Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 2 Палітычная сыстэма Беларусі з 1996 па 2000 год - Беларуская намэнклятура і лініі разлому ў яе асяродзьдзі.

У самых агульных рысах працэс пераўтварэньняў у недэмакратычных краінах можна ахарактарызаваць як змаганьне дзьвюх сілаў. З аднаго боку — прагрэсіўнай часткі грамадзтва, прадстаўленай інстытутамі грамадзянскай супольнасьці. Пад уплывам розных фактараў — эканамічных, культурных і палітычных — гэтыя інстытуты прачынаюцца ад «замарожанага» стану і ствараюць пазытыўную контраэліту. З другога — кансэрватыўнай кіруючай эліты, якая імкнецца як мага затрымаць гэты «замарожаны» стан, каб захаваць сваю ўладу. Першыя ўвасабляюць сабой дынамічны вэктар пераменаў у грамадзкім і палітычным жыцьці. Другія — кансэрватыўны вэктар захаваньня старога парадку.

Сусьветны досьвед палітычнай трансфармацыі сьведчыць пра тое, што ні старая намэнклятурная эліта, ні новая контраэліта, узьніклая на глебе актывізацыі грамадзкіх інтарэсаў, ня ёсьць маналітнымі супольнасьцямі. Яны заўсёды складаюцца з шэрагу сілаў, якія адрозьніваюцца міжсобку, апрача сваіх ідэалягічных праграмаў, рознай ступеньню гатоўнасьці да правядзеньня ці прыняцьця пераменаў, дасягненьня кампрамісу ці жорсткасьцю абранай пазыцыі. Акурат барацьба паміж гэтымі сіламі складае сутнасьць палітычнага працэсу.

Контраэліта зьяўляецца больш маналітнай за старыя сілы. Перад ёй стаіць пэўная мэта: перамены. Мэта старой эліты ня вызначана так выразна. Яе чальцы ня толькі аб’яднаныя ўдзелам ува ўладзе, але і падзеленыя гэтай уладай. Ім у рознай ступені ёсьць што губляць, і яны ў рознай ступені гатовыя да прыняцьця інавацый.

Здольнасьць старой эліты ці яе часткі пайсьці на кампраміс стварае ўмовы для больш ці менш мірнай дэмакратычнай рэвалюцыі. Жорсткасьць пазыцый эліты такіх умоваў не стварае. Адпаведна ступень арганізаванасьці контраэліты таксама ўплывае на хуткасьць і незваротнасьць пераменаў. Асаблівасьці стаўленьня да пераменаў і рашучасьці абараняць гэтыя перамены акурат і ўтвараюць падмурак для падзелу розных плыняў у эліце. Але гэтыя плыні, у сваю чаргу, зьяўляюцца вынікам папярэдняга разьвіцьця эліты.

Эліта Беларусі напрыканцы савецкага і ў постсавецкі час не была выключэньнем: яна таксама ёсьць вынікам барацьбы шэрагу ўнутрыэлітных плыняў.

Беларусь напрыканцы 80-х — пачатку 90-х гадоў была прамыслова-аграрнай рэспублікай заходняй часткі СССР, на мяжы з Эўропай. Гэта стварала наступныя фактары, якія абумоўлівалі характар адносінаў паміж групамі намэнклятурнай эліты:

1. Прамысловы фактар, які спараджаў прамысловае лёбі. Тут маецца на ўвазе існаваньне групы кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў і адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, на якіх знаходзіліся гэтыя прадпрыемствы, для якіх пэрспэктывы кар’еры абумоўліваліся пасьпяховай працай прадпрыемства. Ува ўмовах арыентаванай на саюзны цэнтар рэспублікі гэтая група імкнулася палепшыць свае пазыцыі ў адносінах да гэтага цэнтру. Яе заданьнем-максымум было паступовае апанаваньне саюзных структураў сваімі прадстаўнікамі. 2. Аграрны фактар. У краіне з буйным аграрным сэктарам эканомікі рэкрутаваньне эліты адбываецца або шляхам прызначэньня з імпэрскага цэнтру, або шляхам высоўваньня з кола кіраўнікоў сельскай гаспадаркі. Улічваючы меншую, у параўнаньні з прамыслоўцамі, інтэнсіўнасьць кантактаў з саюзным цэнтрам, гэтая група ня столькі была арыентавана на цэнтральную ўладу, колькі на захаваньне свайго ўплыву на месцах. 3. Улічваючы памежнае з Эўропай становішча Беларусі, значным фактарам у фармаваньні эліты ня мог ня быць уплыў групаў функцыянэраў з органаў дзяржаўнай бясьпекі і памежнай службы.

Больш ці менш выразныя групы намэнклятурнай эліты на тэрыторыі БССР пачалі фармавацца толькі пасьля другой сусьветнай вайны. Дагэтуль цэнтралізаваная таталітарная ўлада асаблівай кадравай палітыкай, рэпрэсіямі перашкаджала прызначэньню ў рэспубліканскія органы функцыянэраў з рэгіянальнага партыйнага апарату. Перавага прызначэнцаў з саюзнага цэнтру не дазваляла сфармавацца ўстойлівым сувязям унутры рэспубліканскага апарату.

Але ў пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе асабістыя, нефармальныя стасункі, якія склаліся ў часе апошняй вайны паміж кіраўнікамі партызанскіх аддзелаў і падпольных арганізацыяў, простымі партызанымі і падпольшчыкамі, стварылі падмурак для пабудовы ў 50–60 х гг. новай сыстэмы ўнутрыэлітных адносін на Беларусі.

Гэтую першую хвалю ўнутрана структураванай намэнклятурнай эліты ў БССР прынята называць «партызанскай элітай». Бальшыня яе чальцоў была зьвязана памяцяй пра сумесную дзейнасьць у партызанскім руху, падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацыях.

Да 1956 году першыя сакратары ЦК КПБ прызначаліся з Масквы (Панцеляймон Панамарэнка, Мікалай Гусараў, Мікалай Патолічаў).

У 1956 годзе першым сакратаром ЦК КПБ стаў Кірыла Мазураў, прадстаўнік нацыянальнай эліты. Яго прыход паклаў пачатак хвалі прызначэнцаў з самой Беларусі. Ужо ў сярэдзіне 60-х гадоў з 16 функцыянэраў, якія былі прызначаныя на значныя партыйныя пасады ў Менскай вобласьці, 8 (гэта значыць 50%) мелі за сабой «партызанскую маладосьць». Апошнім кіраўніком рэспублікі, г. зн. першым сакратаром ЦК КПСС, зь ліку «партызанаў» быў Пётра Машэраў.

