1991–1996
Новы этап у разьвіцьці беларускай партыйнай сыстэмы пачынаецца ў 1991 годзе ў зьвязку з паразаю жнівеньскага путчу артадаксальнай савецкай намэнклятуры і распадам СССР. Фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ўдалося дамагчыся прыпыненьня дзейнасьці Камуністычнай партыі Беларусі. Вярхоўны Савет абвяшчае незалежнасьць Беларусі. Такім чынам, супрацьстаяньне нацыянал-дэмакратаў і камуністаў скончылася перамогай першых. Пачынаецца пераразьмеркаваньне палітычнага поля, узьнікаюць новыя палітычныя партыі. Да першых у незалежнай Беларусі парлямэнцкіх выбараў (1995 год) колькасьць партыяў дасягае 34, прычым амаль палова зь іх была створаная ў год перад выбарамі.
Посткамуністычнае грамадзтва ў выніку сацыялістычнай «ураўнілаўкі», адсутнасьці інстытуту прыватнай уласнасьці, закрытасьці грамадзтва за часам СССР было слаба структураванае, таму працэс утварэньня партыяў пасьля распаду СССР быў у пэўным сэнсе хаатычным. Часта палітычныя партыі ствараліся без рэальнага падмурку, без сацыяльнай базы, без акрэсьленай ідэалёгіі і служылі адно для палітычнай прамоцыі пэўнай асобы або невялікай групы асобаў. Традыцыйная клясыфікацыя беларускіх палітычных партыяў паводле шкалы «левыя — правыя» хоць і магчымая, але яна не адлюстроўвае найбольш істотных грамадзкіх супярэчнасьцяў і тэндэнцый.
Усё ж і ў грамадзтве і, адпаведна, у партыйным будаўніцтве можна вызначыць пэўныя лініі падзелу: 1) стаўленьне да «беларусізацыі», да адраджэньня нацыянальнай мовы, культуры, адукацыі і г.д.; 2) стаўленьне да дэмакратызацыі і рынкавых рэформаў; 3) стаўленьне да дзяржаўнага сувэрэнітэту і да Савецкага Саюзу (зь цягам часу пытаньне аднаўленьня СССР трансфармуецца ў пытаньне інтэграцыі з Расіяй).
Калі ў першыя гады фармаваньня партыйнай сыстэмы вызначальнымі былі першыя два крытэры, на якіх і грунтавалася супрацьстаяньне нацыянал-дэмакратаў (БНФ, БСДГ) і былой камуністычнай намэнклятуры, дык у 1992–1994 гг., калі беларусізацыя праводзіцца на дзяржаўным узроўні, а неабходнасьць рэформаў так ці йнакш прызнаюць практычна ўсе, узрастае роля трэцяга. Пагаршэньне эканамічнага становішча, якое храналягічна супадае з будоваю незалежнай дзяржавы, дае спрыяльную глебу ідэям рэстаўрацыі супольнай дзяржавы зь іншымі былымі рэспублікамі СССР. Інтэграцыя з Расіяй і іншымі былымі рэспублікамі СССР становіць галоўную тэму падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, гэтае пытаньне мае вялікае значэньне таксама і падчас выбараў у Вярхоўны Савет 13 скліканьня ў 1995 годзе. Няяўна ўтвараюцца два супрацьлеглыя лягеры. Трэба адзначыць, што як сярод прыхільнікаў інтэграцыі, так і сярод яе праціўнікаў збольшага пануе падабенства паглядаў што да беларусізацыі, эканамічных і сацыяльных рэформаў грамадзтва (адмоўнае ці індыфэрэнтнае стаўленьне ў першым выпадку, дадатнае ці індыфэрэнтнае ў другім), адылі ёсьць і пэўныя адрозьненьні.
Першаю ў лягеры інтэгратараў была Партыя камуністаў беларуская, заснаваная ў 1992 годзе пераемніца КПБ. Камуністы выказвалі рэстаўрацыйныя ідэі пасьлядоўна і проста — у форме закліку да аднаўленьня СССР. Таксама ў 1992 годзе была заснаваная радыкальная панславісцкая партыя Славянскі Сабор «Белая Русь», якая абвясьціла сваёй галоўнай мэтай «узьяднаньне братніх славянскіх народаў». За СССР у абноўленым выглядзе выступалі таксама Лібэральна-дэмакратычная партыя, Аграрная партыя, лёзунгі больш ці менш шчыльнай інтэграцыі з Расіяй і іншымі былымі рэспублікамі СССР эксплюатавалі і «карлікавыя» партыі, якія ствараліся малавядомымі палітыкамі ў якасьці інструмэнтаў для асабістай палітычнай кар’еры.
У 1993 годзе адбываецца спроба кансалідацыі інтэгратараў — ствараецца Народны рух Беларусі (НРБ), які абвяшчае сваёй галоўнай мэтай аднаўленьне СССР. У яго ўвайшлі Славянскі Сабор «Белая Русь», ПКБ і шэраг драбнейшых партыяў і арганізацыяў. НРБ быў створаны пры інтэнсіўнай падтрымцы ўраду Кебіча, які меркаваў выкарыстаць гэты рух у барацьбе за пасаду прэзыдэнта. Але перад прэзыдэнцкімі выбарамі 1994 году НРБ разваліўся. ССБР і шэраг іншых арганізацыяў падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі, камуністы вылучылі свайго кандыдата Васіля Новікава, тады як рэшта руху і ягоны лідэр Сяргей Гайдукевіч (старшыня заснаванай у лютым 1994 году Лібэральна-дэмакратычай партыі) працягвалі падтрымліваць Вячаслава Кебіча.
Ядро супрацьлеглага, незалежніцкага лягеру, натуральна, утварылі нацыянал-дэмакратычныя БНФ і БСДГ. Згадваныя вышэй партыі расійскамоўных інтэлектуалаў — АДПБ і Грамадзянская партыя — таксама паступова схіляліся да абароны незалежнасьці Беларусі. Верагодна, тут сваю ролю адыгрывала пагаршэньне іміджу Расіі ў іх вачах з прычыны небясьпечнага ўзмацненьня пракамуністычных настрояў у тамтэйшым насельніцтве, а таксама простае «прызвычаеньне» да сувэрэнітэту і разуменьне таго, што пэрспэктывы асабістага кар’ернага росту лепшыя ў незалежнай беларускай дзяржаве. Да незалежніцкага лягеру належалі таксама Беларуская сялянская партыя, Беларуская Хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць, Беларуская партыя жанчын «Надзея», Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя «Зялёны мір», шэраг іншых дробных «перадвыбарных» партый.
Прэзыдэнцкія выбары 1994 году найвыразьней прадэманстравалі слабасьць партыяў — абодва кандыдаты, якія выйшлі ў другі тур выбараў, былі беспартыйнымі.
1996–2001
Абраньне Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта і ўсталяваньне ягонага аўтарытарнага кіраваньня, якое конча аформілася праз канстытуцыйны пераварот 1996 году, прывяло да новай расстаноўкі сілаў у сыстэме партыяў. Лукашэнка выйграў выбары пад лёзунгамі барацьбы з карупцыяй і інтэграцыі з Расіяй, таму камуністы і іншыя прыхільнікі рэстаўрацыі СССР напачатку віталі ягонае абраньне і прапаноўвалі яму сваю падтрымку. Але вельмі хутка Лукашэнка даў зразумець, што яму ня трэба падтрымка ніякіх партый. Роспуск Вярхоўнага Савету 13 скліканьня і ўтварэньне марыянэткавай Палаты прадстаўнікоў у 1996 годзе ўвогуле зрабілі бессэнсоўнай дзейнасьць палітычных партыяў, накіраваную на атрыманьне месцаў у парлямэнце, бо, згодна з новай Канстытуцыяй, орган заканадаўчай улады ніякай рэальнай улады ня меў. Ідэалягічныя супярэчнасьці паміж палітычнымі партыямі адышлі на задні план, а вызначальным стала стаўленьне да прэзыдэнта Лукашэнкі і зьдзейсьненага ім канстытуцыйнага перавароту. Перад партыямі стаіў выбар: выступіць супраць дыктатуры (і трапіць у «чорны сьпіс» арганізацыяў і асобаў, якім закрыты доступ да дзяржаўных СМІ) альбо ператварыцца ў «псэўдапартыі», адмовіцца ад барацьбы за палітычную ўладу наагул.
Ядро апазыцыі рэжыму Лукашэнкі фармуюць БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП, прадукт зьліцьця АДПБ і Грамадзянскай партыі). Супраць Лукашэнкі выступаюць таксама ПКБ і Аграрная партыя. Адміністрацыя прэзыдэнта ініцыюе раскол у ПКБ — частка камуністаў выходзіць з ПКБ, аднаўляе Камуністычную партыю Беларусі і абвяшчае аб сваёй ляяльнасьці рэжыму. Аграрная партыя таксама падзяляецца на прыхільнікаў і праціўнікаў прэзыдэнта і фактычна развальваецца. Раскол адбываецца таксама ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» (БСДП (НГ)), якая ўзьнікла ў 1996 годзе ў выніку аб’яднаньня БСДГ і Партыі народнай згоды (ПНЗ): ПНЗ выходзіць са складу БСДП (НГ), якая становіцца ў апазыцыю прэзыдэнту. Да апазыцыі далучаюцца створаныя на базе прафсаюзаў Беларуская партыя жанчын «Надзея» і Беларуская партыя працы (БПП).
У ЛДП, курс якой цалкам вызначаецца яе ідэалягічна непераборлівым старшынём С. Гайдукевічам, пасьля доўгіх ваганьняў, здаецца, усё ж перамагае інстынкт палітычнага самазахаваньня, і партыя таксама становіцца апазыцыйнай — асабістыя амбіцыі не дазваляюць Гайдукевічу замірыцца з рэальнасьцю «краіны адзінага палітыка».
