Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 3 Прэзыдэнцкія выбары 2001 году - Урокі прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2001 году

1. У 1999–2000 гг. беларускі рэжым ажыцьцявіў зачыстку палітычнага поля ў Беларусі. У выніку, беларускае грамадзтва траціла давер да палітычных партыяў і палітыкаў з выразнай партыйнай арыентацыяй.

Сацыялягічныя апытаньні 2000 году паказвалі, што ў выбарчай барацьбе будзе мець шанцы толькі такі палітык, які валодае іміджам незалежнага.

Пры гэтым сумарны рэйтынг лідэраў дэмакратычных партыяў быў на парадак меншы за рэйтынг Лукашэнкі.

Але і пры фармальнай слабасьці дэмсілаў правядзеньне імі выбарчай кампаніі было занадта важным працэсам, каб рэжым мог адмовіцца ад спробаў уплываць на яго. У лягеры лукашэнкаўцаў ізноў узьнікла патрэба ў спэцыялісту ў тонкай інтрызе, які б працаваў зь людзьмі, застаючыся ў ценю.

Напрыканцы лістапада 2000 г. указам Лукашэнкі Ўрал Латыпаў быў прызначаны на пасаду дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі. У яго сфэру адказнасьці ўвайшла арганізацыя выбарчай кампаніі Лукашэнкі. Пры Латыпаву Рада бясьпекі пераўтвараецца ў аналітычны цэнтар, а на месца «сілавікоў» Шэймана прыходзяць людзі, якія зрабілі кар’еру ў контравыведцы КДБ.

12 верасьня 2001 г. заслугі галоўнага арганізатара, паводле лукашэнкавых словаў, «элегантнай і прыгожай перамогі» У. Латыпава былі адзначаны самім беларускім прэзыдэнтам. Указам Лукашэнкі ён быў прызначаны на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Разам зь ім зрабілі крок «наверх» і члены яго каманды.

2. У сакавіку 2001 г. магчымыя выбарчыя расклады сталі відавочнымі:

Зьвернем увагу на палітыкаў, якія ў складзе «пяцёркі» былі аўтсайдэрамі. П. Казлоўскі і С. Калякін ня мелі ня толькі структураў і рэсурсаў для правядзеньня выбарчай кампаніі, яны ня мелі і якойсьці значнай падтрымкі з боку электарату.

Генэрал-палкоўнік П. Казлоўскі быў зволены з пасады міністра абароны і паніжаны ў званьні Лукашэнкам у ліпені 1994 г. за «прычыненьне дзяржаве эканамічнай шкоды». «Справа Казлоўскага» выклікала ў той час вялікі рэзананс у грамадзтве. Гаворка ідзе аб праведзеным П. Казлоўскім за дзяржаўны кошт вясельлі свайго сына. У часе жорсткага эканамічнага крызысу яго за дзяржаўныя грошы пару дзён гулялі некалькі сот чалавек. Да таго ж, сын міністра Казлоўскага дзякуючы бацькавай пратэкцыі па-за чаргой атрымаў вялікую кватэру ў прэстыжным раёне Менску ў той час, калі трэцяя частка беларускіх афіцэраў ня мела ўласнага жытла.

Сацыялягічныя апытаньні таксама паказваюць, што ў беларускім грамадзтве вайсковец ня мог стаць прэзыдэнтам.

3. Пасьля таго, як «адзіным» кандыдатам быў названы У. Ганчарык, супраць яго стартавала кампанія нэгатыўнага PR, ініцыяваная рэжымам. Яна разгортвалася ў двух кірунках. Першы — нэгатыўная інфармацыя: прэзэнтацыя Ганчарыка як прадстаўніка камуністычнай намэнклятуры.

Стаўленьне беларускіх выбарцаў да палітыка з намэнклятурнай мінуўшчынай было досыць адназначнае.

Дарадцы Ганчарыка таксама паспрыялі павелічэньню эфэктыўнасьці нэгатыўнага PR, накіраванага супраць іхнага патрона. Сьляпое выкананьне камандай Ганчарыка раней выбранага курсу на дасягненьне кумулятыўнага пазытыўнага рэйтынгу шляхам дэлегаваньня падтрымкі з боку іншых кандыдатаў «адзінаму кандыдату» і ўлучэньне іх (перадусім А. Ярашука і М. Марыніча) да «супольнага» штабу абярнулася павелічэньнем кумулятыўнага нэгатыўнага рэйтынгу.

Лукашэнкаўская прапаганда ўмела запалохвала беларускіх грамадзянаў пагрозай «намэнклятурнага рэваншу», па-майстэрску выкарыстоўвала факт рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця ў 1991–1994 гг., у часе «ўсяўладзьдзя намэнклятуры». У масавую сьвядомасьць пры дапамозе розных камунікацыйных каналаў убіваўся стэрэатып: «Старая ўлада ўжо накрала, новая ж будзе красьці без упыну».

Лукашэнкаўскія прапагандысты па-свойму скарысталіся і тым, што «адзіны» кандыдат Ганчарык у недалёкім мінулым не супрацьдзейнічаў станаўленьню жорсткага аўтарытарнага рэжыму. Будучы кіраўніком ФПБ, ён не здабыў і вядомасьці «змагара за правы працоўных». Ганчарыкавы пэрыядычныя канстатацыі пагаршэньня эканамічнага становішча ў краіне і зьвязанага з гэтым пагаршэньня дабрабыту працоўных нічым не вылучаліся на агульным камунікацыйным фоне. Толькі кампанія ўціску на ФПБ з боку ўлады выклікала «палітызацыю» часткі прафсаюзнага кіраўніцтва.

