Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

12/2002


Уцекач з „беларускага запаведніка”

Лена Казлоўская – Нядаўна аб’явіўся новы талент у сучаснай беларускай літаратуры – гэта Андрэй Хадановіч. Можа, пачнем ад прадстаўленьня – адкуль зьявіўся малады беларускі паэт і перакладчык?

Андрэй Хадановіч – Сапраўды, я спатыкаюся з пазытыўнымі водгукамі на сваю творчасьць. Жыву я ў Менску, там нарадзіўся. Мне 29 год. Дапамагаюць мне пераклады зь іншых моваў – з францускай, польскай, украінскай. На штодзень выкладаю францускую літаратуру ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце, карыстаючыся беларускай мовай.

Л. К. – Мяне заўсёды цікавіць, як малады чалавек у постсавецкай прасторы даходзіць да паўсюднага карыстаньня беларускай мовай, да таго-ж яшчэ стварае на ёй літаратуру?

А. Х. – Бачыце, у мяне заўсёды такі ўпарты характар – усё, што я ў жыцьці рабіў, рабіў супраць плыні, супраць большасьці. Так быў выхаваны. Заўсёды мне здавалася, што рацыю мае меншасьць. Калі ў палавіне 90-ых гадоў большасьць маіх знаёмых зьняла бел-чырвона- белыя значкі, перастала хадзіць на мітынгі і пачала сабе шукаць выгодных дзяржаўных становішчаў, я зрабіў дакладна наадварот. Хаця я выхоўваўся ў рускамоўным асяродку, атрымаў рускамоўную адукацыю. Мая маці расіянка, а бацька, хаця беларус, але таксама з Гомельшчыны, валодаючы дыялектам, стаўся рускамоўным. Вучыўся на журналіста, пісаў на рускай мове вершы. А я ў пэўны момант адкрыў для сябе Караткевіча – будучы яшчэ раньнім падлеткам, недзе ў палове 80-ых гадоў абклаўся яго васьмітомнікам. Яго-ж тады не было ў школьных праграмах і таму, відаць, быў прывабны. А пасьля яшчэ была адна сытуацыя, зьвязаная з выбарамі ў дэпутаты ў 1989 г. У нашым раёне балятаваўся Зянон Пазьняк. Мяне тады захапіла вельмі працэсыя з бел-чырвона-белымі сьцягамі, Уладзімер Арлоў, які ў мікрафон прамаўляў па-беларуску. Дарэчы, тыя выбары для Зянона Станіслававіча закончыліся пасьпяхова. На мяне паўплывала таксама тая эўфарыя. А пасьля прыйшлі гады навукі, чытаньня.

Л. К. – Ты скончыў беларускую філялёгію?

А. Х. – Не, расейскую, таксама праз упартасьць. Мабыць таму, што на беларускую быў недабор, а на рускую – 5-6 асоб на месца, вырашыў выпрабаваць сябе там. Хацелася атрымаць добрую адукацыю. А пасьля пашчасьціла, бо трапіў у добры беларускамоўны асяродак, дзе пазнаў зусім іншую беларускую мову і культуру, чым яны падаваліся ў школах. Паспрабаваў сваіх сілаў у вершах.

Л. Г. – А тваё захапленьне францускай літаратурай адкуль?

А. Х. – З унівэрсытэта. Мне пашчасьціла займацца на вельмі добрым сэмінары цудоўнай выкладчыцы Галіны Сініла, якая сабрала вакол сябе прыстойны гурток аднадумцаў, якія самі для сябе студыявалі Райнэра Марыя Рыльке або Шарля Бадлера, або Гіёма Апалінэра, або іншых. З часам я падумаў, што калі я займаюся навукова Бадлерам, чаму не перакласьці яго твораў на беларускую мову. Тым больш, што тых перакладаў вельмі мала ў нас. Я захапіўся і пачаў крыху абеларушваць францускую паэзію.

Л. Г. – Хто для цябе быў узорам у беларускамоўнай творчасьці?

А. Х. – Я з павагай стаўлюся да творчасьці Рыгора Барадуліна і Алеся Разанава. Але пакуль я іх пачаў чытаць, ужо сам напісаў нешта сваё.

Наoгул, мне адпавядае хутчэй інтэлектуальная паэзія, чым фальклёрная, рустыкальная.

Л. Г. – Якая зараз кандыцыя беларускай літаратуры ў Беларусі?

