Дзедзіч

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь

30


Kантракты – зацуглялi...

Масавы перавод працоўных i служачых на кантракты набыў апошнiм часам масавы характар. Людзей цiкавiць, цi могуць iх прымушаць пераходзiць на кантракты, цi могуць яны адмовiцца заключаць кантракт i, нарэшце, цi не з'яўляецца прымусовы перавод на кантракты парушэннем працоўных правоў жыхароў краiны.

Трэба адзначыць, што тэмай кантрактаў я зацiкавiўся невыпадкова. Чамусьцi менавiта ў гэтым годзе пачаўся масавы, вельмi часта нiчым не абгрунтаваны перавод працоўных i служачых краiны на кантрактную аснову. Прычым трэба адзначыць, што кантракты амаль ва ўсiх выпадках заключаюцца толькi на 1 год. У некаторых выпадках раней заключаныя кантракты тэрмiнам на 5 год у гэтым годзе былi перазаключаныя на новы, гадавы тэрмiн.

Усё гэта нагадвае спланаваную i арганiзаваную некiм кампанiю. Аднак дарэмнымi былi мае намаганнi знайсцi хаця б нейкi нарматыўна-прававы акт аб неабходнасцi пераводу ўсiх працоўных краiны на гадавы кантракт. Такога дакумента проста няма. Усё, як заўсёды, адбываецца выключна "добраахвотна" i, як казалi ў савецкiя часы, "па шматлiкiх просьбах трудзяшчыхся". Насамрэч iнiцыятыва пераводу на кантракты зыходзiць менавiта з Адмiнiстрацыi прэзiдэнта, якая праз выканаўчую вертыкаль настойлiва "рэкамендуе" адмiнiстрацыям прадпрыемстваў i ўстаноў ажыццяўляць перавод сваiх супрацоўнiкаў на гадавыя кантракты. Робiцца ўсё гэта са спасылкай на цiкавы "дакуменцiк" – пратакол-даручэнне прэзiдэнта РБ ад 24.12.2004 № 49 па вынiках пастаянна дзеючага семiнара кiруючых работнiкаў рэспублiканскiх i мясцовых органаў кiравання "Кадры кiравання ў сучасных умовах", якi адбыўся 20-21.11.2003г. На жаль, тэкста гэтага даручэння раздабыць так i не ўдалося, бо гэта не нарматыўна-прававы акт i ён у адпаведным дзяржаўным рэестры не зарэгiстраваны. Любiць наш прэзiдэнт апошнiм часам выдаваць цiкавыя дакументы, прававы статус якiх не зусiм зразумелы – то дырэктыву напiша, то даручэнне.

ШТО ТАКОЕ КАНТРАКТ

Права заключаць кантракты з працаўнiкамi было нададзена наймальнiку згодна з Дэкрэтам прэзiдэнта РБ ад 26.06.1999 г. № 29 "Аб дадатковых мерах па ўдасканаленнi працоўных адносiн, узмацненнi працоўнай i выканаўчай дысцыплiны". Раней кантракты заключалiся з некаторымi катэгорыямi працаўнiкоў (кiраўнiкi прадпрыемстваў, асобы, якiя маюць права на поўную пенсiю, i iнш).

Кантракты могуць заключацца як пры прыёме на працу, так i з працаўнiкамi, якiя працуюць па бестэрмiновай працоўнай дамове. Пры гэтым трэба памятаць, што заключэнне кантракта павiнна адбывацца ў сувязi з абаснаванымi вытворчымi, арганiзацыйнымi цi эканамiчнымi прычынамi, аб чым працаўнiк павiнен быць пiсьмова папярэджаны за месяц. Заканадаўствам таксама ўстаноўлена, што кантракт як вiд тэрмiновай працоўнай дамовы заключаецца ў выпадках, калi працоўныя адносiны не могуць быць устаноўлены на нявызначаны тэрмiн з улiкам характару працы цi ўмовамi яе выканання. Адпаведна няма нiякай працоўнай неабходнасцi пераводзiць на кантракт токара цi фрэзероўшчыка на заводзе, настаўнiцу ў школе цi прыбiральшчыцу, iншых працоўных i служачых, чыя праца, яе характар дазваляюць рэгуляваць працоўныя адносiны з наймальнiкам на падставе бестэрмiновай працоўнай дамовы. Але чаму зараз пераводы на кантракты набылi татальны характар, якiя небяспекi ў сувязi з гэтым хаваюцца i што трэба ведаць, калi вас пераводзяць на кантракт? Для гэтага давайце спачатку разбяромся, што ж такое кантракт.

