Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 3 Прэзыдэнцкія выбары 2001 году - Выбарчая кампанія Аляксандра Лукашэнкі

Выбарчая праграма А. Лукашэнкі зьмяшчала ў сабе ня толькі набор палітычных лёзунгаў, але і комплекс эканамічных акцый. Найважнейшай зь іх было давядзеньне сярэдняй зарплаты беларуса да 100$ у месяц. Апанэнты беларускага рэжыму паставіліся да гэтага абяцаньня скептычна. Выказвалася думка, што шматлікія крызысныя зьявы і тэндэнцыі (гл. Табліцу 1) у беларускай камандна-адміністрацыйнай эканоміцы не дадуць спраўдзіць гэтае абяцаньне.

І сапраўды, у беларускай эканоміцы на пачатку 2001 году назіраліся такія небясьпечныя сымтомы, як зьмяншэньне капітальных укладаньняў, істотнае запаволеньне жытловага будаўніцтва, павелічэньне колькасьці беспрацоўных, якое сьведчыла аб спадзе дзелавой актыўнасьці, усплёск інфляцыі і беспрэцэдэнтнае падзеньне беларускага імпарту.

Апрача гэтага, у першым квартале 2001 году па афіцыйных зьвестках прырост унутранага валавога прадукту (УВП) склаў 1%, а па ацэнках шэрагу незалежных экспэртаў — зьнізіўся на 3%. За студзень-люты УВП павялічыўся на 0,6% (летась за той самы пэрыяд — на 7%; пры гэтым, паводле афіцыйных рэляцый, летась адбыўся прырост аб’ёму УВП на 6% і рост УВП на 3%), рост прамысловай вытворчасьці склаў усяго 1,8%. Вытворчасьць спажывецкіх тавараў зьменшылася на 2,5%, у тым ліку прадуктаў харчаваньня — на 5,3%.

Адпаведна, у пэрыяд са студзеня да красавіка 2001 году рост цэнаў у Беларусі склаў 16,8%. Адбылося зьмяншэньне памеру статутных фондаў банкаў на 6,4%. Унутраная дзяржаўная пазыка толькі за першы квартал павялічылася на 17,2% (прыкладна на 365 млн. даляраў), без уліку крэдытаў пад гарантыі ўраду.

Нягледзячы на ўсе афіцыйныя дэклярацыі, што Беларусі ўдалося выйсьці на ўзровень «дакрызыснага» 1990 году, у 2001 годзе вытворчасьць прамысловых тавараў склала адно 88% ад узроўню 1990 г., а ў 2000 г. беларуская прамысловасьць упершыню ня выканала пляну па выпуску спажывецкіх тавараў. Толькі за 2000 год імпарт тавараў лёгкай прамысловасьці вырас на 16,7%, аб’ём экспартаваных у краіну прадуктаў харчаваньня ўзрос на 34%, больш за 70% харчаваньня і сыравіны цяпер на беларускім рынку — імпартныя.

Лявінападобна расла колькасьць стратных прадпрыемстваў. У лёгкай прамысловасьці доля стратных прадпрыемстваў дасягала 33% (усе дадзеныя за 2000 г.), у харчовай — 15%, у цэлым па прамысловасьці — 21%. Больш за палавіну з 2543 беларускіх калгасаў і саўгасаў стратныя, штомесяц на датацыі для аграпрамысловага комплексу выдаткоўваецца каля 20 млрд.BLR.

На фоне падзеньня асноўных эканамічных паказьнікаў дэфіцыт у гандлі з Расіяй дасяг рэкорднай адзнакі — 1 млрд. 700 млн. даляраў ЗША.

Лукашэнка даў абяцаньне давесьці сярэднюю заработную плату да 100$ яшчэ пры канцы 2000 году. І ўжо тады гучалі галасы экпэртаў, што для гэтага давядзецца штомесяц дадаткова прыцягваць у бюджэт 200 млн. даляраў ЗША. Цікава, што і сам Лукашэнка, і афіцыйная прапаганда падае давядзеньне сярэдняй заработнай платы да 100$ як беспрэцэдэнтную для незалежнай Беларусі акцыю. Але, як паказвае графік, гэта ня што іншае, як вяртаньне да стану 1997 году.

У цэлым беларускім уладам удалося выканаць гэтае асноўнае эканамічнае перадвыбарнае абяцаньне[1]. У жніўні 2001 году, паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдняя заработная плата ў Менску склала 120$, а ў цэлым па краіне каля 95$. На фоне іншых ўсходнеэўрапейскіх грамадзтваў з высокай доляй праваслаўнага насельніцтва гэты вынік выглядае досыць няблага. Сярэдні румын атрымлівае ў месяц 75$, сярэдні ўкраінец — 60$. У Расіі заробак настаўніка з вышэйшай адукацыяй і стажам працы 20 гадоў і больш увесну 2001 году складаў 875 расійскіх рублёў (прыкладна 30$), а заробак настаўніка-пачаткоўца — 500 расійскіх рублёў (каля 15$). І гэта пры тым, што сярэдняя зарплата прамысловага работніка сягала 3800 расійскіх рублёў (блізка 130$).

Але ня столькі эканамічныя дасягненьні забясьпечылі Лукашэнку пераабраньне на другі тэрмін, колькі прадуманая да дробязяў стратэгіі выбарчай барацьбы. Пры гэтым асноўную ролю ў распрацоўцы лукашэнкаўскай выбарчай кампаніі адыгрывала Рада бясьпекі і яе кіраўніцтва.

Тактычна лукашэнкаўцы зрабілі ўсё, каб дэзарыентаваць апазыцыйныя ім сілы ў рэальных палітычных канстэляцыях, ня даць ім перахапіць палітычную ініцыятыву і тым самым дасягчы сваёй стратэгічнай мэты — перамогі Лукашэнкі зь ня меншым узроўнем народнай падтрымкі, чымся падчас агульнанацыянальных рэфэрэндумаў 1995 і 1996 гг.

Пералічым асноўныя стратэгіі вядзеньня перадвыбарнай барацьбы лукашэнкаўцамі:

1. Атамізацыя і перакупліваньне незалежніцкага/пратэстнага электарату. Стварэньне псэўдаапазыцыйных сілаў з мэтай надзейна кантраляваць незалежніцкі/пратэстны электарат. Раскол і маргіналізацыя дэмакратычных сілаў, іх дыскрэдытацыя ў вачах грамадзтва пры дапамозе псэўдаапазыцыйных утварэньняў накшталт ЛДП[2]. 2. Дасягненьне нэўтральнасьці або пасіўнай падтрымкі старых і новых эканамічных элітаў, якія валодаюць вялікімі матэрыяльнымі рэсурсамі. 3. Інфармацыйнае завышэньне самадэструкцыйнага патэнцыялу беларускага рэжыму, навязваньне найвышэйшаму беларускаму кіраўніцтву заніжанага інтэлектуальнага іміджу ў недзяржаўных СМІ, з аднаго боку, і адначасна шырокамаштабная прапаганда эканамічных, сацыяльных, вайсковых і інш. дасягненьняў у дзяржаўных СМІ, з другога боку. Навязваньне Лукашэнку іміджу «лідэра, які кансалідуе ўсю нацыю», у расійскіх электронных СМІ.

