Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


Эйдас - Трансфармацыі беларускай нацыянальнай ідэі

Любоў да радзімы не з’яўляецца
вынікам атрыманых ведаў. Хутчэй,
наадварот — імкненне да ведаў ёсць
вынікам любові да радзімы.
Кастусь Тарасаў

Беларусь, натуральна, паявілася на свеце раней, чым беларусы. У часы караля Баторыя ці канцлера Сапегі гэтак менавалі Смаленшчыну, а на пачатку ХІХ стагоддзя таксама Віцебскую і Магілёўскую губерні. Тэрмін Літва адносіўся да Гродзеншчыны, Віленшчыны і Міншчыны. Пася паўстання 1863 году “Літва” перасунулася на неславянскую Ковеншчыну, а тэрмін Беларусь распаўсюдзіўся далей на захад і дасягнуў Беластоку.

Што да беларусаў, то суседзі ніколі не разглядалі іх як асобную нацыю: праваслаўных уважалі за адгалінаванне рускіх, а каталікоў за спецыфічных палякаў — першыя кепска гаварылі па-руску, другія яшчэ горш па-польску.

На асобны беларускі аспект дзейнасці правінцыйнага дыктатара К.Каліноўскага першым звярнуў увагу не хтосьці з яго паплечнікаў, але — о, парадокс!— сам Мураўёў-Вешальнік і ўтварыў “камісію палкоўніка Ратча”, якая пачала піянерныя на такім узроўні (ІІІ Аддзяленне і Генеральны Штаб) доследы пяці беларускіх губерань як няпольскай, але і нярускай правінцыі. У тым жа часе вядомы русафіл прафесар М.Каяловіч (родам з пагранічнай сягоння Кузьніцы-Беластоцкай!) чытаў лекцыі… імператару Аляксандру ІІ і яго найбліжэйшаму атачэнню: пра св. Еўфрасінню, праваслаўе ад 980 году, рускі дух і “рускую” мову ў ВКЛ і… справядлівасць вызвалення беларусаў і ўкраінцаў Кацярынай ІІ як адзінаверцаў. Формула Каяловіча, як і яго тэрмін “Западная Россия”, трапілі не ў брыво, а ў вока — пачалі яны новую ідэалогію альбо “триединый русский народ” з велікаросаў, маларосаў і беларусаў. І з Каяловіча менавіта выйшаў не толькі “западноруссизм”, за што нашыя гарачыя галовы запісалі прафесара ў “здраднікі Беларусі”, але беларускі і ўкраінскі сепаратызм — і то легальным шляхам.

У чым тут справа? У тым, што раней шавіністычныя гора-патрыёты і слухаць не хацелі пра Беларусь — была адна польская Літва. Скажам, Пестэль меў праект… на захад ад Дняпра і Дзвіны ўтварыць “дэмакратычную Польшчу”, а праваслаўнае святарства адтуль вывесці ў Расію, аддаючы уніятаў касцёлу на пераробку ў “палякі”. Дарэчы, гэта першы праект этнічнай чысткі ў “цывілізаванай” Еўропе… І расійская арыстакратыя не жадала ніякага “триединства” (баяліся канкурэнцыі?), так што і Мураўёў, і Каяловіч хутка пайшлі ў адстаўку і зніклі з палітыкі. Іх ідэі, аднак, аказаліся больш трывалымі — неўзабаве паволі рушыла русіфікацыя, класічная каланіяльная палітыка. Коштам бюджэту будаваліся шматлікія цэрквы, мясцовыя эліты (“польскія”!) выцясняліся з адміністрацыі, перадусім з асветы і г.д.

Прыгадаем 1897 год. Першы перапіс у Расійскай Імперыі. Беларусь (і мова) упершыню фігуруюць асобна — гэта і ёсць першая афіцыйная пазнака беларусаў як асобнай нацыі. Не было б нічога падобнага, каб царызм не ўзяў на ўзбраенне ідэй незаслужана абхаянага “ўдзячнымі” нашчадкамі прафесара Каяловіча.

