Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

04/2003


Было – як учора

3. Адначасна з распадам Савецкага Саюза жылося ў атмасферы цудаў. Найбольшым з іх бачылася ўзнікненне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Каб хоць адзін беларус пацярпеў за яе, як літоўцы за сваё ў Вільні, ці грузіны ў Тбілісі! Уявілася яна дарам Божым за вякі рабства і ганьбы: то падпольскай, то падрасійскай. Адчувалася ў тым, аднак, нешта афрыканскае, калі ў дэкаланізацыю ангельцы і французы фундавалі неграм суверэнныя рэспублікі, прыдумляючы ім дзяржаўныя сцягі і гербы, і, магчыма, пішучы за іх і гімны... Каб толькі адчапіцца ад ужо непатрэбных тэрыторыяў, быццам заможныя чэхі ад галотных славакаў.

Нюхам адчувалася тую штучнасць Рэспублікі Беларусь, пра якую жартавалі, што гэта – незалежная ад беларускага народу дзяржава. Сапраўды: ці прынамсі жменька нейкіх мінскіх дысідэнтаў дэманстравала ў часы БССР? Не было такога аніводнага!

У першыя дзевяностыя гады я знаходзіўся ў выездах на шматлікія канферэнцыі, сімпазіёны, у Польшчы і Беларусі. Іх тэматыка – агульна: беларуская. З палякаў востра запамяталіся мне пілсудчык Багдан Скарадзінскі і эндэк Стэфан Браткоўскі. Той і той высокага лёту публіцысты, мастакі газетнага слова. Першы з іх, прыхільнік федэралізму вусатага маршалка, бараніў мяне ад нападак другога, які задаў быў да смерці незабыўнае пытанне: Czemu ty, Sokracie, tak nienawidzisz Polski?! Дэбатавалі тады ў асяродку адпачынку ў Казіміры над Віслаю; запрошана Аляксандра Баршчэўскага, пацішэлага, якога салідарнікі чамусьці лічылі сваім чалавекам.

Холад ад таго і сёння выклікае дрыжыкі: нарэшце дайшло да мяне, што мой імідж усталявала ў вачах палякаў Służba Bezpieczeństwa, і з такою „мордаю” жыць мне да канца сваіх дзён.

Дзякуючы мнагалікасці студэнцкай моладзі, беларуская актыўнасць у Беластоцкім Краі перамяшчалася з сельскага этнаграфізму ў гарадскую палітычнасць, завяршаючы тым самым фармаванне нацыі. Я і цяпер эмацыянальна здзіўлены фактам слабога ўдзелу ў тым пакалення БГ-КТ, вельмі сялянскага, якое абмяжоўвалася задаволенасцю абарыгенскімі канцэртамі, балямі, фэстамі і таму падобнаю павярхоўшчынай, што нічога грунтоўна трывалага ў беларушчыне не будуе. Але, відаць, усюды так на свеце: старыя жывуць мінулым, а маладыя шукаюць новага. Загараваўшым даволі шчасця вылезці з хлеўнага гною ў блёкавыя пакоі Беластока ці Саколкі, паспяваць пад п’яную чарку настальгічныя песнячкі, пахваліцца блішчастай мэбляю і аўтам „варшава” пад вокнамі. А і знаёмствамі ў рэвалюцыйным начальстве.

Надта ажыўляла настроі свежа-незалежная Беларусь. Паваліў адтуль проста наезд сюды, да нас, палітыкаў, журналістаў, гаспадарнікаў, пісьменнікаў, і звычайных шукальнікаў прыгод або і авантурнікаў. Мы ім уяўляліся „акном у Польшчу”, значыць: у Еўропу. Палітычныя дзеячы нацэльваліся на варшаўскія салоны. Вярталіся з тых „бэльвэдэраў” захопленыя інтэлігентнасцю ды культурнасцю варшавякаў, іх элегантнымі адносінамі да субяседніка ў параўнанні з савецкім хамуцтвам. Казалі: – Прэм’ер Мазавецкі рафінаваны чалавек і палітык, зусім не тое, што БССРаўскія тупалобцы!

