Беларуская палітычная сістэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.

Зборнік аналітычных артыкулаў


Разьдзел 3 Прэзыдэнцкія выбары 2001 году - Палітычны працэс у 2001 годзе

Галоўная адметнасьць палітычнага працэсу ў 2001 годзе палягала ў адсутнасьці палітычнага дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй. Прэзыдэнцкія структуры і апазыцыя суіснавалі і існуюць паралельна, зьдзяйсьняючы свае акцыі, імкнучыся ўзьдзеяць на электарат. Палітычныя падзеі ў Беларусі 2001 году адбываліся ў значнай ступені за межамі ўласна палітычных інстытуцыяў, паколькі самі інстытуцыі ў беларускай сыстэме так і ня сталі легітымнымі каналамі палітычных пераўтварэньняў.

СТАЎКА А. ЛУКАШЭНКІ НА МАСКВУ ЯК ЗАРУКУ СТАБІЛЬНАСЬЦІ БЕЛАРУСКАГА РЭЖЫМУ

У выніку ўласнае палітыкі А. Лукашэнка фактычна апынуўся ў становішчы расійскага сатэліта. Адмова міжнароднае супольнасьці прызнаць ягоны рэжым легітымным пакуль не стварала сур’ёзных праблемаў для беларускага прэзыдэнта ўнутры краіны. Аднак ува ўмовах міжнароднае ізаляцыі і вычарпаньня ўласных, у першую чаргу эканамічных, рэсурсаў палітычнага панаваньня А. Лукашэнка вымушаны шукаць падтрымкі расійскіх элітаў. Узімку, на пачатку 2001 году беларускі прэзыдэнт нанёс візыт у Маскву з мэтай заручыцца падтрымкай расійскіх кіроўных колаў. Афіцыйна візыт быў прымеркаваны да Дзён беларускае культуры ў Маскве.

Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Расіі пачаліся з хакейнага матчу паміж камандай беларускага прэзыдэнта і зборнай вэтэранаў расійскага хакею і прадстаўнікоў Фэдэральнага сходу Расіі. Наступным днём А. Лукашэнка сустрэўся з Уладзімерам Пуціным, Віктарам Герашчанкам, Міхаілам Касьянавым, Паўлам Барадзіным. Увечары ў Вялікім тэатры ён уручыў ордэны і мэдалі Францішка Скарыны мэру Масквы Юр’ю Лужкову, Генадзю Селязьнёву, акторцы Тацяне Даронінай, рэктару МДУ Віктару Садоўнічаму, міністру культуры Міхаілу Швыдкому, галаве нафтагазавай кампаніі «Ітэра» Ігару Макараву.

Увесну, 2 красавіка, у Маскве адбылося паседжаньне Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расіі, прысьвечанае вынікам першага пяцігадовага юбілею саюзу. На паседжаньні быў зацьверджаны саюзны бюджэт на 2001 год, плян працы саюзнага ўраду і пасланьне Парлямэнцкаму сходу, падпісанае пагадненьне аб стварэньні міжнароднай фінансава-прамысловай групы (МФПГ) «Аэракасьмічнае абсталяваньне». З боку Беларусі ў яе склад увайшлі два прадпрыемствы, з расійскага — адзінаццаць.

А. Лукашэнка імкнуўся заручыцца прадтрымкай Уладзімера Пуціна ў пытаньні атрыманьня Беларусяй раней абяцаных расійскіх крэдытаў. Але расійскае Міністэрства фінансаў не паведаміла дакладнай даты вылучэньня першага траншу крэдыту ў 100 мільёнаў даляраў ЗША. У тай жа час галава Цэнтрабанку Віктар Герашчанка паведаміў, што крэдыт будзе выдадзены адразу пасьля таго, як Беларусь ратыфікуе пагадненьні аб адзінай валюце. Адзіны эмісійны цэнтар пры гэтым мусіць знаходзіцца ў Маскве, і друкаваць грошы для Беларусі павінен расійскі Цэнтрабанк.

Увечары 2 красавіка расійскі тэлеканал НТВ паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка быў вымушаны пакінуць Маскву датэрмінова. Згодна з паведамленьнем амбасады Беларусі ў Маскве, праграма візыту была цалкам выкананая. Аднак на ўрачыстым канцэрце ў гонар юбілею расійска-беларускага пагадненьня Аляксандар Лукашэнка не прысутнічаў. Уладзімера Пуціна на ім таксама не было. Першы юбілей беларуска-расійскага саюзу прайшоў дастаткова сьціпла, ня так, як хацелася б беларускаму прэзыдэнту. Барыс Ельцын не зьявіўся на імпрэзы, зьвязаныя зь пяцігодзьдзем беларуска-расійскага саюзу. Расійцы ўзнагародзілі Аляксандра Лукашэнку ордэнам «За заслуги перед Отечеством» ІІ ступені.

У пэрыяд супрацьстаяньня ў Расіі Барыса Ельцына і камуністычных рэваншыстаў Аляксандар Лукашэнка спрытна выкарыстоўваў унутрырасійскія супярэчнасьці, дамагаючыся ад Крамля неабходных саступак у эканоміцы і ў сфэры міжнародных стасункаў. Зь перамогай каманды Ўладзімера Пуціна і пачаткам рэалізацыі рэформаў Масква заняла значна больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да беларускага прэзыдэнта, фактычна, паставіўшы яго ў становішча цалкам кантраляванага васала. Падтрымка расійскіх кіруючых колаў стала неабходным варункам захаваньня ягонае ўлады ўнутры Беларусі.

5 красавіка ў рамках камандна-штабнога трэнаваньня (КШТ) дзяжурных сілаў і сродкаў Аб’яднанай сыстэмы СПА СНД расійскія стратэгічныя бамбавікі Ту-22 і Ту-95 зьдзяйсьнялі пасадку на беларускіх вайсковых аэрадромах: Мачулішчах, пад Менскам, і ў Баранавічах. Паводле задумы КШТ, яны імітавалі парушэньне паветранай прасторы дзяржаваў-удзельніцаў СНД. Аднак выкарыстаньне дзеля такіх мэтаў стратэгічных бамбавікоў надта дарагое. (Для запраўкі кожнага самалёта патрабуецца ад 50 да 100 тонаў газы.) Перш чым сесьці ў Беларусі, гэтыя ж самалёты ўдзельнічалі ў найбуйнейшых за апошнія сем гадоў вучэньнях дальняй авіяцыі Расіі. У паветра былі паднятыя да паўтара дзясятка стратэгічных бамбавікоў, якія ў часе выкананьня вучэльнага баявога заданьня праводзілі запуск крылатых ракетаў і рэальнае бамбаваньне.