ПРАБЛЕМА АДАМА

Але нашым Адамам, пачынальнікам беларускага роду, быў Францішак Багушэвіч. Не ў вершах тут справа і не ў завышэнні праз яго тагачаснага беларускага этнасу на некалькі мільёнаў чалавек. Геній Багушэвіча сканцэнтраваны ў адной фразе: “Не пакідайце ж мовы нашай — каб не ўмёрлі!” Гэта мела капітальнае значэнне; прагрымела паважна. Мова — гэта не нейкае там “наречие” альбо “gwara” (па-польску “гвара” і мова амаль тое ж самае), мова — гэта асобная нацыя. Свой лёс. Свая гісторыя і свая будучыня. Права на самавызначэнне. З гэтага ферментуецца рух эліт, нацыянальна-вызваленчая барацьба і паўстанне дзяржавы і нацыі.

Не магу ізноў прайсці міма тых “патрыётаў”, каму даспадобы мець за “першага беларуса”… князя Рагвалода з Полацку ажно Х стагоддзя. Маўляў, чым глыбей карані, тым большая пыха. Не надта вядома, ці быў ён хоць крывічом, славянінам, ці нейкім кандацьерам з разбойніцкіх дацкіх выспаў, адкуль і паявіліся тут вікінгі і заснавалі па Дзвіне і Дняпры “шлях з варагаў да грэкаў”; ці не акажацца, што Рагвалод ёсць перайначанае Роокс Вольф альбо Роокс Вальд, Кароль-Воўк ці Кароль Лесу?! І вялікі князь Аляксандр-Вітаўт вельмі здзівіўся б, калі б нехта сказаў яму, што ён беларус… Не было да ХІХ стагоддзя нават паняцця такога, як нацыя — бралася да увагі перш за ўсё вернасць гаспадару і манарху, таксама канфесійная прыналежнасць, але не паходжанне і мова. Потым ужо нас гэтак адрознівалі ў Еўропе: калі каталік, то ліцьвін, праваслаўны — русін, а каталік са Жмудзі — самагіцін. А ў Маскве гэтак пісалі заезных ад нас людзей: Митька купец литвин белорусец… Гэта значыць тое ж самае, што ў Еўропе: прыехаў загандляваць з Літвы, ёсць праваслаўнай веры.

Калі ўжо сам лёс Гісторыі менаваў нас беларусамі, то навошта зноў выдурняемся і лезем у нейкія “крывічы”, “ліцьвіны” ці “грамадзяне ВКЛ” альбо “грамадзяне БНР”?! Гэта ж самажэрства альбо нейкая невядомая свету псіхічная хвароба…

ПРАБЛЕМА АЎТАНОМІІ

Багушэвіч памёр у 1900 годзе. Не быў старым той віленскі адвакат, але схапіў запаленне лёгкіх падчас прагулянкі на лодках па Бацьку-Нёману. Два гады пазней паявілася падпольная газэта “Свабода” — справа Вацлава Іваноўскага з “панскай” Лябюдкі пад Лідай, гарачай да экстрэмізму Алаізы Пашкевіч-Цёткі і разважных ды асцярожных братоў Луцкевічаў. А праз лічаныя месяцы паўстала і Беларуская Сацыялістычная Грамада.

Першая палітычная партыя беларусаў не магла не выступаць ад імя ўсяго народу (хоць і налічвала напачатку… усяго сем асоб) і не магла не вызначыцца са сваёй мэтай. А паколькі цяжка ўявіць нацыю без тэрыторыі, то выбар быў небагаты — альбо незалежнасць, альбо аўтаномія. Трэцяга варыянту не было. Палітычныя амбіцыі сканчаліся на аўтаноміі — пра незалежнасць маўчалі. Ну, а з кім было яе будаваць? З непісьменнымі вясковымі мужыкамі? Фатальна бракавала нацыянальнай эліты, нават патрыятычных настаўнікаў пачатковых школ ці малодшых афіцэраў войска, не кажучы пра больш адмысловыя прафесіі.

