Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 3 Прэзыдэнцкія выбары 2001 году - Працэс пабудовы выбарчай кааліцыі паміж дэмакратычнымі кандыдатамі

Перадвыбарная кааліцыя дэмакратычнай апазыцыі была створана грамадзка-палітычнымі сіламі самых розных арганізацыйных формаў. Зь пяцёркі апазыцыйных кандыдатаў, што пагадзіліся ўзгадняць свае дзеяньні ў выбарчай кампаніі (У. Ганчарык, С. Домаш, С. Калякін, П. Казлоўскі і М. Чыгір), толькі С. Калякін быў партыйцам, але й ён выйшаў на прэзыдэнцкія выбары хутчэй не як камуніст, а як прадстаўнік дэмакратычнай апазыцыі. Хаця партыі актыўна ўдзельнічалі ў перадвыбарнай кампаніі, ініцыятыву па вылучэньні й прамоцыі кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі ў іх перахапілі грамадзка-палітычныя рухі.

АПАЗАЦЫЙНЫЯ ПЕРАДВЫБАРЧЫЯ ЗГУРТАВАНЬНІ

Першай аб намеры стварыць перадвыбарную кааліцыю заявіла Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў (КРДС). На IV Кангрэсе дэмакратычных сілаў 2 ліпеня 2000 г. КРДС абвясьціла сябе адзіным цэнтрам падрыхтоўкі дэмсілаў да выбараў. Між тым, Рада не змагла згуртаваць усіх некантраляваных рэжымам палітычных сілаў. Па-за КРДС апынуліся Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) М. Статкевіча, Партыя камуністаў беларуская С. Калякіна і рух «Яблык» В. Абрамавай. Зь імі пры пасярэдніцтве Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ аб’яднаная апазыцыя стала каардынаваць свае дзеяньні ў рамках Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў (КРАПП).

У кастрычніку 2000 г. на прапанову дэпутата ВС 13 скліканьня Генадзя Ўсюкевіча 11 вядомых палітычных дзеячоў утварылі аргкамітэт па стварэньні Грамадзкага камітэту «Выбар-2001» для вылучэньня адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад дэмсілаў. Апроч Г. Усюкевіча ў аргкамітэт увайшлі дэпутаты ВС В. Шлындзікаў, В. Шчукін, У. Нісьцюк, а таксама аўтарытэтныя дзеячы беларускай апазыцыі Гары Паганяйла, Тацяна Ваніна, Генадзь Грушавы, Язэп Сярэдзіч ды інш. Акрамя вылучэньня кандыдата ў прэзыдэнты, камітэт паставіў сабе мэту згладзіць супярэчнасьці паміж апазыцыйнымі партыямі. «Выбар-2001» праіснаваў паралельна з КРДС да 13 ліпеня, калі ўвайшоў у рух В. Лявонава «За новую Беларусь».

21 траўня 2001 г., аўтаномна ад КРДС, «Выбару-2001» і КРАПП, на базе руху «Зямля і воля» і пры ўдзеле былога старшыні Сялянскай партыі Яўгена Лугіна быў утвораны яшчэ адзін грамадзка-палітычны рух для вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмсілаў на пасаду прэзыдэнта. У хуткім часе пасьля стварэньня ён атрымаў назву «За новую Беларусь». На ўстаноўчым сходзе руху прысутнічалі пяць кандыдатаў у прэзыдэнты: У. Ганчарык, С. Домаш, С. Калякін, П. Казлоўскі і М. Чыгір. Лідэрам руху стаў былы міністар сельскай гаспадаркі В. Лявонаў — фігура для беларускай апазыцыі паказальная. Маючы імідж намэнклятурніка савецкага ўзору, які ў сярэдзіне 90-х быў прыхільнікам аднаўленьня СССР і выступаў у абарону калгасаў, В. Лявонаў апынуўся ў шэрагу найзаўзятшых апанэнтаў Лукашэнкі. 21 ліпеня аргкамітэт для стварэньня кааліцыйнага руху «За новую Беларусь» ініцыяваў сустрэчу «пяцёркі» ў офісе Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай (ФПБ), дзе адзіным кандыдатам ад шырокай грамадзянскай кааліцыі быў абвешчаны старшыня ФПБ У. Ганчарык. Праз тыдзень пасьля вызначэньня адзінага кандыдата В. Лявонаў узначаліў выбарчую кампанію У. Ганчарыка.