Яшчэ з часоў СССР на тэрыторыі Беларусі захаваліся 6 аэрадромаў, здольных прымаць цяжкія бамбавікі. Аэравузел Мачулішчы пад Менскам быў базай дальняй авіяцыі СССР. І цяпер, прымаючы расійскія стратэгічныя бамбавікі на тэрыторыі Беларусі, Аляксандар Лукашэнка прадэманстраваў сваю вартасьць для расійскіх вайскоўцаў — у якасьці прадказальнага і падаўкога партнэра.

З 31 траўня да 1 чэрвеня ў Менску прайшоў саміт краін-удзельніц СНД. 30 траўня, напярэдадні саміту, у 23:37 на тэрыторыі расійскай амбасады ў Менску адбыліся два выбухі. Як паведаміла Ўпраўленьне інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС, «на месцы здарэньня былі знойдзеныя аскепкі і дужкі гранатаў РГД-5, якія сьведчылі пра тое, што былі кінутыя дзьве гранаты».

На наступны дзень у Менск на саміт прыбылі вышэйшыя службовыя асобы Расіі. Выбух ля расійскай амбасады ня выклікаў асаблівай рэакцыі зь іхнага боку. У часе саміту міністры замежных справаў Расіі й Беларусі абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі па пагадненьнях «Аб увядзеньні адзінай грашовай адзінкі і фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы, аб урэгуляваньні пытаньня эмісійнага цэнтру Саюзнай дзяржавы» і «Аб урэгуляваньні пытаньняў, зьвязаных са спыненьнем дзейнасьці органаў Саюзу Беларусі й Расіі», падпісаных у Менску паўгоду таму.

З 1 ліпеня Расія ўвяла ў дзеяньне другую частку Падатковага кодэксу і перайшла на прынцып спагнаньня падаткаў па краіне прызначэньня з усімі краінамі СНД, акрамя Беларусі. Расійскі бок пагадзіўся перайсьці на прынцып спагнаньня ПДВ па краіне прызначэньня толькі пры ўмове аднаўленьня мяжы зь Беларусяй. На тэрыторыі адзінай дзяржавы, на думку расійскага міністэрства фінансаў, ускосныя падаткі павінны спаганяцца па прынцыпе краіны паходжаньня.

Улетку, 20–21 чэрвеня, А. Лукашэнка нанёс двухдзённы візыт у Маскву, дзе пры ягоным удзеле Ўладзімер Пуцін і Міхаіл Касьянаў абмяркоўвалі пытаньні тарыфнага і нетарыфнага рэгуляваньня, спагнаньня ўскосных падаткаў і павелічэньня паставак газу ў Беларусь.

Пры захаваньні поўнамаштабнай палітычнай падтрымкі беларускага рэжыму Расія імкнулася навязаць Лукашэнку ўласныя правілы эканамічнай інтэграцыі. Беларускі бок быў выключаны з удзелу ў вызначэньні мытных ставак і падаткаў у рамках Саюзу Беларусі і Расіі, а таксама падатку на прыбытак. Дзяржаўная Дума Расіі зацьвердзіла 24-адсоткавы падатак, не палічыўшы патрэбным паведаміць пра гэта беларускім саюзьнікам.

Расія таксама адмаўляецца ад працягу рэалізацыі бартэрных схемаў у гандлі Расіі й Беларусі. У выніку скасаваньня расійскага дзяржзаказу на прамысловую і сельскагаспадарчую прадукцыю ідзе скарачэньне расійскага імпарту зь Беларусі. Акрамя таго, Аляксандар Лукашэнка страціў свабоду перамяшчэньняў па расійскіх рэгіёнах, якой карыстаўся ў пэрыяд ельцынскай адміністрацыі. Пашырэньне кантактаў з расійскімі рэгіёнамі ў абыход Крамля спыненае. Пашырэньня паўнамоцтваў саюзных органаў таксама не адбылося.

27 ліпеня Павал Барадзін, дзяржсакратар Саюзу Расіі й Беларусі, наведаў Менск і перадаў Аляксандру Лукашэнку 100 тысяч даляраў для хворых беларускіх дзяцей. У найбліжэйшым часе 70–80 дзяцём будуць зробленыя апэрацыі ў Маскоўскім кардыялягічным цэнтры, паведаміў Павал Барадзін на брыфінгу, які праходзіў у рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў Менску. Імёны расійскіх бізнэсоўцаў, якія за месяц да выбараў беларускага прэзыдэнта заняліся дабрачыннасьцю, засталіся невядомыя. Павал Барадзін прывёз грошы з саюзнага бюджэту на адпачынак 700 дзяцей з Гомельскай вобласьці ў аздараўленчых установах Расіі й Беларусі. Перад візытам Беларусь атрымала 50 млн. амэрыканскіх даляраў расійскага крэдыту, выдадзенага Цэнтрабанкам.

Заходняя палітыка Лукашэнкі

Паралельна стараньнямі беларускіх уладаў пагаршаліся варункі працы Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі. Увесну 2001 году галава камісіі Ганс-Георг Вік прапанаваў, каб расійскія назіральнікі на беларускіх выбарах дзейнічалі ў рамках назіраньня, арганізаванага АБСЭ. У выпадку падпісаньня адзінага пратаколу зь іншымі прадстаўнікамі АБСЭ расійскі бок пры наяўнасьці парушэньняў у часе выбараў прэзыдэнта ня меў бы падставаў прызнаваць вынікі выбараў. А. Лукашэнка абвінаваціў галаву Кансультацыйна-назіральнай групы Ганса-Георга Віка ў фінансаваньні беларускае апазыцыі і прыгразіў дэпартацыяй за самастойны ўдзел у беларускім палітычным працэсе.