А. Х. – Я думаю, нармальная. У нас любяць скардзіцца, што зараз беларускай літаратуры менш, чым раней. Сёньняшняя літаратура ёсьць менавіта літаратурай, безь яе падпарадкаваньня, напрыклад, сацыялістычнаму зьместу. А колькасьць спажыўцоў паэзіі ў Беларусі – думаю – можна параўнаць з падобнай сытуацыяй у іншых краінах. Літаратура – гэта (збольшага) элітарная дзейнасьць.

Л. Г. – У тваёй творчасьці заўважаецца іранічны падыход да беларускай літаратурнай клясыкі...

А. Х. – Мне здаецца, што я знайшоў спосаб кантакту зь беларускай традыцыйнай літаратурай – гэта яе пародыя і пераасэнсаваньне, пэўная іранічная дыстанцыя. Але, зь іншага боку, – гэта і прамое нагадваньне пра існаваньне беларускай традыцыі. Я раблю гэта з усьмешкай, але, спатыкаючыся з моладзьдзю, зь сямі- ці васьміклясьнікамі, я ім падаю знаёмую літаратуру – на жаль абрыдлую, не заўсёды добра пададзеную настаўнікамі – я спрабую ажывіць гэта. Напрыклад, „Санэт” Максіма Багдановіча („Паміж пяскоў егіпецкай зямлі...”) я сьпяваю на мэлёдыю аднаго з блатных рамансаў, што сьпяваецца ў альтанках падлеткамі. І моладзь адкрывае новыя якасьці і каштоўнасьці гэтага твору.

Л. Г. – Ты ўспомніў пра сустрэчы з вучнямі. Хто іх арганізуе?

А. Х. – Па-рознаму. Бывае, што настаўнікі. Маю досьвед у сустрэчах з вучнямі беларускай школы ў Рызе. Быў таксама на Беласточчыне, у Гайнаўскім ліцэі чытаў і сьпяваў вершы. Самаю цудоўнаю была, мабыць, сустрэча з дзяцьмі ў беларускім дзіцячым садку ў Беластоку. Яны такія адкрытыя на ўсё новае, не такія „закамплексаваныя”, як у нас. Хочацца ствараць вершы для самых розных чытачоў, не заўсёды высока інтэлектуальныя. Так, я стварыў жанр „беларускія лімэрыкі”, якія часта публікуюцца ў „Нашай Ніве”. Успрымaюцца яны зь лёгкасьцю і радасьцю. Мае санэты затое вымагаюць ад чытача ўжо сур’ёзнай літаратурнай падрыхтоўкі, абазнанасьці таксама ў сусьветнай культуры. Я імкнуся прытрымлівацца традыцыйнай формы, якую запаўняю нетрадыцыйным зьместам.

Л. Г. – Гэтым самым ты ўпісваешся ў літаратуру беларускага постмадэрнізму.

А. Х. – Я стаміўся адмаўляцца і пярэчыць. Усе „абзываюць” мяне постмадэрністам, адны хвалячы, другія – ганячы, што не пішу пра нашыя рэкі і азёры й г.д.

Л. Г. – Я думаю, што гэтым самым ты ўпісваешся зь беларускімі вершамі ў сусьветную постмадэрную літаратуру.

А. Х. – Менавіта, я імкнуся да гэтага, каб перакрачаць межы „беларускага запаведніка”. Гэта пачынаецца зь лекцыяў. У нас амаль ніхто не выкладаў замежнай літаратуры па-беларуску. Лічылася, што беларуская мова мае абслугоўваць беларускую мову і гісторыю беларускай літаратуры. Я пасьлядоўна выкладаю па-беларуску, бо мова гэтая настолькі багатая, што можна ёй смела карыстацца і дзеля лекцыяў, і дзеля перакладу.

Л. К. – Гледзячы на твой малады ўзрост, што ўсё-ж такі ўдалося ўжо дасягнуць у жыцьці?

А. Х. – Мае вершы публікуюцца на старонках „Нашай Нівы”, часопіса „Arche”, які абвясьціў мяне „паэтычным адкрыцьцём 1998 г.”. У часопісе „Крыніца” некалькі разоў публікаваў свае вершы і пераклады – Шарля Бадлера, Ўільяма Батлера Ейтса, Эзры Паўнда, Стэфана Малярмэ, якога, дарэчы, самі французы разумеюць зь цяжкасьцю. Супрацоўнічаю з Алесем Арку-шам, які выдае альманах „Калосьсе”, і ў № 9 былі вершы і пераклады з Р.М. Рыльке.

