Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 3 Прэзыдэнцкія выбары 2001 году - Вонкавапалітычныя фактары прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі

Міжнародная супольнасьць выступала на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 г. арбітрам, ад якога залежала прызнаньне альбо непрызнаньне іх вынікаў. Галоўнымі ўдзельнікамі выбараў ад замежнай грамадзкасьці для Беларусі былі наглядальнікі ад заходніх міжнародных арганізацыяў (АБСЭ, Эўразьвяз і ПАСЭ) ды краінаў СНД. Усяго на выбарах прысутнічала больш за 700, а па зьвестках Міністэрства замежных справаў Беларусі — каля 800 замежных наглядальнікаў і прыкладна столькі ж журналістаў. Палова наглядальнікаў працавала пад эгідай Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Другую палову склалі наглядальнікі ад СНД ды іншых краін, якіх запрасілі беларускія ўлады.

Пасьля выбараў меркаваньні назіральнікаў падзяліліся. Наглядальнікі ад СНД прызналі беларускія выбары дэмакратычнымі, іх калегі з Захаду — не.

ЗАХАД І ВЫБАРЫ ПРЭЗЫДЭНТА Ў БЕЛАРУСІ

Пагаршэньне адносінаў Беларусі з краінамі Захаду, запачаткаванае пасьля 1996 г., доўжылася да самых выбараў 2001 г. Ні на рэфэрэндум 1996 г., ні на парлямэнцкія выбары 2000 г. міжнародныя групы наглядальнікаў не дасылаліся. За выняткам прэзыдэнта Віетнаму і лідэраў краін СНД падчас кіраваньня прэзыдэнта Лукашэнкі Беларусь не наведаў з афіцыйным візытам ніводзін кіраўнік дзяржавы.

Заходнія місіі ў Беларусі прадстаўлены амбасадамі, прадстаўніцтвам праграмы TACIS, Кансультацыйна-назіральнай групай АБСЭ ды інш. Беларускі рэжым традыцыйна ўспрымае іх як фактар нестабільнасьці ўнутры краіны. У сакавіку 2001 г. была прынятая пастанова Савету міністраў № 325, якая ўскладніла парадак адкрыцьця і дзейнасьці ў Беларусі прадстаўніцтваў замежных фірмаў і арганізацыяў. Прадстаўнікі краінаў Захаду пэрыядычна абвінавачваліся ўва ўмяшаньні ўва ўнутраныя справы Беларусі. Так, напрыклад, 31 ліпеня на нарадзе выканаўчай улады А. Лукашэнка заявіў, што ўсю дзейнасьць апазыцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта каардынуе глава КНГ АБСЭ ў Беларусі Г.-Г. Вік, які да таго ж «начальнік штабу ўсёй беларускай апазыцыі».

Толькі пасьля перамогі на выбарах А. Лукашэнкі беларускі рэжым стаў намагацца нармалізаваць стасункі з Захадам. Адсутнасьць віншаваньняў у адрас А. Лукашэнкі з боку кіраўнікоў заходніх дзяржаваў міністар замежных справаў М. Хвастоў патлумачыў тым, што дзеля асэнсаваньня Захадам вынікаў выбараў і прыняцьця рашэньняў аб далейшым супрацоўніцтве зь Беларусяй патрэбны час. Сам А. Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі з нагоды пераабраньня паабяцаў за год-паўтара зьдзейсьніць прарыў у дачыненьнях з Захадам.

ПАЎНОЧНААТЛЯНТЫЧНАЯ АСАМБЛЕЯ

10 сакавіка 1992 г. Беларусь уступіла ў Раду Паўночнаатлянтычнага супрацоўніцтва НАТО — кансультацыйны форум, створаны альянсам дзеля пашырэньня дыялёгу і супрацоўніцтва з былымі праціўнікамі НАТО — краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У студзені 1995 г. Беларусь далучылася да Праграмы НАТО «Партнэрства дзеля міру». У сакавіку 1997 г. НАТО замарозіла адносіны зь Беларусяй з прычыны канстытуцыйнага перавароту лістапада 1996 году. Беларусь удзельнічае ў сустрэчах Рады эўраатлянтычнага партнэрства, але варожае стаўленьне беларускага прэзыдэнта да гэтае арганізацыі і ягоная арыентацыя на цесны вайсковы хаўрус з Расіяй замінае ўзаемнаму даверу.