А калі — аўтаномія, то ў межах Расіі альбо будучай Польшчы? Адвечная дылема беларускіх палітыкаў…

Пра Акт незалежнасці 25 сакавіка 1918 году ведаюць, нарэшце, “свядомыя” і “несвядомыя”. Але прыгадаем, што было адразу пасля яго. Ужо на працягу 1918—1919 гадоў грамадоўцы раскалоліся на тры фракцыі: сацыял-дэмакраты, сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты. У кожнай з трох плыняў спецыяльна ніхто не палаў “любовью к России” — надта ж было там няпэўна, але адначасова ўсе дружна адкідалі якое-кольвек супрацоўніцтва з Польшчай! Памінаючы тут менш значныя прычыны (тактычныя памылкі ці асабістыя амбіцыі, “беларускую глупоту” і г.д.), трэба падкрэсліць, што ў Польшчы той пары практычна ўсе партыі адпрэчвалі адметнасць Беларусі, кваліфікуючы яе толькі і выключна як “всходне земе польске”.

А цяпер пра сам Акт 25 Сакавіка, які абвясціў незалежнасць Беларусі. Трэцяй Устаўной Граматай. Знаходзячыся ў падполлі, Рада Усебеларускага Кангрэсу дзіўным чынам цягнула і адцягвала з той незалежнасцю, як быццам чакала… вынікаў кайзераўска-бальшавіцкіх перамоў у Брэсце і апамятання з боку Савецкага ўраду ў Маскве (ці не наабяцаў чаго народны камісар па нацыянальных справах І.Сталін?). А невядома яшчэ, ці быў бы той Акт 25 Сакавіка, калі б своечасова не прыехаў у Мінск з Вільні сам Іван Луцкевіч і не патлумачыў бы нашым раскірдашам-нязграбам з той Рады, што іх просьбы да Кіева пазычыць грошай ніхто з кіраўніцтва УНР слухаць не будзе — які гэта ўрад пазычыць грошы купцы цывільных?! Трэба спачатку прадэклараваць Беларускую Народную Рэспубліку, абвясціць сябе яе часовым Урадам, а потым ужо ў другога ўраду грошы прасіць! І натуральна, з Кіева атрымалі пэўную суму на пачатак дзейнасці адміністрацыі, стварэнне друку, войска і дыпламатычнай службы. Украінцы пазычылі не за прыгожыя вочы і не за “братэрства”, а таму, што бачылі ў існаванні Беларусі свой інтарэс.

Прапольскім палітыкам застаўся тады хіба адзін д-р Вацлаў Іваноўскі. Па-свойму ён меў рацыю. Ніводнаму еўрапейскаму народу Расія не спрыяла дагэтуль у цывілізаваным авансе. Не змяніў Іваноўскі сваёй пазіцыі да канца жыцця — заняўшы пасаду віцэ-мэра Мінска пад нямецкай акупацыяй, ён пайшоў на супрацоўніцтва з вярхушкай Арміі Краёвай і выведкай АК (рэзідэнтура ў Мінску ўся прыкрывалася яго Управай!), а таксама з “маскоўскімі палякамі” (намеснікам Іваноўскага быў Баляслаў Берут, пазней прэзідэнт камуністычнай Польшчы), разлічваючы атрымаць ці ад генерала Сікорскага, ці хоць ад Ванды Васілеўскай шырокую аўтаномію Беларусі ў межах паваеннай Польшчы.

