Акторамі беларускай палітыкі напярэдадні выбараў засталіся беспасярэднія прэтэндэнты на новы прэзыдэнцкі мандат — нелегітымнае кіраўніцтва дзяржавы, прадстаўленае прэзыдэнтам Лукашэнкам і ягонымі падначаленымі, а таксама недастаткова папулярная ў грамадзтве апазыцыя ў выглядзе палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянскіх ініцыятываў. Калі лукашэнкаўскі рэжым захаваў адносную згуртаванасьць, то ў шэрагах апазыцыі супярэчнасьці акрэсьліліся вакол поглядаў на тактыку зьмены рэжыму: шляхам радыкальнага адмаўленьня створаных нелегітымным прэзыдэнтам органаў дзяржаўнай улады (апазыцыя супраць дзяржавы) ці шляхам правядзеньня дэмакратычных зьменаў любымі рэальнымі сродкамі, у тым ліку — праз пошук кампрамісу з пралукашэнкаўскімі сіламі (апазыцыя супраць улады).
Перадвыбарныя зьмены ў камандзе А. Лукашэнкі былі прадыктаваныя імкненьнем дамагчыся поўнай мабілізацыі адміністрацыйных рэсурсаў. Збольшага яны прынялі форму кадравых перастановак. Заданьнем найбуйнейшых апазыцыйных сілаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў стала кансалідацыя шырокай грамадзянскай кааліцыі дзеля вылучэньня і супольнай падтрымкі альтэрнатыўнага Лукашэнку кандыдата. Дзеля гэтага апазыцыя пайшла на супрацоўніцтва з прадстаўнікамі намэнклятуры.
Палітычныя партыі
У 2001 г. палітычныя партыі як чыньнікі беларускае палітыкі страцілі той уплыў, які яны мелі, напрыклад, у 1996 г. Заняпад партыяў праявіўся ня толькі ў спадзе ўплывовасьці ды ўнутранай згуртаванасьці, але і ў іхнай колькасьці. Пасьля праведзенай Міністэрствам юстыцыі Беларусі перарэгістрацыі партыяў у краіне стала ўдвая меней: калі на пачатку 1997 г. у Беларусі было зарэгістравана 35 палітычных партыяў, то ў 2001 г. іх засталося 18. Без ажыцьцяўленьня парлямэнцкай дзейнасьці, пры неспрыяльным прававым рэжыме работы з грамадзтвам непадкантрольныя ўладзе партыі скіравалі свае рэсурсы не на дасягненьне праграмных мэтаў, а на адстойваньне канстытуцыйнай законнасьці, абарону правоў чалавека і грамадзянскіх свабод у краіне. На працягу апошніх чатырох год жыцьцяздольнасьць беларускіх партыяў вызначалася не папулярнасьцю іхных праграмных палажэньняў ці ўплывам на структуры дзяржаўнае ўлады, а актыўнасьцю ў рабоце з грамадзтвам, кантактамі партыйных лідэраў з замежнымі партнэрамі ды міжнароднымі структурамі.
ПРАВЫЯ
Традыцыйна правы флянг беларускай палітычнай сцэны займае БНФ «Адраджэньне». Дзейнасьць БНФ поруч зь іншымі партыямі ў Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сілаў (КРДС) стала сьведчаньнем таго, што БНФ пачаў пазбаўляцца прэтэнзіяў на ролю арганізацыі, якая гуртуе ўсе незалежніцкія сілы. На пачатку падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў кіраўніцтва БНФ абмяркоўвала магчымасьць вылучэньня ўласнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта. Але БНФ давялося адмовіцца ад гэтага пляну з прычыны нястачы мабілізацыйнага патэнцыялу і ўнутраных супярэчнасьцяў.
На пачатку выбарчай кампаніі БНФ ня меў і арганізацыйнага адзінства. 30 кастрычніка 1999 г. на другой сэсіі 6 зьезду БНФ «Адраджэньне» зьмяніўся лідэр: Зянона Пазьняка замяніў Вінцук Вячорка. З гэтым не пагадзілася прыхільнікі З. Пазьняка, у выніку чаго БНФ «Адраджэньне» раскалоўся на «Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю «Беларускі народны фронт»» (КХП БНФ) на чале з З. Пазьняком і «Грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі народны фронт «Адраджэньне» (БНФ «Адраджэньне»), які ўзначаліў В. Вячорка. 13 верасьня 1999 г. Міністэрства юстыцыі зарэгістравала партыю КХП БНФ, а 18 лютага 2000 г. — грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне». Падчас выбараў КХП БНФ вылучыла ўласнага кандыдата ў прэзыдэнты — З. Пазьняка, які не набраў дастатковай колькасьці подпісаў для рэгістрацыі й заклікаў сваіх прыхільнікаў нікога не падтрымліваць. БНФ «Адраджэньне» аддаў перавагу супольным дзеяньням з дэмакратычнымі сіламі.
Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) да 1999 г. выконвала ролю цэнтрысцкае партыі, скіраванай перадусім на парлямэнцкую дзейнасьць. Нават пасьля рэфэрэндуму 1996 г. галоўным кірункам ейнай дзейнасьці было інтэлектуальнае забесьпячэньне дзейнасьці фракцыі лібэралаў «Грамадзянскае дзеяньне» ў Вярхоўным Савеце. У 1999 г., пасьля сьмерці намесьніка старшыні АГП Г. Карпенкі ды няўдалых акцыяў апазыцыі 16 траўня і 21 ліпеня 1999 г., АГП радыкалізавалася і ідэалягічна наблізілася да БНФ. Так, у партыйным дакумэнце «Шлях Беларусі да дэмакратыі», прынятым у сьнежні 1999 г., яна абвясьціла сябе «народнай партыяй», што не тыпова для лібэральнай. АГП стала больш актыўна ўдзельнічаць у вулічных акцыях. Пасьля зьмены кіраўніцтва ў красавіку 2000 г. і сыходу зь яе шэрагаў Юр’я Марозава, Уладзімера Навасяда, Васіля Шлындзікава і Леаніда Злотнікава АГП выступіла з ініцыятывай байкатаваньня выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Поруч з БНФ АГП адыгрывала ключавую ролю ў дзейнасьці Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў на першых стадыях вылучэньня адзінай кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі.
ЦЭНТАР
Адмова беларускіх правых партыяў кантактаваць зь нелегітымнымі органамі ўлады прывяла да таго, што электарат цэнтрысцкіх сілаў, прадстаўлены сярэдняй клясай, інтэлігенцыяй, часткова намэнклятурай і работнікамі дзяржапарату, аказаўся слаба ахопленым уплывам дэмакратычных сілаў. АГП, ператварыўшыся зь лібэральнай у лібэральна-кансэрватыўную партыю, вызваліла нішу дзейнасьці цэнтрысцкіх сілаў для пралукашэнкаўскай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі С. Гайдукевіча (створанай у 1995 г. з удзелам і на ўзор Лібэральна-дэмакратычнае партыі Расіі Ўладзімера Жырыноўскага), а таксама такіх новых палітычных актораў, як сацыяльна-лібэральнае грамадзкае аб’яднаньне «Яблык» Вольгі Абрамавай (таксама створанае пры падтрымцы аднайменнае расійскае партыі) ці Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада С. Шушкевіча.
ЛЕВЫЯ
Папулісцкая палітыка А. Лукашэнкі стварыла для левых у Беларусі праблему з ідэалягічным самавызначэньнем. Ува ўмовах неразьвітасьці прыватнага бізнэсу ў Беларусі аб’ектам прыкладаньня палітычнай энэргіі і сацыял-дэмакратаў, і прафсаюзаў стаў галоўны наймальнік — дзяржава. Таму левацэнтрысцкія сілы ў Беларусі прыцягваюць да сябе найменш радыкальную частку левага электарату, а таксама частку цэнтрысцкага. Між тым, наёмныя работнікі складаюць у Беларусі шматлікую сацыяльную базу, якая па-ранейшаму недастаткова задзеяная ў палітыцы. Па-першае, гэтаму замінае шматлікасьць беларускіх сацыял-дэмакратычных партыяў і лідэраў. Па-другое, значная частка працоўных не давярае новым партыям і аддае перавагу больш традыцыйным формам удзелу ў палітыцы, ініцыяваным начальствам альбо прафсаюзамі.