцтва ўсіх відаў у жыцьці, каб агульны экалягічны балянс заставаўся аднолькавым. Арганізмы будуць мяняцца ролямі: каму сёньня быць аленем, а каму — паляўнічым, і трэба будзе стаяць у чарзе на ператварэньне ў чалавека альбо іншую прэстыжную істоту.

Тэхнагенная цывілізацыя Захаду мае, па сутнасьці, тую ж мэту, што й філязофскія сыстэмы вялікіх містыкаў Усходу — дасягненьне несьмяротнасьці ў нейкім надчалавечым абліччы. Машынны спосаб ратаваньня вабіць людзей непараўнальна больш, чым шлях індывідуальнага ўдасканаленьня,— сваім дэмакратызмам, арыентацыяй на масавыя вытворчасьць і спажываньне здароўя, прыгажосьці й розуму. Хімічныя лекі дапамагаюць амаль усім хворым, а малітвы — толькі абраным. Эвалюцыя тэхнікі, што доўжыцца на працягу ўсёй гісторыі (лад нашага жыцьця зьмяняюць не палітыкі, а вынаходнікі), мае забясьпечыць чалавека калі ня сэнсам, дык новымі спосабамі жыцьця.

Зьнікне патрэба вучыцца новым прафэсіям, мовам ці танцам — дастаткова будзе замяніць пад фрызурай адну мікрасхему іншай. Першыя электронныя стымулятары пачалі закладаць у чалавечы мозг яшчэ ў 1986 г. (яны перашкаджаюць некантраляваным рухам цела пры хваробе Паркінсона). З дапамогай стымуляцыі электродамі зрокавых ды іншых нэрваў можна бачыць і адчуваць тое, што адчуваў раней (у запісе) альбо адчувае цяпер (у жывой трансьляцыі) іншы чалавек. Такім чынам, нябожчыкі змогуць час ад часу ажываць у чужой сьвядомасьці — запазычваць чужое цела цалкам альбо дзяліць яго ў нейкай прапорцыі з гаспадаром.

Імплянтацыю новых органаў і прыладаў для мысьленьня можна зьдзейсьніць, вядома, ня толькі на чалавечым целе. Уяўленьне малюе канцылярскага пацука, які займаецца справаводзтвам замест чалавека. Па сутнасьці, усялякую жывёліну можна ператварыць у сапіенса — інтэлектуальна амаль роўную нам істоту, і зрабіць гэта нават лягчэй, чым адшукаць невядомых братоў па розуме ў космасе. Зьнявераныя ў зямных уладах рамантыкі чакаюць, калі ж нарэшце прыляцяць іншаплянэтнікі й растлумачаць нам, як трэба жыць. Але больш верагодна, што самі людзі разам з жывёламі ператворацца ў прыхадняў, прычым, будзе здавацца, што ўсе мы сабраліся тут з розных плянэт.

Мэтаю эвалюцыі жыцьця на Зямлі, магчыма, сапраўды зьяўляецца стварэньне з жывёл альбо зь людзей-добраахвотнікаў новых разумных рас для расьсяленьня па іншых плянэтах зь непрыдатнымі для нас умовамі існаваньня (з мэтанавай атмасфэрай, напрыклад). Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што ніякіх прыхадняў, анёлаў, адзінарогаў і г.д. ніколі не існавала. Калі гэта так — мы павінны стварыць іх самі.

Што можа быць больш натуральным за сьмерць? Але чалавек — надта недасканалая жывёліна, каб ува ўсіх справах кіравацца інстынктамі й жыць у згодзе з прыродай. Менавіта нежаданьне паміраць ператварыла калісьці малпу ў чалавека й потым выгнала нашых продкаў зь лесу ў горад, прымусіла будаваць шпіталі й музэі. Чалавек не схацеў “чакаць міласьціны ад прыроды”: ён сам спрабуе даць прыродзе новыя, больш літасьцівыя законы, і ў тым ліку — скасаваць пакараньне сьмерцю, да якога прыгаворана ўсё жывое.

Новыя тэхналёгіі вызваляць чалавека ад страху сьмерці. Напрыклад, ён можа загадаць машынам разабраць сваё цела на асобныя малекулы (а свой розум — на асобныя электрычныя імпульсы) і сабраць патрэбную колькасьць сваіх копій-двайнікоў таго ж самага памеру, крыху вышэйшых альбо нябачных без мікраскопу. Некаторыя людзі, напэўна, увогуле зьнікнуць з твару зямлі й будуць далей існаваць у выглядзе аблокаў кібэрнэтычнага пылу, расьцярушанага паміж зоркамі, альбо тых нябёсных целаў, якія можна з гэтага пылу зьляпіць. “Ты — пыл, і вернесься ў пыл” — сказаў Творца на разьвітаньне Адаму.