Кампанія лукашэнкаўцаў па перацягваньні на свой бок «нявызначанага электарату» пачалася з заявы аб удзеле ў выбарчай кампаніі Наталі Машэравай, кандыдаткі-фантому, цалкам ляяльнай Лукашэнку. Дзякуючы незабыўнаму для масавай сьвядомасьці вобразу свайго бацькі (былога першага сакратара ЦК КПБ, які слынуў як «добры гаспадарнік») Машэрава была здольная выклікаць моцную эмацыйную прыхільнасьць беларусаў. Падчас парлямэнцкіх выбараў 2000 году ў ніжнюю палату беларускага парлямэнту Машэрава давяла сваю поўную ляяльнасьць і падкантрольнасьць сваім патронам. Яна балятавалася ў той самай выбарчай акрузе, дзе за дэпутацкі мандат змагаліся экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір і экс-начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Фядута. У першым туры Машэрава набрала амаль 49% галасоў выбарцаў, фактычна забясьпечыўшы сабе перамогу (Чыгір тады ўзяў 23%, Фядута — менш за 10% ), у другім, пасьля таго, як Чыгір зьняў сваю кандыдатуру, — 85%. Ня выключана, што ўжо тады лукашэнкаўскія паліттэхнолягі апрабоўвалі сцэнары для прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, вывучаючы «запас трываласьці» кандыдатаў ад партыі ўлады. Пры гэтым акруга, дзе балятавалася Машэрава, была настроена досыць дэмакратычна — у 1990 г. ад яе (праўда, тады акругі былі меншыя памерам) прайшоў у ВС 12 скліканьня прадстаўнік БНФ Пётра Садоўскі, а ў менскі гарсавет — сябар сойму БНФ Міраслаў Кобаса (праз 5 гадоў у тым самым раёне на выбарах у ВС 13 скліканьня ён выйшаў у другі тур са старшынёй Беларускай партыі жанчын «Надзея» Валянцінай Палевіковай, але выбары былі прызнаныя «неадбытымі»). У 1989 г. народным дэпутатам СССР ад яе быў абраны Станіслаў Шушкевіч.

Да «раскручваньня» Наталі Машэравай пасьля яе заявы пра прэзыдэнцкія амбіцыі адразу падключыўся былы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду і экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Сініцын, які правакацыйна заяўляў, што, «калі на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах сваю кандыдатуру вылучыць Н. Машэрава, шанцаў нават у Лукашэнкі будзе мала». Але асабліва энэргічна на прамоцыю Машэравай працавалі расійскія СМІ. Тэлеканал НТВ, газэта «Известия» (вельмі характэрны падкрэсьлена агрэсіўны падзагаловак тагачаснага інтэрвію «Известиям» — «Наталя Машэрава: мой натуральны стан — стан барацьбы») разгарнулі рэкляму яе постаці яшчэ падчас парлямэнцкіх выбараў 2000 году. Важна, што разьлік тады рабіўся і на мабілізацыю ірацыянальных пластоў масавай сьвядомасьці беларускіх грамядзянаў — напрыклад, умела падаграваўся інтарэс да гісторыі з аўтакатастрофай, у якой загінуў Пётра Машэраў, да ягоных кар’ерных пэрспэктываў у імпэрскім цэнтры і г.д. У выніку выходзіў сюжэт з рысамі дэтэктыву і мыльнай опэры — значыцца, акурат тое, што традыцыйна карыстаецца попытам у беларускім грамадзтве. Гэта пацьвярджае алягічны, пазбаўлены ўсякага сэнсу перадвыбарны лёзунг Машэравай, прыдуманы, магчыма, яе патронам Замяталіным: «Жанчына ніколі не ўступае ў барацьбу, калі не перакананая, што пераможа», а таксама навязьлівае супрацьстаўленьне Машэравай (цікава, што сама Машэрава прытрымліваецца крайне русафільскіх і беларусафобскіх поглядаў. Напрыклад, на пачатку сакавіка 2001 году яна ўвайшла ў аргкамітэт «Славянскага зьезду Расійскай Фэдэрацыі, Беларусі і Ўкраіны» разам з такімі афіцыёзнымі дзеячамі, як кажуць у Расіі, «народна-патрыятычнай» арыентацыі, як расійскі скульптар Вячаслаў Клыкаў і былы лідэр шавіністычнай групоўкі «Память» Ігар Шафарэвіч. Яшчэ раней яна была абраная «старшынёй Цэнтральнай Рады Саюзнай грамадзкай палаты» — напаўкамуністычнай грамадзкай арганізацыі пры парлямэнцкім сходзе Расіі і Беларусі) і Лукашэнкі, культываванае расійскімі мэдыямі. Адразу пасьля заявы Машэравай пра яе «прэзыдэнцкія» амбіцыі расійскія мэдыі проста «прарвала». Пачалася сапраўдная, прафэсійна сплянаваная кампанія інфармацыйнай падтрымкі кандыдатуры Машэравай. Возьмем досыць вузкі сэгмэнт расійскай інфармацыйнай прасторы — расійскія Інтэрнэт-выданьні. Адной зь першых прамоцыю Машэравай пачала расійская праўрадавая gazetasng.ru. Яе аналітык Арнольд Ступін заявіў: «У А. Лукашэнкі на выбарах зьявіцца супернік. У дзень выступу Лукашэнкі ў Горадні, дзе ён казаў, што «мы прошляпили свою страну», маючы на ўвазе СССР, раптам выявілася, што Лукашэнка можа і сам «прошляпить» Беларусь: Наталя Машэрава са словамі «Жанчына ніколі не ўступае ў барацьбу, калі не перакананая, што пераможа», — заявіла аб сваім цьвёрдым намеры балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі. Неабходна адзначыць, што Наталя Машэрава можа за кароткі час стаць досыць харызматычнай постацьцю ў Беларусі». Але яшчэ за дзень да заявы Машэравай пра вылучэньне расійскі аналітычны сэрвэр polit.ru зьмясьціў аб’ёмістую публікацыю пад назвай «Наталя Машэрава пацьвердзіла свой намер супернічаць з Лукашэнкам на прэзыдэнцкіх выбарах. Лукашэнка пачынае нэрвавацца» прыкладна з такім самым наборам думак. У той жа дзень рэспэктабэльны маскоўскі kommersant.ru публікуе аналіз «Аляксандар Лукашэнка «прошлепал страну». У Беларусі можа зьявіцца новы прэзыдэнт», які сваёй стылістыкай моцна нагадвае папярэднія тэксты, хаця і зьмяшчае некалькі арыгінальных заўвагаў: «Сваю выбарную кампанію Наталя Машэрава зноў наважылася весьці як кандыдат ад партыі ўлады. Цяпер яе галоўнае апірышча — намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Беларусі Ўладзімер Замяталін, шэры кардынал, які захоўвае сваю пасаду на працягу ўсяго кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі». Завяршае «інфармацыйную карціну» публікацыя Сьвятланы Несьцеравай на старонках найбуйнейшага расійскага Інтэрнэт-выданьня gazeta.ru пад назвай «Прызначаная дата адхіленьня Лукашэнкі ад улады», дзе пяецца той самы хваласьпеў спн. Машэравай: «Машэрава карыстаецца падтрымкай шэрагу буйных функцыянэраў са структураў расійска-беларускага саюзу. Відавочна, што рашэньне Машэравай ламае ўвесь перадвыбарны расклад».

Гульня з Машэравай працягвалася. 15 чэрвеня Радыё Свабода агучыла інфармацыю «даверанай асобы» Наталі Машэравай, былога члена АГП Юр’я Марозава пра тое, што найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі (акурат гэтак, неканкрэтызавана) нечакана прапанавала Наталі Машэравай пасаду віцэ-прэм’ера, куратара сацыяльных праблемаў — пры ўмове, што яна ня будзе ўдзельнічаць у выбарчай гонцы. Але Машэрава, маўляў, адмовілася ад гэткай прапановы.

Увогуле, бальшыня расійскіх мэдыяў падчас выбарчай гонкі займалася напусканьнем «ружовага туману», імітацыяй апазыцыйнасьці да Лукашэнкі, стварэньнем ілюзіі таго, што Масква не задаволена сваім беларускім саюзьнікам. У сытуацыі, калі амаль усе рэсурсы ўлады знаходзіліся ў распараджэньні Лукашэнкі, гэта спрыяла нэўтралізацыі беларускай апазыцыі і тых палітыкаў, зь якімі яна зьвязвала свае надзеі на перамогу ў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах, а самому Лукашэнку стварала максымальна камфортныя ўмовы для ягонага па магчымасьці легітымнага пераабраньня на другі прэзыдэнцкі тэрмін.

