Дзедзіч

Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь

30


Выбары 2004 у пытаннях і адказах

Пытанне: Хто мае права выбіраць?

Адказ: Грамадзяне РБ, якія дасягнулі на дзень выбараў 18-гадовага ўзросту.

П: Чаму трэба ісці на выбары?

А: Пры падвядзенні вынікаў галасавання ўлічваецца кожны голас. Калі Вы не прагаласуеце, то магчымы два варыянты: 1) За Вас прагаласуе хтосьці іншы. 2) Вас выкрэсляць са спісаў для галасавання.

І ў першым, і ў другім выпадках будзе непраўдзівая карціна галасавання. Гэта азначае, што дэпутатам можа стаць не той чалавек, якога выбрала большасць, а зусім іншы – той, для якога рабіўся падман і фальсіфікацыя.

П: Як быць, калі начальства прымушае галасаваць за пэўнага кандыдата?

А: Выбары з'яўляюцца тайнымі, ніхто не будзе падглядаць за вамі, калі вы будзеце ставіць «птушачку». Пагадзіцеся з начальствам, а ў кабінцы для галасавання прагаласуйце за свайго кандыдата, а не за таго, якога вам прапануюць. Укіньце бюлетэнь у скрынку і скажыце начальніку, што прагаласавалі «як трэба».

П: Чаму трэба галасаваць толькі 17 кастрычніка, а не "датэрмінова"?

А: Заканадаўства зроблена так, што толькі 17 кастрычніка назіральнікі на выбарчых участках змогуць рэальна пракантраляваць правільнасць галасавання. У іншыя дні існуе магчымасць падмяніць бюлетэні і сфальсіфікаваць выбары.

П: Што рабіць, калі начальства патрабуе ад вас галасаваць раней за 17 кастрычніка?

А: Выбары з'яўляюцца свабоднымі. Вы самі вырашаеце, ці хадзіць вам на выбары, калі хадзіць і за каго галасаваць. Калі начальства патрабуе, каб Вы галасавалі датэрмінова, то гэта парушэнне Вашых правоў. Ведайце:

"Перашкода шляхам насілля, падману, пагрозаў альбо іншым спосабам свабоднаму здзяйсненню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права выбіраць,... весці перадвыбарную агітацыю – караецца пазбаўленнем свабоды на тэрмін да двух гадоў, альбо выпраўленчымі работамі на той жа тэрмін, альбо штрафам".

(Арт. 130 Крымінальнага кодэксу РБ)

І на папярэдніх выбарах начальства часта патрабавала датэрмінова галасаваць. Шмат хто галасаваў, баючыся пагрозаў. Шмат хто – не. Але ж ніхто не чуў, каб тыя пагрозы былі здзейсненыя.

Усё ж такі, калі вас будуць прымушаць галасаваць датэрмінова, тэлефануйце: (+375 162) 20-01-88 – грамадзянская ініцыятыва «Партнёрства».
(+375 162) 20-13-95 – праваабарончая ініцыятыва.
Таму нікога не бойцеся, добра сплануйце свой час і галасуйце толькі 17 кастрычніка.

Калі ў цябе пакуль усё добра і ты не хочаш ісці галасаваць, ведай: тваю будучыню за цябе выберуць пенсіянеры, якія жывуць успамінамі пра савецкія часы.

І яшчэ. Ты не пойдзеш галасаваць, а хтосьці замест цябе распішацца і ўкіне выбарчы бюлетэнь у скрынку. Не аддавай свой голас нікому! Паспрабуй 17 кастрычніка зрабіць нашу краіну нармальнай!