У асяродзьдзі беларускіх студэнтаў, і, мабыць, ня толькі іх, заўсёды мела папулярнасьць застольная песьня пра “Бедну басоту”. Група люмпэн-інтэлектуалаў прыемна бавіць час, дзень пры дні дэгустуючы напоі. Раптам зьяўляецца клясавы вораг, “дзядзька багаты”, і цяжка крыўдзіць грамаду. Тыя, як ні дзіўна, амаль не абражаюцца й ветла й рахмана прапаноўваюць госьцю далучыцца да бяседы. І толькі праз восем радкоў, канчаткова разьюшаныя крыўдзіцелем, героі ўрэшце рэшт зводзяць зь ім рахункі, і ўсё канчаецца “па справядлівасьці”. Зусім нядаўна я зрабіў для сябе адно адкрыцьцё. Выяўляецца, нашыя суседзі-ўкраінцы таксама маюць такую песьню (у іх фігуруе “бідна голота”), і, што цікава: украінскі варыянт на восем радкоў карацейшы. Там абражаная галота, нават не спрабуючы шукаць мірных шляхоў для вырашэньня канфлікту, адразу карае нахабу: адзін за ручку, другі за ножку — канец вам добра вядомы. Супастаўленьне варыянтаў наводзіць на пэўныя думкі. Маўляў, нашая прыродная рахманасьць і талерантнасьць ня ведаюць межаў, і там, дзе іншыя змагаюцца за свае правы, мы ўпарта чакаем, што ўсё неяк вырашыцца само па сабе. Ці не таму кожная падзея нашай гісторыі, нават у параўнаньні з найбліжэйшымі суседзямі, адбываецца, так бы мовіць, з васьмірадковым спазьненьнем? Такая ідэя прыходзіць да галавы лёгка й адразу, але ж мы не шукаем лёгкіх шляхоў. Навошта сьпяшацца й лезьці ў бойку: можа, і пакрыўдзіць багаты дзядзька, а можа, і мірную прапанову прыме ды шчэ гарэліцай напоіць задарма. Калі разглядаць Беларусь і ейную гісторыю як пэўны сюжэт, з сваёй завязкаю, кульмінацыяю й разьвязкаю, такія затрымкі трэба называць рэтардацыямі.
Варта прыгледзецца да гэтага тэрміну бліжэй. Для літаратуразнаўцаў рэтардацыя (ад лац. retardatio — запавольваньне) — гэта стылістычны прыём запавольваньня, затрымкі сюжэтнага аповеду ў літаратурным творы. Рэтардацыя — люты вораг тых, хто чытае літаратурны твор выключна з мэтаю даведацца, што будзе далей і чым усё скончыцца, хто каго пакахае альбо заб’е. Уявеце сабе: імклівыя падзеі твору раптоўна прыпыняюцца, таму што аўтару заманулася даць нам апісаньне прыроды, мінулае героя альбо вялікі лірычны водступ. Рэтардацыя часьцяком нічога не дадае да сюжэту, яна пакліканая трымаць у напружаньні чытача, распаляць ягоную цікавасьць, і ў гэтым сэнсе можа нагадаць раптоўнае “працяг будзе” на найцікавейшым месцы сэрыялу. Рэтардацыя — не для наіўных спажыўцоў літаратуры, якія блытаюць расказаныя гісторыі з рэальным жыцьцём. Яна прызначана для рафінаванага аматара, які атрымлівае прыемнасьць не ад таго, што апавядае літаратура, а ад таго, як яна гэта робіць. Таму мудрая й далёкасяжная выснова з нашага прыкладу мусіць гучаць так: Беларусь — найцікавейшы, заблытаны й інтрыгоўны сюжэт, які шчэ пацешыць знаўцу сваімі пэрыпэтыямі. Што да простага чытача, дык і ён атрымае сваю гарантаваную радасьць, бо працяг бу-дзе.
Для сёньняшняй сытуацыі ў беларускай літаратуры характэрны адразу некалькі красамоўных рэтардацыяў. Першая датычыць пісьменьнікаў традыцыйнай літаратурнай арыентацыі — ад пазаўчорашніх песьняроў партыі да ўчорашніх апявальнікаў незалежнасьці. Усе яны аказаліся ў незайздросным становішчы, бо рыторыка, патас, характэрныя мастацкія сродкі такога роду літаратур, па-першае, выявілі люстранае падабенства міжсобку, а па-другое, аказаліся безнадзейна скампрамэтаванымі. Трагедыі “аксакалаў” не пазайздросьціш, бо самі яны не адчуваюць свайго анахранізму. Такім пісьменьнікам, як рухавік, патрэбна вялікая ідэалёгія, а такой цяпер няма нават у прэзыдэнцкіх сьпічрайтараў, што ж гаварыць пра простых сьмяротных!