Яшчэ пару штрышкоў з палітычнай біяграфіі Наталі Машэравай. 24 траўня 2001 году яна разам зь яшчэ адным вылучэнцам на прэзыдэнта Сяргеем Скрабцом увайшла ў створаную дэпутацкую групу «Адзінства», узначаленую былым намесьнікам генэральнага дырэктара сумеснага беларуска-нямецкага прадпрыемства «Белфарм» Юр’ем Марозавым. У сярэдзіне 90-х яна стварыла «Беларускі саюз імя П. Машэрава «Зьніч», каб паглыбляць беларуска-расійскую інтэграцыю на нефармальным узроўні.

Машэрава, як і Міхаіл Марыніч, ня мела ні перадвыбарнай праграмы, ні яснай праграмы дзеяньняў (у інтэрвію маскоўскай газэце «Коммерсант» 22 чэрвеня Машэрава не змагла нават адказаць на пытаньне пра сваю палітычную канцэпцыю: карэспандэнт пытаецца: «Але ўсё-такі вы будзеце прапаноўваць канцэпцыю, якая адрозьніваецца ад канцэпцыі А. Лукашэнкі?», Машэрава адказвае: «А пра гэтае з вамі пагаворым, калі я буду зарэгістраваная»).

Ад Лукашэнкі яе адрозьнівала перадусім тое, што перадвыбарная кампанія першага была накіравана на шырокія слаі грамадзтва, тым часам як Машэрава ўсяляк спрабавала ўнікнуць прывязкі да канкрэтнай сацыяльнай групы грамадзтва — абы, барані Божа, не перацягнуць на свой бок каго-небудзь з лукашэнкаўскага электарату. Інакш кажучы, Машэрава сьвядома цуралася сацыяльных адрасатаў сваёй актыўнасьці, робячы стаўку на эмацыйную прывабнасьць свайго іміджу «адзінай дачкі загадкава памерлага ўсенароднага кіраўніка» і фактычна разьлічваючы на галасы толькі той меншай паловы беларускага грамадзтва, якая ня вызначылася, за каго галасаваць (каб зрабіць выбар гэтай часткі грамадзтва лягчэйшым, Машэрава нейкі час выкарыстоўвала нават лібэральна-дэмакратычную рыторыку ў духу Сініцына і Марыніча). За Машэравай не стаяла ні палітычная праграма, ні самастойная (г.зн. непралукашэнкаўская) палітычная сіла. Яна была і засталася папулярным таварным знакам на беларускім палітычным рынку, і толькі.

Яшчэ адным кандыдатам, за якім стаяла адно вялікае палітычнае «нішто», кандыдатам-фантомам, вылучэньне якога, паводле пэўных крыніцаў, было інсьпіраванае беларускім рэжымам, быў Міхаіл Марыніч (паказальна, што кіраўніком яго выбарчага штабу паставілі «тэрмінатара» калішняй БСДП (НГ) Леаніду Сечку, які раскалоў партыю і ўтварыў прапрэзыдэнцкую ПНЗ). Як і Машэрава, Марыніч прэзэнтаваў не арыгінальную палітычную праграму, а хутчэй сьветапоглядную опцыю — гэткі празаходне настроены гаспадарнік-лібэрал, неляяльны Лукашэнку, заклапочаны станам з правамі чалавека ў Беларусі. Імідж Марыніча-заходніка ўмацоўваўся дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ яшчэ ў першай палове гэтага году. У інтэрвію «Советской Белоруссии» (1 сакавіка 2001 г.) Марыніч палка заклікаў «выпрацаваць адзіную пазыцыю па прасоўваньні палітыкі нашай дзяржавы ў структуры эўрапейскага рэгіёну і міжнароднай супольнасьці». 28 лютага ў «БДГ» Марыніч выявіўся прынцыповым прыхільнікам уступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА): «Тое, што 2000 г. аказаўся практычна згубленым для навязваньня сувязяў з СГА, агромністы мінус. І чым раней мы вырашым гэтую праблему, тым выгадней будзе для агульнага аднаўленьня тавараабарачэньня». Марыніч рэпрэзэнтаваў сябе як вялікага эканамічнага патрыёта Беларусі. Невыпадкова на пачатку 2000 г. ён прапаноўваў Лукашэнку набыць у беларускую ўласнасьць пару латвійскіх партоў.

Каб зразумець ролю Марыніча ў перадвыбарным раскладзе сілаў, важна ўлічваць і тую акалічнасьць, што яго люта ненавідзяць тутэйшыя «праваслаўныя русафілы». У нашумелай антысэміцкай кнізе «Вайна па законах подласьці», выдадзенай у Менску коламі, блізкімі да Ўладзімера Замяталіна, Марыніч разам з Паўлам Шараметам, Ігарам Кузьняцовым, Аляксандрам Патупам названы ворагам беларускага народу.

Пры гэтым імідж Марыніча надзіва супадаў з іміджам аднаго з цэнтральных кандыдатаў ад дэмакратычнай «пяцёркі» Сямёна Домаша. І ў першым, і ў другім выпадку перад намі выдатныя гаспадарнікі, палітыкі, у цэнтры ўвагі якіх перадусім эканамічны росквіт Беларусі. І Домаш, і Марыніч згаджаюцца з тым, што рэжым Лукашэнкі прыводзіць Беларусь да эканамічнага краху. Абодва яны выступаюць за палітычную і эканамічную лібэралізацыю Беларусі, за прававую дзяржаву, абодва носяць акуляры.

Вылучэньне чужога інтарэсам Масквы Марыніча сьведчыла пра тое, што стратэгічныя аспэкты пляну выбарчай кампаніі Лукашэнкі былі распрацаваныя ў Менску, а не ў Маскве. Масква толькі чуйна адгукалася на ідэі лукашэнкаўскай адміністрацыі і аказвала ім інфармацыйную падтрымку. Калі гэтая тэза слушная, то ў беларускай выбарчай кампаніі Крамлю належала другасная роля, ён не валодаў палітычнай ініцыятывай.

Пры дапамозе сваіх «падстаўных» кандыдатаў (Машэравай, Сініцына, Марыніча і драбнейшых), вылучаных і зацьверджаных, паводле пэўнай інфармацыі, Радай бясьпекі, лукашэнкаўцы «асвойвалі» «нявызначаны», патэнцыйна антылукашэнкаўскі электарат (у красавіку 2001 г., паводле зьвестак НІСЭПД, амаль 37% беларускіх выбарцаў сьцьвердзілі, што ня будуць галасаваць за Лукашэнку). Лукашэнкаўскія паліттэхнолягі рабілі ўсё для таго, каб усе гэтыя людзі не прагаласавалі за рэальна апазыцыйнага палітыка. З гэтай мэтай яны стваралі муляж апазыцыйнасьці накшталт Машэравай, выдатна пры гэтым разумеючы: тых, хто вагаецца, можна і трэба перакупіць пры дапамозе яркіх, але цалкам марыянэткавых постацяў.

Пэрсона Леаніда Сініцына вымагае асобнага абмеркаваньня. Лукашэнкаўскія паліттэхнолягі, відавочна, рэзэрвавалі яму месца неўраўнаважанага лібэрала, дадаткова адказнага за сувязі зь бізнэсам. Сёлетнія акцыі гэтага дзеяча былі прадуманыя і адрасныя. Чаго вартая сініцынская заява, што на працягу трох тыдняў яго групе ўдалося сабраць больш за 160 тысяч подпісаў за ініцыятыву «пяць з плюсам» (сэнс якой палягаў у наданьні легітымнасьці ў ваччу міжнароднай супольнасьці марыянэткавым органам дзяржаўнага кіраваньня Беларусі). Або скандальны сініцынскі ліст пра распродаж дзяржаўнай уласнасьці напярэдадні выбараў (хаця адрасная група — эканамічная эліта — выдатна зразумела сэнс гэтага пасланьня). Самым «смажаным» фактам з гэтага ліста было тое, што афіцыйны Менск за падтрымку падчас рэфэрэндуму 1996 г. расплаціўся з «арлоўскай групай», узначаленай сьпікерам Рады Фэдэрацыі РФ Ягорам Строевым, кантролем над Беларускім мэталюргічным заводам.

