Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

12/2002


Юбілей „Дзявочых нотак”

15 лістапада калектыў „Дзявочыя ноткі” з бельскага беларускага ліцэя адзначаў сваё 25-годдзе. Мерапрыемства адбывалася ў Бельскім доме культуры, якога дырэктар – Сяргей Лукашук ад пачатку з’яўляецца мастацкім кіраўніком калектыву.

„Дзявочыя ноткі” паўсталі восенню 1976 г. У першым складзе спявала дзевяць дзяўчат, ад І-га класа ліцэя. На працягу наступных гадоў ён мяняўся – пасля заканчэння навукі адны „ноткі” адыходзілі, а на іх месца прыходзілі новыя.

У рэпертуары калектыву заўсёды пераважалі беларускія песні – спачатку народныя, пасля сучасныя, эстрадныя. – З гэтым, – сказаў падчас юбілею Сяргей Лукашук, – калісці было шмат праблем. Словы і ноты браў я з савецкіх спеўнікаў, дзе большасць песень прысвячалася Леніну і „светлай будучыні БССР” і толькі адзін-два творы нам адпавядалі, бо не былі насычаны ніякай камуністычнай ідэалогіяй. Ад 10-ці гадоў з гэтым ужо няма праблем.

Спачатку гурт спяваў з акампанементам гармоніка. У 90-х гадах, калі агульна даступнай стала электронная музыка, Сяргей Лукашук ужо сам не іграе, але пускае інструментальныя „падклады”.

„Дзявочыя ноткі” на працягу 25-ці гадоў існавання сотні разоў выступілі на розных афіцыйных акадэміях, мерапрыемствах, канцэртах і фестывалях. Найчасцей спявалі ў сваёй школе і ў Бельску, але таксама прымалі ўдзел у аглядах „Беларуская песня” (цяпер фестывалях) і народных фэстах БГКТ, а год таму – у „Бардаўскай восені”. Выступалі не толькі на Беласточчыне. Калектыў з бельскага белліцэя канцэртаваў і ў іншых гарадах Польшчы. Дырэктару Лукашуку асабліва запомніўся выезд у Варшаву 12-га снежня 1981 г. Што праўда, „Дзявочыя ноткі” выступілі як заўсёды ўдала і не ведалі (бо і адкуль?), што назаўтра ва ўсёй краіне ўвядуць ваеннае становішча, аднак хвіліны пагрозы пражылі. У час падарожжа раптам пачулі выстрэлы, а ў вакне аўтобуса пабачылі... дзірку, рыхтык ад кулі. На шчасце, усе цэлыя позняй ноччу вярнуліся ў Бельск.

Многія „ноткі” пасля заканчэння ліцэя працягвалі спяванне ў калектывах „Васілёчкі” і „Маланка”, ці скарыстоўвалі музычна-эстрадныя веды ў школах, як настаўнікі.

Адзіным хлопцам у гісторыі „Дзявочых нотак” быў Янка Палавянюк, які цяпер з’яўляецца вядомым музыкам і педагогам у музычным асяроддзі ў Ольштыне.

Падчас юбілейнага канцэрта шматлікая публіка Бельскага дому культуры пачула каля 20-ці песень у выкананні сённяшніх „нотак”, а на заканчэнне на сцэне выступілі яны разам з прысутнымі старэйшымі сяброўкамі, якія выступалі калісь у калектыве.

Пару песень праспявалі юбіляркам іх сяброўкі з гайнаўскага белліцэя – калектыў „Знічка”.

Былі таксама віншаванні і пажаданні ад афіцыйных улад і ганаровых гасцей (між іншым старшыні БГКТ, Янкі Сычэўскага і намесніка старшыні Беларускага саюза ў РП, Славаміра Іванюка).