Радыкальная праблема для гэтай беларускай літаратуры — ейная неканвэртабэльнасьць. Так, яна сёньня ня можа быць зразуметаю й станоўча ацэненаю замежным чытачом. І тлумачэньне нават ня ў тым, што ў бальшыні заходніх літаратур няма прафэсійных перакладчыкаў зь беларускай мовы, гэты сумны факт — акурат вынік, а не прычына. А прычына ў тым, што такая літаратурная прадукцыя аказваецца для сучаснага чытача гранічна неактуальнаю. Беларуская палітычная сытуацыя можа быць, наадварот, колькі заўгодна цікаваю, але ж цікавасьць гэтая покуль не перарастае ў інтарэс да беларускага пісьменства. Каб ацаніць такі твор, чытачу-замежніку трэба было б мець ня толькі ягоны дакладны пераклад, але й “кавалак” нашага рэальнага жыцьцёвага досьведу, адчуць гэты досьвед на ўласнай скуры. Але такога часам не пажадаеш і найзьлейшаму ворагу! А пераплавіць, пераўтварыць наш досьвед у нейкія ўнівэрсальныя формы, якія былі б даступныя й людзям зь іншым досьведам, выхаваньнем, ладам жыцьця, нашая традыцыйная літаратура ня здолела.
За савецкім часам камунікатыўныя праблемы адчуваліся меней. Беларускі пісьменьнік меў такую прастору, як шматнацыянальная савецкая літаратура. Хоцькі-няхоцькі народы Савецкага Саюзу мелі шмат агульнага ў сваім досьведзе. Як апалягеты савецкай улады, так і дысыдэнты розных саюзных рэспублік маглі паразумецца з дапамогаю перакладу альбо вядомай “мовы міжнацыянальных зносінаў”. А цяпер засталіся хіба адно ўспаміны пра былы “саўковы” кайф альбо, наадварот, героіку барацьбы з камунякамі. Часам думаеш, ці ня ёсьць нашая постсавецкасьць адзіным, што аб’ядноўвае нас, скажам, з нашымі ўкраінскімі калегамі?
Чым тлумачыўся анахранізм такой літаратуры? Адкуль вынікала ейная правінцыйнасьць, ейная хваравітая зацыкленасьць выключна на сваёй унутранай праблематыцы? Часам складваецца ўражаньне, што ўчорашняя беларуская літаратура — гэта тое, што было паклікана існаваць выключна ў межах школьнай праграмы. Бо хто шчэ, як не шкаляры, у здаровым розуме й добраахвотна, будзе яе спажываць. Вось жа, перад пісьменьнікам паўставала звышзадача — трапіць у школьную праграму й такім чынам захавацца для шырокага кола чытачоў. Задача наступнага парадку, мэта не такая жаданая, але таксама прыемная — ня трапіўшы ў праграму агульнаадукацыйнай школы, трапіць ува ўнівэрсытэцкі курс і стацца прадметам вывучэньня для філёлягаў-беларусістаў. Гэта ўжо для аўтараў другога гатунку, бо кола чытачоў непараўнальна вузейшае. Парыі літаратуры — тыя, чыя творчасьць не ўкладаецца ні ў якія праграмы. Такія аўтары існуюць для асобных фанатыкаў, і можна толькі пашкадаваць, калі такімі фанатыкамі выявяцца тыя ж настаўнікі беларускай літаратуры ў школе: вось дылема, і твор падабаецца, і вучням пра яго не распавядзеш.
Заканамерная выснова — найчасьцей пісьменьнік ужо на этапах абдумваньня будучага твору й працы над ім робіць сваё дзецішча такім, каб яно мела шанцы трапіць у гэтую запаветную праграму. Як вынік, нават ня можа ісьці гаворкі пра ўлучэньне ў твор чагосьці, што не рэкамэндуецца дзецям з пэдагагічных меркаваньняў. Але ж нашыя літаратары выхаваныя на арыстотэлеўска-рэалістычным пастулаце пра літаратуру як люстра рэчаіснасьці, пра мастацтва, якое павінна насьледаваць прыродзе. Тады як у нашых умовах пераважная бальшыня фрагмэнтаў рэальнасьці, якая нас атачае, само нашае жыцьцё не рэкамэндуецца для вывучэньня ў школе. У выніку пісьменьнік апынаецца ў глыбокім сьветапоглядным крызысе. Вось дзе нутраная цэнзура, якая ня сьнілася ніводнай таталітарнай дзяржаве!
Ня можа быць гаворкі й пра перанасычэньне твору інтэлектуальным зьместам — нічога такога, што не было б зразумелым вучню сярэдняга школьнага веку. Залішняе падняцьцё разумовай планкі — пісьменьніцкая параза, бо гэта з пэўнасьцю зьнішчае ўсялякія шанцы твору трапіць у праграму. Чым прасьцей, тым лепш. Вы, мабыць, заўважылі, у нас нават сам панятак “простасьці” ўжо ўспрымаецца як каштоўнасьць: просты — значыць шчыры, маўляў, простыя словы, простыя рэчы, а ўсё, што болей, тое, зусім па-біблейску,— ад злога.
