Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 2 Палітычная сыстэма Беларусі з 1996 па 2000 год - Альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары траўня 1999 году

У жніўні 1998 году стала вядома, што пры падрыхтоўцы праекту дзяржаўнага бюджэту Беларусі на 1999 год ня будуць прадугледжаныя выдаткі на правядзеньне ў 1999 годзе прэзыдэнцкіх выбараў. Былі страчаныя апошнія надзеі на перагляд уладай сваёй пазыцыі што да вынікаў апошняга рэфэрэндуму, згодна зь якімі прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі былі працягнуты да 2001 году. Дэмакратычнымі ж сіламі правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў разглядалася як падзея выключнага палітычнага значэньня. Таму пры канцы 1998 году ВС 13 скліканьня стварыў рабочую групу для падрыхтоўкі пастановы што да правядзеньня ў 1999 годзе прэзыдэнцкіх выбараў. У яе ўвайшлі старшыня ВС Сямён Шарэцкі, кіраўнікі апазыцыйных палітычных партыяў, якія мелі сваіх прадстаўнікоў у парлямэнце, а таксама былы старшыня ЦВК Віктар Ганчар.

На гэтую ініцыятыву ўлада адрэагавала ўжо 7 студзеня 1999 году: Генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка заявіў пра магчымасьць узбуджэньня крымінальнай справы супраць удзельнікаў рабочай групы. Гэты момант задаў непажаданы для дэмакратычнай апазыцыі кантэкст выбараў: улада ня лічыць легітымным ВС і не прызнае яго права на прызначэньне прэзыдэнцкіх выбараў, але адначасна ініцыятары правядзеньня выбараў, апазыцыйны ВС і створаныя ім органы, згодна з сваёй наперад вызначанай лініяй, зьвяртаюцца да афіцыйных органаў улады, быццам прызнаючы іх легітымны статус.

Нягледзячы на папярэджаньне ад генпракурора, 10 студзеня 1999 г. адбылося паседжаньне ВС, на якім прысутнічалі 44 дэпутаты. 42 зь іх ухвалілі распрацаваную працоўнай групай пастанову. Было вырашана, што першы тур прэзыдэнцкіх выбараў адбудзецца 16 траўня 1999 году, а з 1 сакавіка пачнецца рэгістрацыя ініцыятыўных групаў кандыдатаў. У складзе 19 чалавек была зацьвержаная Цэнтральная выбарчая камісія па выбарах прэзыдэнта пад кіраўніцтвам В. Ганчара. У яе склад увайшлі прадстаўнікі БНФ, АГП, Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама прафэсійных саюзаў.

13 студзеня адбылася падзея, якая, магчыма, таксама паўплывала на правядзеньне альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. У гэты дзень суд адмовіў у вызваленьні пад падпіску аб нявыезьдзе[1] 75-гадоваму старшыню калгасу «Расьсьвет» Васілю Старавойтаву. Гэтая крымінальная справа была беспасярэдне «замоўленая» Лукашэнкам для таго, каб запалохаць дырэктарскі корпус — прадстаўнікоў прамыслова-эканамічнай эліты. Гэтай пастановай суду ўлады далі зразумець: зьмены палітычнага курсу ў краіне ня будзе, як ня будзе і недатыкальных, нягледзячы на ўзрост, стан здароўя, нацыянальную або інтэрнацыянальную вядомасьць.

15 студзеня Цэнтравыбаркам паінфармаваў СМІ, мясцовыя органы ўлады, міністэрствы аб часе і месцы свайго першага паседжаньня. Афіцыйныя структуры і іх прадстаўнікі на гэтае паведамленьне не адгукнуліся. Яны і ў далейшым не рызыкавалі мець стасункі з Ганчаровым Цэнтравыбаркамам, таму што гэта азначала як мінімум звальненьне з працы, а як максымум — прыцягненьне да адміністрацыйнай ці нават крымінальнай адказнасьці.

Цэнтравыбаркам быў вымушаны працаваць у паўпадпольлі, што само сабой стварала значныя перашкоды для эфэктыўнага правядзеньня такой вялікай палітычнай акцыі, як прэзыдэнцкія выбары. Ня здолеў ён здабыць і сталага памяшканьня: Міжнародны адукацыйны цэнтар, у якім было прызначанае першае паседжаньне Цэнтравыбаркаму, на наступны дзень пасьля ўкладаньня дамовы скасаваў яе.

16 студзеня на першым паседжаньні Цэнтрвыбаркаму быў зацьверджаны плян захадаў для правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Было пастаноўлена, што за 70 дзён да даты выбараў пачнецца збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. На працягу аднаго месяца ініцыяўныя групы кожнага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта павінны сабраць ня менш за 100 тысяч подпісаў. Потым сабраныя подпісы неабходна перадаць у Цэнтравыбаркам, які пачне рэгістрацыю кандыдатаў. А з 6 красавіка павінна распачацца агітацыйная кампанія. Была таксама прынятая пастанова на працягу месяца сфармаваць рэгіянальныя выбарчыя камісіі, а з 1 красавіка пачаць фармаваньне ўчастковых камісіяў.

У ходзе першага паседжаньня Цэнтравыбаркаму была дасягнутая згода па адным з найважнейшых пытаньняў — пытаньні аб фінансаваньні выбарчай кампаніі. Дарма што Канстытуцыяй 1994 году прадугледжвалася толькі бюджэтнае фінансаваньне, у сувязі зь немагчымасьцю выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі было вырашана праводзіць выбары за кошт добраахвотных ахвяраваньняў і з гэтай мэтай стварыць спэцыяльны фонд.