З 25 да 29 чэрвеня ў Страсбургу адбывалася апошняе перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі Савету Эўропы. Статус Беларусі ў ПАСЭ, закансэрваваны яшчэ на пачатку 1997 году, застаўся нязьменным. На паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Савету Эўропы ў Страсбургу бралі ўдзел беларускія праваабаронцы, адмыслова запрошаныя ПАСЭ на паседжаньне Камітэту ў юрыдычных пытаньнях і правох чалавека. Сэсія ПАСЭ папярэднічала паседжаньням Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Парыжы 6–10 ліпеня. 30 чэрвеня — 2 ліпеня Менск наведалі прадстаўнікі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ута Цапф і Урбан Алін дзеля вывучэньня сытуацыі перад парыскай сэсіяй. Беларускае пытаньне абмяркоўвалася на 10-й сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. 6 ліпеня на парадку дня Сталага камітэту АБСЭ стаяла пытаньне пра прадстаўніцтва Беларусі ў ПА АБСЭ. Палата прадстаўнікоў, сфармаваная пасьля рэфэрэндуму 1996 году замест Вярхоўнага Савету, не была прызнаная легітымнай.

УНУТРАНАЯ ПАЛІТЫКА ЛУКАШЭНКІ

У часе сваёй мабілізацыйнай кампаніі Аляксандар Лукашэнка, як і ў пэрыяд свайго кіраваньня, які папярэднічаў падрыхтоўцы да выбараў, ладзіў папулісцкія акцыі, прымеркаваныя да знакавых датаў. У першую чаргу — зьвязаныя з часам, калі Беларусь была ў складзе Савецкага Саюзу. Прэзыдэнт стараўся ўзмацніць свае ідэалягічныя рэсурсы за кошт свайго ранейшага электарату і перахапіць частку ідэалягічных рэсурсаў апазыцыі.

Так, 15 сакавіка 2001 году ўпершыню за чатыры гады на афіцыйным узроўні адзначаўся Дзень беларускай Канстытуцыі, прынятай у 1994 годзе. У конадзень гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС прэзыдэнт Лукашэнка наведаў найбольш пацярпелыя ад радыяцыі раёны Беларусі. Гэты візыт шырока асьвятляўся ў дзяржаўных СМІ. Тады ж пацярпелыя раёны наведалі і прадстаўнікі апазыцыі, але іхная прысутнасьць асьвятлялася больш сьціпла.

9 траўня, у Дзень Перамогі над фашысцкай Нямеччынай, А. Лукашэнка браў удзел ува ўрачыстым паседжаньні і шэсьці, прысьвечаных Дню Перамогі. Гэтае традыцыйна савецкае сьвята — абавязковы эпізод у культываваньні настальгіі па СССР. Аднак на гэты раз вайсковы парад у гонар Дня Перамогі ў Менску не адбыўся, а быў перанесены на 3 ліпеня, лукашэнкаўскі Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусі.

18 траўня ў Палацы Рэспублікі ў Менску адбыўся ІІ Усебеларускі сход — зьезд лукашэнкаўскіх вылучэнцаў з усяе краіны. Паводле афіцыйных дадзеных, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел блізу 3 тыс. чалавек. А. Лукашэнка выступіў з дакладам «За моцную і квітнеючую Беларусь», у якім абяцаў не дапусьціць прыватызацыі прадпрыемства «Беларуськалі», Мазырскага солездабыўчага заводу і нафтахімічнага комплексу Беларусі. Таксама ён казаў пра тое, што да 2005 году мяркуецца падняць заробкі на ўзровень ня менш як 250 даляраў у месяц. ІІ Усебеларускі сход прыняў рэзалюцыю, у якой ухваліў сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краіны ў 1996–2000 гадох. Тым часам прадстаўнікі апазыцыі ладзілі пікет на Кастрычніцкай плошчы, спрабавалі разгарнуць плякаты, і былі тут жа схопленыя.

Пры канцы чэрвеня, завяршаючы візыт на Гомельшчыну, Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў у рэклямных мэтах паездку галавы Расійскай Праваслаўнай Царквы Аляксія ІІ па Беларусі. У апошнія дні візыту, які праходзіў у паўднёвых раёнах Беларусі ў кірунку з захаду на ўсход, патрыярх наведаў некалькі гарадоў, найбольш затрымаўшыся ў Мазыры, дзе разьмяшчаецца Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, які часткова знаходзіцца ўва ўласнасьці сумеснага расійска-беларускага прадпрыемства «Слаўнафта».

З Мазыру Аляксій ІІ накіраваўся да месца сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі. 27 чэрвеня візыт праваслаўнага патрыярха завяршыўся сустрэчай з Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбывалася ля помніка Дружбы народаў на сутыку межаў Расіі, Беларусі і Ўкраіны. Ад імя беларускага народу Аляксандар Лукашэнка зрабіў Праваслаўнай Царкве каштоўны падарунак, перадаўшы на аздабленьне маскоўскага храма Хрыста Збаўцы сьвяточныя харугвы коштам 118 млн. беларускіх рублёў (каля 100 тыс. даляраў). Затым разам з Аляксандрам Лукашэнкам Аляксій ІІ накіраваўся ў вёску Карма, дзе яны наведалі мясцовы Сьвята-Пакроўскі храм. На гэтым візыт Аляксія ІІ у Беларусь і паездка Аляксандра Лукашэнкі па Гомельшчыне завяршыліся. У часе гэтага візыту Аляксандар Лукашэнка, за два зь нечым месяцы да выбараў, цягам менш за тыдзень двойчы атрымаў блаславеньне ад найвышэйшага гіерарха Расійскай Праваслаўнай Царквы.

Самай маштабнай рэклямнай акцыяй у падтрымку А. Лукашэнкі і ягонага курсу быў юбілейны, дзясяты, музычны фэстываль «Славянскі базар» у Віцебску, які ладзіўся ў апошнія дні ліпеня. Фэстываль адбываецца штогод, зьбірае выканаўцаў з рэспублік былога СССР і адтварае атмасфэру музычных фэстываляў, што ладзіліся ў савецкі час на тэрыторыі СССР і ў краінах Варшаўскай дамовы. На гэты раз яго наведалі прэзыдэнты Расіі і Ўкраіны.

Пры канцы жніўня ў Беларусі праводзіліся вайсковыя вучэньні «Нёман-2001», на якіх адпрацоўвалася аднаўленьне чыгуначных шляхоў пасьля бамбаваньняў, аналягічных бамбаваньням НАТО ў Югаславіі.

4 верасьня ў Палацы Рэспублікі ў Менску адбылася сустрэча А. Лукашэнкі з выбарцамі. Каля дзьвюх з паловай тысячаў чалавек былі адумысьля дастаўленыя ў Менск з розных рэгіёнаў Беларусі на сустрэчу з прэзыдэнтам.