Калі ўспомню кантакты з тадышнім Мінскам, дык слёзны смех бярэ! Ні мы ні яны не мелі элементарнага паняцця пра функцыянаванне палітыкі, а тым болей самое дзяржавы. Наглядаліся, вядома, між намі і розніцы, з якіх галоўная тая, што мы ўсё ж усведамлялі сабе ролю грошай, а яны ні трохі! Спрабоўваем, напрыклад, ладзіць бізнес і таму просім, каб прыслалі адтуль адпаведных людзей для перамоваў аб гешэфтах. Звоніць мне аднойчы Антось Мірановіч і радасна паведамляе, што на беластоцкім вакзале чакаюць нашага прывітання мінскія бізнэсоўцы. Імчымся да іх, бы на крылах! Раскватароўваем, частуем. Далікатна падступаемся да сур’ёзнай гутаркі і канстатуем, што няма з кім гаварыць – Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне” прыслаў да нас прыемных гісторыкаў мастацтва і літаратуры, кшталтам сімпатычнай Валянціны Трыгубовіч або знакамітага Валера Буйвала. Можна канверсаваць з імі пра барока і рамантызм, але не пра цэны збожжа, свініны, даходы з гандлю.

Урэшце дадумаліся ў БДА арганізоўваць саюз беларускіх гмінаў ва ўсходняй Беласточчыне, каб аб’яднаць патэнцыял, выступіць саліднымі партнёрамі. Ідэя пасмакавала не аднаму паэтычнаму Віктару Стахвюку як канцлеру партыі. Звязаўся я з Янам Тапалянскім, даўнім сябрам і актыўным войтам у Нарве. Пераканаў яго склікаць у гэтай справе сустрэчу войтаў суседніх яму гмінаў, што даволі добра і ўдалося пасля. Паспрыяла ініцятыве, зрэшты, сама гаспадарчая сітуацыя, катастрафічная ў вёсках у выніку ліквідацыі дзяржаўнага эканамічнага апякунства над сялянамі: дзе прадаць жыта, ячмень, свіней, бульбу, і т.п. У нас ежы замнога, а ў Рэспубліцы Беларусь замала! Маючы побач, у саветаў, атхланны рынак збыту, жа ж разбагацеем.

Войты пагаджаліся і маўчалі. Яны не памыляліся ў прадчуваннях, што родныя польскія ўлады крыва паглядзяць на яднанне ваколіц нацыянальнай мяншыні. Уся гэтая ідэя ляснула! Палякам у галаве адно: беларусы хочуць уцячы пад савецкае крыло! Зусім не разумеюць Polacy, што няма такога беларускага дурня, якому сніцца колхозное счастье.

Другое Беларускае Адражэнне – пасля дваццатых гадоў – абарвалася ў палове 1994 г. Абранне Аляксандра Лукашэнкі першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь паказала, што свядомых беларусаў на гэтай тэрыторыі ўцалела не больш дваццаці працэнтаў ад усяго насельніцтва, прычым пераважна ў заходніх акругах, што знаходзіліся ў межых даваеннай Польшчы. Каб не тая Польшча, то іх ужо не было б; у лепшым выпадку засталася б якаясьці дыяспара недабойкаў. Праўда, лукашэнкаўцы не катавалі і не расстрэльвалі за беларускасць, як рэвальвернае НКВД у прыход Сталіна да дыктатуры. З казацкім гігіканнем аднак жа дабеглі саветы да дзяржаўнага бел-чырвона-белага сцяга і разарвалі яго, быццам ваўкі авечку. Грымнулі вобземлю і дзяржаўнай Пагоняй, здымаючы яе з франтону Дома Ураду. За адзін дзень вярнулі ўсюды бальшавіцкія знакі. Гэта была перамога савецкага народа над беларускай нацыяй. За год потым амаль ліквідавана беларускае школьніцтва як падставу нацыі, пакідаючы ў спакоі глухія школкі задрыпанцам. Лукашэнка ў Маскве прэзентаваў сваю дзяржаву як спрадвечную частку Расіі. У надзеі, што неўзабаве сядзе ён на крамлёўскі трон, падсеўшы нялюбага расейскай галоце Ельцына. Дэклараваў Аляксандр Рыгоравіч: – Белоруссы это ведь тоже русские!