Падзеі, зьвязаныя з ініцыятывай дэмакратычных сілаў правесьці прэзыдэнцкія выбары, не засталіся незаўважанымі па-за межамі краіны. 17 студзеня, пасьля больш як паўгадовай адсутнасьці[2] ў Менск вярнуліся паслы заходніх дзяржаваў. А 18 студзеня ў Менск прыбыла спэцыяльная кансультацыйна-наглядальная група АБСЭ пад кіраўніцтвам Адрыяна Севярына. Група правяла сустрэчы як з прадстаўнікамі апазыцыі — кіраўнікамі ВС 13 скліканьня, так і з прадстаўніком беларускіх уладаў — намесьнікам міністра замежных справаў Сяргеем Мартынавым. У апошні дзень візыту, 19 студзеня, група сустрэлася зь сьпікерам ВС 13 скліканьня Сямёнам Шарэцкім, экс-прэм’ер-міністрам Міхаілам Чыгіром і старшынём Цэнтравыбаркаму Віктарам Ганчаром. Факт сустрэчы афіцыйных прадстаўнікоў АБСЭ з прадстаўнікамі Вярхоўнага Савету, апазыцыйнага Цэнтравыбаркаму і асабіста Міхаілам Чыгіром, які яшчэ пры канцы 1998 году абвясьціў аб сваім жаданьні змагацца за прэзыдэнцкую пасаду на выбарах 1999 году, быў зынтэрпрэтаваны як знак падтрымкі ініцыятывы правядзеньня альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з боку міжнароднай супольнасьці, пацьвердзіў нязьменнасьць пазыцыі Захаду што да прызнаньня дзейным Асноўным Законам Беларусі Канстытуцыю 1994 году і адзіным легітымным заканадаўчым органам — Вярхоўны Савет.

Гэтыя сустрэчы выклікалі нэгатыўную рэакцыю з боку ўладаў. Прычым на гэты раз Лукашэнка выказаў сваю незадаволенасьць пазыцыяй Захаду ня толькі праз хвалю прапаганды з боку сваіх СМІ. 20 студзеня Югаславіі быў прадастаўлены статус наглядальніка пры Парлямэнцкай Асамблеі Саюзу Расіі і Беларусі. Гэты крок, улічваючы верагодную эскаляцыю балканскага крызысу, быў пакліканы прадэманстраваць Захаду волю беларускіх уладаў аказаць рэжыму Мілошавіча ня толькі дыпляматычную падтрымку.

Характар палітыкі Лукашэнкі (як і якога-любя іншага кіраўніка дзяржавы), яго разуменьне пэрспэктываў разьвіцьця ўнутры- і вонкавапалітычнай сытуацыі заўсёды яскрава адлюстроўваюцца ў адпаведнай кадравай палітыцы. 20 студзеня 1999 году шэфам службы бясьпекі прэзыдэнта быў прызначаны палкоўнік міліцыі Ўладзімер Навумаў. Да свайго прызначэньня У. Навумаў камандаваў аддзелам спэцыяльнага прызначэньня Міністэрства ўнутраных справаў «Алмаз». Ніколі яшчэ чалавек з МУС не надзяляўся такой пасадай. Да прызначэньня У. Навумава службай бясьпекі прэзыдэнта кіраваў палкоўнік КДБ, камандзір аддзелу спэцыяльнага прызначэньня КДБ «Альфа» Юры Бародзіч. Акурат яго падначаленыя былі галоўнай ударнай сілай пры правядзеньні ў красавіку 1995 году акцыі супраць галадуючых дэпутатаў ВС. Прызначэньне У. Навумава і пасьлейшая ратацыя ў службу бясьпекі прэзыдэнта супрацоўнікаў «Алмазу» сьведчыла аб тым, што Лукашэнку спатрэбілася іншая служба бясьпекі. Ён рыхтаваўся да падзеяў, зьвязаных з сканчэньнем тэрміну яго паўнамоцтваў у ліпені 1999 году. Яму была патрэбна адпаведная каманда, здольныя выканаць любую, самую брудную і, пры неабходнасьці, крывавую працу. Лукашэнку былі патрэбныя такія кадры, якія пойдуць зь ім да канца.

Тым часам Захад пасьлядоўна праводзіў сваю палітыку: 25 студзеня КНГ АБСЭ распаўсюдзіла заяву аб сваем стаўленьні да прызначаных Лукашэнкам на сакавік 1999 году выбараў у мясцовыя Саветы: «Палажэньні Закону аб выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы ня могуць забясьпечыць правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў».

30 студзеня адбыты ў Менску Кангрэс дэмакратычных сілаў прыняў рэзалюцыю пра поўную падтрымку прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня 1999 году. Гэта падзея мела ключавое значэньне для кансалідацыі дэмакратычнага лягеру (партыяў, прафсаюзаў, грамадзкіх ініцыятываў) напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Рэакцыя ўладаў ня змусіла доўга чакаць: 1 лютага была абвешчана перарэгістрацыя палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. На пасаду кіраўніка камісіі па перарэгістрацыі быў прызначаны стары русафіл Уладзімер Замяталін. Тым самым улада дала зразумець, што зарукай пасьпяховай перарэгістрацыі для палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў будзе няўдзел у альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбарах.

