Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 2 Палітычная сыстэма Беларусі з 1996 па 2000 год - Сыстэма ўлады і сыстэма апазыцыі пасьля альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году

Палітычную сытуацыю, якая склалася ў Беларусі пры канцы траўня 1999 году пасьля заканчэньня кампаніі альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, можна ацаніць як патавую. З аднаго боку, палітычныя апанэнты Лукашэнкі выкарысталі фактычна ўсе даступныя на той час магчымасьці аказаньня ціску на ўладу і тым ня менш не змаглі пахіснуць палітычных пазыцыяў дыктатара. З другога боку, беларускі прэзыдэнт выкарыстаў увесь арсэнал сродкаў барацьбы з апазыцыяй і тым ня менш не дасягнуў вырашальнага посьпеху ў барацьбе з дэмакратычнымі сіламі. Разам з тым, альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары акрэсьлілі асноўных удзельнікаў палітычнай гульні ў Беларусі. Дзеля яе геапалітычнага становішча яны не абмяжоўваюцца ўнутранымі палітычнымі акторамі. Удзельнікаў палітычнай гульні тут ня два, а чатыры: улада, апазыцыя, Захад і Расія.

Падтрымка беларускіх дэмакратычных сілаў з боку Захаду ў значнай ступені абумовіў арсэнал сродкаў, якія выкарыстоўвае беларускі рэжым у барацьбе са сваімі палітычнымі апанэнтамі. Але пры ўсёй моцы сваіх геапалітычных уплываў Захад не стварыў эфэктыўных вагароў узьдзеяньня на беларускі рэжым.

Маштаб расійскай падтрымкі рэжыму Лукашэнкі таксама ня ёсьць сталай велічынёй і залежыць ад бягучых палітычных канстэляцый. Напрыклад, пры канцы траўня 1999 г. расійскі істэблішмэнт, сур’ёзна заклапочаны інтэграцыйнымі ініцыятывамі Лукашэнкі, пайшоў на беспрэцэдэнтны акт націску на беларускі рэжым: энэргетычны расійскі манапаліст, РАО «ЕЭС Расіі», паведаміў аб скарачэньні паставак электраэнэргіі ў Беларусь; газавы расійскі манапаліст, кампанія «Газпром», пастанавіла скараціць пастаўкі газу. Лукашэнку далі зразумець, што пастаўляць электраэнэргію і энэрганосьбіты ў Беларусь па ўнутраных расійскіх цэнах ніхто ня будзе.

Гэтая пазыцыя зусім не азначала, што Крэмль жадае паспрыяць зьмене ўлады ў Беларусі: Лукашэнка задавальняў Расію. Яе пазыцыя тлумачылася і тым, што ў 1999 годзе ў Расіі пасьлядоўна зьмяніліся тры ўрады: Прымакова, Сьцяпашына і, у рэшце рэшт, Пуціна. Падрыхтоўка расійскім кіраўніцтвам другой чачэнскай кампаніі толькі павялічвала зацікаўленасьць Расіі ў Лукашэнку. Ува ўмовах ціску з боку Захаду (ад заяваў пра парушэньні правоў чалавека да пагрозаў прыняцьця эканамічных санкцыяў) Расіі былі б вельмі выгадныя катэгарычныя заявы беларускага прэзыдэнта аб падвоеных стандартах заходняй палітыкі або аб пастаноўцы на баявое дзяжурства пад Віцебскам палка расійскіх міжкантынэнтальных балістычных ракет «Топаль-М» у адказ на пашырэньне НАТО на ўсход…

На прасторы СНД інтарэсы Расіі, як правіла, уваходзілі ў супярэчнасьць з інтарэсамі ЗША, а ў меншай ступені — з інтарэсамі іншых дзяржаваў Захаду. Падтрымкай Лукашэнкі, паўнамоцтвы якога з 21 ліпеня 1999 году станавіліся для Захаду нелегітымнымі, Расія на прасторы СНД стварала важны для сваёй вонкавай палітыкі прэцэдэнт. Прэзыдэнт краіны, якая ўваходзіць у СНД, непрызнаны зь якіхсьці прычынаў Захадам, можа атрымаць падтрымку Расіі пры ўмове правядзеньня прарасійскай палітыкі, выкарыстаць гэты рэсурс для таго, каб захаваць уладу.

