Дзедзіч

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь

30


Акупацыя мiстэрыi

У КАДРЫ

Тэматычна стужка складаецца з трох навэл (містэрый) і эпілога. Кожная навэла мае сваю назву (адпаведна: Адам и Ева, Мать, Отец). Эпілог аб'ядноўвае ў сабе дакументальныя кадры перыяду савецка-нямецкай акупацыі Беларусі, дзе побач з кадрамі ўзбуджана-радасных падлеткаў, якія ўступаюць ў Саюз беларускай моладзі, падаюцца кадры савецкага калгаснага жыцця. Асобнае месца займаюць сказы-эпілогі, што папярэднічаюць паказу дакументальнай хронікі.

Дзеянне ў фільме адбываецца на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1942г. Таму цэнтральнай тэмай стужкі з'яўляецца, адпаведна, тэма вайны і чалавека. На фоне падзей, якія разгортваюцца на працягу аднаго дня, рэжысёр спрабуе максімальна рэалістычна даць ацэнку чалавечай трагедыі таго часу. У цэнтры ўвагі знаходзяцца беларусы, якія па волі лёсу апынуліся па розныя бакі барыкадаў, дзе адны выступаюць за савецкую ўладу, другія – за фашыстоўскую Нямеччыну, трэція – за незалежную і свабодную Беларусь.

Трэба адзначыць, што ў стужцы адсутнічае традыцыйнае партызанскае супрацьстаянне, вядомае ўсім па шматлікім беларусьфільмаўскім карцінам. Сам фільм – гэта своеасаблівая спроба новага беларускага кіно адысці ад традыцыйных уяўленняў жыхароў постсавецкага рэгіёну аб гераічным часе Вялікай Айчыннай...

Асобнае месца займае тэма кахання, якая праходзіць скразной лініяй праз увесь фільм і рэалізуецца праз сімвалічныя вобразы Адама і Евы, Маці і Бацькі. Аўтар сцвярджае, што каханню ёсць месца нават сярод вайны, але ж вынік яго будзе заўжды аднолькавы – трагедыя. Гэта і трагедыя беларускага хлопчыка Адама, які закахаўся ў польку-вядзьмарку Еву, гэта – трагедыя глуханямой хутаранкі, якая вылечвае нямецкага салдата – забойцу сваёй адзінай дачкі, і пачынае лічыць яго сваім дзіцем, гэта – трагедыя беларускага хлопчыка Юзіка, што вырас без бацькі і таму з лёгкасцю верыць партызану, які прадставіўшыся ягоным бацькам, уначы разам з іншымі «вызваліцелямі зямлі Беларускай» забівае самага дарагога чалавека – маці, а самога Юзіка – як непатрэбную рэч пакідае ў лесе ("Партызаны, тыя ж партызаны, што ім сёлы, боль і енк людскі..." Ларыса Геніюш).

ЗА КАДРАМ

Стужка даволі складаная для ўспрымання. Уплыў на гэта аказала некалькі чыннікаў: фільм зняты ў постканцэптуальнай (авангарднай) манеры, а таму нетрадыцыйны стыль рыжысёрскіх прыёмаў (такіх, як рух камеры зправа налева або адсутнасць перспектывы) парушаюць тыповае ўспрыманне мастацкай стужкі. Па-другое, сюжэт заснаваны на трох, на першы погляд не звязаных тэматычна, навэлах, размешчаных ў інверсійным парадку. І па-трэцяе, стужка перанасычана вобразамі-сімваламі: разбітае яйка, засохлае дрэва, самотны хлопык у лесе і г.д. плюс адпаведнае музычнае суправаджэнне.

РЭЗЮМЭ

Нарэшце беларускі кінематограф узняўся да ўзроўню Канн. Аб гэтым сведчыць і майстэрская гульня акцёраў з купалаўскага тэатра, і вялізная праца рэжысёра, і псіхалагізм сцэн. Акцэнтуючы ўвагу на тэме вайны, рэжысёр здолеў падняцца над мілітарнымі праблемамі і зазірнуць ва ўнутраны свет чалавека. Трэба адзначыць, што напружанасць дзеяння дасягаецца не праз паказ крывавых сцэн на працягу дзвюх гадзін, як гэта адбывалася ў "Страсцях Хрыстовых", а за кошт прафесійнай гульні акцёраў і закранутай тэматыкі. Яшчэ адным станоўчым бокам стужкі з'яўляецца яе першапачатковая беларускамоўная версія, а не другаякасны пераклад на родную мову, як гэта адбывалася ў правальнай "Анастасіі Слуцкай".

P.S. Відавочна, што з-за глыбіні праблем, якія пры існуючым рэжыме ніколі не змогуць поўнасцю раскрыцца, фільм у бліжэйшыя гады не з'явіцца на экранах кіназалаў і тэлевізараў, таму рэдакцыя бясплатна можа дапамагчы вам зрабіць лічбавую (кампакт-дыск) або аналагавую (відэа-касета) копію стужкі.