Кантракт – працоўная дамова, якая заключаецца ў пiсьмовай форме на вызначаны ў iм тэрмiн, якi ўтрымлiвае асаблiвасцi ў параўнаннi з агульнымi нормамi заканадаўства аб працы i якi прадугледжвае канкрэтную мiнiмальную кампенсацыю за пагаршэнне прававога стану працоўнага.

Што ж гэта за асаблiвасцi такiя ўтрымлiвае кантракт у параўнаннi з агульнымi нормамi заканадаўства, у чым яны заключаюцца? У параўнаннi з Працоўным кодэксам кантракт як вiд тэрмiновага працоўнага дагавору прадугледжвае пагаршэнне прававога статусу працоўнага. Гэтае пагаршэнне заключаецца ў тым, што наймальнiк мае права спынiць працоўныя адносiны з працаўнiком па заканчэннi тэрмiну дзеяння кантракта без усялякiх тлумачэнняў, а працоўны не можа звольнiцца па асабiстым жаданнi на працягу ўсяго тэрмiну дзеяння кантракта. Ёсць толькi некалькi падставаў для спынення дзеяння кантракта па затрабаваннi працаўнiка датэрмiнова. Гэтыя абставiны выкладзеныя ў арт. 41 ПК РБ (хвароба альбо iнвалiднасць, якая перашкаджае выкананню працы па працоўным дагаворы, а таксама парушэнне наймальнiкам заканадаўства аб працы, калектыўнай дамове альбо працоўнай дамове, пры гэтым гэтыя парушэннi мусяць быць устаноўлены адмыслова ўпаўнаважаным дзяржаўным органам нагляду за выкананнем заканадаўства аб працы, прафсаюзамi цi судом). Кантракт можа быць датэрмiнова скасаваны таксама па згодзе бакоў.

Мiнiмальны тэрмiн кантракта – адзiн год, а максiмальны – пяць гадоў. Канкрэтныя тэрмiны дзеяння кантракта вызначаюцца пагадненнем бакоў. Але на практыцы гэта значыць, што тэрмiны вызначае наймальнiк. Не хочаш падпiсваць, не падпiсвай i звальняйся.

Як бачым, пагаршэнне ўмоваў працаўнiка вельмi iстотныя, наймальнiк можа звольнiць яго як падчас дзеяння кантракта (па вiноўных абставiнах, пазначаных у ПК i ў самiм кантракце), так i пасля яго заканчэння. Пры гэтым нiякiх кампенсацый па звальненнi ў сувязi з заканчэннем кантракта не прадугледжваецца. Адзiны выпадак, калi працаўнiку выплачваецца кампенсацыя ў памеры трох сярэднямесячных зарплат, – гэта ў выпадку датэрмiновага скасавання кантракта ў сувязi з невыкананнем яго ўмоваў па вiне наймальнiка. (Згодна з п.2 Пастановы Савета мiнiстраў "Аб зацвярджэннi прыкладнай формы кантракта наймальнiка з працаўнiком" ад 2.08.1999 г. № 1180.) Прычым гэты пункт не распаўсюджваецца на асобаў, што дасягнулi пенсiйнага ўзросту.