Акрамя дэбюту ў якасьці публічных палітыкаў некалькіх прадстаўнікоў старой намэнклятуры новай зьявай для беларускай палітычнай сцэны 2000–2001 гг. стала кааліцыя рэгіянальных рухаў, ачоленая аб’яднаньнем «Рэгіянальная Беларусь». Аб’яднаньне было ўтворана дзеля кансалідацыі й каардынацыі дзейнасьці грамадзкіх арганізацый, палітычных партыяў і прафсаюзаў і бярэ пачатак з сакавіка 1997 г., калі 25 дэмакратычных арганізацыяў Гарадзенскай вобласьці заклалі каардынацыйны камітэт «Гарадзенская ініцыятыва»[1]. Наступным крокам стала стварэньне аналягічных каардынацыйных структур у іншых абласьцях і буйных гарадох Беларусі (у Магілёве, Гомелі, Віцебску, Берасьці, Маладэчне, Барысаве, Лідзе, Салігорску й Слуцку). 18 траўня 2000 г. яны аб’ядналіся ў «Рэгіянальную Беларусь», ад якой 26 траўня 2001 г. быў вылучаны кандыдат у прэзыдэнты С. Домаш.

Іншую ролю ў падрыхтоўцы да выбараў узяла на сябе Асацыяцыя грамадзкіх аб’яднаньняў «Асамблея». Яна ня вылучыла свайго кандыдата ў прэзыдэнты, але ў рэзалюцыі «Аб правядзеньні грамадзкай мабілізацыйнай кампаніі ў ходзе прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г.», прынятай 2–3 сьнежня 2000 г., заявіла пра намер правесьці мабілізацыйную кампанію і ўлічыць пры яе падрыхтоўцы аналягічны досьвед Славаччыны, Сэрбіі ды Ўкраіны. Пасьля прызначэньня даты выбараў мабілізацыйная кампанія пад заклікам «Выбірай!» стартавала. Удзел у ёй ўзялі каля 200 арганізацыяў. У штаб кампаніі ўвайшлі кааліцыя жаночых арганізацыяў, моладзевая кааліцыя «Пераменаў!», Цэнтар «Супольнасьць», Беларуская асацыяцыя рэсурсавых цэнтраў.

Некаторыя дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 скліканьня таксама прэтэндавалі на статус грамадзкай сілы і падчас IV Кангрэсу дэмакратычных сілаў, адбытага 2 ліпеня 2000 г., далучыліся да КРДС. Дзейнасьць дэпутатаў ВС была адрасавана перадусім міжнароднай супольнасьці. Так, 28 ліпеня 2001 г. яны прынялі ўласную заяву «Аб міжнародным назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі», у якой адзначылі, што ўлады вядуць мэтанакіраваную працу па падрыхтоўцы масавай фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Дэпутаты ВС запрасілі АБСЭ, Савет Эўропы, Эўразьвяз, міжпарлямэнцкія міжнародныя арганізацыі ўзяць удзел у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі. Між тым, прадстаўнікі парлямэнцкай тройкі (АБСЭ, ПАСЭ і Эўразьвязу) зьбіраліся назіраць за выбарамі ў Беларусі толькі супольна, і іх дзеяньні залежалі ад афіцыйнага запрашэньня беларускіх уладаў.

РОЛЯ КРДС У ВЫЛУЧЭНЬНІ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА ДЭМСІЛАЎ

Галоўным клопатам пры вылучэньні адзінага дэмакратычнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі было тое, ці здолее ён заваяваць сымпатыі ўсяго грамадзтва, а ня толькі нацыяналістычна настроенай інтэлігенцыі.

