Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


Логас - Беларусь як філязофская й мэтадалягічная праблема

Беларусь як ідэя, як аб’ект думаньня, як нешта, існаваньне чаго нам яшчэ належыць давесьці,— такая пастаноўка пытаньня нават у калег аўтара, знаёмых з хадою ягоных думак, часам выклікае непаразуменьне й гіронію. Што й казаць пра тое, як гэткая пастаноўка можа быць сустрэта сучаснай грамадзкай думкай у Беларусі (у эмпірычнай Беларусі, існаваньне якой не патрабуе доказаў ды абгрунтаваньняў)? Нацыяналістычная інтэлігенцыя кіруецца сьветапоглядам наіўнага рэалізму; для яе існаваньне Беларусі несумненнае праз прысутнасьць некаторых відавочных рэчаў: пятай графы ў анкетах, бел-чырвона-белага сьцягу на адміністрацыйных будынках і г.д. Сама ж спроба сумневу ды пошуку доказаў існаваньня Беларусі можа быць успрынята носьбітамі такога сьветапогляду як абраза альбо правакацыя. Тое, што побач існуе альтэрнатыўны сьветапогляд, які таксама сыходзіць з наіўнага рэалізму ды адмаўляе існаваньне Беларусі на падставе іншай відавочнасьці (татальная адсутнасьць беларускай мовы ва ўсіх жыцьцёва важных сфэрах ужытку, марыянэткавасьць ды цацачнасьць беларускіх уладаў, сацыялягічныя апытаньні, што сьведчаць пра жаданьне беларусаў вярнуцца ў Расею, корань “рус” у імені беларусаў і яшчэ большы “корань” у іхнай самасьвядомасьці) нацыяналістамі ў разьлік не прымаецца. А іхнымі апанэнтамі не прымаюцца пад увагу довады саміх нацыяналістаў.

Сытуацыя ўзаемавыключэньня двух комплексаў відавочнасьці можа суіснаваць колькі заўгодна, калі мы не пачнем “думаць Беларусь”.

Гэты тэкст не пра эмпірычную Беларусь, і, тым, хто задавальняецца відавочнасьцю, чытаць яго ня мае сэнсу.

***

Беларусь — праблема. Такая фармулёўка зьявілася у выніку разважаньняў аўтара пра Беларусь, а таксама рэфлексіяў адносна шматлікіх гутарак, спрэчак і дыскусіяў на гэтую тэму, у якіх аўтару давялося ўдзельнічаць. Калі ня ставіцца да словаў легкадумна, меркаваньне, выказанае фразай: БЕЛАРУСЬ — ФІЛЯЗОФСКАЯ Й МЭТАДАЛЯГІЧНАЯ ПРАБЛЕМА, актуалізуе комплекс сэнсаў, пытаньняў і сумневаў, што адкрываюць новыя магчымасьці стаўленьня да геаграфічнага, культурніцкага, гістарычнага й палітычнага фэномэну, які мы называем Беларусьсю.

Першыя разважаньні аўтара пра Беларусь можна датаваць пачаткам 70-ых гадоў, калі гэтая тэма каго й цікавіла, дык ня дзеля адкрытага абмеркаваньня на прынцыповым філязофскім узроўні.

Пачнем з аналізу самога пытаньня. Што азначае прыпісваньне нейкай рэчы, пайменаванай імем уласным, статусу праблемы? Як трэба разумець лягічную канструкцыю ці цьверджаньне, якое складаецца зь лягічнага суб’екту, выражанага імем уласным, і прэдыкату, выражанага фармальнай катэгорыяй, якая ужываецца стасоўна аб’ектаў думкі ці паняткаў або ідэяў? Што можа значыць выраз: Беларусь ёсьць праблемай?

Першая магчымая канстатацыя выяўляецца з разгляду Беларусі не як рэчы, дадзенай пачуцьцёва, і не як відочнай рэчы, надзеленай статусам натуральнага, непасрэднага быцьця, а як ідэі. Ці існуе Беларусь як ідэя, як тое, што даступна ня толькі досьведу пражываньня й дзейнасьці, але разумовасьці, розуму й лёгіцы? Гэткім чынам, калі нешта бярэцца ў якасьці філязофскай праблемы, патрэбны доказы быцьця ці існаваньня, або небыцьця й неіснаваньня, а таксама неабходны й дастатковыя ўмовы гэтага быцьця або небыцьця. Сумневы й доказ быцьця й існаваньня ідэі, аб’екту думкі й дзейнасьці складае онталягічны бок філязофскай праблемы, але ёсьць яшчэ й бок прагматычны. Гэта крытыка й аналіз тэхналягічнай, аксыялягічнай і этычнай рэальнасьцяў існаваньня аб’екту. Папросту кажучы, калі прынцыповае існаваньне Беларусі абгрунтаванае, дык каму й навошта гэтае існаваньне патрэбнае, і што яно значыць для жыцьця, думаньня і дзейнасьці чалавека? Чым і як адрозьніваюцца жыцьцё і дзейнасьць людзей пры існаваньні ці неіснаваньні Беларусі? Пакуль што, не паглыбляючыся ў аніякія філязофскія й лягічныя разважаньні датычна існаваньня Беларусі, адкажам так: калі б Беларусі не існавала — яе варта было б прыдумаць.

Мэтадалягічны модус праблемнасьці існаваньня патрабуе, аднак, іншай пастаноўкі пытаньня: што й як можна рабіць з аб’ектам, узятым пры неабходных і дастатковых умовах ягонага існаваньня, у ягонай “прысутнасьці” (dasein) адносна той ці іншай дзейнаснай пазыцыі? Як яго можна й трэба мысьліць? Мэтадалягічная прагматыка раскладаецца тут на розныя фрэймы падыходаў і арыентыраў. Беларусь можна мысьліць у рамцы выжываньня (тым самым актуалізуецца ўсё, што зьвязана зь цяжарам Чарнобылю й фабійным архетыпам генацыду Другой усясьветнай вайны), у рамцы разьвіцьця, а таксама ў рамцы (фрэйме) антыімпэрскага стаяньня Вялікага Княства Літоўскага на ўсходняй мяжы хрысьціянскага сьвету й эўрапейскай цывілізацыі. У кожным з гэтых фрэймаў Беларусь будзе мысьліцца па-рознаму.

