Прамаскоўскі рэжым

альбо як адбываецца разбурэньне беларусі

Пазьняк Зянон


Захоп улады

Адраджэньне беларускага нацыянальна-вызвольнага руху (БНФ) і аднаўленьне незалежнасьці Беларусі сталася поўнай нечаканасьцю для Масквы. Па ўсіх рэляцыях, меркаваньнях і справаздачах розных расейскіх “аналітыкаў” і “ціхачоў” беларуская нацыя была ўжо імі зьнішчаная, раздушаная і пахаваная. Заставалася (як яны думалі) толькі дачакацца яе канчатковае фізічнае сьмерці. Але здарылася “асечка” ў “аналітыкаў” – нацыя аджыла (і будзе жыць!). Прычыны “асечкі” былі грунтоўна прааналізаваныя ў Маскве, зробленыя высновы. Неўзабаве пачалася палітычная агрэсія.

Стаўка была на захоп улады ў Беларусі праз савецкі КГБ, які поўнасьцю кантраляваўся спэцслужбамі Масквы. У 1994 годзе улада ў Беларусі была перабрана агентурай дэмакратычным мэтадам (з выкарыстаньнем дэмакратычных механізмаў). На пасаду прэзыдэнта Беларусі быў прыведзены “свой” чалавек (КГБ плюс савецкая мэнтальнасьць). Маскоўцы не стамляюцца называць яго “нашым” (“Коммерсант” і інш.). Пачаўся ўнутраны захоп беларускай улады прамаскоўскімі стаўленьнікамі, расейцамі (войска, КГБ) і функцыянерамі расейскай разьведкі.

Пра тое, якія Масква зрабіла высновы пасьля паражэньня ў Беларусі (на пачатку 90-х гадоў) сьведчыць дзейнасьць і палітыка цяперашняга прарасейскага акупацыйнага рэжыму. Беларуская рэчаіснасьць ёсьць хрэстаматыйная ілюстрацыя таго, якімі мэтадамі расейскі рэжым вынішчае культурны народ. Выразна відаць праграма, мэта і пасьлядоўнасьць разбуральных дзеяньняў, шырокі ахоп у ліквідацыі цэлай нацыі і нацыянальнай дзяржавы.

Тактычныя задачы ўкладваюцца ў пасьлядоўную хроніку ўсталяваньня прамаскоўскага рэжыму, цалкавітага захопу і ўмацаваньня рэжымнае ўлады, стварэньня кантролю над грамадзтвам. Пасьлядоўнасьць і паралельнасьць дзеяньняў пасьля легальнага захопу ўлады ў Беларусі вынікалі з антыбеларускай зададзенасьці працэсаў. Першым дзеяньнем новага стаўленьніка (ўжо праз тыдзень пасьля ўступленьня яго ў пасаду) было навязваньне кантактаў з Масквой і падрыхтоўка Беларуска-Расейскай дамовы “аб дружбе” і аб сумесных дзеяньнях у палітыцы. Наступным дзеяньнем стала ажыцьцяўленьне кантролю над сродкамі масавай інфармацыі, затым – кантроль над заканадаўчай і судовай уладамі, усталяваньне новых структураў і новага заканадаўства, якое абгрунтоўвала б і апраўдвала б сістэмныя перамены ва ўладзе і антынацыянальны характар рэжыму.

На гэта пайшло два гады. Выключна палітычнымі мэтадамі з выкарыстаньнем адміністрацыйнага і сілавога рэсурсаў улады і з паламаньнем права былі ліквідаваныя дзяржаўныя нацыянальныя сымвалы краіны, зацьверджана русіфікацыя (уведзена фармальнае двумоўе), адменена дзеючая Канстытуцыя і незаконным спосабам уведзена іншая, пераразьмеркаваныя функцыі ўсіх структураў улады, створана цэнтралізаваная сістэма ўладнай “вертыкалі” і ўнутраныя сілавыя кантынгенты, накіраваныя на абслугоўваньне гэтай цэнтралізаванай гіерархіі, праведзена кадравае напаўненьне ўладнай сістэмы людзьмі антыбеларускай прарасейскай накіраванасьці і агентурай расейскай разьведкі, усталяваны падвойны дзяржаўны бюджэт, кантраляваны выключна адной асобай, у руках якой апынулася ўся палітычная, заканадаўчая і выканаўчая ўлада.