На фоне грамадзкага расколу і дэградацыі сацыяльных інстытутаў у Беларусі склаўся даволі спэцыфічны балянс сілаў, пры якім не перамагла ні ўлада, ні апазыцыя. Улада А. Лукашэнкі замацавалася дзякуючы моцнаму адміністрацыйнаму рэсурсу, стымуляваньню ў насельніцтва арыентацыі на сацыяльнае ўтрыманства і блякаваньню працэсаў самаарганізацыі беларускага грамадзтва. Фактычнаму панаваньню А. Лукашэнкі апазыцыя паспрабавала супрацьпаставіць сымбалічны капітал: аўтарытэт закону і ідэал Беларусі як цывілізаванай эўрапейскай дзяржавы. Між тым, недастатковы мабілізацыйны патэнцыял не дазволіў ні А. Лукашэнку зь яго камандай, ні апазыцыі ўсталяваць уласныя правілы палітычнай гульні. Хаця адразу пасьля рэфэрэндуму раўнавага паміж уладай і апазыцыяй выглядала хісткай, улетку 1999 г. яна замацавалася больш стала.
СЫСТЭМА ЎЛАДЫ
Унутраная арганізацыя
Прыцягнуўшы да ўлады старую савецкую намэнклятуру, А. Лукашэнка паставіў на ключавыя пасады самых розных людей. Тыя зь іх, хто арыентаваўся на рынкавыя рэформы, пакінулі яго каманду яшчэ да рэфэрэндуму 1996 г. Пасьля 1996 г. у камандзе А. Лукашэнкі пераважалі прадстаўнікі партыйна-гаспадарчай намэнклятуры. Атачэньне А. Лукашэнкі склалі людзі, галоўнай якасьцю якіх стала асабістая адданасьць прэзыдэнту Лукашэнку (У. Канаплёў, С. Посахаў), прадстаўнікі старой намэнклятуры (А. Малафееў, М. Мясьніковіч і яго каманда), спэцыялісты-прагматыкі, гатовыя працаваць з уладай незалежна ад палітычнага курсу краіны (адзін з кіраўнікоў Нацыянальнага банку Беларусі Генадзь Алейнікаў, міністар фінансаў Мікалай Корбут), а таксама палітыкі, якія выканалі асабліва важныя даручэньні Лукашэнкі[1]. Своесаблівае месца займаў тагачасны сакратар Рады бясьпекі В. Шэйман, за плячыма якога стаялі беларускія спэцслужбы. Найбольш далікатныя распараджэньні прэзыдэнта выконвалі такія асобы, як старшыня Ўпраўленьня справаў прэзыдэнта І. Ціцянкоў, дараднік прэзыдэнта ў асаблівых даручэньнях В. Кучынскі і брат былога міністра прадпрымальніцтва і інвэстыцыяў Аляксандра Сазонава Міхаіл Сазонаў.
Структуры ўлады былі пабудаваны на патранажна-кліентэлісцкіх узаемінах[2]. Надаўшы сабе пераважна кантрольныя функцыі, Лукашэнка знаходзіцца па-над асобамі зь іх інтарэсамі і выступае ў ролі судзьдзі ў магчымых канфліктах паміж набліжанымі. Групоўкі ўнутры пануючай эліты ўтвараліся вакол асобных яе прадстаўнікоў (такіх як М. Мясьніковіч, В. Шэйман, У. Канаплёў і І. Ціцянкоў). Між тым, спэцыфіка адносінаў паміж групоўкамі ўнутры ўлады вызначаецца выключна пераразьмеркаваньнем кампэтэнцыі ў асобных галінах кіраваньня. З прычыны адсутнасьці ў Беларусі адасобленых ад прэзыдэнта фінансава-прамысловых групаў супярэчнасьці ўнутры беларускай пануючай эліты як узьнікаюць, так і вырашаюцца без звароту да інтарэсаў шырокіх колаў грамадзтва.
Згортваньне ў Беларусі інстытуцыйна адрэгуляванай сфэры публічнай палітычнай барацьбы зьмяніла і функцыі органаў прадстаўнічай улады. У ПП НС, нягледзячы на прысутнасьць групы камуністаў-чыкінцаў (Міхаіл Анікееў, Валер Захарчанка, Сяргей Касьцян, Ігар
Катляроў), так і ня склалася партыйнага прадстаўніцтва. Фактычна, склад фігур уплыву вызначаецца дачыненьнем да структураў выканаўчае ўлады ці блізінёй да віцэ-сьпікера палаты У. Канаплёва.
