Выбары 2001 г. давалі апанэнтам А. Лукашэнкі большы шанец прыйсьці да ўлады, чымся працэдура імпічмэнту прэзыдэнта ў 1996 г. ці альтэрнатыўная прэзыдэнцкая кампанія 1999 г. Тым ня менш, дэмакратычныя сілы сутыкнуліся з праблемамі, якія яны ня здолелі пераадолець цягам выбарчага маратону.
Першай і галоўнай праблемай для дэмакратычных сілаў стаў пошук уласнага лідэра, здольнага перамагчы А. Лукашэнку на выбарах. З палітыкаў, якія прэтэндавалі на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2001 г., усяго два — Зянон Пазьняк і Віктар Цярэшчанка, калі не лічыць Лукашэнку — вылучаліся кандыдатамі ў прэзыдэнты ў 1994 г. Але і першы, і другі не маглі разьлічваць на падтрымку з боку аб’яднанай апазыцыі і шырокай кааліцыі дэмакратычных сілаў. Выбар гэтых сілаў быў зроблены на карысьць двух былых намэнклятурнікаў — лідэра Фэдэрацыі прафсаюзаў У. Ганчарыка і былога кіраўніка Гарадзенскай вобласьці С. Домаша, вылучанага грамадзкім аб’яднаньнем «Рэгіянальная Беларусь».
ВЫЛУЧЭНЬНЕ КАНКУРЭНТАЎ А. ЛУКАШЭНКІ НА ВЫБАРАХ
Як улада, так і апазыцыя пачалі перадвыбарную кампанію задоўга да рэгістрацыі кандыдатаў. Яшчэ 22 сьнежня 2000 г. Сяргей Гайдукевіч і Міхаіл Чыгір былі запрошаны ў студыю расійскага тэлеканала ОРТ на запіс праграмы «Здесь и сейчас» А. Любімава як патэнцыйныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2001 г.
Праблема вызначэньня адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі была ўзьнята адначасова з пытаньнем аб падрыхтоўцы да выбараў — адразу пасьля восеньскіх выбараў у ПП НС. 15 сьнежня 2000 г. Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў абмеркавала кандыдатуры трох прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах: экс-прэм’ера М. Чыгіра, лідэра грамадзкага аб’яднаньня «Рэгіянальная Беларусь» С. Домаша і вылучанага Фэдэрацыяй прафсаюзаў беларускай і Рэспубліканскай партыяй працы старшыні ФПБ У. Ганчарыка. Выбар паміж імі быў праблематычным, бо кожны з трох кандыдатаў паасобку меў слабыя бакі. С. Домашу дзяржаўныя СМІ навязвалі вобраз радыкальнага апазыцыянэра, зьвязанага з БНФ, што магло адштурхнуць «нявызначаных» выбарцаў. Вылучэньню адзіным М. Чыгіра заміналі крымінальныя справы, распачатыя ўладамі ў 1999 г. супраць яго, а зь лютага 2001 г. — і супраць ягонага сына. Не на карысьць М. Чыгіру быў таксама ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў падчас акцыі «Байкот-2000», а таксама пражываньне ў Маскве, якое магло зашкодзіць яго рэгістрацыі ў якасьці кандыдата (згодна з арт. 80 Канстытуцыі, кандыдат у прэзыдэнты павінен няспынна жыць на тэрыторыі Беларусі на працягу 10 апошніх год перад вылучэньнем). КРДС мелася вызначацца з адзіным кандыдатам да моманту рэгістрацыі, прычым гэтае вызначэньне мусіў зацьвердзіць чарговы V Кангрэс дэмакратычных сілаў. Акрамя прадстаўнікоў ад КРДС, пра свой намер выставіць свае кандыдатуры на будучых прэзыдэнцкіх выбарах на 15 сьнежня 2000 г. заявілі С. Гайдукевіч і С. Калякін.
