Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня


Эйдас - Укрыжаваная Беларусь

Памяці Ігната Канчэўскага ахвяруем

ПУНКТ ZERO

Стасункі народаў з агульным людствам адбываюцца не бязладна, а згодна з сілавымі лініямі-шляхамі, вызначанымі Творцам, прыродай, гістарычнымі рэаліямі, матэрыяльнымі патрэбамі.

У смузе няпісанай гісторыі захавана нараджэнне магутнай транснацыянальнай вертыкалі “Поўнач—Поўдзень” — “з Варагаў у Грэкі”, якая збольшага й сфармавала той гістарычны абсяг, у якім жылі нашыя продкі, знітаваныя са Скандынавіяй ды Пярэдняй Азіяй. Уздоўж гэтай вертыкалі і паўстала нашая першая дзяржава — Полацкае княства, тут узняліся новая вера, пісьменства, культура. Сілавое поле, звязанае з вертыкаллю, засталося і тады, калі сам шлях “з Варагаў у Грэкі” перастаў існаваць як гістарычная рэальнасць, абсечаны крыжакамі на поўначы і татара-манголамі на поўдні. Нават тады ўсходнеславянскія землі будуць аб’яднаны па вертыкалі, ад мора да мора, у Вялікім княстве Літоўскім у ягоныя зорныя часы.

Ад пачатку XIII стагоддзя, калі Беларусь пераарыентавалася на Заходнюю Еўропу, у жыцці нашых земляў праявілася новая сілавая лінія — гарызанталь, Захад—Усход. Ад гэтага часу яна будзе дамінаваць у нашых стасунках з еўрапейскім светам.

Дзве найважнейшыя лініі, што злучаюць землі і народы, перакрыжоўваюцца на Беларусі. Наша краіна апынулася ў цэнтры крыжа, або ў нулявой адзнацы каардынат, пункце zero, які ёсць усім і нічым, адвечнай канстантай.

Крыж і кола (адменнік памянёнага zero) абраны ўсёй “нашаніўскай” літаратурай за ключавыя вобразы-сімвалы. Персанажы Купалы, ад “Адвечнай песні” да “Раскіданага гнязда” ды “Паязджанаў”, тое і робяць, што нясуць крыж зямное працы й пакуты, а нядоля заварочвае іх шлях у замкнёнае кола. Гістарычны залом закрывае будучыню забранаму краю.

Малады настаўнік Лабановіч у Коласа зведаў і пачуццё безвыходнасці ўнутры зачараванага кола абставінаў, спыніўся на крыжы дарог — “на ростанях”, панёс і ўласны крыж першых пакут-выпрабаванняў — зняволення.

“СІНЯЯ-СІНЯЯ”

Ад беларускіх узвышшаў плывуць у процілеглых накірунках рэкі. Мяжа гаспадарстваў ад Балтыі ды Чорнага мора праходзіць, зноў жа, праз нашыя землі. “Сіняя-сіняя” назваў Уладзімір Караткевіч Беларусь у адным з самых шчымлівых сваіх апавяданняў. Сіняя ад безлічы крыніц і рэчак, азёр ды балатоў з іх павольнай, нерухомай вадой.

Караткевіч назваў адну з вызначальных стыхіяў Беларусі — ваду. Разам з тым, вада лічылася захавальніцай і правадніцай энэргіі ды інфармацыі ў кожным фізічным целе. Тут, на гэтай “вільготнай” зямлі шмат што нараджалася, але непрыкметна, нягучна. Нараджалася, каб выразна і маштабна праявіцца на іншых землях.

Спашлёмся на даследаванне аднаго з аўтараў эсэ “рзвалюцыйнага” верша-маніфеста Цёткі “Мора” (артыкул “Вопыт вяртання да пачаткаў” у часопісе “Нёман”, № 2 за 1997 год), дзе высвятляецца, што “мора” з ягонымі хвалямі, “бурапенай” ды русалкамі нагадвае пра мора Герадотава.

Мора зброіцца палкамі, Шум русалак разбудзіў, Запаліўся смок агнямі, Неба чорны гнеў пакрыў.