АРГАНІЗАЦЫЯ ПА БЯСЬПЕЦЫ І СУПРАЦОЎНІЦТВЕ Ў ЭЎРОПЕ

30 студзеня 1992 г. Беларусь стала паўнапраўным чальцом Нарады па бяспецы й супрацоўніцтве ў Эўропе (НБСЭ, цяпер Арганізацыі па бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе, ці АБСЭ). Сяброўства ў АБСЭ вымагае выкананьня пэўных стандартаў, датычных унутранай палітыкі, у тым ліку правядзеньня ўсеагульных, роўных, справядлівых, тайных, свабодных, адкрытых ды адказных выбараў, як гэта абмоўлена пастановай Другой Капэнгагенскай нарады Канфэрэнцыі па чалавечым вымеры АБСЭ, праведзенай у 1990 г. Пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996 г. кантакты Беларусі з гэтай арганізацыяй не спыніліся, але дзейнасьць у Менску КНГ АБСЭ і шэраг выпрацаваных ёй дакумэнтаў аб унутрыпалітычным становішчы ў Беларусі сталі прычынай непаразуменьня паміж АБСЭ і афіцыйным беларускім кіраўніцтвам. 22 лютага 2001 г., калі скончыўся тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, Беларусь страціла прадстаўніцтва ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. На сэсіі ПА АБСЭ 6–10 ліпеня прысутнічалі дзьве дэлегацыі — ад Нацыянальнага сходу і ад ВС 13 скліканьня. Абедзьве дэлегацыі прэтэндавалі на прадстаўніцтва Беларусі ў ПА АБСЭ. Нягледзячы на хадайніцтва дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Расіі аб прызнаньні паўнамоцтваў дэпутатаў Нацыянальнага сходу, мандатная камісія Пастаяннага камітэту ПА АБСЭ не задаволіла заяўкі ніводнай зь беларускіх дэлегацыяў.

Беларусь стала першай краінай-чальцом АБСЭ, якая не накіравала запрашэньне наглядальнікам ад Бюро па дэмакратыі і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ. Пачатак работы БДІПЧ АБСЭ ў Беларусі быў заплянаваны на 1 жніўня, аб чым неаднаразова заяўлялася з 9 ліпеня. Тым ня менш, затрымкі з запрашэньнем і адмова ў выдачы візаў двум прадстаўнікам групы наглядальнікаў сарвалі доўгатэрміновае назіраньне БДІПЧ АБСЭ. У выніку зрыву доўгатэрміновага назіраньня БДІПЧ АБСЭ прадстаўнікі гэтае арганізацыі працавалі на беларускіх выбарах у складзе «Міжнароднай місіі па абмежаваным назіраньні за выбарамі» (ММАНВ), у якую ўвайшлі прадстаўнікі БДІПЧ АБСЭ й парлямэнцкай «тройкі», сфармаванай Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ, Парлямэнцкай Асамблеяй Савету Эўропы ды Эўрапейскага парлямэнту. БДІПЧ АБСЭ было прадстаўлена 29 асобамі — прадстаўнікамі 20 дзяржаваў, зь якіх 16 прадстаўлялі СНД, Сярэднюю Эўропу ды балканскія краіны. Ацэньваючы вынікі галасаваньня, прадстаўнікі АБСЭ адзначылі, што назіраньне за выбарамі ў Беларусі мела вымушана абмежаваны характар і суправаджалася шматлікімі парушэньнямі з боку ўлады — ад нагляду за прэсай да ўціску на наглядальнікаў. Як адзначыў Гэрхард Штудман, БДІПЧ прыйшло да высновы, што працэс выбараў «не адпавядаў умовам АБСЭ што да дэмакратычнасьці выбараў». Апазыцыю ў шэрагах наглядальнікаў ад АБСЭ склалі ўкраінскія парлямэнтары, на думку якіх выбары прайшлі дэмакратычна і ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Афіцыйныя ж высновы АБСЭ, паводле словаў старшыні Прагрэсіўнай сацыялістычнай партыі Ўкраіны Н. Вітрэнкі, зьмяшчаюць не прававую, а палітычную ацэнку. Тым ня менш, 10 верасьня кіраўнік групы наглядальнікаў місіі АБСЭ Хрэер Бэйліян заявіў, што выбары прэзыдэнта Беларусі не былі ні дэмакратычнымі, ні свабоднымі, ні сумленнымі. Усе парушэньні, па ягоных словах, былі дапушчаныя ў перадвыбарны пэрыяд. Бэйліян заявіў, што самі выбары прайшлі «добра».