І ня варта зьдзіўляцца, адкуль у нашай літаратуры перанасычанасьць дыдактызмам і плоскім маралізатарствам. Найпрыдатнейшы для школы, проста ўзорна-паказальны ў навучальным працэсе жанр — гэта байка, якая не вымагае роздумаў і самастойнага рабленьня высноваў, бо неабходную мараль пісьменьнік выводзіць за цябе, ты толькі атрымліваеш канцавы прадукт. Ці не таму галоўным патрыярхам, Нестарам беларускай літаратуры быў Кандрат Кандратавіч Атраховіч-Крапіва? Ці не таму менавіта Крапіва займае ў нашым пісьменстве месца вышэйшае, чым іншаземныя байкапісцы ў сваіх нацыянальных літаратурах? А таму не пытайцеся, хто сьмяецца апошнім. Апошнім сьмяецца кульгавы раб Эзоп.
Адзіным сродкам выратаваньня ў гэтай сытуацыі я бачу прыняцьцё дзяржаўнага закону, які забараняў бы вывучаць у школе творы жывых пісьменьнікаў — прынамсі, да таго часу, покуль настаўнікі не навучацца аддзяляць у літаратурным творы ўласна мастацкія вартасьці ад таго, што літаратураю ня ёсьць і ў задачы пісьменьніка ўваходзіць ня мусіць.
Але ж, як той казаў, ня ўсё кату масьленіца, настае й Вялікі пост. Настаў вялікі Пост і ў нас. Надыход эпохі пост у беларускай літаратуры быў азначаны шэрагам красамоўных сымптомаў, не зважаць на якія ўжо немагчыма. Так, цяпер мы маем ня толькі звыклых інтэлігентаў, але й першых інтэлектуалаў, а адзін мысьляр нават ведае слова “інтэлегібельны”, хоць простаму чытачу й безь яго вядома, што інтэлект падчас бывае згубным. Уразнастайнілася карціна мастацкага жыцьця. Мы маем сваіх рэалістаў і мадэрністаў, патрыётаў і касмапалітаў, тэрарыстаў і пацыфістаў, дадаістаў і пафігістаў, філаматаў і нэкрафілаў, манахаў і законьнікаў, дзэнбудыстаў і анемпадыстаў. Зьявіліся ў нас свае літаратурныя хуліганы й гаўрошы, бумбарашы й бумбамліты, зеленавокія гоі й ружавашчокія геі.
Наўрад ці варта аспрэчваць наяўнасьць у нас постмадэрновай сытуацыі. Аднак постмадэрнісцкай літаратуры, прынамсі, у тым сэнсе, як “постмадэрнізм” разумеецца ў сьвеце, у нас амаль ня склалася. Паступова спаў ажыятаж вакол першых бурлівых выступаў і пэрформансаў маладых літаратараў, і раптам высьветлілася, што ніякай рэвалюцыі ў літаратуры не адбылося. Маладая беларуская паэзія ня сталася зьяваю міжнароднага парадку, застаўшыся такой самай неканвэртабэльнаю, як і паэзія старэйшых, дый, бадай што, не павялічыла й колькасьці аматараў паэзіі ў нас.
Працытую верш Чэслава Мілаша “Структуралізм”, датаваны 1965 годам (пераклад мой).
“Я трапіў на выклад структураліста, ён казаў надзвычай інтэлектуальна, яго французскія лапкі надзвычай інтэлектуальна трымалі цыгарэту.
Мне хацелася ўстаць і сказаць: ты, на гэтай зямлі выцьця й ванітаў, на гэтай зямлі пакутаў усякай жывой істоты й маёй чалавечай роспачы, ты, вучоны кныр.
Хай сьведчыць вялікае племя памерлых — глядзі, праступаюць іх твары — як горка й салёна на вуснах, калі, ледзь кранутае языком, нараджаецца слова.
Адно-адзінае слова, што нешта значыць, што прагучэўшы ад неба да пекла, верне страчаны лад, слова, якога няма, а тое, што ёсьць — шум лясоў, рэха мора — гэта толькі лепет і плач.
Што я із сваёю дурнотаю супраць цябе, калекцыянэр замарожаных сьлёз, альбо супраць кампутараў лябараторыі Лоўрэнса?
Я такі самы сьмешны, як некалі, у дзяцінстве, калі спрабаваў бараніць сьвятыя гаі, выспу Патмас, гару Сынай, ня цямячы, што і чаму бараню.
Проста дзеці скакалі, рымуючы словы, і нейкі хлапец запяяў: “матка-шматка”, “матка-шматка”, а я нечакана накінуўся на яго й пачаў штурхаць і кусаць”.