Сувязь з грамадзтвам
У пабудаванай Лукашэнкам сыстэме ўлады пераважнай формай артыкуляцыі інтарэсаў грамадзтва зьяўляецца галасаваньне. Усе пасярэдніцкія структуры паміж дзяржавай і грамадзтвам як бы выступаюць у ролі сілаў, якія супрацьстаяць беспасярэдняму народнаму волевыяўленьню. Атрымаўшы пасаду прэзыдэнта дзякуючы агрэсіўнай рыторыцы, пабудаванай на супрацьстаўленьні «сваіх» і «чужых», А. Лукашэнка стаў прытрымлівацца гэтае тактыкі і надалей. Пры гэтым сярод тых, каму была навязана роля антынародных сілаў, апынуліся палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі. Падпарадкаваўшы сабе ўсе галіны ўлады, прэзыдэнт Лукашэнка, тым ня менш, не забясьпечыў сабе стоадсоткавых гарантыяў непахіснага панаваньня. Будучы абавязаным сваёй уладай усенароднаму волевыяўленьню, ён ня можа скасаваць інстытуту выбараў. Таму, улічваючы незадаволенасьць беларускага насельніцтва ўзроўнем жыцьця, прэзыдэнту па-ранейшаму даводзіцца разьлічваць на пратэстнае галасаваньне і падтрымліваць сябе ў стане канфрантацыі з тымі ці іншымі сіламі. За стыль дзейнасьці А. Лукашэнку называюць «паталягічным рэвалюцыянэрам», які пераўтварыў палітычную барацьбу ў краіне ў «халодную грамадзянскую вайну»[а]. Наяўнасьць у краіне палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў дапамагае прэзыдэнту падтрымліваць міт аб тым, што яму «перашкаджаюць», і ўхіліцца ад часткі ўзятых на сябе абавязкаў, зьвязаных зь дзяржаўным забесьпячэньнем такіх сацыяльных сфэраў, як адукацыя ці культура. Тым ня менш, рост уплыву апазыцыйных сілаў, які стварае небясьпеку яго адхіленьня ад улады, прадухіляецца ўсімі магчымымі спосабамі: ад іх дыскрэдытацыі ў СМІ да ліквідацыі дзяржаўнымі органамі. Акурат пасьля апошняга рэфэрэндуму ў Беларусі пачалі зьнікаць дзеячы апазыцыі і зьявіліся палітычныя вязьні.
Імідж носьбіта ўсенароднага мандату на непадзельнае панаваньне вымушае А. Лукашэнку змагацца ня толькі з апазыцыяй, але і з уласнымі падначаленымі. Судовыя працэсы ператварыліся ў сродак палітычнай барацьбы як ўлады з апазыцыяй, так і ўнутры самой улады. У канцы 1996 г. была арыштаваная загадчыца аддзелу кіраваньня дзяржаўнай уласнасьцю й прыватызацыяй Салігорскага гарвыканкаму Людміла Шульга. Ёй інкрымінавалася атрыманьне хабару ад прадпрымальнікаў за паслугі па паскарэньні працэсу перарэгістрацыі фірмаў. Да судовай адказнасьці прыцягнулі таксама намесьніка загадчыка аддзелу эканомікі і рынкавых адносінаў Салігорскага гарвыканкаму. 28 лютага 1997 г. быў арыштаваны мэр Салігорску Мікалай Юрчык, супраць якога была ўзбуджана крымінальная справа за «крадзеж у асабліва буйных памерах». 5 красавіка прэзыдэнцкім указам за «расьпіцьцё алькагольных напояў на працоўным месцы» былі звольнены 12 работнікаў гарадзкой адміністрацыі г. Барысава, у тым ліку старшыня Барысаўскага гарвыканкаму Віктар Капульцэвіч, некалькі ягоных намесьнікаў, начальнік інспэкцыі Дзяржаўнага падатковага камітэту ў Барысаве Тацяна Пятровіч, ейны намесьнік, начальнікі мясцовага ГУУС і ДАІ Іван Шышла й Зьміцер Сашэнка, а таксама дырэктар Барысаўскага мясакамбінату Леанід Стэфанскі. Дакумэнт, на падставе якога яны былі звольненыя, зьмяшчаў дырэктыву «забясьпечыць прыцягненьне да адказнасьці ўсіх вінаватых службовых асобаў па факце расьпіцьця сьпіртных напояў 2 красавіка 1997 г. у будынку падатковай інспэкцыі г. Барысава». Паводле словаў арганізатаркі мерапрыемства Т. Пятровіч, 2 красавіка 1997 г. адбылася ня п’янка, а сьвята з нагоды завяршэньня будаўніцтва дзіцячага садка. Будаўніцтва пачыналася за бюджэтныя грошы, але не было завершана, таму мясцовая барысаўская адміністрацыя дабудавала яго ўласнымі намаганьнямі. Сьвяткаваньне фінансавалася ягонымі ўдзельнікамі добраахвотна, з уласных кішэняў, але ў прэсе падавалася як сьведчаньне карумпаванасьці мясцовых уладаў. Дасьведчаныя асобы тлумачылі звальненьне барысаўскіх «вэртыкальшчыкаў» тым, што раённае начальства дапамагло былому прэм’еру В. Кебічу перамагчы на выбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Іншай прычынай варожасьці А. Лукашэнкі да барысаўскага кіраўніцтва магла стаць палітычная пазыцыя тамтэйшага мэра В. Капульцэвіча, які быў членам фракцыі камуністаў у Вярхоўным Савеце.
У траўні 1997 г. быў арыштаваны Сяргей Барысаў, якога абвінавацілі ў тым, што ў верасьні 1995 г., будучы дырэктарам гомельскага радыёзаводу, ён арганізаваў крадзеж маёмасьці ў асабліва буйных памерах. Пасьля ў такіх злачынствах, як раскраданьне дзяржаўнай уласнасьці, карупцыя ці перавышэньне службовых паўнамоцтваў, абвінавацілі былога міністра абароны Анатоля Касьценку, старшыню Нацбанку Тамару Віньнікаву, міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава, старшыню калгасу «Расьсьвет» Васіля Старавойтава, старшыню былога Ашчаднага банку Ўладзімера Хілько.