2 лістапада 2000 г., падвёўшы вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў, КРДС, у складзе якой на той момант знаходзілася 14 партыяў, арганізацыяў і прафсаюзаў, узяла на сябе абавязак вылучыць кандыдата на найбліжэйшыя прэзыдэнцкія выбары ад аб’яднанай апазыцыі й забясьпечыць яму ўсямерную падтрымку. На паседжаньні КРДС 15 сьнежня 2000 г. былі названыя тры прэтэндэнты на ролю адзінага альтэрнатыўнага А. Лукашэнку кандыдата — У. Ганчарык, С. Домаш і М. Чыгір. Пры канцы сьнежня 2000 г. КРДС таксама далучыла да гэтай тройкі кандыдатуру П. Казлоўскага. Далейшае вызначэньне адзінага кандыдата зацягнулася. На паседжаньні КРДС 13 сакавіка 2001 г. яно было перанесена на красавік. 14 траўня на чарговым паседжаньні КРДС пагадзілася з тым, каб кожны з патэнцыйных кандыдатаў зьбіраў подпісы для рэгістрацыі ў Цэнтравыбаркаме самастойна. Апоўначы 21 ліпеня, калі скончыўся тэрмін падачы подпісаў за кандыдатаў, аказалася, што толькі два кандыдаты зь «пяцёркі» маюць шанец быць зарэгістраванымі кандыдатамі на пасаду беларускага прэзыдэнта.

Пасьля вызначэньня адзінага кандыдата ад дэмсілаў КРДС пераарыентавалася на назіраньне за працай выбарчых камісіяў, мабілізацыйную кампанію ды яе інфармацыйную падтрымку.

У піку КРДС 9 ліпеня 2001 г. было абвешчана пра стварэньне левацэнтрысцкай Канфэдэрацыі «За сацыяльныя перамены» (КЗСП), якая аб’яднала прыхільнікаў старшыні БСДП (НГ) М. Статкевіча, лідэра Беларускай партыі працы А. Бухвостава, а таксама некаторых прафэсійных, экалягічных, жаночых ды моладзевых арганізацыяў. КЗСП прэтэндавала на ролю левацэнтрысцкай супрацьвагі КРДС, за якой КЗСП небеспадстаўна прызнавала ролю кааліцыйнага аб’яднаньня правацэнтрысцкіх сілаў. Заснавальнікі КЗСП выказалі надзею на далучэньне да іх іншых левых сілаў — Партыі народнай згоды Сяргея Ермака, БСДГ Станіслава Шушкевіча, а таксама Партыі камуністаў беларускай Сяргея Калякіна. Ролю пасярэдніка паміж сабой і КРДС (як і ўвогуле каардынацыю намаганьняў правацэнтрысцкіх і левацэнтрысцкіх арганізацыяў), а таксама місію па вылучэньні адзінага кандыдата КЗСП прапанавала даручыць Лявонаўскаму руху «За новую Беларусь».

Як і трэба было чакаць, ініцыятыва КЗСП не знайшла падтрымкі з боку КРДС, якая пасьля вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі засталася форумам дэмакратычных партыяў, пасярэднікам паміж партыямі і грамадзтвам, аўтарытэтным суб’ектам грамадзкай думкі і каардынацыйным цэнтрам для падрыхтоўкі да выбараў сілаў усяго палітычнага спэктру.

«ПЯЦЁРКА» КАНДЫДАТАЎ ЯК ПЕРАДВЫБАРНАЕ ЗГУРТАВАНЬНЕ

У. Ганчарык, С. Домаш, М. Чыгір, П. Казлоўскі разам з камуністам С. Калякіным 25 красавіка 2001 г. падпісалі дамову аб каардынацыі дзеяньняў і тым самым утварылі «пяцёрку» прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. 21 ліпеня, на наступны дзень пасьля завяршэньня збору подпісаў, кандыдаты ад апазыцыі абралі «адзіным» У. Ганчарыка. Выбар У. Ганчарыка шмат у чым быў прадыктаваны ілюзіяй перакупіць намэнклятуру і работнікаў дзяржаўнага апарату, за што меўся ўзяцца каардынатар Ганчарыкавай выбарчай кампаніі В. Лявонаў.