Адносіны паміж прадстаўнікамі партызанскай эліты будаваліся на прынцыпе клясычнага кліентэлізму. Галоўнымі рэгіёнамі іх рэкрутаваньня сталіся Віцебская і Берасьцейская вобласьці. Галоўнай заслугай гэтай генэрацыі беларускай эліты сталася тое, што дзякуючы ім упершыню склалася акурат унутрыбеларуская лесьвіца заняцьця элітных пасад на падставе асабістых адносінаў.

У 60-70 гг. у БССР будуецца і разьвіваецца шмат буйных прамысловых прадпрыемстваў. Прыкладна тады ж у нетрах беларускага партыйнага і гаспадарчага апарату пачынае фармавацца наступная генэрацыя эліты — прамысловая эліта. Першы вузел адносін паміж элітамі, які будзе значна ўплываць на сыстэму перадзелу ўлады ў краіне нават у пасьлясавецкі час, завязаўся акурат з узмацненьнем прамысловай эліты ў 70-80 гг. Новая прамысловая эліта фармавалася на базе партыйных камітэтаў буйных прадпрыемстваў. Галоўным месцам яе ўзьнікненьня быў Менск, найбольш значнымі прадстаўнікамі — былы першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Сьлюнькоў і яго група.

Партызанская эліта трымалася на прынцыпу субардынацыі. Прамысловая ж эліта стварала клястэры з роўных па статусе функцыянэраў, якія дапамагалі адзін аднаму ісьці наверх. Калі «партызаны» часам мелі ня вельмі добрыя адносіны з Масквой (напрыклад, пра адносіны Мазурава і Брэжнева ўспамінаюць і цяпер), то галоўнай мэтай прамысловай эліты стала ў першую чаргу стварэньне свайго лёбі ў саюзным цэнтры — у Маскве.

Зь беларусаў, якія ў гэты час займалі пасады ў саюзным цэнтры, бальшыню складалі прадстаўнікі прамысловай эліты партыйнага паходжаньня. На гэта былі свае прычыны. Якраз буйныя прамысловыя прадпрыемствы былі прадпрыемствамі «агульнасаюзнага значэньня», іх прадстаўнікам было прасьцей прайсьці наверх. У той жа час гэта адпавядала агульнасаюзнай партыйнай лініі, якая стымулявала праходжаньне рэгіянальных элітаў праз цэнтар.

Найбольшая колькасьць функцыянэраў, якія пайшлі на павышэньне ў Маскву або прайшлі праз маскоўскія структуры і вярнуліся на кіраўнічыя пасады ў Беларусь, была акурат зь Менску.

Але пры гэтым ступень ратацыяў зь Менску на кіраўнічыя пасады ў іншыя рэгіёны Беларусі не адрозьнівалася ад звычайнай, дарэчы, вельмі слабой ратацыі паміж абласьцямі. Такім чынам, рэгіянальныя эліты папаўняліся пераважна функцыянэрамі з тых самых рэгіёнаў або прызначэнцамі з саюзнага цэнтру. Гэта значыць, яны ўзнаўлялі мадэль адносін партызанскай эліты: мадэль вэртыкальных сувязяў, якія сягаюць ад высокапастаўленага патрона ў вобласьці да яго пратэжэ на раёне ці ў горадзе.

У выніку ў БССР на пачатку 80-х гадоў склаліся дзьве супрацьлеглыя мадэлі адносінаў у эліце: прамысловая мадэль цэнтральнай рэспубліканскай эліты і аграрная мадэль эліты абласьцей.

Першая выявіла сваю эфэктыўнасьць у прасоўваньні функцыянэраў наверх, але мела малы эфэкт як сыстэма арганізацыі ўлады ў рэгіёнах. Другая мадэль стварала менш шанцаў выйсьці на агульнасаюзны ўзровень, але дазваляла захоўваць кантроль на рэгіянальным узроўні.

Цэнтральная рэспубліканская эліта складалася пераважна з выхадцаў з парткамаў буйных прамысловых прадпрыемстваў[1].

Рэгіянальныя ж эліты заставаліся пераважна аграрнымі, мелі слабы выхад на рэспубліканскі цэнтар і адначасна адчувалі слабы кадравы ўплыў з гэтага цэнтру.

Пры канцы існаваньня СССР у Беларусі не сфармавалася традыцыі разьмеркаваньня пасадаў, якая б шчыльна зьвязвала рэгіянальныя эліты і эліту рэспубліканскага цэнтру. Яны існавалі адносна ізалявана. Мадэлі іх рэкрутаваньня і разьмеркаваньня пасадаў былі рознымі. Рознымі былі й іх мэты. Каналы рэспубліканскі цэнтар — саюзны цэнтар, саюзны цэнтар — рэспубліканскі цэнтар, саюзны цэнтар — рэгіён рэспублікі былі больш значныя за каналы рэспубліканскі рэгіён — рэспубліканскі цэнтар і рэспубліканскі цэнтар — рэгіён рэспублікі.

Супярэчнасьць інтарэсаў цэнтральнай (прамысловай) і рэгіянальнай (аграрнай) эліты ў адносінах рэспубліканскі цэнтар — рэгіёны рэспублікі выклікала канфлікты паміж «прамыслоўцамі» і «аграрнікамі» на рэгіянальным узроўні[2].

Такім чынам, з запачаткаваньнем «перестройки» рэгіянальныя і рэспубліканская эліты мелі розныя мэты і розныя матывы паводзінаў. Калі першыя маглі хутка прыстасоўвацца да зьменлівай сытуацыі, каб захаваць свае пазыцыі, то другія былі зацікаўленыя ў захаваньні бязь зьменаў усталяванай сыстэмы адносін улады. Былая гаспадарчая, а цяпер нацыянальная эліта, якая паходзіла з буйных высокатэхналягічных прадпрыемстваў, была больш зарыентавана (і прызвычаена) да галіновых сувязяў з Масквой, зь якой у савецкі час прыходзіла сыравіна і дырэктывы.

З развалам СССР ні ў цэнтральнай партыйна-гаспадарчай, ні і ў прамысловай, ні ў рэгіянальнай эліце БССР не было групаў, якія былі б зацікаўлены ў правядзеньні грунтоўных і незваротных рэформаў.

Сувэрэнізацыя Беларусі была перашкодай для адладжанай сыстэмы ўзыходжаньня да саюзнага цэнтру. Адсутнасьць значных сыравінных рэсурсаў у Беларусі[3] таксама рабіла праблематычнай гэтую сувэрэнізацыю.