Кантроль над грамадзкімі арганізацыямі
Пасьля рэфэрэндуму і рэарганізацыі органаў дзяржаўнага кіраваньня былі адкарэктаваныя прававыя ўмовы дзейнасьці палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. У сакавіку 1997 г. Рада бясьпекі стварыла камісію па праверцы фінансавай дзейнасьці найбуйнейшых грамадзкіх аб’яднаньняў. Штрафныя санкцыі, накладзеныя камісіяй, прывялі да згортваньня дзейнасьці такіх арганізацыяў, як Беларускі фонд Сораса, цэнтар стратэгічных ініцыятываў «Усход — Захад», дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля». Калі раней гэтыя меры распаўсюджваліся толькі на тыя арганізацыі, кіраўніцтва якіх знаходзілася ў сталіцы, то з 1998 г. перасьледы грамадзкіх арганізацыяў ахапілі ўсю краіну. Асноўнымі сродкамі барацьбы з трэцім сэктарам сталі адмовы ці затрымкі ў рэгістрацыі, уціск на актывістаў, адмовы ў выдзяленьні памяшканьняў для правядзеньня мерапрыемстваў, штрафы, дыскрэдытацыя ў СМІ. Адной з такіх мераў стала перарэгістрацыя да 1 ліпеня (падоўжаная пасьля да 1 жніўня) усіх партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, падчас якой кожная арганізацыя мела напісаць заяву, што яна дзейнічае на падставе Канстытуцыі 1996 г. Дэкрэт прэзыдэнта №2 ад 26.01.99 «Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў ды іншых грамадзкіх аб’яднаньняў», на падставе якога праводзілася перарэгістрацыя, забараніў дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў.
Прадзяржаўныя арганізацыі
Улада беларускага прэзыдэнта акрамя сілы і адміністрацыйнага прымусу абапіраецца на сытуацыйныя настроі насельніцтва. Таму Лукашэнка зацікаўлены ў падтрымцы ня толькі з боку дзяржаўных структураў, але і некаторых сэгмэнтаў грамадзтва. У першыя гады прэзыдэнтуры Лукашэнку падтрымлівала панславісцкая партыя «Славянскі Сабор «Белая Русь» (ССБР), некаторыя функцыянэры якой былі працаўладкаваныя ў Адміністрацыі прэзыдэнта і Міністэрстве замежных справаў.
Каб кампэнсаваць недастатковую падтрымку з боку грамадзтва, Лукашэнка пайшоў на стварэньне прадзяржаўных арганізацыяў, якія б маглі кантраляваць найбольш важныя для ўлады сацыяльныя групы. Асабліва пільная патрэба ў такіх арганізацыях паўстала напярэдадні рэфэрэндуму 1996 г. Намаганьнямі ляяльных прэзыдэнту асобаў была расколата партыя камуністаў, якая ўлетку 1996 г. на чарговым пленуме афіцыйна прыняла пастанову перайсьці ў апазыцыю да А. Лукашэнкі і ўзяць удзел у працы «Круглага стала» дэмакратычных сілаў. Пасьля гэтага камуніст В. Чыкін, які, у адрозьненьне ад С. Калякіна і В. Новікава, не патрапіў у Вярхоўны Савет 13 скліканьня, адкрыта перайшоў на бок А. Лукашэнкі. Скарыстаўшыся дапамогай партыйнага кіраўніцтва савецкіх часоў, доступам да СМІ, а таксама адміністрацыйным рэсурсам прэзыдэнцкай вэртыкалі, ён перацягнуў на бок А. Лукашэнкі значную частку партыі, якая была зарэгістравана як Камуністычная партыя Беларусі (КПБ).
Пасьля вясны 1996 г. упершыню за час незалежнасьці Беларусі аб’ектам асаблівай увагі ўлады стала моладзь. На адмыслова сабранай нарадзе 17 чэрвеня 1996 г. прэзыдэнт Лукашэнка заклікаў лідэраў маладзёвых арганізацыяў і супрацоўнікаў дзяржструктураў па рабоце з моладзьдзю стварыць адзіную ляяльную дзяржаве маладзёвую арганізацыю накшталт савецкага камсамолу. Гэты ж заклік з абяцаньнем матэрыяльнае падтрымкі быў агучаны ім на маладзёвым форуме 20–21 верасьня 1996 г. У выніку, за некалькі месяцаў да рэфэрэндуму зьявілася нешматлікая маладзёвая арганізацыя «Прамое дзеяньне», якая правяла некалькі акцый у падтрымку прэзыдэнта, пасьля чаго стала галоўным атрымальнікам сродкаў, прызначаных на стварэньне ляяльнага «ўплывовага маладзёвага руху»[3]. Пасьля рэфэрэндуму на базе гэтай арганізацыі з дапамогай мясцовай «вэртыкалі», міністэрстваў, ведамстваў і навучальных установаў быў утвораны Беларускі патрыятычны саюз моладзі (БПСМ), якому меркавалася перадаручыць каардынацыю дзейнасьці ўсіх маладзёвых арганізацыяў у краіне. Але калі стала відавочна, што БПСМ з гэтым ня дасьць рады[4], яго значэньне для ўлады было абмежавана роляй «кузьні кадраў».
СЫСТЭМА АПАЗЫЦЫІ
Партыі
Пасьля рэфэрэндуму 1996 году апазыцыя набыла новыя арганізацыйныя формы і пачала асвойваць новыя мэтады дзейнасьці. Але першыя месяцы пасьля рэфэрэндуму для бальшыні дэмакратычных сілаў азначыліся чаканьнем грунтоўных пераменаў. Яны меркавалі, што новы рэжым сам сябе разбурыць: па-першае, у выніку непрызнаньня з боку міжнароднай супольнасьці, па-другое, дзеля сваёй эканамічнай нежыцьцяздольнасьці.