Паралельна з КРДС пытаньне аб адзіным кандыдату абмяркоўвалася ў партыях. Сваё бачаньне гэтага пытаньня выказаў былы лідэр АГП С. Багданкевіч. Яшчэ ў студзені 2001 г. ён прапанаваў, каб узгадненьне кандыдатуры прайшло на падставе бягучага рэйтынгу і выбарчых пэрспэктываў, прычым да рэгістрацыі кандыдатаў. Паводле сцэнару С. Багданкевіча, усе астатнія апазыцыйныя палітыкі павінны былі ўвайсьці ў кааліцыйную каманду «ўзгодненага» кандыдата. Зацьвердзіць вылучэньне адзінага кандыдата мусіў Кангрэс дэмакратычных сілаў, але пры ўмове, што Кангрэс будзе арганізаваны не КРДС, якая прадстаўляе правацэнтрысцкія сілы, а пад эгідай шырэйшай грамадзянскай кааліцыі.
Вылучэньне кандыдата абмяркоўвалася ня толькі кааліцыйнымі структурамі, але й партыямі. БНФ «Адраджэньне» на чарговым сойме 13 студзеня 2001 г. пастанавіў, што кандытат ад дэмакратычнай каалiцыі павiнен быць вызначаны праз пагадненьне як мага шырэйшага кола дэмакратычных сілаў. Ключавым момантам у вызначэньні меў стаць Кангрэс дэмакратычных сiлаў. КХП БНФ таксама заяўляла аб падтрымцы адзінага кандыдата ад апазыцыі, але 18 лютага Соймавая канфэрэнцыя КХП БНФ вылучыла кандыдатам у прэзыдэнты З. Пазьняка.
У красавіку зьявіліся чуткі, нiбыта БНФ зьбіраецца байкатаваць прэзыдэнцкiя выбары. Між тым, БНФ настойваў на хутчэйшым вызначэньні адзінага кандыдата, бо лічыў недапушчальным збор подпiсаў за некалькiх прэтэндэнтаў паасобку. 9–10 чэрвеня падчас чарговага Сойму Грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне» i Партыi БНФ было адзначана, што Кангрэс дэмакратычных сiлаў Беларусi павiнен прайсьцi як мага хутчэй, але нi ў якiм разе не пасьля рэгiстрацыі ў Цэнтравыбаркаме кандыдатаў у прэзыдэнты.
4 лютага 2001 г., калі стала відавочна, што працэс вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі зацягнуўся, АГП прыняла новую канцэпцыю вызначэньня, дзе прызнала існаваньне двух цэнтраў апазыцыі: Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў і Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай. Адначасова замест вылучэньня адзінага кандыдата было вырашана выпрацаваць адзіны плян дзеяньняў.
Пытаньне аб падтрымцы адзінага кандыдата паглыбіла ўнутраныя супярэчнасьці ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). А. Кароль, лідэр унутрыпартыйнай фракцыі «За адзінства», заклікаў аднапартыйцаў галасаваць за С. Домаша, у той час як старшыня партыі М. Статкевіч прапанаваў ім вызначацца самастойна. Хаця цэнтральнае кіраўніцтва партыі падтрымала лідэра БСДП (НГ) М. Статкевіча, на 5 пазачарговым партыйным зьезьдзе на баку А. Караля выступілі партыйныя структуры Магілёўскай і Гарадзенскай вобласьці.
Бюро ЦК Партыі камуністаў беларускай пасьлядоўна падтрымлівала У. Ганчарыка. 22 ліпеня ЦК ПКБ афіцыйна зацьвердзіў пастанову лідэра партыі С. Калякіна аб яго падтрымцы.
У ліпені апазыцыйныя сілы ізноў заявілі пра сваё імкненьне завершыць працэс вызначэньня адзінага кандыдата. 4 ліпеня Палітсавет АГП прыгразіў адклікаць сваіх чальцоў з камандаў кандыдатаў «пяцёркі» ў тым выпадку, калі працэдура вылучэньня адзінага кандыдата ня будзе вызначана імі да 15 ліпеня. Калі кандыдаты ня здолеюць самастойна вылучыць з свайго складу «найгаднейшага», АГП прапанавала сфармаваць калегію выбарцаў з сотні аўтарытэтных партыйных ды грамадзкіх дзеячаў і абраць адзінага мэтадам галасаваньня. У выпадку нязгоды дэмакратычных кандыдатаў прыняць такія ўмовы вылучэньня «адзінага» АГП абяцала адмовіць у падтрымцы ўсёй пяцёрцы і падтрымаць іншага кандыдата.
