Прычыны трываласьці існуючага ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму трэба шукаць ня толькі ў асаблівасьцях беларускай палітычнай сыстэмы, у асобе прэзыдэнта Лукашэнкі, але і ў спэцыфіцы беларускага электарату.
Зьяўленьне Лукашэнкі на палітычнай сцэне, тое, што ён нягледзячы на неспрыяльныя для яго зьмены ў палітычнай сытуацыі ўчэпіста захоўвае ўладу, тлумачыцца яго здольнасьцю дастаткова дакладна ўлоўліваць спадзевы, настроі, уяўленьні беларускага грамадзтва, факусаваць гэта ў сваёй камунікацыі з выбарцамі і адлюстроўваць у сваёй палітыцы. Значны пэрыяд сваёй кар’еры ў савецкі час Лукашэнка займаўся чыста прапагандысцкай працай[1]. Ідэалёгія позьняга СССР абумовіла кірунак яго палітычнай сацыялізацыі.
Колькасьць людзей пэнсійнага веку (ад 55 гадоў і болей) складае 23,3% ад агульнай колькасьці насельніцтва Беларусі[2]. 77,9% беларускіх пэнсіянэраў — прыхільнікі Лукашэнкі.
Прычым з узростам колькасьць прыхільнікаў рэжыму падвышаецца. Ува ўзроставай катэгорыі ад 60 гадоў і болей (18,6% ад агульнай колькасьці насельніцтва) прыхільнікамі Лукашэнкі ёсьць 81,7% выбарцаў.
Такім чынам, частку цьвёрдага электарату Лукашэнкі складаюць людзі пэнсійнага ўзросту (сам гэты «цьвёрды» электарат у залежнасьці ад палітычнага кантэксту вагаецца ад 35 да 50% беларускіх выбарцаў).
Паміж двума палітычнымі полюсамі — левым «пралукашэнкаўскім» і правым «незалежніцкім» — знаходзіцца вялікі сэгмэнт электарату, які ня вызначыўся, не ідэнтыфікуе сябе зь нейкай ідэалёгіяй. У залежнасьці ад абставінаў ён складае 30–45% беларускіх выбарцаў.
Палітычныя паводзіны гэтай бальшыні часта ня маюць рацыянальнага характару: яна знаходзіцца ўва ўладзе стэрэатыпаў, сфармаваных за часоў існаваньня СССР. На ўзроўні масавай сьвядомасьці ў гэтых людзей гарманійна спалучаюцца ўзаемасупярэчлівыя ўяўленьні: яны выступаюць за «рынкавую эканоміку», але пры «жорсткім дзяржаўным рэгуляваньні», за «незалежную беларускую дзяржаву», але ў складзе «саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі» і г.д.
Успрыманьне гэтай бальшынёй прэзыдэнта Лукашэнкі адбываецца не ў структурна-функцыянальных катэгорыях, як найвышэйшай службовай асобы, абранай на пэўны тэрмін і «зьвязанай» пэўнымі сфэрамі кампэтэнцыі, а хутчэй у індывідуальна-ацэначных, як «моцнай» асобы.
Апрацоўваючы гэтую «электаральна хісткую» бальшыню, беларускі рэжым пры дапамозе дзяржаўных СМІ навязвае грамадзтву ўяўленьне, што да ўсяго пазытыўнага ў грамадзтве асабіста спрычыніўся прэзыдэнт Лукашэнка, а ўсё нэгатыўнае адбываецца па віне бюракратаў, дырэктараў прадпрыемстваў, міністраў, іншымі словамі, унутраных і вонкавых ворагаў.
Падчас выбарчай кампаніі 2001 году рэжымам шырока ўжываўся трук супрацьстаўленьня «сумленнага і справялівага» прэзыдэнта Лукашэнкі і «карумпаванай намэнклятуры». Пэрыядычныя публічныя чысткі, якія праводзяцца сярод прадстаўнікоў вышэйшай бюракратыі, прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу, апрача ўсяго іншага, спрыяюць мабілізацыі лукашэнкаўскага і «нявызначанага» электарату.
Факт, што рэжыму сапраўды ўдалося дасягнуць адносных эканамічных посьпехаў, выкарыстоўваецца афіцыйнай прапагандай для навязваньня Лукашэнку іміджу гаранта эканамічнай стабільнасьці і эканамічнага разьвіцьця Беларусі.