Д-р Іваноўскі, інжынер-хімік з усясветным імем, паходзіў з вельмі багатай “крэсавай” шляхты і ніколі не чуў на сабе таго псіхалагічнага дыскамфорту, гэтак характэрнага для значна бяднейшых братоў Луцкевічаў. Іваноўскі не разумеў, што ў новапаўсталай у 1918 годзе Польшчы дэмакратыя, свабода, правы чалавека належаць толькі палякам. У штодзённым побыце. У аўры местачковага падкасцельнага нацыяналізму. Іваноўскі быў інжынерам, чалавекам справы, нацыянальнасць той ці іншай асобы яго папросту не цікавіла, а яшчэ менш цікавіў яго нацыяналізм — як канструкцыя нетрывалая і малапрыдатная.

Так ці іначай, але… беларуская аўтаномія паўстала. І вырашыла гэта Расія. Так, “чырвоная”. Так, “сталінская”. Але другой Расіі тады не было — і другой беларускай аўтаноміі папросту не магло быць.

ПРАБЛЕМА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

Пакінем у спакоі эмоцыі на тэму “дзяржаўнасці” Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Была гэта аўтаномія — ад пачатку і да канца. Дарэчы, даволі шырокая менавіта ў 1921—1929 гадах. Спрыяла таму бязлітасная барацьба групоўкі “расійскага дзяржаўніка” Сталіна ды “інтэрнацыяналіста-міжнародніка” Троцкага (а propo, Сталін, у 20-я гады абапіраўся менавіта на… нацыянал-камуністаў). Да таго ж, партыйным і савецкім установам фатальна бракавала спецыялістаў, а таму на службу прымалі нават… беларускіх сацыялістаў, якія перад тым са зброяй у руках выступалі супраць “чырвоных”. Менавіта яны, замацаваўшыся ў ЦК КП Беларусі і адміністрацыі, дамагліся ад Масквы павелічэння тэрыторыі БССР у 1924—1926 гадах ажно да цяперашняй дзяржаўнай мяжы на ўсходзе — і гэта пры тым, што ОГПУ і ўплывовыя наркаматы ў Маскве былі супраць.

З высылкай Троцкага ў 1929 годзе Сталін павярнуў фронт і абрынуўся на ўчарашніх саюзнікаў, якія з “товарищей в национальных республиках” імгненна парабіліся… “национал-демократами”, хоць наўрад ці той жа У.Ігнатоўскі ўяўляў якую-небудзь дэмакратыю па-за “рэвалюцыйнай”. Пачаўся Вялікі Тэрор, затармазіўся і быў адкінуты назад працэс станаўлення беларускай асветы і культуры, былі расстраляны і высланы тысячы лепшых прафесіяналаў з новапаўсталай нацыянальнай інтэлігенцыі. І тым не менш культурна-асветніцкі здабытак у БССР аказаўся да 1939 году куды большым, чым пад патранатам Польшчы.

Знішчэнне аўтаноміі БССР перапыніў выбух вайны з Германіяй і катастрофа Чырвонай Арміі 1941 году. Вайна стала зацяглай, таму спатрэбілася партызанка на Беларусі, апора на мясцовыя кадры. Пазней гэта закаласавала шматлікімі мясцовымі камсамольцамі-партызанамі ў ЦК і ўрадзе, а з 1956 году беларусы апанавалі ўсё кіраўніцтва БССР па-за КГБ і арміяй.

Але былі гэта вясковыя дзеці. Тут праявіўся “западноруссизм” не ў інтэлектуальна-каяловічаўскай (“ещё один русский народ”, як пісаў у 1916 годзе Максім Багдановіч), але ў служывачынавенскай версіі. Саветызацыя 30-х і 50-х гадоў стварыла тып “выпускніка вясковай сямігодкі”, які трапіў на “лёгкі хлеб” у горад і схапіўся за “великий и могучий”, каб… не вяртацца назад. Справа была нават не ў русіфікацыі, але ў сервільным спосабе побыту і мыслення. Капітальныя ўцёкі праз беларускую сямігодку да “русскоязычного заочного техникума” і далей з прыступкі на прыступку нараджалі адных манкуртаў. Сярэднестатычны партыйна-адміністратыўны дзеяч быў перадусім камуністам (з улікам нашай “спецыфікі”), а толькі потым беларусам.