У сытуацыі заканчэньня тэрміну сваіх легітымных паўнамоцтваў прэзыдэнт Лукашэнка чакаў ад Расіі падтрымкі, якая для атаесамлялася зь пераходам на новы віток інтэграцыі ў межах беларуска-расійскага саюзу (і, тым самым, катэгарычным прызнаньнем прэзыдэнтуры Лукашэнкі Расіяй) і аднаўленьнем у ранейшым аб’ёме паставак энэрганосьбітаў у Беларусь (заданьнем-максымум тут было зьніжэньне на іх цэнаў[1]).

Стратэгічнай мэтай Лукашэнкі было захаваньне ўлады, нягледзячы на пэрспэктыву непрызнаньня легітымнасьці ўлады з боку ўнутрыпалітычнага апанэнта — апазыцыі — і вонкавапалітычнага апанэнта — прыхільнага да дэмакратычнай апазыцыі Захаду. Дасягненьне гэтай мэты прадугледжвала актыўныя, прадуманыя дзеяньні на ўсіх трох франтох — што да Расіі, дэмакратычнай апазыцыі і Захаду. У выпадку іх посьпеху рэжым мог ня толькі абараніць свае пазыцыі, але і аслабіць у краіне пазыцыі сваіх апанэнтаў.

Сканчэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 году, устрыманьне Крамля ад актыўнай падтрымкі беларускага рэжыму, магчымая актывізацыя дэмакратычнай апазыцыі, пасьлядоўная пазыцыя Захаду, пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ўвесну-ўлетку 1999 году і, як вынік, рост сацыяльнай напружанасьці — усё гэта падштурхоўвала Лукашэнку да перамовінаў. Пры гэтым Лукашэнка разумеў пад перамовінамі не дасягненьне пагадненьня паміж бакамі пры іх гатоўнасьці ісьці на ўзаемныя саступкі, а працэс абмену думкамі, каб выйграць час, узмацніць свае пазыцыі. Звыш таго, Лукашэнку ўдалося навязаць выгадны яму фармат перамовінаў не апошнюю чаргу дзякуючы фактару бягучага палітычнага моманту, бо дэмакратычная апазыцыя выйшла аслабленай з альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. Яна ня мела дастаткова моцных пазыцыяў, каб быць паўнапраўным суб’ектам перамовінаў і каб прымусіць рэжым выканаць дасягнутыя пагадненьні.

Пасьля правядзеньня альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў найбуйнейшыя палітычныя партыі БНФ і АГП апанаваў крызыс. Яго прычынай стала ацэнка вынікаў альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Цэнтравыбаркаму і яго старшыні. Пасьля расколу ў БНФ 25 траўня адбыўся раскол у АГП. Сябра кіруючага органу АГП — Палітсавету — В. Ганчар быў паддадзены вострай крытыцы. Старыя лідэры партыяў, Зянон Пазьняк і Станіслаў Багданкевіч, гублялі падтрымку значнай колькасьці сяброў сваіх партыяў. Пазыцыя З. Пазьняка што да выбараў 1999 году стала каталізатарам унутранага крызысу ўзначаленай ім партыі.

Ідучы на перамовіны з апазыцыяй, Лукашэнка і яго атачэньне implicite перасьледавалі наступныя заданьні:

1) Падштурхнуць апазыцыю да далейшага расколу. Апазыцыя раскалолася ў пытаньні ацэнкі правядзеньня альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. Падтрымка ўладай ідэі перамоваў і разрэклямаваная гатоўнасьць улады ісьці на дыялёг з апазыцыяй можа выклікаць чарговы раскол у стане дэмакратычных сілаў — на гэты раз у пытаньні стаўленьня да перамовінаў. 2) Ажыцьцявіць апэратыўны маніторынг бягучага стану апазыцыйных сілаў. Высьветліць пазыцыю апазыцыйных сілаў што да парлямэнцкіх выбараў 2000 году. Вызначыць групу гатовых да супрацоўніцтва з уладай апазыцыйных палітыкаў і прэзэнтаваць іх грамадзтву спачатку як «канструктыўную апазыцыю», каб пасьля падмяніць апазыцыю яе «канструктыўнай» часткай. Шляхам інфармацыйнай кампаніі выціснуць радыкальных праціўнікаў рэжыму на пэрыфэрыю палітычнай сцэны. 3) Напярэдадні тэрміну заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі пазбавіць апазыцыю фармальнай падставы для таго, каб вывесьці людзей на вуліцы; дэзарганізаваць частку грамадзтва, схільную да рашучых дзеяньняў на баку апазыцыі.

Апрача гэтага, перамовіны давалі ўладзе магчымасьць зьнізіць рэзананс у беларускім грамадзтве факту непрызнаньня Захадам законнасьці паўнамоцтваў Лукашэнкі пасьля 20 ліпеня. Для бальшыні беларускіх грамадзянаў перамовіны ўлады і апазыцыі пры пасярэдніцтве Захаду азначалі прызнаньне існага ў Беларусі рэжыму.

З моманту свайго заснаваньня ў 1997 годзе Кансультацыйна-наглядальная група АБСЭ ў Менску не спыняла спробаў пасадзіць бакі беларускага ўнутрыпалітычнага канфлікту за стол перамовінаў. На працягу першага кварталу 1999 году КНГ АБСЭ пад кіраўніцтвам Г.Г. Віка разам зь Дзярждэпартамэнтам ЗША і спэцыяльнай місіяй АБСЭ пад кіраўніцтвам А. Севярына неаднаразова заклікалі ўладу пайсьці на перамовіны з апазыцыяй. На гэта афіцыйныя беларускія прадстаўнікі адказвалі, што перамовіны магчымыя толькі пры ўмове прызнаньня ўдзельнікамі перамоўнага працэсу Канстытуцыі 1996 году, што рабіла іх бессэнсоўнымі. Аднак зь цягам часу пазыцыя беларускіх уладаў пачала мяняцца. Стваралася ўражаньне, што беларускі прэзыдэнт і яго атачэньне шукаюць асобаў для такога далікатнага даручэньня, якім ёсьць перамовіны з апазыцыяй.

Яшчэ ў сьнежні 1998 году ў складзе вышэйшага эшалёну ўлады адбыліся два паказальныя прызначэньні. На пасаду міністра замежных справаў быў прызначаны У. Латыпаў, а дараднікам прэзыдэнта ў пытаньнях Расіі і СНД быў прызначаны Міхаіл Сазонаў[2]. Апошні меў рэпутацыю майстра палітычнай інтрыгі.

З прызначэньнем кадравага контравыведніка Латыпава тактыка ўлады што да апазыцыі і КНГ АБСЭ набыла новыя рысы. Некаторымі расійскамоўнымі недзяржаўнымі СМІ праводзіцца кампанія прамоцыі Латыпава: яго прызначэньне падаецца як прыкмета магчымых зьменаў у вонкавай палітыцы рэжыму, наздвычай пазытыўна ацэньваецца сама асоба Латыпава. Сам Латыпаў робіць вельмі вывераныя крокі, каб узмацніць гэтае ўражаньне. У часе акцыі НАТО ў Югаславіі стрыманыя ацэнкі гэтай падзеі Латыпава выяўна кантрастуюць з эмацыйнымі інвэктывамі Лукашэнкі. На нейкі час ствараецца ўражаньне, што Лукашэнка ня толькі сам вызначае вонкавапалітычны курс Беларусі, але і сам яго рэалізуе насуперак волі свайго найбліжшага атачэньня. Латыпаў жа застаецца ў ценю.