Пра яго згадвае Здольнік з купалаўскіх “Тутэйшых”: “мора мелі — называлася Пінскае,— але акупанты змяшалі яго з гразёй, дык засталося толькі Пінскае балота”.

У вершы Цёткі разварушылася менавіта балота, якое памятае пра часы, калі было морам. Яно ж бурапеніць у “Энеідзе навыварат” В.Равінскага: “Бублілась, пенілась, шумела...” Бурленне балота — пасіянарны выбух, раптоўная актыўнасць нацыі, апанаванай, здавалася б, хранічнай апатыяй. Разбуральная моц абуджанага балота непрадказальная. Пра яе кажа Міхась Чарот у футурыстычнай паэме “Босыя на вогнішчы”:

Чырвоны колер ціхіх хваль...
У іх відаць адбітак неба.
І з тых краёў, дзе смерць і баль,
Руччы крывавыя шле глеба.
Русалкі скачуць з лесуном.
Музыка грае — “бух ды бразь”!
І вось, хто спаў адвечным сном,—
Усплыў над возерам — “сам князь!”
А пачыналася так незаўважна, так ціха...
Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Янка Купала, “Безназоўнае”)

Ціхім быў бунт зацятага “чалавека на балоце”, Васіля Дзятліка, які гэтак упарта чапляўся за ўпадабаны кавалак зямлі, “той, што каля цагельні”.

Згвалтаванае балота ў “Нерушы” Віктара Казько помсціць грандыёзнай паводкай, што нагадвае пра часы Ноя, а потым апакаліптычнай чорнай бурай. Не першы раз заўважаецца, што беларуская ментальнасць хавае ў сабе архетып багны, дрыгвы. Адно сляпы або чужынец можа адмаўляць хараство балотнага краявіду. Рызыкоўна і выпрабоўваць вонкава спакойную, непрадказальную блакітную стыхію.

Варта ведаць адну ўласцівасць балота: на ім немагчыма што-небудзь збудаваць. Але і дарэшты разбурыць немагчыма.

Энергія Герадотавага мора можа сплысці ў нетры Палесся, прыхавацца, як нячутна хаваецца ва ўласным панцыры палеская дрыгвяная чарапаха. Праз літаратуру, як праз ракавіну, чуцён пошум памерлага мора. Але яно нагадвае пра сябе — і не толькі ў літаратуры.

Як ціха, амаль незаўважна пачыналася ў дамку па-над Свіслаччу ў 1898 годзе! Аж пакуль па ўсіх абшарах Расійскай імперыі і далей не разлілася “такая чырвоная паводка... такая, меджду протчым, паводка, аб якой не снілася ні Фараону, ні Саламону...” (Янка Купала, “Тутэйшыя”).

Каб ізноў жа ціха суняцца дзе-небудзь у гушчарах Белавежскае пушчы.

У чарцы цёмнай і глыбокай
Плешча, пеніцца віно;
Хмелем светлым і халодным
Калыхаецца яно.
(М.Багдановіч, “Возера”)

Якую новую неспадзяванку свету абяцае “цёмная”, “глыбокая”, “халодная”, “сіняя-сіняя”?

ВОКА ТАЙФУНА

На пачатку стагоддзя Ігнат Абдзіраловіч звяртаў увагу на нявызначанасць і няпэўнасць беларусаў паміж іншымі еўрапейскімі народамі. Не стаўшы фармальна ні народам Усходу, ні народам Заходняе Еўропы, беларусы захавалі, тым не менш, незалежнасць свайго духу.

Уласнай непраяўленасцю Беларусь нагадвае вока тайфуна: вакол усё бурапеніць, віруе, а ўсярэдзіне як быццам ціха. Суседзі актыўна “афармляюцца”: набываюць выразнае культурнае, рэлігійнае, палітычнае аблічча; яно кідкае, выразна акрэсленае ды ўражлівае. Мы іншыя, бо ў цэнтры крыжа, на скрыжаванні каардынат. На нашай зямлі адбываецца своеасаблівая дыфракцыя ўсяго, што ёсць на перыферыі, і разам з тым, нішто не дамінуе, не сінтэзуецца ў штось якасна новае. Цэнтр, zero, заўжды імкнецца да раўнавагі, а гэта — вонкавая недапраяўленасць, нявызначанасць.