Глабальная індустрыялізацыя (прыблізна з 1956-га да 1980-га году) прывяла да таго, што не горад паціху перамалоў і асіміляваў вёску, а вёска гэтак гвалтоўна і масава лінула ў горад, што навязала яму… той самы талакоўска-кланавы спосаб побыту і мыслення.

Напярэдадні распаду СССР становішча на Беларусі выглядала наступным чынам: у межах БССР знаходзіліся амаль усе этнічныя землі, нядрэнна выглядалі ўсеагульная асвета і доступ да вышэйшай адукацыі, інжынерна-тэхнічная эліта знаходзілася на адносна прыстойным узроўні, значна вырас прамысловы і навуковы патэнцыял рэспублікі, да таго ж, БССР ад 1945 году была нават членам-заснавальнікам ААН і суб’ектам міжнароднага права; з другога боку — практычна была зліквідавана нацыянальная асвета, не існавала больш нацыянальнай эліты (за выключэннем маргінальнай купкі мастакоў і літаратараў), малалікая апазіцыя (“на кухне шёпотом”) нават не мроіла пра ўпадак СССР і ўвогуле не разважала над праблемай незалежнасці Беларусі.

Склалася парадаксальнае становішча: чым болей Беларусь была падрыхтавана да незалежнасці палітычна і эканамічна, тым меней у сэнсе нацыянальнай і агульнай культуры.

У ХХ стагоддзе беларусы рушылі без сваёй нацыянальнай эліты як грамадсказаўважнай праявы. Потым — пра гэта было вышэй — зведалі нацыянальную катастрофу. Калі нарэшце з неба звалілася незалежнасць, мы аказаліся здэнацыяналізаванай шэрай масай, дзе кожны сам за сябе, а ўсе разам даўно здэградаваныя да… чужой правінцыі.

Бедны побыт заўжды цягне следам убоства ідэі. З’яўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе большасць з нас, у тым ліку і “наменклатура”, успрынялі як нейкую метэаралагічную анамалію, напрыклад, снег і мароз у ліпені, і толькі чакалі, калі ж “тое скончыцца”… Ніхто не меў ані думкі пра будучыню, у тым ліку і лагер радыкалаў на чале з Пазняком. Запанаваў хаос, палітычныя сілы заняліся ратаваннем уласных месцаў, пасадаў, іміджу і г.д.. Нічога дзіўнага, што ў 1994 годзе адбыліся не так першыя ў гісторыі Беларусі прэзідэнцкія выбары, як народная рэвалюцыя супраць сервільнай наменклатуры і “адраджэнскага” рамантызму. Такія вынікі выбараў былі лагічныя і заканамерныя…

Нацыянальна заклапочаныя радыкалы прыдумалі сабе манаполію на любоў да Айчыны, быццам руйнуючы пры гэтым яе ж шанцы на выжыванне. Яны не прыдумалі нічога свайго, не ступілі ані кроку далей за рамантыкаў часоў “Нашай Нівы” братоў Луцкевічаў, д-ра Іваноўскага і Янку Купалу. Хоць становішча пачатку і канца ХХ стагоддзя дыяметральна супрацьлеглае — тады не было ні літаратурнай мовы, ні граматыкі, цяпер ёсць міжнародна прызнаны суверэнітэт. Падзел грамадзян Рэспублікі Беларусь на “свядомых” і “несвядомых” капае яму менавіта пад тую незалежнасць, якая ўжо ёсць. Прыярытэт мае мець не “патрыятызм” і не “свядомасць”, а лаяльнасць да беларускай дзяржавы, вернасць яе суверэнітэту, у першую чаргу. Будзе ўсё, калі будзе Рэспубліка Беларусь — ясная справа, не адразу.

Вось вам і высновы:

1. На пачатку ХХ стагоддзя беларус — тое самае, што “тутэйшы”. Не паляк і не рускі. Першая фаза нацыянальнай ідэі — утварэнне і павелічэнне нацыянальна свядомай і беларускамоўнай папуляцыі.

