Прамаскоўскі рэжым

альбо як адбываецца разбурэньне беларусі

Пазьняк Зянон


Параліч нацыянальнай бібліятэкі

Усялякае мерапрыемства, усялякае дзеяньне рэжыму, зьвязанае з нацыянальнымі каштоўнасьцямі, усялякае будаўніцтва, рамонт, рэканструкцыя, рэарганізацыя, арганізацыя выдаўніцтва і г.д. – паўсюдна і без выключэньняў не спрыяла гэтым каштоўнасьцям, шкодзіла і было накіраванае на разбурэньне ці пагаршэньне. Гэта ёсьць мэтад, тэхналёгія этнацыду. Тыповыя прыклады – “рэстаўрацыя” гістарычнай забудовы ў Менску (фактычнае зьнішчэньне гістарычнага гораду), шкодніцтва для Таварыства Беларускай Мовы, перасьлед Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, беларускай літаратуры, выдаўніцтва беларускіх кніг, часопісаў і г.д. Апошнія нападкі рэжыму на пісьменьнікаў гучаць так: выключыць з Саюзу пісьменьнікаў беларускіх літаратараў (а гэта вядомыя імёны), якія жывуць за мяжой, інакш, маўляў, Саюз пісьменьнікаў будзе зачынены і забаронены. Людзі, якія публічна абзывалі вялікага Быкава, пісьменьніка-франтавіка, літаратурным паліцаем і, фактычна, пазбавілі яго жыцьця, здольныя на ўсё.

Нацыянальная бібліятэка для нацыі зьяўляецца атрыбутам суверэнітэту -- такое ёсьць важнае яе значэнье ў культуры. Будаўніцтва на ўскраіне Менску новага гмаху нацыянальнай бібліятэкі па асабістай ініцыятыве Лукашэнкі выклікала вялікую трывогу. Зразумела, што па адпрацаванай тэхналёгіі акупацыйнага “дабрадзейства” рыхтуецца замах на сьвятое сьвятых нацыянальнай культуры.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі разьмешчана ў цэнтры Менска. Месца там хапае і для пашырэньня (будынкі навокал), і для будаўніцтва. Ды й так бібліятэка функцыянавала нармальна. Разбуральны сэнс пачаў выяўляцца цяпер, калі ў верасьні быў дадзены загад тэрмінова пераехаць і адчыніць бібліятэку да Новага году (цяпер прадоўжылі да 1-га траўня 2006 г.). Нармальны пераезд бібліятэкі з 8-мільённым фондам кніг павінен займаць у сярэднім два гады. Аўрал у гэтай справе можа прывесьці да непапраўнага зьнішчэньня і паралічу фондаў, працы, навукова-дасьледчага і вучэбнага працэсаў у краіне.

У такім жа стылі і па такой жа тэхналёгіі, як з Саюзам пісьменьнікаў, гістарычным Менскам і нацыянальнай бібліятэкай, абыходзяцца і зь Вялікім Акадэмічным тэатрам опэры і балета (рамонт, рэканструкцыя і аўральнае высяленьне трупы на тры гады на розныя непрыстасаваныя сцэны). Гэта час (які могуць яшчэ і зацягнуць) дастатковы, каб страціць форму і разгубіць артыстаў. Сьвет жа вялікі.

Можна прааналізаваць любое дзееньне рэжыму ў сфэры беларускай нацыянальнай культуры, навукі, адукацыі і ўвогуле – нацыянальных каштоўнасьцяў, і ўсюды ўбачым гэтую разбуральную схему акупацыйнай тэхналёгіі. Аналіз двухсот гадоў расейскай акупацыі Беларусі пацьвярджае да драбніц усе высновы і відавочнасьці разбурэньня нацыі, якія мы назіраем цяпер. Нацыя без нацыянальнай ідэі, без нацыянальнай мовы, без нацыянальных каштоўнасьцяў, без свайго мінулага, духоўнага і сьвятога, губляе здольнасьць да самаарганізацыі і барацьбы за сябе, перастае быць арганізаваным грамадзтвам, траціць будучыню, тэрыторыю і свабоду, часам аплакваючы і любуючыся сваімі пакутамі. Такую пэрспэктыву беларусам крок за крокам стварае акупацыйны рэжым.