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) (БСДП (НГ) стала першай дэмакратычнай партыяй, якая адкалолася ад апазыцыі, згуртаванай у КРДС. Пэўныя разыходжаньні паміж БСДП (НГ) ды іншымі прадстаўнікамі апазыцыі акрэсьліліся яшчэ ўвесну 1999 г., калі плянаваліся выбары ў мясцовыя Саветы. АГП і БНФ пастанавілі ў іх ня ўдзельнічаць, а БСДП (НГ) дазволіла сваім чальцом вылучацца кандыдатамі, хаця і не ад партыі, а ў якасьці прыватных асобаў. Пры падрыхтоўцы акцыі «Байкот-2000», арганізаванай КРДС, пастанова аб’яднанай апазыцыі аб няўдзеле ў выбарах у Палату прадстаўнікоў была катэгарычнай і абавязковай для ўсіх чальцоў гэтай арганізацыі. Насуперак гэтай пастанове кіраўніцтва БСДП (НГ) адмовілася ад байкоту, прычым Цэнтральны камітэт БСДП (НГ) двойчы ўхваліў пастанову лідэра партыі Мікалая Статкевіча ўдзельнічаць у выбарах у ПП НС. М. Статкевіч у парлямэнт не патрапіў, а БСДП (НГ) ня толькі падарвала адзінства апазыцыі, але і сама апынулася на мяжы расколу. За ўдзел у выбарах сябры КРДС прагаласавалі за выключэньне БСДП (НГ) з сваіх шэрагаў, пакінуўшы прадстаўніцтва з правам дарадчага голасу для фракцыі БСДП (НГ) «За адзінства», якая байкот падтрымлівала. 20 лістапада 2000 г. пастановай паседжаньня гаркаму БСДП (НГ) лідэр гэтай фракцыі Аляксей Кароль за невыкананьне патрабаваньняў статуту быў выключаны з партыі, але ўжо праз 2 тыдні яго сяброўства ў партыі было ўзноўлена. Пасьля фармальнае адзінства партыі захавалася, але разыходжаньні паміж прыхільнікамі А. Караля і М. Статкевіча ня зьніклі.
Іншыя сацыял-дэмакратычныя партыі, за выняткам БСДГ С. Шушкевіча, калі не ўзначальваюцца прафсаюзнымі лідэрамі, то арганізацыйна зьвязаныя з прафсаюзамі. Сярод іх найбольш вядомыя Беларуская партыя працы (БПП) і Беларуская партыя жанчын «Надзея». 8 жніўня 2001 году, Беларуская партыя працы (БПП) на V зьезьдзе асудзіла прэзыдэнта Лукашэнку за падмену рашучых захадаў для выпраўленьня эканамічнага стану краіны папулісцкімі абяцанкамі. У заяве «Аб сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў» БПП выказалася за сыход А. Лукашэнкі і яго каманды з палітычнай арэны.
Найбольшую эвалюцыю ў Беларусі перажылі камуністы. Тая частка камуністаў, якая перайшла на бок улады, пераўтварылася ў яшчэ адну пралукашэнкаўскую арганізацыю і не скарыстала нават магчымасьці стварыць фракцыю ў парлямэнце. Апазыцыйная прэзыдэнту Партыя камуністаў беларуская на чале зь Сяргеем Калякіным, наадварот, адчула ўціск улады: ад адмоваў у прадстаўленьні памяшканьняў для партыйных мерапрыемстваў да паклёпаў і абвінавачаньняў у агентурнай дзейнасьці празь дзяржаўныя СМІ. Цяпер антылукашэнкаўскія камуністы адстойваюць прынцып разьдзяленьня ўладаў, шматпартыйнасьць, грамадзянскія правы і свабоды, а ў эканоміцы прапануюць раўнапраўнасьць розных формаў уласнасьці. Паводле ўласнага прызнаньня, лідэр беларускіх камуністаў С. Калякін лічыць сябе перадусім прафэсійным палітыкам, і толькі пасьля — камуністам. На прэзыдэнцкія выбары ён выйшаў у ролі дэмакратычнага кандыдата зь непартыйнай плятформай.
Шторазу пры неабходнасьці мабілізацыі сваіх прыхільнікаў беларускія партыі сутыкаюцца з патрэбай у стварэньні кааліцыі прадстаўнікоў усяго палітычнага спэктру — ад левых (камуністаў) да правых (нацыянальна скіраваных кансэрватараў). Тым ня менш, спробы ейнага стварэньня дагэтуль не прынесьлі ім спадзяванага выніку.
ПРАФСАЮЗЫ
Хаця наёмныя работнікі складаюць сацыяльную базу сацыял-дэмакратычных партыяў, іх падтрымкай імкнуцца заручыцца і прафсаюзы. За апошнія 5 год адбылася заўважная палітызацыя прафсаюзаў, а са студзеня 1999 г. супрацоўніцтва апазыцыі з прафсаюзамі пачало замацоўвацца нават дакумэнтальна[1].