Прыпыненьне часовага гандлёвага пагадненьня з Эўразьвязам, пазбаўленьне ранейшага статусу ў АБСЭ, пераход ЗША да палітыкі «выбарачнага дыялёгу» і замарожаныя адносіны з Паўночнаатлянтычнай асамблеяй не паўплывалі на палітыку беларускіх уладаў. Вагары дыпляматычнага і эканамічнага ўзьдзеяньня, якія ўжыла да Беларусі міжнародная супольнасьць, аказаліся неэфэктыўнымі. Галоўным гандлёвым партнэрам Беларусі была Расія, а тамтэйшае кіраўніцтва, маючы аналягічны досьвед разгону парлямэнту, прызнала вынікі рэфэрэндуму[5]. Што да рэакцыі насельніцтва, то паступовае пагаршэньне яго эканамічнага стану не ўзмацніла ў ім прагу да зьмены кіраўніцтва, а наадварот, адцягнула ад палітыкі. Маса людзей пераключыла ўвагу на прысядзібную гаспадарку, прыработкі і г. д. Увесну 1997 г. стала відавочна, што спадзяваньні значнае часткі апазыцыйных сілаў на хуткія зьмены становішча ў краіне ня спраўджваюцца. (Хаця ў сталіцы адбыліся масавыя дэманстрацыі, падчас якіх былі сутыкненьні зь міліцыяй, сёлетняя актыўнасьць была слабейшай за леташнюю.)
Увесну 1997 г. партыі перагледзелі тактыку сваёй дзейнасьці. БНФ, які і да рэфэрэндуму ня меў уласнага прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце, адносна лёгка перанёс зьнікненьне ў Беларусі легітымнага парлямэнту. На чарговым сойме 12 красавіка 1997 г. БНФ канстатаваў, што ўладу А. Лукашэнкі не прызнае і ў далейшай дзейнасьці будзе аддаваць перавагу акцыям пратэсту. Лібэралы з АГП скіравалі свае намаганьні ў квазіпарлямэнцкае рэчышча: на забесьпячэньне работы сваёй фракцыі ў Вярхоўным Савеце, а таксама ўтворанага ёй кааліцыйнага ўраду. Частка АГП радыкалізавалася і стала надаваць больш увагі ўдзелу ў вулічных акцыях. Першай выказала гатоўнасьць да перамоваў з уладай Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя («Народная Грамада»). На зьезьдзе, адбытым у красавіку 1997 г., яна прапанавала ідэю стварэньня Канстытуцыйнага сходу, які б забясьпечыў магчымасьць правядзеньня легітымных парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Меркавалася, што юрыдычную аснову для яго павінны стварыць легітымны Вярхоўны Савет. У склад Канстытуцыйнага сходу меркавалася ўключыць дэпутатаў ад парлямэнту, 70 прадстаўнікоў ад прэзыдэнта і партыяў, якія ўдзельнічалі ў рабоце «Круглага стала», а таксама кандыдатаў, якія набралі падчас апошніх выбараў найбольшую колькасьць галасоў. Партыя камуністаў на чале з С. Калякіным з сыходам чыкінцаў згубіла амаль палову свайго складу, але стала ў яшчэ большую апазыцыю Лукашэнку. Ідэалягічна яна зрушылася ўправа, у кірунку сацыял-дэмакратыі.
Прафсаюзы
Структуры спадкаемцы савецкай прафсаюзнай арганізацыі —Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) — аказаліся апошнім каналам уплыву на ўладу, які ня быў перакрыты ў выніку канстытуцыйнага перавароту 1996 г. Традыцыйна яны супрацоўнічалі з уладай толькі ў эканамічных пытаньнях, такіх як памеры заработнай платы, рост цэнаў, невыкананьне калектыўных дамоваў на прадпрыемствах. Матэрыяльныя рэсурсы прафсаюзаў спрыялі ня столькі мабілізацыі клясы наёмных работнікаў, колькі заспакаеньню працоўных калектываў. Самі прафсаюзы вылучыліся няздольнасьцю аказваць уціск на дзяржаву і працадаўцаў[6]. Доўгі час кіраўніцтва ФПБ захоўвала палітычную нэйтральнасьць, ішло на кампрамісы, аддаючы перавагу ня страйкам, а перамовінам[7]. Некаторы час пасьля стыхійных страйкаў, што адбыліся ў красавіку 1992 г., гэтая тактыка была пасьпяховай. Між тым, спробы перайсьці да палітыкі сацыяльнага партнэрства паспрыялі палітызацыі ФПБ. У 1995 г. кіраўніцтва ФПБ пачало адкрыта выказваць незадаволенасьць сацыяльнай і эканамічнай палітыкай ураду. Улетку 1996 г. ФПБ правяла некалькі страйкаў у знак пратэсту супраць затрымкі выплаты заработнай платы, а таксама падтрымала акцыі прадпрымальнікаў на менскіх рынках, выкліканыя новым парадкам падаткаабкладаньня. Падчас канфлікту паміж прэзыдэнтам і Вярхоўным Саветам 13 скліканьня лідэр ФПБ У. Ганчарык заняў бок парлямэнту. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году ФПБ стала нават часьцей выступаць з палітычнымі заявамі. Такія традыцыйныя для прафсаюзаў формы дзейнасьці, як страйкі, былі абмежаваныя прэзыдэнцкім дэкрэтам «Аб сходах, вулічных шэсьцях і дэманстрацыях», на які ў красавіку 1997 г. чарговы пленум ФПБ адрэагаваў заявай. Канчаткова ж радыкалізацыі ФПБ паспрыялі намеры прэзыдэнта перадаць функцыю прафсаюзаў па арганізацыі адпачынку працоўных дзяржаве. Для кіраўніцтва ФПБ гэта азначала страту ўплыву на чальцоў прафсаюзу. Колькасьць жа сьвядомых чальцоў ФПБ, гатовых пры неабходнасьці пацьвердзіць сваё сяброўства, па ацэнках старшыні ФПБ У. Ганчарыка, складала 500–600 тысяч чалавек.