Пры канцы красавіка, пасьля сустрэчы Латыпава і Мясьніковіча з эўрапейскімі дыпляматамі, міжнароднай супольнасьці быў дадзены сыгнал: Латыпаў паспрыяў лібэралізацыі рэжыму перарэгістрацыі палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. У адказ на заяву эўрапейскіх структураў аб неабходнасьці дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй без аніякіх папярэдніх умоваў з боку міністра замежных справаў Латыпава ніякіх катэгарычных адмоваў не прагучала. Заходняй дыпляматыі ўмела навязваўся пазытыўны імідж Латыпава.

Сытуацыя, якая склалася ў адносінах паміж прадстаўнікамі дэмсілаў і КНГ АБСЭ, стварала пагрозу расколу паміж імі. Настойлівасьць КНГ АБСЭ, якая ня бачыла альтэрнатывы перамовінам, магла пазбавіць беларускую апазыцыю спачуваньня і падтрымкі з боку Захаду. Дыстанцыя паміж апазыцыяй і Захадам, у сваю чаргу, была б на карысьць Лукашэнку. Урэшце, пасьля кансультацый прадстаўнікі КНГ АБСЭ і дэмсілаў сышліся ў тым, што нават пры правале перамовінаў гэта дазволіць яшчэ раз выявіць беларускаму грамадзтву сутнасьць існага рэжыму.

У чэрвені АБСЭ зрабіла першую спробу даць старт перамовам. На слуханьнях у «беларускім пытаньні», праводжаных Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ з 11 па 13 чэрвеня ў Бухарэсьце, былі запрошаныя прадстаўнікі, з аднаго боку, апазыцыйных палітычных партыяў, ВС 13 скліканьня, трэцяга сэктару, з другога боку — улады[3]. Аднак прынялі запрашэньне толькі прадстаўнікі «дэмакратычнага» боку. Рэжым яшчэ ня быў гатовы да перамовінаў, ня меў прадуманага пляну дзеяньняў. Гэтым крокам беларускае кіраўніцтва таксама дало зразумець ініцыятарам перамовінаў, што яны будуць магчымыя толькі на падкантрольнай рэжыму тэрыторыі.

Гульня лукашэнкаўцаў пачалася толькі на пачатку ліпеня. 2 ліпеня ў Менску на сэсіі Парлямэнцкага Сходу Саюзу Беларусі і Расіі Лукашэнка выступіў зь беспрэцэдэнтна рэзкай крытыкай Расіі, абвінаваціў кіраўніцтва гэтай дзяржавы ў грубым парушэньні саюзных дамоваў. 3 ліпеня Лукашэнка пацьвердзіў курс на паляпшэньне адносінаў з Захадам. 5 ліпеня міністар замежных справаў Латыпаў правёў брыфінг, на якім растлумачыў сутнасьць зьменаў у вонкавай палітыцы Беларусі: краіна ня можа заставацца па-за інтэграцыйнымі працэсамі ў Эўропе, таму будуць зробленыя крокі для нармалізацыі адносінаў з Захадам. У сувязі з гэтым найбліжэйшым заданьнем МЗС Беларусі будзе ўкладаньне пагадненьня з Эўрапейскім Зьвязам аб партнэрстве, а таксама часовага пагадненьня аб гандлёвым супрацоўніцтве. Пры гэтым Латыпаў адзначыў, што Расія застаецца стратэгічным партнэрам Беларусі. Такім чынам, ужо на пачатку гульні сталі бачнымі ролі, разьмеркаваныя сярод лукашэнкаўцаў. Асноўным акторам стаў дыплямат з кадэбісцкім мінулым Латыпаў, які рабіў заявы аб магчымых зьменах «у прававой сыстэме Беларусі» і аб гатоўнасьці «прэзыдэнта да адкрытай, сумленнай перадвыбарнай барацьбы».