Ня менш жорсткую пазыцыю заняў аргкамітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў. 10 ліпеня ён пастанавіў, што калі кандыдаты ня вызначацца з «адзіным» да 15 ліпеня, то ён зробіць гэта самастойна.
ПЕРАДВЫБАРНАЯ КААЛІЦЫЯ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ КАНДЫДАТАЎ
Пры канцы 2000 г. да тройкі «С. Домаш, М. Чыгір і У. Ганчарык» далучыўся П. Казлоўскі. 25 красавіка аформілася «пяцёрка»: пра дамоўленасьць аб каардынацыі дзеяньняў дзеля перамогі на выбарах заявілі У. Ганчарык, С. Домаш, М. Чыгір, П. Казлоўскі і С. Калякін. Пры гэтым разглядалася магчымасьць далучэньня да «пяцёркі» Людмілы Карпенкі — удавы былога старшыні Нацыянальнага выканаўчага камітэта Г. Карпенкі, а Палітсавет АГП таксама абмяркоўваў вылучэньне кандыдатуры аднаго з сваіх кіраўнікоў — Аляксандра Дабравольскага. Жаданьне далучыцца да яе выказвалі В. Цярэшчанка і А. Ярашук.
На першай сумеснай прэсавай канфэрэнцыі 3 траўня кандыдаты «пяцёркі» абвясьцілі, што будуць узаемадзейнічаць пры падрыхтоўцы й правядзеньні выбараў. Да абраньня адзінага кандыдаты «пяцёркі» працавалі адзіным фронтам. 12 чэрвеня яны зьвярнуліся з адкрытым лістом да старшыняў абласных, гарадзкіх і раённых выканкамаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў, у якім заклікалі іх забясьпечыць строгае выкананьне заканадаўства пры фармаваньні выбарчых камісіяў і ў працэсе галасаваньня і падліку галасоў.
Канчатковая пастанова пра выбар адзінага канкурэнта А. Лукашэнку неаднаразова пераносілася. 27 чэрвеня на закрытым паседжаньні «пяцёрка» пастанавіла вызначыцца з «адзіным» самастойна да 15 ліпеня. Аднак і 15 ліпеня рашэньне не было прынята.
Жадаючы вызначыцца з «адзіным» самастойна і пры гэтым захаваць адзінства, кандыдаты зьвярнуліся да канфідэнцыйнага мэмарандуму, падрыхтаванага 8 ліпеня International Republican Institute. У мэмарандуме былі прадстаўлены рэйтынгі кожнага кандыдата сярод ягонага электарату, а таксама выбарцаў, схільных галасаваць за іншых кандыдатаў.
З табліцы відаць, што беларускія выбарцы аказаліся даволі пасьлядоўнымі ў сваіх сымпатыях: тыя, хто аддаваў перавагу А. Лукашэнку, цьвёрда адмаўлялі ў падтрымцы «пяцёрцы». Прыхільнікі кандыдатаў правай часткі палітычнага спэктру (С. Домаш, М. Чыгір) не сымпатызавалі левым (П. Казлоўскі і С. Калякін), і наадварот. Пры гэтым найменшы адмоўны рэйтынг меў У. Ганчарык. Ягоная фігура аказалася здольнай перацягнуць галасы прыхільнікаў іншых кандыдатаў і галасы тых, хто ня вызначыўся. Гэта і абумовіла выбар Ганчарыка на сходзе «пяцёркі» 21 ліпеня. Між тым, мэмарандум абыйшоў увагай такія пазыцыі, як мабілізацыйны патэнцыял штабоў розных кандыдатаў і гатоўнасьць чальцоў штабоў розных камандаў працаваць на іншых кандыдатаў «пяцёркі». Іншымі словамі, пастанова пра выбар Ганчарыка была прынятая без уліку мабілізацыйнага патэнцыялу яго каманды.