Пры дапамозе сваёй выбарчай кампаніі Лукашэнка змагаўся за статус «усенародна абранага» прэзыдэнта, таму аб’ектам яго палітычнага апэтыту станавіўся і па-незалежніцку настроены сэгмэнт беларускага грамадзтва.

Другая хваля нэгатыўнага PR была накіравана акурат на іх.

4. Ганчарыка ў строгім сэнсе нельга было назваць «адзіным кандыдатам ад шырокай грамадзянскай кааліцыі» (за выняткам Домаша іншыя члены «пяцёркі» прадстаўлялі самі сябе, за імі не стаяла ні магутных арганізацыяў, ні значнай сацыяльнай базы). Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў пацьвердзілі гэта: неабходную колькасьць подпісаў у падтрымку свайго вылучэньня сабралі два кандыдаты, якія знаходзіліся ў рэальнай апазыцыі рэжыму Лукашэнкі. Пры гэтым найбольшыя дэмакратычныя арганізацыі працавалі на карысьць іншага кандыдата — С. Домаша.

Абвяшчэньне У. Ганчарыка адзіным кандыдатам, нягледзячы на ўсе вэрбальныя дэклярацыі, зрабіла Домаша простым назіральнікам выбарчага маратону.

У выніку «адзіны» кандыдат Ганчарык ня толькі не атрымаў падтрымкі ўсяго беларускага грамадзтва, але выклікаў адчужэньне з боку пэўнай часткі дэмакратычна настроеных выбарцаў. Паказальна, што сам Лукашэнка мог дазволіць сабе не выступаць з крытыкай пэрсанальна ў адрас Ганчарыка.

5. У 2001 г. тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі хаця і запаволіліся (прырост ВНП склаў толькі 3%), тым ня менш забясьпечылі эканамічную стабільнасьць. Дзяржаўныя фінансы былі пераразьмеркаваныя для забесьпячэньня папулісцкіх перадвыбарных абяцаньняў Лукашэнкі. За кошт значнага скарачэньня інвэстыцыяў у асноўны капітал было павялічанае фінансаваньне сацыяльнай сфэры (павялічаныя памеры заробкаў, пэнсіяў, іншых сацыяльных выплат), а таксама было прафінансаванае добраўладкаваньне гарадоў (быў зроблены грунтоўны рамонт цэнтральнай часткі Менску і ўсіх абласных гарадоў).

Абвінавачаньні апанэнтаў Лукашэнкі ў неэфэктыўнасьці яго эканамічнай палітыкі («сярэдні заробак у Польшчы складае каля 350–400 даляраў, у Беларусі — 70–100») беларускія ўлады спрастоўвалі пры дапамозе таго ж самага прыкладу («колькасьць беспрацоўных у Польшчы — 15–20% ад агульнай колькасьці працаздольнага насельніцтва, у Беларусі — 1–3%»).

На гэтым фоне чарговае абяцаньне Лукашэнкі, што ў 2005 г. сярэдні заробак беларуса дасягне 250$ (пры захаваньні цяперашняга ўзроўню цэнаў), не выглядала для бальшыні беларусаў фантастычным.

6. Выбарчая кампанія дэмсілаў зь неабходнасьцю мусіла ўключаць пазытыўны блёк (пераконваньне грамадзтва ў большай эфэктыўнасьці сацыяльна-эканамічнай, культурнай, міжнароднай, міжнацыянальнай і інш. палітыкі новай дэмакратычнай улады). Аднак яна была збудаваная на аснове нэгатыўнай PR-акцыі.

Крытыка рэжыму будавалася на спэкуляцыях вакол зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў Ю. Захаранкі, В. Ганчара, прадпрымальніка А. Красоўскага, журналіста Зьм. Завадзкага. Лукашэнку таксама ўскосна абвінавачвалі ў забойстве Г. Карпенкі. Пра эфэктыўнасьць гэтай крытыкі гавораць сацыялягічныя апытаньні (прыкладна 30% выбарцаў на момант выбараў нічога нічога ня ведалі аб гэтых фактах).

Да сярэдзіны жніўня (!) У. Ганчарыкам не была выпрацавана перадвыбарная праграма (гэты дакумэнт стане даступны толькі за 20 дзён да «ўсенароднага волевыяўленьня»). Дарма што яе сацыяльна-эканамічны блёк быў сфармуляваны дастаткова добра, у сваёй вуснай агітацыі Ганчарык унікаў канкрэтных размоваў на тэму паляпшэньня сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне. «Адзіны» кандыдат так і ня даў адказаў на канкрэтныя, вельмі важныя для грамадзтва пытаньні.

7. Значная частка захадаў у межах выбарчай кампаніі дэмсілаў была накіраваная на дыскрэдытацыю ў вачах грамадзтва асобы А. Лукашэнкі (вулічныя графіці, налепкі, газэтныя публікацыі і г.д.). Пры гэтым не заўжды крытыка Лукашэнкі была сацыяльна і палітычна этычнаю. Празьмерны акцэнт на асобе Лукашэнкі ствараў уражаньне, што яго апанэнты выступаюць ня столькі супраць усталяванага ім жорсткага аўтарытарнага рэжыму, колькі супраць яго пэрсанальна.