А. Лукашэнка, са свайго боку, імкнуўся зьвязаць праблему прызнаньня выбараў з боку АБСЭ з «падрыўной» дзейнасьцю старшыні КНГ АБСЭ Г.-Г. Віка. 4 верасьня на сустрэчы з выбарцамi А. Лукашэнка паабяцаў да сканчэньня выбараў «выправіць» Г.-Г. Віка зь Беларусі. Гэты намер ён пацьвердзіў у дзень выбараў у размове з кіраўніком місіі ПА АБСЭ Кімам Кільюнэнам. Але на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай свайму пераабраньню на другі тэрмін, А. Лукашэнка заявіў, што, хаця ён і лічыць, што «кансультацыйна-назіральнай місіі АБСЭ ў Менску больш няма чаго рабіць», высылаць з краіны Г.-Г. Віка ён не зьбіраецца. Сьведчаньнем жаданьня афіцыйнага Менску палепшыць адносіны з АБСЭ стала заява міністра М. Хвастова аб тым, што беларускія ўлады расцэньваюць папярэднія высновы АБСЭ аб выбарах прэзыдэнта як «канструктыўны дакумэнт», які адкрывае магчымасьці для дыялёгу паміж Беларусяй і АБСЭ. На паседжаньні Пастаяннага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Лісабоне 9 кастрычніка Беларусь была прадстаўлена дэлегацыяй Нацыянальнага сходу пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца, а таксама дэлегацыяй Вярхоўнага Савету на чале з Анатолем Лябедзькам. Пастанова аб наданьні Парлямэнцкай асамблеі беларускаму Нацыянальнаму сходу статусу «адмыслова запрошанага» прынятая не была.

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ АМЭРЫКІ

ЗША ёсьць краінай-удзельніцай АБСЭ. Найлепшым часам у адносінах паміж Беларусяй і ЗША быў люты 1993 г., калі Беларусь ратыфікавала дамову аб нераспаўсюджаньні ядравай зброі. Пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996 г. ЗША абралі ў дачыненьні да Беларусі тактыку «выбіральнага» дыялёгу. Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША падкрэсьлена ішлі на кантакт зь беларускімі дэмакратычнымі лідэрамі, незалежнымі СМІ і няўрадавымі арганізацыямі.

Напярэдадні выбараў беларускі рэжым пайшоў на разьдзьмуваньне скандалу, зачэпкай для якога сталі некаторыя выказваньні амэрыканскіх афіцыйных асобаў. 25 жніўня ў звароце да беларускага народу з нагоды дзесяцігодзьдзя незалежнасьці Беларусі дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл заявіў пра неабходнасьць выконваць стандарты, якія Беларусь узяла на сябе як чалец АБСЭ й ААН. Паўэл сказаў, што беларускія ўлады ведаюць, якія канкрэтныя крокі яны павінны зрабіць, каб адпавядаць пагадненьням у рамках АБСЭ і каб вынікі будучых прэзыдэнцкіх выбараў былі прызнаныя сапраўднымі. М. Хвастоў пракамэнтаваў зварот дзяржсакратара ЗША як «грубае й простае ўмяшаньне ўва ўнутраныя справы Беларусі» і «асабісты падыход пасла Козака»1. Другі скандал быў зьвязаны з публікацыяй у брытанскіх газэтах «Times» і «Guardian» выказваньня М. Козака, які параўнаў палітыку ЗША ў Беларусі па падтрымцы дэмакратычных ініцыятываў з падтрымкай «контрас» у Нікарагуа2. Гэта выклікала бурную рэакцыю ў беларускіх дзяржаўных СМІ.