Аграрна-прамысловыя рэгіянальныя эліты ня мелі ні каналаў, ні рэсурсаў, а галоўнае — навыкаў і значных стымулаў для ўзьдзеяньня на эліты рэспубліканскія. Пры гэтым як першыя, так і другія проста падпарадкоўваліся ініцыятывам з імпэрскага цэнтру. Толькі выбары ў ВС БССР 12 скліканьня, якому было накавана абвясьціць незалежнасьць Беларусі і стаць рэальным цэнтрам палітычнага жыцьця краіны, паклалі пачатак новага этапу разьвіцьця эліты. Яны адкрылі шлях у цэнтар вялікай колькасьці прадстаўнікоў рэгіянальнай намэнклятурнай эліты. У ВС 12 скліканьня агульная колькасьць рэгіянальных функцыянэраў ад старшыняў калгасаў да кіраўнікоў абласьцей была большай за 51%. Зь іх больш за 14% былі старшыні калгасаў, 21,5% — прадстаўнікі рэгіянальнай адміністрацыйнай эліты, 29,5% — партыйнай. Пры гэтым колькасьць функцыянэраў з цэнтральнай партыйнай і дзяржаўнай эліты ў парлямэнце была ня большая за 10%. У сьценах парлямэнту адбыўся дэбют шмат якіх рэгіяналаў як агульнанацыянальных палітыкаў.

Што да цэнтральнай партыйнай намэнклятуры, то яна была не гатовая да новых адносінаў улады, якія ўзьніклі пасьля здабыцьця Беларусяй незалежнасьці. Разам з прыпыненьнем дзейнасьці КПБ вышэйшыя партыйныя функцыянэры пазбыліся ўсякай улады і амаль бясьсьледна зьніклі з палітычнай сцэны. (На гэтым фоне пазытыўна вылучалася рэфармісцка настроеная група дэпутатаў ВС 12 скліканьня «Камуністы Беларусі за дэмакратыю», найбольш шумным прадстаўніком якой быў А. Лукашэнка. У групу ўваходзіла каля 50 чалавек, але сярод іх не было ніводнага дзеяча, вышэйшага рангаю за кіраўніка прамысловага ці аграрнага прадпрыемства.)

На першыя пазыцыі выйшла намэнклятура цэнтральных органаў дзяржавы, менш уплывовая, менш здольная кантраляваць рэгіёны. Прэм’ер-міністар В. Кебіч, адчуваючы аслабленьне гэтага кантролю, адводзіць свайму намесьніку М. Мясьніковічу функцыю каардынатара па сувязях з рэгіёнамі.

Адзінай групай, якая захавала арганізацыйны патэнцыял, была эліта праваахоўных органаў (КДБ, МУС і г.д.). Яе ўплывовасьць падкрэсьліваецца тым фактам, што кебічаўскі ўрад неаднаразова імкнуўся зьменшыць яе ўплыў. Так, адным з найбольш значных адміністрацыйна-кадравых пераўтварэньняў, заплянаваным яшчэ на 1992 год, была правядзеньне рэформы органаў дзяржаўнага кіраваньня, згодна зь якой КДБ падлягаў частковаму расфармаваньню, скасоўвалася служба вонкавай выведкі. Пытаньне пра расфармаваньне КДБ і перападпарадкаваньне яго службаў МУС і Міністэрству абароны разглядалася ў сьнежні 1993 году ў парлямэнце. У памежных войсках арганізоўвалася служба АСАМ[4] як процівага адпаведнай структуры ў КДБ. Невыпадкова кіраўнікі МУС і КДБ Уладзімер Ягораў і Эдуард Шыркоўскі выразілі рашучы пратэст гэтым плянам.

На пачатку 90-х гадоў аўтарытэт у грамадзтве старой намэнклятурнай эліты катастрафічна зьніжаецца. Адначасова павышаецца ўплыў нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Здабыцьцё Беларусяй незалежнасьці, мітынгі і страйкі 1991 году выявілі неабыякі патэнцыял беларускіх дэмакратычных сілаў, здольнасьць уплываць на грамадзтва, арганізоўваць акцыі масавага пратэсту. Яны стаюцца пагрозай для палітычных пазыцыяў намэнклятуры. У гэтых умовах намэнклятура пастанаўляе ўвесьці пасаду прэзыдэнта. Пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў і да 2001 г. эліты ў сваім станаўленьні прайшлі празь некалькі этапаў.

Першы этап можна вызначыць як парлямэнцкі, або псэўдадэмакратычны. Як было сказана раней, да сярэдзіны 90-х гадоў у Беларусі не сфармавалася акрэсьленых плыняў у намэнклятурнай эліце. Пасьля свайго абраньня Лукашэнка запачаткаваў кадравую палітыку, заснаваную на прызначэньнях вышэйшых службоўцаў дзяржапарату, выходзячы з асабістых кантактаў і рэгіянальных сувязяў. На адказныя пасады прызначаліся функцыянэры, якія былі яму вядомыя па Магілёўскай вобласьці, або тыя, з кім ён працаваў у парлямэнце.

За першыя два месяцы прэзыдэнтуры Лукашэнка зрабіў 57 найважнейшых прызначэньняў. З новапрызначаных на пасады 19 (33%) функцыянэраў былі былымі дэпутатамі парлямэнту, прычым бальшыня зь іх заняла першарадныя пасады. Ужо на гэтым этапе пачала дзейнічаць рэгіянальная мадэль прызначэньняў. Сярод 19 прызначэнцаў з парлямэнту сямёра функцыянэраў працавалі з Лукашэнкам падчас перадвыбарнай кампаніі, а як найменей пяць паходзяць з аднаго з Лукашэнкам рэгіёну — Магілёўскай вобласьці. Сярод астатніх значную частку складалі тыя, хто займаў пасаду на прыступку ніжэй у той самай сфэры дзяржаўнага кіраваньня.

Пры гэтым першарадныя пасады Лукашэнка аддаў былым прадстаўнікам найбуйнейшай намэнклятуры. М. Мясьніковіч захаваў пасаду першага намесьніка прэм’ер-міністра, пасада намесьніка па эканамічных пытаньнях засталася за С. Лінгам з захаваньнем адпаведнай сфэры дзейнасьці. Прызначаныя намесьнікі прэм’ер- міністра У. Гаркун і В. Ганчар (былыя дэпутаты парлямэнту) атрымалі параўнальна нязначнае кола паўнамоцтваў у сельскагаспадарчай і культурна-асьветніцкай галінах.