Можна толькi ўявiць, наколькi гэта зручная для наймальнiка, ды i для ўладаў наогул, сiстэма. Зараз можна звольнiць любога няўгоднага супрацоўнiка, i зрабiць гэта вельмi проста – не працягнуць яму кантракт на наступны год. Усё законна, i нiякiх тлумачэнняў не патрэбна. Нiякi суд не адновiць, а ПК з ягонымi гарантыямi можна выкiнуць у сметнiк. Цяпер можна спакойна расправiцца i з прафсаюзным "крыкуном", i з апазiцыйным "адмарозкам", i проста з непрыемным для начальства чалавекам, якi шмат правоў "качае" цi проста не падабаецца. Фактычна ствараецца сiстэма ўсеагульнага кантролю.

Трэба адзначыць, што ад пераводу на кантракты церпяць i такiя катэгорыi працоўных, як цяжарныя жанчыны i жанчыны, што маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, адзiнокiя мацi, што маюць дзяцей ад трох да чатырнаццацi гадоў (дзяцей-iнвалiдаў да 18 год), бо гарантыi для дадзеных катэгорый працоўных, прадугледжаныя ч.3 арт. 268 ПК, распаўсюджваюцца на iх толькi на час дзеяння кантракта. Пасля яго заканчэння наймальнiк мае права не працягваць працоўныя адносiны з гэтай катэгорыяй жанчын на новы тэрмiн. А цi будзе захоўвацца за жанчынай, што знаходзiцца ў дэкрэтным адпачынку цi адпачынку ў сувязi з доглядам за дзiцем ва ўзросце да трох гадоў, яе працоўнае месца, калi тэрмiн дзеяння яе кантракта толькi адзiн год? Не будзе, бо па заканчэннi тэрмiну кантракта заканчваюцца i працоўныя адносiны з жанчынай, якая знаходзiцца ў дэкрэтным адпачынку. Вось вам i клопат пра будучыню нацыi i сацыяльна арыентаваная краiна. Калi раней жанчына, якая збiралася стаць мацi, была ўпэўненая, што пасля дэкрэтнага адпачынку за ёй застанецца яе працоўнае месца, зараз такiх гарантый у яе няма. Скончыўся кантракт – шукай працу нанова. Такая сiтуацыя можа прывесцi проста да працоўнай дыскрымiнацыi жанчын, бо наймальнiкi не захочуць працягваць кантракты з жанчынамi. Яны то нараджаюць, то ў iх дзецi хварэюць, якiя з iх работнiкi. Раней яны не маглi звольнiць "проста так", а зараз – элементарна.

Вось такiя пагаршэннi, а што ж узамен? А ўзамен кантракт павiнен прадугледжваць дадатковыя ўмовы стымулявання працы (згодна з п. 2.5. Дэкрэта) сярод якiх: – прадстаўленне дадатковага заахвочвальнага адпачынку з захаваннем сярэдняй заработнай платы да пяцi каляндарных дзён; – павышэнне тарыфнай стаўкi (не больш як на 50%, калi большы памер не прадугледжаны заканадаўствам).

Трэба адзначыць, што наймальнiкi вельмi "ашчадна" ставяцца да гэтых дадатковых умоваў стымулявання працы: дадаюць адзiн дзень да адпачынку i 1% да заробку. Вельмi часта наймальнiкi наогул не ўключаюць у кантракт нiякiх дадатковых умоваў, спасылаючыся на адсутнасць грошай. У такiм выпадку кантракт супярэчыць патрабаванням дзеючага заканадаўства i ў першую чаргу палажэнням самога Дэкрэта № 29. Вельмi часта ў кантрактах адсутнiчаюць пункты аб тым, што на супрацоўнiка распаўсюджваюцца палажэннi заключанай калектыўнай дамовы памiж прафсаюзнай арганiзацыяй, сябрам якой з'яўляецца працаўнiк, i наймальнiкам.