Пазыцыя ЗША наконт вынікаў выбараў цалкам супала з высновамі БДІПЧ АСБЭ аб тым, што выбарчы працэс быў недэмакратычным. Аб гэтым заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчар, а таксама намесьнік прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Рыкер. Паводле словаў Ф. Рыкера, выбары, якія не былі ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі, ня могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

ПАРЛЯМЭНЦКАЯ АСАМБЛЕЯ САВЕТУ ЭЎРОПЫ

У 1992 г. Беларусь атрымала статус «адмыслова запрошанай» у Парлямэнцкай Асамблеі Савету Эўропы. З прычыны канстытуцыйнага перавароту ў студзені 1997 г. гэты статус быў страчаны. Тым ня менш, ПАСЭ працягвала накіроўваць у Беларусь свае дэлегацыі й прымаць дэлегацыі з Беларусі: як ад афіцыйных уладаў, так і ад апазыцыі.

У выніку візыту ў Беларусь, адбытага з 31 ліпеня па 3 жніўня 2001 г., старшыня палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Савету Эўропы Тэры Дэвіс заявіў, што ПАСЭ будзе назіраць за выбарамі толькі ў тым выпадку, калі БДІПЧ АБСЭ зможа своечасова і рэгулярна зьдзяйсьняць як кароткатэрміновае, так і доўгатэрміновае назіраньне. У адваротным выпадку ПАСЭ ня зможа скарыстацца запрашэньнямі на выбары, атрыманымі ад беларускіх афіцыйных асобаў. Прадстаўнік ПАСЭ атрымаў запрашэньне ад М. Хвастова 31 ліпеня разам з абяцаньнем даслаць запрашэньне для БДІПЧ у найбліжэйшы час, але дата не была ўдакладнена. Беларускія ўлады адаслалі афіцыйнае запрашэньне ў БДІПЧ, але толькі 17 жніўня, калі пачынаць праводзіць паўнавартае назіраньне было позна.

Наконт вынікаў выбараў ПАСЭ прытрымліваецца той пазыцыі, якая была сфармулявана Міжнароднай місіяй па абмежаваным назіраньні за выбарамі (ММАНВ), г.зн. не прызнае беларускія выбары дэмакратычнымі. На чарговай сэсіі, што адбывалася ў Страсбургу 24–28 верасьня, пытаньне пра аднаўленьне статусу Беларусі ў ПАСЭ было вырашана пазытыўна, але на аснове стратэгіі «крок за крокам». Як Камітэт міністраў, так і Парлямэнцкая асамблея Савету Эўропы выказалі жаданьне перагледзець палітыку ў дачыненьні Беларусі, калі для гэтага будуць належныя падставы. На сэсіі ў Страсбургу ПАСЭ зрабіла крок насустрач беларускім уладам, па-новаму сфармуляваўшы ўмовы зьмяненьня сваёй палітыкі ў дачыненьні Беларусі. 21 верасьня Камітэт міністраў Савету Эўропы прыняў дакумэнт «Рэкамэндацыі 1441. Сытуацыя ў Беларусі», у якім былі згаданыя 5 пунктаў, выкананьне якіх прывядзе да нармалізацыі адносінаў:

— свабода слова;
— роўныя магчымасьці для правядзеньня выбарчых кампаніяў усімі кандыдатамі;
— перагляд функцыяў і паўнамоцтваў парлямэнту;
— вызваленьне палітвязьняў;
— маратор на сьмяротную кару.

Гэтыя патрабаваньні ёсьць памякчанымі ўмовамі «размарожваньня» статусу «адмыслова запрошанага», сфармуляванымі ПАСЭ для Беларусі 26 студзеня 2000 г.

ЭЎРАЗЬВЯЗ

Па выбарах дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр у інтэрвію беларускай службе Радыё «Свабода» заявіла, што, на ейны погляд, выбары прайшлі спакойна, бязь яўных парушэньняў, пры высокай актыўнасьці выбарцаў. Між тым, паводле словаў кіраўніка вонкавапалітычнай камісіі ЭЗ Хаўера Саляны, пераабраньне А. Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі «выклікае некаторыя пытаньні».