Партыі, якія засталіся ляяльнымі рэжыму, улучна з КПБ, ня маюць аніякага ўплыву на сытуацыю ў краіне і на дзяржаўную палітыку. Іхнае існаваньне і ўдзел у прадстаўнічых органах улады служаць толькі для надта неэфэктыўнага маскаваньня дыктатуры.
Як камуністычная партыя да 1991 году, так цяпер Лукашэнка падштурхоўвае да кансалідацыі ўсе дэмакратычна настроеныя грамадзкія групы. Сем найбольш уплывовых апазыцыйных партыяў яшчэ да другога рэфэрэндуму, улетку 1996 году, ствараюць «круглы стол» для каардынацыі дзеяньняў па барацьбе з дыктатурай; у кастрычніку 1996 году праводзіцца Нацыянальны кангрэс «У абарону дэмакратыі, супраць дыктатуры». У 1999 годзе, пасьля ініцыяваных АБСЭ перамоваў паміж уладамі і палітычнай апазыцыяй, утвараецца Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў, у якую ўвайшлі БНФ, АГП, ПКБ, БСДП (НГ) і БСДГ (правае крыло сацыял-дэмакратаў, якое аддзялілася ад БСДП (НГ) у 1998 годзе), Беларуская партыя працы, Беларуская партыя жанчын «Надзея» . З ініцыятывы кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі Г.-Г. Віка ў Кансультацыйную раду былі ўлучаныя ЛДП і грамадзка-палітычнае аб’яднаньне «Яблык», якія пазьней выйшлі са складу рады. Пасьля Кангрэсу дэмакратычных сілаў у студзені 1999 году, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх уплывовых апазыцыйных партыяў, была створаная Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў (КРДС), у якую ўвайшлі БНФ, АГП, ПКБ, БСДП (НГ), БСДГ, БПП, жаночая партыя «Надзея», экалягічная партыя «БЭЗ», а таксама Асамблея няўрадавых арганізацыяў, аб’яднаньне «Хартыя’97» і Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Меркавалася, што КРДС забясьпечыць выступленьне апазыцыі адзіным фронтам падчас парлямэнцкай і прэзыдэнцкай выбарчых кампаніяў.
Адылі КРДС ня здолела здабыць дастатковы для гэтага аўтарытэт. Часткова гэта тлумачыцца ўціскам з боку ўладаў, інфармацыйнай несвабодай і мэтадычнай дыскрэдытацыяй апазыцыйных палітыкаў празь дзяржаўныя СМІ, часткова — недастатковай прафэсійнасьцю саміх апазыцыйных палітыкаў. Магчымасьці дэмакратычных партыяў данесьці сваю думку да шырокіх слаёў насельніцтва былі моцна абмежаваныя. Брутальныя разгоны дэманстрацыяў і пікетаў, арышты бізнэсоўцаў, якія падтрымлівалі апазыцыйныя партыі, пагроза звальненьня палітычных актывістаў з працы ці адлічэньня з ВНУ стваралі атмасфэру страху, у якой было немагчымым павелічэньне колькаснага складу партыяў. Інфармацыйная ізаляцыя спрыяла падазронасьці, мала ня модным стала абвінавачваць палітычных апанэнтаў у сувязях зь беларускімі ці расійскімі спэцслужбамі (якія, зрэшты, наўрад ці заставаліся ў баку ад жыцьця апазыцыйных партыяў). Хоць зь неабходнасьцю ўтварэньня моцнай аб’яднанай апазыцыі рэжыму быццам бы згаджаліся ўсе апазыцыйныя партыі, на справе ў гісторыі беларускіх палітычных партыяў пасьля 1996 году больш было расколаў, чым аб’яднаньняў. На стадыі станаўленьня партыйнай сыстэмы быў заканамерным пошук палітыкамі свайго месца на правым ці левым флянгу, падзелы партыяў, у якіх пры заснаваньні аб’ядноўваліся людзі з досыць рознымі паглядамі, як выяўлялася пазьней. Гэтак, у 1998 годзе адбываецца раскол у БСДП (НГ), а пасьля спробы арганізацыі прэзыдэнцкіх выбараў у 1999 годзе расколваецца БНФ, і ягоная больш радыкальная частка — КХП БНФ — аддаляецца ад іншых апазыцыйных сілаў. Супрацоўніцтва паміж апазыцыйнымі партыямі ўскладнялася праз напружаныя ўзаеміны былых аднапартыйцаў.
У 2001 годзе вынікі сацыялягічных апытаньняў паказваюць настолькі слабыя шанцы патэнцыйнага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі, што КРДС сама не вылучае адзінага кандыдата, а саступае ініцыятыву ўтворанаму ў траўні 2001 аб’яднаньню пяцёх апазыцыйных беспартыйных (за выняткам камуніста Калякіна) кандыдатаў. Пазыцыі КРДС дадаткова аслабляюцца пасьля заявы БСДГ аб магчымым выхадзе з гэтага органу ў зьвязку з тым, што падтрыманая КРДС пяцёрка дэмакратычных кандыдатаў публічна выказалася за інтэграцыю з Расіяй. Затым пра канчатковы разрыў з КРДС абвяшчаюць БСДП (НГ) і БПП. У ліпені 2001 году лідэры гэтых партыяў абвяшчаюць аб стварэньні левацэнтрысцкай канфэдэрацыі «За сацыяльныя перамены». Гэты новы суб’ект палітычнага працэсу, паводле словаў арганізатараў, ствараецца як процівага КРДС, якая прадстаўляе правацэнтрысцкую апазыцыю.
Такім чынам, у партыйнай сыстэме Беларусі ў 2001 годзе прысутнічаюць левы і правы край: ПКБ і КХП БНФ адпаведна, і аб’яднаныя левы і правы цэнтры: канфэдэрацыя «За сацыяльныя перамены» і КРДС (асобны статус мае БСДГ, якая не выключала магчымасьці падтрымкі на выбарах лідэра КХП БНФ З. Пазьняка). Пры гэтым ані КРДС, ані левацэнтрысты не наважваюцца назваць свайго кандыдата, а падтрымліваюць «пяцёрку» і чакаюць яе пастановы аб адзіным дэмакратычным кандыдату.
РЭГЛЯМЭНТАЦЫЯ ЎТВАРЭНЬНЯ І ДЗЕЙНАСЬЦІ ПАРТЫЯЎ
Як ужо адзначалася, станаўленьне шматпартыйнай сыстэмы ў Беларусі, як і ў СССР у цэлым, не было абапертым на традыцыю. Да 1990 году ў СССР не было ніякіх заканадаўчых актаў, якія б рэгулявалі дзейнасьць партыяў, вызначалі б іхнае месца ў грамадзтве. 3 кастрычніка 1990 году Савет міністраў БССР прыняў «Часовае палажэньне аб парадку ўтварэньня і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў грамадзянаў у Беларускай ССР», у якім упершыню зьявіўся тэрмін «палітычныя партыі». Гэтае часовае Палажэньне служыла юрыдычнай асновай утварэньня і дзейнасьці партыяў на працягу чатырох гадоў, пакуль 5 кастрычніка 1994 году ня быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусі «Аб палітычных партыях». Новы Закон утрымліваў вызначэньне паняцьця палітычнай партыі, вызначаў правы палітычных партыяў, крыніцы фінансаваньня (забаранялася фінансаваньне з-за мяжы), парадак рэгістрацыі і кантролю дзейнасьці партыяў з боку дзяржавы. Паводле гэтага Закону, мінімальная колькасьць грамадзянаў, якія маюць права заснаваць палітычную партыю, складала 500 чалавек. Пасьля перарэгістрацыі партыяў у адпаведнасьці з новым Законам у Беларусі былі зарэгістраваныя 34 палітычныя партыі.
Для рэжыму Лукашэнкі палітычныя партыі неўзабаве стаюцца непатрэбным, дакучлівым абмежаваньнем аўтарытарнага кіраваньня. Улады ня могуць дазволіць сабе адкрыта пазбавіцца партыяў, але спрабуюць стварыць як мага менш спрыяльныя ўмовы для іх дзейнасьці, атмасфэру страху, чаканьня закрыцьця ў любы момант. Пачынаецца ціск на палітычныя партыі і незалежныя грамадзкія аб’яднаньні. Закон аб партыях прадугледжвае кантроль адпаведнасьці дзейнасьці партыяў іхным статутам, які павінен ажыцьцяўляцца Міністэрствам юстыцыі. Гэтае палажэньне дазволіла Міністэрству юстыцыі, напрыклад, на пачатку 1999 году ініцыяваць закрыцьцё апазыцыйнай Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі на падставе нясвоечасовага правядзеньня партыйных сходаў. Увогуле, бальшыня афіцыйных папярэджаньняў палітычным партыям робіцца Міністэрствам юстыцыі акурат на падставе парушэньня тэрмінаў правядзеньня прадугледжаных статутам партыі абавязковых мерапрыемстваў; апроч таго, значная колькасьць папярэджаньняў робіцца «на падставе публікацый у прэсе, г.зн. паведамленьняў аб правядзеньні мітынгаў, дэманстрацый і г.д., у якіх згадваюцца незаконныя дзеяньні той ці іншай партыі». Любая палітычная партыя можа быць закрытая ў выпадку «паўторнага на працягу году зьдзяйсьненьня дзеяньняў, за якія было зроблена пісьмовае папярэджаньне».