2. ФІЛЯЗОФСКАЯ ПРАБЛЕМА

На пачатку ўдакладнім, як у думаньні можна мець справу з адзінкавымі аб’ектамі. З часоў Арыстотэля вядома, што лёгіка, думаньне ды веды скіраваны на ўсеагульнае й унівэрсальнае. Аналітыкі й Топіка Арыстотэля, разглядаючы простае меркаваньне кшталту А ёсьць Б, трактуюць квантар “ёсьць” або “быць” як тое, што задаецца па-рознаму. У кірунку ад суб’екту да прэдыкату квантар “ёсьць” трактуецца як прыналежнасьць да клясы аб’ектаў, надзеленых статусам існаваньня, а ад прэдыкату да суб’екту — як падвядзеньне пад панятак, што толькі й надае лягічнаму аб’екту статус рэальнага існаваньня. Конь ёсьць жывёлінай, ён ёсьць таму, што ён ёсьць жывёліна. Калі мы глядзім на Буцэфала ды распазнаем у ім каня, ён і ёсьць конь, але асновай ягонага конскага існаваньня зьяўляецца прыналежнасьць коней да клясы паняткаў — жывёлы.

Сувязь фармальнай аналітыкі з онталёгіяй ня дужа ўцямная без уяўнага экспэрымэнту з выкарыстаньнем арыстотэлеўскай сылягістыкі як адзінага сродку антычнага мысьліўнага экспэрымэнтаваньня. Уявім сабе, што Буцэфала ўводзяць у склад Сэнату. Сэнатар ёсьць патрыцый. Патрыцый ёсьць рымлянін. Рымлянін — чалавек. Сэнатар — чалавек. Буцэфал — сэнатар. Чалавек ня ёсьць жывёлінай. Сэнатар ня ёсьць жывёліна, але тады й Буцэфал не жывёліна й, натуральна, ня конь. Калі некаторыя сэнатары, зразумела, ня зьяўляюцца коньмі.

З такім прыватна-станоўчым ці прыватна-адмоўным меркаваньнем грэкі й рымляне не маглі пагадзіцца (інакш былі б зруйнаваны іхныя і космас, і таксыс — натуральны парадак сьвету й штучны парадак поліса-дзяржавы). Арыстотэль разумеў, што спосабы й мэтоды думаньня, выкладзеныя ў ягоных трактатах, ня здольны выбавіць ад такіх парадоксаў. Адзінае выйсьце з гэтай сытуацыі, якое ён мог прапанаваць, гэта забарона: на выкарыстаньне імёнаў уласных у пабудове цьверджаньняў; і адзінкавых аб’ектаў, што азначаюць гэтыя імёны, у мысьленьні. Грэкі й рымляны імкнуліся не парушаць гэтыя забароны, але ў сярэднявеччы на іх забыліся. Пасьля распаду антычнай цывілізацыі недавучаныя лёгікі сталі разглядаць як правамоцныя меркаваньні кшталту: Сакрат — гэта чалавек, а Буцэфал — конь, што было абсурдным і наіўным з пункту гледжаньня Арыстотэля. Тое ж выглядае абсурдным і наіўным адносна меркаваньня: Беларусь — дзяржава (або рэспубліка, або тэрыторыя й г.д.). Арыстотэль дакладна ведаў: Аляксандар можа асядлаць Буцэфала й скакаць на ім, можа мысьліць каня (яшчэ лепей — конскасьць), але ня можа асядлаць конскасьць і мысьліць Буцэфала. І, адпаведна, тое, чаго нельга мысьліць, не існуе ў рэальнасьці.

Але сярэднявечныя схалясты цікавіліся не Буцэфаламі. Іх цікавіў Бог. Для грэкаў Бог быў агульным паняткам: Бог існаваў як ідэя, як боскасьць, а Зэўс, Дыяніс ды іншыя — гэта аб’екты пакланеньня й забабонаў. Калі заўгодна можна пакланяцца й Буцэфалу, дакладней, у вобразе Буцэфала пакланяцца боству. З хрысьціянскім Богам гэтак рабіць нельга. Онталягічны доказ быцьця Бога ( паколькі можна памысьліць боства, то з гэтага яно можа выступаць прэдыкатам у меркаваньні: нешта ёсьць боствам, адпаведна, боства зьяўляецца асновай існаваньня гэтага нешта ў якасьці боства, адпаведна, боства існуе ў рэчаіснасьці) з фармальнага лягічнага боку задавальняў схалястаў. Але такі доказ ня мог адказаць на пытаньне: чаму неабходна верыць у Бога Старога й Новага Запаветаў і ня трэба верыць у Зэўса ці Ваала? Калі Бог Запавету існуе праз онталягічны доказ быцьця Бога, дык гэткі ж статус і ў Ваала, а калі Бог існуе бяз доказаў, дык якая вартасьць гэтых доказаў? Ці існуюць у такім выпадку самі ідэі? Бог ёсьць, гэта відавочна па веры (гл. апалягетыку Тэртуліяна: credo cum absurdum est), але ці існуе ідэя Бога, ці рэальна існуе боскасьць?