25 ліпеня чальцы «пяцёркі» пацьвердзілі гатоўнасьць працаваць на перамогу У. Ганчарыка. С. Калякін і П. Казлоўскі заявілі, што ня будуць дамагацца перагляду пастановы, прынятай імі 21 ліпеня. Пры гэтым П. Казлоўскі заклікаў кандыдатаў М. Марыніча і Л. Сініцына падтрымаць на выбарах У. Ганчарыка.
13 жніўня было падпісана пагадненьне паміж прэтэндэнтамі С. Домашам, У. Ганчарыкам і шырокай грамадзянскай кааліцыяй аб прынцыпах пабудовы будучай дэмакратычнай беларускай дзяржавы. У пагадненьні «Аб узаемных забавязаньнях адзінага кандыдата і шырокай грамадзянскай кааліцыі ў пэрыяд і пасьля выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі» было абумоўлена аднаўленьне дэмакратычнай сыстэмы ўлады: пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады на карысьць заканадаўчай і судовай уладаў, забесьпячэньне незалежнасьці СМІ, правядзеньне парлямэнцкіх выбараў, а таксама выбараў у мясцовыя Саветы па зьмешанай прапарцыянальна-мажарытарнай сыстэме; ажыцьцяўленьне шматвэктарнай вонкавай палітыкі; наданьне значнай ўвагі разьвіцьцю культуры, мовы і вяртаньне нацыянальна-гістарычнай сымболікі. Палітычныя партыі ды грамадзкія арганізацыі, якія падпісалі пагадненьне, узялі на сябе абавязак прыкласьці ўсе намаганьні для абраньня прэзыдэнтам адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, а пасьля, у выпадку яго перамогі, спрыяць у правядзеньні рэформаў у краіне. Дамову падпісалі У. Ганчарык, С. Домаш, П. Казлоўскі, С. Калякін, М. Марыніч, М. Чыгір, А. Ярашук, а таксама буйныя палітычныя і грамадзкія дзеячы: С. Шушкевіч (Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада), В. Вячорка (БНФ), А. Бухвостаў (Беларуская партыя працы), А. Лябедзька (АГП), В. Лявонаў («За новую Беларусь»), А. Мілінкевіч («Рэгіянальная Беларусь») ды інш.
М. Чыгір, П. Казлоўскі, С. Калякін, М. Марыніч, А. Ярашук і У. Ганчарык запатрабавалі ад С. Домаша, каб той адмовіўся ад падпісаньня пагадненьня і зьняў сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата У. Ганчарыка без усялякіх умоваў. Аднак у выніку перамоваў палітыкі былі вымушаныя пагадзіцца з патрабаваньнямі С. Домаша і лідэраў шэрагу апазыцыйных партыяў і падпісаць праект пагадненьня, узгоднены 11 жніўня. 17 жніўня Міністэрства юстыцыі, спасылаючыся на артыкулы Канстытуцыі 1996 г., дзе акрэсьліваюцца выключныя паўнамоцтвы прэзыдэнта, зрабіла заяву аб юрыдычнай нікчэмнасьці пагадненьня паміж кандыдатамі, бо, маўляў, яно ўздымае пытаньне аб зьмене канстытуцыйнага ладу і заклікае да парушэньня Асноўнага Закону краіны. КДБ Беларусі распаўсюдзіў іншую заяву, у якой адзначыў, што фармальна пагадненьне не супярэчыць заканадаўству, але азначае «пачатак прапагандысцкага забесьпячэньня прызнаньня несапраўднымі вынікаў выбараў у выпадку перамогі на іх А. Лукашэнкі».
РЭГІСТРАЦЫЯ Ў ЦЭНТРАВЫБАРКАМЕ
Да 15 чэрвеня Цэнтравыбаркам прымаў сьпісы ўдзельнікаў ініцыятыўных групаў, якія займаліся зборам подпісаў у падтрымку кандыдатаў; да 21 ліпеня ў ЦВК падаваліся подпісы за кандыдатаў; 14 жніўня адбылася рэгістрацыя кандыдатаў.