ШТО РАБIЦЬ, КАЛI ВАМ ПРАПАНАВАЛI ПЕРАЙСЦI НА КАНТРАКТ

Па-першае, вы павiнны памятаць, што аб намеры перавесцi вас на кантракт наймальнiк павiнен пiсьмова паведамiць вам за месяц да пераводу на кантракт. Паведамiць менавiта ў пiсьмовай форме. За месяц да пераводу на кантракт вам павiнны прадаставiць уведамленне аб намеры заключыць з вамi кантракт на год, у якiм вы маеце права паставiць подпiс i дату ўручэння паведамлення. У тэксце паведамлення мусiць быць указаны тэрмiн пачатку месячнага папярэджання i яго заканчэння, а таксама iнфармацыя аб тым, што ў выпадку адмовы ад пераходу на кантракт вы будзеце звольненыя па п.5 арт. 35 ПК РБ (адмова працягваць працу ў сувязi са зменамi iстотных умоваў працы). Паведамленне павiнна мець рэгiстрацыйны нумар i подпiс, пячатку. Адзiн экзэмпляр паведамлення павiнен захоўвацца ў вас на руках, другi ў канцылярыi наймальнiка. Невыкананне наймальнiкам гэтых працэдур можа пацягнуць прызнанне пераводу на кантракт не адпавядаючым патрабаванням заканадаўства.

Памятайце, што перавод на кантракт павiнен быць матываваны. Нельга пераводзiць на кантракт толькi таму, што ў краiне адбываецца кампанiя пад назвай "Даеш кантракт!" У п.20 Пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 29.03.2001 № 2 "Аб некаторых пытаннях выкарыстання судамi заканадаўства аб працы" даецца растлумачэнне, што маецца на ўвазе пад тэрмiнам працоўнай i вытворчай неабходнасцi. Згодна з п.2 Пастановы, "змены iстотных умоваў працы павiнны быць матываваны вытворчымi, арганiзацыйнымi цi эканамiчнымi прычынамi, якiя выражаюцца, у прыватнасцi, у рацыяналiзацыi працоўных месцаў, зменах тэхнiкi i тэхналогii вытворчасцi, увядзенні новых формаў арганiзацыi працы, удасканаленні працоўных месцаў на падставе атэстацыi". Зразумела, што для наймальнiка не складае вялiкiх цяжкасцяў сказаць, што ён пераводзiць вас на кантракт у сувязi з рацыяналiзацыяй вашага працоўнага месца, але ў шэрагу выпадкаў гэта проста немагчыма. Як патлумачыць неабходнасць пераводу на кантракт выхавацелькi ў дзiцячым садку, цi прыбiральшчыцы, цi нават рабочага завода? У большасцi выпадкаў патрабаваннi матываванасцi пераводу на кантракт наогул iгнаруюцца наймальнiкам. I дарма, бо, згодна з арт. 35 ПК Рэспублiкi Беларусь, адсутнасць доказаў, якiя пацвярджаюць абаснаваныя вытворчыя, арганiзацыйныя цi эканамiчныя прычыны пераводу на кантракт робяць далейшае звальненне па п.5 арт. 35 ПК Рэспублiкi Беларусь незаконным.

Пасля таго як вы атрымалi паведамленне, у вас ёсць два варыянты: даць згоду на перавод на кантракт цi адмовiцца. У выпадку адмаўлення ад пераводу на кантракт вы будзеце звольненыя па п.5 арт. 35 ПК Рэспублiкi Беларусь. Звальненне па гэтым артыкуле прадугледжвае выплату двухтыднёвай выхадной дапамогi, але не прадугле-джвае захавання гарантый для некаторых катэгорый працаўнiкоў, прадугледжаных нормамi ПК РБ: гарантыi для цяжарных жанчын i жанчын, што маюць непаўнагадовых дзяцей; працаўнiкоў, маладзейшых за 18 год; гарантыi прафсаюзных працаўнiкоў. Справа ў тым, што звальненне па гэтым артыкуле не з'яўляецца звальненнем па iнiцыятыве наймальнiка.

У выпадку, калi вы ўсё ж такi вырашылi падпiсаць кантракт, вы мусiце ведаць, што пункты кантракта павiнны быць узгоднены памiж вамi i наймальнiкам, у тым лiку i тэрмiн, на якi ён заключаецца.