У 1965 годзе Мілаш адчуў набліжэньне постмадэрнізму інстынктыўна, адчуў і не прыняў. Мабыць, аналягічныя закіды сьветапогляднага характару могуць рабіць і робяць сёньня маладым аўтарам нашыя літаратурныя аксакалы. Закіды часьцяком несправядлівыя, але гаворка не пра гэта. Бо галоўная небясьпека, што тоіцца ў постмадэрнізме нашага разьліву, на маю думку, датычыць не каштоўнасьцяў і перакананьняў — зь імі ў сучасных літаратараў акурат усё ОК. Галоўная праблема мае суцэльна эстэтычны характар і зьвязана з тым, што нельга да бясконцасьці гуляць у “матка-шматка”, “матка-шматка”.
Так, красамоўным прыкладам паэтычных самарэфлексіяў сучаснага аўтара, дзе адлюстраваны і псыхалёгія творчасьці, і сам працэс публікацыі твору, ягонае вынясеньне на чытацкі суд, ёсьць верш Віктара Жыбуля “Я люблю здаваць аналіз калу…” з кнігі “Прыкры крык”. Не рызыкую падаваць увесь гэты прыкры прыклад, абмяжуюся фрагмэнтам:
І ўрачы ў ім будуць калупацца,Тут табе й эксгібіцыянізм, добра знаёмы шмат каму з аўтараў, і самаіронія, якую можна толькі вітаць. А якая пераемнасьць зь беларускімі традыцыямі! Досыць згадаць незабыўнага Ведзьмака-Лысагорскага з дыскусіяй беларускіх пісьменьнікаў пра гной і паралельлю “мастацкая творчасьць — дэфікацыя”:
“Ну, не кажэце: гной няроўны.Усе мы ведаем, зь якога сьмецьця растуць вершы, так што нічога дзіўнага, калі творчая кухня паэта выяўляецца прыбіральняю. Вось толькі на чым грунтуецца сьвятая перакананасьць аўтара, што ягоная ўласная творчая прыбіральня цікавая ўсяму засталаму сьвету? Думаючы пра месца й ролю, бясспрэчна, таленавітага паэта Жыбуля ў беларускай літаратуры, я згадваю творчы калектыў, у якім, дарэчы, бярэ ўдзел і Віця,— музычны гурт з цнатлівым назовам “Засралі казарму”…
Альбо іншы прыклад, таксама з аўтаркі, якая пасьпела задаць тон у маладой літаратуры, з Вальжыны Мартынавай-Морт. Верш, што пачынаўся парай напраўду яркіх радкоў, заканчваецца так:
Жырабе немя, жырабе!Калі першае ачмурэньне мінае, нават разумееш, што гэта ня поўная бязглузьдзіца, а перастаўленыя месцамі склады, і калі перасунуць іх назад, выйдуць тыя самыя яркія радкі: “Беражы мяне, беражы!/Берагі мае на мяжы!” Трэці радок, атрыманы такім чынам, гучыць так: “Кажуць, іншае ёсьць жыцьцё…” Кажуць — дадам ад сябе — ёсьць іншыя літаратурныя гульні, і сумна было б думаць, што гэта й ёсьць найвышэйшаю планкю, даступнаю гульнёвай паэтыцы маладых постмадэрністаў.
Вось жа, другая рэтардацыя ў сучаснай беларускай літаратуры зьвязана з тым, што беларускі постмадэрнізм, як кожны падлетак на пэўным этапе свайго сталеньня, перажывае складанасьці, характэрныя для пераходнага ўзросту. Глісты, мерцьвякі, кава са спэрмаю й кроў, кроў, кроў, якія зрабілі сваёй зброяй маладыя літаратары, прынесьлі пэўную вядомасьць іхным аўтарам, але наўрад ці дадалі папулярнасьці беларускаму слову. Бо тое, чым можна, у найлепшым выпадку, эпатаваць ці, выказваючыся па-сёньняшняму, “засьцябаць”, што можа выклікаць гістэрычны рогат, але ж не падмацавана вытанчаным густам аўтара, наўрад ці фармуе добры густ і ў тых, што яшчэ не страцілі прыемнасьці ад чытаньня ці слуханьня беларускай паэзіі дый, паэзіі наагул. Натуральна, у паэзіі няма й ня можа быць забароненых тэм, але ёсьць тэмы, што вымагаюць нашмат большага эстэтычнага чуцьця й павышаюць для маладога аўтара рызыку, перапрашаю, аблажацца.
Творчасьць нашых маладых літаратараў — безумоўна, варыянт постмадэрнізму, але ж, так бы мовіць, варыянт дзіцячы. Такая творчасьць — наскрозь гульнёвая, але ж дарослыя ад такіх гульняў (Валянцін Акудовіч ня лічыцца!), найхутчэй, устрымаюцца. Гады росквіту “Бумбамліту” былі гадамі прыгожага, шчасьлівага дзяцінства беларускага постмадэрну. Покуль нечым такім займаюцца дзеці й юнакі, яны здаюцца мілымі, таленавітымі й нават геніяльнымі, калі ж адбываецца сталеньне, а мастацкія практыкі ні ў чым якасна не зьмяняюцца, гэта пачынае выклікаць зьдзіўленьне й трывогу. Ці не таму “бумбамліт” фактычна спыніў сваё супольнае існаваньне, ператварыўшыся проста ў энную колькасьць пісьменьнікаў, таленавітых і ня вельмі? Прычым, найцікавейшыя зь іх перажываюць цяпер істотную творчую эвалюцыю. Аўтар-падлетак становіцца дарослым чалавекам.