РАСІЯ ЯК ФАКТАР УПЛЫВУ НА ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ

Падчас выбарчай кампаніі дэмакратычныя кандыдаты не атрымалі ніякай падтрымкі з боку Расіі. С. Домаш падчас візыту ў Маскву сустракаўся з Аркадзем Вольскім і Анатолем Чубайсам, але заручыцца іх падтрымкай ня змог. Ніводны з дэмакратычных кандыдатаў ня здолеў спаткацца з расійскім прэзыдэнтам, тым часам як, паводле зьвестак агенцыі «Франс Прэс», на працягу першых 9 месяцаў 2001 году А. Лукашэнка сустракаўся зь ім сем разоў. Апісаныя ў прэсе візыты ў Беларусь расійскіх палітыкаў і прамыслоўцаў, прадстаўнікоў тамтэйшых фінансава-прамысловых груповак засьведчылі, што ўсе яны мелі інтарэс толькі да існага рэжыму. Што да расійскага грамадзтва, то, паводле вынікаў апытаньня, праведзенага расійскім Фондам «Грамадзкая думка» ў пачатку верасьня 2001 г., толькі 30% жыхароў Расіі цікавіла, хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Пры гэтым бальшыня расійскага грамадзтва аддае перавагу А. Лукашэнку. На думку 44% апытаных, для Расіі было б лепш, каб прэзыдэнтам Беларусі зноў абралі Лукашэнку, 36% не змаглі адказаць на пытаньне, а 20% меркавалі, што было б лепш, каб перамог іншы кандыдат. Увогуле, расіяне не праяўлялі асаблівага інтарэсу да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Паводле зьвестак Фонду «Грамадзкая думка» ды Ўсерасійскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі, атрыманых у пачатку верасьня 2001 г., значная частка расіян (35–40%) была слаба дасьведчаная ў тым, як адбываецца выбарчая каманія ў Беларусі, і, адпаведна, не магла сказаць нічога пэўнага пра свае сымпатыі.

У. Пуцін павіншаваў А. Лукашэнку зь перамогай на выбарах за гадзіну да таго, як АБСЭ зрабіла свае высновы наконт прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. У сваёй тэлеграме расійскі прэзыдэнт пацьвердзіў жаданьне Расіі прытрымлівацца ранейшага курсу на расійска-беларускую інтэграцыю.

Каб падсаладзіць пілюлю, некаторыя расійскія палітычныя сілы, у тым ліку інсьпіраваныя Крамлём, дэманстратыўна выказвалі сваю падтрымку апазыцыйнаму кандыдату. Напярэдадні выбараў У. Ганчарык атрымаў урадавую тэлеграму ад старшыні палітычнага савету партыі «Саюз правых сілаў» Барыса Нямцова. У асобе У. Ганчарыка Б. Нямцоў павітаў «намаганьні беларускай апазыцыі, скіраваныя на большую дэмакратызацыю беларускага грамадзтва». Пасьля выбараў Б. Нямцоў заявіў, што перамога Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах «не прынясе нічога добрага Беларусі». З асуджэньнем пазыцыі Расіі ў дачыненьні А. Лукашэнкі выступіў першы намесьнік фракцыі «Яблык» у Дзярждуме Расіі Сяргей Іваненка. На яго думку, беларускі прэзыдэнт ставіць барацьбу за ўладу вышэй за інтарэсы расійска-беларускага саюзу і маўклівая падтрымка Масквой Лукашэнкі «стратэгічна няправільная».

ПАЛІТЫЧНЫЯ ІНТАРЭСЫ РАСІІ Ў БЕЛАРУСІ

Беларусь важная для Расіі перадусім як адзіны геапалітычны хаўрусьнік. На тэрыторыі Беларусі разьмешчаны расійскія вайсковыя аб’екты. Яшчэ ў 1995 г. Расія падпісала зь Беларусяй пагадненьне аб парадку завяршэньня будаўніцтва, выкарыстаньня і ўтрыманьня сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе ў Баранавічах, а таксама аб утрыманьні й выкарыстаньні цэнтру сувязі ВМФ «Вялейка», які ўваходзіць у сыстэму сачэньня за падлодкамі. Тэрмін дзеяньня пагадненьня — 25 год.