Сярод незалежных прафсаюзаў найбольшую вядомасьць атрымаў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), які аб’ядноўвае пяць прафсаюзаў: Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларусі, прафсаюз пэдагогаў «Прызваньне», Дэмакратычны прафсаюз транспартнікаў і Свабодны прафсаюз мэталістаў. Паўстаўшы пад уплывам замежных прафсаюзных арганізацыяў, такіх як «Салідарнасьць» і Міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў, Кангрэс з самага пачатку адстойваў эканамічныя рэформы і дэмакратычныя вартасьці. Дзякуючы сваёй палітычнай заангажаванасьці БКДП не заўжды ўдавалася ўдзельнічаць у падпісаньні Тарыфнага пагадненьня. Пасьля страйку на менскім мэтрапалітэне дзейнасьць заснавальніка БКДП Свабоднага прафсаюзу Беларусі была прыпыненая прэзыдэнцкім указам[8]. На 1997 г. колькасьць БКДП складала каля 30 тысячаў чалавек.
Грамадзкія арганізацыі
Пры ўсёй сваёй непадкантрольнасьці прэзыдэнт залежыць ад электаральных паводзінаў беларускага грамадзтва, і тым самым — ад суб’ектаў уплыву на грамадзкую думку. Захаваньне ўлады вымагае па магчымасьці поўнага кантролю над СМІ і перасьледу любых значных грамадзкіх ініцыятываў. У сваю чаргу, уціск на недзяржаўныя грамадзкія арганізацыі прывёў да паляпшэньня каардынацыі іх дзейнасьці. 22 лютага 1997 г. была ўтворана Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, да якой адразу ж далучыліся больш за 250 грамадзкіх аб’яднаньняў. Найважнейшымі з мэтаў дзейнасьці Асамблеі сталі калектыўная самаабарона арганізацыяў, інфармацыйны абмен у межах краіны, а таксама з замежнымі няўрадавымі арганізацыямі, рэсурсная падтрымка. Структурызацыя Асамблеі была скіраваная на ўсталяваньне сувязяў з шырокімі слаямі беларускага грамадзтва і нарошчваньня мабілізацыйнага патэнцыялу беларускага дэмакратычнага руху «дзеля пераходу ад палітыкі выжываньня да палітыкі экспансіі грамадзянскае супольнасьці ў Беларусі» [б]. 14 лістапада 1998 г., падчас правядзеньня другой Асамблеі, было абвешчана, што ў Беларусі налічваецца 2,5 тыс. няўрадавых арганізацыяў, зь іх 520 грамадзкіх аб’яднаньняў, 2/3 зь якіх дзейнічае ў рэгіёнах, далучыліся да Асамблеі.
Каардынацыя дзеяньняў апазыцыі
Апазыцыйныя сілы спрабавалі аб’ядноўваць свае намаганьні яшчэ ўвесну 1996 г., калі колькасьць людзей, якія выходзілі на зарганізаваныя апазыцыйнымі партыямі мітынгі, зьдзіўляла саміх арганізатараў. Пасьля аднаго зь першых такіх мітынгаў, прысьвечанага двухгодзьдзю прыняцьця Канстытуцыі, 14 палітычных партыяў і 5 грамадзкіх аб’яднаньняў утварылі «Рух у падтрымку Канстытуцыі», мэтай якога было аб’яднаньне намаганьняў грамадзкасьці дзеля забесьпячэньня ў краіне вяршэнства права і выкананьня пастановаў Канстытуцыйнага Суду. Працягам гэтае ініцыятывы стаў «Круглы стол». 25 ліпеня 1996 да «Круглага стала» далучылася 12 партыяў, рухаў і прафсаюзаў, 28 жніўня — 14, а ў другую дэкаду кастрычніка — 21[в]. Прадстаўнікі «Круглага стала» намагаліся выступіць арбітрамі ў канфлікце паміж выканаўчай і заканадаўчай галінамі ўлады. Імі была выказана ініцыятыва імпічмэнту прэзыдэнта і падрыхтаваны Нацыянальны кангрэс «У абарону Канстытуцыі, супраць дыктатуры», што адбыўся 18-19 кастрычніка 1996 году і атрымаў назоў І Кангрэсу дэмакратычных сілаў.
У хуткім часе пасьля рэфэрэндуму была ўтворана Кансультацыйная рада дэмакратычных сілаў Беларусі. Другім цэнтрам каардынацыі апазыцыйных сілаў стала Нацыянальная эканамічная рада, утвораная Вярхоўным Саветам 13 скліканьня і рэарганізаваная ў кастрычніку 1997 г. у Нацыянальны выканаўчы камітэт. Увесну 1998 г. беларуская апазыцыя фактычна мела два каардынацыйныя цэнтры. У НВК дамінавала АГП, а ў Кансультацыйнай радзе — БНФ.