Сёньня ў Беларусі зарэгістравана 38 рэспубліканскіх прафсаюзаў і 16 прафсаюзаў прадпрыемстваў (установаў і арганізацыяў). Найбольш буйной паводле колькасьці застаецца Фэдэрацыя прафсаюзаў беларуская, якая аб’ядноўвае частку беларускіх прафсаюзаў і ўлучае 4,5 млн. чалавек. Аднак для бальшыні зь іх сяброўства ў прафсаюзе застаецца данінай савецкай традыцыі, калі работнікі дзяржпрадпрыемстваў уступалі ў прафсаюзы аўтаматычна пры прыёме на працу, незалежна ад уласнага жаданьня. Пры гэтым тэрытарыяльныя прафсаюзныя структуры традыцыйна маюць блізкія сувязі зь мясцовымі ўладамі. Калі ў 2000 г. А. Лукашэнка паспрабаваў зьмяніць кіраўніцтва некаторых галіновых прафсаюзаў, то сутыкнулся зь нечаканым супрацівам сваёй жа «вэртыкалі» на месцах, бо акурат «вэртыкальнікам» падпарадкоўваліся кіраўнікі прафсаюзных арганізацыяў на прадпрыемствах.
У тым жа годзе праводзілася праверка дзейнасьці ФПБ, падчас якой былі замарожаныя рахункі арганізацыі. Атака на кіраўніцтва ФПБ выклікала рэзкія заявы Міжнароднай арганізацыі працы.
Да эскаляцыі канфлікту паміж уладай і прафсаюзамі моцна спрычынілася пастанова прэзыдыюму ФПБ аб падтрымцы У. Ганчарыка, які вылучыўся кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля яе ўзьдзеяньне рэжыму на ФПБ стала жарстчэйшым: ад дыскрэдытацыі ў СМІ да праверак фінансавай дзейнасьці ды запужваньняў пры дапамозе Канстытуцыйнага Суду[2]. 12 студзеня 2001 г. Міністэрства юстыцыі распаўсюдзіла заяву з пагрозай пазбавіць ФПБ рэгістрацыі ў выпадку вылучэньня У. Ганчарыка кандыдатам у прэзыдэнты. Адным зь першых адказаў на зьяўленьне кандыдата ад прафсаюзаў стала спроба ўраду замарозіць сацыяльнае партнэрства: празь месяц пасьля ўзгадненьня пазыцыяў па пяцёх спрэчных пытаньнях Генэральнага пагадненьня на 2001–2003 гг. Савет міністраў перагледзеў сваю пазыцыю і прапанаваў прафсаюзам новы праект пагадненьня з рэзка скарочанай колькасьцю сацыяльных гарантыяў і нявыгаднымі для прафсаюзаў умовамі. У праекце былі таксама скарочаныя паўнамоцтвы прафсаюзаў для кантролю выкананьня заканадаўства аб працы.
Пасьля выбараў прэзыдыюм ФПБ накіраваў А. Лукашэнку не віншаваньні, але пажаданьні выконваць свае перадвыбарныя абяцаньні. Пры гэтым лідэры прафсаюзаў работнікаў дзяржаўных установаў, аховы здароўя выступілі з ініцыятывай скліканьня нечарговага пленуму ФПБ для адхіленьня У. Ганчарыка ад пасады старшыні ФПБ «з прычыны ўцягваньня прафсаюзу ў палітыку». Аднак на паседжаньні прэзыдыюму ФБП, які меў прыняць гэтую пастанову, яны апынуліся ў меншыні, і У. Ганчарык захаваў сваю сваю пасаду.
