Дзедзіч

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь

30


Ці варта ўступаць?

- Мікола, мне казалі, што ты ўступіў у камсамол!"

- Дзе? (грэбліва аглядаючы падэшвы ботаў)

Гэтая показка з вялізнаю барадою мусіла нібыта страціць сваю актуальнасць па заламанні камуністычнай ідэалогіі і распадзе Савецкага Саюзу, калі адышоў у нябыт і Камуністычны Саюз Моладзі. Але раптам новае жыццё яму (вядома, ужо крыху змененаму пад патрэбы часу) дала ініцыятыва любімых і дарагіх нам кіраўнікоў нашай дзяржавы. Мова ідзе пра ўтварэнне БРСМ. Мабыць, некаму спаць не дае настальгія па "залатых дзяньках", калі пад чырвоным сцягам наша рэспубліка ў вялікім гурце саюзных рэспублік будавала Вялікую Утопію ХХ стагоддзя – камунізм. І найдзіўнейшым фактам з'яўляецца тое, што пераемнасць традыцый камсамола БРСМам не толькі не хаваецца, а нават усяляк падкрэсліваецца. "Члены" БРСМ не пасаромеліся нават прысабачыць правы на тыя ордэны, якія атрымаў камсамол у савецкія часы – іх выявы аздабляюць зараз членскія білеты БРСМаўцаў! А гэта, у сваю чаргу, значыць, што БРСМ задуманы не проста нейкім там пераемнікам традыцый камсамола. БРСМ і ёсць камсамол. Падноўлены, так, але той жа самы. Лукамол. Вельмі трапнае азначэнне, дарэчы.

Праўда цяпер перад БРСМам задача складанейшая. Сучасная моладзь ужо глытнула свабоды. Яна не ведае таго маразму, які панаваў за часамі камуністаў. Яе не прывучалі з маленства хадзіць толькі строем і спяваць толькі хорам. Яна лічыць права на сваё асобнае меркаванне нечым прыродным, натуральным. Дзеля гэтага яшчэ больш брыдкімі выглядаюць спробы "купіць" моладзь рознымі ільготамі і зніжкамі, якія прапануюцца як галоўны аргумент на ўступленне. І ільготы гэтыя не матэрыялізоўваюцца з паветра. Сродкі на іх не дае са сваёй кішэні добры Лукашэнка. Гэта грошы УСІХ падаткаплатнікаў (у тым ліку і са стыпендый студэнтаў). І гэтымі нашымі грашыма (і не малымі) чыноўнікі шчодра адорваюць сваіх пестуноў-лукамольцаў, фактычна купляючы іх лаяльнасць да сябе і рэжыму. Брыдка? Так, брыдка.