На ёй А. Лукашэнка сказаў, што за гады ягонага кіраваньня ўдалося спыніць эканамічны спад і забясьпечыць сацыяльна-эканамічную стабільнасьць. Лукашэнка заявіў, што пад ягоным кіраўніцтвам за апошнія 5 гадоў унутраны валавы прадукт узрос на 36 адсоткаў, прамысловая вытворчасьць — на 65 адсоткаў; даходы насельніцтва вырасьлі і складаюць цяпер 106 адсоткаў да ўзроўню 1990 году. Паказьнікаў дзевяностага году не ўдалося дасягчы толькі ў сельскай гаспадарцы. Беларускі прэзыдэнт абнародаваў таксама сваю перадвыбарную праграму. У яе аснову было пакладзена жыльлёвае будаўніцтва, разьвіцьцё экспартнай вытворчасьці, аграпрамысловага комплексу, падтрымка навукі і ўмацаваньне сыстэмы аховы здароўя.

На гэтай сустрэчы Аляксандар Лукашэнка паабяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў выгнаць зь Беларусі кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка. Таксама Аляксандар Лукашэнка зрабіў заяву наконт дзейнасьці ў Беларусі пасла ЗША Майкла Козака, пра тое, што акурат Майкл Козак — аўтар нашумелай заявы дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла па Беларусі. Лукашэнка абвінаваціў амбасаду ЗША ў фінансаваньні беларускай апазыцыі і апублікаваў сьпіс асобаў, якіх нібыта фінансавалі праз амэрыканскую амбасаду. У іх ліку былі названыя лідэр АГП Анатоль Лябедзька, лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, кіраўнік «Вясны-96» Алесь Бяляцкі, намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў, рэдактар «Народнай Волі» Язэп Сярэдзіч, прафсаюзны дзеяч Віктар Івашкевіч, кіраўнік НІСЭПД Алег Манаеў.

ВЫКАРЫСТАНЬНЕ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ РЭСУРСАЎ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ

Пры перадвыбарнай гонцы А. Лукашэнка задзейнічаў магутныя адміністрацыйныя рэсурсы з мэтай аслабленьня апазыцыі. Напярэдадні выбараў прэзыдэнт прыняў шэраг указаў, сярод якіх былі і ўказы, беспасярэдне накіраваныя на ўмацаваньне ягоных пазыцыяў.

Трэба асабліва адзначыць дэкрэты Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі: № 8 ад 12 сакавіка 2001 году, № 11 ад 7 траўня 2001 году і № 20 ад 26 чэрвеня 2001 году.

Дэкрэт № 8 ад 12 сакавіка 2001 году «Аб некаторых захадах што да ўдасканаленьня парадку атрыманьня і выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі» прадугледжвае рэгістрацыю замежнай бязвыплатнай дапамогі і выдачу адпаведных пасьведчаньняў Дэпартамэнтам па гуманітарнай дзейнасьці пры Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі. Пры гэтым выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі да атрыманьня пасьведчаньня забараняецца дэкрэтам, а сам парадак рэгістрацыі замежнай дапамогі вызначаецца Дэпартамэнтам па гуманітарнай дзейнасьці пры Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі. У дэкрэце, падпісаным акурат перад выбарамі прэзыдэнта, адумысьля абумоўлена, што «замежная бязвыплатная дапамога ў любым выглядзе ня можа быць выкарыстана для падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутата, чальца Савету Рэспублікі, для правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў, пікетаваньняў, страйкаў, вырабу і распаўсюджваньня агітацыйных матэрыялаў, а таксама правядзеньня сэмінараў і іншых формаў агітацыйна-масавай працы сярод насельніцтва»1. Дзяржаўны кантроль за мэтавым выкарыстаньнем замежнай бязвыплатнай дапамогі яе атрымальнікамі акрамя Дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці пры Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі быў даручаны Камітэту дзяржаўнага кантролю, Міністэрству ўнутраных справаў, Дзяржаўнаму падатковаму камітэту, Дзяржаўнаму мытнаму камітэту, Дзяржаўнаму камітэту фінансавых расьсьледаваньняў і іх тэрытарыяльным органам і іншым дзяржаўным органам. За парушэньне патрабаваньняў дэкрэту зь юрыдычных асобаў спаганяецца штраф у памеры да 100 адсоткаў кошту атрыманай дапамогі або юрыдычныя асобы караюцца канфіскацыяй атрыманых тавараў (маёмасьці), якія залічваюцца ў даход бюджэту. Таксама дапускаецца ліквідацыя прафсаюзаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў нават за аднаразовае парушэньне палажэньняў дэкрэту, дэпартацыя замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, спыненьне дзейнасьці прадстаўніцтваў замежных арганізацыяў.

Дэкрэт № 11 ад 7 траўня 2001 году быў накіраваны на абмежаваньне свабоды сходаў і іншых масавых мерапрыемстваў напярэдадні выбараў. Як і папярэднія дэкрэты, што датычылі сфэры палітычнае актыўнасьці, ён накіраваны ня толькі на абмежаваньне волевыяўленьня грамадзянаў, але й на ўскладненьне бюракратычнае працэдуры, якая дазваляе легальна праводзіць акцыі апазыцыі.

Дэкрэт прадугледжвае магчымасьць ліквідацыі палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў і іншых арганізацыяў за аднаразовае парушэньне заканадаўства аб сходах. Гэта магчыма, калі «адказныя асобы не забясьпечылі парадку арганізацыі ці правядзеньня акцыі, што выклікала нанясеньне шкоды ў буйным памеры або істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзянаў, арганізацыяў або дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам». Пры гэтым да нанясеньня істотнай шкоды аднесена парушэньне руху транспарту2.

Дэкрэт № 20 ад 26 чэрвеня, улічваючы фактычную непадсправаздачнасьць самога прэзыдэнта беларускаму грамадзтву, інстытутам заканадаўчай і судовай улады, быў накіраваны супраць канкурэнтаў А. Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэты дэкрэт прадугледжваў абавязковае дэкляраваньне даходаў і маёмасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусі, ягоных блізкіх сваякоў, мужа (жонкі) і яго (яе) бацькоў. Фактычнае падпарадкаваньне судовай улады цяперашняму прэзыдэнту забясьпечвае яму магчымасьці для адсейваньня кандыдатаў у працэсе перадвыбарнай кампаніі ў адпаведнасьці з уласным дэкрэтам. У дэкрэце прадугледжваецца, што выкарыстаньне кандыдатам грашовых сродкаў ці іншай матэрыяльнай дапамогі ў парушэньне частак дзявятае і дзясятае артыкулу 48 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусі выклікае адмову ў рэгістрацыі кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусі або скасаваньне пастановы аб яго рэгістрацыі3.