У гэтым трагедыя і абранасць. Як быццам Творца напачатку свету ўбіў некалькі “цвікоў” у энергетычнае поле Зямлі, каб стабілізаваць, зафіксаваць яго ў некалькіх кропках, не даць яму з’ехаць набакір. Тут адметны хранатоп, бо адзін з “цвікоў” — тут. Асноўная праява гэтай зямлі перанесена з вонкавага на ўнутраны, схаваны ад вачэй план.

Грэючы душу ўспамінамі, вялікі ліцвін Адам Міцкевіч у лекцыях па славянскай філалогіі ў Пары дэ Франс так выславіўся пра сваіх суайчыннікаў: “Жыццё іх цалкам у духу. На зямлі іх гісторыя поўная смутку і жальбы”. На Беларусі шмат чаго алагічнага, невытлумачальнага, непадуладнага сілагізму.

МЫ ЁСЦЬ

Самае алагічнае — тое, што мы ўсё-ткі ёсць. На гэтай крыжаванай зямлі на працягу апошніх пяці стагоддзяў гіне то кожны другі, то кожны трэці, чацвёрты. Чарнобыль пасыпаў радыяцыйным попелам галовы тубыльцаў — Уладзімір Дубоўка задоўга перад падзеяй упэўніваў: “Чарнобылем не зарасцеш”. Неаднойчы ў нашае гісторыі здавалася, што колькасць людскіх стратаў пераваліла крытычную масу і пасля такога адрадзіцца немагчыма. Ніводзін з еўрапейскіх народаў на працягу такога доўгага часу не вынішчаўся гэтак сістэмна і бязлітасна, як мы.

А мы сабе сеем і сеем
Пшаніцу і радасць і кветкі;
Ачышчаным сеем насеннем
Шчаслівыя нашы палеткі...

— пісаў Купала ў 1938 годзе.

Мы існуем, як Караткевічаў заяц і куст калючага глогу, насуперак нармальнай логіцы, упартыя і нязменныя аўтахтоны на працягу Бог вем колькіх тысячагоддзяў.

Нас не магло б быць як культурнага цэлага і пасля 300 год безупыннай амаль асіміляцыі, дэнацыяналізацыі. Безумоўна, яе вынікі балючыя, нават трагічныя, але Беларусь духоўна неўміручая. Беларуская меншасць даравала і дарыць свае таленты літаратуры, выразніцы нацыянальнага духу. Хаця ў побыце пануе чужая мова, не хоча душа працаваць на ёй, выказваць запаветнае пазычанымі словамі. “Мова ж і ёсць адзежа душы” (Ф.Багушэвіч). Калі працягваць “раслінную” сімволіку нашае зямлі, дык можна ўзяць за адпаведнік трыпутнік, што расце абапал бітае дарогі. Ён някідкі, рэдка зважаюць на яго, без жалю топчуць ды скубуць, а ён усё адно расце там, дзе ўжо нішто расці не можа.

БЕЛАЯ ПЛЯМА

“Народ, Беларускі Народ!”— у роспачы выгукнуў класік, і гэта быў не адно рытарычны вокліч, а й рытарычнае пытанне. Паміж тым, пытанне варта адрасаваць і той зямлі, на якой мешкаюць тутэйшыя.

Дык што ж гэта за зямля такая? Белая, недаследаваная тэрыторыя, Теrra incognita, ды не дзе-небудзь у тропіках Афрыкі або ў амазонскай сельве, а ў самым геаграфічным цэнтры стаптанай уздоўж ды ўпоперак, стомленай Еўропы. Беларусь — белая пляма ў сярэдзіне кантыненту.

Белае — таксама zero ў колеравай гаме, непраяўленасць, адсутнасць колеру, але разам з тым і спалучэнне ўсіх колераў разам. Беларусь — недасяжная субстанцыя для рацыянальнага мыслення, яна адступае ў нязведанае вымярэнне, да яе трэба дайсці, дапяць.