27 ліпеня чатыры ўдзельнікі дэмакратычнае «пяцёркі» заявілі пра стварэньне Прэзыдэнцкай Рады (у якую ўвайшлі М. Чыгір, П. Казлоўскі, С. Калякін і С. Домаш). Запрашэньне да ўдзелу ў Прэзыдэнцкай Радзе атрымалі М. Марыніч і А. Ярашук, якія, як і ўсе сябры «пяцёркі», пагадзіліся аб’яднаць свае штабы ў адзіны «аб’яднаны» штаб У. Ганчарыка. Адначасова пры штабе «адзінага» кандыдата была ўтворана Грамадзкая Рада палітычных партыяў, закліканая выпрацаваць базыснае пагадненьне партыяў з адзіным кандыдатам, якое будзе акрэсьліваць абавязкі, што бярэ на сябе апошні ў выпадку перамогі. Намесьнік старшыні АГП А. Дабравольскі ўзначаліў інфармацыйна-аналітычную службу «аб’яднанага» штабу і стаў намесьнікам В. Лявонава. У штаб таксама ўвайшлі старшыня Беларускай партыі жанчын «Надзея» В. Палевікова, лідэр «Хартыі’97» А. Саньнікаў і былы прэтэндэнт у кандыдаты М. Марыніч. Кіраўніцтва выбарчым штабам было даручана старшыні Беларускай партыі «Надзея» Валянціне Палевіковай, а ўсю выбарчую кампанію «адзінага» ўзначаліў лідэр руху «За новую Беларусь» Васіль Лявонаў.

Абраньне адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі не ўмацавала адзінства беларускай апазыцыі. Адразу пасьля пастановы аб вылучэньні адзіным кандыдатам У. Ганчарыка выказалі сваё расчараваньне рэгіянальныя штабы С. Домаша. 27 ліпеня чальцы ініцыятыўнай групы С. Домаша па Берасьцейскай вобласьці прынялі заяву, у якой заклікалі яго не здымаць сваю кандыдатуру на карысьць У. Ганчарыка і весьці сваю выбарчую кампанію да канца. Незадаволенасьць рашэньнем «пяцёркі» выказала кіраўніцтва Гарадзенскага гарадзкога грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў. 2 жніўня на паседжаньні Віцебскай каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў зьявіліся цяжкасьці са стварэньнем штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты: уліцца ў аб’яднаны штаб У. Ганчарыка пагадзіліся тамтэйшыя прыхільнікі С. Калякіна, М. Чыгіра і П. Казлоўскага, але ініцыятыўная група С. Домаша пастанавіла чакаць дырэктываў самога С. Домаша. Прадстаўнікі Магілёўскага абласнога штабу па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты С. Домаша выставілі ў якасьці ўмовы сумеснай працы на адзінага кандыдата падпісаньне паміж С. Домашам і У. Ганчарыкам спэцыяльнага пагадненьня.

У выніку, У. Ганчарык і С. Домаш былі неаднаразова вымушаныя прымаць адмысловыя заявы аб адзінстве сваёй стратэгіі на выбарах і адсутнасьці паміж імі прынцыповых разыходжаньняў. У сумеснай заяве 3 жніўня яны ў чарговы раз пацьвердзілі непахіснасьць дамоўленасьцяў «пяцёркі» аб вылучэньні адзінага кандыдата.

У адказ на пастанову «пяцёркі» аб вылучэньні адзінага кандыдата як КРДС, так і асобныя палітычныя партыі ды грамадзкія арганізацыі пачалі прымаць заявы аб падтрымцы адзінага кандыдата і сваіх перадвыбарных наказах яму. 26 ліпеня заяву аб падтрымцы У. Ганчарыка як адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі прыняла КРДС. 27 ліпеня АГП прапанавала прыняць «Пагадненьне аб узаемных забавязаньнях адзінага кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусі і шырокай грамадзянскай кааліцыі ў пэрыяд і пасьля выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі», у якім У. Ганчарык быў бы прызнаны адзіным кандыдатам, якому было прапанавана ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі супольна з С. Домашам па формуле «будучы прэзыдэнт — будучы прэм’ер-міністар». БНФ «Адраджэньне» таксама вітаў адзінага кандыдата, а ў якасьці ўмоваў свайго ўдзелу ў перадвыбарнай кааліцыі дэмакратычных сілаў прапанаваў яму сфармуляваць выразнае стаўленьне да незалежнасьці Беларусі, дэмакратызацыі і рэформаў, пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады, а таксама гарантыяў што да беларускай мовы і культуры. БНФ таксама прапанаваў распусьціць Нацыянальны сход, увесьці новы выбарчы кодэкс, прызначыць новы склад Канстытуцыйнага й Вярхоўнага судоў, замацаваць у якасьці дзяржаўнай скасаваную ў 1995 г. сымболіку, а таксама забясьпечыць спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці дэмакратычных палітычных партыяў. 28 ліпеня нечарговы Сойм БНФ пацьвердзіў прапанаваную АГП схему, паводле якой прапаноўвалася працаваць С. Домашу і У. Ганчарыку: у выпадку пасьпяховай рэгістрацыі абодва кандыдаты маюць укласьці паміжсобку пагадненьне паводле прынцыпу «будучы прэзыдэнт — будучы прэм’ер-міністар». Акурат пры гэтай умове БНФ «Адраджэньне» пагадзіўся падтрымаць У. Ганчарыка на Кангрэсе дэмсілаў 18 жніўня.