Таксама кантракт павiнен утрымлiваць дадатковыя меры стымулявання працы (дадатковы адпачынак да 5 дзён з захаваннем заробку i iнш.). Не дапускаецца заключэнне кантракта тэрмiнам менш як на адзiн год. Звальненне працаўнiка па заканчэннi кантракта, заключанага тэрмiнам менш як на адзiн год, будзе прызнанае судом як незаконнае, i працаўнiк будзе адноўлены на працы з выплатай кампенсацыi за вымушаны прагул i кампенсацыяй маральных стратаў у адпаведнасцi з нормамi ПК РБ. Вельмi часта такiя кантракты заключаюць з асобамi перадпенсiйнага i пенсiйнага ўзросту. Нi Дэкрэт №29, нi iншыя нарматыўныя акты не прадугле-джваюць такога права. Мiнiмальны тэрмiн у адзiн год устаноўлены для ўсiх катэгорый працоўных без выключэння. Згодна з п.5 Палажэння аб парадку i ўмовах заключэння кантрактаў наймальнiкамi з працаўнiкамi (зацверджана Пастановай Савета мiнiстраў РБ 25.09.1999г. №1476), канкрэтны тэрмiн кантракта вызначаецца па згодзе бакоў.

Зыходзячы з гэтага, пасля таго як вы атрымалi уведамленне аб пераводзе вас на кантракт, вы можаце напiсаць заяву на iмя кiраўнiка прадпрыемства аб тым, што вы не супраць перайсцi на яго, але хочаце ведаць, чым такi перавод матываваны, i просiце тэрмiны, дадатковыя сацыяльна-бытавыя льготы (п.11 Палажэння) узгаднiць з вамi. Заяву абавязкова зарэгiструйце у канцылярыi, другi асобнiк пакiньце ў сябе. Лепш, калi такiя ж заявы напiшуць усе вашы калегi па аддзеле, цэху, iншай арганiзацыйнай структуры. Разам вам будзе прасцей аказваць цiск на адмiнiстрацыю прадпрыемства, патрабуючы заключыць кантракт з вамi не на адзiн год, а на пяць гадоў, уключыць у яго патрабаваннi аб распаўсюджваннi на вас умоваў калектыўнай дамовы i г.д. А наймальнiк не зможа звольнiць вас па п.5 арт. 35 ПК, паколькi вы пiсьмова праiнфармавалi яго аб згодзе працягваць працоўныя адносiны па кантракце.

Яшчэ адна акалiчнасць, якую трэба ведаць. Калi з вамi раней ужо быў заключаны кантракт, яго перазаключэнне на новы тэрмiн, яго працяг, змены ўмоваў кантракта адбываюцца толькi па згодзе бакоў у адпаведнасцi з заканадаўствам.

Напрыканцы я б хацеў сказаць, што, безумоўна, перавод усiх працоўных на кантракты з'яўляецца парушэннем працоўных правоў. Практыка выкарыстання Дэкрэта № 29 сведчыць пра тое, што наймальнiкi вельмi часта iгнаруюць патрабаваннi заканадаўства пры ажыццяўленнi такiх пераводаў.

Але самае горшае ў гэтай сiтуацыi, што чалавек пры заключэннi такога кантракта робiцца безабаронным, залежным ад адмiнiстрацыi прадпрыемства. Пры практычнай адсутнасцi незалежных прафсаюзаў у краiне няма каму стаць на абарону правоў працоўных, акрамя самiх працоўных.

Праз кантракты ўлады ствараюць зручную сiстэму кантролю над грамадствам. На жаль, у Беларусь зноў вяртаецца сiстэма усюдыiснага кантролю над грамадзянамi, такая знаёмая нам з часоў СССР. Людзей зноў прымушаюць маўчаць, баяцца i хлусiць. Адзiная дзяржаўная iдэалогiя, кантроль над студэнтамi i моладдзю праз адзiную праўрадавую арганiзацыю, кантракты па месцы працы – усё гэта звеннi аднаго ланцуга.