Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

07-08/2003


Быць сабою

Пашчасціла быць узнагароджаным еўрапейскай прэміяй імя Анджэя Дравіча. На пленэрную ўрачыстаць у агародзе Прэзідэнцкага палаца сышлася першагатунковая публіка, міністры. Прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі прыйшоў з жонкай Іялянтай. У перапынках паміж прамовамі і рытуальнымі эпізодамі ўручыў ён мне цяжорную статуэтку, дыплом (чэк паднёс дырэктар Польскага Банка). Я спадару Квасьнеўскаму падарыў свае апошнія кніжкі і фотаальбом Яна Чыквіна, свяжуткі на сёлетняе 45-годдзе “Белавежы”. Пасля былі падарункі мне ад варшаўскіх знакамістасцяў і шумны банкет, у час якога не было ўжо калі на грунтоўныя гутаркі. Сыпаліся прапановы, нейкі бізнэс. Потым – сардэчны візіт цяжка хвораму Яцку Кураню, майму прамотару, і ўтомны сон. Вяртаўся дахаты назаўтра – з Юркам Хмялеўскім і Багуславам Марыянам Панасюком, войтам Крынак; звазіў ён мяне ў тлумную Варшаву (пашанаваўшы старэчыя хваробы). Самымі блізкімі аказаліся яны мне абодва. Маладыя, жвавістыя, не насякераныя на несваю ўдачу. Рэдкасць у цяперашнім свеце эгаістаў.

У родных Крынках не змаўкаў хатні тэлефон, пры якім сакратарыла мая Таня. Купля мною хлеба-малака пераўтварылася ў мясцовай краме ў малы мітынг сяброўства. Ніколі не здавалася, што людзі так цікавяцца шырэйшым светам. П’яніцы, вядома, намякалі на чарку... У Крынках на міг прыпынілася самапаланізацыя, загаварылі па-свойму (г.зн. па-беларуску). Ну што ж, дзякуй і за тое!

Каб не той факт, што ў сталіцы ўшаноўвалі мяне Узнагародаю на вачах усяе тэлевізійнае Польшчы, мала каму верылася б, што стала гэта даступным менавіта беларусу. Ведаю: тут не памыляюся. Нехта падумае, што я, так сказаць, выхадзіў высокія ганоры. У нашу хабарніцкую эпоху гэткі здогад нават натуральны. Але праўда іншая – толькі дробную ўзнагароду часам магчыма выхітрыць сабе праз сяброўскія сувязі, бо пра высокія вырашаюць у вярхах, да якіх няма крутлявага доступу. У іх усё адбываецца ў сакрэце. І першым даведаўся пра сябе – зусім не я, а Тамаш Саевіч, варшаўскі пранырлівы журналіст родам з Гайнаўкі, які патэлефанаваў мне. Я яму не паверыў, западозрыўшы яго ў грубай жартлівасці. І наогул, чаму я, калі, як сказаў ён, кандыдатаў на гэту адзіную ў год прэмію налічвалася трыццаць сем з усяго свету?! Гэта ж неверагодна закамплексаванаму беларусу!

Са мною было яшчэ горай – адхварэў гэту ўдачу. Цяпер разумею, чаму знікаюць нам з вачэй тыя беларусы, якіх напаткала прэстыжнае прызнанне. Удача надта салодзіць душу і таму можа зніштожыць чалавека страшней за няўдачу. У залежнасці ад яе велічыні, вядома.

Выдатная нагода, вось, выказаць гэта публічна. Жыццё падштурхнула мяне як асобу ў рызыку незваротнай катастрофы. Я на сваім немаладым вяку шмат бачыў яснатварых удачліўцаў, па якіх даўно след прастыў.