2. У канцы ХХ стагоддзя беларус — тое самае, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Нацыянальнасць — гэта прыватная справа чалавека. Другая фаза нацыянальнай ідэі — суверэнітэт Беларусі, утварэнне і рост папуляцыі са свядомасцю грамадзянскай адказнасці за дзяржаву, з дзяржаўнай прыналежнасцю.

ПРАБЛЕМА ЦЫВІЛІЗАЦЫІ

Сягонняшнія беларусы, зразумела, нацыя еўрапейская. Але… не ўцывілізаваная. Еўрапейскасць наша кідаецца ў вочы — і не толькі выпстрыканай вопраткай, фрызурамі і золатам на вушах і пальцах (зрэшты, буднім днём гэтага ў Еўропе не ўбачыш, толькі тут). Еўрапейскасць наша пацверджана параўнальным (таго ж парадку, хоць і горшым) узроўнем тэхналогіі, нават элементамі будучага інфармацыйнага грамадства ў дасягнутым індустрыяльным. Што ж да цывілізаванасці…

Гэтаксама кідаецца ў вочы адсутнасць якога-кольвек грамадства, якіх-небудзь агульных рысаў, нацыянальных інтарэсаў. Хіба па-за штодзённым клопатам пра… уласны страўнік. Наш грунт — сямейства, сваяцтва і зямляцтва. Па-лацінску фамілія, па-арабску аль-махія, па-сіцылійску (гэта трасянка арабскай і італьянскай) мафія. Беларусь сёння гэта аграмадны клан кланаў, псіхалогія побыту мала адрозніваецца ад вяскова-сярэднявечнай. Ну, і якое тут можа быць грамадства, у такім нерушы?!

Гэтакі застыглы Край ў ХХІ стагоддзі чакае цывілізацыйны шок. Бо — што значыць цывілізацыя? Гэта дынамізм, рух, падсвядомая агрэсія (акурат так, не іначай) — і рана ці позна, хоць бы з прычыны геапалітычнага знаходжання, а — рушаць стаячыя воды Беларусі. І чым пазней, тым страшнейшай паводкай.

Структура сваяцка-сямейнага клана незвычайна трывалая, бо трымаецца на сталым і перманентным змаганні з ворагам — каб суседні клан не адабраў “мойго” кавалка. Беларусы не любяць багатых (у гэтым мы падобныя да рускіх), але беларусы і люта ненавідзяць бяднейшых за сябе (у гэты мы абсалютныя антыподы рускім). Беларусы сёння — гэта нацыя дробных уласнікаў: ні багацця, ні галоты. Менавіта дробнасць — асноўная нацыянальная рыса: дробная ўласнасць, дробная палітыка, дробная культура, дробныя мары, дробныя парахункі і дробнае жыццё. Але — калі знікне з поля зроку хоць які вораг?! Тады клан… не ведае, што рабіць. Грызе сам сябе і нарэшце гіне ў адначассе, на працягу аднаго пакалення.

А еўрапейская цывілізацыя пры ўсім дынамізме і падсвядомай агрэсіі мае такую рысу, што нічога не дамагаецца гвалтам. Хочаш жыць, “як у Еўропе” — добра. Не хочаш? Яшчэ раз добра… “Жыць у Еўропе”, аказваецца, гэта — думаць і рабіць, як у Еўропе, а не — мець такія ж “тавары і паслугі”. Нікога не цікавяць там “асаблівасці нацыянальнага менталітэту”, “цяжкая гістарычная доля” ці “несвядомая свядомасць”. Дарэчы, да “беларусізацыі” Еўропа адносіцца з такой самай насцярожанай агідай, як да “русіфікацыі” ці “саветызацыі”. Бо гэта калектывізм, гэта прыярытэт клана над чалавекам. Еўрапейская ж цывілізацыя ад часоў Марціна Лютэра і пазнейшых каталіцкіх пазітывістаў накшталт Джаванні Боска збудавана на прыярытэце чалавека над кланам, на шанаванні права меншасці. Пад гэтае права трапляюць і прыватная ўласнасць, і дэмакратычныя свабоды, і абмежаванне ўлады і дзяржавы канстытуцыйным правам, і нават… нацыянальна-моўныя клопаты… Але нашай кланавай “свядомасці” гэта на сённяшні дзень — цёмны лес, мы так і перасыпаем з пустога ў парожняе “супольнасць”, “адказнасць”, “патрыятычны абавязак”, “грамаду”, “талаку”, “калектыў”, “народ” і г.д.