Для дасягненьня перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах беларускі прэзыдэнт ня грэбаваў і фінансавымі рэсурсамі замежных суб’ектаў гаспадараньня, якія ажыцьцяўляюць эканамічную дзейнасьць у Беларусі. 18 чэрвеня 2001 году А. Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 19 «Аб некаторых пытаньнях падаткаабкладаньня замежных юрыдычных асобаў у 2001 годзе». Паводле гэтага дэкрэту, «з 1 ліпеня да 31 сьнежня 2001 г. замежныя юрыдычныя асобы, якія ажыцьцяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі, павінны рабіць адлічэньні ў рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, харчаваньня і аграрнай навукі, адлічэньні сродкаў карыстальнікамі аўтамабільных дарог у дарожныя фонды, а таксама мэтавыя зборы на фармаваньне мясцовых мэтавых бюджэтных фондаў стабілізацыі эканомікі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і харчаваньня, жыльлёва-інвэстыцыйных фондаў і мэтавы збор на фінансаваньне выдаткаў, зьвязаных з утрыманьнем і рамонтам жыльлёвага фонду, у парадку і на ўмовах, вызначаных артыкуламі 11 і 23 Закону Рэспублікі Беларусі «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусі на 2001 год» (Нацыянальны рэестар прававых актаў Рэспублікі Беларусі, 2000).

Апрача выдадзеных дэкрэтаў, у прадстаўнікоў апазыцыі ўзьніклі праблемы, зьвязаныя з крымінальным перасьледам іхных сваякоў. Прычым беспасярэднюю датычнасьць беларускага прэзыдэнта і ягонага найбліжэйшага абкружэньня да падобных крымінальных справаў у варунках Беларусі нельга давесьці наўпрост.

10 лютага 2001 году на аўтарынку ў менскім раёне Малінаўка з двума таварышамі, Васілём Быкавым і Сяргеем Калядом, быў затрыманы сын беларускага экс-прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра Аляксандар Чыгір. Паводле вэрсіі сьледзтва, іх затрымалі, таму што ў часе плянавай праверкі былі, нібыта, знойдзены запчасткі ад скрадзеных аўтамабіляў, апазнаныя пацярпелымі. Пры затрыманьні сын экс-прэм’ера быў зьбіты. Пасьля скаргі на імя пракурора з патрабаваньнем правесьці мэдычны агляд наконт наяўнасьці цялесных пашкоджаньняў Аляксандар Чыгір быў абсьледаваны толькі на трэція суткі.

Чыгір-малодшы быў зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на вул. Валадарскага ў Менску. На дзясяты дзень яму было прад’яўлена абвінавачаньне ў выкраданьні шасьцёх аўтамашынаў зь іх наступнай разукамплектацыяй і рэалізацыяй запасных частак. На пачатку красавіка Аляксандру Чыгіру чарговы раз працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай — да 20 чэрвеня. 6 красавіка невядомымі асобамі быў зьбіты ягоны адвакат Аляксандар Пыльчанка. Ён быў шпіталізаваны, а ягоны падабаронны на доўгі час застаўся безь юрыдычнае дапамогі.

Да 13 чэрвеня Аляксандру Чыгіру не дазвалялі бачыцца зь сям’ёй і бацькамі. Матцы Аляксандра Чыгіра адмовілі ў праве абараняць інтарэсы сына. 13 ліпеня яму дазволілі спаткацца з жонкай, 14 — з маткай. Адваката таксама дапусьцілі не адразу.

Пазьней Аляксандру Чыгіру прад’явілі абвінавачаньне ў стварэньні і кіраўніцтве злачыннай групай, якая займалася выкраданьнем мікрааўтобусаў. Мера магчымага пакараньня ў гэтым выпадку адпавядае 8–15 гадом зьняволеньня. Аляксандар Чыгір не прызнаў сябе вінаватым. Яго новы адвакат Зьміцер Іванішка лічыць, што справа ягонага падабароннага сфабрыкаваная з мэтай зьняславіць яго бацьку, экс-прэм’ера Беларусі Міхаіла Чыгіра.

Пры канцы сакавіка па падазрэньні ў продажы наркотыкаў быў затрыманы Сяргей Віньнікаў, сын экс-старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Тамары Віньнікавай, якая доўгі час утрымлівалася пад хатнім арыштам, затым загадкавым чынам уцякла з-пад варты і цяпер жыве ў Лёндане. Пасьля выбараў ён быў выпушчаны з турмы.

АКЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ

Беларуская апазыцыя ў часе перадвыбарчай кампаніі праводзіла традыцыйныя штогадовыя шэсьці й мітынгі. Хаця ў гэтым годзе 15 сакавіка апазыцыя вырашыла ўстрымацца ад традыцыйнай масавай акцыі, прысьвечанай Дню Канстытуцыі, каб не выдаткоўваць сілы напярэдадні 25 сакавіка, Дня Волі, які адзначаецца з 1990 году. Шэсьце прайшло з арыштамі актывістаў; рэпартажы пра яго трансьляваліся ў расійскім тэлебачаньні. Але ў цэлым мерапрыемства мела дзяжурны характар і ня выклікала асаблівага грамадзкага рэзанансу.

Упершыню на вулічнай акцыі апазыцыі прысутнічалі ў якасьці выпадковых назіральнікаў тагачасны галава Адміністрацыі прэзыдэнта Міхаіл Мясьніковіч, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў і яго намесьнік Леанід Глухоўскі.

Да 15-х угодкаў Чарнобыльскае катастрофы ў гарадох Беларусі адбыліся акцыі апазыцыі. 26 красавіка ў Менску праводзілася шэсьце «Чарнобыльскі шлях». Міліцэйскія сілы на гэты раз ня ўмешваліся, і, у цэлым, іх было незвычайна мала. «Чарнобыльскі шлях» праводзіцца з 1989 году, калі беларускае грамадзтва толькі даведалася пра рэальныя маштабы катастрофы. У 1996 годзе, калі шэсьце пераўтварылася ў выступ супраць прэзыдэнта, праваахоўныя органы дзейнічалі асабліва жорстка, а дэманстранты паводзілі сябе значна больш рашуча. Паводле дадзеных апазыцыі, усяго было затрымана каля 70 удзельнікаў акцыі, 20 чалавек зьвярнуліся па неадкладную мэдычную дапамогу, 100 — атрымалі траўмы рознае ступені цяжкасьці.