Напярэдадні выбараў аб падтрымцы Масквой беларускага рэжыму ўлады ўскосна сьведчыла пастанова ўраду М. Касьянава даць Беларусі крэдыт у памеры 4,5 млрд. RUR для стабілізацыі беларускага рубля. Фармальна крэдыт быў выдадзены пры ўмове ўвядзеньня да 2005 г. расійскага рубля ў якасьці адзінай валюты для Расіі ды Беларусі з адзіным эмісійным цэнтрам у Маскве. 23 ліпеня першы транш у памеры 1,5 млрд. расійскіх рублёў быў пераведзены на рахунак Нацыянальнага банку Беларусі. Другая частка пазыкі (3 млрд. RUR) мае паступіць у распараджэньне Нацыянальнага банку Беларусі да канца 2001 г., калі будзе распрацавана праграма захадаў для ўвядзеньня супольнай грашовай адзінкі.

Пры поўнай палітычнай падтрымцы беларускага рэжыму Крэмль выяўляў прынцыповасьць у пытаньнях эканамічных адносінаў зь Беларусяй. Напярэдадні візыту беларускага прэзыдэнта ў Расію, што праходзіў 20–21 чэрвеня, Дума самастойна зацьвердзіла 24-адсоткавы падатак на прыбытак, праігнараваўшы жаданьне А. Лукашэнкі ўдзельнічаць у прыняцьці гэтага рашэньня. Ня мелі посьпеху перамовы аб бартэры і пастаўках Расіі сельскагаспадарчай тэхнікі, не атрымалася ў беларускага прэзыдэнта таксама пашырыць паўнамоцтвы «Саюзнай дзяржавы». Беларусь мае патрэбу ў павелічэньні паставак прыроднага газу ў наступным годзе, але падчас візыту ў Маскву была дасягнута толькі дамоўленасьць правесьці перамовы на ўзроўні «Газпрам» — «Белтрансгаз» увосені3.

3 жніўня У. Пуцін заявіў, што Расія ня будзе ўмешвацца ўва ўнутраныя справы Беларусі ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі. Гэтае абяцаньне расійскага лідэра было de facto дэзавуяванае заявамі ў падтрымку А. Лукашэнкі такіх расійскіх палітыкаў, якія ў тым ліку маюць паўнамоцтвы выступаць ад імя расійскай дзяржавы, як Павал Барадзін, Генадзь Селязьнёў, Ягор Строеў, Юры Лужкоў, Аман Тулееў, Уладзімер Жырыноўскі, Генадзь Зюганаў і інш.

ЭКАНАМІЧНЫЯ ІНТАРЭСЫ РАСІІ Ў БЕЛАРУСІ

У агульным аб’ёме беларускага імпарту краіны СНД складаюць 71,3%, а Расія — 66,7%4. З студзеня 1995 г. паміж Беларусяй і Расіяй існуе мытны саюз, які дазваляе Беларусі атрымліваць энэрганосьбіты фактычна па ўнутраных расійскіх цэнах. У лютым 1995 г. паміж краінамі падпісана дамова аб дружбе, добрасуседзтве і супрацоўніцтве, а таксама пагадненьне аб адзіным кіраваньні мытнымі службамі і сумеснай ахове межаў. Сёньня беларуска-расійская эканамічная інтэграцыя знаходзіцца ў стане паміж мытным саюзам і супольным рынкам.

Найбольшы інтарэс для расійскага капіталу ўяўляе беларускі нафтахімічны комплекс. Кантроль над ім дазваляе ўскосна кантраляваць усю прамысловасьць краіны. Пашырыць сфэру сваёй дзейнасьці ў Беларусі зьбіраецца нафтавая кампанія «Слаўнафта», якая ўдзельнічала ў фінансаваньні і мадэрнізацыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, дзе перапрацоўваецца ейная вуглевадародная сыравіна. Пры ўдзеле «Слаўнафты» рэалізуецца праект здабычы нафты ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Для гэтага было вырашана стварыць сумеснае расійска-беларускае прадпрыемства «Славянская нафтавая кампанія» (СНК), у якім 26% акцыяў належаць «Белнафтахіму», 24% — «Беларуснафце», а 50% — Ненецкай нафтавай кампаніі. СНК атрымала ліцэнзію на геалягічнае вывучэньне нетраў Лігінскага ўчастку на тэрыторыі Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, і ў красавіку 2002 г. мяркуе разьведаць 450 км2 яго тэрыторыі.