Новай зьявай для беларускай палітыкі стаў рух Хартыя’97, задуманы паводле аналёгіі з чэскай Хартыяй’77, які аб’яднаў грамадзянаў самых розных палітычных паглядаў у іх супрацьстаяньні з аўтарытарнай сыстэмай. Хартыя’97 падтрымлівала Вярхоўны Савет, выступала з патрабаваннем адстаўкі прэзыдэнта, фармаваньня кааліцыйнага ўраду, правядзеньня дэмакратычных выбараў. Адной з формаў дзейнасьці Хартыі’97 сталі масавыя акцыі. Але хаця Хартыя прэтэндавала на маніфэстацыю і мабілізацыю дэмакратычна настроенага грамадзтва ў Беларусі, рэальна ёй удалося заручыцца падтрымкай толькі расійскамоўных беларусаў. Пры гэтым нельга адмаўляць ролю гэтай арганізацыі ў правядзеньні ІІ Кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім была прынятая пастанова аб стварэньні Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў Беларусі.
На ІІ Кангрэсе дэмакратычных сілаў, што адбыўся 29–30 студзеня 1999 г., меркавалася прыняць дакумэнт аб кансалідацыі дэмсілаў і выпрацаваць адзіную пазыцыю ў дачыненьні выбараў, якія, паводле Канстытуцыі 1994 г., былі прызначаны ВС на 16 траўня 1999 г. Хаця, паводле словаў аднаго зь лідэраў БНФ Лявона Баршчэўскага, апазыцыя і пераходзіла «ў стан нацыянальна-вызваленчага руху», узгодненай пазыцыі па падрыхтоўцы да выбараў выпрацавана не было. Былі прынятыя рэзалюцыі аб пагрозе дзяржаўнасьці, няўдзеле ў выбарах у мясцовыя саветы, аб асуджэньні палітыкі прэзыдэнта, аб дыскрымінацыі беларускае мовы. Пры гэтым рэзалюцыя аб кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі прынята не была. Дзеля выкананьня пастановаў ІІ Кангрэсу дэмакратычных сілаў меркавалася ўтварыць стала дзейны орган — Каардынацыйна-кансультацыйную раду (ККР). На ініцыятыву БНФ каардынацыйныя функцыі было вырашана пакінуць за створанай яшчэ ў 1997 г. Кансультацыйнай радай, чальцамі якой былі БНФ, АГП, БСДП (НГ), Беларуская партыя працы, Аграрная партыя і Партыя камуністаў (беларуская). Тым ня менш, пытаньне аб ККР не было разьвязанае цалкам. Дзеля ўтварэньня гэтае структуры ўдзельнікі Кангрэсу пастанавілі правесьці дадатковыя перамовы.
На ІІ Кангрэсе дэмакратычных сілаў быў агучаны намер апазыцыі ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, што, паводле Канстытуцыі 1994 г., мелі адбыцца ў 1999 г. Насуперак чаканьням апазыцыі выбары не пацягнулі за сабой дадатных зрухаў. Паколькі А. Лукашэнка адмовіўся ад іх правядзеньня, апазыцыі давялося рыхтаваць іх самастойна. Рэагуючы на перадвыбарныя прыгатаваньні, якія распачаў Вярхоўны Савет, Міністэрства юстыцыі заявіла, што пастанова ВС ад 10 студзеня 1999 г. аб правядзеньні выбараў і стварэньні Цэнтравыбаркаму незаконная. Супраць старшыні камісіі В. Ганчара была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «Самавольнае прысваеньне званьня ці ўлады службовай асобы». Кандыдат у прэзыдэнты М. Чыгір быў арыштаваны[9]. Празь немагчымасьць арганізаваць выбары належным чынам галасаваньне праводзілася мэтадам абыходу кватэраў выбарцаў. Пры гэтым, па дадзеных ЦВК і праваабарончага цэнтру «Вясна-96», за дзесяць дзён выбарчай кампаніі звыш 350 чалавек былі затрыманыя, дзесяць актывістаў асуджаны на тэрмін ад 3 да 10 сутак арышту, пяцёра атрымалі папярэджаньні, два аштрафаваныя. Напярэдадні галасаваньня адзін з кандыдатаў, лідэр БНФ З. Пазьняк, адмовіўся ад удзелу ў выбарах і заклікаў сябраў БНФ спыніць работу ў выбарчых камісіях. Пасьля гэтага ЦВК на чале з Ганчаром сфальсыфікаваў вынікі выбараў. 19 траўня на прэс-канфэрэнцыі старшыня ЦВК В. Ганчар сьпярша абвясьціў, што ў выбарах удзельнічалі 53,2% выбарцаў, але пасьля прызнаў іх несапраўднымі з-за парушэньняў, дапушчаных падчас галасаваньня. Зьвесткі аб тым, колькі галасоў набраў кожны з кандыдатаў, абвешчаны не былі.
20 ліпеня, калі паводле Канстытуцыі 1994 г. скончыўся тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі, апазыцыйныя сілы таксама ня здолелі ўзяць сытуацыю пад кантроль. Яшчэ на ІІ Кангрэсе дэмакратычных сілаў у прысутнасьці дыпляматаў судзьдзя КС першага складу М. Пастухоў выступіў з спавешчаньнем, у якім было сказана, што пасьля 20 ліпеня 1999 г. паўнамоцтвы кіраўніка выканаўчай улады пераходзяць да Старшыні Вярхоўнага Савету С. Шарэцкага. Тым ня менш, 21 ліпеня С. Шарэцкі замест таго, каб выдаць адпаведны ўказ, прапанаваў прыняць гэтую пастанову дэпутатам, якія, у сваю чаргу, стварылі мандатную камісію і, захапіўшыся пытаньнем кворуму, ніякай пастановы не прынялі. Акцыя масавай падтрымкі дэпутатаў ВС была таксама правалена: дзеля нядбайнасьці арганізатараў замест заплянаваных 100 тысячаў да месца паседжаньня ВС прыйшло ўсяго 3 тысячы чалавек.