На пачатку 1999 году прэзыдэнт Лукашэнка выдаў дэкрэт «Аб некаторых захадах па ўпарадкаваньні дзейнасьці палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў», згодна зь якім усе гэтыя арганізацыі мусілі прайсьці перарэгістрацыю да 1 ліпеня таго ж году. Дзейнасьць арганізацыяў, якія ня пройдуць перарэгістрацыю, прыпынялася. Дэкрэт падвысіў колькасную планку для рэгістрацыі партыі з 500 да 1000 заснавальнікаў; апроч таго, партыі мусілі мець рэгіянальныя структуры ня меней як у 4 абласьцях краіны. Для разгляду пытаньняў перарэгістрацыі была ўтвораная адмысловая рэспубліканская камісія, якую ўзначаліў У. Замяталін, які тады быў віцэ-прэм’ерам. З 43 зарэгістраваных на пачатак 1999 году партыяў дзейнымі лічыліся 27, але некаторыя зь іх ня мелі неабходнай для перарэгістрацыі колькасьці чальцоў і нават не спрабавалі перарэгістравацца. Беларуская сялянская партыя не падала дакумэнты на перарэгістрацыю ў знак пратэсту; яе чальцы часткова перайшлі ў БНФ. З прычыны таго, што да прызначанай даты Міністэрства юстыцыі пасьпела перарэгістраваць толькі 5 партыяў (ПКБ, ЛДПБ, жаночую партыю «Надзея», Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці (РПТС) і АГП), тэрмін перарэгістрацыі быў працягнуты да 1 жніўня.
Партыі, недзяржаўныя СМІ, незалежнае беларускае грамадзтва ўспрынялі дэкрэт як узмацненьне ціску на палітычныя партыі перад выбарамі ў мясцовыя Саветы альбо нават як спробу пазбавіцца апазыцыйных партыяў (у 1999 годзе заканчваўся легітымны тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў). Адылі ўсе найбольш уплывовыя апазыцыйныя партыі перарэгістрацыю прайшлі. Магчыма, першапачатныя пляны ўладаў што да вынікаў перарэгістрацыі парушыла вельмі актыўная рэакцыя грамадзтва.
АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ (АГП)
Старшыня партыі (інтэрнэт-старонка http://www.ucpb.org/ — Анатоль Лябедзька, юрыст, былы старшыня Камісіі па міжнародных справах у Вярхоўным Савеце 13 скліканьня, ганаровы старшыня — Станіслаў Багданкевіч, доктар эканамічных навук, прафэсар, былы старшыня Нацыянальнага банку.
АГП утварылася 1 кастрычніка 1995 году празь зьліцьцё Аб’яднанай дэмакратычнай партыі (заснаваная ў 1990 годзе, старшыня Аляксандар Дабравольскі) і Грамадзянскай партыі (заснаваная ў 1994 годзе, старшыня Васіль Шлындзікаў).
Паводле статутных дакумэнтаў, АГП — партыя лібэральна-кансэрватыўнага кірунку, якая ставіць правы асобы вышэй за інтарэсы сацыяльных групаў, дзяржавы ці нацыі. Прыярытэтныя пункты ідэалёгіі АГП: правы чалавека, адкрытае грамадзтва і дэмакратычная форма кіраваньня, вяршэнства закону, абарона права ўласнасьці, свабоднае прадпрымальніцтва, рынкавая эканоміка. АГП выступае за выбары ў парлямэнт па зьмяшанай мажарытарна-партыйнай сыстэме, прамыя выбары мясцовых кіраўнікоў адміністрацыі. У ліку мэтаў партыі — уваходжаньне Беларусі ў Савет Эўропы і ў пэрспэктыве — У Эўрапейскі Зьвяз.
АГП мае пярвічныя арганізацыі ўва ўсіх абласьцях і амаль у 80 раёнах Беларусі, актыўную моладзевую арганізацыю «Моладзь АГП». Колькасьць сяброў АГП — каля 2500 (у 1999 г.). АГП супрацоўнічае з уплывовымі замежнымі правымі партыямі і аб’яднаньнямі (Эўрапейскі дэмакратычны саюз; «Саюз свабоды», Польшча; «Саюз правых сілаў», Расія; «Рэформы і парадак», Украіна і інш.).
АГП аб’яднала ў сваіх шэрагах вялікую частку расійскамоўнай палітычна актыўнай эліты. Першапачатна галоўнае значэньне надавалася ня масавасьці партыі, а прыцягненьню ў партыю дасьведчаных і аўтарытэтных палітыкаў і эканамістаў. Засяроджанасьць АГП на эканамічных пытаньнях, адсутнасьць эмацыйнай рыторыкі, уласьцівай БНФ, рабіла партыю прывабнаю для бізнэсоўцаў. У пэўным сэнсе, АГП была больш прафэсійнаю партыяй, чым найбліжэйшы да яе па шкале «права-лева» БНФ, больш здатнаю да працы ў парлямэнце.
Пераломнымі ў гісторыі АГП сталі парлямэнцкія выбары 1995–1996 гадоў. На выбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня АГП атрымала 9 месцаў. Дэпутаты ад АГП утварылі парлямэнцкую фракцыю «Грамадзянскае дзеяньне» на чале з тагачасным старшынём партыі С. Багданкевічам. Пасьля далучэньня да «Грамадзянскага дзеяньня» іншых дэпутатаў зь лібэральнымі паглядамі фракцыя складалася з 22 чалавек. Адылі для наступнага разьвіцьця партыі і трансфармацыі яе праграмных установак больш істотнаю была ня колькасьць здабытых ёю месцаў у парлямэнце, а тая акалічнасьць, што БНФ ня здолеў правесьці ў парлямэнт ніводнага свайго кандыдата. Такім чынам, АГП аказалася адзінаю правай сілай, прадстаўленай у Вярхоўным Савеце 13 скліканьня, палову якога складалі прадстаўнікі левай Аграрнай партыі і ПКБ.
У гэтай сытуацыі роля фракцыі АГП «Грамадзянскае дзеяньне» стаецца падобнаю да ролі апазыцыі БНФ у папярэднім Вярхоўным Савеце. Актыўнасьць і ўплыў фракцыі несувымерныя зь яе малым колькасным складам. Больш за тое, пры адсутнасьці ў парлямэнце дэпутатаў ад БНФ фракцыя «Грамадзянскае дзеяньне» вымушана становіцца галоўным абаронцам дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі, калі Лукашэнка радыкалізуе працэс інтэграцыі Беларусі і Расіі. Ад 1991 году стаўленьне расійскамоўнай эліты да незалежнасьці Беларусі павольна зьмянялася ад адмоўнага праз абыякавае да прыхільнага, але цяпер, калі пытаньне стаіць рубам, яна мусіць зрабіць выразны выбар і робіць яго на карысьць сувэрэнітэту Беларусі, актыўна выступаючы супраць ратыфікацыі інтэграцыйных пагадненьняў. Абавязковым пунктам праграмы АГП становіцца падтрымка ідэі адраджэньня нацыянальнай культуры, сымболікі, рэальнага зацьвярджэньня беларускай мовы ў ролі дзяржаўнай. АГП становіцца, побач з БНФ, адным з цэнтраў апазыцыі Лукашэнку. У лістападзе 1996 году ніводзін дэпутат з фракцыі «Грамадзянскае дзеяньне», апрача Ўладзімера Навасяда, не перайшоў у створаную Лукашэнкам Палату прадстаўнікоў.
Пасьля канстытуцыйнага перавароту лістапада 1996 году, калі ўдзел палітычных партыяў у кіраваньні краінай стаецца немагчымым, а магчымасьці для прапаганды сваіх ідэяў праз СМІ — моцна абмежаванымі, паступова мяняецца першапачатная канцэпцыя АГП. «Элітарная» АГП вымушана йсьці на вуліцы: браць удзел у арганізацыі масавых акцыяў пратэсту, пікетаў і г.д. У 1999 годзе прымаецца афіцыйнае стратэгічнае рашэньне аб паступовым ператварэньні партыі з «элітарнай» у «народную».
Ад самага пачатку дыялёгу паміж апазыцыйнымі Лукашэнку сіламі АГП адыгрывае ў ім вельмі істотную ролю. Яе прадстаўнікі складаюць бальшыню ценявога ўраду, створанага Вярхоўным Саветам пасьля канстытуцыйнага перавароту. АГП удзельнічае ў Кансультацыйнай радзе апазыцыйных палітычных партый, у КРДС. Вага АГП у КРДС робіцца яшчэ большай пасьля расколу БНФ і адыходу ягонай артадаксальнай часткі ад супрацоўніцтва зь іншымі дэмакратычнымі партыямі (хоць трэба прызнаць, што павелічэньне вагі АГП у КРДС адбываецца хутчэй за кошт зьмяншэньня ўплыву КРДС як такой).
У 2000 годзе АГП, згодна з рашэньнем КРДС, байкатуе выбары ў Палату прадстаўнікоў, а годам раней таксама выбары ў мясцовыя Саветы (некаторыя сябры АГП кандыдуюць і нават абіраюцца ў Палату прадстаўнікоў, але перад удзелам у выбарах прыпыняюць сяброўства ў партыі). У 2001 годзе АГП, разам з БНФ, найбольш пасьлядоўна настойвае на неабходнасьці вылучэньня адзінага дэмакратычнага кандыдата.
АГРАРНАЯ ПАРТЫЯ (АП)
Заснаваная ў 1992 годзе пад назвай Аб’яднаная аграрна-дэмакратычная партыя як палітычны інструмэнт аграпрамысловага лёбі. Бальшыня сяброў партыі — кіраўнікі прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі. АП выступала за захаваньне буйной сельскагаспадарчай вытворчасьці (калгасаў і саўгасаў) і ў гэтым сэнсе ўяўляла сабой процівагу «фэрмэрскай» Беларускай сялянскай партыі. Зь іншага боку, АП уважала за магчымае ўвядзеньне прыватнай уласнасьці на зямлю (зь істотнымі абмежаваньнямі) і іншых элемэнтаў рынкавай эканомікі — але з моцным дзяржаўным рэгуляваньнем фінансавай сфэры. Да канстытуцыйнага крызысу 1996 году АП была адной з найбольш масавых партыяў, колькасьць сяброў партыі дасягала 12 000. АП супрацоўнічала з Аграрнай партыя Расіі й зь Сялянскай партыяй Украіны.
