Прамаскоўскі рэжым

альбо як адбываецца разбурэньне беларусі

Пазьняк Зянон


Абніжэньне адукацыйнага ўзроўню грамадзтва

У цяперашнім цывілізацыйным грамадзтве галоўным нацыянальным рэсурсам, галоўным сродкам вытворчасьці і разьвіцьця робіцца адукаваны інтэлект. Узровень грамадзтва залежыць ад выкарыстаньня і якасьці адукаванага інтэлекту. Што такое адукацыя для народа, ведалі яшчэ царскія акупанты 200 гадоў таму, калі зачынялі Віленскі ўнівэрсітэт, Полацкую езуіцкую акадэмію, базылянскія манастыры і школы, калі забаранялі адчыняць вышэйшыя навучальныя ўстановы на Беларусі.

Рэжым Лукашэнкі адразу спаліў беларускія падручнікі для школаў і перавёў бальшыню беларускіх школаў на рускую мову. Уся вышэйшая адукацыя, вучэльні, унівэрсітэты былі пераведзеныя на расейшчыну. Разрыў у сістэме адукацыі ў сваю чаргу быў скарыстаны (як і ў савецкі час) для далейшай ліквідацыі беларускай школы. Уганяўся ў жыцьцё акупацыйны прынцып колішняга царскага сатрапа Карнілава аб русіфікацыйнай місіі расейскай школы.

Нацыя без нацыянальнай школы, без нацыянальнай сістэмы адукацыі – гэта нацыя бяз будучыні. Акупацыйны рэжым адразу стварыў на Беларусі становішча бяз будучыні і скрупулёзна даводзіць яго да канчатковага завяршэньня.

Цяпер рыхтуецца рэформа вышэйшай адукацыі (увядзеньне двухузроўневай сістэмы ВНУ). Згодна плянаў, як яна задумана, рэформа рэзка абнізіць адукацыйны узровень беларусаў, створыць сацыяльныя праблемы, закрые шлях у навуку здольнай моладзі, выкліча агульную карумпаванасьць сістэмы вышэйшай адукацыі. Паўтаруся, усё гэта робіцца не па прычыне бязглузьдзіцы, а ў выніку зададзенай разбуральнай мэты.