Аморфнасьць цэнтральнай і ізаляванасьць рэгіянальнай эліты дазволіла Лукашэнку правесьці рэформу органаў мясцовага кіраваньня без супрацьдзеяньня з боку рэгіёнаў. Пасьля гэтай рэформы кіраўнікі рэгіёнаў пачалі прызначацца Менскам у адпаведнасьці з асабістымі сымпатыямі прэзыдэнта.

Кадравай базай рэгіянальных лідэраў ізноў стаў парлямэнт. З 6 кіраўнікоў абласных адміністрацыяў 3 прайшлі праз ВС 12 скліканьня, 5 займалі пасады абласнога ўзроўню раней. Аднак рэформа адлюстравала і рэгіянальныя тэндэнцыі ў фармаваньні эліты: бальшыня кіраўнікоў рэгіянальных адміністрацыяў (перадусім раённага ўзроўню) была рэкрутавана з рэгіёнаў, хоць і ў адпаведнасьці з сымпатыямі прэзыдэнта.

Акурат гэтая рэформа справакавала першы выразны канфлікт інтарэсаў паміж плынямі ў прэзыдэнцкім атачэньні. Пачынаючы з 1994 году іх было тры: старая эліта, сілавікі, парлямэнтары (ці камунікацыйныя палітыкі). Можна таксама гаварыць пра існаваньне асобнай групы «магілёўцаў», хоць яна ў шмат якіх адносінах ёсьць намінальнай. Яе прадстаўнікі прысутнічалі ўва ўсіх згаданых плынях, але не складалі арганізаванага адзінства.

Старая эліта была прадстаўленая ў першую чаргу М. Мясьніковічам[5]. Ён працаваў ува ўрадзе Беларусі з 1986 году, прайшоў шлях ад міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі да намесьніка прэм’ера. Ува ўрадзе Кебіча ён курыраваў прамыслова-эканамічную сфэру, валодаў калясальнымі сувязямі як з рэгіянальнымі элітамі, так і за мяжой краіны. Асноўнае функцыянальнае прызначэньне гэтай групы эліты — эканамічнае забесьпячэньне дзеяздольнасьці пабудаванай А. Лукашэнкам дзяржаўнай сыстэмы. Акурат празь Мясьніковіча А. Лукашэнка падтрымліваў кантакты з Масквой, прадстаўнікамі нацыянальнай прамысловай і банкаўскай эліты. Бальшыня міністраў, якія мелі дачыненьне да прамыслова-гаспадарчай дзейнасьці (ужо згадваныя Сяргей Лінг, Барыс Батура, а таксама міністар гандлю Валянцін Байдак і міністар прамысловасьці Ўладзімер Куранкоў), захавала свае пасады падчас першай хвалі ратацый дзяржапарату пасьля абраньня Лукашэнкі. Захаваў свае пазыцыі і міністар сельскай гаспадаркі В. Лявонаў, які належаў да магілёўскага кляну, быў былым патронам Лукашэнкі і забясьпечваў сувязі з аграрнымі элітамі.

У выніку першых прызначэньняў прадстаўнікі старой намэнклятуры захавалі асноўныя пазыцыі ў фінансава-эканамічным сэктары, забясьпечваючы нязьменнасьць старога курсу і сыстэмы падзелу ўлады[6].

Найбольш глыбокія ратацыі ў першыя месяцы пасьля абраньня Лукашэнкі адбыліся ў праваахоўных органах: КДБ, МУС і Камітэце памежных войскаў. Зьмена кіраўнікоў і іх намесьнікаў тут адбываецца адначасова (у іншых ведамствах паміж ратацыямі першых і другіх праходзіць нейкі час). На пасаду кіраўніка КДБ вяртаецца Ягораў, які ў 1994 годзе выступіў супраць групоўкі Данілава і за гэта паплаціўся пасадай. Пасаду яго намесьніка атрымаў Валер Кез, які таксама ў свой час быў зьняты з пасады за супрацоўніцтва з антыкарупцыйнай камісіяй Лукашэнкі.

Дарэчы, і Ягораў, і Кез працавалі некаторы час у праваахоўных структурах Берасьцейскай вобласьці, выхадцам зь якой быў В. Шэйман, адзін з найбольш актыўных дзеячаў перадвыбарнай каманды Лукашэнкі і найбольш уплывовых асобаў у яго атачэньні. В. Шэйман быў прызначаны кіраўніком вядучай сілавой установы краіны — Рады бясьпекі.

Кіраўніком МУС стаецца былы дэпутат генэрал Захаранка. Адбываецца зьмена ўсіх намесьнікаў міністра ў гэтым міністэрстве. Сярод новых прызначэнцаў таксама прысутнічаюць берасьцейцы (Мікалай Крэчка). Цалкам быў зьменены кіраўнічы склад і ў памежных войсках — там, дзе ў часе Кебіча быў створаны АСАМ як супрацьвага адпаведнай службе ў КДБ.

У іншых міністэрствах у першыя месяцы адбываюцца толькі прызначэньні новых міністраў. Намесьнікі зьмяняюцца празь некаторы тэрмін і не ўва ўсіх міністэрствах.

Як парлямэнцкую[7] (ці камунікацыйную) эліту можна вызначыць тых новых функцыянэраў, якія прыйшлі ўва ўрад і адміністрацыю Лукашэнкі з парлямэнту. Гэта найбольш разнастайная, шматлікая, але найменш устойлівая група. Так, з парлямэнту ў выканаўчую ўладу прыйшлі такія палітычныя антаганісты, як В. Ганчар і В. Шэйман, Ю. Захаранка і І. Ціцянкоў, У. Ягораў і І. Драбышэўская. Яны былі вельмі разьяднаныя. Іх аб’ядноўвала адна якасьць — усе яны падчас выбараў 1994 г. так ці інакш падтрымлівалі А. Лукашэнку. Акурат прадстаўнікі гэтай групы першымі пачалі сыходзіць з прэзыдэнцкай каманды. Гэты сыход быў абумоўлены эвалюцыяй палітычнага курсу рэжыму і падзелам сфэраў уплыву паміж рознымі плынямі ў эліце. Пачатак сыходу «парлямэнтароў» паклаў В. Ганчар. Яго сыход у сьнежні 1994 году супаў з разгарам кампаніі стварэньня прэзыдэнцкай вэртыкалі ўлады і прызначэньнем, згодна з новым заканадаўствам, асабіста прэзыдэнтам кіраўнікоў выканкамаў. Прычынай адстаўкі Ганчара была, паводле яго словаў, нязгода з новай сыстэмай улады, пры якой губляецца значэньне кабінэту міністраў і ўплыў канцэнтруецца ў Адміністрацыі прэзыдэнта. На яго думку, яго сыход адпавядаў «калектыўнай пазыцыі кабінэту міністраў». Дарэчы, іншыя парлямэнтары пры сваім сыходзе (Л. Сініцын, Міхаіл Чыгір) таксама спасылаліся на «калектыўнае» імкненьне, хаця сыходзілі ў адстаўку паасобку.