Максім Багдановіч у “Санэце” фіксуе гэтую прыхаванасць, непраяўленасць, недасяжнасць у вобразе-сімвале зерня, пахаванага ў гліняным начынні. Дайсці да гэтага зерня не лягчэй, чым да смерці Кашча ў яйку: трэба адолець пяскі пустэльні, раскапаць грабніцу, знайсці гаршчок, у якім дрэмле зерне з ягонай нявыдаткаванай жыццёвай сілай.

Беларусь не проста непраяўленая, белая краіна, гэта “зачараванае” царства; адно літаратары ды прарокі ад палітыкі калі-нікалі спрабавалі “расчароўваць” яго.

БЛАГОЕ НАЧАЛЬСТВА

Апокрыф ад Уладзіміра Караткевіча:

“...Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць — лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы — да сонца. “Добра, — кажа, — зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся — дам я вам найгоршае ва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб’е. Гэта вам для раўнавагі”.

Вартаўнікоў не любяць нідзе і надзяляюць іх зневажальнымі мянушкамі (“бобікі”, “лягавыя” й да г.п.). Згадаем таксама навелу “Сабачая служба” Ядвігіна Ш. Гістарычны фатум пастанавіў зверхнікам на Беларусі быць яшчэ й вартаўнікамі — пры запаветнай зоне, зоне zero, каля ўкрыжавання. То ж бо яны мусілі быць не адно гаспадарамі, але й цэрберамі, і нават памяркоўныя й дальнабачныя паміж імі не заўжды карысталіся любоўю народнай, як засведчыў класік:

“Я паглядзеў туды, куды глядзеў ён. Над галерэяй, у акне на рагу палаца, я ўбачыў змяты страшны твар чалавека, які ўчапіўся пальцамі ва ўзорныя краты акна. У вузкіх вачах гэтага чалавека нават дурань заўважыў бы розум, іскру божую, жвавасць. Але я заўважыў у іх яшчэ нешта. Гэта была зайздрасць, страшная чалавечая зайздрасць да таго, хто ехаў на ганебным, падобным на труну возе.

Гэта быў Сапега.

І раптоўна па ўсім замкавым двары, па ўсіх пераходах раскаціўся дзікі, страшны па сіле голас, якога палохаліся ў бітвах ворагі.

— Леў! Леў!— роў голас.

І ў таго, хто роў, грыва, якую развейваў вецер, падала на лоб. А на падзёртых голых грудзях ляжала прыгожая сляпая галава.

— Леў, ты стаў лісіцай! Калі будзеш ваўком — памрэш, як сабака.

Кінуўся твар у акне. Яму засталося толькі кідацца і зайздросціць. Ён жа не мог так” (Ул.Караткевіч. “Сівая легенда”.).

Яны, благія беларускія зверхнікі, таксама былі палоннікамі зоны zero, ведалі паралізавальную, фатальную сілу, уздзеяння якой вытлумачыць не маглі. Іншыя, недальнабачныя, цішыню ды зманлівы спакой на ўкрыжаванай зямлі лічылі сваёй асабістай заслугай і напраўду ператвараліся ў тое, пра што крычаў голас з “Сівой легенды”. Або ў штось горшае, пра што выказаўся Гервасій Выліваха:

“Выліваха крэкнуў:

— Колькі разоў сабе казаў: не звязвайся з начальствам, не чапай, Гервасій, дзярма.

Ладдзя зарагатала”.

Іншым разам халодную кропку спрабуюць разагрэць з дапамогай чужой ідэалогіі, споўненай нязвыклым для гэтага краю імпэтам, безразважлівасцю. Зона zero моўчкі і амаль абыякава пракаўтне новую ідэалагему, як каўтала і старыя, так, што і следу не застанецца на спакойнай паверхні.

ТУТЭЙШЫ ЧАЛАВЕК

Цягам доўгіх стагоддзяў чужынцы ўздымаюць пыл на нашых дарогах, і ў спешцы нічога ведаць не ведаюць і не хочуць ведаць ні пра нашую зямлю, ні пра нашых людзей. Для іх Беларусь, як для Усходняга ды Заходняга вучоных з “Тутэйшых”,— нешта празрыстае, “прыдуманае” ці то нацыяналістамі, ці то бальшавікамі, якаясьці фата-маргана. Ах, як жа яны дзіваваліся, калі аб гэтае празрыстае балюча набівалі гузы, як, прыкладам, пад Сіняй Вадой, Грунвальдам, у беларускіх лясах падчас войнаў апошняга стагоддзя. Літоўскае войска пад сценамі Масквы, змаганне з крыжакамі ды з крымчакамі, паўстанні дзеля незалежнасці — усё гэта было.