КРДС ПАСЬЛЯ IV КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ
Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў (КРДС) была ўтворана 6 партыямі й арганізацыямі як сталая кааліцыйная арганізацыя беларускай апазыцыі. КРДС заснавалі АГП, БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада), Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганiзацыяў[3], Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў i грамадзянская iнiцыятыва «Хартыя’97». Кангрэс дэмакратычных сілаў адыгрывае ролю форуму, на зацьверджаньне якога выносяцца прынцыповыя для аб’яднанай беларускай апазыцыі пастановы. На першым кангрэсе дэмакратычных сілаў, які адбыўся 18–19 кастрычніка 1996 г., напярэдадні другога рэфэрэндуму, беларускае грамадзтва выказвалася ў абарону Канстытуцыі 1994 г. і супраць прэзыдэнцкай дыктатуры. На апошнім V Кангрэсе 18 жніўня 2001 г. шырокая грамадзянская кааліцыя канчаткова ўхваліла супольную стратэгію дзеяньняў на прэзыдэнцкіх выбарах. Для раскладу антылукашэнкаўскіх сілаў напярэдадні выбараў прынцыповае значэньне меў IV Кангрэс дэмакратычных сілаў, які прайшоў 2 ліпеня 2000 г. На IV Кангрэсе да КРДС далучыліся прадстаўнікі Кансультацыйнае рады апазыцыйных палiтычных партыяў — Беларускай партыі працы, Беларускай партыі жанчын «Надзея», Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады С. Шушкевіча, члены Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13 склiканьня, а таксама абласных i менскай гарадзкой КРДС. IV Кангрэс дэмакратычных сiлаў прыняў рэзалюцыю «Аб кансалiдацыi дэмакратычных сiлаў», у якой «для эфэктыўнай рэалiзацыi сумесных палiтычных пастановаў Кангрэсу дэмакратычных сiлаў» заклiкаў мясцовыя структуры арганiзацыяў — удзельнiцаў Кангрэсу прыступiць да стварэньня рэгiянальных каардынацыйных радаў дэмакратычных сiлаў у абласьцях, гарадах i раёнах, дзе яны яшчэ не створаныя.
Каб не дапусьціць легітымізацыі ўлады А. Лукашэнкі сваім удзелам у рабоце незаконна створаных дзяржаўных структур, на IV Кангрэсе дэмакратычных сілаў беларуская апазыцыя пастанавіла байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў. У якасьці прычыны гэтай пастановы была названая адмова ўладаў выканаць умовы правядзеньня законных, свабодных і справядлівых выбараў: наданьне парлямэнту рэальных паўнамоцтваў адзінага заканадаўчага органа; прывядзеньне выбарчага заканадаўства ў адпаведнасьць з эўрапейскімі стандартамі; забесьпячэньне апазыцыі доступу да дзяржаўных СМІ; спыненьне палітычных рэпрэсіяў, забесьпячэньне свабоды сходаў, мітынгаў і шэсьцяў, а таксама свабоды слова.
Насуперак чаканьням ініцыятараў стварэньня КРДС, гэтая структура ня стала адзіным каардынацыйным цэнтрам дзеяньняў усіх антылукашэнкаўскіх сілаў. Не аб’яднала беларускую апазыцыю і акцыя «Байкот-2000»: новы склад ПП НС быў пасьпяхова абраны, прычым у ім апынуліся асобныя дэмакратычныя кандыдаты, якім гэты посьпех каштаваў прыналежнасьці іх рухаў да аб’яднанай апазыцыі (В. Абрамава) ці нават членства ў партыі (У. Навасяд). Разыходжаньні ў стаўленьні да гэтай акцыі выклікалі канфлікты ўнутры самой КРДС. За адмову лідэра БСДП (НГ) М. Статкевіча падпісваць заяву аб асуджэньні выбараў КРДС выключыла ягоную партыю са свайго складу. У знак салідарнасьці з БСДП (НГ) паседжаньні КРДС ігнаравала Беларуская партыя працы. Дэзарганізоўвала Раду і пастанова IV Кангрэсу дэмакратычных сілаў аб наданьні права голасу грамадзкім аб’яднаньням, у тым ліку рэгіянальным і афіцыйна не зарэгістраваным. Прадстаўнікі БСДГ і Беларускай партыі жанчын «Надзея» неаднаразова прапускалі паседжаньні КРДС, бо іх адштурхоўваў роўны статус іхных партыяў зь непартыйнымі і незарэгістраванымі арганізацыямі. 29 траўня 2001 г. з-за непаразуменьняў у дыскусіі аб парадку вызначэньня пазыцыі адзінага кандыдата ў дачыненьнях з Расіяй выхадам з КРДС прыгразіла БСДГ С. Шушкевіча[4]. Прадстаўнікі БСДГ і раней дэманстравалі незадаволенасьць адсутнасьцю кворуму, але якраз сыход гэтай партыі азначаў бы для КРДС канчатковую страту мандату на вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыі. Між тым, на гэтым працэс распаду КРДС не спыніўся. 27 чэрвеня яе пакінула Беларуская партыя жанчын «Надзея». Паводле словаў лідэра партыі В. Палевіковай, гэта было выклікана парушэньнямі дамоўленасьцяў аб складзе «пяцёркі», у прыватнасьці тым, што некаторыя высокапастаўленыя функцыянэры АГП агітавалі далучыцца да «пяцёркі» новых кандыдатаў (А. Ярашука, Н. Машэраву).