На ІІ зьезьдзе ў 1994 годзе была прынятая новая назва — Аграрная партыя. На прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе і пазьней на парлямэнцкіх выбарах АП актыўна выкарыстоўвае «інтэграцыйную» і ў пэўнай меры антызаходнюю рыторыку, выказваецца за стварэньне канфэдэрацыі Расіі, Беларусі і Ўкраіны. Кандыдат у прэзыдэнты ад АП А. Дубко пад сацыялістычнымі лёзунгамі набраў больш галасоў, чым кандыдат ад ПКБ В. Новікаў (6,0% супраць 4,6%). У 1995 годзе ў часе выбараў у Вярхоўны Савет АП разам з ПКБ утварае аснову перадвыбарнага блёку левых; пасьля выбараў АП фармуе ў парлямэнце найбольшую партыйную фракцыю, у якую ўваходзяць 48 дэпутатаў (24%). Лідэр АП Сямён Шарэцкі быў абраны на пасаду Старшыні Вярхоўнага Савету.
У Вярхоўным Савеце 13 скліканьня АП разам з ПКБ і лібэральнымі дэпутатамі супрацьстаіць прэзыдэнту. Кіраўніцтва АП нават часткова адмаўляецца ад сваіх перадвыбарных лёзунгаў: на фоне актыўнасьці Лукашэнкі ў справе інтэграцыі Беларусі і Расіі лідэр партыі і фракцыі, сьпікер парлямэнту С. Шарэцкі на прэс-канфэрэнцыі ў пачатку 1996 году кажа аб нерэальнасьці аднаўленьня СССР і аб неабходнасьці будаўніцтва сувэрэннай беларускай дзяржавы.
У межах парлямэнцкай фракцыі АП зьяўляюцца пэўныя разыходжаньні паміж больш і менш лібэральнымі дэпутатамі. Калі на галасаваньні стаіць пытаньне аб дэнансацыі белавескіх пагадненьняў, частка аграрнікаў галасуе супраць, частка — за. Пасьля 1996 году АП развальваецца: каля паловы дэпутатаў з фракцыі аграрнікаў пераходзіць у прызначаную Лукашэнкам Палату прадстаўнікоў, тады як С. Шарэцкі і некаторыя іншыя дэпутаты адмаўляюцца прызнаваць новы заканадаўчы орган. Улады пад пагрозай звальненьня забараняюць кіраўнікам аграпрамысловых прадпрыемстваў, на ахвяраваньні якіх дзейнічала партыя, падтрымліваць АП. Партыя фактычна перастае дзейнічаць.
Дзейнасьць партыі аднаўляецца толькі ў сакавіку 2000 году — але ўжо ў якасьці прапрэзыдэнцкай партыі. Ляяльныя рэжыму аграрнікі праводзяць першы пасьля 1996 году зьезд АП, які абірае на пасаду кіраўніка партыі Міхаіла Шыманскага, галоўнага рэдактара падкантрольнай уладам «Народнай газэты» (С. Шарэцкі быў выключаны з АП яшчэ ў 1998 годзе).
БЕЛАРУСКАЯ ПАРТЫЯ ЖАНЧЫН «НАДЗЕЯ»
Старшыня партыі (інтэрнэт-старонка http://www.nadzeya.org/) — Валянціна Палевікова. Партыя жанчын «Надзея» была створаная 28 красавіка 1994 году на базе прафсаюзу супрацоўнікаў асьветы, зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі 3 чэрвеня 1994 году. Мэта стварэньня партыі — палітычная актывізацыя жанчынаў. У праграме партыі сьцьвярджаюцца наступныя прыярытэты: абарона сям’і, мацярынства й дзяцінства, адкрытае грамадзтва, дэмакратычныя рэформы, сацыяльная справядлівасьць, эканамічная і палітычная свабода. Сябры партыі — прафсаюзныя лідэры, актывісткі жаночых рухаў, беспрацоўныя жанчыны.
У 1996 годзе партыя «Надзея» далучаецца да палітычнай апазыцыі аўтарытарнаму рэжыму, удзельнічае ў Кангрэсах дэмакратычных сілаў, уваходзіць у КРАПП, у ліпені 2000 г. далучаецца да КРДС, але ў чэрвені 2001 году прыпыняе сяброўства ў КРДС. Афіцыйна гэтая пастанова тлумачыцца пратэстам супраць таго, што частка дэмакратычных сілаў (у прыватнасьці АГП) парушае рашэньні КРДС і падтрымлівае кандыдатаў, якія не ўваходзяць у «пяцёрку».
Ідэалягічна партыя бліжэйшая да левацэнтрысцкіх апазыцыйных сілаў — БПП, БСДП (НГ), «БЭЗ».
Сацыялягічныя апытаньні неаднаразова паказвалі найбольшы з усіх палітычных партыяў рэйтынг «Надзеі» — да 8,4%. Ува ўмовах інфармацыйнага голаду гэта, аднак, наўрад ці адлюстроўвае рэальны ўплыў партыі на палітычны працэс; можна прыпусьціць, што гэтыя лічбы тлумачацца прывабнасьцю азначэньня партыі для рэспандэнтаў-жанчын.
Партыя «Надзея» супрацоўнічае з шматлікімі замежнымі жаночымі арганізацыямі.
БЕЛАРУСКАЯ ПАРТЫЯ ПРАЦЫ (БПП)
Старшыня партыі — Аляксандар Бухвостаў, старшыня прафсаюзу работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаўніцтва. БПП была зарэгістраваная 24 лютага 1994 году. Паводле самавызначэньня, гэта партыя «сацыял-дэмакратычнай, лейбарысцкай арыентацыі». Партыя была створаная з мэтаю палітычнай падтрымкі прафсаюзнага і рабочага руху праз абарону і прадстаўленьне ягоных інтарэсаў у органах улады, у прэсе, на выбарах. Ініцыятарамі стварэньня БПП сталі Беларуская незалежная асацыяцыя прафсаюзаў прамысловасьці (А. Бухвостаў — сустаршыня асацыяцыі), дэмакратычна настроеныя дзеячы прафсаюзнага і рабочага руху — прыхільнікі рэфармаваньня прафсаюзаў. Рэгіянальныя арганізацыі партыі існуюць ува ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Барысаве, Асіповічах, Бабруйску, Салігорску, Жодзіне.
БПП знаходзіцца ў апазыцыі да рэжыму Лукашэнкі. Найбольш шчыльна партыя супрацоўнічае з БСДП (НГ). У ліпені 2000 г. далучаецца да КРДС, але пасьля прыпыненьня сяброўства ў гэтай Радзе БСДП (НГ) на знак салідарнасьці перастае браць удзел у паседжаньнях Рады.
У ліпені 2001 году разам з БСДП (НГ) абвяшчае аб разрыве з КРДС і стварэньні левацэнтрысцкай канфэдэрацыі.
БЕЛАРУСКАЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ГРАМАДА (БСДГ)
Старшыня партыі — Станіслаў Шушкевіч, Старшыня Вярхоўнага Савету ў 1991–1994 гады. Колькасьць чальцоў — каля 1000 чалавек. БСДГ — другая пераемніца той БСДГ, якая існавала ў 1992–1996 гадох. БСДГ Станіслава Шушкевіча была заснаваная ў лютым 1998 г. больш лібэральнай часткай сяброў БСДП (НГ), якіх не задавальнялі зьмены курсу БСДП (НГ) пасьля абраньня на пасаду старшыні партыі М. Статкевіча; такім чынам, сацыял-дэмакраты цяпер і фармальна разьбіліся на левую (партыя М. Статкевіча) і правую (партыя С. Шушкевіча) часткі.
Прыярытэтнай задачай новай БСДГ было абвешчанае аднаўленьне Канстытуцыі 1994 году. У 1999 годзе БСДГ увайшла ў КРАПП, у ліпені 2000 году — у КРДС. Партыя С. Шушкевіча паводле ідэалёгіі бліжэйшая хутчэй да БНФ, чым да БСДП (НГ). (Намесьнік старшыні партыі А. Трусаў уваходзіць у склад Сойму БНФ.)
Партыя М. Статкевіча напачатку рэзка адмоўна ўспрыняла заснаваньне БСДГ. Стасункі паміж БСДП (НГ) і БСДГ цяплеюць, калі ў лютым 2001 году БСДГ выстаўляе патрабаваньне ўзнавіць сяброўства БСДП (НГ) у КРДС, прыпыненае Радаю з прычыны ўдзелу БСДП (НГ) у выбарах у нелегітымны парлямэнт.
У 2001 годзе пасьля выказваньняў пяцёркі апазыцыйных кандыдатаў за інтэграцыю з Расіяй, абумоўленых хутчэй палітычнай кан’юнктурай, выканкам БСДГ распаўсюджвае заяву аб прыпыненьні свайго сяброўства ў КРДС і выказвае гатоўнасьць падтрымаць кандыдата ад КХП БНФ З. Пазьняка. Пасьля гэтая заява была дэзавуяваная. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць досыць высокі ў параўнаньні зь іншымі партыямі рэйтынг БСДГ — да 6%; гэта можна патлумачыць вядомасьцю і аўтарытэтам С. Шушкевіча.
БЕЛАРУСКАЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ «НАРОДНАЯ ГРАМАДА» (БСДП (НГ)
Старшыня партыі (інтэрнэт-старонка http://www.sdpb.net) — Мікалай Статкевіч. Колькасьць сяброў — каля 2500. БСДП (НГ) — адна зь пераемніц партыі БСДГ, заснаванай 2 сакавіка 1991 году часткай сяброў БНФ «Адраджэньне». БСДГ, у сваю чаргу, прэтэндавала на працяг гістарычнай дасавецкай традыцыі, абвясьціўшы сваю пераемнасьць зь Беларускай сацыялістычнай грамадой, якая дзейнічала ў Беларусі на пачатку XX стагодзьдзя. Першы старшыня БСДГ — прафэсар Міхась Ткачоў, намесьнік тагачаснага старшыні БНФ З. Пазьняка; пасьля сьмерці яго ў 1992 годзе на пасаду старшыні быў абраны Алег Трусаў, дэпутат парлямэнту, пазьней старшыня Таварыства беларускай мовы. Нягледзячы на істотныя разыходжаньні ў эканамічных паглядах, на пачатку сваёй дзейнасьці БСДГ была вельмі блізкая да БНФ «Адраджэньне», бо адным з прыярытэтаў партыі была абарона і адраджэньне нацыянальных вартасьцяў. У 1993 годзе адлегласьць паміж БНФ і БСДГ павялічваецца праз удзел апошняй у працы Аб’яднаньня дэмакратычных сілаў «Вясна-94», якое было створанае з ініцыятывы АДПБ і БСП і ў якое БНФ адмовіўся ўступіць, верагодна, не жадаючы зьніжаць свайго статусу раўнапраўным хаўрусам з нашмат меншымі і менш уплывовымі за яго партыямі. У 1994 годзе БСДГ разам са сваёй новай хаўрусьніцай АДПБ падтрымлівае на прэзыдэнцкіх выбарах не З. Пазьняка, а С. Шушкевіча, але ў 1995 годзе на выбарах у Вярхоўны Савет БНФ і БСДГ яшчэ ўзгадняюць свае дзеяньні па вылучэньні кандыдатаў.
Выбары 1995 году сталі правальнымі для партыяў, якія рабілі акцэнт на нацыянальных сымбалях. Вынікі выбараў выклікаюць інтэнсіўную палеміку ўнутры гэтых партыяў, і калі ў БНФ З. Пазьняку ўдаецца захаваць і сваё лідэрства, і ранейшыя прыярытэты, дык у БСДГ адбываецца важная зьмена: заміж А. Трусава 1 ліпеня 1995 году кіраўніком партыі стаецца падпалкоўнік Мікалай Статкевіч (лідэр забароненага Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, за ўдзел у БЗВ у 1993 годзе звольнены ў запас). Ад гэтага часу нацыянальна-культурны складнік праграмы БСДГ — адпаведна з палітычнай кан’юнктурай у краіне — адыходзіць на другі плян. З абраньнем М. Статкевіча на пасаду старшыні партыя пачынае шукаць сабе хаўрусьнікаў не сярод правых, зь якім яе дагэтуль збліжала нацыянальная ідэя, а сярод левых. М. Статкевіч вылучае мэту стварэньня шырокай сацыял-дэмакратычнай кааліцыі. Улетку 1995 году БСДГ разам з маргінальнымі Партыяй народнай згоды (ПНЗ) і Партыяй усебеларускага адзінства і згоды (ПУАЗ) падпісвае пагадненьне аб стварэньні Сацыял-дэмакратычнага саюзу (СДС), які выступае адзіным блёкам на давыбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Дэпутаты ад СДС утвараюць у парлямэнце фракцыю «Саюз працы» з 18 чалавек на чале зь лідэрам ПНЗ Леанідам Сечкам. У студзені 1996 году БСДГ і ПНЗ аб’ядноўваюцца ў адну партыю, якая атрымоўвае назву Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная грамада».
Наступныя падзеі паказалі, наколькі малазначным у спэцыфічных беларускіх варунках таго часу было падабенства абстрактнай ідэалёгіі партыяў. Сацыял-дэмакратычную кааліцыю разьбівае новы магутны палітычны фактар — асоба прэзыдэнта Лукашэнкі. Л. Сечка і іншыя сябры ПНЗ уладкоўваюцца на працу ў Адміністрацыю прэзыдэнта, М. Статкевіч і сябры былой БСДГ удзельнічаюць у акцыях пратэсту супраць усталяваньня аўтарытарнага рэжыму. Сяброў фракцыі «Саюз працы» ў парлямэнце аб’ядноўвае хіба што назва. Пасьля канстытуцыйнага крызысу ў лістападзе 1996 году частка былой ПНЗ абвяшчае аб сваёй ляяльнасьці прэзыдэнту, выходзіць са складу БСДП (НГ) і засноўвае прапрэзыдэнцкую Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды (СДПНЗ). БСДП (НГ) на чале з М. Статкевічам застаецца ў апазыцыі.
Такім чынам, курс, які ўзяла БСДП (НГ) пад кіраўніцтвам М. Статкевіча, прывёў партыю на скрыжаваньне розных «лініяў падзелу». З аднаго боку, усё больш левая ідэалёгія партыі і спробы супрацоўніцтва з ПНЗ аддаляюць ад БСДП (НГ) тых лібэральных нацыянальна-дэмакратычных палітыкаў, якія стаялі ля яе пачаткаў (А. Трусаў, С. Шушкевіч і інш.), — і ўрэшце яны выходзяць з партыі, засноўваючы новую БСДГ. Зь іншага боку, партыя знаходзіцца ў жорсткай апазыцыі рэжыму Лукашэнкі і пасьлядоўна выступае супраць спробаў аб’яднаньня з Расіяй, што абцяжвае дасягненьне пастаўленай Статкевічам мэты — для стварэньня «шырокай сацыял-дэмакратычнай кааліцыі» пры захаваньні ў ліку прыярытэтаў нацыянальнай ідэі, хай і не на першым месцы, пакуль няма адпаведнай сацыяльнай базы.
У наступныя гады БСДП (НГ) бярэ ўдзел у арганізацыі масавых вулічных акцыяў, у працы Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў і КРДС. Адначасова працягваецца «палявеньне» партыі: БСДП (НГ) усталёўвае шчыльныя кантакты з прафсаюзамі, прафсаюзнаю БПП. У 1999 годзе БСДП (НГ) не падпарадкоўваецца пастанове КРДС аб байкоце выбараў, што дадаткова пагаршае яе стасункі з правейшаю часткай КРДС і прыводзіць да канфлікту паміж партыйнай бальшынёй і партыйнай фракцыяй «За адзінства» на чале з Аляксеем Каралём (фракцыя байкатуе выбары). Лягічным вынікам напружаных адносінаў БСДП (НГ) і правымі сіламі ў КРДС стала тое, што ў 2001 годзе БСДП (НГ) разам з Партыяй працы парываюць з КРДС і пачынаюць новую спробу арганізацыі левага цэнтру. У ліпені 2001 году гэтыя партыі абвяшчаюць аб заснаваньні левацэнтрысцкай канфэдэрацыі «За сацыяльныя перамены».
БЕЛАРУСКАЯ ЭКАЛЯГІЧНАЯ ПАРТЫЯ ЗЯЛЁНЫХ «БЭЗ»
Партыя «БЭЗ» была створаная 28 кастрычніка 1998 году на базе дзьвюх партыяў: Партыі зялёных Беларусі (заснаваная ў 1993 годзе ў Гомелі, старшыня Мікалай Карташ) і Беларускай экалягічнай партыі (заснаваная ў 1994 годзе ў Менску, старшыня Міхаіл Фрыдлянд). М. Карташ і М. Фрыдлянд сталі сустаршынямі новай партыі. Колькасьць сяброў партыі — каля 1500 чалавек. Мэты дзеяньня партыі: стварэньне грамадзтва, у якім будзе забясьпечанае права грамадзян на экалягічны дабрабыт, распаўсюджваньне досьведу ашчаднага прыродакарыстаньня, аднаўленьне прыроднага асяродзьдзя. Палітычная праца партыі актывізуецца падчас выбарчых кампаніяў. Прадстаўнікі зялёных абіраліся ў парлямэнт 12, 13 скліканьня, у мясцовыя Саветы. На выбарах 1999 году ў мясцовыя Саветы ніводзін прадстаўнік ужо аб’яднанай партыі ня трапіў.
«БЭЗ» знаходзіцца ў апазыцыі рэжыму Лукашэнкі. У лістападзе 2001 году «БЭЗ» далучаецца да КРДС. Сваю апазыцыйнасьць «БЭЗ» матывуе нежаданьнем сёньняшніх уладаў разьвязваць экалягічныя праблемы.
Партыя мае жаночы і моладзевы рух. «БЭЗ» падтрымлівае кантакты з Швэдзкай партыяй зялёных.
БНФ «АДРАДЖЭНЬНЕ», ПАРТЫЯ БНФ
Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» (інтэрнэт-старонка http://pages.prodigy.net/dr_fission/bpf/) быў першай альтэрнатывай камуністычнай партыі ў Беларусі. БНФ узьнік на хвалі нацыянальнага ўздыму, беспасярэднім штуршком да якой стала адкрыцьцё двума археолягамі, Зянонам Пазьняком і Яўгенам Шмыгалёвым, масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскага рэжыму ў Курапатах пад Менскам. 3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» друкуецца сэнсацыйны артыкул З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва аб масавых расстрэлах у Курапатах. 19 чэрвеня праходзіць дэманстрацыя, у якой бяруць удзел каля 10 000 чалавек; улады вымушаныя стварыць камісію па расьсьледаваньні масавых пахаваньняў. 19.10.1988 адбываецца ўстаноўчы сход беларускага гістарычна-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі», заснавальнікамі якога выступілі Саюз пісьменьнікаў, Саюз кінематаграфістаў, Саюз мастакоў і рэдакцыя газэты «Літаратура і мастацтва», і на гэтым сходзе з прапановы З. Пазьняка ствараецца аргкамітэт БНФ «Адраджэньне», канцэптаванага як грамадзка-палітычны рух за дэмакратычнае рэфармаваньне грамадзтва і адраджэньне беларускай нацыі, у якім могуць браць удзел як асобныя грамадзяне, так і грамадзкія аб’яднаньні. Аргкамітэт апублікаваў праграмную заяву, у якой акрэсьліў скіраванасьць руху (дэмакратычныя рэформы, рэальны сувэрэнітэт Беларусі, нацыянальнае адраджэньне, правы чалавека). Устаноўчы зьезд БНФ, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў, адбыўся 24–25.6.1989 у Вільні, бо правесьці яго ў Менску не дазволіў Прэзыдыюм ВС БССР.