Ды разам з тым, кінуўшы вокам на тутэйшых, часам можа падацца, што ў пару найвялікшых гістарычных узрушэнняў сядзеў мужык-беларус на ўзбочыне дарогі і меланхалічна глядзеў, хто там яшчэ сунецца.

Рана або позна да фатальнай недапраяўленасці дадаўся інстынкт самазахавання тутэйшага. Урэшце рэшт, ці мала тут сноўдаецца набрыдзі ўсялякай, а кожнаму насустрач выскокваць ды пытацца: “Хто такі й чаго табе трэба?”— моцы не хопіць. Жыццё навучыла: усе яны гэтымі ж дарогамі й сыдуць, а ён, тутэйшы, заўсёды тут, каля свайго крыжа. Слова “тутэйшы”, па-за тым трагічна-саркастычным значэннем, якое надаў яму Купала ў сваёй апошняй п’есе, у першым значэнні ёсць дастатковай самаідэнтыфікацыяй чалавека, які жыве ў зоне zего. Гэта астатнім, хто блукае вакол, трэба дапасоўвацца да тутэйшай прасторы, выдумляць сабе найменні, а нам у гэтым ніякай патрэбы няма.

Згадайма, як называе сябе тутэйшым Мацей Бурачок, калі яго спыняюць каля вёскі казакі і пытаюць: “Хто ты ёсць?” А той адказвае:

“Тутэйшы” кажу я, свой чалавек,
Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей,
Тут і радзіўся, тут жыву век,
Юркам зваць бацьку, я дык Мацей.
Вунь дзе і хата, і выган, і сад:
Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат...
(Францішак Багушэвіч, “Хрэсьбіны Мацюка”)

Гэта ягоны свет, ягоны мікракосм, а тлумачыцца варта было б казакам. Поўнае значэнне слова “тутэйшы” (у сэнсе нацыянальнай прыналежнасці й веры — уніяцкай) вядома адно Мацею, але ён нічога не збіраецца тлумачыць. А казак, для якога “тутэйшасць” абсалютна недасяжная катэгорыя, ажно заходзіцца ад злосці.

Хто ж ён — гэты тутэйшы, які жыве на гэтай белай зямлі?

ЯГОНЫ ДОМ

Ён асабліва нічога не будзе вам тлумачыць, пераконваць у нечым, а як будзеце больш настойліва дапытвацца, дык і ў хату сваю не пусціць. Дзіўная ў яго хата, парадаксальныя адносіны да яе.

Бедна ж мая хата расселася з краю
Між пяскоў, камення, ля самага гаю.
Ля самага бору, на беражку лесу:
Ніхто тут не трапе, хоць бы з інтарэсу.
(Ф. Багушэвіч, “Мая хата”)

“Кепска мая хата, падваліна згніла, і дымна, і зімна” — зацягне Мацей Бурачок далей. Суседзі, шкадуючы мужыка, будуць запрашаць яго ў новую багацейшую хату, навыперадкі прапаноўваць новы дом альбо “общежитие”. Але гаспадар зацята трымаецца гэтай уяўнай беднасці. Нават калі б гвалтам адарвалі ад гэтай хаты, усё адно вярнуўся б і зрабіў такую самую. Што было з Лявонам Зяблікам, калі змушалі яго “кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез”? Засіліўся на ўласным надворку.

Што гэта, любоў да ўласнай беднасці? Патрыятызм? Але патрыятызм не ёсць любоўю да ўласнае галечы, а жаданнем пазбыцца яе. Мужык-гаспадар ізноў нічога не патлумачыць, што ж там унутры, якое такое зерне схавана. Хата замкнёная, а мы бачым яе звонку, вачыма суседзяў, паводле выгляду, формы. А форма — ніякая, някідкая, шэрая.