НЕЗАЛЕЖНАЕ БЕЛАРУСКАЕ ГРАМАДЗТВА
Новай зьявай, не характэрнай для прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г., стаў актыўны ўдзел у палітыцы (у тым ліку, у перадвыбарнай кампаніі) грамадзкіх аб’яднаньняў. Паводле дадзеных Міністэрства юстыцыі, у Беларусі зарэгістравана 1900 грамадзкіх арганізацыяў. Фармальна, палітыка ня ёсьць сфэрай іх дзейнасьці, але фактычна за апошнія гады шмат якія арганізацыі трэцяга сэктару і нефармальныя дэмакратычныя рухі перажылі палітызацыю. Па-першае, дзяржаўная палітыка, скіраваная супраць інстытуцый «трэцяга сэктару», вымусіла шмат якія арганізацыі актыўней гуртавацца паміжсобку, каб супольнымі намаганьнямі адстойваць свае правы і знаходзіць рэсурсы на дзейнасьць. Па-другое, шмат якія НДА былі ўтвораныя пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996 г. прадстаўнікамі апазыцыйных сілаў і насамрэч перасьледавалі палітычныя мэты, будучы рэакцыяй гэтых сілаў на ўскладненьне варункаў легальнай палітычнай дзейнасьці.
Першымі палітычнымі de facto і грамадзкімі de jure арганізацыямі сталі моладзевыя аддзяленьні палітычных партыяў: «Маладая Грамада» — атожылак БСДП (НГ), «Малады Фронт» — БНФ, «Грамадзянскі Форум» — АГП. Многія прадэмакратычныя НДА паўсталі самастойна, без удзелу партыяў, але прытрымліваюцца выразнай палітычнай пазыцыі. Такія аб’яднаньні, як «Хартыя’97», Асамблея і «Рэгіянальная Беларусь», занялі правы флянг палітычнага поля — паміж БНФ «Адраджэньне» і АГП.
Паколькі прававыя ўмовы дзейнасьці арганізацыяў трэцяга сэктару ў Беларусі не спрыяюць грамадзянскай актыўнасьці, а атрыманьне сродкаў на дзейнасьць дробнымі і рэгіянальнымі арганізацыямі дагэтуль застаецца праблематычным, то неабходнай умовай іх дзейнасьці стала ўменьне наладжваць кантакты паміжсобку і з замежнымі партнэрамі. Пасьля закрыцьця ў Беларусі фонду Сораса ягоную сфэру занялі такія рэсурсныя цэнтры, як «Аб’яднаны шлях», Асамблея, Інстытут дэмакратыі ўва Ўсходняй Эўропе, Цэнтар «Супольнасьць» ды інш. Каардынацыя рэгіянальных арганізацыяў ды нефармальных ініцыятываў прывяла да зьяўленьня такіх структур, як «Ратуша» ў Горадні, «Контур» у Віцебску, «Вежа» ў Берасьці, «Кола сяброў» у Магілёве і г.д.
Павелічэньне колькасьці і ролі недзяржаўных арганізацыяў дэмакратычнай арыентацыі (2–3 сьнежня 1999 г., калі адбыўся ІІІ Кангрэс Асамблеі, у ейным складзе было 430 арганізацыяў) адлюстравалася ў пастанове Асамблеі аб рэгістрацыі і ўдзеле ў прэзыдэнцкіх выбарах 2001 г. Новы старшыня Асамблеі Алесь Бяляцкі заявіў, што трэці сэктар павінен узяць на сябе звычайную для грамадзкіх арганізацыяў на выбарах ролю — назіраньне за выбарамі, удзел у рабоце выбарчых камісіяў і прыцягненьне да выбараў моладзі.
