Пра што гаварылі на слуханьнях аб Беларусі ў Хэльсынскай камісіі ЗША
2021-09-22 10:05
У Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША адбыліся слуханьні «Дамагаючыся справядлівасьці і свабоды ў Беларусі». На слуханьнях абмяркоўвалі цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку сытуацыю са СМІ, пакуты палітычных вязьняў, міжнародныя юрыдычныя наступствы гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі і магчымасьці для дзеяньняў у адказ з боку ЗША.
Відэатрансьляцыя слуханьняў.
У слуханьнях бралі ўдзел як сьведкі:Сяргей Зікрацкі, прадстаўнік офісу Сьвятланы Ціханоўскай у юрыдычных пытаньнях;
Дэйвід Крэймэр, дасьледчык Міжнароднага ўнівэрсытэту Флорыды і былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага;
Серж Харытонаў, мэдыяэкспэрт і сябра сеткі экспэртаў iSANS;
Тацяна Хоміч, прадстаўніца Каардынацыйнай рады ў пытаньнях палітвязьняў, каардынатарка каманды Віктара Бабарыкі, сястра палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай.
Што казалі ўдзельнікі слуханьняў у сваіх прамовах
Серж Харытонаў:
Так званыя «дзяржаўныя СМІ» ў Беларусі належаць асабіста Лукашэнку.
Ад 2020 году інфармацыйная бясьпека Беларусі была здадзеная Расеі ў абмен на падтрымку Лукашэнкі Пуціным.
Дзяржаўныя СМІ Беларусі цяпер прапагандуюць ідэі так званага «русского мира». Іх ролю ў пашырэньні «мовы нянавісьці» можна параўнаць з мэдыя ў Руандзе напярэдадні генацыду і ў Югаславіі напярэдадні грамадзянскай вайны.
Дзяржаўныя СМІ заклікаюць да гвалту і рэпрэсій, у тым ліку супраць нацыянальных меншасьцяў.
Тацяна Хоміч:
Цяпер у Беларусі 673 афіцыйна прызнаныя палітычныя вязьні, але агулам пачалі больш за 4600 палітычна матываваных крымінальных справаў, а гэта значыць, што папраўдзе палітвязьняў нашмат больш.
Палітвязьняў трымаюць у жахлівых умовах, яны не атрымліваюць патрэбнай мэдычнай дапамогі.
У Беларусі за кратамі 28 журналістаў, а 46 прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасьці альбо асуджаныя, альбо пад крымінальнымі справамі.
Цяперашні крызіс можа прывесьці да поўнага зьнішчэньня грамадзянскіх правоў беларусаў.
Дэйвід Крэймэр:
Падзеі ў Беларусі могуць перакінуцца да суседзяў — у тым ліку да Латвіі, Літвы і Польшчы, якія зьяўляюцца чальцамі NATO. Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае міграцыйны крызіс як зброю.
Беларусь — гэта тэст для краінаў Захаду і дэмакратычнага сьвету.
Трэба цэліць у так званыя «грашовыя мяхі» Лукашэнкі — бізнэсоўцаў, якія яго падтрымліваюць, у тым ліку ў Расеі і краінах Пэрсыдзкай затокі.
Варта было заблякаваць спэцыяльныя правы запазычваньня ад МВФ Беларусі на амаль мільярд даляраў. Ганебна, што гэтага не адбылося.
З Лукашэнкам ва ўладзе Беларусь ня будзе мець ніякіх шанцаў на лепшую будучыню.
Трэба падтрымліваць тых, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі.
Сяргей Зікрацкі:
У Беларусі некалькі тысячаў выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага перасьледу.
У першыя тры дні пасьля выбараў затрымалі звыш 7 тысяч чалавек. Большасьць зь іх катавалі.
Было больш за 5 тысяч скаргаў на ўжываньне сілы прадстаўнікамі ўладаў, але паводле гэтых скаргаў не пачалі ніводнай крымінальнай справы.
Зьмены ў законе аб адвакацкай дзейнасьці цалкам зьнішчылі незалежнасьць адвакатуры.
Міжнародная супольнасьць мела б зрабіць тры крокі:
Непрызнаньне Лукашэнкі.
Выкарыстаньне міжнародных юрыдычных мэханізмаў змаганьня з катаваньнямі, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
Крымінальныя справы супраць такіх людзей паводле прынцыпу міжнароднай юрысдыкцыі.
Пра сытуацыю з Раманам Пратасевічам
Серж Харытонаў:
Улады выкарыстоўваюць яго, каб паказаць, што ўмовы для палітзьняволеных не такія ўжо кепскія. Гэты падыход уладаў выкліканы тым, што да ягонай справы была прыцягнутая найбольшая міжнародная ўвага пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.
Трэба разглядаць ягоныя заявы як заявы закладніка.
Пра беларускую дыяспару ў сьвеце
Тацяна Хоміч:
Цяпер больш за мільён беларусаў жыва за мяжой.
Дыяспары інфармавалі палітыкаў у сваіх краінах пра падзеі ў Беларусі і зьбралі грошы на дапамогу палітвязьням.
Пра міграцыйны крызіс
Дэйвід Крэймэр:
Лукашэнка з расейскай падтрымкай выкарыстоўвае мігрантаў як зброю супраць Эўразьвязу. Ён разглядае гэта як помсту такім суседзям як Літва і Польшча.
Фактычна Лукашэнка вядзе гібрыдную вайну супраць суседзяў.
Камісія Кангрэсу ЗША ў справах АБСЭ (Хэльсынская камісія) была створана ў 1976 годзе ў складзе дзевяці сэнатараў, дзевяці кангрэсмэнаў і прадстаўнікоў Дзярждэпартаманту, міністэрстваў абароны і гандлю.