Будзе пераможаны й жах перад несьмяротнасьцю — бясконцым існаваньнем у адным узросьце й абліччы. Перамена полу ўжо сталася звычайнай зьявай, а ў пэрспэктыве, калі хірургічныя апэрацыі, гармоны й г.д. стануцца больш таннымі, а ўсялякія забабоны канчаткова зьнікнуць, чалавеку давядзецца самому, нібы вопратку ў краме, выбіраць сабе расу, пол, узрост, вагу цела й, адпаведна, лад жыцьця. Па сутнасьці, целу можна будзе надаць якую заўгодна форму, а праз праграмнае забесьпячэньне мозгу — перапісаць пры патрэбе нанова памяць, характар, палітычную арыентацыю й усю асобу наагул.

Для перасяленьня душы ў іншае цела ня трэба будзе чакаць сьмерці. Чалавек возьме ва ўласныя рукі частковы кантроль над мэханізмам рэінкарнацыі: будзе выбіраць сам, ад якіх бацькоў альбо зь якой машыны лепш зьявіцца на сьвет наступны раз. І тады найбольш істотнай філязофскай праблемай станецца ўжо не пытаньне пра самагубства (паводле Камю, галоўнае для нас — вырашыць, ці вартае жыцьцё высілкаў, каб быць пражытым), а пытаньне пра саманараджэньне: у якім выглядзе й колькі разоў варта вяртацца сюды. Дызайнэрскае праектаваньне ўласнага цела дазволіць кожнаму стацца амаль такім жа шматаблічным, якім пакуль можа быць хіба што Бог, якога мы бачым штодня ў выглядзе зорнага неба, палальнага хмызьняку, тэлевізара альбо нейкай іншай істоты ці рэчы.

Далей нас чакае зьяўленьне дзіўных істот-“кактэйляў” з часьцінак і думак людзей і разумных прадметаў. Праблема пазашлюбных сувязяў павінна зьнікнуць, бо мужу ці жонцы можна будзе надаць якое заўгодна аблічча. Страцяць сэнс і крадзёж, і падман, і забойства. Чалавек зь мільёнам лёсаў будзе такі ж нэўтральна-бязгрэшны, як само чалавецтва. Кібэр- і біятэхналёгіі дазволяць ператварыць усялякую думку ў праўду — прынамсі, ажыцьцявіць усе мэтафары й гіпэрбалы, назапашаныя паэтамі й журналістамі. Мастакі змогуць, нарэшце, фізычна растварыцца ў сваіх творах і размаўляць адтуль з гледачамі, а акторы — ператварыцца на малекулярным узроўні ў сваіх герояў і рэальна ўзнаўляць падзеі ўсясьветнае гісторыі, фантазіі драматургаў і ўласныя сны. Мы паспрабуем па чарзе ўвасобіць у яву ўсе мастацкія творы й усе развагі філёзафаў мінулых эпох. І наадварот, усялякую драбнюткую рэч ці жывую істоту мы зробім галоўнай дзейнай асобай адпаведнага мастацкага твору.

Прыкладна адначасна з гарантаваньнем кожнай разумнай істоце права на несьмяротнасьць (а можа, і раней) зьявяцца тэхналёгіі татальнай утылізацыі адкідаў, перапрацоўкі абсалютна ўсяго сьмецьця ў новыя тавары. Экалягічна дасканалы сьвет бязь сьмецьця будзе ў той самы час і сьветам бязь сьмерці, дзе нават рэчы не паміраюць назаўжды.

Напэўна, звычайных людзей будзе нараджацца ўсё менш і менш, але чалавецтва ўсё адно будзе пашырацца за кошт чалавекападобных мэханізмаў і арганізмаў. Вынікам бясконцага вынаходніцтва новых рэчываў, біялягічных відаў і словазлучэньняў павінна стацца ператварэньне паўсюднага “няма” ў “можа быць”, недасканалай рэчаіснасьці — у сьвет роўных магчымасьцяў, дзе кожны мае па чарзе стаць усімі іншымі жывымі ці амаль жывымі істотамі. Зразумела, і сабою ў тым ліку: у бязьмежным шэрагу “мы” знойдзецца месца ўсялякаму “я”.

1997 г.