7–8 ліпеня сэсія ПА АБСЭ, адбытая ў Пецярбурзе, прыняла рэзалюцыю, у якой выказала чарговы заклік да ўлады і апазыцыі ў Беларусі сесьці за стол перамовінаў. 15 ліпеня Лукашэнка даў згоду на сустрэчу з кіраўніком спэцыяльнай рабочай групы АБСЭ А. Севярынам і кіраўніком місіі АБСЭ ў Менску Г.Г. Вікам. Лукашэнка пагадзіўся пачаць перамоўны працэс з апазыцыяй наконт (1) распрацоўкі заканадаўства для правядзеньня свабодных, справядлівых выбараў, якія будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, (2) доступу апазыцыі да СМІ, (3) вызначэньня паўнамоцтваў будучага парлямэнту. 21 ліпеня міжнародныя арганізацыі, у тым ліку АБСЭ, заявілі, што тэрмін легітымных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі выгас.

Палітычны спэктакль працягваўся. 21 і 27 ліпеня апазыцыя чарговага разу прадэманстравала сваю слабасьць, вывеўшы ў Менску на дэманстрацыі супраць улады Лукашэнкі толькі 10–15 тысячаў чалавек. 6 жніўня Лукашэнка прызначыў М. Сазонава кіраўніком групы па падрыхтоўцы дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй. У першым жа сваім інтэрвію Сазонаў адзначыў, што Канстытуцыя 1996 году ня можа быць прадметам перамовінаў, ня можа быць і гаворкі аб прэзыдэнцкіх выбарах раней за 2001 год: гэта катэгарычная пазыцыя прэзыдэнта Лукашэнкі. Тэмай перамовінаў могуць быць толькі пытаньне доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ, а таксама абмеркаваньне ўжо падрыхтаванага ўладамі праекту Выбарчага кодэксу.

Такім чынам, яшчэ да фармаваньня дэлегацыяў, якія павінны былі прадстаўляць на перамовінах бок улады і бок апазыцыі, стала ясна іх поўная беспэрспэктыўнасьць (хаця сам зь сябе перамоўны працэс выклікаў вялікі розгалас у беларускім грамадзтве[4]).

18 жніўня апазыцыя вызначылася з кандыдатурамі, якія павінны былі прадстаўляць яе на перамовінах з уладай. Імі сталі палітыкі другога пляну — намесьнікі старшыняў, сябры кіруючых органаў дэмакратычных арганізацыяў: Юры Беленькі (ад БНФ), Аляксей Кароль (ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада»), Алег Трусаў (ад Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады), Леанід Лемяшонак (ад Партыі працы і справядлівасьці), Алена Скрыган (ад Партыі камуністаў беларускай). Узначаліць дэлегацыю было даверана намесьніку старшыні АГП Анатолю Лябедзьку.

Сама колькасьць прадстаўнікоў кожнага боку — 6 чалавек — была абумоўлена пагадненьнем паміж Г.Г. Вікам і М. Сазонавым. Катэгарычнасьць, зь якой М. Сазонаў настойваў на лічбе 6, тлумачыцца вельмі проста: улада не губляла ніводнага шанцу, каб рукамі самой апазыцыі разваліць створаную ёй для вядзеньня перамовінаў кааліцыю. У Беларусі налічвалася мінімум 7 палітычных партыяў, якія прэтэндавалі на ролю «буйных». Акрамя адзначаных партыяў, у «сямёрку» ўваходзіла і Лібэральна-дэмакратычная партыя Сяргея Гайдукевіча. Прарасійскі палітык, шчыльна зьвязаны зь беларускімі спэцслужбамі, Гайдукевіч выконваў ролю «дадатковага» рупару ў інфармацыйнай кампаніі ўлады, накіраванай на дыскрэдытацыю апазыцыі як боку перамовінаў (гэтую ж самую функцыю ён выканаў і падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2001 году, калі на яе завяршальным этапе рэжым выкарыстоўваў Гайдукевіча як скандальнага правакатара супраць Уладзімера Ганчарыка).

Заявы Гайдукевіча, што сфармаваная дэлегацыя не адлюстроўвае ўсяго спэктру палітычных партыяў, што «за бортам» апрача ЛДПБ апынуліся прафсаюзы, прымусілі Віка аказаць ціск на беларускіх дэмакратаў з мэтай тэрміновай карэкцыі складу дэлегацыі: адно месца з боку апазыцыі за сталом перамовінаў мусіла падлягаць ратацыі — яго па чарзе павінны займаць прадстаўнікі «сямёркі» палітычных партыяў.