Асноўным вынікам абмеркаваньняў праблемы ўнівэрсаліяў сталася, аднак, не вырашэньне гэтай праблемы, а інтэнцыяльны паварот розуму ад унівэрсаліяў да іх экзэмпліфікатаў, да адзінкавых праяваў усеагульнага. Схема лягічнага меркаваньня засталася, тым ня менш, ранейшай: А ёсьць В. Як засталося пытаньне аб ісьцінасьці кожнага такога меркавньня, зьмяніліся, праўда, скіраванасьць і зьмест развагаў пра тое, што стаіць за суб’ектам і прэдыкатам лягічнага меркаваньня. Калі А — рэальны Бог (адзіны ў трох асобах), а Б — сапраўдны Бог, дык што тады азначае тоеснасьць першага й другога (г.зн., што Бог ёсьць Бог)? Ці сапраўдная гэтая тоеснасьць? У такой пастаноўцы пытаньня квантар існаваньня ня можа разглядацца як падвядзеньне рэальнага экзэмпліфікату пад сапраўдны панятак без дасьледаваньня суб’екту лягічнага меркаваньня, а прэдыкат меркаваньня ня можа болей выступаць асновай існаваньня суб’екту.

Калі невядома, ці існуе ідэя боскасьці, дык як мы можам ведаць, што тое, ува што мы верым, ёсьць менавіта тым, ува што мы верым, а менавіта, што Бог — гэта Бог? Пасьля схалястыкі квантар “ёсьць” у агульна-лягічных цьверджаньнях перастаў быць асымэтрычным. А цьверджаньні зрабіліся гіпотэзамі й перасталі быць адказамі й элемэнтамі доказаў. Адгэтуль і суб’ект, і прэдыкат лягічнага меркаваньня існуюць толькі як магчымасьць, а іх рэальнасьць і аб’ектнасць заўсёды застаецца пад пытаньнем.

Са зьяўленьнем навукі, праца ў прасторы рэальнасьці з аб’ектамі рэчаіснасьці патрабавала іншых, чым у схалястыцы, мэтадаў. Таму мэтадолягі навукі (ад Галілея, Бэкана, Дэкарта да Попэра й Фаерабэнда) распрацавалі новыя падыходы да старых праблем. У рэфлексіі Гегеля ўвесь мэтадалягічны плян афармленьня навукі як працы з экзэмпліфікатамі, адзінкавымі аб’ектамі, аформіўся як мэтад узыходжаньня ад абстрактнага да канкрэтнага, або, у нашых тэрмінах, ад унівэрсальнага да экзэмпліфікаванага. Аднак, у поўнай адпаведнасьці з гегелеўскай вэрсіяй дыялектычнага разьвіцьця па сьпіралі, мэтад узыходжаньня ад абстрактнага да канкрэтнага на новым вітку паўтарае тое, што казаў пра магчымасці мысьленьня Арыстотэль. Абстрактнае тут выступае асновай існаваньня канкрэтнага. А прынцып фальсыфікацыі Карла Попэра паўтарае сумневы схалястаў-наміналістаў у рэальнасьці ўнівэрсаліяў. Паводле Попэра, навука, сутыкаючыся з існаваньнем адзінкавага, праблематызуе зьмест абстрактнага й унівэрсальнага ў рэальнасці. У сваю пару грэкі, схалясты-рэалісты й сцыентысты-рамантыкі ў сытуацыях, калі тэорыя й факты, абстрактнае й канкрэтнае супярэчылі адно адному, казалі: тым горш для фактаў, дык пасьля Попэра й Куна гэтак сказаць ужо не выпадае. З чаго выклікаюцца да жыцьця новы наміналізм і новая пастаноўка праблемы адзінкавага й універсальнага, а таксама ставіцца праблема мэтаду працы з адзінкавым, думаньня пра яго.

У арыстотэлеўскім, рэалістычным і навуковым мысьленьні адзінкаваму й экзэмпліфікаванаму адводзіцца строга фіксаванае месца й задаюцца вузкія рамкі існаваньня. Экзэмпліфікат трапляе ў прастору мысьленьня толькі як прыклад, казус, прэцэдэнт альбо факт назіраньня, які ўзбуджае, арганізуе й скіроўвае думку да ўсеагульнага й унівэрсальнага. Мысьленьне падводзіць экзэмпліфікат пад унівэрсалію, тым самым зьнішчаючы яго як нешта ўнікальнае, адзінкавае. Пошук адзінкавага й мэтад асягненьня ўнікальнага ды экзэмпліфікаванага пераўтвараецца ў бясконцую сызыфаву працу, у дурную дыялектыку. Схема выйсьця з гэтага кола, аднак, існуе. Сфармулюем яе коратка на мове гэтага фрагмэнту (г.зн. на мове схалястаў).

Рэалістычная ўстаноўка можа быць рэпрэзэнтавана тут у форме першай інтэнцыі (іntentia prima), сэнс якой у пакладаньні аб’ектаў у прастору сапраўднага існаваньня, альбо ў зьмяшчэньні й напаўненьні ядраў зьместу ў зададзеных рамках. Наміналістычная ўстаноўка, адпаведна, прадстаўляецца як другая інтэнцыя (intentia seconda), ейным сэнсам зьяўляецца пакладаньне новай рэчаіснасьці (або рэальнасьці — у канкрэтна гістарычнай вэрсіі гэтага зьмяшчэньня), або пакладаньне (вынаходніцтва) рамак і рамкавых канструкцыяў, у якіх могуць зьяўляцца ядры зьместу пры звароце да першай інтэнцыі й да рэалістычнай устаноўкі. Такім чынам, праблема існаваньня ўнівэрсаліяў і экзэмпліфікатаў пераводзіцца ў арганізацыйна-дзейнасны плян і можа быць сфармулявана як задача камплексаваньня й замыканьня адна на другую першай і другой інтэнцыяў, рэалістычнай і наміналістычнай установак. Адпаведна, мэтапрастора, у якой магчымае гэткае камплексаваньне й канфігураваньне інтэнцый і ўстановак, разглядаецца як утрымальніца трох падпрастораў: 1) парадыгматыкі — прасторы зьмяшчэньня зьмястоўных ядраў — аб’ектаў рэчаіснасьці й рэальнасьці; 2) сынтагматыкі — прасторы рамкавых і фармальных, а таксама зьмястоўных або аб’ектавых лёгікаў і моваў і 3) прагматыкі — прасторы зьмяшчэньня саміх рамак, установак і інтэнцыяў, мэт, каштоўнасьцяў і задач. Пра тое, як гэта ўсё можа быць зарганізавана, у якім космасе й у якім таксысе рэалізавана, будзе весьціся ніжэй, калі гаворка пойдзе пра тое, ці усьведамляецца Беларусь як рэальнасьць і рэчаіснасьць.

