Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 2 Палітычная сыстэма Беларусі з 1996 па 2000 год - Увядзеньне пасады прэзыдэнта Беларусі

Дастаткова дакладны адказ на пытаньне, што такое насамрэч сучасная Рэспубліка Беларусь і што зь сябе ўяўляе фэномэн прэзыдэнцкай улады ў Беларусі, немагчыма даць на падставе аналізу юрыдычнага статусу, кампэтэнцыі органаў улады. Можна вывучыць заканадаўчыя акты Беларусі: Канстытуцыі 1994 і 1996 гадоў, Закон аб прэзыдэнту 1995 году, іншыя нарматыўныя акты, што рэгулюць прававы статус, вызначаюць кола паўнамоцтваў беларускага прэзыдэнта — і атрымаць вельмі далёкае ад сапраўднасьці ўяўленьне аб тым, хто такі беларускі прэзыдэнт дэ-факта.

Адказаць на гэтае пытаньне можна толькі на падставе вывучэньня дзеяньняў прэзыдэнта, яго асяродзьдзя, яго прыхільнікаў і апанэнтаў у беларускай палітыцы, паступовых зьменаў стану беларускага грамадзтва, зьменаў у грамадзкай думцы. Акурат гэтыя зьмены адлюстроўваліся ў заканадаўстве.

Тэндэнцыі фармаваньня існуючага цяпер палітычнага рэжыму праявіліся да таго часу, як яны былі адлюстраваныя ў заканадаўстве ў выніку правядзеньня ў 1996 годзе рэфэрэндуму і зацьвярджэньня прапанаванай Лукашэнкам новай рэдакцыі Канстытуцыі. Сапраўдны статус, кола паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі вызначыліся за першыя 14 месяцаў яго знаходжаньня на прэзыдэнцкай пасадзе — да кастрычніка 1995 году.

Прыход Лукашэнкі да ўлады і наступнае фармаваньне рэжыму асабістай улады ў Беларусі зьявы не выпадковыя, а заканамерныя, вызначаныя кірункам і характарам палітычных працэсаў у Беларусі задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году.

У 1991-1992 гг. сярод палітычнай эліты Беларусі было даволі распаўсюджаным меркаваньне, што больш адпаведнай патрэбам палітычнага разьвіцьця Беларусі формай кіраваньня ёсьць парлямэнцкая рэспубліка. Дыскусіі аб неабходнасьці зьмены формы кіраваньня пачаліся ў Вярхоўным Савеце ў траўні 1993 году.

Напрыканцы 1993 году ў парлямэнце стала дамінуючым меркаваньне, што акурат прэзыдэнцкая рэспубліка ёсьць формай кіраваньня, якая дазволіць вывесьці Беларусь з глыбокага эканамічнага крызысу, стварыць спрыяльныя ўмовы для забесьпячэньня парадку, арганізаванасьці, дысцыпліны, апэратыўнага прыняцьця неабходных палітычных пастановаў.

Галасы, што прэзыдэнцкая рэспубліка ўва ўмовах Беларусі азначае рэальную магчымасьць усталяваньня дыктатуры, раздаваліся толькі з боку дэмакратычнай апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, якую складалі фракцыі БНФ і Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. Галасы гэтых 50 дэпутатаў (з 345 агульнай колькасьці) не былі пачуты бальшынёй парлямэнтароў.

Але прынцыповая пазыцыя БНФ і БСДГ мела ўплыў на стан грамадзкай думкі. Сацыялягічныя апытаньні, праведзеныя ў сьнежні 1993 году, мелі такія вынікі: 49,5% беларускіх выбарцаў — за ўводзіны пасады прэзыдэнта, і 29,3% — супраць.

Вярхоўны Савет 12 скліканьня, выбраны яшчэ ў савецкі час (у 1990 годзе), быў непрафэсійным. Бальшыня дэпутатаў складала лёбі прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча. Акурат яго бальшыня дэпутатаў бачыла прэзыдэнтам Беларусі. Якраз пад Кебіча пісалася Канстытуцыя Беларусі 1994 году, згодна зь якой Беларусь станавілася прэзыдэнцкай рэспублікай.