Неўзабаве кампанія рэжыму супраць арганізацыі прэзыдэнцкіх выбараў перайшла ў іншае поле. 3 лютага В.Ганчар заявіў, што з рэгіёнаў прыходзіць шмат зьвестак аб тым, што мясцовыя аддзяленьні банкаў адмаўляюцца пераводзіць грошы на рахунак Цэнтравыбаркаму, які быў разьмешчаны ў камэрцыйным банку «Прыёрбанк». На запыт Цэнтравыбаркаму ў юрыдычны аддзел НББ быў дадзены адказ, што «блякаваньне рахунку парушае заканадаўства».

8 лютага Лукашэнка ажыцьцявіў яшчэ адну кадравую зьмену: на пасаду міністра ўнутраных справаў быў прызначаны былы камандуючы ўнутранымі войскамі Юры Сівакоў. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе генэрал-лейтэнанта Валянціна Агальца, які займаў яе ажно тры з палавінай гады. Гэта была ня менш знакавая кадравая перастаноўка, чым прызначэньне на пасаду шэфа службы бясьпекі У. Навумава. На месца адданага рэжыму Агальца быў прызначаны генэрал, здольны ня проста выконваць волю прэзыдэнта, але і праяўляць падчас гэтага «творчую ініцыятыву»[3]. Сваёй новай пасадай Сівакоў быў збольшага абавязаны падтрымцы асобы з найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі — Віктара Шэймана, пад кіраўніцтвам якога Ю. Сівакоў працаваў у Радзе бясьпекі да таго, як узначаліў унутраныя войскі. Шэйман добра ведаў Сівакова яшчэ з канца 80-х гадоў (тады маёр Шэйман, як і Сівакоў, служыў у Берасьці). Сівакоў яшчэ ў 1995 годзе заслужыў давер Лукашэнкі: акурат ён узначаліў у верасьні 1995 году дзяржаўную камісію па расьсьледаваньні інцыдэнту зь зьбітым паветраным шарам і пагібельлю амэрыканскіх аэранаўтаў і, натуральна, вінаватых не знайшоў. Навумаў і Сівакоў не былі адзінымі прадстаўнікамі новай хвалі прызначэнцаў Лукашэнкі на кіраўнічыя пасады ў праваахоўных органах. Адбыліся кадравыя зьмены і ў кіраўніцтве КДБ: яшчэ 20 студзеня на пасаду намесьніка старшыні КДБ быў прызначаны былы старшыня Гарадзенскага ўпраўленьня КДБ Уладзімер Мацюшка.

З прызначэньнем Сівакова канчаткова акрэсьлілася пазыцыя Лукашэнкі і яго атачэньня што да альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. Пры існай унутрыпалітычнай сытуацыі нельга было сьцьвярджаць, што «раскрутка» альтэрнатыўнай выбарчай кампаніі зможа прывесьці да зьмены ўлады ў Беларусі: у Лукашэнкі на той час было значна больш рэсурсаў для ўтрыманьня ўлады, чымся ў яго апанэнтаў для яе здабыцьця. Але, тым ня менш, ні сам Лукашэнка, ні яго дараднікі не маглі сабе дакладна ўявіць, наколькі неабходна будзе змабілізаваць даступныя ім рэсурсы для захаваньня ўлады. Уплыў шэрагу фактараў рабіў магчымым разьвіцьцё ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі ў неспрыяльным для аўтарытарнай улады кірунку:

— была відавочнай кансалідацыя апазыцыйных сілаў вакол ідэі правядзеньня альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў;

— станавілася ўсё больш было сымптомаў блізкога пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў Беларусі: стан эканомікі краіны ў значнай ступені залежаў ад эканамічнай сытуацыі ў Расіі, якая была асноўным гандлёвым партнэрам Беларусі. Расійскі дэфолт жніўня 1998 г. моцна ўдарыў па беларускай эканоміцы;

— сканчэньне тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі пры рэзкім пагаршэньні эканамічнай сытуацыі ў краіне давала дэмакратычным сілам актыўную падтрымку з боку прафсаюзаў. Пры нявыгадным для рэжыму разьвіцьці сытуацыі на вуліцы разам з апазыцыяй маглі б выйсьці рабочыя буйных прадпрыемстваў — тады для ўлады ўтрымаць сытуацыю пад кантролем было б дастаткова складана[4].

Такім чынам, недзе на пачатку лютага ўладай быў выбраны курс на жорсткае здушэньне альтэрнатыўнай выбарчай кампаніі. 9 лютага адбылося паседжаньне Рады бясьпекі, на якім былі вызначаныя адказныя асобы за рэалізацыю захадаў супраць альтэрнатыўнай выбарчай кампаніі і зацьверджаныя паўнамоцтвы каардынатара правядзеньня контразахадаў — дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Шэймана. Напярэдадні гэтага паседжаньня быў прызначаны міністрам ўнутраных справаў Сівакоў — яму адводзілася роля аднаго з асноўных выканаўцаў гэтых захадаў.

На наступны дзень, 10 лютага, «засьвяціліся» некаторыя зь іншых удзельнікаў паседжаньня. У гэты дзень у этэры Беларускага тэлебачаньня старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах друку Міхаіл Падгайны зрабіў прыкладна наступную заяву: «СМІ, якія заклікацьмуць да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 16 траўня, будзе выносіцца папярэджаньне Дзяржаўнага камітэту ў справах друку. Другое папярэджаньне будзе азначаць закрыцьцё СМІ». Падгайны падкрэсьліў, што «СМІ ў Беларусі павінны прытрымлівацца палажэньняў Канстытуцыі 1996 году». Другая заява была зроблена Генэральным пракурорам Алегам Бажэлкам падчас інтэрвію журналістам беларускіх СМІ. Ён заявіў, што «дзейнасьць парушальнікаў Канстытуцыі (дэпутатаў Вярхоўнага Савету — арганізатараў прэзідэнцкіх выбараў. — Рэд.) будзе апэратыўна вывучацца, і калі будуць высьветленыя факты парушэньня дзейнага заканадаўства, будуць узбуджацца адміністрацыйныя і крымінальныя справы».

