Дзедзіч

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь

30


Горад, якога няма, або рэквіем па...

Дадзены артыкул распачынае серыю гістарычных замалёвак, прысвечаных гісторыі нашага горада. з першага артыкула гэтай серыі вы даведаецеся пра гісторыю старажытнага берасця, які існаваў 200 гадоў таму. Горад, які называлі "Брамай да Рэчы Паспалітай", горад, які быў прынесены ў ахвяру, каб на яго месцы з'явілася наймагутнейшая крэпасць свайго часу.

Гэты горад знаходзіўся на галоўным гандлёвым шляху сярэднявечча. Тыя, хто жадаў патрапіць «з вараг ў грэкі», абавязкова спыняліся ў порце з дзіўнай назвай "Берасце".

СВІТАНАК

Горад вельмі хутка развіваўся і багацеў. У 1390г. ў гараджан хапіла грошай, каб выкупіць сабе права на самакіраванне. Была падпісана грамата, па якой Берасце першым сярод беларускіх гарадоў атрымала Магдэбургскае права. Горад стаў нечым накшталт сучаснай "вольнай эканамічнай зоны". На глебе, аздобленай сама-кіраваннем, буйна разрасталася будаўніцтва, вытворчасць, але асабліва добры ўраджай прыносіў гандаль. Берасцейскія караблі вязуць свой тавар амаль ва усе порты Еўропы.

Асабліва шчыльныя сувязі ўсталяваліся з Венецыяй. З яе ў Берасце з'язджаюцца настаўнікі, мастакі і архітэктары. Напэўна, адзін з венецыянскіх умельцаў пабудаваў у Берасцейскім замку "рурмус". Так тады называлі вадаправод. Звыклае для нас тэхнічнае прыстасаванне па тым часе было вельмі рэдкай з'явай. У зямлю былі схаваны драўляныя трубы, спецыяльныя помпы качалі ваду, а жыхары замка былі пазбаўленны патрэбы кожны дзень цягацца да ракі. Што ні кажы, любілі берасцейцы папесціць сябе.

А на адной з вежаў стаяў трубач, які сваім граннем адзначаў кожную новую гадзіну, якую пражыў горад.

ЗЕНІТ

Пастанова дзяржаўнага сейма: "…Ад таго ўсё ў Рэчы Паспалітай залежыць, каб Брэсцкі Замак, як брама да Кароны Польскай і Вялікага Княства быў умацаваны…”.

Так, сапраўды, Берасце было галоўным стратэгічным горадам. Як Германія ўмацоўвала Дрэздэн, як Італія непакоілася за трываласць Венецыі, так і Берасцейскі замак пастаянна ўмацоўваўся ўладамі, бо ён быў "брамай у Рэч Паспалітую". Дарэчы, вельмі прыгожай брамай. Чаго каштуе адна берасцейская сінагога. Яна была пабудаваная яшчэ ў XV стагоддзі і лічылася самай велічнай сінагогай у Еўропе. Іудзейскі храм на фоне храмаў хрысціянскіх выглядаў настолькі нясціпла, што Жыгімонт Стары пакрыўдзіўся, і выдаў загад, каб вышыня сінагог, якія будуць ўзводзіцца, не перавышала двух паверхаў. На той час Берасце было своеасаблівай эксперыментальнай пляцоўкай, на якой шукала і знаходзіла новыя формы Віленскае барока.

Шматлікія каталіцкія ордэны, якія існавалі ў горадзе, узводзілі свае касцёлы. Бернардзінскі, дамініканскі, базыльянскі, аўгусцінскі, езуіцкі і многія іншыя ордэны будавалі тут свае храмы, кожны з якіх адрозніваўся сваёй арыгінальнай архітэктурай…

Да XVI стагоддзя ў Берасці было 10000 жыхароў і 18 храмаў. Варта адзначыць, што ў тыя часы царква і асвета супрацьстаялі адна адной. Але Берасце схітрылася сумясціць несумяшчальнае. Горад, дзе на кожныя пяцьсот чалавек прыходзілася па храму, быў адначасова ачагом вальнадумства і рэфармацыі. Войт Берасця Мікалай Радзівіл Чорны пабудаваў тут кальвінісцкі сабор. А ў 1553г. адкрыў у Берасці першую на тэрыторыі Беларусі друкарню. Праз дзесяць гадоў у ёй будзе надрукавана Берасцейская Біблія – адна з галоўных кніг еўрапейскай Рэфармацыі.