«Прарыў» ЛДПБ у склад дэлегацыі значна зьменшыў эфэкт ад яе працы. Кожнае паседжаньне суправаджалася абвінавачаньнямі з боку Сяргея Гайдукевіча альбо яго паплечніка па партыі Аляксандра Рабатая ў адрас астатніх сяброў дэлегацыі у «неканструктыўнасьці» іх пазыцыі. Заявы лідэраў ЛДПБ рэгулярна агучваліся дзяржаўнымі СМІ.

Дыялёг паміж уладай (якую прастаўляла група Сазонава[5]) і дэлегацыяй апазыцыі скончыўся дамоўленасьцяй стварыць у пачатку верасьня рабочую групу пад кіраўніцтвам прафэсара Міхаіла Пастухова для ажыцьцяўленьня доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ. Самой дэлегацыі апазыцыі было прапанавана падрыхтаваць свае заўвагі да праекту Выбарчага кодэксу, згодна зь якім увосень 2000 г. павінны былі адбыцца выбары ў парлямэнт.

Для працягу перамовінаў з рабочай групай М. Пастухова ўлады стварылі экспэртную групу пад кіраўніцтвам аднаго з галоўных ідэолягаў рэжыму — галоўным рэдактарам «Советской Белоруссии» Паўлам Якубовічам. З доўгімі і частымі перапынкамі дыялёг[6] аб умовах доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ вёўся да лютага 2000 году і, натуральна, ня меў ніякіх вынікаў. У лютым лукашэнкаўскі парлямэнт прыняў Выбарчы кодэкс. Яго прыняцьцё і пэрспэктыва правядзеньня парлямэнцкіх выбараў згодна з гэтым дакумэнтам азначала, што ў прызнаньні Захадам вынікаў парлямэнцкіх выбараў і тым самым у прызнаньні легітымнасьці парлямэнту новага складу рэжым не зацікаўлены. Пры гэтым Латыпаў і Сазонаў прыклалі максымум намаганьняў у гульні з дэмакратычнымі сіламі, каб апазыцыя ня выйшла раней часу зь «перамовінаў». Да канца сакавіка 2000 г. вялася млявая дыскусія наконт магчымасьці перапрацоўкі Выбарчага кодэксу на дэмакратычны лад.

Рэальная пазыцыя ўлады падштурхнула лідэраў дэмакратычных партыяў спыніць удзел у «перамовінах». БНФ і АГП, а таксама дэмакратычныя грамадзкія арганізацыі заявілі аб намеры арганізаваць байкот парлямэнцкіх выбараў.

Прынцыповая пазыцыя дэмсілаў была патрактаваная дзяржаўнымі СМІ як праява «незамірэнчасьці» апазыцыі, дзеля якой яна павінна пакінуць надзею вярнуцца ў «сыстэмную палітыку». У якасьці партыяў, якія прэзэнтаваліся грамадзтву як «канструктыўная апазыцыя», усё часьцей фігуравалі ЛДПБ, і рух «Яблык» пад кіраўніцтвам Вольгі Абрамавай, і, часткова, ПКБ. Акурат прадстаўнікі гэтых партыяў сядзелі за сталом «перамовінаў» да апошняга — да ліпеня 2000 г.

Прэзыдэнт Лукашэнка высака ацаніў дзейнасьць сваіх прадстаўнікоў на перамовінах. Пры канцы лістапада 2000 году «сілавіка» Шэймана на адной з ключавых у Беларусі службовых пасадаў — пасадзе Дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі — зьмяніў «дыплямат» Латыпаў. Пасьля выбараў 2001 г. ён пойдзе яшчэ далей і будзе прызначаны кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта.