Такім чынам, зрыў альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў ператварыўся ў адну з мэтаў дзяржаўнай палітыкі. На паседжаньні Рады бясьпекі 9 лютага былі вызначаныя сфэры кампэтэнцыі, абмеркаваныя мэханізмы супрацоўніцтва і каардынацыі дзейнасьці адказных асобаў і ўзначальваных імі ведамстваў. Можна гаварыць аб такім раскладзе:

Сівакоў (МУС) — беспасярэдняе правядзеньне комплексу захадаў, накіраваных як супраць арганізатараў, так і актывістаў кампаніі апазыцыі па правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў.

Мацкевіч (КДБ) — збор інфармацыі аб плянах арганізатараў прэзыдэнцкіх выбараў, разьмеркаваньні функцыяў паміж дэмакратычнымі арганізацыямі Беларусі й іх структурамі пры правядзеньні захадаў гэтай кампаніі, сувязях ініцыятараў прэзыдэнцкіх выбараў з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый і палітычнымі коламі краінаў Захаду. Маніторынг разьвіцьця ўнутры- і вонкавапалітычнай сытуацыі ў кантэксьце альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў і сканчэньня тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 году.

Бажэлка (Генэральная пракуратура) — узбуджэньне крымінальных справаў у дачыненьні да арганізатараў прэзыдэнцкіх выбараў, забесьпячэньне «правільнасьці» разгляду гэтых справаў у судовых органах.

Падгайны (Дзяржаўны камітэт у справах друку) — забесьпячэньне інфармацыйнай падтрымкі захадаў, скіраваных на зрыў альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў.

Замяталін (намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, адказны за працу Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, іншых дзяржаўных СМІ) — плянаваньне і правядзеньне інфармацыйнай вайны супраць ініцыятараў альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. Як кіраўнік дзяржаўнай камісіі па перарэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, Замяталін быў адказны таксама за стварэньне «адпаведных» умоваў перарэгістрацыі, адказваў за працу Міністэрства юстыцыі ў гэтым кірунку.

Падзеі, якія адбыліся адразу пасьля гэтага, адназначна ўказваюць на скаардынаваную працу дзяржаўных органаў для зрыву альтэрнатыўнай прэзыдэнцкай кампаніі.

11 лютага ў Гомелі пасьля сходу актывістаў дэмакратычных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, на якім абмяркоўваліся пытаньні правядзеньня выбараў, супрацоўнікамі міліцыі быў праведзены шэраг затрыманьняў. Затрыманыя абвінавачваліся ў правядзеньні несанкцыянаванага сходу. 12 лютага ў Гомелі супрацоўнікі міліцыі і КДБ на падставе «інфармацыі» аб замінаваньні будынку правялі ператрусы ў памяшканьні гомельскай філіі праваабарончай арганізацыі «Беларускі Гельсынскі камітэт». Выбухоўкі не знайшлі, затое канфіскавалі больш за 14 тысяч улётак з інфармацыяй пра выбары прэзыдэнта 16 траўня.

Крыху пазьней хваля рэпрэсіяў абрынулася на дэмакратычныя арганізацыі Гарадзеншчыны: былі праведзены ператрусы ў памяшканьні грамадзкага аб’яднаньня «Ратуша», гарадзенскага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў, рэдакцыі газеты «Пагоня». Тут супрацоўнікі міліцыі і КДБ не абмежаваліся канфіскацыяй улётак, але і забралі кампутарнае абсталяваньне гэтых арганізацыяў.

Тым ня менш, 24 лютага старшыня ЦВК В. Ганчар паведаміў аб стварэньні тэрытарыяльных — абласных і раённых — выбарчых камісіяў. Наступным этапам працы Цэнтравыбаркаму было абвешчана ўтварэньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Гэты этап быў самым складаным для рэалізацыі. Перад ЦВК стаяла заданьне ўва ўмовах усё больш жорсткіх рэпрэсіяў арганізаваць працу некалькіх тысячаў такіх участкаў і прыцягнуць каля 10 тысячаў актывістаў.

У адказ на гэта раніцай 25 лютага Цэнтравыбаркам у поўным складзе быў затрыманы сіламі міліцыі па абвінавачаньні ў правядзеньні несанкцыянаванага сходу. Гэтая акцыя ўлады выклікала неадкладную рэакцыю міжнароднай супольнасьці. У той самы дзень прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША зрабіў жорсткую заяву: «Злучаныя Штаты зь вялікай занепакоенасьцю ўспрынялі вестку аб сёньняшнім арышце праваахоўнымі органамі старшыні Цэнтравыбаркаму В. Ганчара, а таксама іншых сябраў камісіі». У заяве было адзначана, што «канстытуцыйныя рознагалосьсі — гэта беспасярэдні вынік незаконнага рэфэрэндуму 1996 году» і што «беларускі Канстытуцыйны Суд прызнаў рэфэрэндум 1996 году неканстытуцыйным, а Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз, тройка АБСЭ і Парлямэнцкая асамблея, а таксама большая частка міжнароднай супольнасьці не прызналі яго вынікаў. Нягледзячы на гэта, прэзыдэнт Лукашэнка выкарыстаў рэфэрэндум для пашырэньня сваіх паўнамоцтваў і працягу на два гады тэрміну свайго знаходжаньня на пасадзе».