На гэты раз усё адбылося звонку спакойна, безь міліцэйскіх кардонаў. Упершыню за доўгі час прыхільнікі апазыцыі прайшлі па галоўнай вуліцы Менску — праспэкце Скарыны. Шэсьце пачалося зь мітынгу, адкрытага намесьнікам старшыні БНФ Вячаславам Сіўчыкам, потым быў праведзены жалобны малебен, прысьвечаны Чарнобыльскай трагедыі. Шэсьце закончылася а 20 гадзіне мітынгам, на якім прысутнічала каля 7000–8000 чалавек. Пачынаўся рух калёны з 5000 чалавек.

Вулічныя выступы ў Дзень Волі і ўгодкі Чарнобыльскай аварыі паказалі, што мабілізацыйныя магчымасьці беларускай апазыцыі за пэрыяд супрацьстаяньня А. Лукашэнку не павялічыліся.

Апрача акцый палітычнай апазыцыі, у краіне адбываліся наўпрост зь ёй не зьвязаныя стыхійныя выступы. Узімку, з 1 да 5 студзеня 2001 году, па ўсёй краіне праходзіў страйк дробных беларускіх прадпрымальнікаў. Яго асноўнай прычынай стала павелічэньне мытных збораў на тавары з трэціх краін, што ўвозіліся з Расіі. Гэта змушала дробных гандляроў павышаць кошт тавару на 40%.

27 красавіка ранкам ткальлі менскага камвольнага камбінату перакрылі вуліцу, патрабуючы выплаціць затрыманыя сакавіцкія заробкі. Для разьвязаньня канфлікту на сустрэчу зь дзьвюма сотнямі ткальляў была адпраўленая дэлегацыя ўрадоўцаў рознага рангу.

5–6 ліпеня ў Менску, у Доме літаратара, прайшоў ІІІ Зьезд беларусаў сьвету. З 334 запрошаных дэлегатаў прыбылі 228 беларусаў з 20 краінаў сьвету, уключаючы ЗША, Вялікабрытанію, Нямеччыну, Бэльгію, Украіну, Польшчу. Зьезд, без усялякае дзяржаўнае падтрымкі, арганізавала Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Напярэдадні зьезду беларускія амбасады за мяжой рэкамэндавалі прадстаўнікам беларускіх дыяспараў не наведваць Менску. На зьезьдзе прысутнічалі Сямён Домаш, намесьнік міністра культуры Валер Гедройц, пасол ЗША Майкл Козак. Зьезд адкрыўся вітаньнямі Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы з Канады і Васіля Быкава.

У выніковай рэзалюцыі зьезду гаворыцца, што аб’яднаньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» пацьвердзіла сваю прыхільнасьць ранейшаму намеру працягваць і пашыраць сваю дзейнасьць, накіраваную на адраджэньне Беларусі як сувэрэннае дзяржавы, кансалідацыю беларусаў як нацыі і фізычнае захаваньне беларускага народу. У дэклярацыі «Беларуская дыяспара і сьвет» быў прыняты зварот да ўрадаў іншых краін, міжурадавых арганізацыяў, дабрачынных фондаў, «трэцяга сэктару» і незалежных СМІ дапамагчы беларускай нацыі вярнуць Беларусь на шлях законнасьці і паскорыць фармаваньне грамадзянскай супольнасьці.

27 ліпеня ў Менску прайшлі акцыі, прысьвечаныя Дню Незалежнасьці. (Пасьля апублікаваньня афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму 1996 году гэтае сьвята было перанесенае на 3 ліпеня, дзень вызваленьня Менску ў другой сусьветнай вайне.) Большую частку ўдзельнікаў акцыяў складала моладзь.

Блізу паўтары тысячы чальцоў незарэгістраванага маладзёвага аб’яднаньня «Зубр» сабралося на пляцы Перамогі ў Менску. Яны прынесьлі да помніка Перамогі вялікі кош з кветкамі, затым каля 50 дзяўчат адна за адной падыходзілі да Вечнага агню і пакідалі каля яго па гвазьдзіку. Затым адбылося публічнае прыняцьцё 15 новых чальцоў — з прысягай на расійскай мове на Бібліі пад бел-чырвона-белым сьцягам. Пасьля гэтага маладыя людзі з партрэтамі зьніклых беларускіх палітыкаў рушылі ў кірунку Кастрычніцкай плошчы. Аднак каля моста празь Сьвіслач іх чакалі некалькі міліцыянтаў і паўтара дзясятка чалавек у цывільным. Побач знаходзілася некалькі міліцэйскіх машынаў. Частка моладзі села на асфальт, астатнія рушылі да вуліцы Камуністычнай. У выніку было затрымана 26 чалавек, зь якіх палову складалі непаўналетнія. Некаторых падлеткаў адпусьцілі, іншагародніх затрымалі да прыезду бацькоў. Арыштаваныя паўналетнія ўдзельнікі акцыі ўтрымліваліся ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку да панядзелка, пасьля чаго над імі пачаліся суды.

Увечары ў парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор адбыўся канцэрт, прысьвечаны Дню Незалежнасьці, арганізаваны «БМА Group». У ім бралі ўдзел беларускія гурты «N.R.M.», «Крама», «Зьніч», «Уліс», «Zet». Пад канец канцэрту на ім прысутнічала каля 2000 чалавек.

29 ліпеня ў Менску, у Палацы культуры ААТ «Сукно», адбыўся 1 Кангрэс беларускай дэмакратычнай моладзі. У ягонай працы ўзялі ўдзел 523 дэлегаты і больш за 40 гасьцей. З маладзёвых арганізацыяў был прадстаўленыя «Малады фронт», «Маладая грамада», «Маладыя сацыял-дэмакраты», «Задзiночаньне беларускiх студэнтаў», Беларуская партыя свабоды, рух экалягічнага супраціву «Зубр», Асацыяцыя маладых прадпрымальнікаў і некалькі больш дробных арганізацыяў. На кангрэсе прысутнічалі Ўладзімер Ганчарык, Сямён Домаш, старшыня «Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Анатоль Грыцкевіч і старшыня «Таварыства беларускай мовы» імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. Таксама кангрэс наведалі прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, праваабарончых арганізацыяў, АБСЭ і амбасады ЗША.