Такім чынам, апазыцыя ня здолела пераняць ініцыятыву ці справакаваць уладу на такія дзеяньні, якія змаглі б выклікаць масавую незадаволенасьць, а ейны ўплыў на грамадзтва аказаўся абмежаваным[10].
Узаемадзеяньне паміж уладай і апазыцыяй
Першыя захады што да вызначэньня магчымых шляхоў для ўзаемапаразуменьня паміж уладай і апазыцыяй былі зробленыя ўвесну 1997 г. Не адмаўляючыся ад перамовінаў, улада ўсяляк зацягвала падрыхтоўку і ўсяляк дэманстравала сваю незацікаўленасьць у іх. Прадстаўнікі прэзыдэнцкага боку адмовіліся весьці перамовы з дэлегацыяй апазыцыі ў складзе дэпутатаў ВС Г. Карпенкі, М. Грыба і П. Краўчанкі. Сесьці за стол перамовінаў з дэлегацыяй, складзенай толькі з чальцоў прэзыдыюму распушчанага парлямэнту, азначала прызнаць яго законнасьць. Прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што будзе весьці размову толькі з усімі партыямі адразу, у тым ліку і тымі, што яго падтрымліваюць. БНФ, АГП і БСДП (НГ) прапанавалі ўсім астатнім партыям падпісаць заяву аб дэлегаваньні правоў на вядзеньне перамоваў дэпутатам ВС. У рэшце рэшт выйсьце знайшла дэлегацыя Эўразьвязу: на ейную прапанову было вырашана далучыць да перамовінаў прадстаўнікоў усіх фракцыяў ВС. Пры гэтым дэпутаты адмовіліся падпісваць якія-колечы дакумэнты, у якіх не пазначаны іх дэпутацкі статус. Праграмнай базай для апазыцыі на перамовах была Канстытуцыя 1994 г. і зафіксаваныя ў ёй разьмежаваньні паўнамоцтваў галінаў улады. Канкрэтным патрабаваньнем быў роспуск Палаты прадстаўнікоў і правядзеньне новых выбараў. Прэзыдэнт Лукашэнка, з свайго боку, прадстаўляў перамовы як шараговую кансультацыю з групай грамадзянаў, якая не ўскладае на ўладу ніякіх абавязкаў. Аб прызнаньні правамоцтваў ВС сур’ёзных размоваў не вялося, таму ні па прызначэньні новых выбараў, ні, тым больш, па зьмене Канстытуцыі ніякіх дамоўленасьцяў дасягнута не было[11]. Кампраміс аказаўся непатрэбным абодвум баком перамовінаў: апазыцыя спадзявалася на выгадныя для сябе зьмены становішча ўнутры краіны, а прэзыдэнт Лукашэнка — на зьмену стаўленьня да Беларусі за мяжой. У выніку большую карысьць ад перамовінаў атрымаў А. Лукашэнка, які быў зацікаўлены ў тым, каб улагодзіць удзельнікаў паседжаньня ПА АБСЭ 3–5 ліпеня 1997 г. калі ня вынікамі, то хаця б самім фактам перамовінаў з апазыцыяй.
Паступова перамовы ўлады і апазыцыі пры пасярэдніцтве міжнародных структураў ператварыліся ў перамовы ўлады і міжнароднай супольнасьці пры пасярэдніцтве апазыцыі. З мэтай падрыхтоўкі да паўнавартых выбараў новага складу парлямэнту і новага прэзыдэнта НВК прапанаваў 24 лістапада 1998 г. пачаць перамовіны паміж прэзыдэнтам і ВС 13 скліканьня пры пасярэдніцтве эўрапейскіх структураў. У заяве былі пералічаныя наступныя ўмовы правядзеньня свабодных дэмакратычных выбараў: фармаваньне дэмакратычным шляхам Цэнтральнай выбарчай камісіі; забесьпячэньне прадстаўнікам усіх рухаў, партыяў ды іншых арганізацыяў доступу да дзяржаўных СМІ; спыненьне перасьледаў грамадзянаў па палітычных матывах і вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў. Патрабаваньні гэтыя не былі задаволеныя ні пры выбарах у мясцовыя Саветы 1999 г., ні пры выбарах у ПП НС 2000 г., што стала прычынай байкатаваньня апазыцыяй гэтых выбараў.
ВЫСНОВЫ
Пасьля рэфэрэндуму магчымасьці выкарыстаньня палітычных мэтадаў узьдзеяньня на беларускага прэзыдэнта былі страчаныя. Перамовіны з удзелам міжнародных арганізацыяў не паспрыялі роспуску Палаты прадстаўнікоў, правядзеньню дэмакратычных выбараў у прадстаўнічыя органы ўлады ці скліканьню Канстытуцыйнага сходу. Гэта замацавала раскол у грамадстве, але апазыцыя пазьбегла іміджу памагатага лукашэнкаўскага рэжыму. У выніку ў краіне замацаваліся дзьве паралельныя сыстэмы ўлады.