Вячаслаў Кебіч, зрабіўшы кар’еру ў партыйных органах, быў сваім для партыйнай і савецкай намэнклятуры, якая з савецкага часу захавала свае пасады ў органах улады як на цэнтральным, так і на рэгіянальным, мясцовым узроўні. У той жа час на працягу 1992-1993 гадоў у складзе старой эліты сфармавалася даволі магутная група, якая бачыла, што Кебіч ня тая фігура, якая адпавядае іх палітычным і эканамічным інтарэсам у сьвятле новых патрабаваньняў. Гэта група мела значнае прадстаўніцтва ў цэнтральных органах улады, сярод дырэктараў буйных прадпрыемстваў, мела падтрымку часткі прадстаўнікоў кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, Міністэрства ўнутраных спраў, Генэральнай пракуратуры, а таксама добрыя кантакты з часткай расейскага істэблішмэнту.

Галоўнымі прычынамі, чаму Кебіч не задавальняў іх, былі:

1) Рост пагрозы іх уладзе з боку дэмакратычнай контраэліты.

Беларуская дэмакратычная контраэліта пачала фармавацца дастаткова нядаўна — напрыканцы 80-х гадоў. На момант развалу Савецкага Саюзу яна была яшчэ ня ў стане ўзяць уладу. Але дэмакратычная контраэліта паступова набірала сілы. Яе сацыяльная база паступова пашыралася зь зьмяненьнямі ў сацыяльна-дэмаграфічным складзе насельніцтва, а таксама дзякуючы таму, што дэмакраты мелі магчымасьць інтэнсіўна працаваць з насельніцтвам (маючы прадстаўніцтва ў парлямэнце, доступ да некаторых буйных дзяржаўных СМІ).

2) Узмацненьне рабочага руху[1]. Была відавочнай тэндэнцыя ўсё больш моцнага супрацоўніцтва кіраўніцтва незалежных прафэсійных саюзаў і страйкавых камітэтаў з дэмакратычнымі палітычнымі партыямі Беларусі[2].

3) Для пабудовы рынкавай эканомікі дзяржава павінна была ўзяць на сабе рэгулюючыя функцыі, забясьпечыць кантроль за функцыянаваньнем і рэфармаваньнем дзяржаўных прадпрыемстваў. Паколькі доля дзяржаўных прадпрыемстваў ува ўнутраным валавым прадукце складала каля 90%, прэзыдэнт павінен быў стаць галоўным арбітрам для дырэктарскага корпусу.

Беларуская эканоміка была ня толькі пабудавана ў савецкі пэрыяд як частка агульнасавецкага гаспадарчага комплексу, яна функцыянавала, па інэрцыі, на падставе тых традыцыяў, якія склаліся ў савецкі час, што ўплывала на якасьць мэнэджмэнту.

У пару існаваньня таталітарнай дзяржавы гаспадарчы абарот рэгуляваўся ня толькі нормамі права, а і пастановамі партыйных органаў. У 1991 годзе гэтая сыстэма развалілася. Рынкавыя мэханізмы ж не былі сфармаваныя. Вынікам таго, што дзяржава фактычна адстаранілася ад рэгуляваньня эканамічных працэсаў, быў «дзікі» рынак.

Беларускім гаспадарчым элітам была патрэбная «моцная асоба», здольная навесьці парадак, хай шляхам вяртаньня да ранейшых мэтадаў кіраваньня эканомікай, перад якой несьлі б асабістую адказнасьць дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў.

Беларуская эканоміка арыентаваная пераважна на расейскі рынак. Для таго, каб мець дастатковую гарантыю выкананьня расійскімі партнэрамі сваіх абавязаньняў, патрэбны быў лідэр, здольны падтрымліваць добрыя адносіны, у тым ліку і асабістыя, з прадстаўнікамі расійскай палітычнай эліты[3].