Дзеля рэгістрацыі прэтэндэнты павінны былі за 3 тыдні набраць і перадаць у Цэнтравыбаркам ня менш за 100 тыс. подпісаў. Эфэктыўнасьць збору подпісаў залежала ад складу ініцыятыўных групаў, бо толькі чальцы ініцыятыўных групаў маглі ім займацца. На стан на 18 гадзін 15 чэрвеня, калі завершыўся тэрмін падачы ў Цэнтральную камісію па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў сьпісаў ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты, акрэсьліліся 25 кандыдатаў у прэзыдэнты:
Сяргей Антончык, лідэр незарэгістраванай арганізацыі «Рабочая самадапамога»;
Сямён Домаш, лідэр незарэгістраванага аб’яднаньня «Рэгіянальная Беларусь»;
Юры Данькоў, дэпутат Мінскага гарадзкога савета, прадпрымальнік;
Сяргей Гайдукевіч, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі і блёку «Новая Беларусь — Адзінства»;
Уладзімер Ганчарык, лідэр Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай;
Павал Казлоўскі, былы міністар абароны, старшыня грамадзкай арганізацыі «Міжнародны фонд рэабілітацыі здароўя былых вайскоўцаў»;
Леанід Калугін, генэральны дырэктар ЗАТ «Атлянт»;
Сяргей Калякін, лідэр Партыі камуністаў беларускай;
Канстанцін Канановіч, інжынэр электроннай тэхнікі, юрыст, часова беспрацоўны;
Яўген Крыжаноўскі, галоўны рэжысэр тэатру сатыры й гумару «Хрыстафор»;
Ніна Лабанава, бібліятэкар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту;
Уладзімер Лапцэвіч, пэнсіянэр;
Валер Леванеўскі, прадпрымальнік;
Аляксандар Лукашэнка, дзейны прэзыдэнт;
Аляксей Ляшко, дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Ліпень»;
Міхаіл Марыніч, надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Латвіі, Эстоніі ды Фінляндыі па сумяшчальніцтве;
Наталя Машэрава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў;
Мікалай Мякека, віцэ-прэзыдэнт міжнароднай асацыяцыі «Абарона правоў чалавека»;
Зянон Пазьняк, лідэр КХП БНФ;
Леанід Сініцын, былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, былы віцэ-прэм’ер, віцэ-прэзыдэнт грамадзкага аб’яднаньня «Сацыяльныя тэхналёгіі» (прэзыдэнтам гэтага аб’яднаньня аказаўся Аляксандар Фядута);
Сяргей Скрабец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік ЗАТ «Гандлёвы Дом БелБабаеўскае»;
Валянцін Сямак, прадпрымальнік, афіцэр запасу КДБ;
Віктар Цярэшчанка, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, генэральны дырэктар сумеснага беларуска-нямецкага прадпрыемства «Міжнародны інстытут мэнэджмэнту» (МІМ-Беларусь);
Міхаіл Чыгір, былы прэм’ер-міністар;
Аляксандар Ярашук, старшыня рэспубліканскага камітэту Беларускага прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу.
21 ліпеня завяршыўся прыём тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў на пост прэзыдэнта. Частка прэтэндэнтаў на ўдзел у выбарах у якасьці кандыдатаў выйшла з барацьбы яшчэ раней. 19 чэрвеня ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўным групам грамадзян па вылучэньні кандыдатамі ў прэзыдэнты А. Ляшка і У. Лапцэвіча. Для А. Ляшка перашкодай стала тое, што ён нарадзіўся ў Расіі (Рэспубліка Комі), а паводле арт. 80 Канстытуцыі, прэзыдэнтам Беларусі можа быць толькі грамадзянін Беларусі па нараджэньні (цікава, што Цэнтравыбаркам без праблемаў зарэгістраваў Яўгена Крыжаноўскага, які нарадзіўся на Ўкраіне ў горадзе Мікалаеў). У выпадку У. Лапцэвіча сьпіс чальцоў ініцыятыўнай групы аказаўся яго асабістай выдумкай. Роўна празь месяц C. Антончык, абвясьціўшы, што сабраў 116 тыс. подпісаў, зьняў сваю кандыдатуру і ўвайшоў у выбарчы штаб М. Марыніча. Сваё рашэньне С. Антончык патлумачыў імкненьнем паказаць супернікам прыклад добрасумленнага пошуку супольнага кандыдата. 21 ліпеня ў якасьці кандыдата, за якога было здадзена болей за 100 тыс. подпісаў, старшыня ЦВК Л. Ярмошына магла назваць толькі А. Лукашэнку. Усяго ЦВК зарэгістравала 22 ініцыятыўныя групы кандыдатаў у прэзыдэнты. 11 з 17 прэтэндэнтаў заявілі, што набралі 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым подпісы ў ЦВК прадставілі 16 кандыдатаў.