У 12.20 перад дэлегатамі і гасьцямі выступіў Уладзімер Ганчарык з рэзкімі выказваньнямі пра стан Беларусі, на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля выступу супрацоўнікі міліцыі абвясьцілі пра атрыманае паведамленьне, што заля Палаца культуры замінаваная. На 15 хвілінаў заля была аддадзеная ў распараджэньне супрацоўнікаў міліцыі. Бомбу не знайшлі.

Пасьля перапынку выступілі Сямён Домаш, Вінцук Вячорка, Юры Хашчавацкі і прадстаўнікі рэгіёнаў. Пры канцы кангрэсу была прынятая рэзалюцыя, у якой было падтрыманае вылучэньне адзінага кандыдата ад шырокае грамадзянскае кааліцыі.

1 жніўня ў Менску блізкія сваякі беларускіх палітыкаў, бізнэсоўцаў і журналістаў, якія зьніклі бязь вестак або былі рэпрэсаваныя, правялі несанкцыянаваны пікет каля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта, трымаючы ў руках партрэты сваіх родных, пацярпелых ад рэжыму. Наступным днём такі ж пікет правяла Аб’яднаная грамадзянская партыя.

6 жніўня кіраўнікі незарэгістраванае Міністэрствам юстыцыі маладзёвае арганізацыі «Малады фронт» правялі прэсавую канфэрэнцыю, на якой заявілі, што апошнім часам чальцоў іхнае арганізацыі масава выклікаюць на допыты ў КДБ. Да некаторых сябраў сьледчыя прыходзілі пагутарыць нават дамоў. Больш за тое, за актывістамі «Маладога фронту», паводле словаў лідэраў, было наладжанае сачэньне; КДБ падазраваў «Малады фронт» у датычнасьці да выбухаў на тэрыторыі расійскае амбасады ў ноч на 31 траўня.

22 жніўня ўвечары прыхільнікі беларускай апазыцыі правялі акцыю «Кола неабыякавых людзей». Некалькі сотняў грамадзянаў сталі вакол рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў Менску. Удзельнікі трымалі партрэты зьніклых дзеячоў апазыцыі. На акцыі прысутнічаў экс-кандыдат у прэзыдэнты Сямён Домаш. Правакацыяў і спробаў разагнаць пікет не было. Гарадзкія ўлады былі загадзя папярэджаныя і не рызыкнулі разганяць пікет напярэдадні выбараў. Акцыя доўжылася каля гадзіны, затым удзельнікі разышліся. Аналягічныя акцыі адбыліся па ўсёй Беларусі.

На працягу ўсяе вясны і лета маладзёвы рух «Зубр» ладзіў палітычныя гэпінінгі, якія не патрабавалі вялікае колькасьці ўдзельнікаў. Такая форма палітычнае барацьбы ў Беларусі ўпершыню пачала выкарыстоўвацца ў шырокіх маштабах. Раней традыцыйнымі формамі пратэсту заставаліся мітынгі, дэманстрацыі й пікеты.

Напярэдадні выбараў у часе адборачнага матчу чэмпіянату сьвету-2002 Беларусь-Украіна юныя заўзятары, прадстаўнікі руху «Зубр», колерамі сваіх футболак стварылі на трыбунах выяву бел-чырвона-белага сьцягу. У выніку больш за 100 актывістаў незарэгістраванага маладзёвага руху «Зубр» былі сілком выдаленыя за межы стадыёну. Гэта суправаджалася зьбіцьцём. Абвінавачаньні ў парушэньні грамадзкага парадку на стадыёне не выстаўляліся.

Падобная сутычка адбылася раней, 16 жніўня, у часе правядзеньня маладымі прыхільнікамі АГП футбольнага турніру на стадыёне «Вымпел» у парку Чалюскінцаў у Менску. Тады трое вайскоўцаў унутраных войскаў забралі ў дзьвюх актывістак арганізацыі «Зубр» бел-чырвона-белы сьцяг. Некалькі дзясяткаў заўзятараў з «Зубра» накіраваліся ўсьлед за патрульнымі да будынка РАУС Цэнтральнага раёну і заблякавалі рух транспарту на скрыжаваньні вуліцаў Арлоўская і Старавіленская, у тым ліку і аўтобусу з АМАПам. Пасьля гэтага міліцыя аддала сьцяг пікетчыкамі. Але затым больш за дзесяць удзельнікаў былі затрыманыя, хаця пазьней іх адпусьцілі на волю.

Мабілізацыйная кампанія апазыцыі не прыцягнула да ўдзелу ў адкрытых акцыях пратэсту значнай колькасьці незадаволеных. Асноўная маса найбольш актыўных прыхільнікаў апазыцыі ўжо была задзейнічана. Выяўленьня незадаволенасьці насельніцтва, што ня ўдзельнічала ў мерапрыемствах апазыцыі, варта было чакаць на выбарах у верасьні.

У чэрвені 2001 году ў рамках праекту «Беларусь: пэрспэктывы ў ХХІ стагодзьдзі» НІСЭПД правёў нацыянальнае апытаньне. Было апытана 1499 рэспандэнтаў ува ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшых, памылка рэпрэзэнтацыйнасьці не перасягнула 0,03%. Вынікі апытаньня паказалі, што пераважная бальшыня насельніцтва выбірае ўдзел у галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах (гл. табліцу.)

Паводле дадзеных таго ж апытаньня, у чэрвені бальшыня насельніцтва не была задаволеная вынікамі кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ці задаволеная часткова (гл. табліцу.)

Беларускай апазыцыі была неабходная максымальная мабілізацыя насельніцтва дзеля перамогі. Але мабілізацыя электарату ў падтрымку свайго кандыдата, супраць Аляксандра Лукашэнкі, можа быць эфэктыўнай толькі пры жорсткім незалежным кантролі за правядзеньнем выбараў. Аляксандру Лукашэнку, які сканцэнтраваў у сваіх руках адміністрацыйныя рэсурсы, дастатковыя для кантраляваньня дзейнасьці выбарчай камісіі, у першую чаргу неабходная ляяльнасьць бюракратыі і нэўтралізацыя староньніх назіральнікаў. І апазыцыя, і прэзыдэнт прытрымліваліся ўжо сфармаванай тактыкі ўзьдзеяньня на электарат — галоўным чынам праз СМІ і публічныя акцыі.

ПАЛІТЫЧНЫЯ АКЦЫІ ПАСЬЛЯ ВЫБАРАЎ

9 верасьня ў Беларусі праходзілі прэзыдэнцкія выбары. А 14 гадзіне, паводле афіцыйных дадзеных, яўка выбарцаў па краіне склала 57,93%. Гэта азначала, што выбары адбыліся.