Гэта была групоўка прагматыкаў (яе інтарэсы прадстаўлялі, як высьветліцца пазьней, дэпутаты Леанід Сініцын, Віктар Кучынскі, Іван Ціцянкоў, а таксама дзяржаўныя функцыянэры Ўладзімер Гаркун, Міхаіл Мясьніковіч і інш.). Яны ведалі, што ў прэзыдэнта Кебіча ня стане палітычных рэсурсаў, каб быць сапраўдным гарантам іх улады і інтарэсаў. Ім патрэбны быў ня першы сярод роўных, якім быў бы Кебіч, а чалавек, які змог бы быць аўтарытэтным для іх лідэрам, харызматычны палітык, папулярнасьць якога ў грамадзтве была б для іх зарукай стабільнасьці. Яны жадалі стабільнасьці, каб спакойна карыстацца перавагамі свайго статусу, набытага ў ходзе перадзелу дзяржаўнай маёмасьці. Для гэтага ім было недастаткова мець «сваю» бальшыню ў Вярхоўным Савеце і мець пад кантролем пераважную бальшыню СМІ. Сапраўднай стабільнасьці яны маглі дасягчы толькі маючы цалкам «свой» Вярхоўны Савет, толькі «свае» СМІ. Стабільнасьць для іх азначала канцэнтрацыю ўсёй улады ў краіне ў руках «свайго» палітыка і магчымасьць прыняцьця самых жорсткіх захадаў што да тых, хто пагражаў іх статусу і іх інтарэсам.

На гэтую ролю падыходзіў толькі новы чалавек. «Свой» па палітычнай культуры — былы камуніст. Але ня «свой» па статусе — чалавек з генэрацыі партыйцаў, якія на момант развалу Савецкага Саюзу і забароны КПБ у 1991 годзе не пасьпелі заняць высокія пасады. Агрэсіўны, бескампрамісны, харызматычны малады палітык.

Кандыдатура, якая адпавядала ўсім крытэрам, выдзялялася на агульным фоне вельмі яскрава. Гэта быў Аляксандар Лукашэнка, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, чалавек з далёкай (па мерках Беларусі) правінцыі — былы дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёну. У 1993 годзе яму была толькі 39 гадоў.

Можна казаць дастаткова дакладна, калі гэтая групоўка вызначылася з кандыдатурай Лукашэнкі. 4 чэрвеня 1993 году ў складзе камісіяў Вярхоўнага Савету зьявілася новая структура — часовая камісія па барацьбе з карупцыяй. Стварэньне такой камісіі, улічваючы падзел парлямэнту на групоўкі і фракцыі, — зьява не ўнутрыпарлямэнцкага жыцьця. На яе стварэньне павінны былі даць згоду «зьверху». Там жа павінна было быць названа дакладнае імя яе кіраўніка. Гэта зрабілі аўтары праекту «прэзыдэнт Лукашэнка».

З траўня 1993 году ў парлямэнце пачынаюць усё больш гаварыць аб неабходнасьці ўводзінаў пасады прэзыдэнта і перавагах прэзыдэнцкай рэспублікі. А 4 чэрвеня 1993 году была створана часовая камісія па барацьбе з карупцыяй пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі… Яна стала для будучага прэзыдэнта перадвыбарнай трыбунай. Акрамя таго, вакол гэтай нешматлікай[4] па складзе камісіі пачынае фармавацца групоўка, якая ў будучыні створыць найбліжэйшае атачэньне прэзыдэнта Лукашэнкі.

Канкурэнтамі ў барацьбе за прэзыдэнцкую пасаду Лукашэнка ўспрымаўся як несур’ёзная і несамастойная фігура, супраць якой не выпадае весьці поўнамаштабную інфармацыйную вайну. Сам жа Лукашэнка ў ходзе перадвыбарнай барацьбы вольна раздаваў моцныя ўдары направа — у бок «нацыянал-радыкалаў» і налева — у бок «карумпаванай намэнклятуры», «партыйна-мафійнай верхавіны».