3. МЭТАДАЛЯГІЧНАЯ ПРАБЛЕМА

Ці можна лічыць вынікам дзейнасьці тое, чаго не было ў ёй у якасьці мэты? Бо мэта — гэта вынік, вынесены на пачатак працэсу дзейнасьці, а вынік — гэта рэалізаваная мэта з дапушчальнымі адхіленьнямі. Калі тое, што атрымалася ў пэўным працэсе, не супадае з выточнай задумай, з мэтай, дык яно, хутчэй, вынік выпадковых працэсаў, што працякаюць адначасова зь дзейнасьцю, але не зьяўляюцца ёю.

Гарбачоў, ладзячы Перабудову, ня ставіў сабе за мэту сувэрэнную Беларусь. Бразаўскас, Ельцын ды іншыя, хто паспрыяў хутчэйшаму аб’яўленьню незалежнасьці сваіх краін, менш за ўсё думалі пра Беларусь. Пазьняк, БНФ, ЦРУ, сыёнскія мудрацы й іншыя нагэтулькі ж мала вінаватыя ў незалежнасьці Беларусі, як і Кебіч, што падпісаў “за кампанію” пагадненьне ў Віскулях (у адрозьненьне ад Шушкевіча, які зрабіў гэта сьвядома). Як жа разабрацца, што прывяло да незалежнасьці краіны, існаваньне якой не было мэтай людзей, чые дзеяньні можна аналізаваць? Бо калі гэтага не зрабіць, застаюцца толькі тры варыянты:

1. кожны летуценьнік можа прыпісаць сябе сувэрэнітэт Беларусі як вынік уласных намаганьняў;

2. гэта чыстая выпадковасьць (гэткі сувэрэнітэт “з ружовай паласой на белым палатне”);

3. была на гэта Боская воля.

Камусьці можа быць дастаткова любога з гэтых трох вытлумачэньняў, але мысьленьне ня можа быць імі задаволена. Хаця трэці варыянт аўтару цалкам сымпатычны, бо спазнаньне задумы Божай заўсёды было задачай, вартай разумовага напружаньня.

Калі шахматысты пачынаюць партыю, мэтай кожнага зь іх зьяўляецца выйгрыш. Аднак гульня можа скончыцца патам.

Пат не зьяўляецца мэтай на пачатку гульні, але можа быць ейным вынікам, можа быць найменшым злом для слабога шахматыста, і тым самым прынесьці яму радасьць. Гульня — ня дзейнасьць, яна адрозьніваецца ад дзейнасьці тым, што немагчыма прадказаць ейны вынік. (Тут я ня маю на ўвазе гульні, пра якія дамаўляюцца, а разглядаю гульню як такую.) Калі адрозьненьне гульні, дзейнасьці абазначыць больш выразна, дык можна сказаць, што ў якасці дзейнасьці мысьленьне разглядае тое, што мае толькі два фіналы: дасягненьне мэты альбо супадзеньне мэты, выніку, і недасягненьне, то бок памылка; а як гульню мысьленьне разглядае ўсе тыя праявы чалавечай актыўнасьці, якія маюць больш за два магчымыя вынікі.

Пададзенае адрозьненьне гульні й дзейнасьці прымушае зьмясьціць гульню й дзейнасьць у розных сэгмэнтах мысьленьня. Дзейнаснае й гульнёвае апісаньне аднаго й таго ж фэномэну, аднак, не замяняюць і не адмняюць адно аднаго, але ў сьвеце чалавечага быцьця й антрапалягічных адносінаў яны заўсёды няпоўныя й недастатковыя адно без другога.

Рэспубліка Беларусь аб’ектна й прадметна апісваецца ў тых жа самых схемах і панятках, што й Рэспубліка Польшча ці Літоўская Рэспубліка, але мы анічога не зразумеем пра рэальнае быцьцё Беларусі, калі ня будзем улічваць той факт, што Літоўская Рэспубліка — гэта посьпех, перамога, дасягненьне, выйгрыш летувісаў, а Рэспубліка Беларусь — няшчасьце, непажаданы вынік, пройгрыш у сьвядомасьці шмат якіх беларусаў. З тым, што пажадана, і з тым, што ёсьць цяжарам, людзі абыходзяцца зусім па-рознаму.

***

Апісаньне аб’ектаў у антрапалягічнай або гульнёвай рэчаіснасьці мяняе сэнс і значэньне шмат якіх аспэктаў ды пытаньняў, якія могуць быць зададзены стасоўна аб’екту. Прыкладам, пытаньне “хто вінаваты” губляе сэнс адносна гульні, паколькі адказнасьць за гульню разьмеркавана паміж усімі ўдзельнікамі. Дзіўна было б, каб праціўнік не скарыстоўваў памылкі, пралікі партнэра й недастатковае веданьне ім правілаў. Суб’ектыўны фактар — веды, умельствы, тэхніка, здольнасьці — стаецца вызначальным у апісаньні фактаў, падзеяў і працэсу гульні.