Пасады былых парлямэнтароў паступова займаліся больш зарганізаванымі і непераборлівымі прадстаўнікамі дзьвюх іншых груповак: старой намэнклятуры і сілавікоў. У далейшым акурат барацьба гэтых дзьвюх груповак, Мясьніковіча і Шэймана, будзе складаць асноўную інтрыгу пры падзеле сфэраў уплыву. Адыход Ганчара вызваліў месца на пасадзе віцэ-прэм’ера для прадстаўніка Берасьцейшчыны Ўладзімера Русакевіча. Рэгіён яго паходжаньня дазваляе думаць пра сувязі Русакевіча з Шэйманам і адпаведнай групай, указвае на ўзмацненьне гэтай групы. І сапраўды, на працягу наступных трох месяцаў адбылося аслабленьне «старых намэнклятурнікаў». Была замененая бальшыня міністраў эканамічна-прамысловага профілю, якія не былі зьменены дагэтуль: міністры гандлю, прамысловасьці, фінансаў і часткова іх намесьнікі. Такім чынам, першая хваля сыходу парлямэнтароў адчыніла шлях для перападзелу сфэраў уплыву, павысіла значэньне сілавой групоўкі, адпаведна зьнізіўшы ўплыў «старой намэнклятуры».

Гэтыя падзеі адбываліся на фоне паступовай зьмены кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў. Маніпуляцыі з курсам валюты, крызыс неплацяжоў паставілі прамысловасьць перад праблемай выжываньня і канчаткова аслабілі нізавую прамыслова-гаспадарчую эліту (кіраўнікоў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, банкаў, іншых суб’ектаў гаспадараньня). У дадатак, у верасьні 1994 году ўрадам была прынятая пастанова аб перазаключэньні кантрактаў з кіраўнікамі прамысловых прадпрыемстваў. Іх пазыцыі сталі больш няўстойлівымі, чымся ў савецкія часы.

З канца 1994 і да 1996 году толькі паводле адкрытай інфармацыі было зьменена больш за 10 кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Нэўтралізацыя фінансава-гаспадарчай эліты адбывалася адначасна з паніжэньнем уплыву Мясьніковіча і групоўкі «старых намэнклятурнікаў». Іх рэсурсы ўнутры краіны, падстава іх існаваньня ўва ўладзе, таялі разам зь зьмяншэньнем колькасьці зьвязаных зь імі кіраўнікоў прадпрыемстваў. Старая эліта адчула патрэбу ў дадатковых рэсурсах для ажыцьцяўленьня ўплыву.

Наступныя ратацыі парлямэнтароў таксама суправаджаліся перадзелам сфэраў уплыву паміж «сілавікамі» і «гаспадарнікамі». З сыходам А. Фядуты з пасады кіраўніка Ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта яго месца ў чэрвені 1995 году пераходзіць да адной з найбольш адыёзных фігураў кебічаўскай адміністрацыі — У. Замяталіна[8]. З сыходам з МУС Захаранкі, адбытым у кастрычніку 1995 году, адбыліся вялікія ратацыі ў МУС[9], а праз два месяцы ў КДБ і ў Адміністрацыі прэзыдэнта. У выніку гэтых ратацыяў «парлямэнтар» Сініцын, які яшчэ год таму курыраваў прызначэньні ў склад лукашэнкаўскай адміністрацыі, будучы яе кіраўніком, згубіў рэальны ўплыў і ў кастрычніку 1995 году захаваў толькі пасаду віцэ-прэм’ера. М. Мясьніковіч, патрон «старых намэклятурнікаў», атрымаў больш значную пры існых стасунках улады пазыцыю кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, зьмяніўшы Л. Сініцына. Пры гэтых абставінах прызначэньне В. Шэймана выканаўцам абавязкаў міністра ўнутраных справаў, хоць і з захаваньнем пасады Дзяржсакратара Рады бясьпекі, таксама можна разглядаць як аслабленьне яго ўплыву[10].

Кадрамі з КДБ было «ўмацаванае» МУС. Намесьнік міністра ўнутраных справаў Сяргей Рухлядзеў быў заменены на выхадца з КДБ Івана Юркіна, які ў часе супрацьстаяньня Ягорава і Шыркоўскага Кебічу займаў дастаткова асьцярожную пазыцыю. Як і Рухлядзеў, Юркін да гэтага некаторы час працаваў у праваахоўных органах Расіі. У сьнежні 1995 г. на пасаду намесьніка міністра ўнутраных справаў быў прызначаны былы кадэбэшнік — кіраўнік контравыведкі Фарыд Канцараў. А яшчэ раней міністрам унутраных справаў прызначаны Валянцін Агалец, які напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. быў звольнены Кебічам з пасады намесьніка камандуючага ўнутранымі войскамі.

Праз два месяцы пасьля сыходу Захаранкі, у сьнежні 1995 году, адбылася вялікая ратацыя і ў КДБ. Быў адпраўлены ў адстаўку кіраўнік КДБ Ягораў[11]. Замест яго быў прызначаны Ўладзімер Мацкевіч, былы шэф КДБ у Берасьцейскай вобласьці, які за год да гэтага быў пераведзены зь Берасьця ў Менск. Замест берасьцейца Кеза першым намесьнікам кіраўніка КДБ прызначаецца Леанід Ерын, які да гэтага працаваў на пасадзе кіраўніка ФСБ Расіі па Маскве і Маскоўскай вобласьці. Кез стаецца намесьнікам кіраўніка Рады бясьпекі, а праз два месяцы звальняецца ў запас. На яго месца прыходзіць Юркін, пра якога мы казалі раней. Гэтыя прызначэньні адлюстроўваюць зьніжэньне ўплыву шэйманаўскіх сілавікоў: сыходзяць берасьцейцы, у МУС прыходзіць Канцараў з контравыведкі[12].

