Прамаскоўскі рэжым

альбо як адбываецца разбурэньне беларусі

Пазьняк Зянон


Уступ

Набліжаецца 2006 год а зь ім падзея пад назвай “прэзыдэнцкія выбары”. Гэтая “падзея” (якой яна станецца ніхто ня ведае) павінна абазначыць лёсы трох суб’ектаў палітыкі на ўсходзе Эўропы: Беларусі, Расеі і Аляксандра Лукашэнкі. Шмат хто мяркуе, што ў выніку ўсяго – пакінецца статус-кво акупацыйнага рэжыму на Беларусі. Але гэта якраз і будзе змрочнае “абазначэньне” яе лёсу. Бо падзеі не застануцца стаяць, працэсы акупацыі выявяцца яшчэ больш адкрыта, паскорыцца разбурэньне беларускай нацыі.

Самым дэструктыўным на Ўсходзе (а па вялікаму кошту і ў сьвеце) ёсьць чыньнік расейскай імпэрскай палітыкі, які ўзмацняецца, чым бліжэй падыходзіць 2006 год.

Пасьля распаду Савецкага Саюзу новая імпэрская дактрына Расеі была падрыхтаваная і прынятая за часы Ельцына ў жніўні 1995 года. Мэта яе заключалася ў аднаўленьні расейскіх уплываў на тэрыторыях, што вызваліліся ад СССР, а потым – далучэньне гэтых тэрыторыяў да Расеі.

Дактрына трашчыць па швах, выклікае войны і канфлікты, але Крэмль (і ня толькі Крэмль – ніхто ў Расеі) ня думае ад яе адмаўляцца.

Пасьля разгромнага паражэньня маскоўскай імпэрскай палітыкі на Ўкраіне, якое адбылося ў канцы 2004 года, Крэмль і расейскія ініцыятары аб’явілі адкрыта, што ўсе сілы накіруюць на захоп Беларусі. Гэта ёсьць прызнаньне вайны супраць нашай краіны, пакуль што -- вайны бяз зброі. Але і збройную вайну (хоць гэта стала б канцом Расеі) ня можна цяпер выключаць.

У дачыненьнях на ўсходзе Эўропы трэба ўлічваць прынцыпова новы чыньнік ва ўсходняй палітыцы – уладу КГБ у Расеі і Беларусі. Пра сутнасьць рэжымаў гэбізму я ўжо пісаў у “Беларуска-Расейскай вайне”. 2006 год робіцца рубіконам для гэтых рэжымаў, якія выяўляюць цяпер усю пачварнасьць і цынізм сваёй палітыкі.

Рубікон агаліў гэтую агрэсіўную палітыку, паказвае яе мэтады і тэхналёгію, стратэгаў і выканаўцаў, і хіба ўжо толькі сьляпы ня здольны яе назіраць.