ПРАБЛЕМА КУЛЬТУРЫ

Найпрасцейшая дэфініцыя культуры — гэта неабавязковая чалавечая дзейнасць. Ад недахопу культуры ніхто яшчэ не памёр — як ад недахопу хлеба. Толькі — ці такое жыццё можа зрабіцца больш якасным? Мы ніяк не можам зразумець, што не для таго літаратура і мастацтва, каб павялічваліся надоі і ўраджаі. Культура — гэта інвестыцыя не ў тавар, а ў чалавека. Гэта трохі падобна на тое, як расце лес…

Абыякавыя да нас Злучаныя Штаты і куды бліжэйшая Германія хоць і багацейшыя краіны свету, але неяк не знайшлі сродкаў, каб мець міністэрства культуры — і тым не менш сталі гігантамі і ў культурным накірунку. У бедных жа народаў, у тых жа беларусаў, абавязкова мае быць міністр культуры са сваім міністэрствам і яго перыферыйнымі прычындаламі — з такім разуменнем культуры, што правільней менаваць яго міністрам забаў і адпачынку, міністрам дажынак і славянскіх базараў.

Праблема знікнення нашай культуры не абмежавана праблемай знікнення адной літаратурнай мовы. Бяда ў тым, што наш духоўны ўзровень так і затрымаўся недзе там, перад вайной 1914 году. Скажам, на літаратурную творчасць мы па-ранейшаму глядзім як на абавязак служэння — клану ці Айчыне, апазіцыі ці ўладзе, ці хоць бы сваёй “незалежнай” літаратарскай “вольнай суполцы”. Не захапляемся словам як такім, не шануем нават свайго подпісу і свайго слова — і нехта дасць веры, што шануем чужое?! Прымітывізм і хамства растуць на адным полі. Духоўны жабрак заўжды патэнцыйны агрэсар. “Служэнне народу (Айчыне, ідэі і г.д.)” непазбежна вядзе да жабрацтва, а жабрацтва — да агрэсіі супраць цэлага свету. І гэта пад “талерантным” лозунгам “Нам і так добра!”…

ПРАБЛЕМА ЧАЛАВЕКА

Калі шчыра, то чалавек можа мець толькі адну сапраўдную свабоду — свабоду выбару. Як толькі зроблены які-кольвек выбар, далей на галаву высыпаюцца адны абавязкі. Таму лепш не быць беларусам — занадта шмат гэта цягне абавязкаў і не дае ніякага прасвету, не гаворачы пра карысць.

Адпачнём хвіліну і… пагаворым пра “полякув гродзеньскіх” — для ілюстрацыі праблемы. Гадоў дзесяць спрабуюць яны збудаваць сваю кадравую моц шляхам высылання “млодзежы польскей” на вышэйшыя вучэльні ў Польшчы. І што? Дзяўчаты хутка ідуць замуж у багацейшай Рэчы Паспалітай — і толькі іх потым на Крэсах і бачылі! Хлопцы, праўда, часам вяртаюцца, не ўсе валяць проста на Захад і ажно за Вялікую Салёну Ваду з занядбанай Беларусі. Восенню 1997 году прафесар NN з Варшавы ўсё дапытваўся, як гэта так, што з шасцідзесяці сямі абсальвэнтаў вярнулася працаваць у “звёнзку” і “будаваць Польшчу на Беларусі” толькі… два? Ніяк прафесар не даваў веры, што польская інтэлігенцыя была выбіта ў 1939—1945 гадах, рэшткі выехалі ў наступныя дзесяць гадоў, а засталіся… такія, як усе. А здавалася, як гэта проста — Польшча дапаможа. Натуральна, дапамагае. Але — што атрымаецца з тае дапамогі, залежыць выключна ад тутэйшага чалавечага матэрыялу.