Адзіны, хто мог стварыць значныя складанасьці для рэалізацыі праекту «прэзыдэнт Лукашэнка», быў Старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч. Кандыдат у прэзыдэнты Кебіч меў для барацьбы супраць Лукашэнкі дастаткова палітычных рэсурсаў. Але ў камандзе Кебіча ключавую ролю гралі асобы, якія насамрэч працавалі на карысьць іншага кандыдата — Лукашэнкі. Гэта былі «правая рука» Кебіча Міхаіл Мясьніковіч, а таксама Сяргей Лінг[5] і зьвязаныя зь імі асобы. Прадстаўнікі старой эліты, яны зрабілі кар’еру яшчэ ў савецкі час[6].

Давераныя асобы Кебіча пераканалі яго ў тым, што перамога на прэзыдэнцкіх выбарах яму забясьпечана. Аплочаныя камандай Кебіча сацыялягічныя апытаньні сьведчылі аб тым, што кандыдатуру прэм’ер-міністра падтрымліваюць каля 27% выбарцаў, бліжэйшага канкурэнта Лукашэнкі — каля 13%.

Фронт інфармацыйнай вайны з боку падкантрольных выканаўчай уладзе СМІ — тэлебачаньня, радыё, буйных нацыянальных газэтаў «Советская Белоруссия», «Звязда» — быў разгорнуты ня супраць найбольш небясьпечнага канкурэнта Лукашэнкі, а дэмакратаў, перш за ўсё супраць дэмакратычных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта — Зянона Пазьняка, Станіслава Шушкевіча і Генадзя Карпенкі.

Вельмі рэдкія інфармацыйныя выпады супраць А. Лукашэнкі былі выкананыя, у адрозьненьне ад аналягічных акцыяў супраць дэмакратычных кандыдатаў, настолькі непрафэсійна, што гэта кідалася ў вочы. Нэгатыўны PR даў адмоўны эфэкт яго распрацоўшчыкам і рэалізатарам.

Так, напрыклад, 7 чэрвеня 1994 пракебічаўскі публіцыст Іван Антановіч у перадачы Беларускага радыё на падставе таго, што Лукашэнка быццам калісь выступіў на беларускай мове, абвінаваціў яго ў «нацыяналізьме»… Відавочна, што гэтая акцыя была арганізаваная для таго, каб перацягнуць на бок Лукашэнкі частку дэмакратычнага, збольшага беларускамоўнага электарату.

Асноўная энэргія самога Кебіча была накіравана пераважна на барацьбу супраць былога Старшыні Вярхоўнага Савету С. Шушкевіча[7].

Да самага апошняга часу прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч захоўваў ілюзіі сваёй лёгкай перамогі. 1 чэрвеня 1994 году, калі былі падлічаны подпісы, сабраныя ініцыятыўнымі групамі кандыдатаў, назіраўся такі расклад: прэм’ер-міністар Кебіч — 411 тысяч, лідэр БНФ Пазьняк — 217 тысяч, лідэр камуністычнай партыі Новікаў — 184 тысячы. Лукашэнка заставаўся ў ценю, займаў у гэтым сьпісе толькі чацьвертае месца — 156 тысяч подпісаў.

18 чэрвеня 1994 году ўсе нацыянальныя СМІ паведамілі, што на кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку адбыўся замах. Каля Лёзна, па дарозе зь Віцебску аўтамабіль[8], у якім ехаў Лукашэнка, быў абстраляны. Гэта вельмі змабілізавала Лукашэнкаў электарат.

Вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў, які адбыўся 24 чэрвеня, выявілі расклад палітычных сілаў у краіне. Заслона была паднятая: усім стала ясна, хто будзе першым беларускім прэзыдэнтам. Атрыманьне спадзяванага эфэкту ад «лёзьненскай сцэнкі» падштурхнула аўтараў праекту «прэзыдэнт Лукашэнка» на працяг гульні. Раніцай 28 чэрвеня, калі былі ўжо вядомыя вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў і кандыдат Лукашэнка ўжо разглядаўся ў іншай якасьці, была праведзена чарговая акцыя. У цэнтры Менску, у будынку Дома ўраду на Лукашэнку і яго давераных асобаў[9] быў учынены напад з боку супрацоўнікаў міліцыі, якія імкнуліся не дапусьціць Лукашэнку ў яго працоўны кабінэт. Як і павінна было быць па законе жанру, перамога засталася за Лукашэнкам і яго прыхільнікамі: яны «прабіліся» ў сваё службовае памяшканьне.

Гэтая падзея была адпаведным чынам асьветленая ў нацыянальных СМІ. Сам характар зьместу паведамленьняў быў ужо іншым: усе разумелі, што іх галоўны фігурант меней чым за два тыдні будзе выбраны на пасаду прэзыдэнта краіны. Прыцягваюць увагу драбніцы ў асьвятленьні гэтай падзеі: загад не дапусьціць Лукашэнку ў яго кабінэт быццам аддаў міністар унутраных справаў генэрал-маёр Уладзімер Данько; кіраваў дзеяньнямі міліцыянтаў афіцэр у ранзе палкоўніка; кандыдату ў прэзыдэнты Лукашэнку былі нанесены цялесныя пашкоджаньні (на фатаздымках на адзеньні Лукашэнкі былі бачныя крывавыя плямы).

Лукашэнка атрымаў магчымасьць, выкарыстоўваючы вялікую колькасьць СМІ, апавесьці на ўсю краіну пра прычыны здарэньня: карупцыянэры зь ліку кіраўнікоў праваахоўных структураў імкнуцца не дапусьціць яго прыходу да ўлады, таму што ведаюць, што будуць немінуча пакараныя за свае злачынствы перад народам.

Лёзьненскі «замах» і напад міліцыянтаў на Лукашэнку ў Доме ўраду адназначна сьведчаць аб тым, што ў праекце «прэзыдэнт Лукашэнка» прымалі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва КДБ, МУС і Генэральнай пракуратуры альбо былі цесна зьвязаны з ініцыятарамі гэтага праекту[10].

Здарэньне ў Доме ўраду адбылося, калі ўзыходжаньню Лукашэнкі да прэзыдэнцкага крэсла ніхто ўжо не замінаў: Кебіч, ашаломлены гэткай буйной і нечаканай паразай, відавочнай здрадай найбліжэйшага атачэньня, адмовіўся ад барацьбы. 8 ліпеня адбыўся другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Нечаканасьцяў не адбылося.12 ліпеня 1994 году ўрад Кебіча склаў зь сябе паўнамоцтвы.

Урад, сфармаваны Лукашэнкам, які існаваў на працягу 1994–1995 гадоў, атрымаў з боку апанэнтаў рэжыму вызначэньне: «урад «маладых ваўкоў». Але гэта вызначэньне ў дастатковай ступені памылковае, бо не бярэцца пад увагу некалькі вельмі паказальных прызначэньняў: віцэ-прэм’ерамі новага ўраду сталі Міхаіл Мясьніковіч і Сяргей Лінг. На працягу другой паловы 1994–1995 гадоў урад моцна зьмяніўся. Адзначым асноўныя, знакавыя кадравыя зьмены. У студзені 1994 году падаў у адстаўку з пасады віцэ-прэм’ера Віктар Ганчар, які неўзабаве стане дэмакратычным палітыкам. А ў красавіку 1995 году на пасаду кіраўніка ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта быў прызначаны адыёзны палітработнік Уладзімер Замяталін.