Паказальнай зьявай для сучаснай беларускай палітыкі стала грамадзянская ініцыятыва «Хартыя’97», якая дагэтуль ня мае ні юрыдычнага статусу, ні выразнай структуры. У лістападзе 1997 г. яна паўстала ў выглядзе ініцыятывы для аказаньня юрыдычнай дапамогі грамадзянам, правядзеньня масавых мерапрыемстваў, апэратыўнага інфармаваньня і рэагаваньня грамадзтва на незаконныя дзеяньні беларускіх уладаў. Ня будучы партыяй, «Хартыя’97» стварыла ідэйную глебу для каардынацыі дзейнасьці незадаволенай рэжымам расійскамоўнай часткі грамадзтва і пачала прэтэндаваць на ролю адной з найбольш уплывовых сілаў у КРДС.
Напярэдадні выбараў беларускія НДА займаліся ўсімі відамі перадвыбарнай дзейнасьці: ад мабілізацыі й назіраньня да збору подпісаў і агітацыі. Акрамя гэтага, яны ўдзельнічалі ў вызначэньні выбарчай стратэгіі дэмакратычных сілаў. 13 жніўня паміж двума дэмакратычнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты й шырокай грамадзянскай кааліцыяй было падпісана пагадненьне «Аб узаемных забавязаньнях адзінага кандыдата і шырокай грамадзкай кааліцыі ў пэрыяд і пасьля выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі». Пры гэтым розьніцы паміж палітычнымі і грамадзкімі суб’ектамі «шырокай грамадзкай кааліцыі» не праводзілася. Адзінства беларускай апазыцыі і стала галоўнай ейнай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах.
АФІЦЫЙНЫЯ ЎЛАДЫ
Прэзыдэнт Лукашэнка, рыхтуючыся да выбараў, ажыцьцявіў кадравыя перастаноўкі ў Міністэрстве ўнутраных справаў і Радзе бясьпекі. Таксама ён стараўся прадухіліць удзел у кампаніі прамыслова-эканамічнай эліты. Грунтоўныя зьмены ў Лукашэнкавым атачэньні пачаліся задоўга да выбараў. 27 лістапада 2000 г. былі звольнены старшыня КДБ У. Мацкевіч і генпракурор А. Бажэлка. В. Шэйман быў выведзены з Рады бясьпекі і прызначаны генпракурорам. На пасаду міністра абароны быў ізноў прызначаны Л. Мальцаў. Былы начальнік службы бясьпекі прэзыдэнта У. Навумаў, які некалі ўзначальваў спэцпадразьдзяленьне Міністэрства ўнутраных справаў «Алмаз», атрымаў пасаду міністра ўнутраных справаў. КДБ узначаліў былы начальнік службы бясьпекі прэзыдэнта Л. Ерын.
Прызначэньне былога першага намесьніка міністра ўнутраных справаў М. Удавікова на пасаду намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі сьведчыла пра часовае зьніжэньне ўплыву аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў А. Лукашэнкі В. Шэймана, якога замяніў на пасадзе дзяржсакратара Рады бясьпекі У. Латыпаў. Пазыцыі былога міністра ўнутраных справаў Ю. Сівакова, падчас працы якога на гэтай пасадзе адбыліся гучныя скандалы, выкліканыя зьнікненьнем вядомых у Беларусі людзей, істотна не пахіснуліся: 13 лістапада 2000 г. ён быў прызначаны намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.
Ня ўсе перадвыбарныя перастаноўкі гарантавана ўзмацнялі становішча Лукашэнкі напярэдадні выбараў. Ад яго аддаліліся яго былыя паплечнікі, добра знаёмыя зь «непублічнымі» сфэрамі дзейнасьці беларускага прэзыдэнта (Іван Ціцянкоў, Алег Бажэлка, Віктар Лагвінец).
Адразу пасьля выбараў А. Лукашэнка зрабіў шэраг адставак і прызначэньняў. 12 верасьня ўказам прэзыдэнта ў адстаўку адпраўлены кіраўнік прэзыдэнцкай Адміністрацыі Міхаіл Мясьніковіч. На месца М. Мясьніковіча прызначаны кіраўнік Рады Бясьпекі, нядаўні міністар замежных справаў Урал Латыпаў, сам Мясьніковіч быў пераведзены на пасаду памочніка прэзыдэнта ў асаблівых даручэньнях. Новым кіраўніком Рады Бясьпекі стаў былы кіраўнік службы бясьпекі прэзыдэнта Генадзь Нявыглас. Першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі, ваяўнічы русафіл Уладзімер Замяталін быў таксама адпраўлены ў адстаўку. Першым намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта прызначаны былы першы намесьнік дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі, кадравы работнік спэцслужбаў Станіслаў Князеў. Яшчэ адным намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі стаў Леанід Козік, які да гэтага працаваў намесьнікам прэм’ер-міністра. У першай дэкадзе кастрычніка быў прызначаны новы прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі — міністар архітэктуры і будаўніцтва ўва ўрадзе У. Ярмошына. У адрозьненьне ад У. Ярмошына, Г. Навіцкі, зямляк А. Лукашэнкі, які прыйшоў ўва ўладу разам зь яго абраньнем у 1994 г., ніяк не праявіў сябе ў якасьці публічнага палітыка і вызначаўся адсутнасьцю асабістых сувязяў з расійскім кіраўніцтвам (сфэра будаўніцтва, у якой зрабіў кар’еру Навіцкі, за часоў існаваньня СССР адміністрацыйна падпарадкоўвалася Менску, а не Маскве).