Дарэчы, тое ж датычыцца спадзяванняў на “помощь России” “паважаных ветэранаў усіх войнаў” і “сопляков” з РНЕ. А зрэшты — і спадзяванняў “адраджэнцаў” на дапамогу Еўропы… у справе беларусізацыі. У.Някляеў, як вынікае з яго нядаўняга інтэрв’ю “Czasopisu”, расчараваўся ў еўрапейскай дапамозе беларусізацыі на… другім месяцы знаходжання ўсяго толькі ў той самай Варшаве.

Каб дагнаць час, беларусы мусяць зрабіцца, прынамсі, роўнымі бліжэйшым суседзям. Якасцю асобы — а не шчыльнасцю клана. Напрыклад, земляроб не вытрымае канкурэнцыі з местачковым гандляром ці кваліфікаваным фабрычным работнікам. На зямлі жыць цяжэй — працуе земляроб рукамі, а не галавой. А медыцына сцвярджае, што любы малаўжываны чалавечы орган дэгенеруе, атрафуецца — а мозг у першую чаргу. Мы паміраем у нейкім бяспамяцтве, у летаргічным сне штодзённых клопатаў.

Часамі ўсплывае тое адвечнае пытанне: як доўга вытрымае Рэспубліка Беларусь у сітуацыі чорнай дзіркі Еўропы? Што ж, пару пакаленняў яшчэ будзе мець — пакуль не распаўсюдзяцца натуральным шляхам веды пра іншы чалавечы побыт, пра цэлы той навакольны свет, пра іншы спосаб жыцця, а не тыранію і рабства.

І яшчэ дзве высновы:

1. Пачатак ХХІ стагоддзя. Беларус — носьбіт і абаронца беларускай часткі культуры ў агульнасусветнай цывілізацыі.

Трэцяя фаза нацыянальнай ідэі — пошук свайго месца на свеце і прырост папуляцыі з уласнай культурнай свядомасцю.

2. Канец ХХІ стагоддзя (калі нехта дажыве). Беларус — творца беларускай часткі культуры ў агульнаўсясветнай цывілізацыі.

Чацьвёртая фаза нацыянальнай ідэі — уваход ува ўсясветную культуру і пашырэнне творчаздольнай папуляцыі.

НОВЫЯ ПАКАЛЕННІ

Новыя пакаленні будуць мець тыя ж праблемы, што і мы. Толькі будзе іначай, ім будзе лягчэй — зрэшты, як і нам за пакаленнем нашых бацькоў. Але — ці значыць гэта, што мы свой час і сваё жыццё змарнавалі? Не думаю. Канечне, у сэнсе бесклапотнага ціхага існавання змарнавалі шмат, бо гэтага проста не мелі, а самыя спрытныя, каторыя стараліся “нашым і вашым”, мелі нядоўга — цяпер невядома, каму выйшла горш — але ж гэта было такое “марнаванне”, дзякуючы якому менавіта наступныя пакаленні крочаць на цэлую дыстанцыю далей.

І будзе гэта ўжо не з абрыдлымі ахвярамі і бесталковым гераізмам, але з падвойнай карысцю — для сябе і для Айчыны.

Айчына тады мае будучыню, калі яе грамадзяне маюць будучыню. Хіба гэта коратка і выразна тлумачыць пададзеныя зломы, завароты і меандры беларускага Лёсу.

чэрвень, 1998—кастрычнік, 1999 гг.