Наколькі пісьменьнікам-традыцыяналістам варта пазбавіцца навязьлівай ідэі, быццам бы яны ствараюць выключна для школьнай праграмы, настолькі маладым літаратарам-постмадэрністам трэба звыкнуцца з думкаю, што, колькі б іх сёньня ні ігнаравалі афіцыйная літаратура й калялітаратурныя ўстановы, але ж раней ці пазьней іх прызнаюць, кананізуюць ды абавязкова ўключаць у тую самую школьную праграму. Нават калі самі яны будуць супраць, саромячыся напісанага раней. Хай гэтая думка вісіць над імі дамоклавым мячом. І, можа, гэта навучыць іх — нават гуляючы — з трохі большаю адказнасьцю ставіцца да слова.
Здаецца, Бадлер заўважыў, як любяць літаратурныя крытыкі паразытаваць на ваеннай тэрміналёгіі. Мы таксама скарыстаемся з гэтай традыцыі на парадыйным (ад слова “парад”) узроўні.
Лічы, стагодзьдзе беларуская літаратура, як, зрэшты, і сама Беларусь, гналася за іншым сьветам. За лічаныя гады яна мусіла адольваць цэлыя эпохі культурнага разьвіцьця. Сёньня, калі верыць разбуральніку парыжаў Валянціну Акудовічу, гнацца больш няма за кім, бо перадавая заходняя культура — падзякуем постмадэрнізму — згубіла мэту свайго імклівага развою й таксама спынілася ў разгубленасьці. Дык, можа, дзьве акрэсьленыя вышэй “беларускія” рэтардацыі былі дарэчнымі й своечасовымі?
Закончылася гонка літаратурных узбраеньняў (як і літаратурная халодная вайна), калі мы даганялі Эўропу й сьвет ды эўрапейскі й усясьветны літаратурны працэс. Ёсьць час спыніцца для роздумаў, падумаць пра дасягнутае й крытычна ператравіць яго. Усе пляцдармы захоплены, настаў час для рэкагнасцыроўкі, бо, як сьцьвярджае вядомая показка, перш чым сказаць “гоп”, варта агледзецца, куды ты ўскочыў. Настаў час ня толькі павярхоўнага, але й глыбіннага засваеньня тых этапаў літаратурнага разьвіцьця, якія мы праскочылі сямімільнымі марш-кідкамі, не засвоіўшы як сьлед. Для беларускага літаратара пачынаецца курс маладога байца, засваеньне новых стратэгіяў, што забясьпечаць ня столькі перамогу над умоўным ворагам, колькі элемэнтарнае выжываньне паэзіі. Я, не прэтэндуючы на паўнату й аб’ектыўнасьць, паспрабую прапанаваць тры такія стратэгіі.
Ратаваньне топасам. Сучаснай беларускай паэзіі (як і нашай літаратуры наагул) не пашкодзіла б нарэшце быць упісанаю ў сыстэму ўсясьветных літаратурных топасаў, тэм, вечных вобразаў. Вандроўныя сюжэты чалавечай культуры мусяць нарэшце дабрысьці й да Беларусі, а дабраўшыся сюды,— распазнацца чытачамі як такія.
Вялікая гульня ў постмадэрнізм у беларускай літаратуры пачалася. Патэнцыйныя гульцы нават збольшага ведаюць, як бавіцца з новымі цацкамі. Вось толькі саміх гэтых цацак покуль што катастрафічна бракуе. Ёсьць шмат аўтараў, гатовых да пародыяў, цытацыяў, стылізацый, перайманьняў ды іншых спосабаў карыстаньня чужымі тэкстамі. Не стае саміх гэтых тэкстаў, вартых постмадэрнісцкай дэканструкцыі. Колькі можна зьдзеквацца зь беларускай савецкай літаратуры? Яна не такая ўжо й разнастайная. Ну, можна ўхваліць мілую сэрцам нямецкую мову (былі ж і ў немцаў свае Танкі!), можна аздобіць “Хлопчыка й лётчыка” мацернай лаянкай. Што яшчэ? Кпіць з таго, як і чым пахне чабор, ствараць эратычную эпапэю “На простынях”? А далей? Трэба выйсьці ў іншую плоскасьць, засвоіць здабыткі іншых літаратураў, зрабіўшы іх сваімі, сутыкнуць Кракаў і Ракаў, “Атэла” й Янку Маўра, Рабле й Рублеўскую, Акутагаву й Акудовіча, Асорына й Баярына, Дантэ й Данчыка. Вось, “Міколка-Паравоз”, стылізаваны пад Джойса, гэта ўжо крута! Глядзіш, сучасны чытач і да “Хаўтур па Фінэгану” пацягнецца, а можа — чаго ў сьвеце ні бывае! — і Міхася Лынькова прачытае. І ня так ужо й істотна, ці зрабіла покуль беларуская літаратура нейкія там адмысловыя постмадэрнісцкія адкрыцьці, ці проста які ўжо раз вынайшла ровар. Важна, што гэты ровар яна атрымала і самы час навучыцца на ім езьдзіць.
Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. Згадайма кнігу “Шалёны вертаградар” і асабліва пазьнейшыя паэмы Міхася Баярына. Паэт выгодна атабарыўся й утульна пачуваецца ў прасторы ўсясьветнай культуры — зусім не пакідаючы пры гэтым беларускай. Абмяжуемся адным прыкладам зь “Лістоў да беларускага сябра”:
Бачыць цябе, мой Аргус, неяк няма жаданьня.У непадрыхтаванага чытача пачынаецца лёгкая запамарока ад розных літаратурных сабачых вобразаў. Згадваецца сабака Адысэя, што першым пазнаў гаспадара, калі той вярнуўся на родную Ітаку. Недзе лунае водгульле разьвітальнай песьні Чайльд-Гарольда: “…І пёс, павыўшы ля вуглоў,/Чужым служыць пачне./Калі ж вярнуўся б я дамоў —/Парве ў шматкі мяне” (пераклад У.Дубоўкі[2]). Але тут, скажа нехта, ні з пушчы ні з поля, мяняецца мянушка адрасата: замест Аргуса зьяўляецца Жэк. Чаму ні з пушчы? Менавіта з Пушчы, зь Язэпа Пушчы, бо тут алюзія на ягоны верш “Ліст да сабакі”. Менавіта ў ім зьяўляецца параўнаньне сабакі Жэка з адысэеўскім Аргусам і гучыць рэфрэн-заклінаньне, просьба вартаваць родную хату[3]. Просьба, якой баярынскі Жэк-Аргус ня выканаў.
Галоўнае, што сёньня перашкаджае ў засваеньні ўсясьветнай топікі,— адсутнасьць пераважнай бальшыні літаратурных першаўзораў у беларускім перакладзе й відавочная слабасьць многіх наяўных перакладаў. Наша сучасная літаратура бадай што ня дасьць сабе рады без зьяўленьня, так бы мовіць, “сынтэтычных” постацяў паэтаў-перакладчыкаў, здольных да кангеніяльнага перастварэньня шэдэўраў па-беларуску. Сярод паэтаў старэйшага пакаленьня такая постаць ёсьць — гэта Алег Мінкін. Сярод маладзейшых, на маю думку, шмат абяцаюць як паэты-перакладчыкі Серж Мінскевіч і Максім Шчур. Далучайцеся! Вытанчаныя літаратурныя гульні ў Шэксьпіра стануцца магчымымі адно на падставе прысутнасьці ўсяго Шэксьпіра па-беларуску. Бяз гэтага, што б ні казаў, скажам, постмадэрністы мэтр Том Стопард пра сьмерць Разэнкранца з хаўрусьнікам, беларускаму чытачу гэта застанецца глыбока па Гільдэнстэрну.
Ратаваньне формаю. Сёньняшняму літаратару катастрафічна не стае дысцыпліны формы. Абсалютызацыя свабоды творчасьці вядзе да таго, што прамоўленае паэтам слова стаецца ўсё больш выпадковым, і вершы літаральна распаўзаюцца па швох. Наіўнаму аўтару няўцям, што абсалютнай свабоды ў творчасьці няма й быць ня можа. Бо любая творчасьць — гэта заўсёды пераадоленьне цяжкасьцяў, немаведама чаму штучна створаных сабе самім аўтарам. Кожны творца, выпрабаваны гулец у літаратуру, стварае сабе неймаверна складаныя правілы гульні, заганяе сябе ў глухі кут, глыбокі цэйтнот і г.д., каб потым кожнага разу з бляскам выкарасквацца з гэтай амаль безвыходнай сытуацыі. Тым жа, хто кажа пра скампрамэтаванасьць традыцыйнай формы ў сёньняшніх умовах, можна запярэчыць так: рымуйце сьмела, вашую прадукцыю не пераблытаюць з рэклямнымі слёганамі: яны ў гэтай краіне ствараюцца на іншай мове.