Аспрэчыць падлік подпісаў зьбіраліся М. Чыгір, В. Цярэшчанка, З. Пазьняк (чальцы ініцыятыўнай групы З. Пазьняка згубілі частку подпісаў з-за таго, што рэгістравалі подпісы ў раёнах, дзе яны былі сабраныя, а не па месцы жыхарства іх уладальнікаў).
8 жніўня Цэнтравыбаркам разгледзеў скаргі М. Марыніча і Л. Сініцына і адмовіў ім у прэтэнзіі на ўдзел у працягу выбарчай кампаніі. 25 ліпеня Сініцын падаў у ЦВК яшчэ 25 000 подпісаў, якія папрасіў далучыць да ўжо здадзеных. ЦВК адмовілася прыняць подпісы, пададзеныя пасьля ўстаноўленага тэрміну 20 ліпеня. 7 жніўня Л. Сініцын накіраваў у ЦВК другую заяву з копіямі расьпісак, завераных намесьнікамі старшыняў мясцовых выканкамаў аб прыёме падпісных лістоў па вылучэньні Л. Сініцына, якія, нібыта, не былі ўлічаныя ў выніковых пратаколах па Магілёўскай вобласьці. ЦВК устанавіла, што згаданыя ў заяве асобы не працуюць у пазначаных выканкамах і накіравала прынятыя дакумэнты ў пракуратуру. М. Марыніч падаў заяву з просьбай далучыць да раней сабраных у яго падтрымку падпісных лістоў яшчэ 4,5 тысяч подпісаў, сабраных у Менску і ня ўлічаных у выніковых пратаколах выбарчых камісіяў. Праверка ўстанавіла, што ў ягоным выпадку мела месца «тэхнічная памылка», калі за адну партыю здадзеных падпісных аркушоў выдаваліся дзьве расьпіскі. Сам М. Марыніч назваў расьсьледаваньне, праведзенае пракуратурай, неаб’ектыўным.
ДЗЕЯНЬНІ А. ЛУКАШЭНКІ
Разам з адміністрацыйным рэсурсам Лукашэнкам актыўна выкарыстоўвалася і прапаганда. У дзяржаўных СМІ быў шырока разрэклямаваны факт, што ў ліпені стараньнямі Лукашэнкі былі атрыманыя $5 млн. ад нафтавай кампаніі «Слаўнафта» на ўборачную кампанію, а таксама быў арганізаваны за кошт бюджэту «Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі» адпачынак 700 дзяцей з радыяцыйна забруджаных тэрыторыяў у найлепшых лячэльнях Беларусі ды Расіі.
Ня грэбаваў А. Лукашэнка і асабістай дыскрэдытацыяй канкурэнтаў. 6 красавіка 2001 г., падчас сустрэчы з прадстаўнікамі «вэртыкалі» А. Лукашэнка заявіў, што дэпутат Дзяржаўнае Думы Расіі Яўген Прымакоў перадаў яму інфармацыю аб тым, што беларуская апазыцыя атрымала з Захаду на перадвыбарную кампанію фантастычную суму — 500 млн. даляраў.
«ТРЭЦЯЯ СІЛА» НА ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ
Акрамя А. Лукашэнкі і прадстаўнікоў шырокай грамадзянскай кааліцыі ў выбарах удзельнічалі прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду зь менш вызначанай палітычнай пазыцыяй, гэтак званая «трэцяя сіла». Найчасьцей за ёй прынята бачыць уплыў Расіі ці расійскіх фінансава-прамысловых ці фінансава-палітычных групаў. Кандыдатамі ад «трэцяй сілы» ў беларускіх СМІ зазвычай называлі Леаніда Сініцына, Наталю Машэраву і Сяргея Гайдукевіча.
