Дзедзіч

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь

30


Карані і каменне

Усялякі парастак, патрапіўшы ў глебу, падуладна адвечным поклікам жыцця, самой прыроды, імкнецца ў рост, Каб захапіць сабе месца на зямлі, сцвердзіцца ў гэтым свеце. жывое ды мацнейшае заўсёды знішчае безабароннае і больш кволае. Так маладая зеляніна руйнуе занядбаныя муры колішніх эпох. І толькі чалавек можа вызначальна паўплываць на лёс прагнай да жыцця маладосці ды спарахнелай, велічнасівой даўніны. Вырашаць лёс каранёў і камення, а перадусім – свой...

У ценю цытадэлі, у самым далёкім кутку сучаснага Брэста, – на Шпітальнам востраве, ужо колькі год зарастае хмызом былы кляштар бернардзінак. Колісь – адзін з найбуйнейшых помнікаў архітэктурнай думкі сярэднявечча. Ён месціўся ля аднаго з галоўных уваходаў у горад і захапляў сучаснікаў сваім хараством. Пабудаваны нашымі продкамі яшчэ ў 1700-я гады, не раз трываў на сваіх цагляных плячах удары лёсу. Руйнаваўся і ўзнаўляўся сваімі і чужымі. А зараз гэта занядбаны, захаваны толькі на ўзроўні першага напаўразбуранага паверху будынак, і адзінае, што хоць-як змагло дайсці да нас з таго, забытага, старажытнага Берасця.

З сярэдзіны 90-х усялякія спробы вырашыць гэтую праблему з удзелам афіцыйных улад і дзяржаўных сродкаў разбіваліся аб сцяну неразумення, а хутчэй нежадання мясцовых чыноўнікаў паспрыяць захаванню нашай гістарычнай спадчыны. І нават сёлета, з праграмы аздаблення гораду, што прымеркавана да яго юбілею, на так неабходную кансервацыю самага старога будынка не знайшлося ані рубля. Кляштар усе гэтыя 10 год жыве толькі руплівасцю энтузіястаў, што і гэтым летам наладзілі ў межах шпітальнага вострава моладзевы летнік. Асноўнай мэтай апошняга і стала ачыстка былога кляштара бернардзінак ад пагубнай расліннасці.

Арганізацыю узяло на сябе добравядомае ў Берасці аб'яднанне «Сузор'е» (раней «Дзедзіч»). Дарэчы, гэта было ўжо другое мерапрыемства падобнага кшталту. Некалькімі гадамі раней на тым жа месцы праводзіўся падобны летнік. І сёлета ўсе, хто жадаў далучыцца да гэтай справы, змаглі прыемна для сябе і з карысцю для роднага горада збавіць вольны час з 4-га па 14-га ліпеня. Арганізатары здолелі забяспечыць усіх як неабходным для жыцця і працы рыштункам, так і смачнаю ежай. Забаў і добрага настрою таксама хапала на ўвесь час адпачынку. Некаторыя ўдзельнікі знаходзіліся ля кляштара увесь тэрмін, іншыя перыядычна адрываліся ад гарадскіх турботаў, каб спрычыніцца да добрай справы.

Закрывалі летнік усе разам, пад песні адмыслова запрошанага ў Берасце барда Зміцера Бартосіка.

Зразумела, былі і недасканаласці падчас уладкавання ды правядзення самой акцыі. Шмат цяжкасцей давялося пераадолець, каб ажыццявіць задуманае. Але галоўнае – дасягнуты вынік: на некалькі год наперад уратаваны ад руйнавання выбітны помнік архітэктурнай спадчыны нашага гораду, а ў душы маладога пакалення пушчаны парастак клопату аб захаванні нашай велічнай мінуўшчыны.

Спадзяемся, што зможам надалей прыцягваць увагу большай часткі грамадства да гэтай праблемы і аддаваць належную даніну пашаны непаправу забытай частцы нашай агульнай гісторыі. Не ведаю, як хто, а я перакананы, што толькі праз павагу і любоў да мінуўшчыны мы збудуем лад і дабрабыт у нашам сённяшнім ды прышлым жыцці. І няхай маладая зеляніна расце ва ўрадлівай глебе, а мурам мы пакінем спакой, памяць і славу.