Зыходзячы з гэтага, мяне ня можа ня цешыць тэндэнцыя да фармальна “складаных” паэтычных жанраў, якая пачынае накрэсьлівацца сёньня. Тут можна згадаць і “танкістаў” ды “хакеістаў” (ад словаў “танка” й “хоку”) беларускай літаратуры (А.Глёбус ды інш.), і практыкі стварэньня каліграмаў (“Помнік з гукавым афармленьнем” Сержа Мінскевіча, экспэрымэнты Арцёма Кавалеўскага), і зварот да такога фармальна “жорсткага” жанру, як лімэрык (аўтар гэтых словаў, С.Балахонаў, Максім Шчур, які зрабіў першы пераклад “Бязглузьдзіц” Эдварда Ліра з ангельскай). Гэта й — вяршыня пераадоленьня складанасьцяў — паліндромныя паэмы Віктара Жыбуля. Гэта й санэты. Шмат санэтаў. Праўдзівае ўварваньне санэтаў у беларускую літаратуру. Можна згадаць адразу некалькі санэтных цыкляў, апублікаваных за апошнія год—два,— “Юрлівыя санэты” Юрася Пацюпы, што проста віруюць экспэрымэнтатарствам і стракацяць удалымі знаходкамі, “Мінскія санэты” Сержа Мінскевіча, якія ёсьць таленавітаю парафразай да міцкевічавых “Крымскіх”, “мудрагелістыя санэты” аўтара гэтых словаў.
Ратаваньне рэальнасьцю. Карыстаючыся новымі літаратурнымі сродкамі, заўтрашняя паэзія — зусім як учорашняя — мусіць навучыцца рэагаваць на падзеі навакольнага (у тым ліку, беларускага) сьвету. Паэту давядзецца згарманізаваць свой суб’ектыўны мастацкі досьвед з тою рэальнасьцю, якая вядома й яго патэнцыйным чытачом. Кажуць, нібыта постмадэрнізм адрынае якія-колечы ўнівэрсальныя вартасьці, якія-колечы сыстэмы каардынат, падвяргаючы ўсё татальнаму сумневу й іроніі. Разам з тым, чуткі пра сьмерць усяго здаюцца мне перабольшанымі. Надыход кожнай новай эпохі ў гісторыі культуры суправаджаўся глыбокім сьветапоглядным крызысам, скепсысам што да звыклых “напрацаваных” мадэляў засваеньня сьвету й радыкальнымі зьменамі ў мастацкай камунікацыі. І сёньняшняя Вялікая Рэтардацыя — нічым не трагічнейшая, скажам, ад эпохі Шэксьпіра, калі паміралі ідэалы Рэнэсансу, альбо эпохі “fin de siйcle” зь ейным дэкадэнцкім сьветаадчуваньнем.
Постмадэрнізм як мастацкая мова не адрынае ўнівэрсальных каштоўнасьцяў, а проста з скепсысам глядзіць на ўчорашнія й адно пачынае намацваць заўтрашнія. Больш за тое, беларускі постмадэрнізм дэманструе прагу, кончую патрэбу гэтых каштоўнасьцяў. “Сонца нам дапаможа” — сьпявае сёньняшні беларус, не знайшоўшы пад рукою іншай дапамогі. Альбом “NRM” “Тры чарапахі” — гэта ні што іншае, як наіўнае й прыгожае ў сваёй наіўнасьці жаданьне знайсьці гэтыя стопрацэнтныя вартасьці, гэтыя надзейныя арыентыры; жаданьне, дадамо, выказанае дасканалаю постмадэрнісцкаю мовай:
Не было Галілея і Боба Марлея,А калі вельмі прагнеш выпрацаваць нейкую ўнівэрсальную ідэю, якая вытлумачыла б усё іншае, яна абавязкова зьявіцца. Покуль жа, з браку такой супэрідэі, можна абвесьціць найвышэйшаю вартасьцю новай літаратуры ейнага чытача. Што можа быць істотней у нашай літаратурнай сытуацыі за чытача альбо слухача — ужо хаця праз іхную нешматлікасьць? Чытач літаратуры як рэдкі ў прыродзе від стаецца каштоўнасьцю, за якую трэба змагацца, таму хоцькі-няхоцькі давядзецца адпавядаць чытацкім чаканьням і запатрабаваньням, узьнімаць і вырашаць пытаньні, якія яго хвалююць. Не баючыся выказваць яму ў твар непрыемныя ісьціны пра яго самога, паступова пазбаўляючы “ружовых сопляў” старой рыторыкі, прывучаючы да новай, покуль не да канца яму звыклай паэтычнай мовы й вучачы яго глядзець і бачыць жыцьцёва важныя рэчы там, дзе, здавалася б на першы пагляд, шаленец-постмадэрніст проста бавіцца дзіўнаватаю гульнёй.