13 жніўня была падпісаная дамова паміж шырокай грамадзянскай кааліцыяй і адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмсілаў У. Ганчарыкам, паводле якой пасьля рэгістрацыі У. Ганчарыка кандыдатам у прэзыдэнты С. Домаш здымае сваю кандыдатуру на яго карысьць і становіцца кіраўніком Палітычнай Рады штабу адзінага кандыдата. У сваю чаргу, У. Ганчарык у выпадку абраньня прэзыдэнтам сфармуе ўрад на чале з С. Домашам. Тандэм «Ганчарык — Домаш» здолеў скансалідаваць вакол сябе значную частку апазыцыйных Лукашэнку сілаў, але супраць яго выказалася БСДП (НГ), кіраўніцтва якой аддавала перавагу У. Ганчарыку, і КХП БНФ. У першыя выходныя жніўня на выязным паседжаньні Сойму ў Варшаве КХП БНФ пастанавіла заклікаць сваіх сяброў ды прыхільнікаў прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах супраць усіх кандыдатаў.

КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ

13 ліпеня КРДС пастанавіла правесьці чарговы V Кангрэс дэмакратычных сілаў 4 жніўня 2001 г. Аднак ужо на стадыі падрыхтоўкі роля Кангрэсу як форуму, на якім мае быць зацьверджаны адзіны кандыдат ад апазыцыі, зьвялася да акцыі, пакліканай ухваліць ужо зацьверджаную кандыдатуру. Калі АГП настойвала на правядзеньні Кангрэсу як PR-акцыі для «раскручваньня» ўжо вызначанага кандыдата, але выступала супраць выкарыстаньня Кангрэсу дзеля яго вылучэньня, то «Рэгіянальная Беларусь», наадварот, была зацікаўленая ў выкарыстаньні Кангрэсу дзеля вылучэньня адзінага кандыдата, бо на Кангрэсе яна была прадстаўлена лепш, чымся ў КРДС. Як і іншыя калектыўныя ўдзельнікі грамадзянскай кааліцыі, аргкамітэт па падрыхтоўцы V Кангрэсу дэмакратычных сілаў сфармуляваў уласныя ўмовы падтрымкі адзінага кандыдата: абарона незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі пры захаваньні «добрых і раўнапраўных адносінаў з усімі блізкімі і далёкімі суседзямі як на Ўсходзе, так і на Захадзе»; правядзеньне канстытуцыйнай рэформы, якая «будзе садзейнічаць стварэньню ў краіне прававога рэжыму, абароне правоў чалавека і выкананьню Беларусяй ейных міжнародных забавязаньняў»; правядзеньне эфэктыўных сацыяльна-эканамічных рэформаў; добрасумленнае расьсьледаваньне «крымінальных злачынстваў супраць вядомых дзеячаў палітычнай апазыцыі: Г. Карпенкі, Ю. Захаранкі, В. Ганчара ды іншых» і інш.