Аб’екты дзейнасьці й гульні адрозьніваюцца ад прыродных аб’ектаў інтэнцыяльнасьцю або папросту — намерамі. Бог і прырода вычварныя, але не зламысныя. Прыродныя аб’екты задаюцца й апісваюцца ў прыродазнаўчых навуках як незалежныя ад назіраньня й уласьцівасьцяў назіральніка. Аб’ектыўнасьць у гуманітарнай сфэры, аднак, патрабуе ўлучэньня суб’ектыўных адносінаў у карціну або схему аб’екту. Месца чалавека ў дзейнасьці задаецца пазыцыяй і нормамі дзейнасьці, якія фіксуюцца у аб’ектываваных формах як сапраўдныя для любога індывідуальнага дзеяча. Сама індывідуальнасьць як экзэмпліфікат выносіцца за дужкі, яна не апісваецца й не схематызуецца. Пра яе пытаюцца ў рамках самавызначэньня, але пры гэтым ня маецца на ўвазе, што адказ на пытаньне пра самавызначэньне можа й павінен быць дадзены ў аб’ектываванай форме. Кожная дзейнасная пазыцыя, вядомая ў культуры, характарызуецца пэўным наборам мэт, ведаў, якія належаць суб’ектывацыі сродкаў дзейнасьці. Разам з тым, пры навуковым стаўленьні да дзейнасьці даводзіцца рэгулярна сутыкацца з пазыцыямі, замацаванымі ў культуры, але не дасьледаванымі. Гэткае рэфлексійнае стаўленьне да дзейнасьці грунтуецца на тым, што рэфлексія аддзелена ад дзейнасьці, супрацьстаіць ёй і зьяўляецца той прасторай, у якой дзейнасьць аб’ектывуецца, стаецца тым, што можа трансьлявацца культурай. У пэўным сэнсе, такая аб’ектывацыя дзейнасьці атаесамляецца з дэсуб’ектывацыяй, што праяўляецца ў адчужэньні суб’ектнага ад суб’екту, з далейшай прадметызацыяй яго ў культурных эпістэмічных формах і нармаваньнем.

Гульня патрабуе іншага стаўленьня. Рэфлексія ўплецена ў гульнёвы працэс як абавязковы элемэнт. Праз рэфлексію ў гульні адбываюцца ня толькі аб’ектывацыя й апрадмечваньне дзейнасьці, ейнае нармаваньне, але й камплексаваньне індывідуальных характарыстык дзейнасьці й дзеяча. Суб’ектыўнасьць у гульні задзейнічана напоўніцу, больш за тое, яна зьяўляецца ейнай умовай.

Рэальнасьць гульні разгортваецца ў прасторы, якая мае як найменш тры вымярэньні:

1. Агульнае для ўдзельнікаў гульні поле або пляцдарм умоваў, дзеяньняў, хадоў і магчымасьцяў рэалізацыі мэт, установак, задач;

2. Карціна поля гульні або пляцдарму, апрычоная ў кожнага ўдзельніка;

3. Рэканструяваная кожным удзельнікам гульні карціна поля гульні або пляцдарму, якая ўяўна ці сапраўды ёсьць у наяўнасьці ў супраціўніка ці парнтэра.

***

У свой час на “полі Эўропы” Сталін і Гітлер (Масква й Бэрлін) разыгралі складаную гульню паміж сабою. Іхная гульня скончылася падпісаньнем пратаколу — пакту Молатава-Рыбэнтропа. Каб іманэнтнае жыцьцё Эўропы не перашкаджала падвядзеньню вынікаў гульні, былі прадпрыняты адпаведныя хады (натуралізацыя мысьленчых рэдукцыяў): — у Літве, Латвіі й Эстоніі былі ўсталяваныя марыянэткавыя ўрады (марыянэткавыя — значыць пазбаўленыя суб’ектыўнасьці, магчымасьці выяўляць сваю індывідуальнасьць). Дваццаць год гэтыя тры народы напружана разважалі, і раптам, з інтэрвалам адзін дзень, улетку 1940 году добраахвотна ўвайшлі ў склад СССР; а наўзбоч “добраахвотнікаў” была зарганізавана свая гульня — у Польшчы, Заходняй Беларусі й на Заходняй Украіне забаранілі кампартыі, каб не было лішніх сьведак з анікому не патрэбнай суб’ектыўнай рэфлексіяй. Ну, а калі Армія Краёва ў Варшаве стала “псаваць гульню”, пачаўшы незаплянаванае ў Маскве й Бэрліне паўстаньне,— Савецкая Армія спыніла свой наступ, даўшы другому гульцу час, каб прывесьці ўсё ў адпаведнасьць са сцэнарам. Няма чаго “шахматным фігурам” умешвацца ў справы шахматыстаў!

Аналягічныя дзеяньні былі прадпрыняты ў Мюнхене адносна Чэхаславаччыны й г.д. Але натуралізацыя мысьленчых рэдукцыяў магчымая толькі пры адной “маленькай” умове — пры адсутнасьці мысьленьня й саміх людзей зь іхнай суб’ектыўнай “зламыснасьцю”. Людзі могуць не пагадзіцца з правіламі гульні й, маючы “галаву на плячох”, могуць “сапсаваць усю гульню”. Менавіта таму ўлюбёным дэвізам павадыроў таталітарызму зьяўляецца максыма: “Няма чалавека, няма праблемы”. Няма чалавека — няма меры рэчаў, існых і няісных. Мара таталітарных гульцоў — краіна, населеная не людзьмі, а шрубкамі дзяржаўнай мэгамашыны. Тады вялікі гулец можа сказаць: “Я ведаю патрэбы й спадзяваньні свайго народу”.