Значная колькасьць новых прызначэнцаў мае супольную ўласьцівасьць — сувязь з Расіяй. Ерын, Юркін, Агалец працавалі большы ці меншы час у расійскіх праваахоўных органах. А Канцараву напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. прыйшла прапанова зьехаць у Расію на пасаду кіраўніка контравыведкі Сібірскай вайсковай акругі. У спалучэньні зь пераарыентацыяй вонкавай палітыкі Беларусі (акурат у гэты час Лукашэнка нарошчвае свой уплыў у Расіі) гэта гаворыць пра ўзмацненьне новага фактару ў падзеле сфэраў уплыву ў беларускім кіраўніцтве — расійскага.

«Прарыў на Ўсход» ажыцьцяўляецца пры дапамозе «старой намэнклятуры», дакладней, «старых сілавікоў». Улічваючы яго часовы посьпех у 1995–1997 гг. у «чырвоным поясе» Расіі, можна дапусьціць, што такі эфэкт маглі даць толькі сувязі, якія меў Мясьніковіч у фінансава-эканамічных колах старой расійскай эліты, а празь яе — з расійскімі рэгіянальнымі (перадусім сілавымі) элітамі. Каб захаваць уплыў, які губляўся групай Мясьніковіча ў меру таго, як прамыслова-эканамічная эліта была скароная Лукашэнкам, «старыя намэнклятурнікі» выкарысталі новы рэсурс: актывізавалі свае сувязі з Расіяй. Яны зарыентавалі Лукашэнку на супэрмэты — на дасягненьне палітычных дывідэндаў па-за межамі Беларусі.

Аднак нягледзячы на захаваньне ўплыву Мясьніковіча, перабудова і падпарадкаваньне Лукашэнкам прамыслова-гаспадарчай эліты працягвалася. Яе канчатковая нэўтралізацыя надышла разам з ратацыяй, якая адбылася ў прамежку паміж сыходам Сініцына і Чыгіра. Разам зь Сініцыным сышоў міністар эканомікі Георгі Бадзей. Яшчэ ў студзені 1996 году былы міністар прамысловасьці, вылучэнец ад цяжкой прамысловасьці У. Куранкоў быў заменены на вылучэнца ад электроннай прамысловасьці, дагэтулешняга дырэктара напаўжывога заводу вылічальнай тэхнікі Анатоля Харлапа. Таксама адбываецца замена «старога» міністра фінансаў. Такім чынам разам з сыходам «парлямэнцкай» эліты аслабляецца і нэўтралізуецца і старая прамыслова-эканамічная эліта. Пры гэтым яна не ствараецца наноў, а замяняецца менш уплывовымі і менш самастойнымі функцыянэрамі.

У Расіі і ўва Ўкраіне магутныя прамысловыя эліты мелі дастатковыя рэсурсы і стымулы, каб абараніць сваіх стаўленікаў і свае інтарэсы, ствараючы сыстэму карпарацыйных алігархій. Гэтыя алігархіі змагаліся за ўплыў у палітыцы. Беларуская прамысловая эліта ня вытрымала канкурэнцыі з супэралігархам, які мэтанакіравана змагаўся супраць яе, — дзяржавай, дакладней тым, хто атрымаў найвышэйшую ўладу ў гэтай дзяржаве. Прамыслова-эканамічнае лёбі было дэмаралізаванае.

Яшчэ адной значнай падзеяй, якая адбылася адначасна з гэтым новым пераразьмеркаваньнем пасадаў, стала хваля прызначэньняў на пасаду дарадніка прэзыдэнта. У студзені 1997 году адбыліся адразу чатыры прызначэньні: Івана Антановіча, Сяргея Посахава, Уладзімера Каралёва, Пятра Капітулы. Такі шэраг прызначэньняў паказвае ўзмацненьне расійскага фактару ў беларускай палітыцы. Прызначэньні Антановіча, які на пачатку 90 х гадоў займаў пасаду сакратара Камуністычнай партыі Расіі, міністрам замежных спраў, Каралёва, былога кіраўніка службы дзяржаўнага пратаколу, Посахава, выхадца з Расіі, які дагэтуль спэцыялізаваўся на арганізацыі масавай падтрымкі Лукашэнку, дараднікамі прэзыдэнта гавораць пра тое, што Лукашэнку спатрэбілася прапагандысцкае забесьпячэньне яго ўсходняй палітыкі.

На гэтым фоне працягвае павышацца ўплыў асобаў, якія валодалі моцнымі сувязямі з Расіяй. На пасаду намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі і аднаго з кіраўнікоў галоўнага ўпраўленьня спэцпадразьдзяленьняў КДБ прызначаны Сяргей Канцавенка. Раней ён працаваў у Радзе бясьпекі, пасьля адстаўкі Кеза зьехаў у Маскву[13], вярнуўся адтуль за паўгоду да гэтага прызначэньня. Праглядаюцца сувязі з Расіяй і ў прызначанага выканаўцам абавязкаў міністра абароны Аляксандра Чумакова[14].

Такім чынам, да пачатку 1997 году адбылося пераразьмеркаваньне каналаў уплыву на прэзыдэнта. Прадстаўнікі парлямэнцкай групы або пайшлі ў апазыцыю рэжыму, як В. Ганчар, або на нейкі час выпалі з палітыкі, як М. Чыгір і Л. Сініцын. Прамыслова-эканамічная эліта на рэгіянальным і галіновым узроўні згубіла сваю самастойнасьць. Вялікія зьмены перажыў яе пэрсанальны склад. У эліту нацыянальнага ўзроўню прыйшлі старыя артадоксы, якія займалі высокія пасады яшчэ за часоў Кебіча. Толькі цяпер яны былі цалкам залежныя ад Лукашэнкі. Адзінай групай, якая захавала статус-кво, засталіся сілавікі. Але і ў іх асяродзьдзі праявіліся ўзаеманезамірэнчыя групоўкі.

Існая на пачатку 90-х гадоў рэгіянальная, прамысловая і рэспубліканская эліта аказалася няздольнай сфармаваць устойлівыя групы націску з выразнымі палітычнымі мэтамі. Таму здабыцьцё ўсёй паўніні ўлады адным з былых аўтсайдараў рэгіянальнай, атамізаванай аграрнай эліты мела вынікам не адстойваньне рознымі элітнымі групамі свайго складу і пазыцыяў, а пашырэньне ўплыву найбольш зарганізаванай групоўкі, якая не была зьвязана ні з воднай з астатніх, — сілавікоў.