Вэрбальны двубой міжнароднай супольнасьці і беларускага рэжыму працягваўся. У той жа дзень, 25 лютага, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Аляксандар Козыр заявіў аб намеры беларускага боку пастаўляць узбраеньні ў «братнюю» Югаславію. Паводле яго словаў, 3 сакавіка ў Менск прыбудзе з афіцыйным візытам міністар замежных справаў Югаславіі, падчас перамовінаў зь якім плянуецца ўкласьці пагадненьне аб пастаўках узбраеньняў. Беларускія ўлады пачынаюць выкарыстоўваць балканскі крызыс для аказаньня ўплыву на пазыцыю Захаду ў «беларускім пытаньні».

Затрыманьне сябраў Цэнтравыбаркаму раніцай 25 лютага было перадусім акцыяй застрашэньня. Акурат таму на іх затрыманьне былі кінутыя непрапарцыйна вялікія для такой акцыі сілы міліцыі. Лукашэнка (які быў у той час у Маскве) назваў затрыманьне «памылкай». Вечарам 25 лютага В. Ганчара і яго калегаў адпусьцілі.

У сувязі з рэпрэсіямі Цэнтравыбаркам быў вымушаны паскорыць правядзеньне кампаніі. 1 сакавіка Цэнтравыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы экс-прэмьера Міхаіла Чыгіра і лідэра БНФ Зянона Пазьняка па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты. Ініцыятыўная група кожнага кандыдата складала каля 3 тысячаў чалавек. З моманту рэгістрацыі ініцыятыўным групам была дадзена права зьбіраць подпісы ў падтрымку сваіх кандыдатаў. Адразу пасьля гэтага супрацоўнікі міліцыі затрымалі і гэтым разам моцна зьбілі Ганчара.

3 сакавіка, як і плянавалася, адбыўся афіцыйны візыт у Беларусь міністра замежных спраў Югаславіі Жывадзіна Ёванавіча. Ён быў дэманстрацыйна прыняты на найвышэйшым узроўні — прэзыдэнтам Лукашэнкам, дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Шэйманам і міністрам замежных справаў Уралам Латыпавым. Замежныя і беларускія СМІ асабліва падкрэсьлілі, што адбылася сустрэча Ёванавіча зь міністрам абароны Беларусі генэралам Чумаковым. У выніку перамовінаў быў падрыхтаваны праект дамовы аб аказаньні рэжыму Мілошавіча ваенна-тэхнічнай дапамогі. Згодна зь ім, беларускі бок абавязаўся прадставіць вытворчыя магутнасьці і спэцыялістаў Барысаўскага танкарамонтнага заводу для мадэрнізацыі югаслаўскай танкавай тэхнікі і ажыцьцявіць падрыхтоўку югаслаўскіх вайскоўцаў у галіне супрацьпаветранай абароны на базе Ваеннай акадэміі Беларусі.

Тым часам Ганчар у зьняволеньні трымаў сухую галадоўку. На сёмы дзень нейкія людзі ў масках (верагодна, супрацоўнікі службы бясьпекі прэзыдэнта) прымусова ўлілі В. Ганчару ў рот 400 грамаў глюкозы. У апошні дзень зьняволеньня, 10 сакавіка 1999 г., старшыня Цэнтравыбаркаму на 3 гадзіны быў зьмешчаны ў карцэр — халодную камэру ў лёхах турмы.

Пакуль Ганчар сядзеў у турме, пасольства Злучаных Штатаў распаўсюдзіла спавешчаньне аб стане правоў чалавека ў Беларусі за 1998 год. У ім зноў была пацьверджана нязьменнасьць пазыцыі ЗША што да рэфэрэндуму 1996 году, а таксама было адзначана, што прадстаўнікі сілаў бясьпекі маюць беспасярэдняе дачыненьне да шматлікіх парушэньняў правоў чалавека. У адной з сваіх наступных заяваў па Беларусі дзярждэп ЗША прызнаў дэпутатаў ВС 13 скліканьня Ўладзімера Кудзінава і Андрэя Клімава, а таксама старшыню калгасу «Расьсьвет» Васіля Старавойтава, якія былі асуджаныя па чыста крымінальных артыкулах, вязьнямі сумленьня. Прынцыповая пазыцыя міжнароднай супольнасьці прымусіла ўладу адмовіцца ад правядзеньня хвалі шырокамаштабных рэпрэсіяў супраць апазыцыі.

У хуткім часе дэмакратычныя сілы Беларусі атрымалі падтрымку і з боку эўрапейскай супольнасьці. 11 сакавіка Эўрапейскі Парлямэнт аднагалосна прыняў жорсткую рэзалюцыю пра сытуацыю ў Беларусі. У ёй было выказана патрабаваньне правесьці свабодныя і справядлівыя выбары да таго моманту, калі скончыцца тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі. Эўрапарлямэнт заклікаў забясьпечыць пры правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў усе стандарты АБСЭ, спыніць крымінальны перасьлед і запалохваньне апазыцыйных сілаў, «якія займаюцца падрыхтоўкай законнай кампаніі выбараў прэзыдэнта».

У абарону кіраўніка ЦВК В. Ганчара выступілі Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, а таксама старшыня АБСЭ міністар замежных справаў Нарвэгіі Кнут Волебэк. Amnisty International абвясьціла Ганчара вязьнем сумленьня.

Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты сутыкнуўся з актыўным супрацьдзеяньнем уладаў. У этэры Беларускага тэлебачаньня прайшоў шэраг прапагандысцкіх перадачаў, у якіх на зборшчыкаў подпісаў «палявалі» супрацоўнікі міліцыі.

Наступны ўдар быў нанесены найбуйнейшым дэмакратычным палітычным партыям і недзяржаўным грамадзкім арганізацыям Беларусі, дзякуючы рэсурсам і ўдзелу якіх праводзілася гэтая кампанія. 15 сакавіка Міністэрства юстыцыі вынесла афіцыйныя папярэджаньні БНФ, АГП, Беларускаму Гельсынскаму камітэту. Цяпер, у адпаведнасьці з заканадаўствам, зьявілася юрыдычная падстава для адмовы гэтым арганізацыям у перарэгістрацыі. Зачэпкай для папярэджаньняў сталася «незаконная» дзейнасьць гэтых арганізацыяў што да правядзеньня альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. На стан 15 сакавіка Дзяржаўны камітэт у справах друку вынес папярэджаньні за інфармацыйную падтрымку выбараў больш як 10 незалежным беларускім СМІ.

Адзначаючы абвастрэньне ўнутрыпалітычнай сытуацыі, 15 сакавіка кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік выступіў з прапановай пераадоленьня канстытуцыйнага крызысу шляхам правядзеньня перамовінаў паміж уладай і дэмакратычнай апазыцыяй паводле формулы «чатыры плюс адзін». Згодна зь ёй, з аднаго боку, у перамовінах мае ўдзельнічаць Аляксандар Лукашэнка, з другога — старшыня ВС 13 скліканьня Сямён Шарэцкі, старшыня ЦВК Віктар Ганчар, а таксама кандыдаты ў прэзыдэнты — Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір.

У адказ Міністэрства замежных справаў пацьвердзіла «неаднаразова заяўленую гатоўнасьць ураду Беларусі да дыялёгу з апазыцыяй і зацікаўленымі міжнароднымі арганізацыямі». Аднак бакі — місія АБСЭ, якая дзейнічала зь ведама старшыні АБСЭ Кнута Волебэка, і прадстаўнікі беларускага ўраду — у чарговы раз разышліся ў поглядах на юрыдычныя падставы перамовінаў. Ганс-Георг Вік нагадаў, што рэфэрэндум 1996 году, як гэта і было пазначана ў бюлетэнях для галасаваньня, меў не абавязковы, а кансультацыйны характар, і тым самым паставіў пад сумнеў вынікі рэфэрэндуму. У той жа час прадстаўнікі беларускага ўраду ў чарговы раз нагадалі пра гатоўнасьць улады весьці перамовы толькі на падставе «адназначных» вынікаў рэфэрэндуму 1996 году.

На гэтым фоне абвастраецца балканскі крызыс. У сярэдзіне сакавіка безвынікова скончыліся перамовіны ў Рамбуе паміж югаслаўскай дэлегацыяй і прадстаўнікамі міжнароднай супольнасьці. Гэтая падзея аб’ектыўна пайшла на карысьць Лукашэнку, значна пашырыла прастору для яго гульні ў Беларусі і за яе межамі[5]. Беларускаму кіраўніцтва стала ясна, што:

1) Улічваючы сымпатыі насельніцтва Беларусі да сэрбаў[6], кампанію Захаду супраць рэжыму Мілошавіча можна будзе прадставіць акурат як агрэсію супраць сэрбскага народу, стварыць імідж ЗША, НАТО і іншых вонкавапалітычных апанэнтаў рэжыму як агрэсараў, якія «імкнуцца да сусьветнай гегемоніі і таму ненавідзяць незалежную, свабодалюбівую палітыку прэзыдэнта Лукашэнкі». 2) Значна павялічваюцца магчымасьці для вядзеньня інфармацыйнай вайны супраць дэмакратычных сілаў Беларусі праз прэзэнтацыю іх як «пятай калёны» «натаўскіх агрэсараў». 3) Падзеі ў Югаславіі выклікаюць выбух зацікаўленьня з боку насельніцтва Беларусі (чаму ўсяляк спрыяцьме ўлада), што дазволіць канчаткова інфармацыйна задушыць кампанію апазыцыі па выбарах прэзыдэнта. 4) Расія будзе імкнуцца выкарыстаць канфлікт вакол Косава для рэваншу за кампанію Захаду супраць парушэньня правоў чалавека ў часе расійска-чачэнскай вайны 1994-1995 гадоў, паспрабуе ізноў заявіць сьвету аб сабе як [былой] супэрдзяржаве, з пазыцыяй якой трэба лічыцца. Гэта азначае, што вартасьць адзінага расійскага саюзьніка — Лукашэнкі — для Расіі рэзка падвысіцца. Расія ў агляднай пэрспэктыве ні пры якіх умовах ня «здасьць» Лукашэнку.

Улада зразумела, што балканскі крызыс поўніцай разьвязвае ёй рукі ў адносінах з дэмакратычнай апазыцыяй. 16 сакавіка, на наступны дзень пасьля заявы кіраўніка місіі АБСЭ, у кватэру старшыні ЦВК ўварваліся блізка дзесяцёх супрацоўнікаў міліцыі і КДБ. Падчас ператрусу былі канфіскаваныя матэрыялы, зьвязаныя зь дзейнасьцю ЦВК. «Дасягненьні» праваахоўных органаў у зрыве альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў былі адзначаныя Лукашэнкам. 23 сакавіка яго ўказам была нададзеная годнасьць генэрала першаму намесьніку міністра ўнутраных справаў Міхаілу Ўдавікову і начальніку Ўпраўленьня ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму Віталю Апанасевічу. Незалежныя СМІ адзначылі цікавы факт: калі М. Удавікоў атрымаў годнасьць генэрал-маёра адпаведна пасадзе, то В. Апанасевіч стаў адзіным зь міліцэйскіх начальнікаў абласной рангі, хто быў уганараваны ёй. Прычына гэтага навідавоку: аналіз падзеяў, зьвязаных з правядзеньнем альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, не пакідае сумневу, што акурат у Гомельскай вобласьці перасьлед апазыцыянэраў набываў найбольш радыкальныя формы.