Кампанію «Ітэра», якая канкуруе з «Газпрамам» на беларускім рынку прыроднага газу, цікавяць Менскі аўтамабільны завод (МАЗ), Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ) і Бярозаўская гідраэлектрастанцыя. На Другім Усебеларускім сходзе кіраўнік групы кампаній «Ітэра» І. Макараў заявіў, што «Ітэра» мае найбліжэйшым часам інвэставаць у беларускую эканоміку 200 млн. USD. Для дэманстрацыі сур’ёзнасьці сваіх намераў І. Макараў наведваў завод «Керамін» і канцэрн «Белэнэрга». На прадпрыемстве «Керамін» «Ітэра» зьбіраецца правесьці мадэрнізацыю, а пры дапамозе «Белэнэрга» мяркуе правесьці рэканструкцыю Бярозаўскай ГРЭС.

Па-ранейшаму трывалыя пазыцыі ў Беларусі захоўвае «Газпрам», які распачаў будаўніцтва новага газаправоду «Расія — Кобрынь — Вельке Капушаны (Славаччына)». На працягу трох апошніх год інвэстыцыі «Газпраму» ў газаправод «Ямал — Заходняя Эўропа», які праходзіць празь Беларусь, складалі каля 60% усяго аб’ёму простых інвэстыцыяў у беларускую эканоміку. «Газпрам» зацікаўлены ў акцыянаваньні «Белтрансгазу», які разьлічвае інтэграваць у сваю адзіную трубаправодную сыстэму.

Напярэдадні выбараў Беларусь наведвалі таксама прадстаўнікі расійскай кампаніі «Лукойл». У 1996 г. «Лукойл» й «Юкас» стварылі ў Беларусі сумесныя прадпрыемствы «Любел-Ойл» і «Росбелнафта». Напярэдадні выбараў кіраўнік «Лукойла» Вагіт Алекпераў сустрэўся з А. Лукашэнкам і тагачасным прэм’ер-міністрам У. Ярмошыным і прапанаваў свой інвэстыцыйны праект для беларускага нафтахімічнага комплексу. У прыватнасьці, Алякпераў выказаў жаданьне інвэставаць 100 млн. USD у Наваполацкае ВА «Палімір».

У галіне машынабудаўніцтва плянуецца зрэалізаваць праект стварэньня фінансава-прамысловай групы з удзелам беларускіх МАЗу і БелАЗу ды расійскага капіталу. Пасьля здабыцьця пакету акцыяў «Слаўнафты» ўзамен за перадачу Крамлю кантролю над тэлеканалам ОРТ зацікаўленасьць у рабоце Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу зьявілася ў расійскага алігарха Рамана Абрамовіча.

На прэс-канфэрэнцыі 27 жніўня кіраўнік выбарчай кампаніі У. Ганчарыка В. Лявонаў абнародаваў стэнаграму гутаркі, якая адбылася 19 сакавіка паміж кіраўніком «Сібірскага алюмінію» Алегам Дзерыпаскам, дырэктарам МАЗу Валянцінам Гурыновічам, губэрнатарам Яраслаўскай вобласьці Анатолем Лісіцыным і беларускім віцэ-прэм’ерам Леанідам Козікам, на якой абмяркоўвалася перадача «Сібалу» А. Дзерыпаскі кантролю над МАЗам. «Сібал» вядзе перамовы аб уключэньні МАЗу ў аўтапрамысловы холдынг разам з «УралАЗам» і Яраслаўскім маторным заводам. 12 верасьня ў Мінску з А. Лукашэнкам сустракаўся яраслаўскі губэрнатар Анатоль Лісіцын. Разам з прадстаўнічай дэлегацыяй Яраслаўскай вобласьці ў Беларусь прыбыў і кіраўнік «Сібірскага алюмінію» А. Дзерыпаска. Размова ішла пра ўваход Менскага аўтазавода ў склад холдынгу «РусПрамАўта», у тым ліку пра магчымасьць набыцьця «Сібалам» пакету акцыяў Менскага аўтазаводу.