***

Дзеля апісаньня рэальнасці гульні й пабудовы новых гульнёвых стратэгіяў патрэбна онталёгія гульні. Патрабаваньні да такой онталёгіі, пры першым ужо набліжэньні, маюць на ўвазе, што яна павінна здымаць у сабе онталёгіі “незламысных” аб’ектаў прыроды й “наўмысных” культурна-дзейнасных аб’ектаў. У такой онталёгіі аб’екты прыроды, інтэнцыяльныя аб’екты рэальнасьці, знакі й сродкі дзейнасьці павінны быць ахоплены рэфлексіяй, дзе й адбываецца камплексаваньне розных інтэнцыяльнасьцяў. Апісваючы ўжо выкарыстаныя намі, як прыклад, шахматы, Карлаў і Гік зьвяртаюцца да ўзаемадапаўняльнага апісаньня — шахматы як навука, як мастацтва й як спорт. Стасоўна да нашай праблемы экзэмпліфікатаў мысьленьня й рэальнасьці, а таксама й сапраўднасьці іхнага існаваньня, нельга абысьціся толькі выдзяленьнем тыпаў і аб’ектаў мысьленьня (навука, мастацтва, спорт або гульня); неабходна яшчэ й канструяваньне рэальнасьцяў дзеля камплексаваньня й прапісваньня стасункаў паміж імі. Абмяжуемся тут толькі намінацыяй такой онталёгіі, як “Культурная палітыка”, якая мусіць задавацца з улікам вышэйпералічаных патрабаваньняў і абставінаў. У самым грубым набліжэньні панятак “культурнай палітыкі” павінен улучаць у сябе:

Тыпы аб’ектнасьці

1. Аб’екты, сродкі й знакімы­сь­леньня

2. Аб’екты і матэрыял дзейнасьці

3. Суб’ектнасьць і індывідуальнасьць людзей, інтэнцыяльнасьць

4. Тыпы, нормы й правілы камунікацыі

5. Нормы й правілы канфігураваньня й камплексаваньня аб’ектаў дадзенай табліцы

6. Самавызначэньне гульца (палітыка й культурнага палітыка)

Тыпы мысьленьня

1. Фармальныя мовы, навуковыя ды­­­с­­цы­­пліны й лёгікі

2. Эмпірычныя навукідасьледава­ньні

3. Гуманітарныя навукі, аксыялёгія й антрапалёгія

4. Этыка й права

5. Мэтадалёгія й эпістэмалёгія

6. Рэфлексіўныя тэхнікі

Гульня — частая тэма ў філязофіі ХХ стагодзьдзя. Але ані Шастоў, ані Гесэ, ані Хайзынг не будавалі онталёгію гульні. Улюбёная тэма мінулага стагодзьдзя — барацьба, канкурэнцыя, што выступалі гранічнай рамкай мысьленьня Мальтуса, Маркса, Спэнсэра, Дарвіна, Ніцшэ й шмат каго яшчэ,— у ХХ стагодзьдзі перастала быць гранічнай і была ўведзена ў рамку гульні, каапэрацыі, дыялёгу. Хайдэгер, Шпэнглер, Бубэр, Бахцін і іншыя выходзілі на гэтую тэму. Нават Эйнштэйн рассыпаўся ў камплімэнтах Жану Піяжэ, заяўляючы, што той займаўся больш складанымі рэчамі, чым тэорыя адноснасьці,— дзіцячай гульнёй.

Тут ня месца будаваць і крытыкаваць онталёгію й тэорыю гульні (адно згадаем В.Ляфэўра і Г.Шчадравіцкага, але дзеля разбору й крытыкі іхных падыходаў знойдзем іншае месца й час). Зоймемся аналізам і разборам канкрэтнай экзэмпліфікаванай гульні “ў Беларусь”, абазначыўшы толькі неабходныя апэратары ды сродкі аналізу й разбору.

***

Гульня ёсьць гульнёю толькі тады (ці ёсьць гульнёю толькі датуль), пакуль у ёй захоўваецца магчымасьць кантакту, сустрэчы з новым, нязьведаным, чаго дагэтуль не было. Шахматная партыя сканчаецца, калі адзін з партнэраў вымушаны паўтараць адныя й тыя ж хады. Спэктакаль у тэатры здымаецца са сцэны, калі вычарпаны магчымасьці самавыражэньня трупы й рэжысэра. Гульня розуму можа разгортвацца на матэрыяле недаказанай тэарэмы Фэрма, а на матэрыяле тэарэмы Піфагора — толькі шкалярскае нудоцьце. Гульня ёсьць утрыманьнем дзьвюх рэальнасьцяў у рамках рэчаіснасьці, якая пастаянна эвалюцыянуе: рэальнасьці таго, што ўжо сталася, і рэальнасьці таго, што яшчэ становіцца. Дзіцё, гуляючыся, стаецца дарослым, спачатку дзеля забаўкі, а потым і сапраўды. Кожнае пакаленьне дзяцей, гуляючыся ў гульні дзядоў і далёкіх продкаў, прыўласьнівае, суб’ектывуе рэчаіснасьць мінулых пакаленьняў, трансьлюе традыцыю й культуру, а, гуляючыся ў новыя гульні,— стварае новы сьвет, іншы й асаблівы, зьмяняе рэчаіснасьць. Калі рэчаіснасьць закансэрвавана, пакаленьні падобныя адно да аднога, дзеці пазбаўлены станаўленьня й у сьвеце спыняецца рух.

Тое, што ўзьнікае ў гульнёвай рэальнасьці як новае й адзінае, не зьяўляецца сапраўдным. Для яго няма паняткаў, няма формаў трансьляцыі, не забясьпечаны ўмовы існаваньня. Адзінае, узьніклае ў гульнёвай рэальнасьці, застаецца ў казках і фантазіях, калі яно ня ўпісваецца ў рамкі рэчаіснасьці, не адпавядае рэальнасьці таго, што ўжо было трывала ўсталявана. Але так адбываецца толькі тады, калі мы ня ўмеем мяняць рамак, нічога ня ведаем пра рамкі канстытуяваньня рэчаіснасьці. Кідаючы ў ваду каменчыкі, глядзі на кругі, што ўтвараюцца імі,— казаў Казьма Пруткоў — інакш гэты занятак будзе пустою забаўкай.