На пачатку БНФ уяўляў сабой аб’яднаньне нефармальных культурніцкіх суполак, арганізацый і грамадзянаў, якія выступалі найперш за адраджэньне беларускай мовы і культуры. Пытаньне выхаду Беларусі са складу СССР тады яшчэ ўголас не ўздымалася: зьезд ухваліў статут руху, у якім сьцьвярджалася, што дзейнасьць БНФ будзе адбывацца ў рамках Канстытуцыі БССР. На пасаду старшыні БНФ быў абраны Зянон Пазьняк.
БНФ як першая шырокая дэмакратычная арганізацыя адразу ж стаецца галоўным выказьнікам і арганізатарам дэмакратычных настрояў грамадзтва. Яшчэ аргкамітэтам БНФ 19.02.1989 быў арганізаваны першы апазыцыйны мітынг у Беларусі, дазволены ўладамі. Мітынг, які праходзіў пад гістарычнымі нацыянальнымі сьцягамі, сабраў каля 40 000 чалавек; прынятая на мітынгу рэзалюцыя патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіруючую ролю камуністычнай партыі. У тым жа годзе шэраг дэмакратычных кандыдатаў пры падтрымцы БНФ абіраюцца ў Вярхоўны Савет СССР. У 1990 годзе БНФ бярэ ўдзел у выбарах у прадстаўнічыя органы ўлады БССР. 25.02.1990 на арганізаваны БНФ мітынг пратэсту супраць недэмакратычнага правядзеньня выбараў прыйшло каля 100 000 чалавек. Пасьля выбараў у Вярхоўным Савеце ўтвараецца фракцыя БНФ — 37 чалавек з 345 дэпутатаў. Гэтыя суадносіны наўрад ці адлюстроўваюць рэальную папулярнасьць БНФ на той час з прычыны шматлікіх фальсыфікацыяў падчас выбараў.
Фракцыя БНФ у парлямэнце, дзе пераважная бальшыня дэпутатаў была камуністамі, утварыла ядро дэмакратычнай апазыцыі. Сябры фракцыі БНФ ініцыююць прыняцьцё Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы, абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі. Нягледзячы на колькасную перавагу камуністаў у парлямэнце, пасьля паразы жнівеньскага путчу ў Маскве дэпутатам ад БНФ нават удалося дабіцца часовага прыпыненьня дзейнасьці Камуністычнай партыі Беларусі. Адзначаючы посьпехі БНФ пачатку 1990-х, трэба сказаць, што яны сталі магчымымі ў першую чаргу дзякуючы разьвіцьцю падзеяў у іншых краінах былога СССР. Шлях Беларусі да незалежнасьці паўтараў шлях да незалежнасьці Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны — са спазьненьнем і зь меншай інтэнсіўнасьцю падзеяў.
На пачатку існаваньня БНФ былі розныя думкі што да таго, ці ёсьць БНФ палітычнай партыяй. Дэ-юрэ, БНФ партыяй ня быў. Аб гэтым казалі ягоныя кіраўнікі, нельга было назваць БНФ партыяй і паводле структуры, бо ягоны статут прадугледжваў калектыўнае сяброўства. Паводле статуту, БНФ зьяўляўся «грамадзка-палітычным рухам». Дэ-факта, БНФ ставіў палітычныя мэты і дзеля іх зьдзяйсьненьня браў удзел у выбарах — у мясцовыя Саветы народных дэпутатаў, у Вярхоўны Савет Беларусі 12 скліканьня, таму былі падставы ўважаць БНФ за палітычную партыю. Супярэчлівасьць афіцыйнага статусу і фактычнай дзейнасьці БНФ была зьнятая ў 1993 годзе праз заснаваньне Партыі БНФ, якая мусіла актыўна дзейнічаць падчас выбарчых кампаніяў. Такім чынам, ад 1993 году палітычныя функцыі БНФ узяла на сябе Партыя БНФ, а культурніцкія функцыі засталіся за БНФ «Адраджэньне» як шырокім грамадзкім фронтам. Адылі рэальнага арганізацыйнага адмежаваньня партыі ад фронту ў 1993 годзе ўсё ж не адбылося.
У 1992 годзе БНФ зазнае першую паразу. БНФ ініцыяваў збор подпісаў за датэрміновыя выбары новага Вярхоўнага Савету, але нягледзячы на тое, што было сабрана больш за 400 000 подпісаў грамадзянаў, Вярхоўны Савет адмаўляецца прыняць адпаведную пастанову. Прыкладна ад гэтага часу ўплыў БНФ пачынае аслабляцца. Пасьля рэваншу намэнклятуры на чале з В. Кебічам — адстаўкі С. Шушкевіча з пасады старшыні парлямэнту — улады пачынаюць у падкантрольных ім сродках масавай інфармацыі маштабную кампанію па дыскрэдытацыі ня толькі БНФ і ягоных лідэраў, але і саміх мэтаў і гістарычных ідэалаў нацыянальна-дэмакратычнага руху. З абраньнем А. Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта гэтая кампанія ўзмацняецца яшчэ больш. У 1995 годзе ў Вярхоўны Савет Беларусі 13 скліканьня ня трапіў ніводзін кандыдат ад БНФ. Як і ў часе папярэдніх выбараў, і нават у большай ступені, кандыдаты ад БНФ сутыкаліся зь вялікімі перашкодамі з боку ўладаў; але гэтым разам няўдалыя для БНФ вынікі выбараў тлумачацца яшчэ і ўзмацненьнем настальгічных прасавецкіх настрояў у грамадзтве ў зьвязку з пагаршэньнем эканамічнага становішча. БНФ прапанаваў лібэральную эканамічную праграму, пэрспэктыўны балта-чарнаморскі вэктар вонкавай эканамічнай палітыкі — але ня здолеў прапанаваць нічога прывабнага для масавай сьвядомасьці постсавецкага беларускага грамадзтва, якому быў уласьцівы катастрафічна нізкі ўзровень гуманітарнай адукацыі і нацыянальнай самасьвядомасьці. (У цэлым па краіне БНФ атрымаў каля 10% галасоў выбарцаў, адылі стойкія прыхільнікі БНФ становяць у краіне так званую структурную меншыню, якая пры мажарытарнай выбарчай сыстэме ня мае шанцаў на рэпрэзэнтацыю сваіх інтарэсаў у прадстаўнічых органах улады.) Ад 1995 году БНФ перастае быць адзінаасобным лідэрам дэмакратычных сілаў Беларусі — у парлямэнце гэтыя сілы прадстаўленыя фракцыяй «Грамадзянскае дзеяньне», аснову якой складаюць чальцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
З прычыны нездавальняючых для БНФ вынікаў парлямэнцкіх выбараў 10 чэрвеня 1995 году на сойме БНФ падалі ў адстаўку В. Вячорка — старшыня палітычнай камісіі БНФ, У. Анцулевіч — старшыня выбарчай камісіі БНФ, і Л. Баршчэўскі — сябра палітычнай камісіі БНФ. На тым жа сойме Ю. Хадыка, намесьнік старшыні БНФ, прапанаваў разьдзяліць партыю і рух. На думку Хадыкі, партыя мусіла мець большую свабоду дзеяньняў, актыўна супрацоўнічаць зь іншымі дэмакратычнымі партыямі. Ён прыпускаў, што партыя і рух могуць мець кожны свайго лідэра і што партыя нават можа зьмяніць імя. В. Вячорка яго падтрымаў, выказаўшы меркаваньне аб тым, што БНФ мусіць заставацца носьбітам нацыянальнай ідэі як грамадзкі рух, а партыя павінна стаць выяўна палітычнай сілай з кансэрватыўнай ідэалёгіяй. Гэтыя прапановы не былі падтрыманыя лідэрам фронту З. Пазьняком і не былі прынятыя. Рознасьць паглядаў у кіраўніцтве БНФ, якая яскрава выявілася на тым сойме, урэшце прывяла да расколу фронту.
У 1996 годзе роля БНФ у палітычным жыцьці краіны зноў павялічваецца. Рэжым Лукашэнкі ўстанаўлівае жорсткі кантроль над электроннымі СМІ і дзяржаўнай прэсай, дэмакратычныя сілы вымушаны зьвяртацца да грамадзкасьці праз улёткі, праз масавыя вулічныя акцыі пратэсту. БНФ — адзіная палітычная партыя, якая мае досьвед арганізацыі такіх акцыяў, досьвед супраціву таталітарнаму рэжыму. У гэтым жа годзе рэзка ўзрастае значнасьць і вядомасьць моладзевай фракцыі БНФ — «Маладога фронту», чальцы якога найбольш актыўна ўдзельнічаюць у вулічных акцыях.