САДРУЖНАСЬЦЬ НЕЗАЛЕЖНЫХ ДЗЯРЖАВАЎ

Як палітычнае ўтварэньне СНД ня грае значнай ролі ў беларускай унутранай палітыцы. Гэта збольшага зьвязана са спэцыфікай сувязяў паміж краінамі Садружнасьці, дзе шматбаковыя пагадненьні маюць толькі рамкавы характар, а рэальнае супрацоўніцтва адбываецца на аснове двухбаковых дамоўленасьцяў. На прэзыдэнцкія выбары А. Лукашэнка запрасіў да назіраньня прадстаўнікоў усіх краін СНД. Місія назіральнікаў ад СНД у Беларусі налічвала 20 чалавек. Усе яны прызналі вынікі выбараў.

РОЛЯ МІЖНАРОДНАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ Ў НАЗІРАНЬНІ ЗА ВЫБАРАМІ

Міжнароднае назіраньне за выбарамі зьдзяйсьнялі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ й Асацыяцыя арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы (ААВКЦУЭ). Місія БДІПЧ АБСЭ складалася з 10 чалавек ад місіі Эўрапарлямэнту, 57 чалавек ад місіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і 12 чалавек уласна ад БДІПЧ. На двухбаковай аснове было запрошана 259 наглядальнікаў з 34 краін і 6 міжнародных арганізацыяў, у тым ліку 114 парлямэнтароў, якія прадстаўлялі больш за 20 краін і 5 міжнародных арганізацыяў. Калі БДІПЧ АБСЭ не прызнала прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі адпаведнымі сваім патрабаваньням, то папярэднія высновы ААВКЦУЭ былі менш катэгарычнымі.

18 ліпеня ААВКЦУЭ пачала ўласнае назіраньне, якое ўключала назіраньне за вылучэньнем ініцыятыўных групаў, зборам подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзыдэнты, рэгістрацыяй, перадвыбарнай агітацыяй у СМІ, галасаваньнем і падвядзеньнем вынікаў. На апошнім этапе ў склад ААВКЦУЭ ўвайшлі 64 асобы з 10 краінаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, а таксама ЗША. У папярэдняй справаздачы, падрыхтаванай 10 верасьня, місія ААВКЦУЭ адзначыла «дэфіцыт плюралізму й празрыстасьці» прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама тое, што «ў шэрагу выпадкаў не былі рэалізаваныя дэмакратычныя ўмовы арганізацыі выбарчага працэсу». Пры гэтым яна прыняла папярэднія вынікі выбараў, абвешчаныя беларускім Цэнтравыбаркамам. Памяркоўнасьць ААВКЦУЭ ў ацэнцы беларускіх выбараў можна патлумачыць мяккасьцю патрабаваньняў гэтай арганізацыі ў дачыненьні дэмакратычнасьці выбараў у параўнаньні з АБСЭ, а таксама тым, што ключавую ролю ў ейнай дзейнасьці гралі выбарчыя камісіі Расіі ды Ўкраіны.

1 Гл. Стенограмма пресс-конференции заместителя премьер-министра — министра иностранных дел Республики Беларусь М.М. Хвостова для представителей белорусских и иностранных СМИ 6 сентября 2001 года [Электронная вэрсія]. Дакумэнт дасяжны па адрасе: http://www.mfa.gov.by/cgi-bin/mfa8.pl?year=2001&month=09&file=07_09_2001_(1).

2 Гл. Langado A. US adopts «Contras policy» in communist Belarus // The Times. September 03 2001. (http://www.thetimes.co.uk/article/0,,3-2001303768,00.html).

3 Гриб Н. А. Лукашенко: «Что я имел, то и введу» // Белорусская газета. 25.06.2001, № (291). — С. 8.

4 Гл. Внешнеторговый оборот Беларусі в январе-июле с.г. [электронная вэрсія]. Дакумэнт дасяжны па адрасе: http://www.mfa.gov.by/cgibin/mfa8.pl?year=2001&month=09&file=10_09_2001_(1)