У разьдзеле “Філязофская праблема” мы абмеркавалі тое, што зьяўляецца ўмоваю ажыцьцяўленьня, рэалізацыі й “абсапраўдваньня” экзэмпліфікаванага й выяўленага ў адзінкавым варыянце, умоваю пераходу ад прэцэдэнту, казусу, цуду да культурнага быцьця ў рэчаіснасьці й рэальнасьці. Гэтая ўмова была апісана як канфігураваньне дзьвюх установак: рэалізму й наміналізму, як камплексаваньне дзьвюх інтэнцыяў: intentia prima i intentia seconda. Бяз працы з рамкамі, без утрыманьня экзэмпліфікатаў і адзінкавага ў арганізаваных рамкавых канструкцыях гульня застаецца “пустою забаўкай”, ня мае рэалізацыйных і культурных наступстваў. Адсюль вынікае, што першым сродкам аналізу гульняў зьяўляецца такая мысьленчая арганізаванасьць, як рамкі й рамкавыя канструкцыі. Уменьне працаваць з рамкамі (фрэймамі) мае на ўвазе прыняцьцё як рэалістычнай, гэтак і наміналістычнай установак. Зладжаная толькі ў рэалістычнай устаноўцы, гульня ёсьць пустым заняткам. Але паколькі жывая рэальнасьць сьвету ня можа быць узята ў гэтай устаноўцы цалкам, рэалізм мусіць дапускаць існаваньне цуду, звышнатуральных, звышрэчаіснасных зьяваў, перад якімі чалавечы розум прызнае сваю поўную няздатнасьць.

Але толькі ў наміналістычнай устаноўцы гульня стаецца “не па-дзіцячаму” сур’ёзным заняткам. “Гульнёвая рэальнасьць станаўленьня” імкнецца зрабіцца адзінай рэальнасьцю, з чаго адбываецца страта здаровага сэнсу й людзі пачынаюць жыць у марах ды фантазіях.

Такое суіснаваньне ў гульні дзьвюх рэальнасьцяў, якія задаюцца дзьвюма рамкавымі канструкцыямі, прыводзіць да таго, што рэчы, ідэі й людзі бясконца перакідаюцца з адной рамкавай канструкцыі ў іншую — суцэльная мільгатня. Таму ў кожны канкрэтны часавы момант суіснаваньне чалавека, ідэі або рэчы даводзіцца высьвятляць, у якіх рамках яны цяпер сапраўдныя, дзе яны сапраўдныя, а дзе фальшывыя, што зь імі цяпер, у дадзенай канкрэтнай сытуацыі, можна й трэба рабіць.

Усе пешкі на шахматнай дошцы роўныя, ходзяць і стаяць аднолькава. Але некаторыя пешкі могуць стаць каралевамі, і тое, што яны могуць імі стаць, вызначае іхны рэальны ўдзел у гульні ў большай меры, чым тое, што яны — пешкі.

Тое, што мусіць быць, вызначае тое, што ёсьць, і, у пэўных рамках, яно рэальнейшае за тое, што ёсьць. Тыя, хто верыў у перамогу Кебіча на прэзыдэнцкіх выбарах, былі рэалістамі — і таму ня бачылі рэальнасьці. Адсюль параза Кебіча была для іх дурным цудам, нейкай кашмарнай фантастыкай. Тыя, хто верыў у перамогу Пазьняка, прытрымліваліся наміналістычнай устаноўкі, і таму таксама ня бачылі рэальнасьці. Адсюль параза Пазьняка была для іх першым жорсткім сутыкненьнем з сапраўдным станам рэчаў. Тыя, хто ставіў на “мат каралю”, маглі быць расчараваны тым, што “прахадной” аказалася пешка не на тым флянгу, дзе хацелася б, але гульня ёсьць гульня. Толькі не забудземся, што “фэрзь” стаіць на апошняй гарызанталі, і таму перамога яшчэ магчымая, партыя гульні “ў Беларусь” далёка ня скончаная.

Другім пасьля рамак сродкам аналізу зьяўляецца топіка гульні. У тым самым разьдзеле “Філязофская праблема” былі названы тры галоўныя прасторы гэтай топікі: Парадыгматыка, Сынтагматыка й Прагматыка. Ува ўсіх трох гэтых прасторах топікі гульні Беларусь канстытуюецца як самастойная праблема.

Парадыгматыка. Што ёсьць Беларусь у сапраўднасьці? Што такое Беларусь у гісторыі, эканомгеаграфіі, міжнароднай палітыцы й г.д.? Пра тое — часткова гаварылася ў гэтым тэксьце.

Сынтагматыка. У якой мове, у якой лёгіцы й якімі сродкамі належыць працаваць з парадыгматычнымі праблемамі Беларусі? Пра тое вялося ў апошнім разьдзеле.

Прагматыка. Чаго хочуць беларусы ў гэтым жыцьці ад саміх сябе й ад Беларусі? Хто можа адказаць на такое пытаньне? У гэта можна толькі згуляць.

Скарыстаўшы прынцып рамак і топіку гульні, з улікам усяго вышэйсказанага, можна падступацца да аналізу гульні ў “Беларусь”.

Камэнтар

(Тут прапанавыны толькі пастуляты, якія камэнтуюцца, а іх поўны тэкст зьмешчаны ў часапісе “Адкрытае грамадства” № 1 2001 г. У сеціве http://lib.promedia.minsk.by/data/belorussian/matskevich/prose/belarus/index.htm)

Да выточных пастулятаў пры

АБМЕРКАВАНЬНІ ПЫТАНЬНЯЎ:

— Ці ёсьць альтэрнатыва ўзнаўленьню імпэрыі на постсавецкай прасторы?