Яшчэ адна супярэчлівая постаць берасцейскай гісторыі – Казімір Лышчынскі. Ён належаў да "братэрства Іісуса", ці, як яго яшчэ называлі, ордэна езуітаў. Гэты ордэн быў заснаваны ў пачатку XVI стагоддзя для барацьбы з рэфармацыяй і іншай ерассю. Казімір быў памочніком рэктара ў езуіцкім калегіуме, дзе выкладаў фізіку і логіку. Але, атрымаўшы багатую спадчыну, ён з'яджае ў свой маёнтак. Там Казімір і бавіць свой час: займаецца філасофіяй і занатоўвае свае меркаванні ў тоўстыя сшыткі. Так з'явіўся на свет трактат "Аб неіснаванні Бога".

Потым быў данос і суд, які пастанавіў спаліць былога езуіта, але гэта выклікала хвалю пратэсту сярод берасцейскіх мяшчан. Жыхары горада храмаў выратавалі філосафа-атэіста. Але праз год адбыўся другі суд, на гэты раз у Варшаве. У сваёй абароннай прамове Лышчынскі прыводзіў рацыянальныя доказы неіснавання Бога і сваёй праваты. Прысуд быў вынесены такі ж, як у Берасці – смерць праз спальванне, але на гэты раз засту-піцца за Лышчынскага не было каму.

ЗАХАД

Сялянска-казацкае паўстанне, вайна 1654г., дваццацігадовая Паўночная вайна – яны ішлі адна за адной і заўсёды пад удар трапляла Берасце. Рэч Паспалітая ўжо не была здольная абараніць сваёй брамы, і берасцейцы адбіваліся самі. Але сілаў хапала не заўсёды.

Так маскоўскі ганец Рыгор Кунакоў напіша: "...А Берасце разбурана, на рынку лавак драўляных няма, і каменных няма, ніводнай, а ў харомах дзверы і брамы выламаны, аніводнага падворка цэлага няма..." А Рэч Паспалітая сільная сваімі ўнутранымі раздорамі была разарвана на шматкі.

Ужо адбыліся два падзелы, якія "з'елі" больш за палову тэрыторый. Апошні шанец абяскроўленай краіне даў Тадэвуш Касцюшка. Ураджэнец берасцейскай зямлі, які паспяхова змагаўся за Рэспубліку ў Францыі і за Незалежнасць у Амерыцы, не здолеў адстаяць сваю Радзіму.

Войскі пана Тадэвуша былі разбітыя. Неўзабаве пасля бітвы адбыўся трэці падзел, і Рэчы Паспалітай не стала. Змены ў жыццё звычайных гараджан прыходзілі непрыкметна.

Спачатку зачынілася большасць каталіцкіх ордэнаў. Манахі сышлі на захад, а колькасць піцейных устаноў у Берасці ўзрасла амаль у 5 разоў.

Потым у горадзе храмаў распачалі рэарганізацыю: з касцёлаў зрабілі шпіталі ці казармы. Сяляне прадавалі салдатам больш прадуктаў, а гараджане больш пільна сачылі за сваімі дочкамі.

У свой час Юліян Нямцэвіч пісаў: "Усе манастыры спустошаны ваеннымі шпіталямі… У брыгіцкім кляштары салдаты размесціліся разам з манашкамі ў адным будынку… а перыядычныя, магчыма, наўмысныя пажары, зрабілі гэты горад бязлюдным і ўбогім." Пажары сапраўды адбыва-ліся адзін за адным. Нават калі не лічыць лакальных пажараў, за трыццаць гадоў Берасце выгарала тройчы.

У 1833г. чырвоны певень быў пушчаны апошні раз і знішчыў 156 будынкаў. А ў 1834г. быў выдадзены загад, па якому гараджане павінны пакінуць Берасце і будаваць свае новыя дамы за 600 сажняў ад былога горада.

На месцы знішчанага горада была пабудавана крэпасць, а за шэсцьсот сажань на ўсход, на месцы былога пагоста, нараджаўся новы сучасны Брэст.

Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.