Сініцын ніколі асабліва не хаваў таго, што зьбіраецца працаваць на Лукашэнку. У 2000 г., калі 27 верасьня пастановай Вярхоўнага суду Сініцын быў зарэгістраваны кандыдатам пасьля зьняцьця выбарчай камісіяй Рагачоўскай акругі, ён правёў прэс-канфэрэнцыю, на якой заявіў пра тое, што мае намер вярнуцца ўва ўладу, кансультаваць Лукашэнку на выбарах і што ён падтрымлівае стасункі з Лукашэнкам празь яго памочнікаў. Паказальна, што Сініцын тады быў вылучаны кандыдатам ад двух працоўных калектываў дзяржаўных арганізацый — дарожна-будаўнічай управы і прадпрыемства па вытворчасьці жалезабэтонных канструкцый.

Дарэчы, аналітыкі сыходзяцца на думцы, што «гонар» вынаходзтва славутай прэзыдэнцкай вэртыкалі таксама належыцца Сініцыну. І яшчэ пару штрышкоў зь яго біяграфіі. Зь імем Сініцына, які ў свой час займаў пасаду кіраўніка Рады па каштоўных паперах пры Савеце міністраў, зьвязаны скандал, якія выбух пасьля няўдалага выпуску ў 1995 г. першых беларускіх залатых манэтаў. Задума скончылася судовымі працэсамі. Аўтарам эскізу першай беларускай манэты быў ня хто іншы, як Леанід Сініцын... Празь нейкі час Лукашэнка ў тэлепраграме «Совершенно секретно» абвінаваціў Сініцына ў махінацыях (продажы за бесцань расійскім камэрцыйным структурам матэрыяльных рэзэрваў Беларусі), у адказ на што апошні пагражаў судзіцца, але намер свой так і ня зьдзейсьніў.

Як і Наталя Машэрава, Сініцын актыўна «раскручваўся» расійскімі СМІ. Тэлеканалу ОРТ Сініцын сэнсацыйна прызнаўся, што беларускія ўлады падрыхтавалі сьпіс людзей, якіх ня будуць пускаць на БТ, і што ён, натуральна, у гэтым сьпісе першы.

Група «вылучэнцаў», якія так ці інакш былі зьвязаныя з Лукашэнкам, апрача Машэравай, Марыніча і Сініцына (у якасьці кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы ўсплыў Уладзімер Сьцяпанаў — былы намесьнік старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму, раптоўная добраахвотная адстаўка якога напярэдадні выбарчай кампаніі нарабіла шмат шуму ў мас-мэдыях; Сьцяпанаў — блізкі сябар старшыні камісіі па працы, сацыяльных пытаньнях, ахове здароўя, фізычнай культуры і спорце ПП НС Станіслава Гаварушкіна; такая была зроблена камбінацыя), налічвала Віктара Цярэшчанку (характэрна, што лукашэнкаўскі афіцыёз «Советская Белоруссия» ў сваіх публікацыях прадстаўляў гэтага дырэктара Міжнароднага інстытуту мэнэджмэнту з завочнай вышэйшай адукацыяй як «дырэктара беларуска-нямецкага СП»), Леаніда Калугіна, члена Савета Рэспублікі НС ад Менску, прызначанага асабіста Лукашэнкам, Сяргея Скрабца, дэпутата ПП НС, Юр’я Данькова, дэпутата менскага гарадзкога Савету. Падчас апошніх выбараў у менскі гарадзкі Савет Юры Данькоў (ён жа кіраўнік Рэспубліканскай сацыяльна-гуманітарнай дабрачыннай арганізацыі, старшыня Таварыства аховы жывёлаў і па сумяшчальніцтве дырэктар аднаго з найбуйнейшых менскіх начных клюбаў «Данькоў-клюб», заснаванага ім сумесна зь Беларускім таварыствам глухіх (!)), усяго на чатыры галасы выперадзіў галоўнага лекара раённай паліклінікі. «Советская Белоруссия» ў 2000 прысьвяціла Міхаілу Марынічу некалькі такіх хвалебных нарысаў, якія з пазыцыі сёньняшняга дня робяць уражаньне, што гэты чалавек распачаў сваю перадвыбарную кампанію ня сёньня і ня ўчора («дарог пройдзена шмат... Але якія б пасады ні займаў гэты надзіва сьціплы і зычлівы чалавек, ён заўсёды застаецца эталёнам сапраўднай прыстойнасьці. Учора прэзыдэнт абвясьціў М. Марынічу падзяку» (№ 9, 14.01.2000); «споўнілася 60 гадоў М. Марынічу. Міхаіл Апанасавіч зрабіў у сваім жыцьці шмат — будаваў гарады, дарогі і масты. Зь яго імем зьвязаныя стварэньне менскага мэтро, добраўпарадкаваньне нашай сталіцы — М. Марыніч быў мэрам Менску. Таленавіты чалавек таленавіты ўва ўсім! Міхаіл Апанасавіч — буйны палітык» (№ 162, 05.07.2000). Яшчэ адзін вылучэнец, Леанід Калугін, як вынікае з публікацый у СМІ аднаго з найбуйнейшых лукашэнкаўскіх ідэолягаў Юр’я Дудзінова, «глыбока веруючы праваслаўны чалавек». Пасьля рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў «праваслаўны чалавек» яшчэ нічога ня мог адказаць на пытаньне беларускай службы Радыё Свабода аб прычынах свайго вылучэньня (Калугін: «Я ж вам сказаў — рана яшчэ пра гэта гаварыць. Ня трэба пра гэта. Ну навошта?» Карэспандэнт: «Але чаму Вы вырашылі вылучацца?» Калугін: «Ну як чаму? Таму што я грамадзянін Рэспублікі Беларусі»). А як паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, кіраўнік ЗАТ «Гандлёвы Дом БелБабаеўскае» Сяргей Скрабец падчас падачы заявы быў у «хваравітым стане» (магчыма, намякаючы на стан алькагольнага ці наркатычнага ап’яненьня). Мікалай Лазавік заявіў літаральна наступнае: «Адчуваецца няцьвёрдая рука чалавека, які зь цяжкасьцю трымаў пяро», а пасьля дадаў, што Цэнтравыбаркам потым спрабаваў знайсьці спадара Скрабца, але дома яго не было і мабільны тэлефон не адказваў.

Усіх гэтых людзей аб’ядноўвае прафэсія — перад намі рознай рукі «гаспадарнікі» і бізнэсоўцы (этап рэгістрацыі ініцыятыўных групаў скончыўся шматзначным штрышком, які таксама апынуўся ў цэнтры ўвагі беларускіх СМІ, як электронных, так і друкаваных, — дасылкай па пошце дакумэнтаў для рэгістрацыі малавядомым бізнэсоўцам Аляксандрам Батурам).