З каляпсам партыйнай сыстэмы ў беларускім грамадзтве склаўся новы прынцып палітычнай палярызацыі. Ідэнтыфікацыя палітычных сілаў стала вызначацца ня столькі па восі «правыя — левыя», колькі па прынцыпе ляяльнасьці да ўлады А. Лукашэнкі: «за ці супраць». На фоне супрацьстаяньня ўлады і апазыцыі ідэалягічныя адрозьненьні паміж асобнымі партыямі аказаліся неістотнымі ў параўнаньні з пытаньнем аб падтрымцы рэжыму. Паводле некаторых ацэнак, беларуская партыйная сыстэма набыла выгляд двухпартыйнай[г]. У апазыцыі апынуліся прадстаўнікі ўсіх ідэалягічных кірункаў ад кансэрватараў-нацыяналістаў да камуністаў, а партыя ўлады пасьлядоўна ўнікала якой-небудзь выразнай ідэалёгіі. Посьпехі апазыцыі ў барацьбе з уладай А. Лукашэнкі зьвяліся да падтрымкі з боку міжнароднай супольнасьці, якая ня мае эфэктыўных вагароў уплыву на сытуацыю ўнутры краіны.
Адмова апазыцыйных сілаў інтэгравацца ў створаную нелегітымным прэзыдэнтам структуру ўлады пакінула магчымасьць для вяртаньня Беларусі ў стан канстытуцыйнай законнасьці. Улада і апазыцыя, знаходзячыся ў стане канфрантацыі, сталі апраўданьнем адна адной.
1. Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Іван Пашкевіч, які ў першыя дні пасьля рэфэрэндуму правёў работу па пераводзе дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў Палату прадстаўнікоў, атрымаў пасаду намесьніка кіраўніка Адміністрацыі, а адзін зь лідэраў беларускіх камуністаў Віктар Чыкін за стварэньне прапрэзыдэнцкай партыі камуністаў атрымаў пасаду намесьніка старшыні Менгарвыканкаму, а пасьля старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
2. Палітычны кліентэлізм выступае як своеасаблівая форма вэртыкальнай салідарнасьці, у якой асымэтрычная ўлада ці няроўнасьць спалучаецца з салідарнасьцю, а патэнцыйны ці рэальны ўціск — з падкрэсьліваньнем добраахвотнасьці сувязяў. [Roniger L. Democracy, Clientelism and Civil Society. Ed. by L. Roniger and Aysegьneє-Ayata. Boulder, London. Lynne Rienner publishers, 1994. — 223 p.]
3. Указам прэзыдэнта ад 9 ліпеня 1997 г. было вызначана фінансаваньне гэтае структуры зь дзяржаўнага фонду садзейнічаньня занятасьці, Беларускага фонду падтрымкі прадпрымальніцтва, Рэспубліканскага фонду аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя і Рэспубліканскага фонду дапамогі асобам, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС.
4. З 26 жніўня 1993 г. у Беларусі існавала Ўсебеларуская рада маладзёвых і дзіцячых аб’яднаньняў. За месяц да ўстаноўчага зьезду БПСМ ейнае кіраўніцтва правяло Ўстаноўчы кангрэс Нацыянальнай рады маладзёвых і дзіцячых арганізацыяў. У новую парасонную структуру ўвайшлі 18 рэспубліканскіх маладзёвых аб’яднаньняў і 1 рэгіянальнае. Гэтае мерапрыемства скасавала манаполію БПСМ на пасярэдніцтва паміж усёй беларускай моладзьдзю і дзяржавай. Арганізатары ўстаноўчага сходу БПСМ адрэагавалі на гэта выключэньнем са статуту БПСМ пункту пра сяброўства арганізацыяў, прычым кіраўнікі арганізацыяў, што пагадзіліся ўвайсьці ў БПСМ, даведаліся аб гэтым толькі на ўстаноўчым зьезьдзе.
5. Апрача таго, што Расія забясьпечвала Беларусь нафтай і газам, на яе прыпадала 52% вонкавагандлёвага абарачэньня Беларусі.
6. ФПБ аб’ядноўвае 4,5 млн. чал. Гэта бальшыня наёмных работнікаў у Беларусі. Уступленьне работнікаў у прафсаюз адбываецца аўтаматычна пры прыёме на працу.
7. Структура ФПБ замінала дакладнаму вызначэньню ейных інтарэсаў. Прафсаюзы, якія ўваходзілі ў ФПБ, але былі нязгодныя з агульнай палітыкай фэдэрацыі, стрымлівала ад выхаду палажэньне статуту ФПБ аб падзельнасьці прафсаюзнай уласнасьці.
8. Акрамя Свабоднага прафсаюзу Беларусі была прыпынена дзейнасьць пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі менскага мэтрапалітэну, а таксама прафсаюзу чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў.
9. Паводле словаў былога міністра ўнутраных справаў Ю. Захаранкі, загад аб арышце экс-прэм’ера даў асабіста прэзыдэнт Лукашэнка.
10. У чэрвені 1999 г., пасьля арганізаваных апазыцыяй прэзыдэнцкіх выбараў, 32,2% апытаных НІСПЭД нічога ня ведалі пра прычыну зьняволеньня кандытата на пасаду прэзыдэнта М. Чыгіра.
11. Прэзыдэнцкі бок меў інструкцыю аб тым, што перамовіны могуць весьціся толькі з прадстаўнікамі пэўных палітычных сілаў, былымі дэпутатамі Вярхоўнага Савету.
а. Гл. Карбалевич В. Беларусь: расколотое общество // Белорусская газета. 05.04.99, № 178.
б. Роўда У. Нацыянальная iдэя i фармiраванне грамадзянскай супольнасцi ў Беларусi // Грамадзянская альтэрнатыва. — 1999. — № 2. — С. 8.
в. Гл. Парламенцкі веснік. Жнівень 1996 г., № 14 (126); Парламенцкі веснік. Кастрычнік 1996 г., № 17 (129).
г. Гл. Плиско М. Партогенез в современной Беларуси // Адкрытае грамадства. — 2000. — № 2 (8). — С. 20.