Амбасадары Германіі і Францыі нагадалі Макею пра палітвязняў і новыя выбары
2021-04-17 09:05
16 красавіка адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з амбасадарам Германіі Манфрэдам Хутэрэрам і амбасадарам Францыі Нікаля дэ Лакостам.
У кароткім паведамленні МЗС нашай краіны паведамляецца, што быў абмеркаваны "стан беларуска-еўрапейскіх і двухбаковых адносін, а таксама актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня". Макей распавёў пра "канстытуцыйны працэс" у Беларусі і пра іншыя "пытанні развіцця сітуацыі ўнутры краіны".
"Прадметна пацверджана захаванне падыходаў і прынцыпаў, на якіх Беларусь гатовая выбудоўваць узаемадзеянне з заходнімі партнёрамі, — адзначае прэс-служба МЗС Беларусі. — У рамках гутаркі пацверджана ўзаемная зацікаўленасць бакоў у захаванні каналаў камунікацыі, працягу рабочых кантактаў і падтрыманні дыялогу".
У паведамленні прэс-службы французскай амбасады ёсць тое, што не трапіла ў паведамленне МЗС Беларусі. Амбасадары выказалі Уладзіміру Макею "занепакоенасць ўрадаў сваіх дзяржаў з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі". Яны нагадалі пра пазіцыю Еўрасаюза "аб немагчымасці нармалізацыі адносін да тых часоў, пакуль не будзе пакладзены канец сілавым дзеянням, накіраваным супраць мірных дэманстрантаў", а таксама "пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя і не будзе пачаты шырокі ўсебаковы палітычны дыялог і, як вынік, праведзеныя новыя прэзідэнцкія выбары".