Вось жа, нечаканым наступствам Вялікай Рэтардацыі сталася тое, што ўсе мы атрымалі час, каб зьдзейсьніць пералічанае вышэй; сучасная беларуская літаратура атрымала час на тое, каб нарэшце адбыцца. Неяк так павялося, што адзнакаю добрага тону сярод постмадэрністых лічыцца спасыланьне на Хорхэ Луіса Борхэса. Не адстаючы ад моды, мы таксама згадаем ягоную навэлу “Тайнае дзіва”. Герой твору, праскі пісьменьнік Ярамір Хладык, засуджаны фашыстамі на сьмяротнае пакараньне, зьвяртаецца да Госпада з просьбаю, каб Усемагутны адцягнуў выкананьне прысуду на адзін год: літаратар яшчэ ня скончыў галоўнай, а магчыма, і адзінай справы свайго жыцьця — не дапісаў сваёй вершаванай драмы. І здарыўся цуд: сярод расстрэлу час раптоўна спыніўся. “Рулі былі скіраваны на Хладыка, аднак людзі, што мусілі забіць яго, ня рухаліся. Рука сэржанта скамянела ў незавершаным жэсьце. На каменнай пліце спыніў свой палёт цень пчалы. Вецер таксама застыў, нібы на карціне…” Пісьменьнік атрымаў у падарунак цэлы год часу ў сваім суб’ектыўным вымярэньні. Кулі не паляцяць у яго, аж покуль ён ня скончыць свайго шэдэўру. І ён апантана ўзяўся за працу. “Ён працаваў не для нашчадкаў — піша Борхэс — нават не для Бога, чые літаратурныя густы былі яму невядомыя”. Ён працаваў для сябе, бо толькі завершаная драма рабіла б яго жыцьцё недарэмным. Вось ён амаль што скончыў, заставалася знайсьці апошні эпітэт, вось ён адшукаў яго. І чатыры кулі звалілі яго на зямлю.
Чым ня прыклад бліскучай мастацкай рэтардацыі? Своечасова ўзятай паўзы, якой, да таго ж, удала скарысталіся. Так і зь беларускай літаратураю, якая атрымала шчасьлівы, хоць і нічым не заслужаны тайм-аўт. Час перавесьці дых, азірнуцца навокал і дарабіць усё, на што раней — у пагоні за культурнымі прывідамі — не ставала ні сіл, ні часу. Замест марнай і няплённай злараднасьці (вось, маўляў, і найлепшыя, найбагацейшыя літаратуры аказаліся ў глыбокім крызысе!) трэба паспрабаваць выкарыстаць свой шанец — давесьці да ладу ўласную літаратурную гаспадарку, прывесьці яе ў адпаведнасьць нават не з хуткаплыннымі замежнымі літаратурнымі павевамі й модамі, а із стопрацэнтна бясспрэчнымі вяршынямі ўсясьветнага пісьменства, выпрабаванымі часам і вандроўкамі зь літаратуры ў літаратуру. Добра й карысна узгодніць час ад часу свой стыль з манераю пісьма польскіх, расейскіх, украінскіх альбо францускіх калег, але гэта ня вельмі складана. Значна цяжэй бесстароньне зірнуць на свае опусы, перачытаўшы Шэксьпіра альбо Бадлера. З таго, што кожны Парыж (Карфаген, кожная пабудова наагул) мусіць быць разбураны, яшчэ не вынікае, што трэба канчаткова ўхіліцца ад неабходнасьці збудаваць хоць нешта сваё. Французы, прынамсі, уласны Парыж мелі. А мы рызыкуем застацца адно пры сваіх беспадстаўных трызьненьнях Вільняю. І нават калі гэтая звышурочная праца, гэты суботнік беларускай літаратуры, да якога я вас усіх заклікаю, не прынясе вялікага плёну ні нам, ні засталаму сьвету, ні нашчадкам, ані нябеснаму чытачу, нават калі ўсе нашыя падмуркі й муры, часам ліцэі, а падчас і калегіюмы, калідоры, калізэі (а калі й парфэноны) абрынуцца, як картачныя дамкі, прынамсі, у памяці застанецца нешта, пра што можна будзе згадваць бяз сораму. Расстраляць нас — мэтафарычна альбо й без мэтафараў — заўсёды пасьпеюць, але покуль, шчыра кажучы, мы шчэ не заслужылі такога гонару што да сваіх пэрсонаў, так што ня трэба баяцца чалавека з ружжом, нават калі яно вісела на сьцяне ў першым акце! Як слушна адзначыў Хадановіч:
Будуйма! А падтрымкай нашым буднямСтварайма. З намі дагэтуль нястрачаныя вартасьці й неўміручыя каштоўнасьці, героі мінулага й супэргероі цяперашняга, Шварцэнэгер і Чакраборці, “Манчэстэр Юнайтэд” і Міхаэль Шумахер, Дыснэй і пакемоны. Яны змагаюцца на нашым баку. Яны нам дапамогуць. Яны любяць нас.
2001 г.
[1] Вядзьмак-Лысагорскі Ф. Сказ пра лысую гару. —Мн., 1991. —С. 17.
[2] Байран Дж. Г. Лірыка. —Мн.: Маст. літ., 1989. —С. 117.
[3] “Вартуй, вартуй лепш хату да расьсвету”, // Вартуй, мой дружа, родны ганак”, // Чужыя людзі ходзяць каля склепа.// Пільнуй!”Пушча Я. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. —Мн.: Маст. літ., 1993. —С. 113, 117.