Вылучэньне такога роду кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта ўжо з пачатку гэтага году было адным з асноўных элемэнтаў мабілізацыйнай кампаніі Лукашэнкі. (Дарэчы, яна дэманструе структурнае падабенства да фармаваньня кааліцыі дэмакратычных кандыдатаў. Стварэньне пяцёркі прыцягнула да яе ўвагу розных слаёў беларускага грамадзтва — людзі сталага веку цешыліся, што пабачылі ў ёй камуніста Калякіна, вайскоўцаў і міліцыянэраў не пакінуў абыякавым Павал Казлоўскі, сябры Фэдэрацыі прафсаюзаў з энтузіязмам даведаліся пра ўваходжаньне ў пяцёрку У. Ганчарыка і г.д. Фактычна тое самае рукамі сваіх паліттэхнолягаў зрабіў Лукашэнка, толькі цікавіла яго перадусім беларуская фінансава-прамысловая эліта.) Праз сваіх псэўдаапазыцыйных кандыдатаў Лукашэнка даваў расчараваным у дзяржаўнай эканамічнай палітыцы прамыслова-фінансавым элітам знак, што паразуменьне ўсё-такі магчымае, што ў выпадку яго пераабраньня на другі тэрмін ляяльныя рэжыму прадпрымальнікі зноў атрымаюць пэўныя палёгкі і прэфэрэнцыі. Найбуйнейшы афіцыйны ідэоляг Аляксандар Зімоўскі ў сваёй тэлевізійнай праграме «Рэзананс» ад 10 чэрвеня 2001 г. таксама выказаў непакой пра намэнклятуру: «Відавочна адзінае: Беларусі чарговы раз спрабуюць навязаць далёка ня самы лепшы варыянт. Безумоўна, адлучаная ад кармушкі намэнклятура падтрымлівае Домаша з асабістых інтарэсаў». Адзначым стылёвую неахайнасьць Зімоўскага: зь яго словаў вынікае, што далучаная да кармушкі намэнклятура беззасьцярожна падтрымае Лукашэнку.

У разгар выбарчай кампаніі, 13 чэрвеня 2001 г. Лукашэнка падпісаў шэраг указаў, якія лібэралізавалі некаторыя сфэры беларускай эканомікі. Указ №313 прадугледжваў вылучэньне падатковага крэдыту прадпрыемствам радыёэлектроннай ды іншых галін прамысловасьці. Указ №314 устанаўляў гранічныя нарматывы на разьлікі за энэргарэсурсы ў неграшовай форме. Указ №315 пакліканы быў стымуляваць прамысловую вытворчасьць дзякуючы таму, што вызначанаму наверсе сьпісу прадпрыемстваў будзе дадзена магчымасьць атрымаць незаплянаваныя прыбыткі. Указ №316 «Аб удасканаленьні парадку правядзеньня і кантролю вонкавагандлёвых апэрацый» паляпшаў умовы вонкавагандлёвай дзейнасьці і, у прыватнасьці, лібэралізаваў рэжым рэгістрацыі мытняй пашпарту вонкавагандлёвае апэрацыі: згодна зь ім, апэрацыі на суму да 1.500 даляраў не падлягаюць рэгістрацыі (раней — да 200$). Указ №319 вызваляў прадпрыемствы каапэрацыі ад выплаты ў бюджэт падаткаў на даходы, на прыбытак і на даданую вартасьць пры бязвыплатнай перадачы ім ува ўласнасьць маёмасьці з рэспубліканскай ці камунальнай уласнасьці.

Другая, ня менш важная прычына такой павышанай увагі да беларускай фінансава-прамысловай эліты з боку Лукашэнкі і яго паліттэхнолягаў тлумачылася тым, што рэжым імкнуўся зьвесьці на нішто магчымасьць любой падтрымкі беларускімі бізнэс-структурамі кандыдатаў рэальнай беларускай апазыцыі. Стаўка рабілася на тое, што тая частка беларускай эканамічнай эліты, якая ня купіцца на перадвыбарныя абяцанкі самога Лукашэнкі, найхутчэй прафінансуе выбарную кампанію «палітычна добранадзейных» — г.зн. Сініцына і Марыніча, але не Ганчарыка або Калякіна. Для беларускай жа апазыцыі абмежаваньне рэальнай рэсурснай базы непазьбежна азначала памяншэньне базы падтрымкі на выбарах.

Звышзадача, якая ставілася Лукашэнкам перад гэткага роду «мабілізацыйнай кампаніяй», фактычна палягала ў кансалідацыі «ў часіну вырашальнай бітвы» тых беларускіх элітаў (і лібэральна, і па-рэваншысцку настроеных), якія дагэтуль успрымаюць незалежнае беларускае грамадзтва і культываваныя ім вартасьці як пагрозу сваім жыцьцёва важным інтарэсам. Трук з разьдзіманьнем пагрозы «правага рэваншу» зь яго катастрафічнымі наступствамі для краіны быў упершыню з посьпехам апрабаваны Лукашэнкам яшчэ падчас выбарчай кампаніі 1994 г., калі яму без асаблівага клопату ўдалося перацягнуць на свой бок такіх цьвяроза думаючых палітыкаў, як В. Ганчар або М. Чыгір, а таксама наконадні абодвух рэфэрэндумаў, якім папярэднічала адносная эканамічная лібэралізацыя.

Інфармацыйнае забесьпячэньне лукашэнкаўскай выбарчай кампаніі зьдзяйсьнялася вельмі прафэсійна. У траўні 2001 г. зь нічога ніякага пачынае раздаваць апазыцыйным СМІ інтэрвію былы начальнік упраўленьня справаў Адміністрацыі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў, у якім ён навязвае шырокай грамадзкасьці думку, што Лукашэнка вядзе вельмі замкнёнае жыцьцё і што ў гэтым жыцьці ён прыслухоўваецца да галасоў трох найбліжэйшых яму людзей, у тым ліку Ўладзімера Канаплёва «зь яго жонкай Алай». Такія публікацыі прытуплялі ўвагу і пільнасьць апанэнтаў сучаснага беларускага рэжыму, ляпілі Лукашэнку імідж прастакаватага палітыка зь недалёкім сялянскім розумам, схільнага да неабдуманых імпульсіўных рашэньняў. Гэты імідж мусіў узмацніць наступны бліскучы крок Лукашэнкі — прызначэньне кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў пісьменьніка, адстаўнога генэрала МУС і цяперашняга «старшыню камісіі па нацыянальнай бясьпецы Савету Рэспублікі НС» Мікалая Чаргінца. Апошні адразу засьвяціўся ў СМІ — у інтэрвію «Советской Белорусии» ён паўстаў чалавекам старой загартоўкі, хваліў Лукашэнку і пры канцы заявіў пра сваё рэзка адмоўнае стаўленьне да паліттэхнолягаў і сучасных паліттэхналёгій, як, відаць, ад яго патрабавался, засьведчыўшы поўнае дылетанцтва ў гэтым пытаньні: «Брудныя» палітычныя тэхналёгіі прыйшлі сьпярша ў Расію, а цяпер іх спрабуюць прышчапіць і ў нас, часта дзякуючы тым жа расійскім тэлеканалам. Трэба быць рэальна гатовымі да рознага роду правакацый, фальшаваньняў і кампрамату. Чорны PR немінуча будзе выкарыстоўвацца высокааплатнымі паліттэхнолягамі — дамарослымі і прыежджымі — супраць Аляксандра Лукашэнкі як найбольш рэальнага кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы. Мы гатовыя да гэтага, але адкажам самай дзейснай зброяй — адкрытасьцю, праўдай, рэальнай карцінай справаў».

Вельмі ўдала ў інфармацыйным пляне лукашэнкаўцы разыгралі «расійскую карту». Цягам усёй выбарчай кампаніі апазыцыйныя СМІ трубілі пра «нявызначанасьць», «нэўтральнасьць» Расіі, тым часам як Масква была і засталася зацікаўленая ў экспарце ўнутранай лукашэнкаўскай палітыкі ў іншыя краны СНД, перадусім у частцы яе культурнага, інфармацыйнага і, калі так можна сказаць, ідэалягічнага складнікаў. Не падтрымаць найбольш прарасійскага на прасьцягу СНД прэзыдэнта Расія проста не магла. Найперш таму, што гэта зрабіла б цяжкое ўражаньне на прэзыдэнтаў іншых постсавецкіх краінаў, зь якімі Расія вяла перамовы аб уступленьні ў саюз, — Малдовы ды Арменіі. Правал Лукашэнкі на выбарах сур’ёзна запаволіў бы інтэграцыйныя працэсы на прасьцягу былога СССР, ініцыяваныя Масквой, і паставіў бы пад сумнеў далейшае існаваньне СНД.