У дзень стварэньня Прэзыдэнцкай Рады Кангрэс дэмакратычных сілаў быў перанесены на 18 жніўня — дату, калі кандыдаты павінны прайсьці рэгістрацыю. Да рэгістрацыі аргкамітэт вырашыў устрымацца ад падтрымкі У. Ганчарыка альбо С. Домаша. Хаця колькасьць подпісаў, пададзеных за дэмакратычных кандыдатаў, была прызнана Цэнтравыбаркамам дастатковай для рэгістрацыі абодвух, аргкамітэт вырашыў застрахавацца на выпадак, калі адзін зь іх ня пройдзе рэгістрацыі. Паколькі пастанова кандыдатаў аб абраньні «адзіным» У. Ганчарыка расчаравала правую апазыцыю, БСДП (НГ) убачыла ў Кангрэсе небясьпеку перагляду выбару кандыдатаў, зробленага 21 ліпеня. 27 ліпеня Выканаўчае бюро БСДП (НГ) заклікала КРДС адмовіцца ад правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў, а замест яго прапанавала правесьці пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты форум шырокай грамадзянскай кааліцыі ў падтрымку адзінага кандыдата, падрыхтоўку якога даручыць кіраўніцтву руху «За новую Беларусь».

МОЛАДЗЕВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ

У выбарах 2001 г. шырокую дэмакратычную кааліцыю падтрымлівалі шматлікія моладзевыя арганізацыі. Увосень 2000 г. была ўтворана моладзевая кааліцыя «Пераменаў!», у якую ўвайшлі «Малады фронт», «Маладая грамада», «Моладзь АГП», «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў», «Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз», «Моладзевая салідарнасьць», «Беларуская асацыяцыя маладых палітыкаў», «Асацыяцыя маладых прадпрымальнікаў».

18 чэрвеня стартавала мабілізацыйная кампанія пад заклікам «Выбірай!», скіраваная на прыцягненьне насельніцтва да ўдзелу ў выбарах. Штаб мабілізацыйнай кампаніі быў створаны пад эгідай «Асамблеі». У яго ўвайшлі кааліцыя жаночых арганізацыяў, моладзевая кааліцыя «Пераменаў!», Цэнтар «Супольнасьць», Беларуская асацыяцыя рэсурсавых цэнтраў. Удзел у мабілізацыйнай кампаніі прынялі каля 200 арганізацыяў. Акцыі мабілізацыйнай кампаніі праводзіліся ўва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў форме непалітычных мерапрыемстваў (канцэртаў, распаўсюджаньня інфармацыйных матэрыялаў, выпуску бюлетэняў, размоваў зь людзьмі, спартовых мерапрыемстваў, графіці-акцыяў). Агітацыя за канкрэтных кандыдатаў пры гэтым не праводзілася.

На ініцыятыву «Маладога фронту», «Задзiночаньня беларускiх студэнтаў», «Маладой грамады» ды іншых моладзевых аганізацыяў 29 ліпеня адбыўся Кангрэс беларускай моладзі, пакліканы паспрыяць каардынацыі дзейнасьці палітычна актыўнай моладзі напярэдадні выбараў. У Кангрэсе ўдзельнічалі старшыня «Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Анатоль Грыцкевіч і старшыня «Таварыства беларускай мовы» імя Ф. Скарыны А. Трусаў, прысутнічалі прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, АБСЭ і амбасады ЗША. Сярод выступоўцаў былі У. Ганчарык, С. Домаш, В. Вячорка, С. Высоцкі, Ю. Хашчавацкі. На Кангрэсе былі прынятыя дзьве рэзалюцыі: «Моладзь супраць рэжыму», дзе было адзначана, што за адзін толькі ліпень 2001 г. рэпрэсіі абрынуліся на 200 чальцоў моладзевых арганізацыяў, і «Моладзь патрабуе пераменаў», прысьвечаная падтрымцы альтэрнатыўнага А. Лукашэнку кандыдата ў прэзыдэнты.

6 жніўня дэмакратычныя моладзевыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай супраць рэпрэсіўных дзеяньняў уладаў перад выбарамі. Заяву падпісалі 17 арганізацыяў, у тым ліку «Малады фронт», «Моладзь Аб’яднанай грамадзянскай партыі», «Зубр», «Маладая грамада» «Маладыя сацыял-дэмакраты», «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» і іншыя. У заяве адзначалася, што ў меру набліжэньня даты прэзыдэнцкіх выбараў рэпрэсіі супраць моладзевых арганізацыяў узмацняюцца.