На прэс-канфэрэнцыі з нагоды пераабраньня А. Лукашэнка заявіў, што прынцыповых зьменаў у палітычным курсе краіны не плянуецца. У эканоміцы ім была паабяцаная лібэралізацыя пры дзяржаўнай падтрымцы дробнага й сярэдняга бізнэсу ды захаваньні ранейшага аб’ёму сацыяльных гарантыяў. У палітыцы — працяг барацьбы з карупцыяй, павышэньне ролі ўраду, умацаваньне партыйнай сыстэмы і дзяржаўная падтрымка СМІ. У вонкавай палітыцы — захаваньне курсу на інтэграцыю з Расіяй.
ВЫСНОВЫ
Пры заўважных перагрупаваньнях у стане беларускай апазыцыі захаваўся ранейшы балянс сілаў. Сыстэма ўлады застаецца па-ранейшаму самадастатковай і ня мае патрэбы ў выразнай ідэалёгіі. Сыстэму апазыцыі аб’ядноўвае перадусім непрыняцьцё сфармаванай сыстэмы дзяржаўных улады.
Няздольнасьць партыяў нацыянальна-кансэрватыўнай, камуністычнай і сацыял-дэмакратычнай арыентацыі здабыць уладу паасобку вымусіла іх стварыць супольную кааліцыю. Пры гэтым ідэалягічнае самавызначэньне беларускіх партыяў становіцца ўсё больш умоўным, бо яно адбываецца ўва ўмовах дыфузіі партыйнай сыстэмы з трэцім сэктарам. На пачатак выбарчай кампаніі 2001 г. грамадзкія аб’яднаньні й нават незарэгістраваныя грамадзянскія ініцыятывы набылі ў КРДС роўны статус з палітычнымі партыямі. Мяжа паміж палітычнымі і непалітычнымі арганізацыямі стала яшчэ больш плыннай, бо сфэра дзейнасьці партыяў стала асвойвацца непартыйнымі грамадзка-палітычнымі ўтварэньнямі, што працавалі на выбарах пад кіраўніцтвам штабоў апазыцыйных кандыдатаў. Праз уласныя структуры яны стваралі арганізацыйную аснову прэзыдэнцкай кампаніі, забясьпечвалі (ці, прынамсі, мусілі забясьпечваць) мабілізацыю розных групаў насельніцтва, працавалі з выбарчымі камісіямі — рабілі тое, што партыі робяць для ўласных вылучэнцаў. Упершыню з апазыцыйнымі сіламі сталі гуртавацца прадстаўнікі намэнклятуры, хаця гэты хаўрус ня стаў дастаткова дзейсным, а сама стаўка была прадыктаваная ня строгім палітычным разьлікам, а асабістым візіянэрствам некаторых дэмакратычных лідэраў.
1. Другі Кангрэс дэмакратычных сілаў абавязаўся падтрымаць прафсаюзы ў правядзеньні агульнанацыянальнай акцыі пратэсту.
2. У Канстытуцыйным Судзе разглядалася скарга аднаго з чальцоў ФПБ аб парадку ўплаты сяброўскіх складак.
3. Пасьля афіцыйнай рэгістрацыі гэтая арганізацыя стала называцца «Асацыяцыя грамадзкіх аб’яднаньняў «Асамблея», далей па тэксьце «Асамблея».
4. Прадстаўнік БСДГ Алег Багуцкі заявіў, што яго партыя можа выйсьці з КРДС дзеля беспрынцыповай пазыцыі гэтай структуры ў пытаньні інтэграцыі з Расіяй.