Пры гэтым, як і сем гадоў таму, Лукашэнка зарабляў палітычныя дывідэнды на антыкарупцыйных скандалах і абяцаньнях «запусьціць заводы». 22 чэрвеня апазыцыйная «Белорусская деловая газета» на першай паласе зьмясьціла матэрыял пра затрыманьне па падазрэньні ў атрыманьні хабару намесьніка начальніка РУУС Маскоўскага раёну Менску падпалкоўніка міліцыі Андрэя Мухтарава. А роўна на тыдзень раней, 15 чэрвеня, у «Советской Белоруссии» зьявіўся артыкул «Заводы павінны і будуць працаваць» з падрабязным апісаньнем таго, як Лукашэнка наведваў Менскі мэханічны завод імя Вавілава, што ён там гаварыў і што бачыў. Апрача гэтага, Лукашэнку старанна ляпілі імідж кіраўніка, які амаль вырашыў «жытловае» пытаньне (усё тая ж «Советская Белоруссия» сваю публікацыю «Дах на галавой — права кожнага» (№164; 14.06.2001) пачынае з сакрамэнтальнага: «Прэзыдэнт патрабуе зрабіць больш танным жытловае будаўніцтва. Сёлета жытловае будаўніцтва зробіцца таньнейшым на 10%»).

Важную ролю рэжым адводзіў і прапагандзе і контрапрапагандзе посьпехаў беларускай прамысловасьці. Напрыклад, пасьля паведамленьняў у незалежнай прэсе, што на віцебскім тэлевізійным заводзе «Віцязь» рыхтуюцца скарачэньні работнікаў, а ў пэрспэктыве таксама заплянаваны пераход на няпоўны рабочы тыдзень, у «Советской Белоруссии» апэратыўна было апублікаванае інтэрвію з генэральным дырэктарам гэтага прадпрыемства Валер’ем Нікіфаравым, у якім ён катэгарычна зьняпраўдзіў гэтыя зьвесткі (вельмі паказальны палітызаваны фрагмэнт інтэрвію з нападкамі на незалежныя СМІ: «Цяпер скарачэньняў работнікаў прадпрыемства не вядзецца. Магчыма, глебу для такіх плётак стварае несумленная прэса. Чаму гэта адбываецца? Актывізавалася перадвыбарная кампанія. І пэўным сілам вельмі хочацца паказаць, як у нас усё кепска... Дзякуючы пастановам ураду краіны і асабістаму ўдзелу прэзыдэнта А. Лукашэнкі забясьпечаныя варункі для захаваньня радыёэлектроннай галіны»). Увогуле, Лукашэнку падабалася нацягваць на сябе маску эканаміста (так ён сам сябе ахарактарызаваў у заяве, пададзенай у Цэнтравыбаркам). 22 чэрвеня ён сустрэўся ў Менску з удзельнікамі 8 паседжаньня Эканамічнай рады СНД і сказаў літаральна наступнае: «Я заклікаю тут, на беларускай зямлі, прыняць дзейсныя эканамічныя пастановы, якія будуць своеасаблівай данінай памяці аб тых, хто ваяваў у гэтай вайне». А днём раней, 21 чэрвеня, у «Советской Белоруссии» зьявіўся артыкул «Дзяржава і бізнэс: нам ня жыць адзін без аднаго». Лукашэнка разглядаў эканамічныя эліты як патэнцыйную небясьпеку створанаму ім рэжыму і таму што ёсьць сілы імкнуўся прадстаць гарантам іх будучага працьвітаньня. У артыкуле цытуюцца словы Лукашэнкі, нібыта прамоўленыя ім на сустрэчы зь пераможцамі конкурсу «Найлепшы прадпрымальнік 2000 году»: «Прадпрымальнікі — гэта людзі, якія ствараюць асноўныя вартасьці ў нашым грамадзтве, у нашай дзяржаве». Шэраг гэтых «стваральнікаў» Лукашэнка ўзнагародзіў зоркай «Герой Беларусі» (узнагарода адбылася ўпершыню з 1996 г.) — прамыслоўца Паўла Марыева, аграрнікаў Міхаіла Карчміта, Віталя Крамка і пасьмяротна гаспадарніка Аляксандра Дубка.

Ня грэбавалі лукашэнкаўцы і інфармацыйна-прапагандысцкімі акцыямі старога савецкага кшталту. 19 чэрвеня газэта «Рэспубліка» публікуе артыкул «Падтрымаем у рэспубліцы грамадзянскі мір і сацыяльную стабільнасьць», у якім інфармуе пра зварот групы ляяльных Лукашэнку кіраўнікоў палітычных партый і грамадзкіх арганізацый у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі, падпісаны, між іншым, старшынём Беларускага саюзу кампазытараў Ігарам Лучанком і прэзыдэнтам Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Паслы славянства», беларускай пісьменьніцай Таісай Бондар. Незадоўга да гэтага «Советская Белоруссия» публікуе заклік «маладога пакаленьня Беларусі» прагаласаваць за Лукашэнку, падпісаны лідэрамі праўрадавых маладзёвых арганізацый. 28 чэрвеня лідэры кішаньковых лукашэнкаўскіх палітычных партый і грамадзкіх арганізацый (старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Зьміцер Улаховіч, сакратар Аграрнай партыі Эдуард Калінін, сакратар ЦК КПБ Валер Захарчанка, першы сакратар ЦК БПСМ Юры Салаўёў і інш.) правялі прэс-канфэрэнцыю, на якой усяляк ухвалялі дэкрэт № 20 Лукашэнкі «Аб абавязковым дэкляраваньні даходаў і маёмасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусі, яго блізкіх сваякоў, жонкі (мужа) і яе (яго) бацькоў і некаторых іншых захадах, скіраваных на правядзеньне адкрытых, свабодных і сумленных выбараў».

Заслугоўвае ўвагі і ўсходняя палітыка Лукашэнкі. Яго візыт у Маскву, адбыты 20–21 чэрвеня, быў абумоўлены ня толькі эканамічнымі (павелічэньне паставак газу ў Беларусь, пытаньні тарыфнага і нетарыфнага рэгуляваньня, спагнаньня ўскосных падаткаў) або палітычнымі, але й, калі так можна выразіцца, перадвыбарнымі меркаваньня. Сам візыт бурна камэнтараваўся ў расійскіх і беларускіх мэдыях. У пятніцу, 22. 06. 2001, у «Советской Белоруссии» зьявіўся артыкул «Візыт прэзыдэнта ў Маскву быў плённым», падсумаваны такой высновай: «На перамовінах не было закрытых тэмаў, сустрэчы праходзілі ў атмасфэры шчырасьці і даверу».