Няўдача перамовінаў абумовіла і характар найбуйнейшай падзеі палітычнага жыцьця краіны ў 2000 годзе — кастрычніцкіх парлямэнцкіх выбараў. Дзякуючы сваёй недэмакратычнасьці яны не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

Але стратэгічная мэта ўлады — пазбавіць дэмакратычную апазыцыю магчымасьці аказваць уплыў на палітычнае жыцьцё краіны, замяніць іх у вачах грамадзкасьці «канструктыўнай», гэта значыць падкантрольнай «апазыцыяй», — не была дасягнута.

Вынікі парлямэнцкіх выбараў пацьвердзілі правал гэтых плянаў. Кампанію дэмакратычных сілаў Беларусі, накіраваную на байкатаваньне недэмакратычных выбараў, можна назваць пасьпяховай. У буйных гарадох рэспублікі на выбары прыйшла толькі палова выбарцаў. На вялікай колькасьці выбарчых участкаў выбары не адбыліся. 54% тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі, выказалі ў ходзе сацыялягічных апытаньняў меркаваньне, што ўлада павінна выканаць патрабаваньне аб правядзеньні свабодных і справядлівых выбараў. Каля 22% удзельнікаў галасаваньня адзначылі сябе як перакананых праціўнікаў аўтарытарнага рэжыму.

Стварыць нават бачнасьць свабодных дэмакратычных выбараў, надзець дэмакратычнае адзеньне ўладзе не ўдалося.

Аўтарытарная ўлада не змагла задушыць дэмакратычны рух. Няздольная перамагчы ў адкрытай барацьбе, яна была вымушана наносіць удары цішком, плесьці павучыньне інтрыг.

1. Энэргетычныя выдаткі ўваходзяць у склад сабекошту кожнага прадукту вытворчасьці. Беларуская эканоміка, арыентаваная на выпуск канцавога прадукту, мае энэрга- і матэрыялаёмісты характар. Зьнізіць энэргетычныя выдаткі — значыць, зьменшыць сабекошт прадукцыі, павысіць яе канкурэнтаздольнасьць. Для Лукашэнкі гэта значыла атрымаць неабходныя рэсурсы для таго, каб стабілізаваць альбо палепшыць эканамічную сытуацыю, зьменшыць незадаволенасьць насельніцтва як сваім эканамічным становішчам, так і палітычным курсам.

2. У 1995–1996 гг. М. Сазонаў займаў пасаду першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Паводле пэўных зьвестак, ён каардынаваў арганізацыйную працу што да забесьпячэньня «патрэбных» вынікаў рэфэрэндумаў траўня 1995 і лістапада 1996 гг. і меў беспасярэдняе дачыненьне да зрыву імпічмэнту Лукашэнку восеньню 1996 году. У пачатку 1997 г. М. Сазонаў сышоў зь вялікай палітыкі і заняўся нафтабізнэсам.

3. Плянавалася, што тэмамі дыскусіяў паміж прадстаўнікамі апазыцыі, трэцяга сэктару і ўлады стануць праблемы заканадаўчай улады, СМІ і выбараў.

4. Сама ідэя перамоваў была вельмі папулярнай сярод беларускага грамадзтва. Беларускія грамадзяне жадалі пацяпленьня палітычнага клімату. Згодна з вынікамі агульнанацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, праведзенага НІСЭПД, 38,3% рэспандэнтаў выказаліся ў падтрымку перамовінаў паміж апазыцыяй і ўладай. 16,9% апытаных сьцьвердзілі, што весьці перамовы з Лукашэнкам бессэнсоўна.

5. Апрача Сазонава ў групу ўваходзілі першы намесьнік дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Віктар Новельскі, дырэктар Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасьці Ігар Андрэеў, міністар юстыцыі Генадзь Варанцоў, намесьнік міністра замежных справаў Уладзімер Герасімовіч, дэпутат ПП НС Юры Кулакоўскі і будучы кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэньні Лукашэнкі ў кандыдаты ў прэзыдэнты Мікалай Чаргінец.

6. Напрыканцы верасьня перамовіны былі пастаўленыя пад пытаньне пастановай суду ў справе палітычнага вязьня Андрэя Клімава, які быў прыгавораны да 6 гадоў пазбаўленьня волі.