— Ці можа Беларусь супраціўляцца ўзнаўленьню імпэрыі?

— Ці магчымая беларуская нацыянальная ідэя?

— Ці можа Беларусь існаваць і квітнець без Расеі?

— Як можна добраўпарадкаваць Беларусь?

1. Уявім, што пытаньні такога кшталту маюць разумнае вырашэньне.

(Ці ўжывальныя філязофія й мэтадалёгія пры абмеркаваньні беларускіх праблем? Або пра беларускія праблемы могуць меркаваць толькі цемрашалы з “абодвух бакоў барыкад”, а разумных меркаваньняў пра Беларусь ня варта прымаць у разьлік. Большасьць беларускіх палітыкаў і інтэлектуалаў павінны быць дыскваліфікаваны ў сваёй дзейнасьці ўжо на этапе разбору гэтага меркаваньня. Канечне, ідэалёгія можа не лічыцца з гэтым меркаваньнем, і таму хай вярзе якую заўгодна лухту. Аўгустын Аўрэлій, Макіявэлі, Гердэр, Кант, Гегель, Маркс, Шпэнглер, Тойнбі, Гумілёў, Вэбэр, Попэр…)

2. Дапусьцім, што будучыня пэўным чынам вызначаецца разумнымі рашэньнямі. (Кіркегар, Гусэрль, Гайдэгер, Попэр, а таксама Жан Кальвін і Марцін Лютэр)

3. Дапусьцім, што разумныя рашэньні роўнавялікія, адны ў большай меры вызначаюць будучыню, іншыя — меншай. (Крытыка плятанізму й гегельянству. Хаця гэта настолькі відавочна, што няма патрэбы спасылацца на клясыкаў. Але гэта відавочна ў дзейнасным, а не ў натуралістычным падыходзе.)

4. Дапусьцім, што мера ўплыву рашэньняў на будучыню хаця й нятоесная іхнай ісьцінасьці й правільнасьці, але ўсё ж ісьцінасьць і правільнасьць рашэньняў зьвязаны зь мерай уплыву на будучыню простай залежнасьцю, а не зваротнай, і гэтая залежнасьць, кажучы мовай статыстыкі, пераканаўчая, а не выпадковая. Іншымі словамі, чым разумнейшае рашэньне, тым у большай меры яно вызначае быдучыню (на неразумныя, паза-разумныя, ірацыянальныя рашэньні й дзеяньні гэтае дапушчэньне не распаўсюджваецца). (Р. Дэкарт, І. Кант, І.Г. Фіхтэ, М. Вэбэр, А.А. Багданаў, К. Попэр, Дж. Сорас, Л. фон Берталянфі й уся традыцыя рацыяналізму.)

5. Дапусьцім, што рашэньнем лічыцца тэкст альбо паведамленьне, якое складаецца як найменш з дзьвюх частак: адна частка ўтрымлівае апісаньне мэт і/або апісаньне й ацэнку тэндэнцый ды працэсаў і/або прагноз наступстваў ці падзеяў; другая — пастаўленыя ў адпаведнасьць са зьместам першай часткі прапановы дзеяньня і/або апісаньне й ацэнку альтэрнатыўных працэсаў і тэндэнцый і/або апісаньне й ацэнку фактараў, што ўзмацняюць або паслабляюць прагназаваныя наступствы.

6. Дапусьцім, што разумнымі лічацца рашэньні, якія зьмяшчаюць разгорнутае лягічнае, тэарытычнае або эмпірычнае абгрунтаваньне прапановаў, дзеяньняў, ацэнак і прагнозаў або ўказваюць на наяўнасьць такіх. (А што яшчэ? Можна ўявіць рашэньні, заснаваныя на адкрыцьці,— лёгіка Бога на аснове рэфлексу — эмпірыка мінулага, або на падставе праграмнага аўтаматызму — зьнешняя лёгіка й тэорыя складальніка праграмы.)

7. Дапусьцім, што мера ўплыву разумнага рашэньня на будучыню вызначаецца ступеньню супадзеньня зьместу тэлеалягічнай, ацэнкавай і прагнознай частак рашэньня эмпірычна ўстаноўленай, рэалізаванай і зьдзейсьненай будучыні, пры выкананьні патрабаваньняў і ўмоваў прадпісальнай і канстатавальнай частак рашэньня. (Онталягічныя схемы ў СМД падыходзе.)

8. Нам давядзецца дапусьціць магчымасьць некалькіх разумных рашэньняў для аднаго пытаньня з прычын: апрыёрнай непаўнаты любых ведаў, якія ўяўляюць зь сябе матэрыял для прыняцьця рашэньня; наяўнасьці разнастайных мэтадаў і падыходаў у прыняцьці рашэньняў; разнастайнасці мэт у тых, хто іх прымае. (Гёдэль, К. Пэпэр, І Хінтыка, В Ляфэўр.)

9. Нам давядзецца дапусьціць адрозьненьні паміж рознымі разумнымі рашэньнямі й нават супрацьлегласьць іх адно адному. (І.Кант і ўсё, што пасьля Канта).

10. Нам давядзецца дапусьціць лякальнасьць і частковасьць усіх разумных рашэньняў з прычыны іхнага мноства, а значыць і немагчымасьць уліку ды прагнозу ўсіх наступстваў рэалізацыі. (К.Попэр, А.Ф.Хаек, дэвіз канцэпцыі “ўстойлівага разьвіцьця”: “Думаць глябальна, дзейнічаць лякальна”.)

11. Нам давядзецца дапусьціць незалежнасьць адна ад адной ацэнак ісьцінасьці й разумнасьці рашэньняў і ацэнак плёну, які чакаецца ад іх рэалізацыі. (І.Кант і нэакантыянцы.)

1994 г.