Падчас маскоўскай выправы Лукашэнку ўдавалася ўсё задуманае — абмеркаваць з прэзыдэнтам нафтагазавай кампаніі «Слаўнафта» Міхаілам Гуцэрыевым пытаньне аб распрацоўцы нафтавага радовішча ў Ненецкай акрузе РФ (апрача гэтага, як паведамляе інфармацыйны сэрвіс расійскай энэргетыкі www.rusenergy.com, значная ўвага была нададзеная тэме інтэграваньня «Слаўнафты» ў нафтахімічны комплекс Беларусі. Міхаіл Гуцэрыеў паінфармаваў Лукашэнку і пра стварэньне «Слаўнафтаю» ўласнай сеткі збыту нафтапрадуктаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама пра ўдзел кампаніі ў забесьпячэньні паліўных патрэбаў беларускіх гаспадарак падчас збору ўраджаю), з кіраўніком групы кампаній «Ітэра» Ігарам Макаравым — праблему стварэньня сумеснага прадпрыемства для здабычы газу; з расійскім прэм’ер-міністрам Міхаілам Касьянавым Лукашэнка дасягнуў дамоўленасьці наконт будаўніцтва газаправоду па тэрыторыі Беларусі (некаторыя прысутныя на сустрэчы Лукашэнкі з расійскім кіраўніцтвам у Крамлі журналісты параўналі гэтае афіцыйнае мерапрыемства з касьцюмаваным шоў — Пуцін і Касьянаў беспасярэдне з сваіх кабінэтаў давалі дырэктывы для выкананьня дасягнутых з Лукашэнкам дамоваў). Зь вялікай помпай была пададзена сустрэча Лукашэнкі і першага і апошняга прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова, дзе Лукашэнка паказаў сябе лібэралам, а Гарбачоў — лукашэнкафілам. Цікава, што пасьля сустрэчы з Гарбачовым Лукашэнка ізноў трапіў цэнтар увагі расійскіх журналістаў. «Што б і хто б ні гаварыў, але тыя, хто вызначае палітыку Расіі, ніколі не гаварылі пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расіі і паглынаньне Беларусі», — сказаў беларускі прэзыдэнт. І дадаў: у гэтым выпадку саюз «быў бы нядоўгім і разваліўся б, як картачны дамок».

Падчас свайго апошняга ваяжу ў Маскву Лукашэнка працаваў і як актор палітычнага тэатру. Агенцыя электроннай інфармацыі http://news.km.ru 22 чэрвеня распаўсюдзіла паведамленьне «Лукашэнка плянуе выйграць выбары бяз Пуціна»: «Лукашэнка ўпэўнены, што публічныя заявы расійскага прэзыдэнта пра яго падтрымку на прэзыдэнцкіх выбарах не паўплываюць на хаду падзеяў. Лукашэнка адзначыў, што асабіста папрасіў Уладзімера Пуціна публічна не выказвацца пра падтрымку цяперашняга прэзыдэнта Беларусі». Падчас свайго візыту Лукашэнка таксама актыўна спэкуляваў на беларуска-расійскай інтэграцыі. 22 чэрвеня расійскія інфармацыйныя агенцыі распаўсюдзілі інфармацыю «Канстытуцыю саюзнай дзяржавы пачнуць пісаць на наступным тыдні»: «Працоўная група па складаньні тэксту Канстытуцыі саюзнай беларуска-расійскай дзяржавы прыступіць да працы на наступным тыдні. З словаў [Лукашэнкі] вынікала, што адпаведная дамоўленасьць была дасягнутая на апошняй сустрэчы ў Маскве з прэзыдэнтам Расіі Ўладзімерам Пуціным».

Аднак пік расійскай падтрымкі Лукашэнкі зьвязаны зь візытам кіраўніка РПЦ Аляксія II на Беларусь (23–27.06), адбыты пасьля шасьцёх гадоў паўзы, і яго сустрэчы з Лукашэнкам. Беларускія ўлады змаглі выкарыстаць яго з максымальнай выгадай. Напрыклад, асьвячэньне берасьцейскай праваслаўнай царквы Ўваскрасеньня Хрыстовага з удзелам Лукашэнкі і Аляксія II (які ў Берасьці ў звычнай для расійцаў шавіністычнай манеры выказаўся, што «вялікая і братняя Ўкраіна павінна прыйсьці да ўсьведамленьня таго неабходнага дабра, якое нясе адзінства») трансьлявалася беларускім тэлебачаньнем і радыё.

Асобную ўвагу трэба зьвярнуць на камэнтар гэтай акцыі Аляксандрам Зімоўскім у праграме «Рэзананс» (этэр 24.06). Зімоўскі пачынае свае развагі так, як можа пачынаць расійскі інтэлігент, выхаваны ў імпэрскай традыцыі эканамічнай аўтаркіі і палітычнай самаізаляцыі: «Беларусь стала першай і, здаецца, адзінай краінай, дзе кіраўнік дзяржавы публічна і неаднаразова заяўляў, што аснова нашай ідэалёгіі — хрысьціянская сыстэма вартасьцяў. І тут А. Лукашэнка лёгка знайшоў узаемаразуменьне з царквой». Але пад канец зрываецца на набалелае, на канстатацыю палітычнай нядобранадзейнасьці пэўнай часткі беларускай эканамічнай эліты: «Не сакрэт, што іншыя дзеячы, ня толькі палітыкі і дэпутаты, але і дырэктары (вылучана намі. — В.Б.), у сваім паказным запале выходзяць далёка за рамкі сумленных узаемаадносін з царквой».

Канец візыту Аляксія II выйшаў ня менш сымбалічны — на сумежжы Беларусі, Расіі і Ўкраіны расійскі патрыярх, прыехаўшы ў гэтае месца на лукашэнкаўскім аўтамабілі, ізноў сустрэўся з Лукашэнкам і ўзяў удзел у перадачы «дару беларускага народу — дзьвюх адтвораных харугваў для маскоўскага храму Хрыста Збаўцы». А перад адлётам гэтага расійскага праваслаўнага дзеяча на радзіму адбылася яго сустрэча з Лукашэнкам у Сьвятапакроўскай царкве сяла Карма Добрускага раёну Гомельскай вобласьці.

Зрэшты, расійская падтрымка Лукашэнкі не абмяжоўваецца толькі прыездам Аляксія II. 25 ліпеня адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі, Украіны і Расіі ў Віцебску, а 1–3 жніўня ў Сочы — нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў СНД.

Перадвыбарная кампанія Лукашэнкі была накіравана на шырокія слаі беларускага грамадзтва і апэлявала да розных узроўняў сьвядомасьці нашых грамадзян. Лукашэнка імкнуўся здабыць прызнаньне ў тых, хто зацікаўлены ў паляпшэньні сваіх жытловых варункаў. Ён узбуджаў замілаваньне ў прыхільнікаў беларуска-расійскай інтэграцыі і жорсткай барацьбы з карупцыяй. Не пакідаў ён абыякавымі і работнікаў буйных прадпрыемстваў і адначасна быў надзвычайна ўважлівым да беларускіх бізнэсоўцаў. Ну і, канечне, выбух захапленьня Лукашэнка выклікаў у тутэйшых носьбітаў «праваслаўнай духоўнасьці».

Тым часам лукашэнкаўцы ня толькі перакуплялі фінансава-прамысловыя эліты, але і рэалізоўвалі плян драбненьня рэальнай апазыцыі.

24 чэрвеня 2001 г. кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка, праяўляючы неабыякія тэатральныя здольнасьці, абвінаваціў усіх астатніх кандыдатаў у прадажнасьці і змове. Падобныя выпады Лукашэнкі перасьледавалі дзьве мэты. Па-першае, Лукашэнка ўмела навязваў апазыцыйны статус сваім стаўленікам (Сініцыну, Машэравай, Марынічу і г.д.), па-другое, ён падтрымліваў у стане «боегатоўнасьці» свой электарат. Гэта рабілася шляхам выбудовы свайго роду ланцуговай рэакцыі: беларускі прэзыдэнт эмацыйна дакараў у нечым Машэраву і Марыніча, пасьля ў зводках інфармацыйных агенцыяў зьяўляўся Сініцын і ўпікаў Лукашэнку за зробленыя грашкі.

Камбінацыя з удзелам Машэравай, Марыніча, Сініцына і інш. сьведчыла пра тое, што ў лягеры праўрадавых кандыдатаў адбываўся свайго роду падзел працы. Лукашэнку значна выгадней было рэклямаваць сваіх «пацешных» кандыдатаў, чымся рэальных супернікаў. Але апроч дасягненьня тактычнае выгады, лукашэнкаўцы былі зацікаўленыя і ў кардынальным перадзеле беларускага палітычнага поля згодна з пасьпяхова апрабаваным у Расіі сцэнаром «кіраванай дэмакратыі», выцясьніўшы з гэтага поля несыстэмную ўваччу афіцыйных уладаў апазыцыю. Усьлед за псэўдапарлямэнтам і псэўдаканстытуцыйным судом, псэўдадэмакратыяй і псэўдазаконнасьцю прыходзіла чарга псэўдаапазыцыі, бо толькі псэўдаапазыцыя магла зрабіць уладу Лукашэнкі неабмежаванай, а створаную ім палітычную сыстэму — закончанай і па-свойму дасканалай. (У апазыцыянэры лез нават блізкі сябар Лукашэнкі і па сумяшчальніцтве намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў — у сярэдзіне чэрвеня ў Страсбургу ён заявіў аб сваім намеры стварыць і ўзначаліць у «палатцы» апазыцыйны рух, пра што хутчэй-хутчэй паведаміла пад рубрыкай «Сэнсацыя» «Народная Воля».)