1991–1995 гг. былі часам рэзкага падзеньня ўзроўню вытворчасьці, выбуху інфляцыі (яе месячны ўзровень складаў 35–40%) і, як вынік, рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця ў Беларусі. У 1996 г. сытуацыя пачала зьмяняцца да лепшага. На працягу 1999–2001 гадоў тэндэнцыя эканамічнага росту была захаваная. На прэзыдэнцкія выбары 2001 году беларускае грамадзтва выйшла, маючы ўзровень дабрабыту, блізкі да савецкага. Апытаньне, праведзенае ў траўні 2001 г., дало такую карціну спажывецкіх настрояў беларусаў:
Беларускае грамадзтва ў абліччы бальшыні сваіх грамадзян аддае перавагу гарантаванаму, відавочнаму спажывецкаму мінімуму перад зьменамі, у пазытыўным выніку якіх яно ня ўпэўненае. Калі палітычная пазыцыя «пралукашэнкаўскага» і «незалежніцкага» электарату мае ідэалягічную дэтэрмінанту («кансэрватыўна-савецкую» і «нацыяналістычную»), то для бальшыні «нявызначаных» беларускіх выбарцаў першараднымі выступаюць сацыяльна-эканамічныя пытаньні[3].
Стабілізацыя эканомікі дазваляе беларускаму рэжыму прапагандаваць «уласнае» разуменьне дэмакратыі. Месца «правоў чалавека» замяніла ідэалягема «жорсткага парадку». Пры гэтым інстытуцыйнае і заканадаўчае афармленьне аўтарытарнага рэжыму адбывалася ад «імя народу». Кожнай буйной палітычнай акцыі з боку ўлады папярэднічае адпаведная «народная» ініцыятыва, будзь гэта «Ўсебеларускі народны сход»[4] альбо недзяржаўныя de jure арганізацыі, якія аб’ядноўваюць лукашэнкаўскіх прыхільнікаў[5].
У гэтым сэнсе паказальна, што адным зь першых крокаў Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта было стварэньне ў структуры сваёй адміністрацыі ўпраўленьня «па працы з зваротамі грамадзян».
Што датычыць сталага «лукашэнкаўскага» электарату, то яго сацыяльны партрэт у першай палове 2001 г. быў такі:
За Лукашэнку масава галасуюць людзі сталага веку зь невялікім узроўнем адукацыі, жыхары Ўсходняй Беларусі, жыхары вёсак і мястэчак. На момант апытаньня Лукашэнка меў падтрымку 32,6% работнікаў дзяржсэктару (менш яго падтрымлівалі работнікі нешматлікага недзяржаўнага сэктару (21,6%), якія маюць, як правіла, большы заробак у параўнаньні зь першымі).
Да сталага «незалежніцкага», дэмакратычнага электарату можна аднесьці прыблізна 20% беларускіх выбарцаў[6]. Яго ядро складае моладзь з высокім узроўнем адукацыі, прадстаўнікі інтэлігенцыі, кваліфікаваныя работнікі, сярэдняя кляса. Пераважна гэта жыхары Менску і паўночна-заходняй Беларусі.
1. З 1975 году, з моманту сканчэньня Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту, і па 1982 год, а таксама ў 1985–1987 гг. Лукашэнка быў палітработнікам.
2. У гэтым артыкуле выкарыстоўваюцца дадзеныя ўсеагульнага перапісу насельніцтва Беларусі (1999 г.), матэрыялы Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі, вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, праведзеных Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), а таксама незалежнай сацыялягічнай лябараторыяй «Новак».
3. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што ад 65 да 70% беларускіх выбарцаў, адказваючы на пытаньне: «Якія праблемы Вас больш за ўсё хвалююць?», — называюць у першую чаргу эканамічныя праблемы.
4. Удзел у «выбарах» дэлегатаў «Усебеларускага народнага сходу» бяруць меней за 5% беларускіх выбарцаў. Пры гэтым традыцыйна «Ўсебеларускі народны сход», дэлегаты якога пераважна прадстаўнікі «прэзыдэнцкай вэртыкалі», выступаюць з ініцыятывамі ад імя ўсяго беларускага народу.
5. Напрыклад, пытаньні, якія былі вынесеныя на рэфэрэндум траўня 1995 г., зь верасьня 1994 г. лябіявалі «недзяржаўныя» грамадзкія арганізацыі накшталт «Славянскага Сабору «Белая Русь».
6. Каля 20% беларускіх выбарцаў нэгатыўна ставяцца да наданьня расейскай мове роўнага статусу зь беларускай і да зьмены дзяржаўнай сымболікі, ажыцьцёўленай у траўні 1995 г. Гэта пытаньні вельмі паказальныя ў сэнсе палітычных перавагаў «незалежніцкага» электарату.