Тым ня менш, у прызначаны ЦВК тэрмін, 31 сакавіка, ініцыятыўныя групы кандыдатаў у прэзыдэнты — лідэра БНФ Зянона Пазьняка і экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра прадставілі неабходную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў. Кожны прэтэндэнт атрымаў падтрымку каля 130 тысяч грамадзянаў краіны. У той жа дзень ЦВК прыняў пастанову аб рэгістрацыі кандыдатаў. У адпаведнасьці зь ёй, з 1 красавіка распачыналася перадвыбарная кампанія. Тым часам Зянон Пазьняк вымушана знаходзіўся за мяжой, а дзяржаўныя СМІ неаднаразова нагадвалі пра намер улады арыштаваць лідэра найбуйнейшай апазыцыйнай партыі адразу пры яго перасячэньні дзяржаўнай мяжы Беларусі. Каб стварыць кандыдатам «роўныя магчымасьці», улады 1 красавіка пайшлі на арышт Міхаіла Чыгіра. Экс-прэм’ер быў абвінавачаны па чыста крымінальных артыкулах у «эканамічных злачынствах», учыненых, нібыта, у 1993–1994 гг., калі Чыгір узначальваў камэрцыйны «Белаграпрамбанк» (артыкул 91 Крымінальнага кодэксу «крадзеж у асабліва буйных памерах» і 166 «злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі»).

Арышт кандыдата ў прэзыдэнты выклікаў нэгатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасьці. Першы сакратар пасольства ЗША ў Беларусі Даяна Максэй выступіла з афіцыйнай заявай, у якой яшчэ раз нагадала, што «дэмакратычны мандат» Лукашэнкі выгасае 20 ліпеня 1999 году, і заклікала беларускага прэзыдэнта зьдзейсьніць пазытыўныя крокі для разьвязаньня гэтай праблемы шляхам дыялёгу з апазыцыяй.

Беларускі рэжым адрэагаваў на гэта гучнай вонкавапалітычнай акцыяй. 8 красавіка Слабадан Мілошавіч зьвярнуўся да кіраўнікоў Саюзу Расіі і Беларусі з просьбай прыняць у яго склад Югаславію і адразу атрымаў запэўніваньні, што яго просьба будзе разгледжана падчас найбліжэйшай сустрэчы Ельцына і Лукашэнкі. 14 красавіка, падчас бамбардаваньня НАТО Югаславіі, Лукашэнка дэманстрацыйна ляціць у Бялград да «славянскага брата» Слабадана.

Адносіны Беларусі з Захадам працягвалі пагаршацца. 20 красавіка намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Строўб Тэлбат сустрэўся зь міжнародным каардынатарам грамадзкай ініцыятывы «Хартыя’97» Андрэем Саньнікавым. 27–28 красавіка Менск наведалі кіраўнікі дэпартамэнтаў МЗС Нямеччыны (Кляўс Нойбэрт), Аўстрыі (Ёзэф Мітшаўэр) і Фінляндыі (Рэнэ Нібэрг). У першы дзень візыту яны сустрэліся зь міністрам замежных справаў Уралам Латыпавым і кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Міхаілам Мясьніковічам. У другі — з прадстаўнікамі апазыцыі: старшынём ВС Сямёнам Шарэцкім, выканаўцам абавязкаў старшыні БНФ Лявонам Баршчэўскім і старшынём АГП Станіславам Багданкевічам.

Эўрапейскія дыпляматы далі зразумець прадстаўнікам Лукашэнкі, што ратыфікацыя дамовы паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусяй аб партнэрстве і супрацоўніцтве, а таксама ўкладаньне часовага гандлёвага пагадненьня будуць магчымымі толькі пры ўмове адмовы беларускіх уладаў ад рэпрэсіяў у дачыненьні да ініцыятараў і актывістаў альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама ад зацягваньня перарэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Прадстаўнікі міжнароднай супольнасьці настойвалі на вызваленьні палітычных вязьняў (сярод якіх быў названы і Міхаіл Чыгір) і на правядзеньні дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй без аніякіх папярэдніх умоваў.

Сам Лукашэнка ў гэты час знаходзіўся ў Маскве. 28 красавіка адбылася яго сустрэча зь Ельцынам. Расійскі прэзыдэнт адмовіўся разглядаць просьбу Мілошавіча. Апрача гэтага, Масква, не вагаючыся, адкінула беларускі плян стварэньня саюзнай дзяржавы з пасадай саюзнага прэзыдэнта і навязала Лукашэнку свой — з абраньнем саюзнага парлямэнту зь мінімальнымі паўнамоцтвамі.

Тым часам у Беларусі арганізатары альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў здолелі стварыць сетку выбарчых участкаў. У сувязі зь немагчымасьцю арганізаваць стацыянарныя выбарчыя ўчасткі Цэнтравыбаркам пастанавіў правесьці галасаваньне з 6 па 16 траўня шляхам абыходу выбарцаў. Стала ясна, гэтыя выбары не адпавядаюць стандартам АБСЭ і запрасіць на іх міжнародных назіральнікаў ня ўдасца. Разьлічваць на міжнароднае прызнаньне кандыдата, які атрымае найбольшую колькасьць галасоў, прэзыдэнтам Беларусі таксама не выпадала. Міжнароднай супольнасьцю была прызнана легітымнай адно сама кампанія дэмакратычных сілаў па правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў.