У 1996 годзе старшыня БНФ Зянон Пазьняк быў вымушаны зьехаць зь Беларусі, бо, на ягоную думку, існавала рэальная пагроза ягонаму жыцьцю, якая зыходзіла з боку ўладаў. Пры гэтым намінальна ён заставаўся кіраўніком БНФ, а на пасаду выканаўцы абавязкаў старшыні ў Беларусі быў прызначаны Лявон Баршчэўскі. У наступныя некалькі гадоў рознасьць паглядаў кіраўнікоў БНФ перарастае ў сапраўдны канфлікт паміж «палітыкамі сумленьня», якія ўважаюць дапасаваньне рыторыкі БНФ да рэальных умоваў за здраду сваіх перакананьняў, і «палітыкамі адказнасьці», якія гатовыя да пэўных кампрамісаў зь іншымі апазыцыйнымі сіламі і з самімі сабой дзеля дасягненьня першачарговай мэты: усталяваньня дэмакратычнага ладу ў краіне. Гэты канфлікт сягае свайго апагею падчас і пасьля альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня 1999 году. Кандыдатамі ў прэзыдэнты на гэтых выбарах былі З. Пазьняк і М. Чыгір, а разгалінаваная рэгіянальная структура БНФ выкарыстоўвалася для стварэньня выбарчых камісіяў на месцах. Арганізаваць паўнавартыя дэмакратычныя выбары ўва ўмовах дыктатуры было немагчыма. Фактычна, гэта была своеасаблівая мабілізацыйная акцыя, акцыя грамадзкага непадпарадкаваньня, якая мусіла паказаць, што вялікая колькасьць грамадзянаў не падтрымлівае і ня лічыць легітымнай уладу Лукашэнкі. Выбары конча губляюць сэнс пасьля таго, як З. Пазьняк здымае сваю кандыдатуру на падставе «шматлікіх парушэньняў» у цягу падрыхтоўкі выбараў. Большая частка лідэраў БНФ рэзка крытыкуе гэтае рашэньне, іншая частка падтрымлівае яго і заклікае сяброў выбарчых камісіяў зь ліку БНФ выходзіць зь іх складу і сабатаваць іх працу. Ня могучы пасьпець за палётам думак кіраўніцтва, шмат хто адмовіўся гэта зрабіць. БНФ апынаецца на мяжы расколу.
31.7.1999–1.8. 1999 адбыўся VI зьезд БНФ «Адраджэньне», пасьля якога Сойм БНФ і Сойм партыі БНФ прынялі рэзалюцыю аб недапушчальнасьці расколу і прызначылі на 30–31 кастрычніка 2 сэсію зьезду. Адылі і ў кастрычніку дасягнуць згоды не ўдаецца. У выніку, на пасаду старшыні БНФ «Адраджэньне» быў абраны адзін з апанэнтаў З. Пазьняка Вінцук Вячорка, а меншая, радыкальнейшая частка БНФ на чале з З. Пазьняком і С. Папковым утварыла асобную партыю — Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ (КХП БНФ).
БНФ «Адраджэньне» В. Вячоркі збліжаецца з АГП; гэтыя дзьве партыі найбольш актыўна працуюць у КРДС. У 2001 годзе структуры БНФ працуюць на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сямёна Домаша, пасьля — адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімера Ганчарыка.
КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЯ ПАРТЫЯ БНФ (КХП БНФ)
КХП БНФ (інтэрнэт-старонка http://www.bpfs.boom.ru/) была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі Беларусі 28.02.2000, неўзабаве пасьля расколу БНФ «Адраджэньне». КХП БНФ абвясьціла сябе пераемніцай Партыі БНФ. Старшыня партыі — Зянон Пазьняк, ініцыятар стварэньня і ў 1989–1999 гадах лідэр БНФ «Адраджэньне», які ад траўня 1996 году знаходзіцца ў вымушанай палітычнай эміграцыі.
Бадай, галоўная розьніца паміж дзьвюма пераемніцамі БНФ «Адраджэньне» — партыямі Вячоркі і Пазьняка — сфармуляваная ў праграме КХП БНФ у палажэньні аб дачыненьнях з палітычнымі, грамадзкімі арганізацыямі і структурамі ўлады: «КХП БНФ ня ўдзельнічае ў надпартыйных (міжпартыйных) органах, створаных іншымі грамадзка-палітычнымі сіламі. Сябры партыі дзейнічаюць па палітычных пытаньнях толькі ад імя сваёй партыі». Наступны пункт, праўда, утрымлівае засьцярогу: «КХП БНФ непасрэдна каардынуе свае дзеяньні і ўлічвае дзеяньні іншых партыяў і арганізацыяў».
Першым палітычным захадам КХП БНФ было абвяшчэньне акцыі «Беларуская салідарнасьць», якая мусіла ўключаць у сябе зьбіраньне подпісаў пад непрызнаньнем дамоваў Б. Ельцына і А. Лукашэнкі аб саюзе Беларусі і Расіі, запіс у грамадзянства БНР, масавыя вулічныя акцыі пратэсту — усё гэта БНФ пачынаў рабіць да расколу.
У 2001 годзе лідэр КХП БНФ З. Пазьняк спрабуе ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, што нават сярод ягоных традыцыйных прыхільнікаў выклікае неадназначную рэакцыю. Шмат хто выказвае трывогу, што ягоная непрахадная кандыдатура (паводле сацапытаньняў, З. Пазьняк — адзіны палітык, чый адмоўны рэйтынг складае больш за 50%) згуляе на руку Лукашэнку, дапаможа яму разьбіць пратэстныя галасы і правесьці ў другі тур выбараў квазіапазыцыйнага «кішэннага» кандыдата. Выбары для Пазьняка сканчаюцца на этапе збору подпісаў: яго група падтрымкі ня здолела сабраць дастатковую для рэгістрацыі колькасьць.
ЛІБЭРАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ (ЛДП)
Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі была заснаваная ў лютым 1994 году на ўзор і пры падтрымцы расійскай Лібэральна-дэмакратычнай партыі У. Жырыноўскага. Паводле праграмы, прынятай на ўстаноўчым зьезьдзе партыі, ЛДП мусіла «супрацьстаяць нацыянал-дэмакратам, вінаватым у развале адзінай саюзнай дзяржавы».
ЛДП — гэта выразна пэрсаналісцкая партыя. Ейная палітыка цалкам вызначаецца ейным лідэрам Сяргеем Гайдукевічам. ЛДП ня мае пэўнай акрэсьленай ідэалёгіі, а падхоплівае любыя лёзунгі, якія, на думку Гайдукевіча, могуць паспрыяць падвышэньню папулярнасьці партыі і ейнага лідэра ў пэўны момант часу. Пры гэтым Гайдукевіча мала абыходзіць, што гэтыя лёзунгі часта ёсьць супрацьлеглымі. (Напрыклад: у кастрычніку 1998 году ЛДП высоўвала ініцыятыву правесьці рэфэрэндум па пытаньні стварэньня канфэдэрацыі з Расіяй. Абгрунтоўваючы неабходнасьць рэфэрэндуму, Гайдукевіч тады казаў пра блізіню беларускага і расійскага народаў, пра вялікую эканамічную і палітычную карысьць ад стварэньня канфэдэрацыі. Тады Мінюст адмовіўся зарэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзеньні рэфэрэндуму, і вось праз год Гайдукевіч ужо тлумачыць: «...почему власти не дали провести этот плебисцит? Да потому что они прекрасно понимали: коллективное мнение народных масс было бы не в их пользу. Народу надоели сладкоголосые обещания неизвестно чего под эгидой Москвы. Ведь наша партия и хотела спровоцировать вполне закономерное отторжение идеи бессмысленного и никому, по большому счету, не нужного объединения».)
На пачатку ЛДП успрымалася як філія партыі Жырыноўскага, які ў 1994 годзе карыстаўся вялікай папулярнасьцю ў Расіі і сярод расійскага ці русіфікаванага насельніцтва іншых былых рэспублік СССР. Адылі зь цягам часу папулярнасьць Жырыноўскага зьмяншаецца, і С. Гайдукевіч пачынае дыстанцыявацца ад ЛДПР і Жырыноўскага.
У лістападзе 1996 году Гайдукевіч стрымана падтрымаў дзеяньні Лукашэнкі. У наступныя гады ЛДП мітусіцца паміж антызаходнімі, панславісцкімі лёзунгамі, падтрымкай Лукашэнкі і спробамі супрацоўніцтва з дэмакратычнай апазыцыяй.
У 2001 годзе Гайдукевіч абвяшчае аб сваім намеры змагацца за пасаду прэзыдэнта. Ён накіроўвае Лукашэнку адкрыты ліст, у якім абвінавачвае Лукашэнку ў «прымітыўным папулізьме», падкрэсьлівае ягоную нелегітымнасьць і заклікае яго добраахвотна пайсьці ў адстаўку. Досыць абразьлівы зьмест ліста, здаецца, ужо не пакідае Гайдукевічу шляху назад. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Гайдукевіч даслаў яшчэ больш абразьлівы адкрыты ліст адзінаму кандыдату дэмсілаў Ганчарыку, у якім у брутальнай форме запатрабаваў зьняцьця яго кандыдатуры. Назіральнікамі гэта было праінтэрпрэтавана як сьведачаньне таго, што паміж Лукашэнкам і Гайдукевічам быў укладзены тайны перадвыбарны альянс.
Паводле кіраўніцтва ЛДП, гэтая партыя мае найбольшую з усіх палітычных партый колькасьць сяброў — каля 20 000. Маладыя беларускія лібэрал-дэмакраты маюць сваю старонку ў інтэрнэце http://www.ldbsm.narod.ru/
ПАРТЫЯ КАМУНІСТАЎ БЕЛАРУСКАЯ (ПКБ)
Старшыня партыі (першы сакратар) — Сяргей Калякін. Партыя камуністаў беларуская была заснаваная як пераемніца Камуністычнай партыі Беларусі, якая існавала ў БССР. Пасьля паразы жнівеньскага путчу 1991 году ў Маскве дзейнасьць Камуністычнай партыі Беларусі была часова прыпыненая пастановай Вярхоўнага Савету Беларусі. Адылі ўжо 26 кастрычніка 1991 году быў створаны ініцыятыўны камітэт па ўзнаўленьні дзейнасьці камуністычнай партыі, які неўзабаве быў ператвораны ў арганізацыйны камітэт па скліканьні ўстаноўчага зьезду новай камуністычнай партыі з новай назвай. 6 сьнежня 1991 году ў Менску пачаўся ўстаноўчы зьезд, на якім былі прынятыя статут, праграмная заява, былі абраныя органы кіраваньня. Міністэрства юстыцыі марудзіла з рэгістрацыяй партыі на падставе неадпаведнасьці заканадаўству ейнага статуту, але пасьля адпаведнага рашэньня Вярхоўнага суду ўсё ж зарэгістравала яе. Актывісты ПКБ увайшлі ў арганізацыйныя камітэты, якія вэрбавалі сяброў новай партыі шляхам перарэгістрацыі членаў былой КПСС. Праз год ПКБ ужо мела абласныя арганізацыі ўва ўсіх абласьцях Беларусі, а таксама менскую гарадзкую, 130 іншых гарадзкіх і раённых партыйных арганізацыяў.