Гаспадар хіба што абмовіцца адным словам наконт свае хаты: “а яна мне міла”. Слоўца-адтулінка, слоўца — шчылінка паміж бярвеннямі, што дазваляе нам зазірнуць унутр.

“Міла” — слова, сагрэтае пачуццём, міла бывае душы і сэрцу. Там, усярэдзіне жытла, душы гаспадара міла, утульна, камфортна. Гэта — поўная неадпаведнасць нецікавай шэрай формы і ўнутранай высокай сутнасці.

Як тут не згадаць біблейскае: “Усявышні не ў рукатворных бажніцах жыве”, Міцкевічава: “Жыццё іх цалкам у духу. На зямлі іх гісторыя поўная смутку і жальбы”, Караткевічава: “На Беларусі Бог жыве”. Ён жыве ў душах, душах-хатах. Адчуванне Бога ў сваёй душы, вернасць Божым ісцінам — вось што схавана ад суседскіх вачэй унутры хаты-душы. Тутэйшы, які жыве на гэтай зямлі, “рэчы ў сабе”, ёсць сам “рэччу ў сабе”. Ён арыентаваны на “ўнутранае”, на духоўны пошук. Ягонае стаўленне да Бога — не артадаксальнае, а бадай што свойскае, ягонае адчуванне сакральнага — бадай што панібрацкае. Бог не адчуваецца недасяжным, далёкім, а тутэйшым, бо ён — тут.

“Хрыстос нарадзіўся на вашым двары” — спяваюць калядоўнікі, пераходзячы ад адной хаты да другой, не багацейшай з выгляду. Тутэйшаму лёгка ўявіць, як на гэтым падворку, у гэткіх яслях нарадзіўся Збаўца.

У свядомасці тутэйшага лёгка разыгрываецца містэрыя стварэння свету, гісторыя ўкрыжавання Сына Божага і ягонага ўваскрасення, новага прышэсця ды Страшнага Суду — у тутэйшых, зямных праявах. Юда, што здрадзіў Збаўцу, вешаецца ў тутэйшых партызанскіх пушчах на асіне. Хрыстос прызямляецца ў Гародні, а Саваоф, які ў фінале рамана пра мужыцкага Хрыста, нагадвае тутэйшага заможнага і гасціннага гаспадара.

Тутэйшы адчувае сваю трагічную абранасць цераз блізкасць да крыжа як сімвала пакут. Містэрыя ўкрыжаванага Збаўцы часта атаясамляецца ў яго з уласнай укрыжаванасцю, уласным цярпеннем. Ваякі, што дзялілі Еўропу, праляталі цераз Беларусь з ашклянелымі ад шалу вачыма, не зважаючы, што пераступаюць цераз крыж. Беларусь і сёння пачуваецца цэнтрам гістарычнае дзяльбы, плацдармам барацьбы за новую Еўропу.

“Горад тут пуп дарог” — чытаем нават у вершы сучаснага паэта-“бумбамлітаўца” Сержука Мінскевіча. Паліндром можна расчытваць і з хваста ў галаву — усё адно “пуп дарог”. Меў рацыю і Несцерка, калі ў адказ на пытанне “Дзе пуп зямлі?” смела торкаў кіем сабе пад ногі: “Тут”. Адно сёння Беларусь укрыжавана не толькі на ростанях дарог — яшчэ й на газавай трубе, па якой перацякае блакітнае паліва.

“ШТО ТУТ БУДЗЕ ЦЯПЕР?”

Такое пытанне задаваў і задае сёння кожны, хто з трывогай думае пра Беларусь. Адказвае мудры Купала вуснамі сваіх мудрых палешукоў з паэмы “Над ракою Арэсай”: “Нічога не будзе”.

Не знікне родная мова, пра паміранне якой казалі дзесяткі і сотні год таму, а яна жыла, насуперак усім законам, паводле якіх нараджаюцца й паміраюць мовы.

“Не загіне краю родны”, “чарнобылем не зарасце”, бо тут — асуджаны на неўміручасць, прынамсі, да тае пары, пакуль “не пагаснуць зоры ў небе”. Хай гэта будзе малым суцяшэннем тым, хто прыйшоў у роспач ад таго, што тутэйшае быццё марудней, чым у каго з суседзяў, паварочваецца да слушнага ладу.