Асабліва цікавая роля лідэра ЛДП С. Гайдукевіча, які надзвычай лёгка прайшоў рэгістрацыю ў Цэнтравыбаркаме, у выбарчай кампаніі. Зь яе пачаткам С. Гайдукевіч пачаў супрацьстаўляць сябе як уладзе, так і аб’яднанай апазыцыі. 24 лістапада 2000 г. ЛДП С. Гайдукевіча абвясьціла пра стварэньне левацэнтрысцкага перадвыбарнага блёку «Новая Беларусь — Адзінства» (НБА), які меўся распачаць падрыхтоўку Кангрэсу народаў Беларусі. Два ранейшыя кангрэсы ладзіліся Народным рухам Беларусі — марыянэткавай праўрадавай ініцыятывай, інсьпіраванай урадам В. Кебіча, якую таксама ўзначальваў С. Гайдукевіч.
На беларускай палітычнай сцэне ЛДП выконвала ролю партыі, якая не бяз посьпеху адцягвала да сябе дэмакратычна настроеных выбарцаў. Улетку 2000 г. ЛДП, не пагадзіўшыся з тактыкай байкоту выбараў у ПП НС, са скандалам выйшла з Кансультацыйнай рады апазыцыйных палiтычных партыяў. Пасьля парлямэнцкіх выбараў ЛДП ізноў выказала жаданьне ўдзельнічаць у працы Кансультацыйнай рады. Такая пастанова была прынята 26 кастрычніка 2000 г. на пашыраным паседжаньні Вышэйшай рады ЛДП з удзелам прадстаўнікоў ЦК і кіраўнікоў рэгіянальных арганізацыяў партыі. 3 лістапада ЛДП заявіла аб гатоўнасьці ўвайсьці ў КРДС. Далейшае разгортваньне падзеяў паказала, што партыя С. Гайдукевіча была гатовая ўвайсьці ў КРДС толькі затым, каб паралізаваць дзейнасьць гэтай структуры. У заяве, распаўсюджанай 1 чэрвеня 2001 г., кіраўніцтва блёку НБА пацьвердзіла, што для яго ні аб якіх палітычных дамовах зь «пяцёркай» і прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі ня можа быць і размовы.
Любы альтэрнатыўны кандыдат, які не ўзгадняе пазыцыі з шырокай грамадзянскай кааліцыяй, размывае пратэстны электарат і такім чынам працуе на ўладу. Апрача гэтага, удзел такога кандыдата ў выбарах можа згладзіць у вачах выбарцаў канфлікт паміж апазыцыяй і прэзыдэнтам і такім чынам заблякаваць уздым палітычнай актыўнасьці патэнцыйных прыхільнікаў дэмсілаў. Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у ЦВК дакладна вызначылі, што такой роляй рэжым надзяліў С. Гайдукевіча. Пікам яго выбарчай кампаніі сталі брутальныя заявы ў дзяржаўных СМІ, накіраваныя на дыскрэдытацыю дэмакратычнага кандыдата У. Ганчарыка.
ВЫСНОВЫ
Выбарчы маратон 2001 г. паказаў, што найбуйнейшыя беларускія палітыкі, за выняткам апартуніста С. Гайдукевіча і камуніста С. Калякіна, ня маюць партыйнай прыналежнасьці. Галоўнай сілай, якая кінула выклік рэжыму А. Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах, аказалася шырокая грамадзянская кааліцыя. Пры гэтым яе праграмны саюз з часткай намэнклятуры не прынёс пазытыўных палітычных вынікаў.
Вялікім пралікам шырокай грамадзянскай кааліцыі стала тое, што цэнтар яе увагі ад прамоцыі свайго кандыдата ў рэальным беларускім грамадзтве перамясьціўся ў сфэру ягоных дзеяньняў у выпадку прыходу да ўлады.