Ранкам 10 верасьня Цэнтравыбаркам назваў канчатковыя афіцыйныя дадзеныя па выніках выбараў. Паводле гэтай інфармацыі, за Аляксандра Лукашэнку аддалі свае галасы 75,62% выбарцаў, за Ўладзімера Ганчарыка — 15,39%, Сяргея Гайдукевіча — 2,48%. Цэнтравыбаркам заявіў, што выбары ў Беларусі праводзіліся ў адпаведнасьці з законамі. У цэлым у выбарах узялі ўдзел 83,8% грамадзянаў Беларусі.

Тым жа ранкам у панядзелак, 10 верасьня, Уладзімер Ганчарык зладзіў прэс-канфэрэнцыю. На сустрэчы з журналістамі таксама прысутнічалі Міхаіл Чыгір і Сяргей Калякін.

Уладзімер Ганчарык заявіў, што накіроўвае скаргу ў ЦВК з патрабаваньнем прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі. Скарга падрыхтаваная на падставе зьвестак, атрыманых ад Беларускага Гельсынскага Камітэту, грамадзкай ініцыятывы «Незалежнае назіраньне» і назіральнікаў зь ягонага штабу.

Уладзімер Ганчарык адзначыў, што фармаваньне тэрытарыяльных участковых выбарчых камісіяў адбывалася з парушэньнем прынцыпу прадстаўнічасьці. Ува ўсіх дзяржаўных СМІ вялася адкрытая прапаганда ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Бюлетэні вымаліся са скрынак і замяняліся на іншыя. «Калі Цэнтравыбаркам не задаволіць маю скаргу, тады я буду абскарджваць пастанову ЦВК у Вярхоўным судзе, а затым і ў міжнародных судовых інстанцыях. Мы будзем дамагацца непрызнаньня выбараў. Заяўляю, што вынікі галасаваньня сфальсыфікаваныя. Гэта ня вытанчаная перамога, як пасьпела ўжо паведаміць БТ, а вытанчаная падробка. Насамрэч, паводле нашых дадзеных, за мяне прагаласавалі 40% выбарцаў, а за Лукашэнку — 46%. Падобна, што мне давялося падзяліцца сваімі галасамі. Сёньня мы пойдзем у працоўныя калектывы з тым, каб у 17.00 арганізаваць на Кастрычніцкай плошчы мітынг пратэсту»4.

Сяргей Гайдукевіч, кіраўнік ЛДП, пасьпяшаўся павіншаваць А. Лукашэнку зь перамогай.

9 верасьня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, насупраць рэзыдэнцыі прэзыдэнта, пад дажджом адбыўся несанкцыянаваны мітынг, які сабраў блізу 5000 прыхільнікаў беларускае апазыцыі. Мітынг быў прызначаны загадзя, на 20.00 9 верасьня. Ён прайшоў досыць спакойна, без сутычак зь міліцыяй і правакацыяў. На мітынгу выступіў адзіны кандыдат ад апазыцыі У. Ганчарык, прысутнічалі М. Чыгір, М. Марыніч, С. Антончык. Пад ранак удзельнікі разышліся.

20 верасьня адбылася цырымонія ўступленьня на пасаду прэзыдэнта. Характэрна, што А. Лукашэнка даваў прысягу не ў будынку парлямэнту, а ў Палацы Рэспублікі. А. Лукашэнка прысягаў не перад парлямэнтам, а перад сабранымі ў Палацы Рэспублікі ляяльными прадстаўнікамі беларускага грамадзтва. Асноўную масу запрошаных складалі прадстаўнікі праўрадавых грамадзкіх аб’яднаньняў.

А. Лукашэнка прысягнуў на Канстытуцыі 1996 году, галава Цэнтравыбаркаму Л. Ярмошына ўручыла прэзыдэнту службовае пасьведчаньне на пяцігадовы тэрмін. Аднак, апрача гэтых працэдураў, далейшая цырымонія ня мела адпаведнае рэглямэнтацыі ў беларускім заканадаўстве.

Пасьля прысягі прэзыдэнта на Кастрычніцкай плошчы адбыўся парад, хаця падобная цырымонія Канстытуцыяй не прадугледжвалася. На Кастрычніцкай плошчы перад Палацам Рэспублікі Аляксандар Лукашэнка выступіў перад прадстаўнікамі ўзброеных сілаў, Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў, КДБ, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, курсантамі Вайсковае акадэміі і Сувораўскае вучэльні. Імправізаваны вайсковы парад афіцыйна праходзіў як прывядзеньне да прысягі. Пры гэтым давалася прысяга народу й прэзыдэнту. Салдаты і афіцэры маршам прайшлі па пляцы, прагрымеў салют з гарматаў, разьмешчаных непадалёк ад Кастрычніцкай плошчы, на стадыёне «Дынама», дзе звычайна знаходзіцца рэчавы рынак.

У гэты дзень цягнікі мэтро не спыняліся на станцыі «Кастрычніцкая», у цэнтар горада былі сьцягнутыя дадатковыя сілы міліцыі.

У цэлым, ніякіх сур’ёзных выступаў, акцыяў пратэсту, якія можна было б супаставіць з акцыямі апазыцыі ўвесну 2001 году, пасьля апублікаваньня афіцыйных вынікаў выбараў не адбылося. Уступленьне Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта прайшло спакойна.

1 Дакумэнт даступны па адрасе: http://www.ncpi.gov.by/. (Усе інтэрнэт-адрасы дзейныя на 09.09.2001 г.).

2 Гл. Дэкрэт Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ад 7 траўня 2001 г. № 11 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленьні парадку правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый, іншых масавых мерапрыемстваў і пікетаваньня ў Рэспубліцы Беларусі». Дакумэнт даступны па адрасе: http://www.ncpi.gov.by/.

3 Гл. Дэкрэт Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ад 26 чэрвеня 2001 г. № 20 «Аб абавязковым дэкляраваньні даходаў і маёмасьці кандыдата ў прэзыдэнты Республікі Беларусі, яго блізкіх сваякоў, супругі (супруга) і яе (яго) бацькоў і некаторых іншых мерах, накіраваных на правядзеньне адкрытых, свабодных і сумленных выбараў». Дакумэнт даступны па адрасе: http://www.ncpi.gov.by/.

4 ПРЕСС-КОНФЕРЕНЦИЯ // БЕЛОРУССКАЯ ДЕЛОВАЯ ГАЗЕТА. №1030 ОТ 11.09.2001.