Нам тут свет зноў клінам сышоўся. Раптам перасталі прыязджаць госці з Мінска і Гродна. У Генеральным Консульстве Рэспублікі Беларусь у Беластоку з’явіліся тыпы рыхтык з крымінальных апавяданняў Шэйніна (Дамы и господа, я вас категорически приветствую!), мужчыніскі са звычкамі памятных афіцэраў Чырвонай Арміі, падкіх на выпіўку і дарэмныя бабы.

Мы, беластоцкія беларусы, назад апынуліся ў абцугах саветчыны з аднаго боку і фанатычнай польшчыны – з другога. У сярэдзіне чэрвеня таго лукашэнкаўскага году я з Таняй пераехалі жыць у маім бацькавым доме ў Крынках (яшчэ трымалася мая маці). Добрасумленна мушу сказаць, што такім чынам вырашылі мы сваё безграшоўе, здаючы ў арэнду кватэру ў цэнтры ваяводскага горада. Ратаваліся і псіхічна, каб не ашалець! Для беларускай справы можна нешта ўчыніць, але без беларусаў! Спачатку я не да канца даваў веры гэтаму афарызму, такой залатой думцы.

Я ўжо не злую на недаросласць нашых людзей. Нацыя ствараецца надта доўга, на працягу аж пакаленняў, а мне хацелася ўбачыць яе ўжо заўтра-паслязаўтра.

Пераезд у Крынкі я трактаваў і з такім меркаваннем, каб прымусіць маладабеларусаў да дзейнасці без мяне. Аўтарытэт у малым асяроддзі вельмі хутка перазмяняецца ў фамільнасць, бацькоўства, што непазбежна наклікае канфлікт інтарэсаў на лініі бацькі – дзеці.

Распаленым жалезам пякла здагадка, што быць беларусам – гэта калецтва! Польшчы мы байструкі без будучыні, а савецкай Беларусі – беласцяжныя ворагі і предатели. Лагадней кажучы: невядома чые з нас сіроты. Варшава беларускасць ледзь церпіць, а Мінск – за нішто ненавідзіць! – Адазвіся ў саветаў у трамваі па-беларуску, то людзі палічаць цябе чудаком, умственно не вполне развитым. Папытай у кнігарні аб беларускую кніжку, дык універмагавая курва паіранізуе: А вы человеческим языком говорить не умеете?

Такая вось апора нам, беларусам, з боку Беларусі. Польшча ласкавейшая, прынамсі не па-мардабойнаму хамская. – Nie rozumiem po rusku, – адрэжа табе далікатненкім галаском гайнаўская Іванючка.

Беларусы будуць адзінай нацыяй Еўропы, якая прападзе яшчэ на нашых вачах, уважаемый Александр Григорьевич. Сама сябе пахавае, под вашим началом. Так запіша Гісторыя, будьте уверены.

Беларуская дзейнасць (каб зноў было што нішчыць?) не перакрочыла маргінальнасці – лініі алібі ўладам, што нібы не яны супроць нас і нашай культуры. Дэмакратычна цяпер аднова даюць свабоду дзеля адраджэння, міжвольна выклікаючы рытарычнае пытанне: нашто ўжо нябожчыку тая свабода!?

Спатрэбілася некалькі гадоў пасля вяртання ў Крынкі, каб неяк акрыяць, ажыць. На худы канец, будучы белай расай можам ратавацца, залазячы ў іншыя еўрапейскія нацыі...

(Працяг будзе)