Як было сказана раней, гэтая група вызначаецца разнароднасьцю. Яна пачала распадацца на плыні яшчэ ў 1994–1996 гг. Спачатку барацьба вялася паміж старымі артадоксамі і асьцярожнымі прыхільнікамі пераменаў. Сыход Захаранкі і Ягорава зрабіў неактуальным падзелы па ідэалягічным крытэры. Галоўным яднальным момантам сталася паходжаньне з аднаго рэгіёну або сумесная праца.

Пры гэтым Лукашэнка дабіўся своеасаблівага балянсу элітаў: «старыя намэнклятурнікі» дзякуючы сваім сувязям з Расіяй забясьпечвалі эканамічную дзеяздольнасьць рэжыму. Шэйманаўцы, якія атрымалі кантроль над праваахоўнымі органамі, — яго ўнутраную стабільнасьць. Узмацненьне любой з гэтых групаў пагражала падарваць гэты балянс.

Яшчэ ў 1995 годзе пасьля кароткай сутычкі за вызначэньне сфэраў уплыву ў МУС «намэнклятурнікі» і «праваахоўнікі» пайшлі на кампраміс. Валянцін Агалец, Фарыд Канцараў і Юры Сівакоў падыходзілі і «старым», і Шэйману і пры гэтым мелі дастаткова моцныя сувязі з Расіяй. Агалец быў да 1994 года быў першым намесьнікам камандуючага ўнутранымі войскамі. Сівакоў ішоў з Рады бясьпекі, г. зн. ад Шэймана, але да 1994 году працаваў у Савеце міністраў і, адпаведна, меў сувязі са «старымі». Канцараў раней узначальваў контравыведку КДБ.

Пры гэтых акалічнасьцях Лукашэнка зрабіў усё, каб кожная з гэтых групаў заставалася ўва ўладзе, але не перамагла канчаткова. Пачынаючы з 1997 году зьмяняюцца адносіны паміж плынямі ў складзе эліты сілавікоў, праводзіцца кадравая палітыка, накіраваная на падтрыманьне балянсу сілаў. Міністар унутраных справаў Агалец, ключавая кансэнсусная фігура, заставаўся на сваёй пасадзе да 1999 году, нягледзячы на чуткі пра яго звальненьне з прычыны пагаршэньня крымінагеннай сытуацыі ў краіне. На пасады міністраў Лукашэнка пачаў часта прызначаць выканаўцаў абавязкаў, выканаўцаў абавязкаў з выпрабавальным тэрмінам.

Найлепей сыстэма «стрымак і проціваг» у кадравай палітыцы Лукашэнкі праглядалася на рэгіянальным узроўні. Амаль што ўсе кар’ерныя ўзьлёты тут адбываюцца дзякуючы міжрэгіянальным ці міжведамасным прызначэньням. Так, пры канцы 1996 году кіраўнік гомельскага Ўпраўленьня ўнутраных справаў (УУС) Віталь Апанасевіч пераводзіцца ў магілёўскае УУС, а праз тры гады — у Менск. Замест яго, на год, прызначаецца берасьцеец Міхаіл Удавікоў, чыя пасьлейшая хуткая кар’ера дазваляе гаварыць пра наяўнасьць у яго моцнай пратэкцыі наверсе. Пры канцы 1997 году кіраўнік віцебскага УУС Валер Гарадзенка пераводзіцца зь Менску, а Валянцін Нікіцін пераходзіць у Раду бясьпекі, толькі пару гадоў папрацаваўшы ў гомельскім КДБ. У складзе «праваахоўнай» эліты падтрымліваецца балянс і паміж прадстаўнікамі рэгіёнаў. На пасадах намесьніка КДБ пабывалі прадстаўнікі амаль што ўсіх абласьцей, апрача Віцебскай.

Больш-менш трывалыя сувязі сярод функцыянэраў праваахоўных органаў пачалі аднаўляцца толькі пачынаючы з 1999 году, з прызначэньнем на пасаду міністра ўнутраных справаў Сівакова. За ім на месца камандуючага ўнутранымі войскамі быў прызначаны Юры Жадобін, які скончыў тую ж самую ваенную акадэмію бранетанкавых войскаў імя Маліноўскага, што і сам Сівакоў, перайшоў усьлед за ім на пасаду камандуючага ўнутранымі войскамі і сышоў разам зь Сіваковым[15]. Аднак пасьля гэтага адбываецца міжведамасная ратацыя, в.а. міністра ўнутраных справаў на некалькі месяцаў прызначаецца Ўдавікоў, які потым пераходзіць у Раду бясьпекі.

З новым прызначэньнем Сівакова на пасаду намесьніка прэм’ер-міністра (лістапад 2000 г.) адбываецца новая ратацыя. Кіраўніком МУС стаецца Ўладзімер Навумаў са службы бясьпекі прэзыдэнта. Адначасова адбываюцца ратацыі і ў КДБ: яго ачольвае Леанід Ерын.

Чаму адбываецца такая незвычайная перастаноўка кадраў? Сівакоў у свой час быў адной з кансэнсусных фігураў, якія прыйшлі ў МУС на прапанову Шэймана, але і са згоды Мясьніковіча. Гэтае ж яго павышэньне суправаджаецца паніжэньнем уплыву Шэймана[16]. Пасьлявыбарная адстаўка Мясьніковіча была выкліканая перадусім тым, што яго пазыцыі засталіся нязьменнымі, і павелічэньня яго ўплыву цяжка было ўнікнуць. Прызначэньне ж татарына Латыпава на пасаду кіраўніка Адміністрацыі выглядае заканамернасьцю ў тым ліку дзякуючы прамоцыі з боку казанскіх танкістаў.

У 1999 годзе адбыліся вялікія перамены і ўва ўнутранай, і ў вонкавай палітыцы Беларусі. З абраньнем расійскага прэзыдэнта Пуціна[17] Лукашэнку давялося зьмяніць свае прыярытэты ўва ўсходняй палітыцы. Апрача гэтага, набліжаліся беларускія прэзыдэнцкія выбары 2001 году. Працягваць стратэгію раўнавагі кадраў азначала ўзмацняць неэфэктыўнасьць рэжыму. У гэтых абставінах стаўка Лукашэнкі на высокапрафэсійнага контравыведніка, былога загадчыка катэдры спэцыяльных дысцыплінаў Інстытуту нацыянальнай бясьпекі (калішнія Вышэйшыя курсы КДБ СССР) У. Латыпава выглядае ня як чарговая праява новага падзелу ўплыву, а як ажыцьцяўленьне захадаў, патрэбных для мабілізацыі сыстэмы ў крытычных абставінах. Актывізацыя апазыцыйнага руху, ціхае незадавальненьне ўладай з боку насельніцтва, пагроза пратэстнага галасаваньня — усё гэта запатрабавала неадкладных захадаў з боку рэжыму.