Л. К. – А ці твая паэзія перакладаецца на польскую мову?

А. Х. – Маю надзею, што хутка дачакаюся. Зацікавіўся маёй паэзіяй Ежы Чэх, перакладчык рускай і ўкраінскай літаратуры. Адно што мае вершы даволі цяжкія для іншамоўнага перастварэньня.

Л. Г. – Ты прывёз з сабой зборнік сваіх вершаў, перакладзеных на ўкраінскую мову, – „Листи з-під ковдри”. А ці ў Беларусі выйшаў ужо зборнік тваёй паэзіі?

А. Х. – Як гавораць, няма прарокаў у сваёй айчыне. Я, праўду кажучы, не стараўся, каб такі зборнік быў. Часу на хаджэньні па выдавецтвах не стае. Добра, што пасьпяваю пісаць і перакладаць.

Л. Г. – Адкуль ініцыятыва выданьня тваіх вершаў пад інтрыгуючым загалоўкам у Кіеве?

А. Х. – Я ні за нікім не хадзіў, але з’явіўся ў пэўны момант украінскі выдавец Леанід Фінкельштэйн, галоўны рэдактар кіеўскага выдавецтва „Факт”, якому спадабаліся мае вершы, перакладзеныя на ўкраінскую мову, публікаваныя ва ўкраінскіх часопісах. Было нават прэзэнтацыйнае „турнэ” па Ўкраіне – у Івана-Франкоўску, у Львове, у Кіеве. А загаловак – відавочна палемічны, бо навязвае алюзыяй да „Лістоў з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага, да ўсёй традыцыі ахвярнага гераізму. Я шалёна паважаю гэтых клясычных аўтараў, але паступова гэты „ура-патрыятызм” ператвараецца ў штампы, а ўсё, што становіцца штампам, ня ўражвае чытачоў, і трэба шукаць іншых шляхоў да іхных сэрцаў. Я лічу, што ёсьць больш унівэрсальныя тэмы, чым наўпроставыя праявы патрыятызму, напрыклад, чалавек у сучасным сьвеце, са сваімі праблемамі.

Л. Г. – А ці ты перакладаеш на беларускую мову ўкраінскіх сяброў?

А. Х. – Мне блізкая – па першае – паэзія „Бу-Ба-Бу” („Бурлеск-балаган-буфанада”), створаная трыма ўкраінскімі паэтамі: Юр’ем Андруховічам, Віктарам Небаракам і Аляксандрам Ірванцом. Я пераклаў раман Ю. Андруховіча „Маскавіяда”, апублікаваны ў „Arche”, верш Ірванца „Любі Аклягому!”, які ёсьць таленавітай пародыяй на патрыятычны твор Уладзімера Сасюры „Любіце Ўкраіну”. Я, перакладаючы верш Ірванца, зрабіў зь яго такую сабе прыхаваную анталёгію беларускай патрыятычнай лірыкі – кожная страфа ёсьць прыхаванай спасылкай на Купалу, Коласа ды іншых паэтаў. І здаецца, мне ўдалося захаваць і долю іроніі, і капліва „наіўнага” патрыятызму.

Перакладаю таксама і маладзейшых украінскіх паэтаў: Андрыя Бондара, Сэргія Жадана...

Л. К. – Ці існуе ў Беларусі ўзаемнасьць беларуска-рускіх перакладаў?

А. Ж. – Тут ёсьць, думаецца, штучна створаная атмасфэра варожага напружаньня, якую трэба пераадольваць. Ёй садзейнічаюць два наскрозь фальшывыя міты. Адзін ствараны расейскімі інтэлігэнтамі, нібы ўсё беларускае – правінцыйнае, „калгаснае”, вясковае, другі – беларускі міт пра рускамоўных творцаў: нібыта нічога вартага на рускай мове нельга стварыць, жывучы ў Беларусі. Цяжка з гэтым пагадзіцца, бо я ведаю некалькіх нашых рускамоўных класных паэтаў, якія сьмела могуць канкураваць з маскоўскімі. Я згодны іх перакладаць на беларускую мову, абеларушваць. У сваю чаргу, наш найлепшы рускамоўны паэт Канстанцін Міхееў працуе над расійскімі перакладамі маіх вершаў.

Л. К. – Дзякую за размову і жадаю, каб ты ў хуткім часе дачакаўся зборніка сваёй паэзіі ў Беларусі.