8 жніўня прадстаўнікі «Маладога фронту», «Маладой грамады», «Моладзі АГП», руху «Зубр» ды іншых арганізацыяў падчас сустрэчы з У. Ганчарыкам перадалі яму зварот «Моладзь за Беларусь», падпісаны 67 моладзевымі арганізацыямі ды іх аддзяленьнямі ў розных рэгіёнах Беларусі. У звароце выказвалася падтрымка У. Ганчарыка як кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі, ад якога чакаюць рэалізацыі наступных патрабаваньняў моладзі:

— гарантаваньня незалежнасьці Беларусі, вяртаньня ёй нацыянальнай сымболікі (герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг) і прызнаньня беларускай мовы адзінай дзяржаўнай;
— пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады на карысьць заканадаўчай і судовай, а таксама паміж прэзыдэнтам і ўрадам на карысьць прэм’ер-міністра;
— неадкладных парлямэнцкіх выбараў па зьмяшанай, прапарцыйна-мажарытарнай сыстэме;
— вырашэньня асноўных праблем моладзі: рэформы сыстэмы адукацыі, скасаваньня прымусовага разьмеркаваньня і абавязковай вайсковай службы, паляпшэньня сацыяльных умоваў і стварэньня магчымасьцяў самарэалізацыі;
— гарантаваньня С. Домашу пасады прэм’ер-міністра.

ПРАЛУКАШЭНКАЎСКІЯ ГРАМАДЗКІЯ І ПАЛІТЫЧНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ Ў ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ

Напярэдадні выбараў у Партыі народнай згоды (ПНЗ) пад кіраўніцтвам С. Ермака акрэсьліўся раскол з-за пытаньня аб падтрымцы кандыдата на пасаду прэзыдэнта. З самага пачатку свайго існаваньня ў якасьці пралукашэнкаўскай партыі (калі на ініцыятыву Леаніда Сечкі ад БСДП (НГ)[2] адкалолася частка партыі і ўтварыла ПНЗ), адноўленая ПНЗ аб’ядноўвала работнікаў дзяржаўнага апарату і дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў, якія дагэтуль адкрыта не выказваліся супраць палітыкі беларускага прэзыдэнта. Але незадоўга да выбараў частка сяброў ПНЗ выказалася за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў У. Ганчарыка.

У студзені 2001 г. была ўтворана «Рэспубліканская каардынацыйная рада кіраўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў», якая аб’яднала 32 прапрэзыдэнцкія грамадзкія аб’яднаньні і палітычныя партыі (Камуністычная партыя Беларусі, Беларуская патрыятычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці і інш). Мэтамі гэтай кааліцыі былі названыя пабудова грамадзянскай супольнасьці, усталяваньне кантактаў паміж уладай і грамадзтвам, удасканаленьне беларускага заканадаўства. Гэтае ўтварэньне адыгрывае ў беларускай палітыцы ролю кішэннай прапрэзыдэнцкай палітычнай сілы, патрэбнай рэжыму перадусім для яго легітымізацыі ў вачох міжнароднай супольнасьці. 12 чэрвеня 2001 г. Рэспубліканская каардынацыйная рада ўключыла ў сябе яшчэ 4 арганізацыі і з гэтай прычыны пастанавіла стварыць рух у падтрымку А. Лукашэнкі.

ВЫСНОВЫ

Кааліцыя ў падтрымку альтэрнатыўнага А. Лукашэнку кандыдата была ўтвораная ня столькі для прадстаўніцтва тых ці іншых сацыяльных групаў, колькі для правядзеньня канкурэнтнай барацьбы ў сфэры публічнай палітыкі.

1. Сёньня каардынацыйны камітэт «Гарадзенская ініцыятыва» лучыць 34 грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы і рухі, у тым ліку тамтэйшую філію БНФ «Адраджэньне», гарадзкую філію БСДП (НГ), абласныя аддзяленьні Беларускага Гельсынскага камітэту і моладзевай арганізацыі АГП «Грамадзянскі форум». 2. БСДП (нг) была ўтворана на аб’яднаўчым зьезьдзе пнз і бсдг у чэрвені 1996 г.