Пасьля падліку подпісаў, сабраных ініцытыяўнымі групамі, асноўныя «пралукашэнкаўскія» вылучэнцы спынілі свой удзел у выбарчай кампаніі. Крыху раней «па ўласным жаданьні» гэта зрабіла і Наталя Машэрава. Зьвяртае ўвагу «парнаграфічная» колькасьць подпісаў, здабытых ініцыятыўнымі групамі М. Марыніча (91 021), Л. Сініцына (80 540) і Л. Калугіна (91 345) — маўляў, усё, што маглі, зрабілі, але троху не хапіла да 100 000. Марыніч і Сініцын некаторы час яшчэ скандалілі, гразіліся судзіцца, але неўзабаве сьцішыліся. Марыніч удзельнічаў у апазыцыйных акцыях, але нічым сябе асабліва не праявіў. Сініцын заявіў пра свой намер балятавацца ў дэпутаты пакуль яшчэ няіснага парлямэнту «Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі». Калугін адразу сышоў у палітычны цень.

Сыход Сініцына, Марыніча і Калугіна зусім не азначаў адмову лукашэнкаўцаў ад стварэньня «кіраванай апазыцыі». У сярэдзіне жніўня дэпутат ПП НС Генадзь Дылеўскі апублікаваў у «БДГ» «Адкрыты ліст будучаму прэзыдэнту», які паказваў, што інсьпіраваная Лукашэнкам з свайго атачэньня так званая «лібэральная партыя» жыве і красуе, забясьпечваючы свайму прэзыдэнту надзейную апору. Ліст Дылеўскага — гэта свайго роду маніфэст «новых апазыцыянэраў», які вызначаўся неабыякой інтэлектуальнай культурай і ўтрымліваў шэраг досыць радыкальных палажэньняў. У ім зьмяшчаліся заклікі да эканамічнай мадэрнізацыі Беларусі (разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, фіскальная рэформа, мінімізацыя ўдзелу дзяржавы ў гаспадарчай дзейнасьці, увядзеньне свабоднай куплі-продажу зямлі, лібэралізацыя банкаўскай сфэры), дэмакратызацыі сыстэмы палітычнай улады (павелічэньне вагі заканадаўчай і судовай улады, укараненьне мясцовага самакіраваньня), канстытуцыйнага ўладкаваньня краіны ў адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі, вырашэньня дэмаграфічных праблемаў, адкрытасьці да Захаду. Трэба чакаць зьяўленьня такіх дакумэнтаў і надалей.

Паралельна лукашэнкаўцамі ажыцьцяўлялася тактыка перакупліваньня «незалежніцкі» настроеных беларусаў. Для гэтага доўгі час пераносілася сэсія парлямэнцкага сходу Саюзу Расіі і Беларусі, часова спыняліся трансьляцыі ў Беларусі расійскіх тэлеканалаў.

Прафэсійна сплянаваная выбарчая кампанія прынесла Лукашэнку плён. Травеньскае апытаньне (гл. Табліцу 2) жыхароў Менску зафіксавала наступны рэйтынг Лукашэнкі і яго асноўных супернікаў.

З кожным наступным месяцам Лукашэнкаў рэйтынг будзе стабілізавацца.

1. Ува ўмовах «закрытага грамадзтва» цяжка адзназначна вызначыць, адкуль беларускі рэжым сіляў эканамічныя рэсурсы для выкананьня гэтага заданьня. Але відавочна, што давядзеньне сярэдняй зарплаты да ўзроўню ў 100$ ператварылася ў адну з мэтаў дзяржаўнай палітыкі, на якую працаваў увесь дзяржаўны апарат. Магчыма, для гэтага былі выкарыстаныя замежныя крэдыты (расійскага і арабскага паходжаньня), пазабюджэтныя фонды, іншыя крыніцы фінансаваньня. Тое, што арабскі сьвет ускосна быў уцягнуты ў беларускую прэзыдэнцкую выбарчую кампанію 2001 г., пацьвярджаецца тым фактам, што на канец жніўня быў заплянаваны, але так і не адбыўся, візыт у Беларусь лібійскага лідэра Муамара Кадафі (для Кадафі гэта было б першае наведаньне Эўропы пасьля 1978 г.).

2. За 10 дзён да выбараў усе менскія дзяржаўныя СМІ апублікавалі на першых палосах «Заяву кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусі Сяргея Гайдукевіча». Гэты тэкст дае ўяўленьне пра тыповыя прыёмы лукашэнкаўскага PR падчас выбараў, таму ёсьць сэнс працытаваць яго цалкам: «29 жніўня 2001 году грамадзяне Беларусі мелі магчымасьць назіраць па сваіх тэлевізійных экранах так званага адзінага кандыдата ад апазыцыі, а па сутнасьці стаўленіка партнамэнклятуры Ўладзімера Ганчарыка. Тое, што заявіў у сваім выступленьні «асноўны апазыцыянэр», можна расцэньваць як паказчык поўнага правалу перадвыбарнай кампаніі У. Ганчарыка.

Як і трэба было чакаць, асноўны акцэнт у сваім звароце камуніст Ганчарык зрабіў на сувязі з Расіяй. І нават зьвярнуўся па падтрымку да Прэзыдэнта Расійскай Фэдэрацыі У. Пуціна. Паважаны Ўладзімер Іванавіч, а ці ня лічыце Вы, што прапануеце Расійскай Фэдэрацыі ўмяшацца ўва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусі? Спадар Ганчарык, але ж зусім нядаўна Вашы адданыя прыхільнікі палілі на плошчы расійскі сьцяг.

Вы, Уладзімер Іванавіч, зьвярнуліся да прадстаўнікоў уладнай «вэртыкалі», створанай Аляксандрам Лукашэнкам, з прапановай перайсьці на Ваш бок. Але ж усе памятаюць Вашы абяцаньні паддаць лукашэнкаўскіх чыноўнікаў люстрацыі. Што з Вамі здарылася? Растлумачу: гэта ня што іншае, як палітычная прастытуцыя.

У сваім выступленьні, Уладзімер Іванавіч, Вы ўспомнілі ўсіх: і прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, і чыноўнікаў, і нават Аляксандра Лукашэнку. У парыве адчаю Вы зьвярнуліся па дапамогу да ўсіх, але толькі не да простых грамадзян Беларусі. Яны Вам не патрэбныя!

Ваша выступленьне мы ацэньваем як поўнае бясьсільле весьці далейшую барацьбу за ўладу. Вы — банкрут! Вы не прадстаўляеце ніякай адзінай апазыцыі. Няма ніякага адзінага кандыдата. Ёсьць партнамэнклятурнік Уладзімер Ганчарык. Вось з гэтым мы Вас і віншуем!

Калі ў Вас, Уладзімер Іванавіч, ёсьць сумленьне, Вы павінны папрасіць прабачэньня перад беларускім народам за ўсю хлусьню, якую Вы на працягу апошняга часу выказвалі. Вы павінны прапрасіць прабачэньня ў С. Домаша і ўсіх, хто Вам паверыў і падтрымліваў, якіх Вы так нахабна і цынічна ашукалі і самае ганебнае — працягваеце ашукваць» (Звязда, 31.09.2001).