Беларусы — не зломкі ды не ізгоі ў свеце; Беларусь не апране на сябе рызманоў адвечнай выгнанніцы-жабрачкі. Беларусы таксама хочуць жыць, як усе людзі паспалітыя, і, без сумліву, будуць церабіць да гэтага жыцця ўласны шлях.

Але не трэба дзівіцца, што ў гэтай белай краіне палітычны ківач (маятнік) можа надоўга застыць у недарэчнай пазіцыі, а вектар грамадскага жыцця схіліцца ў непрадказальны бок. Дзейнічае глыбінная, невыказная анамалія. У зоне zеrо духоўная, сацыяльная актыўнасць грамадства чымсь прыгаломшаная, хаця ў нейтральных варунках яна непазбежна і хутка прывяла б да пасіянарнага выбуху.

“Гэта фаталізм” — з упэўненасцю скажуць апаненты. Магчыма. Але гэты фаталізм не адмаўляе творчага, стваральнага пачатку беларускае душы, якая працівіцца, як можа, неспрыяльным абставінам. Ну, а калі сцвярджаюць пра непераадольную расколіну, хібу ў душы беларускай, ад якой усе беды,— ці гэта не фаталізм? Калі вучаць, “што мы не ёсць мы, што мы нейкае нешта, якое абы накарміў, як быдлё, дык і сыта будзе” (Я.Купала, “Тутэйшыя”)? А гэта ўжо фаталізм без прасветліны, пры якім не пабачыш святла напрыканцы тунэлю.

Мы, аднак жа, верым.

ЗНЯЦЦЁ З КРЫЖА

“Ліючаяся форма”, паводле Абдзіраловіча,— таксама шлях, але шлях, якім Беларусь мусіць прыйсці сама да сябе, атаясаміцца з сабою. “Цярпець” і “пакутаваць” у беларускай мове — тое ж самае. Цярпенне, шлях да сябе — той крыж, які Беларусь мусіць вынесці да канца.

Калі, якім чынам адбудзецца зняццё з крыжа?

Тут мы ўваходзім у хісткую, няпэўную зону гіпотэзаў і версіяў, цьмяных здагадак, дзе немагчымы адназначны, адзіна слушны прагноз.

Нам бачыцца, што спадзяванне Беларусі-маладой на свой гістарычны пасад — не марнае. Адно не настаў яшчэ яе час. Як, памятаеце, у добрай старой кінаказцы пра Папялушку паводле Шварца? Усе персанажы — Сіняя Барада, Кот у ботах, Хлопчык-з-пазногцік — адгулялі ў сваіх казках і ціхенька дрэмлюць на чужым свяце. Беларусь-Папялушка яшчэ не адсвяткавала свайго гістарычнага балю. Або, як выказаўся класік марксізму-ленінізму, “не адспявала свае гістарычнае песні”.

Шлях да сябе не будзе копіяй ці паўтарэннем чыйгосьці шляху; у кожнага ён адметны. Паўтараецца хіба што адно: пераадоленне спакус, хвароб духу. Францыя адпакутавала на тры рэвалюцыі і банапартызм, Нямеччына перахварэла на тры рэйхі ды маніі ўсясветнага валадарання, Польшча перажыла стагоддзе гістарычнай настальгіі ды нэндзы.

Ніхто іншы не пройдзе нашага шляху замест нас.

Беларускі шлях трэба не толькі прайсці — але і адолець, выцерпець, адпакутаваць. Бо канчатковая мэта — зняццё з крыжа.

Канец шляху, мяркуем, прынясе не толькі палёгку, але і страту.

Марудна, малазаўважна, але ключавыя зоны, цэнтры светабудовы мяняюць сваю канфігурацыю. Аднойчы Парыж перастане быць заканадаўцам усясветнае моды, а Нямеччына — інкубатарам філосафаў. За пройдзены шлях, за набыты спакой трэба расплачвацца.

Беларусь можа стацца добраўпарадкаванай, заможнай, але стомленай, дрэмлючай краінай. Яна верне вечнасці сваю таямніцу, размяняўшы яе на спакой. Але і гэта — няхутка. Пакуль што мы ў дарозе.

1997 г.