Кадравая палітыка не перажыла радыкальнай ломкі, па-ранейшаму прызначалі асобаў, а ня групы ці кляны. Вызначэньне сапраўды новых кадравых прыярытэтаў трэба чакаць толькі тады, калі прэзыдэнцкія выбары 2001 г. перастануць бударажыць масавую сьвядомасьць. Але ўжо цяпер можна гаварыць пра тое, што пачынаючы з 1994 г. і дагэтуль беларуская палітычная сыстэма штучна затрымлівалася ў «замарожаным» стане.

Аморфнасьць і залежнасьць эліты БССР стала прычынай таго, што на пачатку 90-х гадоў што на Беларусі не існавала рэфарматарскіх плыняў у эліце. Дэмакратычная апазыцыя ж была яшчэ недастаткова моцнай, каб выкарыстаць гэта і прыйсьці да ўлады. У выніку, тая сіла, якая здабыла ўладу, была зацікаўленая перадусім у далейшым зьмяншэньні вагі як апазыцыі, так і старой эліты. У сярэдзіне 90-х быў перапынены працэс далейшай самаарганізацыі прамыслова-эканамічных элітаў. Быў сфармаваны новы дырэктарскі корпус. Прэзыдэнцкая вэртыкаль павялічыла залежнасьць рэгіянальных і галіновых элітаў ад цэнтру. Функцыянэры найвышэйшага ўзроўню лучылі ў поўную залежнасьць ад таго, хто іх прызначыў.

Але адначасова з гэтым такая палітыка divede et impera стварыла вялікую колькасьць незадаволеных рэжымам ня толькі сярод насельніцтва, але і сярод пакрыўджаных і зьняважаных прадстаўнікоў эліты. Таму пытаньне далейшага выжываньня рэжыму — гэта ў першую чаргу пытаньне аб тым, ці пажадаюць і ці здолеюць пакрыўджаныя аб’яднацца для ўдару ў адказ. І наколькі сілы дэмакратычнай апазыцыі здолеюць выкарыстаць яго, каб павялічыць свой уплыў.

1. З 12 членаў Бюро ЦК КПБ, абранага на 29-м зьезьдзе, 6 (50%) можна вызначыць як «прамыслоўцаў», толькі адзін меў адносіны да аграрнага сэктару, на 30 м зьезьдзе з 16-цёх чальцоў Бюро — адпаведна 8 (50%) і 2 (1,2%).

2. Так, напрыклад, у Горадні прызначэньне «прамыслоўца» Сямёна Домаша на партыйную пасаду адбылося толькі пасьля вычарпаньня магчымасьцяў рэгіянальнай эліты правесьці прадстаўнікоў аграрнага кляну, пры пагрозе прызначэньня партыйнага «рэфарматара» Ўладзімера Сямёнава.

3. Беларускія прадпрыемствы былі пераважна не рэсурсаздабывальнымі, а рэсурсаперапрацоўчымі.

4. АСАМ (Аддзел спэцыяльных актыўных мерапрыемстваў) — элітнае падразьдзяленьне памежных войскаў. Падчас канфлікту паміж тагачасным дзяржсакратаром па барацьбе з злачыннасьцю і нацыянальнай бясьпецы Генадзем Данілавым старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі і міністар унутраных справаў Уладзімер Ягораў абвінавачвалі першага ў залішняй апецы, дыктаце ў кадравых пытаньнях і стварэньні паралельнай (неканстытуцыйнай, на іх погляд) спэцслужбы — АСАМу памежных войскаў. — Рэд.

5. Падчас выбараў 1994 г. Лукашэнка ня змог заручыцца падтрымкай прамыслова-гаспадарчай эліты. Таму стаўку на Мясьніковіча як старога «гаспадарніка» можна растлумачыць тым, што новаму рэжыму былі патрэбныя стабільныя каналы камунікацыі з кіраўнікамі прадпрыемстваў.

6. У сувязі з гэтым адзначым: «парлямэнтары» атрымалі гучныя, але, за выключэньнем Захаранкі, Ягорава і Чыгіра, неўплывовыя пасады.

7. Да гэтай групы мы адносім тых, хто ня толькі прыйшоў з парлямэнту, але і стварыў сабе імя, якое было на слыху, дапамагала ўтварыць уражаньне дэмакратычнай арыентацыі. Напрыклад, Чыгір ня быў у парлямэнце, але яго імя давала дадатковы палітычны капітал.

8. Замяталін быў прызначаны з падачы Шэймана пасьля правальнай працы ў кантрольных органах.

9. Спачатку былі заменены людзі дэмакратычна арыентаванага Захаранкі, а потым зьняты і ён сам.

10. Пра гэта таксама гаворыць публікаваная ў СМІ інфармацыя пра цяжкасьці, якія ўзьніклі ў Шэймана зь вяртаньнем назад на пасаду Дзяржсакратара Рады бясьпекі.

11. У 1994 годзе Ягораў таксама падтрымліваў на прэзыдэнцкіх выбарах дэмакратычнага кандыдата С. Шушкевіча.

12. Шэйман як берасьцеец меў кантакты перадусім з памежнікамі і вонкавай выведкай.

13. Канцавенка меў сувязі з уплывовым расійскім палітыкам А. Вольскім пасьля сумеснай працы ў Карабаху.

14. Чумакоў нейкі час служыў разам зь вядомым расійскім генэралам А. Лебедзем у Прыднястроўі.

15. Жадобін таксама скончыў Казанскую бранетанкавую вучэльню. Трэба зьвярнуць увагу на нечаканы пераход Міхаіла Лазарава з маскоўскай Акадэміі бранетанкавых войскаў на пасаду кіраўніка Ваеннай акадэміі Беларусі.

16. Пра гэта кажа ня толькі прызначэньне Шэймана на пасаду Генэральнага пракурора, але і іншыя факты. Напрыклад, перавод яшчэ шэйманаўскага «фаварыта» Ўдовікава ў Раду бясьпекі, узмацненьне Ерына і інш.

17. Пуцін, як і Лукашэнка, адразу пачаў уціскаць і падпарадкоўваць сабе расійскую прамыслова-эканамічную эліту, зь якой яшчэ нядаўна навязваў нефармальныя кантакты Лукашэнка.