3 лютага 1993 году Вярхоўны Савет 12 скліканьня скасаваў сваю пастанову аб часовым прыпыненьні дзейнасьці Камуністычнай партыі Беларусі. У сакавіку 1993 году ЦК Камуністычнай партыі Беларусі склікаў 32 пазачарговы зьезд партыі, які адбыўся пры падтрымцы ПКБ. 25 красавіка зьезд КПБ прыняў рашэньне аб уваходзе партыі ў склад ПКБ.
Падчас дыскусіяў аб дарэчнасьці пасады прэзыдэнта ў Беларусі ПКБ выступала супраць уводжаньня інстытута прэзыдэнцтва як «буржуазнай формы кіраваньня», адылі ў парлямэнце супраць прагаласаваў толькі лідэр фракцыі ПКБ. Жаданьне захаваць і ўзмацніць уладу нефармальнай партыі намэнклятуры, зь якой паходзіла вялікая частка дэпутатаў-камуністаў, было мацнейшым за камуністычную партыйную дысцыпліну: сябры фракцыі камуністаў прагаласавалі за інстытут прэзыдэнцтва, бо былі ўпэўненыя, што прэзыдэнтам будзе намэнклятурны лідэр В. Кебіч.
Калі інстытут прэзыдэнцтва ўсё-ткі быў уведзены, ПКБ вырашыла ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах (апраўдваючыся «гістарычным вопытам бальшавікоў», якія бралі ўдзел у выбарах у расійскую царскую Дзяржаўную думу, і словамі У. Леніна аб неабходнасьці выкарыстоўваць усе магчымасьці для прапаганды). У сакавіку 1994 году пленум ЦК вылучыў кандыдатам Васіля Новікава, сакратара ЦК. На выбарах Новікаў заняў апошняе месца, набраўшы толькі 4,6 % галасоў — рэкордна мала ў параўнаньні з камуністычнымі кандыдатамі ў іншых постсавецкіх краінах. Але тлумачыцца гэты рэкорд, парадаксальным чынам, якраз папулярнасьцю левых лёзунгаў у Беларусі: на галасы левага электарату прэтэндавалі адразу чатыры кандыдаты (Кебіч, Лукашэнка, Дубко, Новікаў).
Пасьля другога туру выбараў камуністы віталі перамогу Лукашэнкі, павіншавалі яго і абвясьцілі, што гатовыя яго падтрымліваць, бо ён ішоў на выбары пад сацыялістычнымі і інтэграцыйнымі лёзунгамі. Лукашэнка, аднак, патрэбы ў такой падтрымцы ня меў, і партыяй улады ПКБ ня стала.
На выбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня ў траўні 1995 году кандыдаты ад ПКБ, абапіраючыся на настальгічныя настроі прасавецкай старэйшай часткі выбарцаў, атрымалі больш за 22% месцаў у парлямэнце. Напачатку камуністы ўсё ж падтрымліваюць Лукашэнку, асабліва ягоныя захады дзеля інтэграцыі з Расіяй. Адылі наступ на свабоду слова, усталяваньне асабістай дыктатуры прымушае ПКБ стаць у апазыцыю прэзыдэнту, бо ягоная палітыка пагражае існаваньню партыяў як такіх, і ніякіх прэфэрэнцыяў для ПКБ тут ня робіцца. У ліпені 1996 году пленум ЦК ПКБ заявіў, што лічыць немагчымым далей падтрымліваць унутрыпалітычны і сацыяльна-эканамічны курс прэзыдэнта. Зь пераходам левых — ПКБ і Аграрнай партыі — у адкрытую апазыцыю да Лукашэнкі паўстае рэальная пагроза імпічмэнту.
Найбольш бескампрамісная частка ПКБ, якая марыла пра аднаўленьне СССР і ўважала за недапушчальныя любыя пагадненьні з нацыянал-дэмакратамі, выступіла з рэзкай крытыкай такога рашэньня кіраўніцтва, у тым ліку ў партыйнай газэце «Товарищ», выдаванай ПКБ ад сьнежня 1994 году. У партыі пачынаецца канфлікт, які адміністрацыя Лукашэнкі выкарыстоўвае ў сваіх мэтах — дзеля дэзарыентацыі грамадзянаў, якія маюць звычку галасаваць за камуністаў (чытай: за СССР), ствараецца камуністычная псэўда-партыя. Напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году адбываецца першы, «аднаўляльны» зьезд Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), на якім дэлегаты ганяць кіраўніцтва ПКБ за змову з «радыкальна-нацыяналістычнымі сіламі» і выказваюць падтрымку інцыятывам прэзыдэнта. Са 1134 чалавек, якія выступаюць у ролі арганізатараў КПБ, каля 60% маюць больш за 60 гадоў.
Калі Лукашэнка разганяе Вярхоўны Савет 13 скліканьня і прызначае новы «парлямэнт» — Нацыянальны сход, з 45 сяброў фракцыі камуністаў 24 пераходзяць у гэты орган.
Усталяваньне аўтарытарнага праўленьня Лукашэнкі і канстытуцыйны пераварот 1996 году адбіліся на ПКБ, бадай, мацней за іншыя партыі. Стварэньне новай-старой Камуністычнай партыі Беларусі сталася цяжкім ударам для ПКБ. У 1997 годзе ПКБ згубіла больш за 4000 сяброў, да пачатку 1998 году спынілі сваю дзейнасьць 18 гарадзкіх і раённых арганізацыяў ПКБ. У 1994 годзе камуністы ўзначальвалі 25 гарадзкіх і раённых органаў кіраваньня — пасьля 1996 году ўсе яны альбо выйшлі з партыі, альбо былі зьнятыя з пасадаў. Аднак адначасова раскол камуністычнай партыі паспрыяў эвалюцыі ПКБ у палітычную партыю ўва ўласным сэнсе слова. У першыя гады сваёй дзейнасьці адроджаная камуністычная партыя арыентавалася на настальгічна настроены электарат, людзей старэйшага веку; у вялікай меры партыя захоўвала старую, савецкую рыторыку, якая зь цягам часу гучала ўсё больш архаічна і не магла прывабіць да партыі новых чальцоў і выбарцаў. Цяпер, ня маючы больш манаполіі на настальгію па СССР, ані дзяржаўнай падтрымкі, ПКБ мусіла прапагандаваць сябе і свае ідэі іншымі спосабамі, мадыфікаваць свае ідэалы, вучыцца супрацоўнічаць зь іншымі палітычнымі сіламі — чаго камуністам раней рабіць не даводзілася. Паказальная вытрымка з заключнага слова лідэра партыі С. Калякіна на 5 зьезьдзе ПКБ (6–8 сакавіка 1999 году): «Час ужо нам перастаць баяцца абвінавачваньняў накшталт: ня там стаў, ня з тымі сеў. Палітык, а такім ёсьць кожны камуніст, мусіць быць гатовы, што яго будуць паліваць брудам... Калі не пераадолеем сумневаў і страху — зноў апынемся ў хвасьце падзеяў». (Маюцца на ўвазе абвінавачваньні ў здрадзе камуністычным ідэалам праз супрацоўніцтва з правымі.) ПКБ удзельнічала ў перамовах палітычнай апазыцыі з уладамі і ўвайшла ў Кансультацыйную раду апазыцыйных палітычных партыяў, але не ўвайшла ў КРДС.
Можна прыпусьціць, што ў блізкай будучыні ПКБ будзе надалей ссоўвацца зь левага краю да левага цэнтру. Досьвед барацьбы зь левым дыктатарам Лукашэнкам зрабіў ПКБ больш дэмакратычнай, чым падобныя партыі ў суседніх Расіі і Ўкраіне. У 2001 годзе С. Калякін уваходзіць у пяцёрку патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, якія дамовілася аб каардынацыі сваіх дзеяньняў дзеля ліквідацыі аўтарытарнага рэжыму, і ў ходзе перадвыбарнай кампаніі ўжо кажа аб тым, што ідэалам ягонай партыі ёсьць не БССР, а Эўразьвяз.
Найбольшую колькасьць сяброў ПКБ мела ў 1996 годзе, перад расколам — каля 18 000. На 1.1.1999 у ПКБ было 9237 сяброў партыі, 119 раённых, 19 гарадзкіх, 534 пярвічных арганізацыяў.
ПРАПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ПАРТЫІ:
Беларуская патрыятычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці, Славянскі Сабор «Белая Русь» (у дадзены момант не існуе), Камуністычная партыя Беларусі (старшыня Валер Захарчанка), Аграрная партыя (пасьля 4 зьезду ў 2000 г.), Беларуская сацыяльна-спартовая партыя, а таксама рух «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасьць» (ДСПС) — «прыдворныя партыі», якія пасьлядоўна падтрымліваюць усе дзеяньні Лукашэнкі, абслугоўваюць ідэалягічныя патрэбы рэжыму. Да атрыманьня ўлады не імкнуцца. Носьбіты панславісцкай (як былы Славянскі Сабор «Белая Русь», Беларуская патрыятычная партыя, ДСПС) альбо скрайне левай ідэалёгіі (Камуністычная партыя Беларусі). Існаваньне гэтых партыяў служыць толькі прыкрыцьцю дыктатуры.