Улада прыклала максымум намаганьняў, каб умовы правядзеньня выбараў з 6 па 16 траўня паставілі пад сумнеў вышэйазначаную пазыцыю міжнароднай супольнасьці. Галасаваньне праводзілася ў самых экстрэмальных умовах. Лідэр БНФ Зянон Пазьняк адмовіўся ад удзелу ў выбарах ужо пасьля пачатку галасаваньня. Да таго ж, увечары 7 траўня бясьсьледна зьнік адзін зь лідэраў дэмакратычнай апазыцыі — былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка.

19 траўня былі падведзеныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле зьвестак старшыні ЦВК Віктара Ганчара, выбары адбыліся — у іх узялі ўдзел каля 53% беларускіх выбарцаў. Але назваць пераможцу Ганчар ня змог.

Выбарчая кампанія 1999 г., па сутнасьці, ператварылася ў палітычную акцыю, дзякуючы якой дэмсілы яшчэ раз нагадалі беларускім грамадзянам аб неабходнасьці глыбокіх дэмакратычных ператварэньняў усяго грамадзтва на падставе Канстытуцыі 1994 году. Нягледзячы на рэпрэсіі з боку ўлады[7], разьвязаную ёй інфармацыйную вайну супраць апазыцыі, правядзеньне альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў істотна актывізавала беларускае грамадзтва.

Вынікам прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году таксама сталіся якасныя зьмены ў лягеры дэмакратычнай апазыцыі. Іншымі словамі, адбыўся раскол сярод беларускіх дэмакратычных сілаў, а таксама зьмяненьне палітычнага статусу некаторых буйных беларускіх палітыкаў.

17 траўня лідэр БНФ Зянон Пазьняк выступіў з рэзкай крытыкай дзейнасьці старшыні Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара і самога ЦВК. Іншыя лідэры БНФ — Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Юры Хадыка — фактычна дыстанцыяваліся ад выказваньняў свайго паплечніка па БНФ. Узьніклы крызыс у БНФ скончыцца ўвосень расколам гэтай партыі на дзьве структуры — Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка і партыю БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі. Дзейнасьць жа самога Вярхоўнага Савету будзе дэзарганізавана ад’ездам старшыні ВС 13 скліканьня Шарэцкага ў Літву. Выконваць абавязкі старшыні ВС узяўся В. Ганчар. Яго зьнікненьне 16 верасьня 1999 г. фактычна паклала канец гэтай структуры.

1. Падставай для хадатайніцтва адвакатаў Старавойтава была заключэньне мэдычнай камісіі, што Старавойтаў па стане здароўя (тубэркулёз лімфавузлоў, атэрасклероз галаўнога мозгу, ішэмічная хвароба сэрца, перанесены інсульт) ня можа адэкватна ўспрымаць разбор справы.

2. Канфлікт быў выкліканы парушэньнямі беларускімі ўладамі ў 1998 годзе ўмоваў Венскай Канвэнцыі аб дыпляматычнай дзейнасьці.

3. Падчас працы ў Радзе бясьпекі Сівакоў выступаў з прапановай стварэньня нацыянальнай гвардыі. Калі б яго праект быў зрэалізаваны, яе можна было б хутчэй назваць «прэзыдэнцкай гвардыяй».

4. Акурат тады пачалося збліжэньне паміж дэмакратычнай апазыцыяй і прафсаюзамі: адным з кіраўнікоў рэспубліканскага прафсаюзу прадпрымальнікаў быў сябра БНФ Арнольд Пячэрскі.

5. Аб уплыве міжнароднай сытуацыі на палітычны працэс у Беларусі сьведчыць і месца, якое ў тагачаснай структуры ўлады займаў міністар замежных справаў Урал Латыпаў, былы палкоўнік КДБ, чалавек з найбліжэйшага Лукашэнкавага атачэньня. Адначасова Латыпаў займаў пасаду дарадніка прэзыдэнта і адзін з усіх міністраў меў статус віцэ-прэм’ера. Гэтага чалавека можна назваць «шэрым кардыналам» беларускай палітыкі: яго ўплыў на Лукашэнку, на працэс прыняцьця палітычных рашэньняў у Беларусі вельмі значны.

6. Беларусь знаходзіцца ў зоне інфармацыйнага ўплыву Расіі. Расійскія СМІ, перш за ўсё электронныя, маюць значны ўплыў на фармаваньне грамадзкай думкі ў Беларусі. Дзяржаўныя беларускія СМІ ў асьвятленьні падзеяў міжнароднага жыцьця зазвычай ідуць у рэчышчы пазыцыі «братняй Расіі». Таму не выпадкова, што, напрыклад, першая расійска-чачэнская вайна, у ходзе якой было забіта, толькі паводле расійскіх зьвестак, каля 25 тысячаў мірных жыхароў, ня выклікала такой нэгатыўнай рэакцыі ў беларускага грамадзтва, як кампанія НАТО супраць рэжыму Мілошавіча, у ходзе якой страты сярод мірнага насельніцтва склалі некалькі соцень чалавек.

7. За дзейнасьць, зьвязаную з правядзеньнем альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці ў краіне было прыцягнута каля 2000 чалавек.