Прыход Уладзімера Замяталіна адзначыў пачатак наступных зьменаў. Галоўны ідэоляг ураду Кебіча ўва ўрадзе Лукашэнкі атрымаў большую прастору для дзеяньняў. На месца прафэсійных мэнэджэраў ува ўладу хваля за хваляй сталі прыходзіць людзі, зьвязаныя з камуністычнай намэнклятурай.

Першыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі падобныя да добра пастаўленага спэктаклю. Тут было ўсё: барацьба дабра і зла, галоўны герой, інтрыга і, у рэшце рэшт, шчасьлівы канец — перамога дабра, увасобленага ў галоўным герою.

1. Намэнклятура надоўга запомніла мітынг рабочых Менску ў красавіку 1991 году, калі больш за 100 тысяч рабочых выйшлі на плошчу перад Домам ураду.

2. Адзін зь лідэраў БНФ Сяргей Антончык уваходзіў у склад кіраўніцтва рэспубліканскага страйкавага камітэту.

3. Толькі ў гэтай частцы Кебіч, які яшчэ з савецкіх часоў меў добрыя асабістыя адносіны з расійскім прэм’ер-міністрам Віктарам Чарнамырдзіным і яго атачэньнем, апраўдваў надзеі беларускай палітычнай эліты. Новы лідэр павінен быў працягнуць гэтую традыцыю.

4. Камісія складалася з 10 чалавек

5. М. Мясьніковіч займаў пасаду першага намесьніка Старшыні Савету міністраў Кебіча, С.Лінг быў яго намесьнікам.

6. М. Мясьніковіч — былы сакратар Менскага гаркаму КПБ, член ЦК КПБ, С. Лінг — былы сакратар ЦК КПБ.

7. У ходзе кампаніі супраць С. Шушкевіча Кебіч неаднаразова выкарыстоўваў паслухмяную сабе бальшыню дэпутатаў парлямэнту. Яшчэ задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў каманда Кебіча паклапацілася аб стварэньні нэгатыўнага іміджу Шушкевіча. Вакол асобы Шушкевіча быў арганізаваны скандал, які скончыўся 27 студзеня яго адхіленьнем з пасады Старшыні Вярхоўнага Савету. За гэтую пастанову прагаласавала 209 з 345 дэпутатаў парлямэнту.

8. У адрозьненьне ад Шушкевіча, які ў часе перадвыбарнай кампаніі выкарыстоўваў для паездак старыя «жыгулі», і ад Пазьняка, які ўвогуле ня меў сталага транспартнага сродку, Лукашэнка меў у распараджэньні два новыя «мэрсэдэсы», набытыя старшынём парлямэнцкай камісіі па праблемах ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы Іванам Ціцянковым (які неўзабаве атрымае пасаду кіраўніка ўпраўленьня справаў прэзыдэнта) за бюджэтныя грошы. Выбарчая кампанія Лукашэнкі фінансавалася ня толькі празь Ціцянкова. Значныя сродкі траплялі ў яго выбарчы штаб у выніку фінансавых махінацый зь бюджэтнымі грашыма старшыні парлямэнцкай камісіі па аграрных пытаньнях Уладзімера Гаркуна і зьвязаных зь ім асобаў. У ліпені 1994 году У. Гаркун будзе прызначаны Лукашэнкам віцэ-прэм’ерам па пытаньнях сельскай гаспадаркі.

9. Сярод іх былі дэпутаты ВС Леанід Сініцын (празь месяц — кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Віктар Кучынскі (уваходзіў у склад часовай камісіі па барацьбе з карупцыяй, у хуткім часе стане апаратчыкам найвышэйшага ўзроўню) і Іван Ціцянкоў.

10. Аб гэтым таксама сьведчыць і характар фінансаваньня выбарчай кампаніі Лукашэнкі. Выкарыстоўваньне бюджэтных сродкаў на гэтыя мэты было магчыма толькі з маўклівай згоды кіраўніцтва праваахоўных органаў.